ГЕ́НЕЗІС (грэч. genesis),

філасофская катэгорыя, якая абазначае ўзнікненне, паходжанне, станаўленне аб’ектаў і з’яў, што развіваюцца. Першапачаткова стасаваўся да ўяўленняў аб паходжанні прыроды, быцця. Гэты аспект назіраўся яшчэ ў міфалогіі (багі як стваральнікі космасу), а потым у філасофіі (Геракліт, І.​Кант, Г.​Гегель) і канкрэтна-навук. галінах ведаў (касмаганічная гіпотэза Канта—Лапласа, атамістыка Дж.​Дальтона і інш.). З 19 ст. катэгорыя генезісу пачынае адыгрываць важную метадалагічную ролю ў навук. пазнанні, асабліва ў навуках аб працэсах развіцця (тэорыя паходжання відаў праз натуральны адбор у біялогіі). Гэта прывяло да ўсталявання генетычнага метаду як асобнага метаду пазнання і ўзнікнення навук. дысцыплін, што вывучаюць пераважна генетычныя аспекты з’яў і працэсаў (генетычная псіхалогія, генетычная сацыялогія і інш.). У сучаснай навуцы асэнсавана неабходнасць злучэння генетычнага (дыяхроннага) і структурна-функцыянальнага (сінхроннага) даследавання аб’ектаў. У рамках апошняга, у прыватнасці, у розных варунках агульнай тэорыі сістэм (Ю.​А.​Абрамаў, Л.​Берталанфі, Дж.​Клір, Э.​М.​Сарока, А.​І.​Уёмаў, Ю.​А.​Урманцаў) робяцца спробы па мадыфікацыі структурна-функцыянальнага падыходу з тым, каб было магчымым вывучэнне генезісу і развіцця структур. Выключна важную ролю набываюць праблема глабальнай эвалюцыі і праблема генеалогіі формаў свядомасці.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 5, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІБЕРНЕ́ТЫКА БІЯЛАГІ́ЧНАЯ, біякібернетыка,

навука аб заканамернасцях кіравання, сувязі і перапрацоўцы інфармацыі ў біял. сістэмах. Вывучае жывы арганізм кібернетычнымі метадамі (матэм. мадэліраванне з выкарыстаннем сістэмнага падыходу і ўлікам шматузроўневага кіравання). Звязана са многімі біял. і мед. дысцыплінамі.

Як навука сфарміравалася ў канцы 1950-х г. Яе станаўленне звязана з выкарыстаннем матэм. метадаў і сістэмных падыходаў у агульнай біялогіі ў 1-й пал. 20 ст. (англ. вучоныя Дж.​Холдэйн, Р.​Фішэр, сав. вучоны І.​І.​Шмальгаўзен і інш.), з узнікненнем паняцця адваротнай сувязі ў жывых сістэмах і мадэліраваннем біял. працэсаў (сав. вучоныя А.​А.​Багданаў, П.​К.​Анохін).

На Беларусі даследаванні па К.б. вядуцца ў ін-тах Нац. АН Беларусі: эксперым. батанікі, фотабіялогіі, фізіялогіі, тэхн. кібернетыкі; у Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту, НДІ кардыялогіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў і інш. Вывучаюцца мадэлі механізмаў галаўнога мозга, фізіял. і псіхічны стан чалавека-аператара, пытанні К.б. у дастасаванні да праблемы фіз. культуры і біямеханікі спорту, мадэліруюцца працэсы ўтварэння хларафілу і фотасінтэзу, перамяшчэння радыенуклідаў на забруджаных тэрыторыях і спосабы іх ачышчэння, дыягностыкі і прагназіравання захворванняў.

Літ.:

Биологическая кибернетика. 2 изд. М., 1977.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШКО́Ў (Уладзімір Георгіевіч) (н. 5.7.1938, Масква),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1960). З 1960 працаваў у газ. «Зорька», на Бел. радыё, з 1971 у выд-вах «Беларусь», «Мастацкая літаратура», «Юнацтва», з 1987 у час. «Нёман». Друкуецца з 1957. Піша на бел. і рус. мовах. Асн. тэмы твораў — праблемы выхавання, развіцця творчай індывідуальнасці дзяцей, фарміравання іх характару. У аповесцях «Паміж «А» і «Б» (1966), «Вясёлы тузін» (1968), «Я сам» (1972), «Засумаваў па дожджыку», «Як я быў вундэркіндам» (абедзве 1976, экранізавана 1983), «Апошні дзень матрыярхату» (1985), «Дагары нагамі» (1998) і інш. адметнае бачанне свету, аналіз пачуццяў і перажыванняў юных герояў. Аўтар апавяданняў, п’есы «Як я быў вундэркіндам» (разам з А.​Вольскім, паст. Бел. т-рам юнага гледача, 1986), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Хлопчык і чапля» (1969, з М.​Беравым), «Чалавек з майго жыцця» (1971), «Добрая справа» (1973), «Юныя айбаліты» (1980), «Станаўленне» (1982) і інш. На рус. мову пераклаў асобныя творы З.​Бядулі, К.​Чорнага, У.​Караткевіча, Я.​Брыля, І.​Пташнікава, С.​Александровіча, А.​Васілевіч, М.​Кусянкова, Я.​Сіпакова, А.​Федарэнкі, У.​Ягоўдзіка і інш.

Тв.:

Детское время. Мн., 1987;

Наследный принц Андрюша. Мн., 1997.

т. 10, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЭМ ((Maugham) Уільям Сомерсет) (25.1.1874, Парыж — 16.12.1965),

англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Гайдэльбергскім ун-це, атрымаў мед. адукацыю ў Лондане. Першы раман «Ліза з Ламбета» (1897) напісаны ў традыцыях натуралізму. Вядомасць прынёс аўтабіягр. «раман выхавання» «Цяжар страсцей чалавечых» (1915, экранізацыя 1963), у якім духоўнае станаўленне героя, пошукі ім гуманіст. ідэалаў. Праблемы творчасці і творцы, яго ўзаемаадносін з соцыумам, маральна-этычныя пытанні ў цэнтры раманаў «Месяц і грош» (1919), «Размаляваная вуаль» (1925), «Пірагі і піва» (1930), «Тэатр» (1937, тэлефільм 1978), «Вастрыё брытвы» (1944) і інш. Майстар навелы (зб-кі «Трапятанне ліста», 1921; «Ад першай асобы», 1931; «Забаўкі лёсу», 1947, і інш.). Аўтар п’ес «Лэдзі Фрэдэрык» (1907), «Круг» (1921), «Шэпі» (1933) і інш., мемуарна-крытычных кніг «Падводзячы вынікі» (1938), «Пункт гледжання» (1959). Яго творчай манеры ўласцівы тонкі псіхалагізм, філігранная проза, майстэрства пабудовы сюжэта. На бел. мову навелы М. пераклалі В.​Валынскі, Я.​Міклашэўскі, Я.​Верабей. Дзярж. т-р муз. камедыі Беларусі паводле яго рамана «Тэатр» паставіў мюзікл «Джулія» (1991).

Тв.:

Бел. пер. — Апавяданні. Мн., 1990;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—5. М., 1991—94;

Тогда и теперь: Романы. М., 1991.

Літ.:

Английская литература, 1945—1980. М., 1987.

Т.​Я.​Камароўская.

У.С.Моэм.

т. 10, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЯ НАВУ́КА,

сістэма ведаў пра законы і заканамернасці, спосабы падрыхтоўкі і вядзення ваен. Дзеянняў. Даследуе характар і заканамернасці ўзбр. барацьбы, абагульняе яе вопыт, вывучае законы вайны, працэсы яе падрыхтоўкі і вядзення, распрацоўвае тэарэт. асновы і практычныя рэкамендацыі па будаўніцтве і падрыхтоўцы ўзбр. сіл; вызначае шляхі развіцця новых сродкаў барацьбы, найб. эфектыўныя формы і спосабы вядзення ваен. дзеянняў і прынцыпы ваен. майстэрства. Асн. часткі ваеннай навукі: тэорыя ваеннага майстэрства, тэорыя ваеннага будаўніцтва, тэорыя ваен. навучання і выхавання, тэорыя ваен. эканомікі, а таксама ваенная геаграфія, ваенная гісторыя і ваенна-тэхн. навукі. На развіццё ваеннай навукі ўплываюць дасягненні грамадскіх, прыродазнаўчых, тэхн. і інш. навук. Сумесна з інш. навукамі вывучае таксама праблемы грамадз. абароны. У кожнай дзяржаве ваенная навука мае пэўныя асаблівасці, абумоўленыя грамадска-паліт. ладам, станам эканомікі, геагр. размяшчэннем і нац. асаблівасцямі. Ваенная навука зарадзілася ў часы рабаўладальніцкага ладу. Яе станаўленне адносіцца да канца 18 — пач. 19 ст., калі ў некаторых краінах Зах. Еўропы сталі стварацца значныя па колькасці пастаянныя арміі. Вынікі ваеннай навукі ў Рэспубліцы Беларусь выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ваеннай дактрыны, абагульненні гіст. вопыту вядзення вайны і аналізе практычнай дзейнасці войск у мірны час, а таксама на прадбачанне магчымай узбр. барацьбы, формаў і спосабаў яе вядзення.

В.​А.​Юшкевіч.

т. 3, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАФІ́ЗІКА (ад агра... + фізіка),

агранамічная фізіка, навука пра фіз. працэсы ў глебе і раслінах, выкарыстанне метадаў і сродкаў рэгулявання фіз. умоў жыцця с.-г. культур для павышэння іх прадукцыйнасці. Сфарміравалася ў пач. 20 ст. Станаўленне аграфізікі звязана з імёнамі Э.​Расела, А.​Ф.​Іофе, Дз.​М.​Пранішнікава, М.​А.​Качынскага і інш. Развіваецца на аснове аграноміі і фізікі. Уключае: фізіку глебы і прыземнага слоя паветра, святлокультуру раслін, спосабы і сродкі рэгулявання вонкавых умоў жыцця раслін. На Беларусі праблемы аграфізікі вывучаюцца ў н.-д. ін-тах глебазнаўства і аграхіміі, меліярацыі і лугаводства, Бел. тэхнал. ун-це, Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Даследуюцца водна-фіз. і цеплавыя ўласцівасці, водна-паветраны рэжым, водны і цеплавы балансы глебаў, вільгацезабяспечанасць с.-г. і лясных культур, змена фактараў урадлівасці глебы пад уплывам меліярацыі і інтэнсіўнага земляробства, спосабы аптымізацыі фіз. умоў вырошчвання с.-г. культур, уздзеянне ўмоў навакольнага асяроддзя на працэс фотасінтэзу (С.​Г.​Скарапанаў, В.​Ф.​Шабека, К.​П.​Лундзін, Р.​І.​Афанасік, Л.​П.​Смаляк, У.​Л.​Калер, М.​І.​Афанасьеў). Вынікі даследаванняў з’яўляюцца тэарэт. асновай гідратэхн. меліярацыі і апрацоўкі глебаў, павышэння прадукцыйнасці раслін, выкарыстоўваюцца ў агратэхніцы.

Літ.:

Растворова О.Г. Физика почв. Л., 1983;

Агрофизические свойства почв и их регулирование в условиях интенсивного земледелия. Саранск, 1989.

М.​І.​Афанасьеў.

т. 1, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТРУМЕНТАЗНА́ЎСТВА,

галіна музыказнаўства, якая даследуе народныя і прафесійныя муз. інструменты. Метады вывучэння: музыказнаўчы (інструмент разглядаецца як сродак увасаблення музыкі) і арганалагічны (канструкцыя інструмента і яго эвалюцыя). Найб. раннія апісанні муз. інструментаў і спробы іх класіфікацыі зроблены да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Першыя спец. працы па І. з’явіліся ў 16—17 ст. у Германіі. Развіццё сімф. музыкі і інстр. выканальніцтва, узбагачэнне інструментарыя паспрыялі стварэнню шматлікіх дапаможнікаў па І. (Г.​Берліёз, Ф.​А.​Геварт, у 20 ст. — А.​Рымскі-Корсакаў). Паяўленне ў 2-й пал. 19 ст. музеяў муз. інструментаў у Бруселі, Кёльне, Берліне, Парыжы, С.-Пецярбургу падштурхнула фарміраванне І. як самаст. навук. дысцыпліны, стварэнне навукова абгрунтаваных класіфікацый В.​Маіёна (1888), Э.М. фон Хорнбастэля—К.​Закса (1914), паводле якіх муз. інструменты падзелены па крыніцы гуку на 4 класы — ідыяфоны (самагучальныя), мембранафоны (перапончатыя), хардафоны (струнныя), аэрафоны (духавыя), а таксама электрамузычныя інструменты 20 ст. (электрафоны), а паводле спосабу гуказдабывання кожны клас — на асобныя падгрупы. На Беларусі станаўленне І. адбывалася ў 19 ст. ў межах мовазнаўства, фалькларыстыкі і этнаграфіі (працы М.​Нікіфароўскага і Е.​Раманава). Значны ўклад у развіццё бел. І. зрабілі М.Прывалаў, К.Квітка, К.Машынскі, І.Жыновіч, І.Назіна.

Літ.:

Назина И.Д. Становление и развитие белорусского этноинструментоведения как специальной научной дисциплины // Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997.

І.​Дз.​Назіна.

т. 7, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БЕЦ (Рыгор Якаўлевіч) (24.7.1898, г. Кіраваград, Украіна — 9.9.1990),

бел. пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1935). З 1921 жыў у Мінску, працаваў у рэдакцыі газ. «Рабочий». З 1925 чл. рус. секцыі «Маладняка» — «Звенья», з 1929 — «Маладняка». У 1931—37 на кінастудыі «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе, пазней на студыі кінахронікі на Д. Усходзе. У 1938 рэпрэсіраваны, у 1939 апраўданы, жыў у Хабараўску. У 1941 зноў рэпрэсіраваны, з 1951 на пажыццёвым пасяленні ў кірг. стэпах. З 1960 у Мінску. Рэабілітаваны ў 1960. Друкаваўся з 1918. Пісаў вершы, фельетоны, нарысы. Першая і найб. значная ў драматург. спадчыне пісьменніка п’еса «Гута» (1929, паст. 1930 БДТ-1) на рабочую тэму. Сярод інш. п’ес «А ўсё ж заспяваю» (1932), «На заставе» (1934), «Мігрэнь» (1940), «Цяжкі выпадак» (1961), «Піражкі з чырвонцамі» (1965) і інш. Зрабіў значны ўклад у станаўленне бел. кінематаграфіі. Аўтар сцэнарыяў кінафільмаў «Ураган» (1931, з Б.​Брадзянскім), «Двойчы народжаны» (1933, першы гукавы фільм на бел. мове), «Шукальнікі шчасця» (1936, з І.​Зэльцарам, апубл. 1988), «Дняпро ў агні» (1937, з І.​Барашкам). Аўтар муз. камедыі «Шчаслівы бераг» (паст. 1940), аповесці «Ноеў каўчэг» (нап. 1964, апубл. 1989), успамінаў пра Я.​Купалу «Купалава ноч» (нап. 1959, апубл. 1998).

Тв.:

Письма из ссылки (1958—1960 гт.) // Неман. 1998. № 9.

Р.Я.Кобец.

т. 8, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,

здольнасць грамадства ствараць, адэкватна ўспрымаць і ацэньваць мастацтва ўсіх відаў, родаў і жанраў. М.к. як здзейсненая традыцыя ёсць сукупнасць створаных грамадствам маст. каштоўнасцей, іх інтэрпрэтацый і ацэнак у літаратурна-маст. крытыцы, эстэтыцы і грамадскай думцы. Аптымальныя ўмовы творчасці складваюцца тады, калі ўсе падсістэмы і элементы М.к. знаходзяцца ў адносным адзінстве. На пэўных этапах развіцця высокае мастацтва ўзнімаецца над сярэднім узроўнем эстэт. свядомасці і маст. густаў публікі, яго творцы апярэджваюць свой час. Бывае і так, што ўзровень эстэт. свядомасці экспертаў (тэарэтыкаў, крытыкаў) і густы элітарнай публікі апярэджваюць наяўны ўзровень масавай творчасці; у такім выпадку тэорыя і крытыка садзейнічаюць пераадоленню маст. застою. Рэальна ж супярэчлівыя фактары (эканам., паліт., агульнакульт., міжнар.) дзейнічаюць адначасова і ў розных кірунках. У выніку адбору дасягненняў М.к. складваецца маст. спадчына, яна вызначае арыгінальнасць і унікальнасць мастацтва розных народаў і рэгіёнаў.

Першым гістарычным тыпам М.к. была нар. творчасць — фальклор. ужытковае мастацтва, інш. віды этн. культуры. Адзінства мастацтва з рэліг. і нар. абрадамі, з рамяством і штодзённым побытам — прыкмета М.к. стараж. і сярэдневяковых цывілізацый. Гэты сінкрэтызм адлюстроўваўся, напр., у лац. паняцці ars, artis, стараслав. тэрміне «художник», «художество»; яны абазначаюць мастацтва, уменне, майстэрства, рамяство, тэхн. дакладнасць. Паступовае аддзяленне М.к. ад рэлігіі і сферы вытв-сці адбывалася ў эпоху Адраджэння. Пазней (эпохі Асветніцтва, індустрыялізацыі і урбанізацыі) гэты працэс дайшоў да палярызацыі маст. творчасці і утылітарнай вытв-сці, рэлігіі і свецкай культуры, нар. і прафес. мастацтва. Але ў 20 ст. развіццё М.к. пайшло па шляху збліжэння вытворча-утылітарнай і творча-маст. дзейнасці, у выніку якога ўзнік новы від М.к. — дызайн.

У гісторыі бел. М.к. самабытна выявіліся асн. маст. кірункі, метады, стылі, формы навук. і літ.-крытычнай інтэрпрэтацыі мастацтва. Да пашырэння хрысціянства тут фарміраваліся слав. архетыпы этн. культуры (міфалогія, абрады, фальклор, арнамент і ўжытковае мастацтва). У 10—15 ст. складваўся сярэдневяковы тып бел. М.к. на аснове ўсх.-слав. традыцыі, засваення візант. хрысц. варыянта эліністычнай спадчыны, зах.-еўрап. маст. стыляў. У складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай у Беларусі склаліся нацыянальна самабытныя маст. стылі гатычнага, рэнесансавага, барочнага тыпаў (гл. Готыка, Барока). З канца 16 ст. да сярэдзіны 19 ст. чыталіся школьныя і універсітэцкія курсы граматыкі, паэтыкі, рыторыкі і стылістыкі, выдаваліся падручнікі, у якіх аналізаваліся тэарэт. і практычныя праблемы прыгожай пісьменнасці і красамоўства. Сканцэнтраванае ў Віленскім ун-це літ.-знаўства з элементамі тэарэт. эстэтыкі стымулявала станаўленне крытыкі і публіцыстыкі. Пазней у складзе Рас. імперыі (19—20 ст.), у БССР і Зах. Беларусі адбылося станаўленне і развіццё бел. нац. школы маст. культуры ў рэчышчы нац.-адраджэнскага руху (гл. Адраджэнне нацыянальнае).

Літ.:

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). М., 1978;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАЗНА́ЎСТВА,

галіна мастацтвазнаўства; навука, якая вывучае кінамастацтва, яго спецыфіку, заканамернасці развіцця, сацыяльна-эстэт. ролю ў грамадстве, узаемаадносіны з інш. мастацтвамі, віды і жанры кінематографа, выразныя сродкі, працэс стварэння кінафільмаў, іх пракат і ўспрыняцце гледачамі. Уключае таксама гісторыю і тэорыю кіно, кінакрытыку, кінабібліяграфію і фільмаграфію. Развіваецца ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі, асабліва з эстэтыкай, сацыялогіяй, псіхалогіяй.

К. ўзнікла адначасова са з’яўленнем кіно. У 1910-я г. станаўленне сусв. К. адбывалася ў рэчышчы агульнаэстэт. пошукаў: работы К.​Ланге, П.​Вегенера, Х.​Хефкера (Германія), Дж.​Папіні, Э. Дэ Амічыса, Р.​Кануда (Італія), В.​Ліндсея, Г.​Мюнстэрберга (ЗША) і інш. У Расіі гэты працэс асэнсоўваўся ў часопісах, у 1916 выдадзены зб. «Уся кінематаграфія». Гэтыя пошукі падсумаваны ў першай кіназнаўчай кнізе Л.​Дэлюка «Фотагенія» (1920, Францыя). У канцы 1920 — пач. 1930-х г. найб. значнай тэмай былі дыскусіі пра гукавое кіно (маніфест М.​Паньёля «Парыжская сінематургія», 1933). Важныя эстэт. сінтэзы ў кінатэорыі зроблены ў творах Р.​Арнгайма, Э.​Панофскага, В.​Беньяміна (Германія), Х.​Рыда (Вялікабрытанія), Я.​Мукаржаўскага (Чэхія) і інш. Пытанні сац. адказнасці кіно разглядалі Дж.​Грырсан, П.​Рота (Вялікабрытанія). У 1930—40-я г. тэорыі авангардызму змяніліся эстэт. і сацыялагічнымі абагульненнямі, падыходам да кіно як да цэласнай сістэмы (Р.​Спотысвуд у Вялікабрытаніі, А.​Аструк у Францыі і інш.). У італьян К. пашырылася тэорыя неарэалізму, развіццё якой адзначыла новы этап у зах. К. і станаўленне фенаменалагічнай кінатэорыі ў 1950—60-я г. (А.​Эйфр, А.​Ажэль, Р.​Мюнье). Развівалася тэорыя кінарэалізму (А.​Базен, З.​Кракаўэр), сцвярджалі тэорыю «прамога кіно» — Ж.​Руш, К.​Маркер, М.​Руспалі, «аўтарскага кіно» — Ж.​Даніёль-Валькроз, П.​Каст. Ф.​Труфо, Э.​Рамер, семіётыку кіно — Ж.​Мітры і інш. З 1970-х г. у зах. К. склаўся шэраг кірункаў, якія вывучалі кіно праз прызму розных методык. Уклад у развіццё гісторыі кіно зрабілі Дж.​М.​Куасак, Т.​Рэлуі, Рота, М.​Бардэш, Р.​Бразіяк, Ж.​Садуль, Мітры і інш. У СССР дарэв. кіно вывучалі Б.​Ліхачоў, М.​Іезуітаў, С.​Гінзбург, М.​Лебедзеў і інш. Сав. кінамастацтва часцей асэнсоўвалі самі яго дзеячы, кіназнаўцы і крытыкі (С.​Эйзенштэйн, Л.​Куляшоў, У.​Пудоўкін, Дз.​Вертаў, В.​Шклоўскі, Ю.​Тынянаў, А.​Піятроўскі). У 1950-я г. створана гіст.-метадалагічная праца «Нарысы гісторыі савецкага кіно» (т. 1—3, 1956—61). Перыяд нямога кіно даследаваў Лебедзеў («Нарыс гісторыі кіно СССР», 1947; 2-е выд., 1965). У 1960-я г. выдадзены работы Эйзенштэйна, Пудоўкіна, А.​Даўжэнкі, Вертава, Э.​Шуб, Куляшова і інш. Даследаваўся замежны кінематограф, выдаваліся творы тэарэтыкаў кіно Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі, ФРГ, ЗША і інш., артыкулы і сцэнарыі рэж. Ф.​Феліні, Л.​Вісконці, М.​Антаніёні, І.​Бергмана, манаграфіі пра дзеячаў айч. і замежнага кінематографа. Выкладчыкі Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі стварылі «Кароткую гісторыю савецкага кіно» (1969). У 1969—78 з удзелам кіназнаўцаў рэспублік выдадзена 4-томная «Гісторыя савецкага кіно». У 1970-я г. пачалося выданне серыі гіст.-навук. работ па нац. кінематаграфіі.

У 1980-я — пач. 1990-х г. выйшла некалькі манаграфій, зборнікаў, даведнікаў. З 1988 НДІ кінамастацтва Кінакамітэта Расіі, Эйзенштэйнаўскі цэнтр даследаванняў кінакультуры і маск. Музей кіно выдаюць час. «Киноведческие записки».

Станаўленне бел. кіно ў 1920—30-я г. асвятлялася ў перыяд. друку. Пасля Вял. Айч. вайны сродкі масавай інфармацыі асвятлялі асн. праблемы бел. кінематографа, выходзілі артыкулы пра кінадраматургію, рэжысуру, тэматычную скіраванасць кінастудыі «Беларусьфільм», экранізацыю твораў бел. пісьменнікаў і драматургаў. Артыкулы па К. змяшчаліся ў навук. зборніках АН Беларусі, выдаваліся брашуры пра пачынальнікаў бел. кіно і інш. У 2-й пал. 1950—60-х г. прыход новых творцаў, пашырэнне кінавытв-сці і павышэнне маст. ўзроўню фільмаў садзейнічалі станаўленню К. У 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі створаны сектар тэатра, кіно і музыкі, на аснове якога ўзнік сектар тэатра і кіно (з 1977 сектар кіна- і тэлемастацтва). У «Весцях АН БССР» і інш. выданнях друкаваліся артыкулы аб фільмах-спектаклях, кінапубліцыстыцы, героіка-патрыятычнай і сучаснай тэматыцы ў даваен. і пасляваен. бел. кінамастацтве (зб-кі «Беларускае мастацтва», 1957, 1962; «Праблемы сучаснага беларускага мастацтва», 1968). Першая манаграфія, прысвечаная гісторыі кінамастацтва Беларусі, — «Беларускае кіно» А.​Красінскага, В.​Смаля, Г.​Тарасевіча (1962). Станаўленне і асн. этапы развіцця бел. кінематаграфіі 1920—60-х г. асветлены ў «Гісторыі беларускага кіно» (ч. 1—2, 1969—70). Спецыфіку вобразнасці ў кінапубліцыстыцы даследавалі Е.​Бондарава, Л.​Шылава («Нарыс на экране», 1969), Н.​Фральцова («Тэлебачанне: хроніка, дакумент, вобраз», 1977), віды і жанры кіно, спецыфіку кінавобраза — В.​Нячай, Г.​Ратнікаў («Асновы кінамастацтва», 1978). Гісторыя бел. кіно выкладзена ў працы Красінскага «Экран зямлі беларускай» (1973). Розныя бакі кінамастацтва Беларусі, творчасць сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў, кінамастакоў, асн. праблемы дакумент. і ігравога кіно адлюстраваны ў калектыўных зборніках «Кіно Савецкай Беларусі» (1975), «Сучаснае беларускае кіно» (1985), кнігах «Размовы каля экрана» (1973), Смаля «На экране — герой і народ» (1974), «Чалавек. Вайна. Подзвіг» (1979), «Праз прызму дзесяцігоддзяў» (1980); Красінскага «Беларускія акцёры ў кіно» (1973), «Кінадакумент і вобраз часу» (1980), «Кіно: ігравое плюс дакументальнае» (1987). Заснавальнікам бел. кіно Ю.​Тарычу і У.​Корш-Сабліну прысвечаны манаграфіі «Юрый Тарыч» Красінскага (1971) і «Кінастужка даўжынёю ў жыццё» Бондаравай (1980). Творчасць В.​Турава разглядаецца ў манаграфіі Л.​Паўлючыка «Ад споведзі да эпаса» (1985). Здабыткі і праблемы кінамастацтва і кінакрытыкі даследаваны ў працах Бондаравай «У кадры і за кадрам» (1973), «Час, экран, крытыка» (1975), «Экран у розных вымярэннях» (1983), «Кінематограф і літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў на экране» (1993). Узаемадзеянню кінамастацтва з грамадствам і яго ўплыву на гледача прысвечаны манаграфіі Красінскага «Фільмы, героі, час» (1975), С.​Міхайлавай «Актыўны экран» (1979). Спецыфіка тэлеэкрана разглядаецца ў кнігах Нячай «Экран і мы» (1971), «Фільм у нас дома» (1974), «Вялікі свет малога экрана» (1976), «Тэлебачанне як мастацкая сістэма» (1981), замежныя фільмы на айч. экранах — у яе працах «Аб густах спрачаюцца» (1986), «Экран выкрывае» (1987). Значным укладам у К. стала даследаванне Ратнікава «Жанравая прырода фільма» (1990). Актуальныя праблемы творчага працэсу асвятляюцца ў час. «На экранах», «Мастацтва», у артыкулах Фральцовай, А.​Бабковай, Л.​Саянковай, В.​Мядзведзевай, Н.​Агафонавай, І.​Аўдзеева і інш. У 1996 выдадзены даведнік-каталог «Усе беларускія фільмы», складзены Аўдзеевым і Л.​Зайцавай.

Е.​Л.​Бондарава.

т. 8, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)