АСТЭАБЛА́СТЫ (ад астэа... + грэч. blastos зародак),

клеткі пазваночных жывёл і чалавека, якія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні касцявой тканкі. Сінтэзуюць матэрыял яе валокнаў і асн. рэчыва. Са спыненнем росту касцей ператвараюцца ў астэацыты; у сфарміраванай тканцы сустракаюцца толькі ў месцах яе разбурэння, аднаўлення або функцыян.перабудовы.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ДУС (ад лац. modus мера, узор, спосаб),

1)у філасофіі — уласцівасць прадмета, характэрная для яго толькі ў некаторых выпадках (у адрозненне ад атрыбута — неад’емнай уласцівасці прадмета).

2) У логіцы — разнавіднасць сілагізмаў, што вызначаюцца формай (колькасцю і якасцю) пасылак і заключэнняў (гл. Сілагістыка).

т. 10, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМУ́НКУЛУС (ад лац. homunculus чалавечак),

чалавекападобная істота, якую, на думку натуралістаў сярэднявечча, быццам можна атрымаць штучным шляхам. У 17 ст. лічылі, што маленькі гамункулус заключаны ў чалавечым сперматазоідзе і пры яго пападанні ў арганізм жанчыны толькі павялічваецца ў памерах, ператвараючыся ў дзіця. Гл. таксама Анімалькулізм.

т. 5, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕРГЕ́НЫ,

рэчывы, здольныя выклікаць алергію. Да іх адносяцца бялковыя і небялковыя (поліцукрыды) злучэнні, неарган. рэчывы, у т. л. асобныя элементы (бром, ёд і інш.). Небялковыя рэчывы становяцца алергенамі толькі пасля злучэння з бялкамі тканак арганізма Адрозніваюць эндаалергены (утвараюцца ў арганізме) і экзаалергены інфекц. і неінфекц. паходжання. Сярод алергенаў інфекц. паходжання вылучаюць бактэрыяльныя, вірусныя і грыбковыя. Да неінфекц. адносяцца бытавыя (бытавы, бібліятэчны пыл і інш.), эпідэрмальныя (воўна, пер’е птушак, валасы, перхаць), інсектныя (яд, сліна кусачых, пыл з часцінак насякомых), лекавыя, пылковыя (раслінны пылок), прамысл.-хім. (бензол, шкіпінар, фарбавальнікі і інш.), харч. рэчывы. Алерген выклікае імуналагічна апасродкаваную адчувальнасць арганізма да яго (сенсібілізацыю). Ад першай дозы ў арганізме ўтвараюцца антыцелы, здольныя ўзаемадзейнічаць толькі з пэўным алергенам. Паўторна трапляючы ў арганізм, алерген злучаецца з раней утворанымі антыцеламі і выклікае алергічную рэакцыю.

А.​Ф.​Сарока.

т. 1, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕЛЯ́Р ((Abélard) П’ер) (1079, Пале каля г. Нант, Францыя — 21.4.1142),

французскі філосаф, багаслоў, паэт. Вучыўся ў Шартры і Парыжы. У 1113 адкрыў уласную школу. З 1119 манах. Асн. працы: «Дыялектыка», «Пазнай самога сябе», «Пра Божае адзінства і траістасць», «Так і не», «Дыялог паміж філосафам, іудзеем і хрысціянінам». У тэалогіі імкнуўся да рац. асэнсавання царк. дагматыкі. У спрэчках наміналізму з рэалізмам даказваў: рэальна існуюць толькі асобныя рэчы, агульныя ж паняцці — толькі ў свядомасці (прынцып канцэптуалізму). Распрацоўваў схаласт. логіку. Крытэрый маральных паводзін бачыў у згодзе з сумленнем як прыродным маральным законам, быў блізкі да ідэі верацярпімасці. Яго ідэі асуджаны Суасонскім (1121) і Санскім (1140) саборамі. Аўтар аўтабіягр. твора «Гісторыя Абеляравых бедстваў» (1132—36, рус. пер. 1902, 1959), любоўных вершаў, лістоў (да Элаізы) і інш.

Г.​У.​Грушавы.

П.Абеляр.

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭПТУАЛІ́ЗМ (ад лац. conceptus думка, паняцце),

1) кірунак зах.-еўрап. сярэдневяковай схаластычнай філасофіі пра сутнасць агульных паняццяў (універсалій). К. займае прамежкавае становішча паміж сярэдневяковым рэалізмам і наміналізмам у рашэнні праблемы рэалій. Паводле К., агульнае на ўзроўні аб’ектыўных рэчаў не існуе; няма такога быцця. Агульнае — гэта канцэпты, г. зн. ідэальныя (іматэрыяльныя) паняцці. Яны першапачаткова ўласцівы чалавечаму розуму і толькі ў ім існуюць. Яны апрыёрныя (дадоследныя) і з’яўляюцца формай пазнання, з дапамогай якой раскрываецца падабенства рэчаў. Найб. вядомыя прадстаўнікі К.​П.​Абеляр, У.​Окам, Т.​Гобс. У новы час ідэі К. пра прыроду паняццяў адстойвалі Дж.​Лок, Э.​Кандыльяк, К.​Гельвецый. Паступова К. стаў адным з прынцыпаў тэорыі пазнання, паводле якога агульнае разглядаецца толькі як вынік абстракцыі.

2) У мастацтве гл. ў арт. Канцэптуальнае мастацтва.

В.​М.​Пешкаў.

т. 8, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТЫ́ СТАНДА́РТ,

грашова-валютная сістэма, заснаваная на золаце як грашовым тавары. Упершыню быў аформлены ў Вялікабрытаніі ў канцы 18 ст., але шырокае развіццё атрымаў у канцы 19 ст. З.с. выступаў у форме золатаманетнага, залатазліткавага і золатадэвізнага. Золатаманетны стандарт характарызаваўся свабоднай чаканкай і абарачэннем залатых манет, разменам грашовых сродкаў на залатыя манеты, вывазам і ўвозам золата. З пачаткам 1-й сусв. вайны золатаманетны стандарт практычна перастаў існаваць (у ЗША да 1934). Залатазліткавы стандарт, які ўзнік пасля вайны, прадугледжваў толькі размен грашовых сродкаў на залатыя зліткі, а золатадэвізны — на замежную валюту (долары і фунты стэрлінгаў). Пасля сусв. эканам. крызісу 1929—33 абмен на залатыя зліткі захавалі толькі ЗША у адносінах з афіц. органамі інш. краін. У 1971 гэты абмен быў спынены і З.с. перастаў існаваць.

В.​А.​Драздоў.

т. 6, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫКТАЦЭНО́З (ад грэчаскага oryktos выкапнёвы + koinos агульны),

сукупнасць акамянелых рэшткаў выкапнёвых арганізмаў у пэўнай мясцовасці. Уключае аўтахтонныя і алахтонныя арганізмы. У арыктацэнозе захоўваецца толькі невялікая частка былых біяцэнозаў. На тэрыторыі Беларусі найбольш вывучаны Арыктацэноз ардовікскіх, сілурыйскіх, дэвонскіх, мелавых, палеагенавых, неагенавых і антрапагенавых адкладаў. Даследуе арыктацэноз палеаэкалогія.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛЕ́ТЫКА,

у шырокім сэнсе — фізічныя практыкаванні, якія развіваюць сілу, вынослівасць, спрыт і інш. якасці (гл. Атлетызм). З 19 ст. адрозніваюць цяжкую атлетыку (бокс, барацьбу, гіравы спорт) і лёгкую атлетыку (бег, кіданне, скачкі). З 1946 цяжкай атлетыкай наз. спорт, у аснове якога толькі падыманне цяжару (штангі, гіры).

т. 2, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУЛЯ́РЫ ПАЛЯРО́ІДНЫЯ, акуляры палярызацыйныя,

акуляры, у аправу якіх устаўлены палярызацыйныя святлафільтры (паляроіды). Прызначаны для паасобнага назірання стэрэапары абодвума вокамі (кожнае вока бачыць толькі тую выяву стэрэапары, якая прызначана для гэтага вока). Выкарыстоўваюць для прагляду чорна-белых і каляровых стэрэаскапічных фотавыяў і кінафільмаў, якія праецыруюцца праз палярызацыйныя святлафільтры.

т. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)