«Akta Unii Polski z Litwą 1385—1791», зборнік дакументаў па гісторыі уніі (саюза) паміж Каралеўствам Польскім і ВКЛ. Выдадзены Польскай АН і Варшаўскім навук. т-вам (Кракаў, 1932). Складзены С.Кутшэбам і У.Сямковічам. Уключана 177 дакументаў на бел., польскай і лац. мовах. Першы змешчаны дакумент — акт Крэўскай уніі 1385, выдадзены Ягайлам, апошні — прынятая Чатырохгадовым соймам 1788—92 канстытуцыя (закон) 20.10.1791 «Аб заручэнні абодвух народаў», якой замацоўваўся саюз абедзвюх дзяржаў (ВКЛ і Польшчы) у складзе Рэчы Паспалітай. Акрамя тэкстаў усіх уній паміж Польшчай і ВКЛ змешчана шмат дадатковых дакументаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКА-РА́ДАМСКАЯ У́НІЯ 1401,
дзяржаўны і паліт, саюз ВКЛ і Польшчы. Дакумент пра заключэнне уніі быў падпісаны князямі і панамі ВКЛ 18.1.1401 у Вільні, у Польшчы — 11 сак. ў Радаме. Паводле пагаднення абедзве дзяржавы павінны былі дзейнічаць разам супраць знешніх ворагаў, польскія феадалы абавязваліся ў выпадку смерці Ягайлы не выбіраць караля без згоды феадалаў ВКЛ, пацвярджаліся правы вял. князя ВКЛВітаўта на самаст. кіраванне, але таксама прызнаваліся спадчынныя правы Ягайлы, які ў акце уніі названы найвышэйшым князем літоўскім. Уніяй быў юрыдычна замацаваны саюз дзяржаў у барацьбе з ням. агрэсіяй. Адным з вынікаў уніі стала перамога ў Грунвальдскай бітве 1410.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ У́НІЯ 1596,
акт пра арганізацыйнае аб’яднанне правасл. царквы з каталіцкай на тэр. Рэчы Паспалітай, абвешчаны 9.10.1596 на царк. саборы ў Брэсце (праходзіў 6—10.10.1596). Зацверджана каралём Жыгімонтам III Вазай. Паводле Брэсцкай унііправасл. царква прызнавала вяршэнства папы рымскага і каталіцкі догмат аб зыходжанні Св. Духа не толькі ад Бога-айца, але і ад Бога-сына (з часам прынята і іншая каталіцкая дагматыка) і ператваралася ў грэка-каталіцкую (уніяцкую) царкву. Аднак уніяцкая царква захоўвала ўласную арганізац. структуру і іерархію, многія правасл. абрады, царк.-слав. і бел. мовы (на Украіне — укр.) у богаслужэнні, рэліг. л-ры, казаннях. Прыняцце Брэсцкай уніі праводзілася на аснове Фларэнційскай уніі 1439, якую спрабаваў увесці ў ВКЛ у сярэдзіне 15 ст. мітрапаліт Грыгорый Балгарын. Гал. прычынай заключэння уніі было імкненне да кансалідацыі царк. і свецкіх феадалаў ВКЛ і Польшчы пасля Люблінскай уніі 1569. Правасл. іерархі ВКЛ не жадалі падпарадкоўвацца маск. патрыярху, які прыняў гэты тытул у 1589 і меў намер пашырыць сваю ўладу на ўсю тэр.б. Кіеўскай Русі. Адначасова яны разлічвалі атрымаць усе прывілеі каталіцкіх біскупаў, абаперціся на падтрымку каталіцкай царквы ў нарастаючым канфлікце з брацтвамі і ў барацьбе з рэфармацыйным рухам. Папства праз Брэсцкую унію імкнулася пашырыць свой уплыў на Усход. Гал. тэарэтыкам уніі быў польскі езуіт П.Скарга, які абгрунтаваў сваю задуму ў кнізе «Пра еднасць касцёла Божага» (1577). Непасрэднымі ініцыятарамі падпісання Брэсцкай уніі сталі епіскап уладзімірскі і берасцейскі І.Пацей і епіскап луцкі і астрожскі К.Цярлецкі, якія ў 1595—96 наведалі Рым і падрыхтавалі з папам Кліментам VIII тэкст уніі. Унію падтрымала большасць іерархаў, у т. л. мітрапаліт кіеўскі М.Рагоза, які захаваў свой тытул. Аднак частка духавенства і свецкіх феадалаў на чале з кн. К.Астрожскім не прыняла Брэсцкую унію і правяла ў Брэсце свой сабор адначасова з уніяцкім. Правасл. царква ў Рэчы Паспалітай захавалася як самастойная побач з грэка-каталіцкай. Частка насельніцтва (асабліва мяшчане) змагаліся супраць уніі, аднак у канцы 18 ст. уніятамі было ўжо 75% жыхароў Беларусі. Брэсцкая унія скасавана ў Рас. імперыі Полацкім царкоўным саборам 1839 (за выключэннем Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ., дзе уніяцтва існавала да 1875), у 1946 — у зах. абласцях Украіны (б. Галіцыя, знаходзілася ў складзе Аўстра-Венгрыі). Пра гісторыю уніяцтва гл. ў арт.Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква.
Літ.:
Коялович М.О. Литовская церковная уния. Т. 1—2. СПб., 1859—61;
Жукович П.М. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией. Вып. 1—6. СПб., 1901—12;
Мараш Я.Н. Роль Ватикана в подготовке и утверждении Брестской унии 1596 г. // Вопросы истории религии и атеизма: Сб. ст.М., 1963. Т. 11;
Никольский Н.М. История русской церкви. Мн., 1990;
Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie I Rusi w XVIII і XIX wieku. Cz. 1. 2 wyd. Warszawa, 1906;
Panucevič V. Bierasciejskaja vunija. Chicago, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАБІ́СТАЯ У́НІЯ, персанальная унія,
у перыяд феадалізму форма канфедэрацыі на чале з адзіным манархам, але пры захаванні кожнай дзяржавай-удзельніцай самастойнасці ў вырашэнні ўнутр. пытанняў і значнай самастойнасці ў знешнепаліт. дзейнасці. Спрыяла павышэнню ваенна-паліт. магутнасці дзяржаў-удзельніц. Існавалі асабістыя уніі Англіі і Гановера (1714—1837), Нідэрландаў і Люксембурга (1815—90) і інш.Крэўская унія 1385 дала пачатак канфедэратыўным адносінам ВКЛ і Польшчы на прынцыпах асабістай уніі. Віленска-Радамская унія 1401 і Гарадзельская унія 1413 пацвердзілі такія адносіны. Люблінская унія 1569 прывяла да стварэння новай федэратыўнай дзяржавы — Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЛІНСКАЯ У́НІЯ 1569,
міжнародна-прававы акт аб’яднання Вялікага княства Літоўскага і Польшчы ў адну федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Прыняты 1.7.1569 у Любліне.
Перадумовамі Л.у. былі: доўгае існаванне асабістай унііВКЛ і Польшчы; паступовае збліжэнне паліт. і дзярж. інстытутаў абедзвюх краін, паліт. менталітэту пануючага класа; у асноўным адзіная палітыка ў міжнар. адносінах; адзіная структура каталіцкай царквы. Шляхта ВКЛ праз унію спадзявалася атрымаць правы, якія мела шляхта Польшчы, польская шляхта разлічвала на землі і дзярж. пасады ў ВКЛ. Непасрэднай прычынай Л.у. былі няўдачы войска ВКЛ у Лівонскай вайне 1558—83.
Для прыняцця уніі ў Любліне 10.1.1569 скліканы сейм ВКЛ і Польшчы. Але большасць дэпутатаў ВКЛ, не згодная з польскім праектам уніі, перагаворы прыпыніла. Намаганнямі польскай шляхты і караля Жыгімонта II Аўгуста да Польшчы далучаны Падляскае і Кіеўскае ваяв., Валынь і Падолле, што было падтрымана мясц. шляхтай. Шляхта Мазырскага пав. адмовілася далучыцца да Польшчы, павятовы сеймік прыняў рашэнне выйсці з Кіеўскага ваяв. і далучыцца да Мінскага ваяв.ВКЛ. Тэр.ВКЛ зменшылася да этнічных бел. і літ. зямель. Пасля вяртання дэпутатаў ВКЛ на сейме быў выпрацаваны кампрамісны варыянт уніі, зацверджаны 1.7.1569. Паводле ўмоў Л.у. на чале Рэчы Паспалітай знаходзіўся польскі кароль (ён жа і вял. князь літ.), якога пажыццёва выбірала шляхта абедзвюх дзяржаў. Збіраўся агульны сейм, але ВКЛ і Польшча захавалі асобныя дзярж. адміністрацыю, войска, фінансы, законы, мытную сістэму, дзярж. мовы. Л.у. дзейнічала да 1795.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́РЫЙ БАЛГА́РЫН (?, Балгарыя — 1472 або 1473),
царкоўны дзеяч ВКЛ, адзін з першых прыхільнікаў уніі з каталіцкай царквой. Вучань і паплечнік мітрапаліта Ісідара. Пасля заключэння Фларэнційскай уніі 1439 разам з ім уцёк з Масквы ў Рым, з 1452 у Канстанцінопалі. У 1458 пасвячоны канстанцінопальскім патрыярхам-уніятам Грыгорыем Мамам у мітрапаліта 9 зах. епархій Рус.правасл. царквы з тытулам архіепіскапа кіеўскага, літоўскага і Ніжняй (Малой) Русі з рэзідэнцыяй у Навагрудку. Такі тытул сведчыў аб прэтэнзіях мітрапаліта на кананічную ўладу над усёй тэр.б. Кіеўскай Русі. Не згаджаючыся з гэтым, мітраполія ў Маскве ў 1459 стала афіцыйна наз. не кіеўскай, а маскоўскай. Падзел паміж дзвюма цэрквамі стаў канчатковым. Прызнаючы Грыгорыя Балгарына мітрапалітам, духавенства і вернікі ВКЛ саму унію не прынялі. У 1469 Грыгорый Балгарын звярнуўся да Канстанцінопальскай патрыярхіі з адмовай ад уніі і з просьбай зацвердзіць яго ў сане правасл. архірэя. У 1472 патрыярх Дыянісій зацвердзіў Грыгорыя Балгарына як мітрапаліта кіеўскага, галіцкага і ўсяе Русі. Правасл. царква ВКЛ і Галіцыі (у складзе Польскага каралеўства) атрымала поўнае кананічнае прызнанне. Грыгорый Балгарын лічыцца аўтарам шэрагу літ.-царк. твораў. Памёр і пахаваны ў Навагрудку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́МЯН»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 130 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Асецкія, Багаткі, Брудзеўскія, Грабскія, Макавецкія, Раценскія, Саковічы. Мае ў залатым полі выяву чорнай галавы зубра, прабітай наўскос мячом. Вядомы з пач. 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬМА́РСКАЯ У́НІЯ,
міждзяржаўнае аб’яднанне Даніі, Нарвегіі (з Ісландыяй) і Швецыі (з Фінляндыяй) пад уладай дацкіх каралёў у 1397—1523. Падрыхтавана дацка-нарвежскай (1380) і дацка-шведскай (1389) асабістымі уніямі. Ініцыіравана каралевай Маргарытай Дацкай, якая дамаглася абвяшчэння ў 1397 у г. Кальмар (Швецыя) каралём трох дзяржаў яе траюраднага пляменніка герцага Эрыка Памеранскага. Праект акта уніі (ніколі не быў зацверджаны, па-рознаму інтэрпрэтуецца ў гістарыяграфіі) прадугледжваў выбары адзінага манарха, правядзенне агульнай знешняй палітыкі, абаронны саюз пры захаванні ўнутр. самастойнасці кожнай з трох дзяржаў. Спроба дацкіх каралёў выкарыстаць унію для ўстанаўлення свайго панавання над Швецыяй прывяла да нар. паўстання і фактычнай ліквідацыі уніі ў 1448. К.у. тройчы аднаўлялася (1457—67, 1497—1501, 1520—21) у ходзе дацка-шведскіх войнаў 15 — пач. 16 ст. Канчаткова ліквідавана ў 1523, калі каралём Швецыі стаў Густаў I Ваза. Нарвегія заставалася пад уладай Даніі да 1814.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДА ЗЛУЧЭ́ННЯ»,
бел.рэліг. газета грэка-католікаў у Зах. Беларусі. Выдавалася ў 1932—37 у Вільні на бел. мове (рэдакцыя знаходзілася ў Слоніме, з 1934 — у Папскай духоўнай семінарыі ў г. Дубна Ровенскай вобл.). Друкавала хроніку рэліг. жыцця, Евангелле, артыкулы пра неабходнасць адраджэння уніі на Беларусі. Выйшла 60 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НЦКАЕ ПРЫМІРЭ́ННЕ,
пагадненне паміж паўн. і паўд. Нідэрландамі ў ходзе Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. Падпісана 8.11.1576 у г.Гент па ініцыятыве Генеральных штатаў. Прадугледжвала сумесную барацьбу супраць ісп. войск у Нідэрландах, амністыю ўдзельнікам руху, захаванне каталіцызму на Пд і кальвінізму на Пн краіны і інш. Страціла сілу пасля заключэння Утрэхцкай уніі (1579).