РАМО́НАК (Chamomilla),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 2 віды Р.: аптэчны, ці абадраны (Ch. recutita), і рамонкападобны, або пахучы (Ch. suaveolens). Трапляюцца ўздоўж дарог, на лугах, пашы, палях.

Аднагадовыя травяністыя пахучыя расліны. Сцёблы прамастойныя, уверсе галінастыя выш. да 80 см. Лісце перыстарассечанае. Суквецце — кошык, у якім краявыя кветкі язычковыя, белыя ці плёнчатыя, сярэдзінныя — трубчастыя, жоўтыя. Кошыкі дыяметрам да 2,5 см. Плод — сямянка. Таксама Р. называюць расліны з родаў нівянік, пірэтрум, пупок і інш., у якіх сярэдзінныя трубчастыя кветкі ў кошыку жоўтыя, а краявыя псеўдаязычковыя кветкі («пялёсткі») белыя. Сапраўдныя Р. — адналетнікі з канічным полым ложам суквецця і з сямянкамі, якія ў вільготным стане аслізняюцца. Лек., дэкар. расліны.

Рамонак: 1 — аптэчны; 2 — пахучы.

т. 13, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́БНІК (Crepis),

род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 9 відаў. Найб. распаўсюджаны З. балотны (C. paludosa), дахавы (C. tectorum), двухгадовы (C. biennis); зрэдку трапляюцца З. альпійскі (C. alpina), воласападобны (C. capillaris), макалісты (C. rhoeadifolia), мяккі (C. mollis), сібірскі (C. sibirica), тупакарэнішчавы, або абгрызены (C. praemorsa). Растуць у лясах, на лугах, балотах, на палях і інш.

Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя апушаныя або голыя травяністыя расліны з кароткім, тонкім, тупым карэнішчам і прамым, рабрыстым, пустым у сярэдзіне сцяблом, выш. да 1,5 м. Лісце чаргаванае, суцэльнае, надрэзанае або перыста-раздзельнае; іншы раз ёсць прыкаранёвая разетка. Кветкі жоўтыя, двухполыя, язычковыя, у шматкветкавых кошыках, сабраных у агульнае суквецце. Плод — сямянка з чубком. Лек. і кармавыя расліны; некат. віды — пустазелле.

Зубнік балотны.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРЭ́ТРУМ,

рамоначнік (Pyrethrum), род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 еўрасібірскі рэліктавы від П. шчытковы (P. corymbosum), занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў асветленых лісцевых лясах, сухадольных астэпаваных лугах. Трапляецца здзічэлы П. вялікі, або бальзамічны кануфер (P. majus), які культывуюць як прыпраўную расліну, як інсектыцыдную — культывуюць П. цынерарыялісты, або далмацкі рамонак (P. cinerariifolium). Інтрадукаваны 2 віды П.: чырвоны, або каўказскі рамонак (P.coccineum) і дзявочы (P.parthenium).

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 5—150 см. Сцёблы апушаныя, прамыя і ўзыходныя. Лісце чаргаванае, перыстарассечанае, радзей суцэльнае. Кветкі дробныя, ў адзіночных або сабраных у агульнае шчыткападобнае суквецце кошыках. Плод — сямянка. Некат. віды маюць пірэтрыны. Род П. часта аб’ядноўваюць з родам піжма і хрызантэма. Інсектыцыдныя, лек., харч., дэкар. расліны.

Пірэтрум цынерарыялісты.

т. 12, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЧКА (Digitaria),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 350 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных (пераважна ў Афрыцы) і часткова ў цеплаўмераных абласцях. На Беларусі 4 віды Р.: егіпецкая (D. aegyptiaca), звычайная, або лінейная (D. ischaemum), крывава-чырвоная (D. sanguinalis) і раснічастая (D. ciliaris). Трапляюцца на пясках, па берагах вадаёмаў, як пустазелле на палях.

Шмат-, радзей аднагадовыя травы выш. 10—80 см. Сцёблы моцна галінастыя каля асновы, прамастойныя або ляжачыя, часта чырванаватыя. Лісце лінейна-ланцэтнае. Агульнае суквецце — прамы колас з 2—20 пальчата сабраных коласападобных галінак на верхавінцы сцябла. Плод — зярняўка. Кармавыя, пераважна пашавыя расліны, некат. культывуюць у Паўд.-Усх. Азіі як збожжавыя злакі. Выкарыстоўваюць для барацьбы з эрозіяй, для замацавання пяскоў, насыпаў, стварэння газонаў. Салома ідзе на выраб паперы, цыновак, кошыкаў і інш.

В.​М.​Прохараў.

Расічка крывава-чырвоная.

т. 13, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́БІН (Lupinus),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 100 (паводле інш. звестак, больш за 200) відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў, пераважна ў Міжземнамор’і, Амерыцы. На Беларусі культывуюць Л.: вузкалісты (L. angustifolius), жоўты (L. luteus) і шматлісты (L. polyphyllus). Уведзены ў культуру ў Стараж. Рыме, на Беларусі — з 19 ст.

Адна- і шматгадовыя травы і паўкусты. Каранёвая сістэма стрыжнёвая, глыбока пранікае ў глебу, на каранях утвараюцца клубеньчыкі з бактэрыямі, якія засвойваюць атм. азот. Лісце чаранковае, пальчата-складанае. Кветкі яркай, разнастайнай афарбоўкі, суквеццеверт. гронка. Плод — шматнасенны боб. Усе ч. раслін маюць горкія і ядавітыя алкалоіды. У с.-г. вытв-сці выведзены кармавыя малаалкалоідныя формы. Кармавыя, сідэральныя, дэкар. культуры.

Літ.:

Алексеев Е.К., Рубанов В.С., Довбан К.И. Зеленое удобрение. Мн., 1970;

Шутов Г.К. Современное состояние и пути увеличения производства люпина. Мн., 1982.

У.​П.​Пярэднеў.

Лубін.

т. 9, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́СА (Panicum),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 500 відаў. Пашыраны ў тропіках, субтропіках, некат. — ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. Вырошчваюць пераважна П. звычайнае, або пасяўное, сапраўднае, мяцёлчатае (P. miliaceum). У Еўразіі і Паўн. Афрыцы вядома ў культуры за 3 тыс. гадоў да н.э. На Беларусі рэшткі насення знойдзены пры раскопках гарадзішчаў 5 ст. да н.э.

П. звычайнае — аднагадовая травяністая расліна з валасніковістымі каранямі выш. 70—100 см. Лісце лінейна-ланцэтнае, апушанае. Суквецце — раскідзістая, радзей сціснутая мяцёлка. Плод — зярняўка. Зерне выкарыстоўваецца як крупы (проса), разам з адходамі яго перапрацоўкі ідзе на корм жывёле і птушкам. Прасяная салома па якасці блізкая да сена. Пад назвай «П.» культывуюць расліны інш. родаў сям. метлюжковых, напр., магар, чуміза, брыца звычайная (курынае П., японскае П.), мяшэй італьянскі (італьянскае П.). Харч., кармавая расліна.

Проса звычайнае: 1 — агульны выгляд; 2 — мяцёлкі падвідаў.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСЯЛА́ПКА (Alchemilla),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Еўропы, таксама ў Азіі, Паўн. Афрыцы і ў Амерыцы. На Беларусі больш за 20 відаў. Найб. вядомыя і пашыраныя: вастралопасцевая (A. acutiloba Opiz), горная (A. monticola), шызаватая (A. glaucescens), зграбная (A. gracilis), гусялапка балтыйская (A. baltica), голасцябловая (A. glabricaulis). Зрэдку трапляюцца: гусялапка караткалопасцевая (A. breviloba), хвалісталістая (A. cymatophylla), бугрыстая (A. gibberulosa), голая (A. glabra) і інш. Растуць на лугах, у светлых лясах, на высечках, узлесках, па берагах рэк і ручаёў, каля дарог і на пустках.

Шматгадовыя травяністыя расліны пераважна з паўзучым дравяністым карэнішчам. Сцёблы прыўзнятыя, густа ўкрытыя валаскамі, рэдка амаль голыя. Лісце лопасцевае або далонепадобна рассечанае, круглаватае, складкаватае накшталт гусінай лапкі (адсюль назва), прыкаранёвае на доўгіх чаранках, у разетцы. Кветкі дробныя, зялёныя або жаўтаватыя, сабраныя ў шчыткападобна-мяцёлчатае суквецце. Плод — арэшкападобны. Характэрны апаміксіс. Амаль усе віды тэхн. (фарбавальныя, дубільныя) і лек. (мачагонны, адхарквальны, кроваспыняльны, процізапаленчы сродак), некаторыя — кармавыя і дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Гусялапка звычайная.

т. 5, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖАКВЕ́ТНЫЯ, капуставыя (Brassicaceae, ці Cruciferae),

сям. двухдольных раслін парадку каперсакветных. 350 родаў, каля 3000 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі найб. вядомыя К. з родаў бурачок, вяснянка, вячорніца, гарчыца, гуляўнік, жаўтушнік, зубніца, капуста, клапоўнік, крупка, луннік, рэдзька, свірэпа, торбачнік, часночніца, шыльніца, фарбоўнік і інш. Луннік ажываючы, зубніца клубняносная занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Адна-, двух- і шматгадовыя травы, зрэдку паўкусты. Лісце чаргаванае, без прылісткаў, звычайна апушанае простымі ці галінастымі валаскамі (важная сістэм. адзнака). Кветкі двухполыя, белыя, жоўтыя, радзей ружовыя. Вяночак з 4 пялёсткаў, размешчаных крыж-накрыж (адсюль назва). Суквецце — гронка або шчыток. Плод — стручок ці стручочак. Сярод К. агародныя расліны (бручка, капуста, рэдзька і інш), алейныя (рапс, свірэпа і інш.), прыпраўныя (гарчыца, хрэн і інш.), меданосныя (буйміна, гарчыца белая і інш), лек. (гуляўнік, зубніца, клапоўнік і інш), фарбавальныя (фарбоўнік), дэкар. (вячорніца, ляўконія і інш.), пустазелле.

Літ.:

Травянистые растения СССР. Т. 1. М., 1971;

Жизнь растений. Т. 5, ч. 2. М., 1981.

т. 8, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́НА (Rubus),

падрод кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 120 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі. У культуры з 4 ст. Культурныя сарты атрыманы на аснове М. звычайнай, або чырвонай (R. idaeus), М. чорнаваласістай (R. melanolasius) і інш. На Беларусі найб. вядомая М. звычайная. Трапляецца ў сырых лясах, хмызняках, вырошчваюцца сарты Навіна Кузьміна, Новакітаеўская, Ньюбург і інш., ёсць рэмантантныя (пладаносяць увесь вегетацыйны перыяд).

Лістападныя Кусты выш. да 3 м са шматгадовым карэнішчам. Сцёблы аднагадовыя — зялёныя, двухгадовыя — адраўнелыя, з шыпамі. Лісце непарнаперыстае, трайчастае. Кветкі двухполыя, белыя, суквецце — гронка або шчыток. Плод — складаная касцянка, чырв. ці жоўтая, у адрозненне ад ажыны лёгка здымаецца з кветаложа. Плады маюць у сабе 5—7% цукру, 1,5—2% арган. к-т, вітаміны B, C, карацін, флаваноіды, фітастэрыны. Выкарыстоўваюцца свежыя і сушаныя, на кандытарскія вырабы, у медыцыне.

У.​П.​Пярэднеў.

Да арт. Маліна. Сарты маліны звычайнай: 1 — Навіна Кузьміна; 2 — Новакітаеўская; 3 — Ньюбург.

т. 10, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́СКА (Lemna),

род кветкавых раслін сям. раскавых. Каля 10 відаў. Пашыраны амаль усюды. На Беларусі 3 віды Р.: гарбатая (L. gibba), маленькая (L. minor) і трохдольная (L. trisulca), нар. назва жабіна дзяружка. Трапляюцца ў азёрах, старыцах, канавах, часам утвараюць суцэльнае покрыва на паверхні стаячага вадаёма.

Шматгадовыя водныя травы ў выглядзе авальнай або падоўжанай лістападобнай зялёнай пласцінкі (наз. лісцец, або фронд) даўж. да 1 см, з карэньчыкам або без яго і з бакавой кішэнькай. Свабодна плаваюць на паверхні вады ці ў яе тоўшчы адзіночна або ў групах па 2—10. Размнажаюцца пераважна вегетатыўна — пупышкамі, якія закладваюцца ў кішэньцы, часам развіваецца суквецце з 2 тычынкавых і 1 песцікавай моцна рэдукаваных кветак. Плод (калі ён утвараецца) — мяшочкападобны, 1—7-насенны. Зімуе Р. на дне вадаёма. Увесну з вегетатыўных пупышак утвараюцца новыя расліны і ўсплываюць на паверхню вады. Кармавыя расліны для рыб і вадаплаўных птушак.

В.​М.​Прохараў.

Раска: 1 — маленькая; 2 — трохдольная.

т. 13, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)