АЎТАМАТЫ́ЧНАЯ ЛІ́НІЯ,

сукупнасць тэхнал. абсталявання, устаноўленага ў паслядоўнасці тэхнал. працэсу, злучанага аўтам. транспартам і аснашчанага аўтам. загрузачна-разгрузачнымі прыстасаваннямі і адной агульнай ці некалькімі ўзаемазвязанымі сістэмамі кіравання. Аўтаматычныя лініі выконваюць увесь працэс вырабу ці перапрацоўкі прадукту вытв-сці або яго часткі. Аўтаматычныя лініі — аснова комплекснай аўтаматызацыі вытворчасці, іх выкарыстанне скарачае вытв. цыкл, павышае прадукцыйнасць працы, зніжае сабекошт прадукцыі.

Аўтаматычныя лініі бываюць зблакіраванымі (работа тэхнал. абсталявання аб’яднана агульным цыклам) і незблакіраванымі, пераналаджвальнымі, аднапрадметнымі і шматпрадметнымі. Некалькі аўтаматычных ліній, аб’яднаных у адну сістэму, утвараюць аўтам. ўчасткі і цэхі. Аўтам. сістэмы кіравання аўтаматычнымі лініямі забяспечваюць выкананне пэўным агрэгатам ці механізмам асн. і дапаможных аперацый тэхнал. працэсу, а таксама ўзгодненае дзеянне розных участкаў лініі. На аўтаматычных лініях выкарыстоўваюцца сістэмы рэлейнага і лікавага праграмнага кіравання.

Аўтаматычныя лініі выкарыстоўваюцца пераважна ў машынабудаванні, у электра- і радыётэхн., хім. і харч. прам-сці. На Беларусі распрацоўка, праектаў аўтаматычных ліній пачалася ў Мінскім СКБ аўтам. ліній у 1956, першыя аўтаматычныя лініі выпушчаны ў 1959 Мінскім з-дам аўтам. ліній. Аўтаматычныя лініі выпускаюць таксама Баранавіцкі з-д аўтам. ліній і Мінскі станкабуд. з-д. Гл. таксама Гібкая аўтаматызаваная вытворчасць.

А.​І.​Качаргін.

т. 2, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФРЫКА́НСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Афрыканскі кратон, Афрыкана-Аравійская платформа,

старажытная дакембрыйская платформа Гандванскай групы, якая займае амаль увесь Афрыканскі мацярык (за выключэннем Атласкіх і Капскіх гор), Аравійскі п-аў (без гор Амана) і в-аў Мадагаскар з Сейшэльскімі а-вамі. Крышталічны фундамент складзены з блокаў глыбока метамарфізаваных парод ранняга дакембрыю, якія акаймаваны познадакембрыйскімі складкавымі паясамі. На значнай тэрыторыі пароды фундамента выходзяць на паверхню ў шчытах і масівах. Платформавы чахол залягае ў сінеклізах, якія запоўнены пародамі позняга пратэразою і палеазою, аўлакагенах і перыакіянскіх прагінах (запоўнены пародамі мезазою і кайназою). Максімальная магутнасць платформавага чахла (8—10 км) назіраецца на перыферыі афрыканскай платформы (у сінеклізах Кару і Усх.-Лівійскай, аўлакагене Бенуа, перыакіянскіх прагінах). Кансалідацыя фундамента афрыканскай платформы завяршылася ў познім пратэразоі — раннім палеазоі. На працягу палеазою — ранняга мезазою платформа ўваходзіла ў склад суперкантынента Гандвана. Сучасныя рысы набыла ў мелавым перыядзе пасля расколу Гандваны. У выніку інтэнсіўнага падняцця, асабліва на У, у міяцэне ўзнікла Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма і рыфты Чырвонага м. і Адэнскага заліва, што суправаджалася вулканізмам. Афрыканская платформа мае буйныя радовішчы золата, алмазаў, плаціны, хрому, нікелю, урану, рэдказямельных элементаў, поліметалаў і інш.

М.​А.​Нагорны.

т. 2, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́ДНІННЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для атрымання агародніны (сакаўных пладоў, лісця, цыбулін, караняплодаў). У сусв. асартыменце агароднінных культур каля 160 відаў, сярод якіх коранеклубняплодныя расліны, шырока вядомыя ў краінах трапічнага і субтрапічнага клімату, — касава (маніёк ядомы), тара, ямс і інш. На Беларусі вырошчваюць больш за 40 відаў асн. агароднінных культур амаль з 13 сямействаў.

Паводле прадукцыйных органаў адрозніваюць агароднінныя культуры пладовыя (памідоры, агурок, кабачок, патысон, гарбуз, баклажан, кавун, дыня, кукуруза), ліставыя (капуста, салата, шпінат, шчаўе, рэвень), цыбулевыя (цыбуля, часнок), бабовыя (гарох, фасоля, боб), караняплоды (морква, бурак, сельдэрэй, пятрушка, радыска, рэдзька, бручка, рэпа). У асобныя групы вылучаюць бульбу і вострапрыпраўныя расліны (аніс, каляндра, крэс-салата, кмен, мята, маяран, агурочнік, эстрагон, хрэн і інш.; пра кожную агароднінную культуру гл. асобны арт.). Асн. крыніца вітамінаў, вугляводаў, мінер. соляў, арган. к-т, мікраэлементаў, гліказідаў, фітанцыдаў, эфірнага алею, а таксама клятчаткі і пекцінавых рэчываў. Вырошчваюцца ў адкрытым (на працягу вегетац. перыяду з вясны да восені) і ахаваным (увесь год) грунце.

Літ.:

Гусев А.М. Целебные овощные растения. М., 1991;

Матвеев В.П., Рубцов М.И. Овощеводство. 3 изд. М., 1985;

Шуин К.А. 70 видов овощей на огороде. Мн., 1978.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫРЫЖА́БЛЬ (ад франц. dirigeable кіроўны),

кіроўны аэрастат падоўжанай формы, аснашчаны адной або некалькімі вінтаматорнымі ўстаноўкамі, якія ствараюць цягу для гарыз. палёту. Вызначаецца вял. грузападымальнасцю і далёкасцю палёту, невял. (да 150 км/гадз) скорасцю, павышанай залежнасцю ад метэаўмоў.

Адрозніваюць Д. мяккай сістэмы (аб’ём 1—7 тыс. м³, корпус з прагумаванага матэрыялу, што служыць адначасова і абалонкай для газу), паўжорсткай (8—35 тыс. м³, у ніжняй ч. мае метал. ферму, якая не дапускае дэфармацыі абалонкі) і жорсткай (да 200 тыс. м³, увесь корпус у выглядзе метал. каркаса). Д. маюць адну або некалькі гандол (для размяшчэння экіпажа, рухавікоў, грузаў), апярэнне (стабілізатары, кілі, рулі вышыні і кіравання). Выкарыстоўваліся для перавозкі грузаў, у навук. і ваен. мэтах і інш. Першы палёт на Д. з паравым рухавіком ажыццявіў А.​Жыфар у 1852 (Францыя). Першы Д. жорсткай сістэмы пабудаваў у 1900 Ф.​Цэпелін (Германія), першы Д. мяккай сістэмы грамада. прызначэння спраектаваў і пабудаваў у 1911 у Кіеве Ф.​Ф.​Андэрс. Гл. таксама Паветраплаванне.

Схема дырыжабля жорсткай сістэмы: 1, 4 — стабілізатары; 2, 3 — рулі напрамку і вышыні; 5 — вонкавая абалонка; 6 — гандола кіравання; 7 — пасажырскія палубы; 8 — месца бакавой маторнай гандолы.

т. 6, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗ (франц. gaz ад грэч. chaos хаос),

агрэгатны стан рэчыва, у якім слаба звязаныя малекулярнымі сіламі часціцы рухаюцца свабодна і пры адсутнасці знешніх палёў раўнамерна запаўняюць увесь дадзены ім аб’ём. Газ, у якім энергію ўзаемадзеяння паміж часціцамі можна не ўлічваць, наз. ідэальным газам. Яго стан апісваецца Клапейрона—Мендзялеева ўраўненнем.

Рэальныя газы пры звычайных умовах мала адрозніваюцца ад ідэальнага, а пры памяншэнні ціску і павышэнні т-ры па ўласцівасцях набліжаюцца да яго; часцей іх стан апісваецца Ван-дэр-Ваальса ўраўненнем. Пры паніжэнні т-ры газы дасягаюць крытычнага стану, пры далейшым ахаладжэнні і павышэнні ціску адбываецца звадкаванне газаў. Калі рух часціц падпарадкоўваецца законам класічнай механікі, газ наз. нявыраджаным (рэальныя газы), а калі квантавыя ўласцівасці часцінак газа пераважаюць — выраджаным (электронны газ у металах пры тэмпературах, блізкіх да 0 К). Пры нізкіх т-рах газы добрыя дыэлектрыкі, але пры пэўных умовах могуць праводзіць эл. ток (гл. Электрычныя разрады ў газах). Мех. ўласцівасці газаў вывучаюцца ў газавай дынаміцы і аэрадынаміцы. Газы складаюць асн. масу атмасферы, пашыраны ў зямной кары, маюць вял. значэнне ў існаванні жывых арганізмаў (гл., напр., Дыханне, Газаабмен) і біягеахімічным кругавароце рэчываў, газы прыродныя гаручыя — кашт. сыравіна для хім. і газавай прам-сці, крыніца забеспячэння разнастайных бытавых, тэхн. і інш. патрэб гаспадаркі.

А.​І.​Болсун.

т. 4, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСТЫЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. distillatio сцяканне кроплямі),

перагонка, раздзяленне вадкіх сумесей на фракцыі рознага саставу. Засн. на адрозненні саставу вадкасці і пары, што ўтвараецца з яе. Ажыццяўляюць частковым выпарэннем вадкасці з наступнай кандэнсацыяй пары.

Пры Д. атрымліваюць кандэнсат (дыстылят) — вадкасць, якая мае большую колькасць, адносна зыходнай сумесі, нізкакіпячых (больш лятучых) кампанентаў, і неадагнаную вадкасць (кубавая астача), у якой больш высокакіпячых рэчываў. Д. наз. фракцыйнай (дробнай), калі з зыходнай сумесі адганяюць некалькі фракцый. У залежнасці ад умоў працэсу (ціск, т-ра) адрозніваюць Д. простую і малекулярную, якую ажыццяўляюць пры т-рах, ніжэйшых за т-ры кіпення вадкасці, і нізкім ціску (менш за 0,13 Па). Простую Д. робяць пры паступовым ці аднаразовым выпарэнні. Пры паступовым выпарэнні пара, што ўтвараецца над вадкасцю, бесперапынна адводзіцца з апарата, пры аднаразовым — увесь час награвання да вызначанай т-ры застаецца ў сістэме ў кантакце з вадкасцю (пара-вадкасную сумесь раздзяляюць у сепаратары). Прысутнасць пары зніжае парцыяльны ціск высокакіпячых фракцый у сістэме і дазваляе весці перагонку пры больш нізкай т-ры (параўнальна з т-рай Д. пры паступовым выпарэнні). Пры неабходнасці зніжэння т-ры працэсу робяць Д. з вадзяной парай ці інертным газам. Выкарыстоўваюць у хім., нафтаперапрацоўчай, фармацэўтычнай прам-сці, у лабараторнай практыцы. Гл. таксама Рэктыфікацыя, Перагонка нафты.

Я.​І.​Шчарбіна.

т. 6, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ БЕРЛІ́Н (West Berlin),

асобная палітыка-адм. адзінка (анклаў) на тэрыторыі ГДР у 1949—90. Пл. 480 км². Быў падзелены на 12 гар. раёнаў. Нас. 1,9 млн. чал. (1987). Утвораны пасля 2-й сусв. вайны на тэр. З акупац. сектараў Берліна (амер., брыт., франц.).

23.6.1948 на З.Б. пашырылася грашовая рэформа, праведзеная ў Зах. Германіі. У адказ на гэта 24.6.1948 СССР перакрыў дарогі з Берліна на захад і ўстанавіў блакаду З.Б. (працягвалася 324 дні). Увесь гэты час жыццядзейнасць З.Б. праз «паветраны мост» забяспечвала авіяцыя зах. саюзнікаў.

5.12.1948 у З.Б. праведзены выбары ў гар. парламент, 1.10.1950 прынята асобная заходнеберлінская канстытуцыя. У 1961 па рашэнню ўрада ГДР узведзена сістэма ўмацаванняў уздоўж мяжы З.Б. (гл. Берлінская сцяна). У 1971 прынята 4-баковае пагадненне, якое ўрэгулявала статус З.Б. як асобнай паліт. адзінкі. Органы ўлады Б.З. былі падкантрольныя ваен. адміністрацыі акупац. улад. Вышэйшы орган — гар. палата дэпутатаў, выбіраўся на 4 гады, выканаўчую ўладу ажыццяўляў сенат на чале з бургамістрам. З.Б. быў буйным прамысл. цэнтрам — (маш.-буд., эл.-тэхн., хім.-фарм., харч., швейная прам-сць), асн. знешнегандлёвы партнёр — ФРГ. Пасля аб’яднання ГДР і ФРГ (3.10.1990) асобны статус З.Б. скасаваны, абедзве ч. Берліна зліліся.

Літ.:

Абрасимов П.А. Западный Берлин: вчера и сегодня. М., 1980.

т. 7, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСІЁНЫ (італьян. passione ад лац. passio пакута),

страсці, рэлігійнае дзейства, заснаванае на евангельскіх тэкстах пра пакуты і смерць Ісуса Хрыста. Як асобная літургічная цырымонія П. выкарыстоўваліся хрысц. царквой з 4 ст. У каталіцкім набажэнстве суправаджалася ўрачыстым спяваннем паводле спец. выпрацаваных для гэтай мэты рэчытатыўных формул (тонаў). Адбывалася ў час мес Вербнай нядзелі, серады, чацвярга і пятніцы перадвелікоднага тыдня. Першапачаткова П. рэчытаваліся салістам (дыяканам), з 13 ст. ёсць звесткі пра драматызаванае, падзеленае на ролі (апавядальнік, Хрыстос, хор іудзеяў і інш.) выкананне. З 15 ст. распаўсюдзіліся рэспансарыяльныя (манадыйныя эпізоды чаргаваліся з поліфанічнымі) і матэтныя (увесь тэкст быў апрацаваны поліфанічна) П. У 17 ст. ўзнік новы тып П. — аратарыяльны, у якім біблейскі тэкст дапаўняўся вершамі і гімнамі, а муз. трактоўка (эмацыянальны рэчытатыў саліста замест традыц. псалмодыі, арыі, вак. ансамблі, інстр. эпізоды) адпавядала барочнай стылістыцы (А.​Скарлаці). Росквіт П. звязаны з пратэстанцкай традыцыяй («Страсці па Іаану», 1724, «Страсці па Матфею», 1729, І.​С.​Баха). П. ў правасл. набажэнстве («Страсці Хрыстовы») фіксуюцца ў слав. рукапісах з 12 ст. Яны выконваліся ў час ютрані Вял. пятніцы і ўключалі 12 урыўкаў з Евангелляў, вял. колькасць спеваў (антыфонаў, трапароў, стыхір і г.д.).

Літ.:

Друскин М. Пассионы и мессы И.​С.​Баха. Л., 1976.

Т.​У.​Ліхач.

т. 12, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПАГА́НДА (лац. propaganda падлягае распаўсюджванню),

дзейнасць, накіраваная на папулярызацыю і ўкараненне ў грамадскай свядомасці пэўных ідэй, поглядаў, вобразаў. Праводзіцца з дапамогай розных форм і метадаў (вусная, друкаваная, ілюстрацыйная, кіно-, радыё- і тэлепрапаганда). Важнае месца займае П. навук. ідэй і дасягненняў, дзярж. палітыкі (знешняй і ўнутр.), здаровага ладу жыцця. Вядучая роля адводзіцца паліт. П., якая ўключае намаганні паўплываць на стан свядомасці індывідаў, сац. або нац. груп. З’яўляецца адной з перадумоў функцыянавання паліт., дзярж. улады.

Тэорыя П. бярэ пачатак у ідэях Платона і Арыстоцеля, якія распрацоўвалі пытанні ўздзеяння слова на фарміраванне чалавечай душы і сістэму метадаў пераканання людзей. Паняцце «П.» сфармулявана ў 1622 Ватыканам, які стварыў «Кангрэгацыю распаўсюджвання веры» для пашырэння ўплыву каталіцызму праз місіянерскую дзейнасць і барацьбу з ерасямі. Кангрэгацыя выкарыстоўвала абстрактна-гуманістычныя лозунгі «ўдасканальвання чалавека», але надавала слову «П.» канкрэтную ідэалаг. арыентацыю. Для П. характэрна супярэчнасць паміж дэклараваным і сапраўдным зместам, што абумовіла негатыўнае яе ўспрыманне. Пасля 2-й сусв. вайны паліт. П. стала пастаянным кірункам дзярж. дзейнасці, што выявілася ў стварэнні мін-ваў і цэнтраў П., арг-цыі навук. даследаванняў і адпаведных устаноў. Прапагандысцкія службы выкарыстоўваюць увесь набыты вопыт па маніпуліраванні чалавечай свядомасцю. П. ператварылася ў важны інструмент дзярж. палітыкі, распрацоўкі і пошуку варыянтаў вырашэння канкрэтных сац,эканам., паліт. праблем.

В.​І.​Боўш.

т. 13, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАГРА́ФІЯ (ад грэч. holos увесь, поўны + ...графія),

метад атрымання поўнага аб’ёмнага відарыса аб’екта, заснаваны на інтэрферэнцыі і дыфракцыі кагерэнтных хваль; галіна фізікі, што вывучае заканамернасці запісу, узнаўлення і пераўтварэння хвалевых палёў рознай прыроды (аптычных, акустычных і інш.). Галаграфію вынайшаў (1948) і атрымаў першыя галаграмы (ГЛ) найпрасцейшых аб’ектаў Д.Габар. У 1962—63 амер. фізікі Э.​Лэйтс і Ю.​Упатніекс выкарысталі для атрымання ГЛ лазер, а сав. фізік Ю.​М.​Дзенісюк (1962) прапанаваў метад запісу аб’ёмных ГЛ. У 1960-я г. створаны тэарэт. і эксперым. асновы галаграфіі.

Аб’ёмны відарыс аб’екта фіксуецца на ГЛ у выглядзе інтэрферэнцыйнай карціны, створанай прадметнай хваляй (ПХ), адбітай ад аб’екта, і кагерэнтнай з ёй апорнай хваляй (АХ). У адрозненне ад фатаграфіі, дзе зафіксаваны відарыс аптычны, ГЛ дае прасторавае размеркаванне амплітуды і фазы ПХ. Паколькі ПХ не плоская, ГЛ мае структуру нерэгулярнай дыфракцыйнай рашоткі. Інфармацыя аб размеркаванні амплітуды ПХ запісваецца ў выглядзе кантрасту інтэрферэнцыйнай карціны, а фазы — у выглядзе формы і перыяду інтэрферэнцыйных палос (гл. Інтэрферэнцыя святла). Пры асвятленні галаграмы АХ у выніку дыфракцыі святла ўзнаўляецца амплітудна-фазавае размеркаванне поля ПХ. ГЛ пераўтварае частку АХ у копію ПХ, пры ўспрыманні якой вокам ствараецца ўражанне непасрэднага назірання аб’екта. Галаграфія мае шэраг спецыфічных уласцівасцей, адрозных ад фатаграфіі: ГЛ узнаўляе аб’ёмны (монахраматычны або каляровы) відарыс аб’екта, кожны ўчастак ГЛ дазваляе ўзнавіць увесь відарыс аб’екта, аб’ёмныя ГЛ Дзенісюка ўзнаўляюцца пры дапамозе звычайных крыніц святла (сонечнае асвятленне, лямпа напальвання), галаграфічны запіс мае вял. надзейнасць і інфарм. ёмістасць, што вызначае шырокі спектр практычнага выкарыстання галаграфіі: для атрымання аб’ёмных відарысаў твораў мастацтва, стварэння галаграфічнага кіно, для неразбуральнага кантролю формы складаных аб’ектаў, вывучэння неаднароднасцей матэрыялаў, захоўвання і апрацоўкі інфармацыі, для візуалізацыі акустычных і эл.-магн. палёў і інш.

На Беларусі даследаванні па галаграфіі пачаліся ў 1968 у Ін-це фізікі АН і праводзяцца ў ін-тах фіз. і фіз.-тэхн. профілю АН, БДУ і інш. Распрацаваны фіз. прынцыпы дынамічнай галаграфіі, развіты метады апрацоўкі інфармацыі і пераўтварэння прасторавай структуры лазерных пучкоў (П.​А.​Апанасевіч, А.​А.​Афанасьеў, Я.​В.​Івакін, А.​С.​Рубанаў, Б.​І.​Сцяпанаў і інш.). Створаны галаграфічныя метады для даследавання дэфармацый і вібрацый аб’ектаў, рэльефу паверхні, уласцівасцей плазмы, сістэмы аптычнай памяці (У.​А.​Піліповіч, А.​А.​Кавалёў, Л.​В.​Танін і інш.), развіты метады радыё- і акустычнай галаграфіі (П.​Дз.​Кухарчык, А.​С.​Ключнікаў, М.​А.​Вількоцкі).

Літ.:

Кольер Р., Беркхарт К., Лин Л. Оптическая голография: Пер. с англ. М., 1973;

Островский Ю.И. Голография и ее применение. Л., 1973;

Денисюк Ю.Н. Изобразительная голография // Наука и человечество, 1982. М., 1982;

Рубанов А.С. Некоторые вопросы динамической голографии // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980.

А.​С.​Рубанаў.

Да арт. Галаграфія. Схемы атрымання галаграм (а) і ўзнаўлення відарысаў (б): 1 — схема Габара; 2 — схема Лэйтса—Упатніекса; 3 — схема Дзенісюка; АХ — апорная хваля; ПА — паўпразрысты аб’ект; ПХ — прадметная хваля; ФП — фотапласцінка; Г — галаграма; СВ — сапраўдны відарыс; А — адбівальны аб’ект; ПЛ — паўпразрыстае люстэрка; УВ — уяўны відарыс.

т. 4, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)