1) тракт, бальшак, шаша, упарадкаваная вял. дарога. Звычайна меў шырокую праезную частку, абмежаваную канавамі і абсаджаную абапал дрэвамі, за канавамі — сцежкі для пешаходаў. Вядомы з часоў Кіеўскай Русі, звычайна пракладаліся праз густанаселеныя раёны. У 13—14 ст. на важнейшых дарогах была наладжана служба дастаўкі карэспандэнцыі — загадаў і распараджэнняў улад, пасылак; пазней яна склалася ў рэгулярную паштовую сувязь. Работы па ўпарадкаванні і будаўніцтве гасцінца лічыліся цяжкай феад. павіннасцю. Паштовыя гасцінцы мелі рэгулярную пасаж. сувязь. Уздоўж іх у 19 ст. на адлегласці 17—22 вёрст размяшчаліся станцыі з заезным домам для гасцей, стайняй для коней, карчмой, кузняй і інш. У наш час назва «гасцінец» ужываецца пераважна для старых грунтавых дарог.
2) Устарэлая назва памяшкання для праезджых, гасцініца, карчма.
3) Падарунак, звычайна ласунак, прывезены з кірмашу ці з дарогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНО́,
школа японскага дэкар. жывапісу. Засн. ў 2-й пал. 15 ст. мастакамі дынастыі Кано (адсюль назва) на традыцыях кіт. манахромнага пейзажнага жывапісу перыяду Паўд. Сун і яп. паліхромнай школы Тоса, якая развівала традыц. жывапіс ямата-э. Творы К. выконвалі ў жанры пейзажа на скрутках, шырмах, перасоўных перагародках, рабілі насценныя размалёўкі і інш.; ім уласціва спалучэнне агульнай умоўна-дэкар. трактоўкі кампазіцыі (плоскасныя формы, дакладна прамаляваныя контуры) з падкрэслена праўдападобнымі выявамі асобных матываў (птушак, галін дрэў і інш.), вылучэнне гал. буйнога кампазіцыйнага цэнтра, экспрэсіўная эмацыянальнасць выяў. Сярод прадстаўнікоў школы: Кано Масанобу, Кано Матанобу (заснавальнікі), Кано Эйтоку, Кано Санраку, Кано Міцунобу і інш. У 17—20 ст. жывапіс К. стаў, па сутнасці, паўторам старых узораў.
Я.Ф.Шунейка.
Да арт.Кано. Кано Эйтоку. Арол на хвоі. Дэталь размалёўкі шырмы. Канец 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КА́РЛСБАД»
(«Karlsbad»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і цывільнага насельніцтва ў Круглянскім, Аршанскім, Талачынскім, Шклоўскім р-нах 10—23.10.1942 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 1-й матарызаванай брыгады СС, 2 паліцэйскіх палкоў СС, 2 ахоўных батальёнаў, асобнага батальёна СС Дырлевангера, інш.спец. каманд пад кіраўніцтвам обергрупенфюрэра СС, начальніка СС і паліцыі групы армій «Цэнтр» Бах-Зелеўскага. Група аб’яднаных партыз. атрадаў пад камандаваннем С.Г.Жуніна і адзін з атрадаў партыз. брыгады «Чэкіст» 20.10.1942 каля в. Гоенка Круглянскага р-на прарваліся праз загараджальныя ланцугі гітлераўцаў і выйшлі на шашу Магілёў—Мінск у Клічаўскую партыз. зону. Карнікі не здолелі знішчыць партызан, затое расправіліся з цывільным насельніцтвам у вёсках Падар, Ваўкоўшчына, Задні Бор, Казёл, спалілі вёскі Гоенка і Паляжаеўка, расстралялі 1051 чал., пераважна жанчын, дзяцей і старых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПО́ ((Carpeaux) Жан Батыст) (11.5.1827, г. Валансьен, Францыя — 11.10.1875),
французскі скульптар і жывапісец; прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў Ф.Руда (з 1844), у Школе прыгожых мастацтваў (з 1848) у Парыжы, у Італіі (1854—61), дзе зазнаў уплывы творчасці Данатэла і Мікеланджэла. Аўтар манум. рэльефаў і статуй, якія вызначаюцца дынамікай, блізкай да пластыкі 18 ст., экспрэсіяй, пачуццёвай грацыяй фігур, гульнёй святлацені. Сярод твораў; скульпт. групы «Угаліна і яго дзеці» (1857—60), «Чатыры часткі свету» для фантана ў Люксембургскім садзе (1867—72), гарэльефы «Трыумф Флоры» для павільёна ў садзе Цюільры (1863—66), «Танец» на фасадзе «Гранд-Апера» (1865—69) — усе ў Парыжы, і інш. У жывапісе капіраваў творы старыхітальян. і флам. майстроў, Э.Дэлакруа і Т.Жэрыко.
Ж.Б.Карпо. Танец. Скульптурная група на фасадзе «Гранд-Апера» ў Парыжы. 1865—69.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАСВЕ́Т І МІКРАСВЕ́Т,
сферы аб’ектыўнай рэчаіснасці, якія адрозніваюцца структурным узроўнем матэрыі. Кожная сфера характарызуецца своеасаблівасцю будовы матэрыі, прасторава-часавых і прычынных адносін, заканамернасцей руху. Макрасвет — гэта звычайны свет, дзе жыве і дзейнічае чалавек (планеты, зямныя целы, крышталі і інш.). Аб’екты макрасвету маюць рэзка выяўленую карпускулярную або хвалевую прыроду і іх рух падпарадкаваны дынамічным законам класічнай механікі. Сфера мікрасвет у — аб’екты, недаступныя непасрэднаму назіранню (малекулы, атамы, ядры атамныя, элементарныя часціцы і інш.). Для з’яў мікрасвету характэрна цесная сувязь карпускулярных і хвалевых уласцівасцей, што адлюстроўваецца ў статыстычных законах квантавай механікі. Своеасаблівая мяжа паміж М. і м. усталявана ў сувязі з адкрыццём пастаяннай Планка — кванта дзеяння. Спецыфіка кожнай сферы знаходзіць сваё адлюстраванне ў пазнанні, прыводзіць да абмежавання дастасоўнасці старыхфіз. тэорый і ўзнікнення новых (адноснасці тэорыя, квантавая механіка, фізіка элементарных часціц).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕ́НЬКА (Armillaria),
род базідыяльных грыбоў парадку агарыкальных. Каля 12 відаў. Касмапаліты. На Беларусі трапляюцца апенька сапраўдная, або восеньская (A. mellea), апенька марнеючая (A. tabescens) і апенька скараспелая, або ранняя (A. praecox). Факультатыўныя паразіты (на старых або аслабленых дрэвах), часцей існуюць як сапратрофы. Растуць групамі на пнях, ствалах, каля дрэў у хвойных і лісцевых лясах. Ядомыя (спажываюцца смажаныя, вараныя, салёныя, сушаныя і марынаваныя).
Шапка ў маладых апенек выпуклая, пазней плоская, гладкая або лускаватая, сухая, зрэдку слізістая, дыям. да 12 см, жоўта-бурая або жаўтавата-карычневая. Пласцінкі жоўта-белыя, бураватыя. Ножка з добра выяўленым кольцам, рэдка без яго. Апенькай часта наз. грыбы інш. родаў, напр. ядомая апенька летняя (Kuehneromyces mutabilis), а таксама ядавітыя апенька несапраўдная серна-жоўтая (Nematoloma fasciculare) і апенька несапраўдная цагельна-чырвоная (N. sublateritium).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ГІСТПА́РТ,
камісія па вывучэнні гісторыі кампартыі і Кастр. рэвалюцыі пры Віцебскім губкоме РКП(б). Існаваў з пач. 1922 да сак. 1924. Створаны на аснове пісьма ЦК РКП(б), у якім прапанавалася «неадкладна прыступіць да арганізацыі абласных і губернскіх гістпартаў». Узначальваў чл. губкома партыі С.М.Крылоў. Гал. кірункі работы камісіі — абследаванне архіваў і выяўленне матэрыялаў па гісторыі рэв. барацьбы, збор і публікацыя ўспамінаў старых бальшавікоў і ўдзельнікаў рэв. руху на Віцебшчыне. Асобныя матэрыялы друкаваліся ў час. «Коммунистический труд». Віцебскі гістпарт выпусціў кнігу мемуараў Б.Д.Пінсана «Бальшавікі ў Віцебску» (1922) і зб. успамінаў, артыкулаў і матэрыялаў «Чырвоная быль» (1923), у які ўвайшлі ўспаміны ўдзельнікаў барацьбы за сав. ўладу ў губерні Б.Брэслава, Я.Гоба, Крылова і інш., матэрыялы пра рэв. падзеі ў лют.—кастр. 1917 і ўстанаўленне сав. улады ў губерні. Віцебскі гістпарт ліквідаваны ў сувязі з уваходам Віцебскай губ. ў склад БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ЗДЭНСКАЯ КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я,
адна з буйнейшых у свеце калекцый жывапісу. Уваходзіць у склад Дрэздэнскіх маст. збораў. Засн. ў 1560 г. у г. Дрэздэн як палацавы збор саксонскіх курфюрстаў. Пашырана ў 1722, з пабудовай у 1847—56 спец. будынка (арх. Г.Земпер, М.Генель; разбураны пры бамбардзіроўцы Дрэздэна ў лют. 1945, адноўлены да 1956), які ўвайшоў у палацавы ансамбль Цвінгер, адкрыта для публікі. У 1945 значная частка збораў Д.к.г. вывезена ў СССР і пасля рэстаўрацыі вернута ў 1955 у Дрэздэн. Асн. частка Д.к.г. — Галерэя старых майстроў (карціны Я. ван Эйка, Джарджоне, Рафаэля, Тыцыяна, А.Дзюрэра, П.П.Рубенса, Рэмбранта, Н.Пусэна і інш.). Галерэя новых майстроў (размешчана ў палацава-паркавым ансамблі Дрэздэн) захоўвае творы еўрап.маст. школ 19—20 ст.
Літ.:
Зейдевитц Р., Зейдевитц М. Дрезденская галерея: [Сокр. пер. с нем.]. М., 1965;
Alpatow M. Die Dresdner Galerie: Alte Meister. Dresden, 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́СЕНСКІ ((Jesenský) Янка) (30.12.1874, г. Марцін, Славакія — 27.12.1945),
славацкі пісьменнік. Д-р права (1901). Нар. мастак Чэхаславакіі (1945). Друкаваўся з 1897, прызнанне атрымаў як паэт-лірык (зб. «Вершы», 1905, і «Вершы II», выд. ў 1923) і як навеліст з яркім сатырычным талентам (кн. «Правінцыяльныя апавяданні», 1913). У 1-ю сусв. вайну на ўсх. фронце, добраахвотна здаўся ў палон. Знаходзіўся ў лагерах, потым на вольным пасяленні ў Варонежы, Кіеве і Пецярбургу, дзе працаваў у рэдакцыі славацкай газеты. Настроі гэтай пары адлюстраваны ў зб. вершаў «З палону» (1919) і ў кн. ўспамінаў «Шляхам да волі» (1933). У паэт. зб-ках «Пасля буры» (1934), «Супраць ночы» і «На злобу дня I, II» (абодва 1945), «Чорныя дні» (1948) рэзкая крытыка тагачасных падзей, асабліва фашызму. Аўтар кн. апавяданняў «Навелы» (1921), «З старых часоў» (1935), сатыр. рамана «Дэмакраты» (ч. 1—2, 1934—37).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫЦЬКО́ (Віктар Мікалаевіч) (н. 8.10.1956, Мінск),
бел. кампазітар. Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1982). Яго творчасці ўласцівы шырокі ахоп розных тыпаў культур і сучасных тэхнік кампазіцыі, пошукі індывідуалізацыі Жанрава-драматургічных і тэмбрафанічных вырашэнняў. Авангардныя тэндэнцыі выяўляюцца і ў распрацоўцы нац.-фалькл. элементаў. Сярод твораў: оперы «Дзяўчынка, якая наступіла на хлеб» (паст. 1983), «Яго жонкі» (1988); араторыі «Куранты» паводле ананімнага сшытка 18 ст. (1990), «Дабравешчанне ад Іаана» на кананічныя і фалькл. тэксты і «Меса ў гонар св. Францыска Асізскага» на тэксты св. Францыска і кананічныя (абедзве 1993); кантаты «Аб мудрасці, смутку і радасці», «Карнавальная ноч» (абедзве 1984), «Знакі» на тэкст М.Рэрыха (1992); «Маленькая сімфонія «Са старых сшыткаў» (1983), цыкл «Біблейскія сцэны» (1993) і «Калыханка» (1994) для камернага ансамбля; вак. цыклы і паэмы; фантазія «Паўночны вецер» на старадаўнія кіт. тэксты; хары, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу маладых кампазітараў (1980).