КО́ЛЬКАСЦЬ ЦЕПЛАТЫ́, цеплата,

фізічная велічыня, якая вызначаецца той часткай унутр. энергіі, што атрымлівае (аддае) цела (фіз. сістэма) у працэсе цеплаабмену без выканання мех. работы. К.ц. — функцыя працэсу змены стану цела, элементарная К.ц. δ Q = CndT, дзе Cn — цеплаёмістасць цела ў канкрэтным працэсе, dT — малая змена т-ры цела. Адзінка К.ц. ў СІ — джоўль. Гл. таксама Першы закон тэрмадынамікі.

т. 8, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НІЯ ПЕРАМЕ́НЫ ДА́ТЫ,

умоўная лінія на паверхні зямнога шара для размежавання месцаў, дзе ў адзін і той жа момант часу каляндарныя даты розняцца на адны суткі. Праведзена па Ціхім ак., прыблізна па 180° даўгаты так, што яна не праходзіць па сушы, за выключэннем Антарктыды. На захад ад Л.п.д. каляндарная дата на 1 суткі большая, чым на ўсход.

т. 9, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЦІНАМІ́Д,

амід нікацінавай кіслаты. Разам з гэтай к-той уваходзіць у групу водарастваральных злучэнняў (вітамін PP) пірыдзін-3-карбонавай к-ты і яе вытворных. У складзе нікацінаміднуклеінавых ферментаў многіх дэгідрагеназ прымае ўдзел у пачатковых этапах біял. акіслення вугляводаў, арган. к-т і інш. злучэнняў. Недахоп Н. выклікае пелагру. На Н. багатыя прадукты жывёльнага паходжання і дрожджы.

т. 11, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІМЕРЫ́Я (ад грэч. polymereia шматскладовасць, наяўнасць многіх частак),

адзін з тыпаў узаемадзеяння генаў, пры якім ступень развіцця адной і той жа прыкметы абумоўлена ўплывам шэрагу т.зв. палімерных генаў (праяўляюцца падобным чынам). П. пашырана ў прыродзе. Паводле тыпу П. наследуюцца важныя гаспадарча карысныя прыкметы: вышыня раслін, колькасць бялку ў зерні, вітамінаў у пладах, хуткасць росту, маса жывёл і інш.

т. 12, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́КІ МІЖНАРО́ДНЫЯ,

рэкі, якія працякаюць па тэрыторыі дзвюх і больш дзяржаў і выкарыстанне якіх з’яўляецца прадметам міжнар. прававых адносін паміж прыбярэжнымі дзяржавамі (напр., Дунай, Рэйн, Конга, Нігер, Амазонка). Кожная частка Р.м. знаходзіцца пад суверэнітэтам той дзяржавы, у межах якой працякае. Сярод Р.м. прынята вылучаць пагранічныя рэкі, якія раздзяляюць тэрыторыі некалькіх дзяржаў і звычайна не з’яўляюцца адкрытымі для міжнар. суднаходства.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАЛУ́ЧАНЫЯ ГІПЕ́РБАЛЫ,

дзве гіпербалы, ураўненні якіх у адной і той жа сістэме каардынат адрозніваюцца знакам свабоднага члена: x​2/a​2−y​2/b​2 = 1 і x​2/a​2−y​2/b​2 = −1. Маюць агульныя асімптоты; сапраўдная вось адной з іх з’яўляецца ўяўнай воссю другой і наадварот.

Спалучаныя гіпербалы: a, b — паўвосі гіпербал.

т. 15, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕКТРА́ЛЬНЫЯ СЕ́РЫІ,

сукупнасці спектральных ліній у атамных спектрах, што падпарадкоўваюцца пэўным заканамернасцям. Лініі дадзенай С.с. ў спектрах выпрамянення ўзнікаюць пры квантавых пераходах атама з розных узроўняў энергіі на адзін і той жа ніжні ўзровень; у спектрах паглынання — з ніжняга ўзроўню на больш высокія ўзроўні энергіі. Найб. выразна С.с. назіраюцца ў спектрах вадароду, вадародападобных атамаў, гелію і шчолачных металаў.

т. 15, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАВАРЫ́Т (італьян. favorito ад лац. favor прыхільнасць),

1) любімец важнай і ўплывовай асобы, які карыстаецца рознымі прывілеямі і пэўным чынам уздзейнічае на погляды і паводзіны свайго заступніка; таксама чый-н. любімец, якому аддаюць перавагу, кім цікавяцца больш за інш. 2) У спорце — той, хто мае найб. шанц на першынство (першапачаткова — конь, коннік або каманда ў скачках).

т. 16, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЁДАР УЛАДЗІ́МІРАВІЧ,

князь пінскі ў сярэдзіне 13 ст. Верагодна, сын пінскага кн. Уладзіміра. У 1262 разам са сваімі братамі (?) пінскімі кн. Дзямідам і Юрыем прыехаў у Небль віншаваць галіцка-валынскага кн. Васільку Раманавіча з перамогай над літоўцамі. Мяркуецца, што Ф.У. у той час быў гал. пінскім князем і праводзіў палітыку патурання літоўцам у нападах на Валынь.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 16, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛО́РНАЯ КІСЛАТА́,

адна з самых моцных неарган. к-т, HClO4.

У свабодным стане бясколерная вадкасць, дыміць на паветры; з часам цямнее і становіцца выбуханебяспечнай. Водныя растворы ўстойлівыя, tпл 102 °C, tкіп 110 °C. Акісляльнік. Солі Х.к. — перхлараты. Атрымліваюць узаемадзеяннем перхларатаў з канцэнтраванай сернай к-той і інш. спосабамі. Выкарыстоўваецца пры раскладанні складаных руд, пры аналізе мінералаў, у якасці каталізатара.

т. 17, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)