(ням. Nazarener ад месца нараджэння Хрыста — г. Назарэт),
іранічная назва групоўкі мастакоў «Саюз святога Лукі». Засн. ў Вене ў 1809. Прадстаўлялі кансерватыўны кірунак ням.рамантызму. З 1810 «Н.» (П.Карнеліус, Ф.Овербек, І.Конрад Готынгер, Ф.Пфор, І. і Ф.Фейты, Л.Фогель, Ю.Шнор фон Каральсфельд, В. і Р.Шадавы і інш.) працавалі ў Рыме, дзе вялі жыццё на ўзор сярэдневяковых рэліг. абшчын у манастыры Сан-Ісідора, які пуставаў. «Н.» выступалі супраць інтэрнацыянальнага позняга класіцызму, імкнуліся да эклектычнага аднаўлення рэліг. манумент. мастацтва ў духу майстроў сярэднявечча і Ранняга Адраджэння (пераважна А.Дзюрэра, П.Перуджына, Анджэліка і ранняй творчасці Рафаэля). У 1820—30-я г. групоўка «Н.» распалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЯЖЭ́ВІЦКІ ІО́СІФАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Рубяжэвічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1907—11 з каменю. Асн. аб’ём прамавугольны ў плане, накрыты высокім 2-схільным дахам, з усх. боку прылягаюць больш нізкія паўкруглая апсіда і сіметрычныя сакрысціі пад вальмавымі дахамі. На гал. фасадзе ўзвышаюцца 2 магутныя 3-ярусныя чацверыковыя вежы, умацаваныя па вуглах ступеньчатымі контрфорсамі і завершаныя востраканечнымі шатрамі. Тарэц нефа паміж вежамі завершаны 2-схільным зубчастым шчыпцом з круглым вітражным акном-ружай у цэнтры і бетонным лац. крыжам. Бакавыя фасады рытмічна члянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі. У інтэр’еры 12 насценных рэльефных пано на тэму «Крыжовы шлях Хрыста».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́РЫС,
у старажытнаегіпецкай міфалогіі бог расліннасці, вады, уладар замагільнага свету. Лічыўся сынам бога зямлі Геба і багіні неба Нут, яго сястрой і жонкай была Ісіда. Асірыса ўяўлялі ў вобразе чалавека з муміфікаваным целам і знакамі царскай улады; лічылі, што ён адвучыў людзей ад дзікага ладу жыцця, навучыў сеяць злакі, пячы хлеб, здабываць руды, будаваць гарады і інш. Брат Асірыса, бог пустыні Сет, забіў яго, але Ісіда знайшла цела мужа, здабыла ўтоеную ў ім жыццёвую сілу і зачала ад мёртвага Асірыса сына Гора. Грэкі атаясамлівалі Асірыса з Дыянісам. Міф пра смерць і ўваскрэсенне Асірыса паўплываў на ўзнікненне міфа пра Хрыста.
Да арт.Асірыс. Гор вядзе памерлага да трона Асірыса. Малюнак з «Кнігі мёртвых». Каля 1450 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАРО́ДЗІЦА, Божая Маці,
у хрысціянскай міфалогіі найсвяцейшая Дзева Марыя, Мадонна, маці бязгрэшна зачатага Ісуса Хрыста. У 4 ст. абвешчана «прачыстай», на Усяленскім саборы 431 у Эфесе афіцыйна прызнана Багародзіцай і Царыцай Нябеснай. У каталіцызме, дзе культ Мадонны асабліва папулярны, абвешчаны шэраг догматаў, якіх не было ў стараж.царк. традыцыі. З 12 ст. на Захадзе распаўсюджваецца легенда пра бязгрэшнае зачацце Марыі яе маці Ганнай. У 1854 гэтая версія афіцыйна замацавана ў форме догмату. У 1950 прыняты догмат аб цялесным узнясенні Багародзіцы пасля смерці на неба, а ў 1964 папам Паўлам VI найсвяцейшая Дзева Марыя абвешчана «маці царквы». Тэма Багародзіцы з дзіцем шырока выкарыстоўваецца ў сусв. выяўленчым мастацтве і л-ры.
Да арт.Багародзіца. Абраз «Маці Божая Замілаванне» з Брэстчыны. 1644.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ЧА ДЫ БУАНІНСЕ́НЬЯ (Duccio di Buoninsegna; каля 1255, г. Сіена, Італія — 3.8.1319),
італьянскі жывапісец. Заснавальнік сіенскай школы жывапісу 14 ст. Зазнаў уплыў італа-візант. жывапісу і франц. гатычнай мініяцюры. Для яго твораў характэрны асобныя рысы мастацтва Протарэнесансу. Стварыў алтарныя абразы з арнаментнымі залатымі фонамі, гучнай вытанчанай каляровай гамай («Мадонна са святымі», «Мадонна з шасцю анёламі», «Мадонна францысканцаў», каля 1280, «Мадонна Ручэлаі», 1285). У гал. творы — алтарным абразе сіенскага сабора «Маэста» (двухбаковы паліпціх, 1308—11) з выявай Мадонны ў акружэнні святых і анёлаў на пярэднім баку і сцэн «пакут» Хрыста на тыльным баку — імкнуўся надаць большую жыццёвасць і пераканаўчасць традыц. кампазіц. схемам, перадаць прастору і аб’ём. У 1288 па яго малюнку быў выкананы першы ў Італіі манумент. вітраж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТУ́Р, Ла Тур (La Tour) Жорж дэ (19.3.1593, г. Вік-сюр-Сей, Францыя — 30.1.1652), французскі жывапісец; прадстаўнік караваджызму. Пісаў рэліг. і жанравыя карціны, якім уласцівы прастата і напружанасць кампазіцыйнай пабудовы, лаканізм выяўл. сродкаў. Карціны падзяляюцца на дзённыя сцэны, якія трактуюцца ў халодным і яркім асвятленні, і начныя, якія будуюцца на рэзкім кантрасце святла і ценю з вызначанай крыніцай святла (свечка, паходня), што надае ім загадкавасць і драматызм. Сярод твораў: «Варажбітка» (1610-я г.), «Махляры» (каля 1625), «У ліхвяра», «Нараджэнне Хрыста» (абедзве 1630-я г.), «Іосіф-цясляр», «Магдаліна са свяцільнікам» (абодва 1640-я г.), «Адрачэнне апостала Пятра» (1650) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЛЬЧЭР ((Multscher) Ганс) (каля 1400, г. Лойткірх, Германія — 1467),
нямецкі скульптар і жывапісец. З 1427 працаваў ва Ульме. Зазнаў уплывы Р.Кампена, нідэрл. і франц. скульптуры Ранняга Адраджэння. Адзін з першых у ням. мастацтве звярнуўся да вывучэння натуры, у рэліг. кампазіцыі ўводзіў быт. сюжэты, імкнуўся да перадачы індывід. характарыстыкі персанажаў праз гратэскава-выразную міміку і жэстыкуляцыю. Аўтар статуй Карла Вялікага, двух яго збраяносцаў, каралёў Чэхіі і Венгрыі (каля 1427—33), Хрыста-пакутніка на гал. партале (1429) і алтара (1433) у кафедральным саборы ва Ульме, Маці Божай для царквы ў Ландсбергу, св. Варвары і Магдаліны для капэлы св. Лаўрэнція ў Ротвайлі, мадэлі грабніцы Людвіга Барадатага (1435), алтара Марыі для Фраўэнкірхе ў Віпітэна (Італія, 1456—58), 8 карцін Ландсбергскага алтара (1437) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАМО́ВА РУСІ́НА»
(«Concio Ruthena»),
бел. ананімны сатырычны твор 1-й пал. 18 ст.антырэліг. накіраванасці. Уваходзіла ў рукапісны зборнік твораў на бел., лац. і польскай мовах (нап. 1711—41). Напісана лацінкай на бел. гутарковай мове. У аснове твора апавяданне пра будову Сусвету, які ўяўляецца аўтару ў выглядзе жорнаў, дзе бог «перамолвае» людзей. У «Прамове» крытыкуюцца тагачасная рэчаіснасць, несправядлівы падзел матэрыяльных даброт, выкрываюцца рэліг. догмы і вера ў боскую справядлівасць. У творы адчуваецца рэліг. вальнадумства, выкарыстана барочная алегорыя. Належыць, відаць, аўтару «Другой прамовы Русіна аб нараджэнні Хрыста».
Публ.: Прамова Русіна... // Полымя. 1965. №9.
Літ.:
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн.,1968;
Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЫ́Я МЕ́СЦЫ,
месцы, звязаныя з падзеямі свяшчэннай гісторыі, наведваннямі багоў і святых, цудатворствамі; важны элемент культу ўсіх рэлігій (гл.Культ рэлігійны). У хрысціян асаблівай пашанай карыстаюцца святыні ў Палесціне, дзе жыў, прапаведаваў, прыняў пакутніцкую смерць і ўваскрэс Ісус Хрыстос. Да С.м. часам адносяць храмы і манастыры, дзе захоўваюцца мошчы святых, цудатворныя абразы і інш. святыні, а таксама цудатворныя крыніцы, месцы, дзе адбываліся з’яўленні абразоў і інш. цудатворствы. У каталіцызме адрозніваюць свяшчэнныя (асабліва адметныя ў культавай практыцы месцы, асвячоныя вышэйшымі царк. іерархамі, а таксама касцёлы, алтары і могілкі) і С.м. (вобласці Палесціны, звязаныя са старазапаветнымі падзеямі і жыццём Ісуса Хрыста, Дзевы Марыі). Паводле кананічнага права, свяшчэнныя месцы павінны быць унесены ў літургічныя кнігі і традыцыйна выключаны са свецкай юрысдыкцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКАЛА́БАЎСКІ ЖАНО́ЧЫ МАНАСТЫ́Р УШЭ́СЦЯ.
Існаваў у 1641—1918. Засн. 24.6.1641 Багданам Статкевічам ва ўрочышчы Барок каля в. Баркалабава Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. разам з цэрквамі Ушэсця Хрыста і Нараджэння Іаана Прадцечы. Першыя манашкі былі з Куцеінскага манастыра (каля Оршы), адкуль запазычаны і статут. У 1659 у манастыры з’явіўся цудатворны абраз Маці Божай. Да 1772 манастыр знаходзіўся пад юрысдыкцыяй кіеўскіх мітрапалітаў, потым падначалены магілёўскаму епіскапу. З-за таго, што будынкі падмываў Дняпро, у 1835 б.ч. манашак пераведзена ў Буйнічы, дзе напярэдадні быў адчынены жаночы манастыр. У 1901 Баркалабаўскі манастыр адноўлены, пры ім існавала аднакласная школа для дзяўчатак. Зачынены ў 1918, будынкі разбураны, абраз захаваўся. Першапачаткова ў Баркалабаве планаваўся мужчынскі манастыр св. Духа (1626), але з-за смерці яго фундатара Багдана Саламярэцкага не быў адкрыты.