ВО́ЗНЫ,

службовая асоба ў Польшчы (13—18 ст.) і ВКЛ (16—18 ст.). Прызначаўся ваяводам па прадстаўленні земскага суда і шляхты. У кожным павеце было некалькі возных, галоўнага з іх называлі генералам (енералам). Возны дастаўляў позвы асобам у суд (пры неабходнасці дастаўляў і гэтых асоб у суд), уводзіў ва ўладанне маёнткамі, аглядаў месцы і сляды злачынства, праводзіў апазнанне, допыт падазронага, сведак, пацярпелых, вызначаў памеры шкоды і інш. Вынікі дзеянняў і дазнанняў паведамляў суду пісьмовай рэляцыяй. Пры выкананні абавязкаў павінен быў мець пры сабе панятых (2 шляхціцаў). Узнагароду за службу атрымліваў ад асоб, па справах якіх дзейнічаў. У ВКЛ да 2-й пал. 16 ст. абавязкі вознага выконваў віж.

Г.​А.​Маслыка.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ШЫЦ (Язэп) (1795, каля Пінска — 1868),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31. У 1811 паступіў у Віленскі ун-т, але пакінуў навучанне і ўступіў у 17-ы полк уланаў, які фарміраваўся ў Літве. Удзельнічаў у вайне 1812 на баку Напалеона. У 1830 абраны маршалкам шляхты. У 1831 узначаліў паўстанне ў Навагрудскім і Слонімскім пав. У сваім маёнтку стварыў паўстанцкі атрад. Паўстанцы мелі сутычкі з урадавымі войскамі каля в. Гарадзішча, Каменны Брод, Кошалева, Радзюкі, Навіны, нападалі на Дзятлава, захапілі мяст. Беліца; у Навагрудку раззброілі вайсковую каманду, адбілі астрог і вызвалілі арыштаваных. 24.7.1831 атрад злучыўся з корпусам Г.Дэмбінскага і перайшоў на тэр. Польшчы. Пасля разгрому паўстання эмігрыраваў у Францыю.

В.​В.​Швед.

т. 8, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ,

навучальная ўстанова ў 1756—1834 у Лідзе Гродзенскай вобл. 12.1.1756 пераведзены з мяст. Воранава ў Ліду па прапанове лідскага старосты І.​Сцыпіёна. Мясц. шляхта ахвяравала піярам фальварак Пастаўшчызна і юрыдыку ў Лідзе. З 1783 уваходзіў у Гродзенскую навуч. акругу, з 1790 — у Піярскую навуч. акругу, падпарадкаваную Адукацыйнай камісіі. Пры калегіуме былі 2 канвікты (пансіёны) для дзяцей збяднелай шляхты. З 1795 падначалены ведамству літ. ген.-губернатара. З 1803 у складзе Віленскай навучальнай акругі як 4-класнае павятовае вучылішча з 5 выкладчыкамі. У 1805—07 часова закрыты. У выніку рэформы мясц. навуч. устаноў 9.9.1834 калегіум канфіскаваны ў піяраў і рэарганізаваны ў 5-класнае дваранскае павятовае вучылішча.

А.​Ф.​Самусік.

т. 9, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́СТКІ НАПЕ́РСКАГА ПАЎСТА́ННЕ 1651,

сялянскае паўстанне ў Рэчы Паспалітай на чале з шляхціцам А.​Л.​Косткам Наперскім. У канцы 1650 ці ў пач. 1651 ён дамовіўся з Б.Хмяльніцкім пра пашырэнне сял. паўстання на тэр. Польшчы. Выкарыстаўшы паліт. сітуацыю (канцэнтрацыя польск. арміі на Украіне), разам з М.​Радоцкім і С.​Лянтоўскім арганізаваў сял. атрад і 14 чэрв. захапіў замак у Чорштыне (Малапольскае ваяв.), адкуль высылаў універсалы, з заклікам да сялян паўстаць супраць шляхты. Паўстанне ахапіла Падгалле (раён Прыкарпацця) і пагражала перакінуцца на Кракаў. Аднак 24 чэрв. войскі, сабраныя кракаўскім біскупам П.​Гембіцкім, захапілі Чорштын. Костка Наперскі разам з Радоцкім і Лянтоўскім схоплены і пакараны смерцю (пасаджаны на кол). У пач. ліпеня паўстанне канчаткова задушана.

т. 8, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЦЭ́ВІЧЫ,

удзельнікі паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, браты: Міхаіл Аляксандравіч (1.7.1840—18.6.1863) і Іван Аляксандравіч (Ян-Алаіз; 2.8.1841—18.6. 1863). З дробнай бел. шляхты Магілёўскай губ. Скончылі Полацкі кадэцкі корпус (1859, 1861). У чыне прапаршчыкаў накіраваны на службу ў артыл. брыгады ў Магілёў. Напярэдадні ўзбр. выступлення на Магілёўшчыне, прызначанага на 23.4.1863, уцяклі з часці, прыбылі на зборны пункт каля в. Чарнаручча і прынялі ўдзел у фарміраванні і дзеяннях Чарнаруцкага (Магілёўскага) атрада. Пасля разгрому атрада ўрадавымі войскамі 27.4.1863 каля в. Славені (Талачынскі р-н) трапілі ў палон. Паводле прысуду ваен. трыбунала «за парушэнне воінскай прысягі» публічна расстраляны ў Магілёве разам з І.Анцыпам і У.​Корсакам.

Г.В.Кісялёў.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТКЕ́ВІЧ (Вінцэнт) (1776, маёнтак Палессе, Пастаўскі р-н Віцебскай вобласці — пасля 1837),

удзельнік паўстанняў 1794 і 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. У 1794 у арміі Т.​Касцюшкі абараняў Варшаву. Напярэдадні паўстання 1830—31 завілейскі (свянцянскі) павятовы віцэ-маршалак шляхты. У крас. 1831 узначаліў паўстанцкія ўзбр. сілы Завілейскага пав., на чале іх удзельнічаў у баях за Вільню. Пасля паражэння адступіў са Свянцян у Дзісенскі пав. і далучыўся да дзісенскіх паўстанцаў. Адзін з кіраўнікоў паходу паўстанцаў Завілейскага, Вілейскага і Дзісенскага пав. з сумежжа Беларусі і Літвы ў Жэмайцію, дзе далучыўся да корпуса ген. А.​Гелгуда. У студз. 1832 арыштаваны царскімі ўладамі і сасланы ў Волагду. З 1837 жыў пад наглядам паліцыі ў Смаленскай губ.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКА АБАРО́НА 1649,

абарона Бабруйска казакамі і гараджанамі ад урадавых войскаў ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У кастр. 1648 паўстаўшыя жыхары Бабруйска разам з казацкім атрадам Паддубскага перабілі заможную шляхту, утапілі ў Бярэзіне гар. старасту. Каля сцен горада быў разбіты пасланы на задушэнне паўстання атрад харужага Паца. У пач. студз. 1649 да Бабруйска падышлі 1,5 тыс. шляхты і наёмнікаў на чале з польным пісарам ВКЛ У.​Валовічам. 4 тыдні паўстанцы адбівалі атакі. На дапамогу Валовічу падышоў атрад польнага гетмана ВКЛ Я.​Радзівіла. Скарыстаўшы рознагалоссі сярод паўстанцаў, Радзівіл схіліў на свой бок багатых мяшчан, гандляроў, рамеснікаў, духавенства. Ноччу 21.2.1649 яны адчынілі гар. вароты. Войскі Радзівіла ўчынілі расправу над паўстанцамі, забіта некалькі тысяч гараджан і казакоў, Паддубскі быў пасаджаны на кол.

т. 2, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДСКІ СУД, замкавы суд,

крымінальны і цывільны суд для шляхты, мяшчан і сялян у Польшчы (14—18 ст.) і ВКЛ (16—18 ст.). У Беларусі Гродскі суд ліквідаваны ў 1795, у 1797 адноўлены ў Літоўскай губ. (пазней Віленская і Гродзенская губ.), канчаткова скасаваны ў 1831. Напачатку размяшчаўся ў гродзе (замку, адсюль назва). Дзейнічаў у двух складах — вышэйшым (як 1-я і 2-я інстанцыі) і ніжэйшым (толькі як 1-я інстанцыя). У вышэйшы Гродскі суд уваходзілі гал. суддзя (ваявода, староста або дзяржаўца) і прадстаўнікі феадалаў. Ніжэйшы Гродскі суд складаўся з намесніка гал. суддзі, шляхціцаў і пісара. Гродскі суд разглядаў справы пра найб. цяжкія крымінальныя злачынствы асоб, якія былі затрыманы на месцы злачынства, цывільныя справы аб выпатрабаванні чэлядзі нявольнай і залежных сялян.

т. 5, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.

Дзейнічаў у Віцебску з 17 ст. па 1820. Езуіты пасяліліся ў Віцебску ў 1639, калі смаленскі ваявода А.​Корвін-Гасеўскі падарыў ім прыстань на Зах. Дзвіне і землі (1 тыс. кв. міль) на Смаленшчыне. Віцебскім езуітам матэрыяльна дапамагаў Аршанскі езуіцкі калегіум, свецкія феадалы ахвяравалі маёнткі. У 1649 езуіты пабудавалі ў Віцебску касцёл, у калегіуме пачалося навучанне, з 1676 існавала муз. бурса. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 Віцебскі езуіцкі калегіум двойчы спыняў дзейнасць, у 1708 будынкі згарэлі. У 1731 адбудаваны. З 1756 пры калегіуме дзейнічалі семінарыя для дзяцей збяднелай шляхты, друкарня, тэатр, аптэка (1697). Закрыты паводле ўказа імператара Аляксандра I ад 13.3.1820 аб высылцы езуітаў з Рас. імперыі.

Т.​Б.​Блінова.

т. 4, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКІ БОЙ 1651,

бой паміж казацка-сялянскім войскам і войскам ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У чэрв. 1651 4 тыс. ўкр. казакоў на чале з палк. І.​Шохавым зрабілі рэйд праз тэр. Расіі ва ўсх. паветы ВКЛ. 6 чэрв. яны захапілі Рослаўль, частка казакоў і сялян, якія далучыліся да іх, пасланы Шохавым да Крычава. На дапамогу гарнізону горада Я.​Радзівіл накіраваў атрад Вейса ў 300 коннікаў і 600 пехацінцаў, які злучыўся з атрадам мсціслаўскай, аршанскай і віцебскай шляхты на чале з мсціслаўскім падсудкам Валовічам. 28.6.1651 недалёка ад Крычава ўрадавыя войскі былі разбіты казацка-сялянскім войскам. У баі загінулі Валовіч, мсціслаўскі пісар Сухадольскі і інш. знатныя шляхціцы. Вейс узяты ў палон і забіты. Крычаў узяты штурмам.

т. 8, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)