РАДЗІВІ́Л (Мікалай Крыштоф) (мянушка Сіротка; 2.8.1549, г. Цьмелеў Свентакшыскага ваяв., Польшча — 28.2.1616),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, мецэнат, пісьменнік. Сын М.Радзівіла Чорнага. З 1563 вучыўся ва ун-тах Страсбурга і Цюбінгена. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83: у 1567 узначаліў уласны атрад у Радашковіцкай аперацыі, у 1568 удзельнічаў у аблозе Улы. У час заключэння Люблінскай уніі 1569, як і большасць паноў ВКЛ, адмаўляўся прысягаць каралю Жыгімонту II Аўгусту са сваіх маёнткаў на Падляшшы і зрабіў гэта толькі пад пагрозай іх канфіскацыі. Адыход ад палітыкі сабатажу каралеўскага плана уніі і ўдзел у Лівонскай вайне прынеслі Р. ў 1569 годнасць маршалка надворнага ВКЛ. У 1573 быў у складзе дэлегацыі ў Парыж, каб запрасіць на трон Генрыка Валезы. З 1574 пачаў контррэфармацыйную дзейнасць: выдаў сродкі для скупкі пратэстанцкай л-ры (у т. л.Брэсцкай Бібліі), падтрымліваў праваслаўныя цэрквы, але больш клапаціўся пра пабудову касцёлаў. Пасля ўцёку Генрыка Валезы (1574) на трон Рэчы Паспалітай падтрымліваў кандыдатуру Эрнеста Габсбурга, але пасля паразумеўся са Стафанам Баторыем. За ўдзел у кампаніі 1579 прызначаны маршалкам вялікім ВКЛ. У 1581 удзельнічаў у аблозе Пскова. У 1582 выехаў у Італію, адкуль у 1583 — вырушыў у Святую Зямлю. Падарожжа апісаў у кн. «Пэрэгрынацыя» (на лац. мове; Бранева, 1601). У 1586 адмовіўся ад пасады маршалка вялікага ВКЛ на карысць свайго брата Альбрыхта і быў прызначаны кашталянам трокскім, а ў 1590 ваяводам трокскім. Падтрымаў заключэнне Брэсцкай уніі 1596, быў адным з 3 каралеўскіх паслоў на сабор у Брэсце. У 1604 прызначаны ваяводам віленскім. Разам з інш. лідэрамі ВКЛ выступаў супраць падтрымкі Лжэдзмітрыя I і ўмяшання ва ўнутр. справы Масквы, супраць вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У ВКЛ валодаў найбуйнейшымі латыфундыямі. Разам з братамі Станіславам і Альбрыхтам стварыў у 1586 Нясвіжскую, Клецкую і Алыцкую ардынацыі, стаў 1-м нясвіжскім ардынатам. У 1579 выдаў прывілей на самакіраванне г. Мір. Па хадайніцтву Р. ў 1586 Стафан Баторый даў Нясвіжу магдэбургскае права. У ліку першых правёў валочную памеру ў многіх сваіх маёнтках. Фундаваў касцёлы і шпіталі ў Нясвіжы, Дуброве, Чарнаўчыцах, Міры, Свержані. Бялай. Збудаваў замкі ў Бялай і Нясвіжы (сабраў там галерэю партрэтаў, б-ку, збраёўню), Нясвіжскі езуіцкі калегіум, Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў (разам з жонкай), заклаў парк у Альбе (пад Нясвіжам). Па ініцыятыве Р. і за яго кошт выдадзена 1-я дакладная карта ВКЛ (каля 1603, захавалася 2-е выд., Амстэрдам, 1613).
Тв.:
Бел пер. — Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва ясна асветленага князя ягамосці Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Святую Зямлю // Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994.
Літ.:
Bernatowicz T. Miles christianus et peregrinus: Fundacje Mikolaja Radziwiłla «Sierotki» w ordynacji Nieświeskiej. Warszawa, 1998;
Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłl Sierotka (1549—1616), wojewoda wileński. Warszawa, 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1563,
заканадаўчы акт, якім фармальна былі ўраўнаваны ў паліт. правах правасл. феадалы ВКЛ з феадаламі-католікамі. Выдадзены на бел. мове вял.кн.ВКЛ і каралём Польшчы Жыгімонтам II Аўгустам 7.6.1563 на Віленскім сейме. Тэкст прывілея ў якасці прэамбулы ўвайшоў у Статут Вялікага княства Літоўскага 1566. Прывілеем устаноўлена, што правасл. шляхціцы, як і католікі, могуць займаць розныя дзярж. пасады. Было засведчана, што дыскрымінацыйныя адносна правасл. шляхты ВКЛ нормы Гарадзельскага прывілея 1413 фактычна і раней не дзейнічалі (асабліва пасля прыняцця прывілея 1434 і прывілея 1447). Таму Віленскі прывілей 1563 меў не столькі практычнае значэнне, колькі фармальнае, і быў выдадзены з мэтай паліт. кансалідацыі шляхты пасля няўдач у Лівонскай вайне 1558—83, у час правядзення валочнай памеры, напярэдадні заключэння Люблінскай уніі 1569.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГЕ́ЛЬМ I АРА́НСКІ (Willem van Oranje) Маўклівы
(24.4.1533, г. Дыленбург, Германія — 10.7.1584),
прынц аранскі (з 1544), граф насаўскі, дзеяч Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. У 1559 прызначаны статхаўдэрам (правіцелем) Галандыі, Зеландыі і Утрэхта. Разам з Л.Эгмантам і Ф.Горнам узначаліў апазіцыю супраць ісп. панавання ў краіне. Пасля ўвядзення ў краіну ісп. войска пад кіраўніцтвам Ф.Альбы і ўстанаўлення дыктатуры (1567) эмігрыраваў у Германію. Адтуль на чале войска ў 1572 уступіў у Нідэрланды; быў прызначаны статхаўдэрам правінцый Штаты Галандыі і Зеландыя. Садзейнічаў заключэнню Генцкага прымірэння паміж католікамі і пратэстантамі (1576). Пасля заключэння Утрэхцкай уніі 1579 страціў уплыў у паўд. Нідэрландах, што прывяло да стварэння Рэспублікі Аб’яднаных правінцый (1581). Вызначаўся верацярпімасцю. Забіты ў Дэлфце каталіцкім фанатыкам Б.Жэрарам. Пасля смерці абвешчаны нац. героем Нідэрландаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГІ́ЧЫНСКІ СВЯ́ТА-ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў з 16 ст. да 1824 у г. Драгічын-Надбужскі (цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча). Засн. на Крамчэўскай гары пры царкве св. Тройцы, вядомай з 1494. У 1563 кароль польскі і вял. князь ВКЛ Жыгімонт II Аўгуст даў манахам 2 валокі ворыўнай зямлі, 8 маргоў агародаў, дзесяціну з в. Сяневічы і Хралавічы, дазволіў штогадовы кірмаш на Сёмуху каля Крамчэўскай гары. Апекавала манастыр навакольная правасл. шляхта. Пасля Брэсцкай уніі 1596 манастыр неаднаразова зачыняўся мясц. ўладамі, былі спробы перавесці яго на уніяцтва. У 1659 зноў адчынены. Правасл. статус манастыра і ўсе яго ранейшыя прывілеі пацверджаны каралямі Янам Казімірам (1661), Янам III Сабескім (1695) і Аўгустам II (1698). У 1769 разрабаваны войскамі Барскай канфедэрацыі, адноўлены на сродкі Кіеўскай мітраполіі. У 1824 закрыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАМЕ́ДЫЯ ПРА ЯКУ́БА І ІО́СІФА, ПАТРЫЯ́РХАЎ»
(«Comoedia de Jacob et Joseph Patriarchis»),
школьная драма, «эўхарыстычны дыялог» (ад грэч. eucharistia падзяка). Напісана на лац. мове езуітам Я.Пылінскім, паст. ў Гродзенскім езуіцкім калегіуме ў 1651. Уваходзіла ў рукапісны зборнік (загінуў у 1944), апісаны А.Брукнерам і У.Ператцам. Змест драмы невядомы. Вядомы толькі змест пралога і эпілога, напісаных лацініцай бел.-польскіх інтэрмедый. У іх выкарыстаны апакрыфічныя сюжэты, з пазіцый бел. сялянства крытыкаваўся сац.-рэліг. змест уніі і каталіцызму. Гал. герой інтэрмедый селянін Іван, а ў эпілогу і царкоўны паслугач гавораць па-беларуску. Інтэрмедыі апубл. А.Брукнерам (1891).і Я.Карскім (1921).
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Пг., 1921. Т. 3, вып. 2. С. 214—238;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні. славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 171—173.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІ́НСКІ (Ісая) (? — 15.10.1640),
праваслаўны царк. дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст. Манах Кіева-Пячэрскай лаўры, адзін з арганізатараў Кіеўскай брацкай школы. З 1620 — епіскап перамышльскі, з 1628 — смаленскі і чарнігаўскі, у 1631—32/33 — мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. У крас. 1632 пры абранні каралём Уладзіслава IV намаганнямі архімандрыта Пятра Магілы адхілены ад пасады, у 1633 афіцыйна пазбаўлены сана і зняволены (да 1635). Выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. Аўтар зборніка маральных выслоўяў «Духоўная лесвіца», пасланняў да духавенства і прыватных асоб і інш. Творы К. значна паўплывалі на наступныя пакаленні бел. і ўкр.царк. мысліцеляў.
Літ.:
Костомаров Н.И. Русская история в жизнеописаниях ее главнейших деятелей. М., 1991. Кн. 2. С. 72—78;
Мартос А Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990. С. 188.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ СПА́СКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 1497—1839 у Кобрыне. Засн.кн. Кобрынскімі як праваслаўны манастыр пры Спаскай царкве. У 1501 княгіня Фядора, удава І.С.Кобрынскага, адпісала манастыру с. Корчыцы з людзьмі і ўсімі данінамі, 2 корчмы ў Кобрыне, дзесятую мерку жыта з млына на р. Кобрынка і дзесятую капу жыта і яравога збожжа з Кобрына. Інвентар К.С.м. 1549 надрукаваны ў 6-м томе «Актаў Віленскай камісіі». Пасля Брэсцкай уніі 1596 манастыр стаў уніяцкім, належаў ордэну базыльян, меў свайго архімандрыта, некаторы час падпарадкоўваўся непасрэдна літ. правінцыялу (у 1713 архімандрыя адноўлена). Тут праходзіў Кобрынскі царк. сабор 1626. Указам Рас. імператара 1828 у К.С.м. адкрыта духоўнае вучылішча. Пасля Полацкага царк. сабора 1839 манастыр закрыты. Захаваўся мураваны жылы корпус 2-й пал. 18 ст. — помнік архітэктуры барока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,
назва ў 1815—30 дзяржавы ў складзе Нідэрландаў і Бельгіі пад уладай нідэрл. караля Вільгельма I [1815—40]. Утворана паводле рашэння лонданскіх нарад прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Прусіі, Аўстрыі і Расіі (21.6.1814, 19.5.1815) і пастаноў заключнага акта Венскага кангрэса 1814—15. З 1815 паводле персанальнай уніі ў склад Н.к. ўваходзіў Люксембург. У каралеўстве фактычна ўсталявалася панаванне Нідэрландаў, эканам. і паліт. інтарэсы бельг. правінцый ушчамляліся. Аднолькавае прадстаўніцтва ў ніжняй палаце Ген. штатаў (55 месцаў) пры перавазе бельг. насельніцтва, засілле ў дзярж. апараце і арміі галандцаў, зніжэнне мытных пошлін у інтарэсах нідэрл. гандлю, закрыццё каталіцкіх школ у Бельгіі ў 1825 і інш. выклікалі незадавальненне негаландскага насельніцтва. У выніку Бельгійскай рэвалюцыі 1830 Бельгія атрымала незалежнасць, Н.к. распалася. За галандскай часткай захавалася назва Нідэрланды. У 1890 скасавана персанальная унія Люксембурга і Нідэрландаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕЛА́НДЫЯ (Zeeland),
гістарычная правінцыя на ПдЗ Нідэрландаў, размешчаная пераважна на а-вах у дэльце р. Шэльда. У сярэдневякоўі Паўн. З. належала Галандыі, Сярэдняя з 12 ст. — сумеснае ўладанне Галандыі і Фландрыі пад сюзерэнітэтам Фландрыі. Паводле Парыжскага дагавора 1323 Фландрыя адмовілася да сваіх правоў на Сярэднюю З., валодала яе кантынент. часткай. У 1428—33 уладанне герцагаў Бургундскіх, з 1477 (1482) — Габсбургаў. У пач. 16 ст. правінцыя з уласным саслоўным прадстаўніцтвам і штатгальтэрам у складзе Нідэрландаў, з 1556 пад уладай Іспаніі. Развіваліся суднабудаўнічая прам-сць, рыбалоўны промысел, марскі гандаль. У час Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. арэна антыісп. барацьбы, у 1572 аддзялілася ад Іспаніі. Пасля Утрэхцкай уніі 1579 у складзе рэспублікі Злучаных правінцый. У 1795—1806 уваходзіла ў Батаўскую рэспубліку, у 1806—10 — у каралеўства Луі Банапарта, у 1810—14 — у Франц. імперыю. З 1814 правінцыя Каралеўства Нідэрландаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВА́РА (ісп. Navarra, франц. Navarre),
сярэдневяковае каралеўства ў Пірэнеях са сталіцай Памплона (у 905—1512). У старажытнасці Н. насялялі баскі, выцесненыя ў 6 ст. вестготамі. У 716—719 заваявана арабамі, у 2-й пал. 8 ст. падпарадкавана Карлам Вялікім. З сярэдзіны 9 ст. незалежнае каралеўства, першы вядомы з летапісаў кароль Н. — Санча Гарсія (905—925). У 1027—35 у саюзе з Кастыліяй і Арагонам, у 1076—1134 у персанальнай уніі з Арагонам. У 1234—84 і 1328—1512 на каралеўскім прастоле Н. былі франц. графы, у 1285—1328 — франц. каралі. У 1485 Верхнюю Н. заваяваў Фердынанд Арагонскі. У 1512 яна далучана да Іспаніі (цяпер прав. Навара). Ніжняя Н. была фармальна незалежнай да 1589. Калі яе кароль Генрых Наварскі стаў франц. каралём Генрыхам IV, тэр. Ніжняй Н. далучылі да Францыі (цяпер дэпартамент Ніжнія Пірэнеі).