ГРЭ́ЦЫЯ (Hellas),

Грэчаская Рэспубліка (Hellēnikē Demokratia), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на Балканскім п-ве і шматлікіх суседніх астравах (найб. Крыт, Эўбея, Родас, Лесбас). Мяжуе на Пн з Албаніяй, Македоніяй, Балгарыяй, на ПнУ з Турцыяй. На З, Пд і У абмываецца Іанічным, Міжземным і Эгейскім морамі. Пл. 132 тыс. км², у т. л. 24,8 тыс. км² астравы. Нас. 10,5 млн. чал. (1995). Дзярж. мова — грэчаская. Сталіца — г. Афіны. Падзяляецца на 52 номы. Існуе падзел на гіст. вобласці. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 сак.).

Дзяржаўны лад. Грэцыя — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1975 (з дапаўненнямі 1985). Кіраўнік краіны — прэзідэнт, якога выбірае парламент тэрмінам на 5 гадоў. Прэзідэнт валодае шырокімі паўнамоцтвамі; мае права вета на заканад. акты парламента, распускаць урад і парламент, уводзіць без згоды парламента надзвычайнае становішча ў краіне. Заканад. орган — парламент (300 дэпутатаў), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.

Прырода. Грэцыя — горная краіна, (больш за ​4/5 тэр. занята гарамі), займае найб. парэзаную морам ч. Балканскага п-ва. Даўжыня берагавой лініі ў 12 разоў большая за сухапутныя граніцы, узбярэжжа моцна расчлянёнае, шмат зручных гаваней. Найб. значныя паўастравы — Пелапанес і Халкідыкі. Пераважаюць сярэдневышынныя масівы (да 1200—1800 м). Уздоўж узбярэжжа Іанічнага м. цягнецца горны масіў Пінд з вяршынямі вышэй за 2 тыс. м. На ПнУ адгор’і Радопаў і гор Македоніі з найвышэйшым пунктам Грэцыі — г. Алімп (2917 м). Далей на Пд раўніна Фесаліі. Паўд. ч. краіны і Пелапанес таксама заняты гарамі. Самая значная нізіна — Саланікская па ніжнім цячэнні р. Вардар. Тэр. Грэцыі вызначаецца сейсмічнасцю, на в-ве Тыра дзеючы вулкан Каймені. Карысныя выкапні разнастайныя, але іх запасы невялікія: жалезныя, марганцавыя, хромавыя, нікелевыя, поліметалічныя руды, баксіты, буры вугаль, прыродны газ і нафта, буйнейшае ў свеце радовішча наждаку (в-аў Наксас), высакаякасны мармур, магнезіт, пемза і інш. Клімат міжземнаморскі. Т-ра паветра ў студз. ад 4 °C на Пн да 10—12 °C на Пд, ліп. 24—28 °C. Ападкаў каля 500—1000 мм за год, пераважна зімой. У гарах клімат больш халодны і вільготны. Рэкі горныя, кароткія і малаводныя, за выключэннем Марыцы, Нестаса, Стрымона, Вардара, якія належаць Грэцыі ў сваіх нізоўях. Найб. воз. Прэспа, на граніцы з Албаніяй і Македоніяй. На ўзбярэжжах субтрапічная расліннасць (у т. л. маквіс і фрыгана), вышэй шыракалістыя лясы (дуб, бук, ліпа, каштан, клён), потым хвойныя. Пад лесам каля 11% тэрыторыі. 10 нац. паркаў (найб. Вікас-Аоас, Мікра-Прэспа, Эта) і 19 заказнікаў.

Насельніцтва. Каля 96% — грэкі. На Пн невял. групы албанцаў, македонцаў, туркаў. Большасць вернікаў (97%) праваслаўныя. Сярэднегадавы прырост каля 0,1%. Сярэдняя шчыльн. 79,5 чал. на 1 км². Найб. густа населены раёны вакол Афін і Салонікаў, раўніны і ўзбярэжжы. Вял. эміграцыя пераважна мужчын. За мяжой жыве каля 3 млн. грэкаў. У гарадах 64% насельніцтва (1993). Найб. гарады (1991, тыс. ж.): Афіны — 2890 (з прыгарадамі), Салонікі — 384, Пірэй — 183, Патры — 153, Іракліян — 116, Ларыса — 113.

Гісторыя. Чалавек на тэр. Грэцыі з’явіўся ў эпоху сярэдняга палеаліту. Пазней тут была пашырана крыта-мікенская культура (эпоха бронзы), існавала ант. цывілізацыя (гл. Грэцыя Старажытная). З 146 да н.э. Грэцыя пад уладай Стараж. Рыма, з 4 ст. н.э. ў складзе Візантыі. У сярэдзіне 15 ст. пасля падзення Візантыі ў выніку заваяванняў туркаў-асманаў б.ч. кантынентальнай Грэцыі і некаторыя астравы трапілі пад уладу Асманскай імперыі; часткай Пелапанеса і многімі астравамі валодалі венецыянцы і генуэзцы, в-вам Родас — ордэн рыцараў-іаанітаў. Паступова туркі заваявалі Родас (1522), Кіпр (1571), Крыт (1669) і ўстанавілі ў Грэцыі сваю ваен.-ленную сістэму, абклалі большасць яе насельніцтва цяжкімі падаткамі, спец. павіннасцямі (праца на рудніках, пастаўка матросаў для тур. флоту), што разам з інш. дыскрымінацыйнымі захадамі стала прычынай эміграцыі часткі грэкаў у Італію, Аўстрыю, Расію і інш. Ва ўмовах тур. панавання ў Грэцыі актывізаваўся нац.-вызв. рух [паўстанні на Пелапанесе (1463—79, 1571, 1770), у кантынентальнай Грэцыі, Македоніі, на а-вах Эгейскага м., у Эпіры (1611) і інш.]. Туркі не здолелі замацавацца ў цяжкадаступных горных раёнах, дзе пастаянна дзейнічалі партыз. атрады клефтаў. Вызв. барацьбе грэкаў садзейнічалі рус.-тур. войны (гл. Руска-турэцкія войны 18—19 ст., Архіпелагскія экспедыцыі рускага флоту) і Міжземнаморскі паход Ушакова. Кючук-Кайнарджыйскі мір 1774 даў магчымасць суднам Грэцыі выкарыстоўваць рас. флаг, спрыяў развіццю суднаходства ў Эгейскім м. Адначасова ўзмацнілася грэч. эміграцыя ў Расію (Паўн. Прычарнамор’е). У 1814 у Адэсе ўзнікла тайнае рэв. т-ва «Філікі Этэрыя». У выніку падрыхтаванай ім пад кіраўніцтвам А.​Іпсіланці Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29 Грэцыя атрымала аўтаномію, а ў 1830 — незалежнасць. У склад грэч. дзяржавы ўвайшлі тэр. кантынентальнай Грэцыі і а-вы Кіклады. У 1832 Англія, Францыя, Расія абвясцілі каралём Грэцыі прынца Атона з баварскай дынастыі Вітэльсбахаў. На пачатку яго царавання (правіў як Атон I у 1832—62) у Грэцыі палепшаны шляхі зносін, рэарганізавана сістэма адукацыі (у 1837 засн. Афінскі ун-т), распрацаваны крымін. і грамадз. кодэксы, закрыты многія манастыры. Да канца 1837 грэч. ўрад узначальвалі баварцы, з 1838 кароль выбіраў прэм’ер-міністраў з лідэраў 3 грэч. груповак, знешнепалітычна арыентаваных на Вялікабрытанію, Францыю, Расію. Засілле баварскіх чыноўнікаў і самаўладства Атона выклікалі ў вер. 1843 выступленне патрыятычна настроеных грэч. вайскоўцаў у Афінах. Паводле прынятай у 1844 канстытуцыі ў Грэцыі ўстаноўлены рэжым канстытуцыйнай манархіі з вял. паўнамоцтвамі караля (пажыццёва прызначаў членаў сената, прызначаў і здымаў міністраў, распускаў палату дэпутатаў). Пасля першых парламенцкіх выбараў урад узначаліў кіраўнік прафранц. групоўкі Я.​Калетыс (1844—47), які высунуў у 1844 т.зв. «мегалі ідэа» («вял. ідэю»), што прадугледжвала барацьбу за далучэнне да грэч. каралеўства населеных грэкамі правінцый Асманскай імперыі.

У час Крымскай вайны 1853—56 адбыліся антытур. паўстанні ў Эпіры і Фесаліі, падтрыманыя атрадамі добраахвотнікаў з Грэцыі; пад націскам Англіі і Францыі Грэцыя прыняла ультыматум аб захаванні нейтралітэту, быў сфарміраваны ўрад на чале з лідэрам праангл. групоўкі К.Маўракардатасам. Акупац. англ. войскі (1854—57) навязалі Грэцыі міжнар. кантроль над яе фінансамі. Эканам. цяжкасці, роспуск каралём палаты дэпутатаў (кастр. 1859), высылка і зняволенне апазіцыянераў, закрыццё ўладамі шэрагу газет выклікалі рэвалюцыю 1862, у выніку чаго скінуты Атон I. У 1863 грэч. каралём стаў Георг I (гл. ў арт. Георг). Паводле новай канстытуцыі 1864 уведзены аднапалатны парламент, абвешчаны недатыкальнасць асобы і жылля, права сходаў і асацыяцый, свабода друку. У 1864 Вялікабрытанія вярнула Грэцыі Іанічныя а-вы (з 1815 былі пад брыт. пратэктаратам). З 1860-х г. паскорылася прамысл. развіццё краіны, у 1869 пракладзена першая чыгунка. У 1866—69 адбылося антытур. паўстанне на Крыце. У 1870—90-я г. ўрады папераменна ўзначальвалі Х.​Трыкупіс і Т.​Дэліяніс. У 1881 Грэцыя дамаглася ад Асманскай імперыі вяртання Фесаліі і акругі Арта ў Эпіры. Крыцкае паўстанне 1896 перарасло ў грэка-тур. вайну 1897, у якой Грэцыя пацярпела паражэнне (гл. ў арт. Крыцкія паўстанні). Ва ўмовах адсутнасці сродкаў на выплату кантрыбуцыі Турцыі даходы і выдаткі грэч. ўрада перайшлі пад кантроль створанай у 1898 міжнар. фін. камісіі з прадстаўнікоў Англіі, Францыі, Расіі, Германіі, Італіі і Аўстра-Венгрыі. У 1898 пад націскам буйных еўрап. дзяржаў тур. султан даў аўтаномію Крыту. Пасля выступлення ў жн. 1909 у Афінах «Ваеннай лігі» (створана малодшымі афіцэрамі) прэм’ер-міністрам Грэцыі працяглы час быў Э.​Венізелас (у 1910—15, 1917—20, 1924, 1928—32, 1933). Яго першы ўрад упарадкаваў фін. і бюджэтную сістэмы, стварыў мін-вы сельскай гаспадаркі, гандлю і прам-сці, актывізаваў знешнюю палітыку (гл. Балканскі саюз 1912). У выніку Балканскіх войнаў 1912—13 у склад Грэцыі ўвайшлі Крыт, Эпір, Паўд. Македонія, ч. Зах. Фракіі, Эгейскія а-вы; колькасць яе насельніцтва павялічылася з 2,7 да 4,6 млн. чал. Пры каралю Канстанціне I [1913—17, 1920—22] Грэцыя працяглы час захоўвала нейтралітэт у 1-й сусв. вайне. Яна ўступіла ў вайну пад націскам Антанты 29.6.1917 пры каралю Аляксандру [1917—20] — другім сыне Канстанціна I. Пасля грэка-турэцкай вайны 1919—22 у Грэцыі ўстаноўлена рэспубліка (1924). У 1934 у Афінах утворана Антанта Балканская (распалася ў 2-ю сусв. вайну). У канцы 1935 пасля ваен. перавароту і ініцыіраванага манархістамі плебісцыту ў Грэцыі адноўлена ўлада караля Георга II (правіў у 1922—23, 1935—41, 1946—47; гл. ў арт. Георг). Пасля ваен. перавароту 4.8.1936 устаноўлена дыктатура ген. І.Метаксаса (існавала да 1941). У пач. 2-й сусв. вайны краіна захоўвала нейтралітэт. 28.10.1940 супраць Грэцыі развязаў вайну фаш. дыктатар Італіі Б.​Мусаліні, аднак грэч. армія да 14.11.1940 спыніла італьян. наступленне і ў хуткім часе адцясніла праціўніка. Пазней у выніку Балканскай кампаніі 1941 Грэцыю акупіравалі ням., італьян. і балг. войскі. Намаганнямі ўдзельнікаў Руху Супраціўлення (гл. ЭАМ, ЭЛАС) да восені 1943 вызвалена каля ​1/3 тэр. краіны. Поўнасцю вызвалена ў кастр. 1944. У 2-ю сусв. вайну загінула больш за 400 тыс. грэкаў, значна заняпала гаспадарка. Пасля Ліванскага пагаднення 1944 у Грэцыі абвастрылася барацьба за ўладу, што прывяло да грамадз. вайны 1946—49, у ходзе якой урадавыя войскі ліквідавалі супраціўленне партыз. атрадаў левых паліт. сіл. У 1948—51 Грэцыя атрымала эканам. дапамогу ад ЗША паводле Маршала плана. Грэч. ўлады праводзілі курс на інтэграцыю краіны ў зах.-еўрап. рэгіянальныя арг-цыі (у 1952 Грэцыя ўступіла ў НАТО, у 1962 як асацыіраваны чл. — у «Агульны рынак»). У выніку ваен. перавароту 1967 у Грэцыі фактычна ліквідавана манархія (з 1947 правіў Павел I, з 1964 — Канстанцін II) і ўстаноўлена т.зв. дыктатура «чорных палкоўнікаў» (прэм’ер-міністр — палк. Г.​Пападопулас). У 1974 пасля няўдалай спробы далучыць да Грэцыі Кіпр ваен. хунта скінута, праведзены плебісцыт аб скасаванні манархіі і ўстанаўленні рэсп. ладу (у 1975 прэзідэнтам Грэцыі выбраны К.Цацас), засн. вядучыя паліт. партыі — Новая дэмакратыя (НД) і Усягрэчаскі сацыялістычны рух (ПАСОК). Цывільны ўрад НД на чале з К.Караманлісам (1974—80) садзейнічаў дэмакратызацыі грэч. грамадства. У 1974—80 Грэцыя прыпыніла членства ў НАТО, у 1981 стала членам Еўрапейскага эканамічнага супольніцтва. Эканам. цяжкасці (у т. л. рост знешняга доўгу) і скандалы вакол карупцыі прывялі да адстаўкі ўрада ПАСОК на чале з А.Папандрэу (1981—89). Пры прэм’ер-міністру К.Міцатакісу (НД; 1990—93), які праводзіў курс на сац. эканомію (у т. л. за кошт паніжэння зарплаты), абвастрыўся канфлікт паміж прафсаюзамі і ўрадам (усеагульная забастоўка ў 1992). Пасля працяглага прэзідэнцтва Караманліса (1980—85, 1990—95) прэзідэнтам Грэцыі ў сак. 1995 выбраны К.Стэфанопулас. У студз. 1996 пасля адстаўкі па стане здароўя Папандрэу (кіраўнік урада з канца 1993) прэм’ер-міністрам Грэцыі выбраны К.Сімітыс (ПАСОК). У знешняй палітыцы Грэцыі захоўваецца напружанасць у адносінах з Турцыяй з-за Кіпра і 2 невял. астравоў у Эгейскім м. Грэцыя — чл. ААН (з 1945), НАТО (членства адноўлена ў 1981), Зах.-еўрап. саюза (з 1992), Савета Еўропы, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Усягрэчаскі сацыяліст. рух (ПАСОК), Новая дэмакратыя, Кааліцыя левых і прагрэс. сіл, Камуніст. партыя Грэцыі, Арг-цыя моладзі Новай дэмакратыі і інш. Найб. прафсаюз — Усеагульная канфедэрацыя працоўных Грэцыі.

Гаспадарка. Грэцыя — індустр.-агр. краіна. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %): прам-сці — 34, сельскай гаспадаркі — 10, сферы паслуг — 56. У прамысловасці занята 25% працуючых. Вядзецца здабыча бурага вугалю (на Пн і ў цэнтры Пелапанеса) — 55,4 млн. т (1993, 7-е месца ў свеце), а таксама жалезнай, хромавай, нікелевай, меднай і сурмянай руд, баксітаў, нафты і прыроднага газу, пірыту, магнезіту, наждаку і інш. Аснову энергабалансу складаюць буры вугаль, імпартная нафта (здабыча каля в-ва Тасас пакрывае толькі 5% патрэб), ГЭС на горных рэках. Вытв-сць вугальных брыкетаў і коксу (Пталемаіс). Нафтаперапр. з-ды ў Карынфе, Афінах, Элеўсіне, Салоніках, Аспрапіргасе. Вытв-сць электраэнергіі больш за 34 млрд. кВтгадз. (1994). Чорная металургія (каля 1 млн. т сталі штогод; Афіны, Пірэй, Салонікі). Выплаўка алюмінію (каля 150 тыс. т штогод) і феранікелю (Ларымна). Машынабудаванне і металаапрацоўка: суднабудаванне і суднарамонт (Салонікі, Пірэй, Александрупаліс), аўта- і трактаразборка (Пірэй), электратэхніка, абсталяванне і машыны для сельскай гаспадаркі і вінаробства, быт. тэхніка і прылады. Развіты нафтахімія, вытв-сць салянай кіслаты, азотных угнаенняў (Пталемаіс), аўтамаб. шын (Патры), цэменту (Пірэй, Халкіс), буд. матэрыялаў (Волас, Ларыса, Элефсіс), мэблі і інш. вырабаў з дрэва (Патры). Прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай прам-сці (Афіны, Салонікі, Волас, Патры, Ларыса). Вылучаецца тэкст. прам-сць, асабліва выраб баваўняных і з дамешкамі сінт. валокнаў тканін (Афіны, Салонікі, Патры, Волас і інш.), шаўковых тканін (Афіны, Кавала, Каламата), дываноў (Яніна, Ламія). Афіны — цэнтр швейнай прам-сці. Развіта гарбарна-абутковая прам-сць, вытв-сць разнастайных скураных і футравых вырабаў (Афіны, Салонікі, Патры, Волас, Яніна). Харч. прам-сць прадстаўлена шматлікімі прадпрыемствамі вінаробства (Афіны, Салонікі, Іракліян, Ханья), па апрацоўцы тытуню (Салонікі, Пірэй, Волас і інш.), вытв-сці алею з аліў (Афіны, Салонікі, Ханья і інш.), цукру (Платы, Ларыса, Ксанты, Серэ), рыбных прадуктаў (Пірэй, Салонікі, Кавала), сыроў (Яніна), разынак (Піргас); перапрацоўка цытрусавых (Ханья). У сельскай гаспадарцы занята 25% працуючых. Пераважаюць дробныя гаспадаркі памерам каля 3,5 га. Пад земляробчымі ўгоддзямі каля 30% тэр. краіны, у т. л. 2,3 млн. га пад ворывам, 1,2 млн. га пад вінаграднікамі, аліўкавымі плантацыямі і садамі. Каля ​1/3 угоддзяў арашаецца. 40% тэр. краіны займаюць малаўрадлівыя горныя пашы і лугі. Спецыялізацыю вызначаюць працаёмкія экспартныя культуры: тытунь, алівы (каля 1,6 млн. т штогод, 3-е месца ў свеце), бавоўна і цукр. буракі (арашальныя землі ў далінах Вардара і Стрымона, в-аў Лемнас), вінаград (1,3 млн. т штогод), цытрусавыя. Вырошчваюць яблыкі, грушы, персікі, абрыкосы, інжыр. Развіта парніковая гаспадарка экспартнага кірунку, агародніцтва (у т. л. памідоры — каля 1,7 млн. т штогод). Са збожжавых вырошчваюць пшаніцу (больш за 50% пасяўных плошчаў), рыс (на арашальных землях), кукурузу і ячмень. Жывёлагадоўля развіта недастаткова. Гадуюць авечак (каля 8 млн. галоў), коз (каля 5 млн. галоў), свіней (каля 1 млн. галоў), буйн. раг. жывёлу (каля 1 млн. галоў). Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства. Замежны турызм і адпачынак дае больш за 50% прыбытку. З ім звязана каля ​1/3 занятых у гаспадарцы. Штогод Грэцыю наведвае 8—10 млн. замежных турыстаў. Асн. раёны: Афіны і наваколле, узбярэжжа Пелапанеса, стараж. гіст. цэнтры Карынф, Эпідаўр, Містра, Мікены, Алімпія, Спарта, Салонікі, Яніна, а-вы Эгейскага мора. Транспарт пераважна марскі і аўтамабільны. Танаж гандл. флоту — 41,7 млн. т (1993, 3-е месца ў свеце). Частка грэч. флоту плавае пад флагамі інш. краін. Флот абслугоўвае гандл. сувязі Грэцыі і многіх краін свету. Гал. парты Пірэй, Салонікі, Элефсіс. Аўтадарог каля 40 тыс. км, на аўтатранспарт прыпадае больш за 60% унутр. перавозак, чыгунак 2,6 тыс. км. Каля 40 аэрапортаў (у т. л. 22 міжнародныя), найб. Элінікон каля Афін. Экспарт (каля 8—10 млрд. дол. штогод): нафтапрадукты, тэкст. і швейныя вырабы, абутак, цэмент, мінер. сыравіна, аліўкавы алей, вінаград, цытрусавыя, віны, тытунёвыя вырабы. Імпарт (каля 20 млрд. дол. штогод): машыны і абсталяванне, нафта, харч. тавары, трансп. сродкі, драўніна. Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца за кошт паступленняў ад марскіх перавозак, турызму, грашовых пераводаў эмігрантаў. Гал. гандл. партнёры: Германія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ЗША, Саудаўская Аравія. Грэцыя экспартуе на Беларусь футравыя і скураныя вырабы, цытрусавыя, кансервы, імпартуе трактары, грузавыя аўтамабілі, калійныя ўгнаенні, шыны. Грашовая адзінка — драхма.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (канец 1994) 159,3 тыс. чал. (406 тыс. рэзервістаў). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухап. войсках 113 тыс. чал., аб’яднаных у 10 пях., механізаваную і бранятанкавую дывізіі, асобныя 2 пях., механізаваную і 5 бранятанк. брыгад, асобныя парашутны полк, 20 артыл. дывізіёнаў і інш.; маюць на ўзбраенні 2722 танкі, 2365 баявых машын пяхоты, 2019 гармат палявой артылерыі і мінамётаў, 95 самалётаў і верталётаў армейскай авіяцыі і інш. У ВПС 26,8 тыс. чал., каля 270 баявых самалётаў і 28 верталётаў. У ВМС (пач. 1996) 20 тыс. чал., 47 караблёў (у т. л. 8 дызельных падводных лодак) і 124 баявыя катэры амер., герм. і грэч. вытв-сці.

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Грэцыі сфарміравалася ў выніку рэформаў 1963—65, 1974—76, 1984—85 і закону 1985, паводле якога ўстаноўлены 9-гадовы тэрмін абавязковага школьнага навучання. Дашкольныя дзіцячыя ўстановы для дзяцей ад 3,5 да 5,5 года не абавязковыя. Першая ступень абавязковай агульнай адукацыі — 6-гадовыя пач. школы для дзяцей ад 5,5 да 11,5 года. Сярэднюю адукацыю даюць гімназіі (абавязковая няпоўная, тэрмін навучання 3 гады) і дадатковую сярэднюю — ліцэі (агульнага тыпу, класічныя, прафес.-тэхн., шыракапрофільныя і духоўныя), тэрмін навучання 2—6 семестраў. Права паступлення ў ВНУ дае толькі ліцэй. Буйнейшыя ВНУ: ун-ты ў Афінах (з 1837), Салоніках (з 1925), Патры (з 1966), Яніне, Фракіі; політэхн. ін-ты ў Афінах (з 1836) і на в-ве Крыт; вышэйшыя школы ў Афінах — агранамічных навук, эканам. і камерцыйных навук, паліт. навук, прыгожых мастацтваў; вышэйшыя індустр. школы ў Пірэі і Салоніках. Найб. б-кі: Нац., б-кі Палаты дэпутатаў (з 1844), Афінскай АН, ун-та ў Салоніках (з 1927). Найб. музеі: Нац. археал. (з 1874), Музей Акропаля (з 1878), Нац. маст. галерэя (з 1900), Візантыйскі (з 1914), Музей Бенакі (з 1931) і Музей Аляксандра Сутзаса ў Афінах, археал. музеі ў Алімпіі, Дэльфах, Карынфе, на а-вах Родас і Крыт. Навук. даследаванні праводзяцца Афінскай АН (з 1926), ун-тамі і ін-тамі, галіновымі н.-д. ўстановамі і цэнтрамі, Афінскай абсерваторыяй, навук. т-вамі і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца больш за 100 штодзённых (цэнтральных і мясцовых) і каля 300 штотыднёвых газет (1993). Найб. папулярныя выданні: «Akrópolis» («Акропаль», з 1881), «Rirospástēs» («Радыкал», з 1918), «Tá Néa» («Навіны», з 1931), «Augē» («Світанне», з 1951), «Eleútheros kósmos» («Свабодны свет», з 1966) і інш. Тыражы газет у адносінах да колькасці насельніцтва большыя, чым у многіх зах.-еўрап. краінах. Афіц. Афінскае інфарм. агенцтва засн. ў 1895. Радыёвяшчанне з 1938 на грэч., англ. і франц. мовах. Тэлебачанне ў Афінах з 1965. Нац. радыё і тэлебачанне ў 1976 аб’яднаны ў карпарацыю ЭРТ. Дзейнічаюць 1500 радыёстанцый і 180 тэлекампаній, найбуйнейшыя з іх — прыватныя кампаніі «Мега Чэнел» і «Антэна-1», дзяржаўныя ЕТ-І, ЕТ-2. Рэтрансліруюцца 9 (1993) замежных тэлепраграм, у т. л. ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, Іспаніі.

Літаратура. Развіваецца на навагрэч. мове. Пачала складвацца пасля падзення Візантыі пад уплывам традыцый ант. і візант. культур, ідэй Адраджэння і вусна-паэт. творчасці грэч. народа (эпас «Дыгеніс Акрыт», 9—11 ст.; гіст. акрыцкія песні, песні пра клефтаў). У 15—17 ст. развівалася на а-вах Родас (ананімны зб-к «Сто слоў пра каханне» і інш.), Дадэканес (любоўная лірыка), Крыт [ідылічная ананімная паэма «Пастушка» (выд. 1627), трагедыя «Эрафілі» і камедыя «Кацурбас» Е.​Хартакіса (абедзве каля 1600), драма «Ахвяра Аўраама» (1635, аўтарам лічаць В.​Карнараса), раман у вершах «Эратакрытас» Карнараса]. У часы тур. панавання (1453—1821) былі пашыраны пераробкі сатыр. баек («Чароўная гісторыя пра асла, воўка і ліса» і інш.), апрацоўкі сярэдневяковых раманаў, апавяданні рэліг.-дыдактычнага і гіст.-легендарнага характару («Аповесць пра Аляксандра Македонскага»). Проза 17—18 ст. прадстаўлена пераважна павучальнай рыторыкай і палемічнымі памфлетамі, якія абаранялі правасл. веру, мемуарнай л-рай. Прыкметным быў зб. вершаў грэч. паэтаў-студэнтаў у Італіі «Кветкі набожнасці» (выдадзены ў Венецыі, 1708), у якім адчувальны ўплыў позняга італьян. Адраджэння. На фарміраванне грэч. л-ры паўплываў уздым нац.-вызв. руху на мяжы 18—19 ст. Нац. праблематыка, рэв.-патрыятычныя матывы адлюстраваліся ў творчасці Ферэаса, А.​Калваса, А.​Суцаса, А.​Валаарытыса і інш. Закладваліся асновы нац. драматургіі (творы А.​Матэсіса). У л-ры вялася вострая ідэйная барацьба вакол пытання аб шляхах гіст. развіцця грэч. нацыі (моўная палеміка, адносіны да ант. спадчыны і нар. навагрэч. традыцый).

Новы этап у развіцці л-ры звязаны з грэч. нац.-вызв. рэвалюцыяй 1821—29. Рэв. рамантызм з элементамі рэалізму ўласцівы творчасці заснавальніка навагрэч. л-ры Д.​Саламоса, антыманархічныя вольналюбівыя матывы — творчасці паэтаў-рамантыкаў 1-й Афінскай школы П.​Суцаса, А.​Рангавіса. Жанр гіст. рамана распрацоўваў Э.​Раідыс. Нар. мову і нац. тэматыку сцвярджалі заснавальнік 2-й Афінскай школы К.​Паламас, а таксама Е.​Драсініс і інш. Цікавасць да нар. паэзіі адчуваецца ў творчасці Л.​Мавіліса, Драсініса, І.​Палеміса, А.​Эфталіётыса, І.​Псіхарыса і інш. У прозе і драматургіі рэалізм з элементамі бытапісання сцвярджалі Г.​Ксенопулас, А.​Пападыямандыс, А.​Каркавіцас і інш. Крытыка бурж маралі, ідэалы гуманізму, увасобленыя ў творчасці К.Варналіса, Я.Рыцаса, К.​Парарытыса і інш., далі пачатак сучаснай прагрэс. л-ры. Сац. тэматыка стала вызначальнай для творчасці К.​Тэатокіса, І.​Тэатакаса, А.​Тэрзакіса і К.​Хадзопуласа. У 1920—30-я г. С.​Мірывіліс і інш. пісьменнікі ўвялі ў л-ру жанр антываен. рамана і аповесці-хронікі. Антыфаш. л-ра Супраціўлення прадстаўлена творамі А.​Сікеліяноса, В.​Ротаса, Ф.​Ангулеса, Рыцаса і інш. Асаблівае месца ў л-ры займае т.зв. «паэзія катаргі», якая стваралася ў канцы 1940 — пач. 50-х г. у канцлагерах пасля паражэння дэмакр. сіл у грамадз. вайне 1946—49. Паэзія пасляваен. гадоў прадстаўлена творчасцю Р.​Бумі-Папа, Н.​Папаса, Н.​Врэтакаса, Т.​Лівадытыса і інш.; у 2-й пал. 1950-х г. сцвярджаецца лірыка-эпічная «паэма сінтэзу» (А.Элітыс). Гераічныя і сац. матывы характэрныя для пасляваен. творчасці раманіста Н.​Казандзакіса, празаікаў Я.​Мангліса, Д.​Хадзіса, А.​Франгіяса, К.​Кадзіяса, В.​Васілікоса і інш. Развіваюцца жанры гіст. рамана (Д.​Фатыядыс, П.​Прэвелакіс, Д.​Сатырыу), хроніка-дакументальны. У гады ваен. дыктатуры (1967—74) многія пісьменнікі рэпрэсіраваны ці вымушаны былі эмігрыраваць; прагрэс. выдавецтвы і газеты былі забаронены. Л-ру антыдыктатарскага Супраціўлення прадстаўлялі Рыцас, Врэтакас, Элітыс, М.​Аўгерыс, Васілікос і інш. Пасля 1974 шмат пісьменнікаў вярнулася на радзіму. Аднавіла дзейнасць Т-ва грэч. пісьменнікаў (1934—67). У тв-сці М.​Александропуласа, З.​Скараса, А.​Ненедакіса і інш. адлюстраваліся зрухі ў самасвядомасці грамадства. Шматпланавасць маст. ўзнаўлення рэчаіснасці вылучае прозу Васілікоса, Э.​Ваіску і інш. Навагрэч. л-ра развіваецца таксама ў Рэспубліцы Кіпр.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Пра мастацтва Грэцыі да тур. заваявання (сярэдзіна 15 ст.) гл. ў арт. Грэцыя Старажытная і Візантыя. Да вызвалення ад асманскага заняволення (1821) у Грэцыі панавала манастырскае мастацтва ў познавізант. традыцыях, развівалася нар. творчасць, іканапіс, нар. вышыўка. Гарады раслі павольна, многія заняпалі. З 1830-х г. на аснове традыцый нар. і ант. дойлідства вырасла архітэктура сучаснай Грэцыі. У 19 ст. буд-ва ішло пераважна ў Афінах. Арх. С.​Клеантыс, Л.​Каўтадзоглу распрацавалі тып жылога дома ў класічных формах. Замежныя архітэктары стваралі грамадскія пабудовы з каланадамі: Нац. б-ка (1832) і ун-т (1837, арх. абодвух Х.​К.​Хансен) у Афінах і інш. Царк. архітэктура 19 ст. наследавала візант. ўзоры. Майстры наіўнага, дакумент. жывапіснага партрэта (Н.​Кандуніс, Н.​Кунелакіс) працавалі ў свецкай тэматыцы. У 2-й пал. 19 ст. на аснове традыцый мюнхенскай школы жывапісцы Н.​Гізіс, Н.​Літрас звярталіся да нац. тэмы; К.​Валанакіс і Я.​Алтамурас стварылі школу грэч. пейзажа. У пач. 20 ст. разрастаюцца гарады (Афіны, Салонікі), фарміруецца тып шматкватэрнага дома з балконамі-лоджыямі і тэрасамі (арх. К.​Кіцыкіс). Архітэктура 1920—30-х г. развівалася пад уплывам функцыяналізму і неакласіцызму. У жыллі выкарыстоўвалі маналітны жал. каркас. У вілах і маёнтках відавочныя матывы нар. дойлідства (арх. Д.​Пікіёніс). Будынкі атэляў і музеяў арганічна ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе (арх. Х.​Сфаэлас, П.​Васіліядыс). Мастакі пач. 20 ст., ствараючы нац. вобразы, засвойвалі тагачасныя еўрап. стылі (жывапісец К.​Партэніс, скульпт. Я.​Халепас). У сярэдзіне 20 ст. жывапісцы А.​Геаргіядыс, Э.​Тамопулас, Я.​Мораліс, Я.​Царухіс працягвалі рэаліст. традыцыі папярэднікаў. Сярэдневяковыя рэмінісцэнцыі і нар. вобразы знайшлі адлюстраванне ў фрэсках Ф.​Кандоглу, графіцы С.​Васіліу, ант. матывы — у графіцы Д.​Галаніса, Я.​Кефалінаса, скульпт. М.​Томбраса, А.​Сохаса. Нац.-вызв. барацьба 2-й сусв. вайны адлюстравана ў дэмакр., рэаліст. плынях (жывапісцы В.​Семерцыдыс, Д.​Кацыкаяніс, скульпт. Х.​Капралас, графікі В.​Катракі, А.​Тасас). У рэчышчы абстракцыянізму працуюць К.​Граматопулас, К.​Клуватас, К.​Лукопулас і інш.

Музыка. Грэч. муз. культура — адна з найб. старадаўніх у свеце (гл. Грэцыя Старажытная). З 4 ст. грэч. музыка развівалася ў рэчышчы візант. культуры. З усталяваннем асманскага панавання нац. муз. традыцыі зберагаліся толькі ў нар. творчасці і царк. музыцы. Побач з разнастайнымі песеннымі жанрамі вылучаюцца танц. сіртас (карагодны танец) і педыктас (танец з падскокамі). З сярэдзіны 18 ст. пашырыліся песні клефтаў (змагароў за нац. вызваленне). Сярод муз. інструментаў: розныя тыпы лютні, жалейка, ліра, падоўжная флейта, валынка, бузукі, скрыпка, мандаліна, якія ўваходзяць у склад нар. аркестра (з 1930-х г. таксама кларнет і гітара). Развіццё прафес. муз. мастацтва пачалося пасля 1829. Сярод кампазітараў прадстаўнікі іанічнай школы Н.​Мандзарас — аўтар грэч. нац. гімна (1865), заснавальнік Філарманічнага т-ва на в-ве Керкіра (1840), С.​Ксіндас, С.​Самарас — аўтар «Алімпійскага гімна» (1896), Д.Лаўрангас — заснавальнік Нац. опернага т-ра (Афіны, 1939), П.​Карэр, Г.​Ламбелет. Сапраўдная грэч. муз. школа фарміруецца з канца 19 ст. Узнік новы жанр спектакляў-вадэвіляў (камідыліён), аўтары якіх Д.​Карамілас і Д.​Какінас. Першую нац. оперу «Кандыдат у дэпутаты» (1867) стварыў Ксіндас. Новую грэч. кампазітарскую школу ўзначалілі М.Каламірыс, заснавальнік Элінскай (1919) і Нац. (1926) кансерваторый у Афінах, Лаўрангас, Ламбелет, М.​Варвагліс, Э.​Рыядыс. Сярод іх паслядоўнікаў Л.​Маргарытыс (засн. Саланікскую кансерваторыю), П.​Петрыдыс, А.​Незерытыс, А.​Евангелатас, Н.​Скалкотас, С.​Міхаілідыс, Г.​Геаргіядыс, Д.Мітропулас. З сярэдзіны 1940-х г. вядомы кампазітары М.​Хадзідакіс, Я.Ксенакіс, Я.​Хрысту і інш. Новы этап у развіцці грэч. музыкі — творчасць М.Тэадоракіса і многіх яго паслядоўнікаў. У галіне эстр. музыкі вылучыліся кампазітары М.​Плесас, Г.​Замбетас, К.​Капнісіс, Г.​Музакіс, Т.​Маракіс, Г.​Кацарас і інш. Сярод вядомых выканаўцаў: дырыжоры Мітропулас, Л.​Зорас, Міхаілідыс, Хадзідакіс, Евангелатас, Ф.​Візантыу; спевакі М.Калас, Н.​Масхонас, К.​Дамасіёты, А.​Захарату, Д.Русас; піяністы Г.​Тэмеліс, В.​Дэветцы; сярод музыказнаўцаў В.​Аркадынас, Геаргіядыс, Міхаілідыс, С.​Мацэнігас. У Грэцыі працуюць (1988): Нац. оперны т-р, 5 сімф. аркестраў, у т. л. Афінскі дзярж. сімф. аркестр; Дзярж. аркестр Паўн. Грэцыі ў Салоніках; Дзярж. кансерваторыя ў Салоніках (з 1914), 14 кансерваторый, у т. л. Афінская (1871), Пірэйская (1904), Элінская (1919) і Нац. (1926) у Афінах, а таксама іх філіялы і інш.

Тэатр. У перыяд Візантыйскай імперыі традыцыі ант. тэатр. мастацтва (гл. Грэцыя Старажытная, раздзел Тэатр) былі перапынены. Першыя спробы адрадзіць т-р зроблены ў 17 ст. на в-ве Крыт і ў 18 ст. на в-ве Закінф. У Афінах пастаянныя трупы ўзніклі на пач. 1860-х г. У 1901 К.​Хрыстоманас арганізаваў т-р «Новая сцэна», створаны дзярж. Каралеўскі т-р. У 1910—20-я г. тэатр. мастацтва занепадае. Імкненне пераадолець гэты крызіс характарызуюць творчасць рэж. Ф.​Палітыса, пастаноўкі Нац. т-ра (засн. ў 1932). У гады дыктатуры і ням.-фаш. акупацыі тэатр. жыццё было ў застоі, аднак працавалі аматарскія групы, што ставілі патрыятычныя п’есы. У 1945 створаны т-р «Аб’яднаныя артысты», у рэпертуары якога былі п’есы нац. драматургаў і перакладныя. У наступныя гады прагрэс. тэатр. дзеячы падвяргаліся ганенням, але працягвалі барацьбу за дэмакр. мастацтва. У 1940—50-я г. значнай з’явай была дзейнасць Мастацкага т-ра (засн. ў 1942 рэж. К.​Кунам), сярод спектакляў якога былі «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Кар’ера Артура Уі» (1961) Б.​Брэхта, «Двор цудаў» (1958) Я.​Кампанеліса, «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава і інш. У 1955 створаны Грэч. нар. т-р (кіраўнік М.​Катракіс), у 1959 «Новы тэатр» (засн. В.​Дыямандопулас і М.​Алкеу), у 1957 Пірэйскі т-р (засн. Д.​Рандырыс). Значнае распаўсюджанне атрымалі калектывы, што стваралі маладыя рэжысёры: «Тэатр 1959», «Тэатр 1961» і інш. Т-р «Дванаццатая заслона» штогод ставіў спектаклі, якія складаліся з 3 аднаактовых п’ес пачынаючых грэч. драматургаў. У 1960-я г. рэпертуар т-раў значна пашырыўся: ставіліся стараж.-грэч. трагедыі, п’есы У.​Шэкспіра, Мальера, А.​Чэхава і інш. У канцы 1970 — 80-х г. аднавілі дзейнасць Афінскі маст. т-р, Грэч. нар. т-р, Пірэйскі т-р, т-ры ў Салоніках, Сіракузах і інш. Сярод вядомых дзеячаў тэатр. мастацтва: акцёры А.​Александракіс, Катракіс, М.​Меркуры, А.​Сінадыну, І.​Папас, К.​Паксіну; рэжысёры М.​Пларытыс, М.​Лігізас, М.​Какаяніс, Кун, Т.​Музенідыс.

Кіно. У 1906 зняты першы хранік. фільм, у 1911—12 — першыя кароткаметражныя кінакамедыі (рэж. і выканаўца гал. роляў С.​Дымітракопулас). У 1914 засн. фірма «Афіны-фільм», пачаўся выпуск поўнаметражных фільмаў. У 1-ю сусв. вайну выпускалася пераважна ваен. кінахроніка. У 1928—31 на кінафірме «Даг-фільм» здымаліся гіст. фільмы і экранізаваліся літ. творы: «Каханне і хвалі» (1927), «Прыкуты Праметэй» (1929, рэж. абодвух Д.​Газіядыс), «Дафніс і Хлоя» (1931, О.​Ласкас) і інш. У 1932 выпушчаны першы гукавы фільм. З устанаўленнем дыктатуры Метаксаса і ў гады ням.-фаш. акупацыі здымаліся ў асн. хранік., зрэдку маст. фільмы: «Голас сэрца» (1943, Л.​Іаанопулас), «Апладысменты» (1944, Г.​Дзавелас). У канцы 1940-х г. здымалася па 8—10 фільмаў за год — пераважна меладрамы з гіст. фонам. У 1950-я — пач. 60-х г. у фільмах знайшлі адлюстраванне праблемы тагачаснага жыцця, здымаліся меладрамы, фарсы, шпіёнскія, гангстэрскія і прыгодніцкія фільмы. Сярод лепшых: «Крывавыя Каляды» (1951, рэж. Г.​Зервас), «Фальшывая манета» (1955) і «Антыгона» (1961, рэж. абодвух Дзавелас), «Электра» (1962, М.​Какаяніс), «Да карабля» (1966, А.​Даміянас). У гады ваен. дыктатуры шэраг кінадзеячаў арыштаваны, некаторыя эмігрыравалі. Пасля падзення дыктатуры здымаліся фільмы, што выкрывалі злачынствы дыктатарскага рэжыму, пра барацьбу народа ў гады 2-й сусв. вайны, узнімаліся надзённыя праблемы. Міжнар. прызнанне атрымалі фільмы Т.​Ангелопуласа, якія спалучаюць спадчыну ант. л-ры з сучаснай кінадраматургіяй. У 1974 створаны Саюз кінематаграфістаў Грэцыі. У Афінах знаходзіцца кінаархіў. Сярод вядомых дзеячаў кінамастацтва: І.​Папас, М.​Меркуры, А.​Фонсу, П.​Зервас, Т.​Венгас, А.​Стаўрас. З 1974 у Салоніках штогод праводзіцца міжнар. кінафестываль.

Літ.:

Никитина Т.В. Греция накануне первой мировой войны: Особенности внутриполит. развития. М., 1984;

Соколовская О.В. Греция в годы первой мировой войны, 1914—1918 гг. М., 1990;

Кирьякидис Г.Д. Гражданская война в Греции, 1946—1949. М., 1972;

Зорбалас С.Д. Неофашизм в Греции (1967—1974): Соц.-полит. анализ и выводы: Пер. с греч. М., 1981;

Паниев Н.А. Греция после хунты. М., 1979;

Шеменков К.А. Греция: Проблемы современной истории. М., 1987;

Мочос Я. Современная греческая литература: Очерки. М., 1973;

Ильинская С.Б. Поэзия Сопротивления в послевоенной Греции. М., 1974;

Полевой В.М. Искусство Греции. 2 изд. М., 1984.

Ф.​С.​Фешчанка (прырода, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя), В.​Я.​Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва).

т. 5, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́Н, Ісламская Рэспубліка Іран (Джамхурые Эсламіе Іран),

дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі. Да 1935 афіц. назва Персія. Мяжуе на Пн з Арменіяй, Азербайджанам, Туркменістанам, на У з Афганістанам і Пакістанам, на З з Іракам і Турцыяй. На Пн абмываецца водамі Каспійскага м., на Пд — Персідскага і Аманскага заліваў. Пл. 1648 тыс. км². Нас. 67 540 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — персідская (фарсі). Сталіца — г. Тэгеран. У складзе І. 25 астанаў (правінцый). Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (11 лют.).

Дзяржаўны лад. І. — ісламская рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1979 (са зменамі 1989), паводле якой вышэйшы аўтарытэт і ўладу ў краіне мае рэліг.-паліт. лідэр мусульм. абшчыны. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (ён жа ўзначальвае выканаўчую ўладу), які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Мусульм. кансультатыўнаму сходу — меджлісу (270 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Функцыі кантролю за адпаведнасцю рашэнняў меджліса палажэнням ісламу і канстытуцыі і нагляд за правядзеннем рэферэндумаў, выбараў прэзідэнта і дэпутатаў меджліса ажыццяўляе Савет стражнікаў ісламскай рэвалюцыі з 12 членаў, з іх 6 назначае кіраўнік І. і 6 мусульм. правазнаўцаў выбірае меджліс на тэрмін 6 гадоў. Мясц. ўлада ў астанах належыць губернатарам, якіх назначае нац. ўрад, і саветам, што выбіраюцца насельніцтвам пэўнага астана.

Прырода. І. — краіна гор і высокіх нагор’яў (​4/5 тэрыторыі). Большую ч. займае Іранскае нагор’е, акаймаванае горнымі сістэмамі. На Пн — Туркмена-Харасанскія горы і Эльбурс (з найвыш. пунктам І. г. Дэмавенд, 5604 м), на З і Пд Курдыстанскія горы, Загрос і Мекран, на ПдУ і УУсх.-Іранскія горы, на ПнЗ — Армянскае нагор’е. Унутр. ч. Іранскага нагор’я занята хр. Кухруд і замкнёнымі бяссцёкавымі ўпадзінамі (пустыні Дэштэ-Кевір, Дэштэ-Лут). Уздоўж Каспійскага м. паласой у 2—6 км распасціраецца Прыкаспійская нізіна. На ПдЗч. Месапатамскай нізіны, на ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў — пустыня Гермсір, у бас. р. Атрэк — Гарганская раўніна. Часта бываюць землетрасенні. Нетры І. багатыя нафтай, прыродным газам, каменным вугалем. Ёсць жалезныя, марганцавыя, медныя, свінцова-цынкавыя, храмітавыя, нікелевыя і кобальтавыя руды, руды высакародных металаў. З няруднай сыравіны: сера, калійная, кухонная і глаўберава солі, азбест, карунд, графіт, тальк, слюда, барыты, каштоўныя камяні. Разнастайныя буд. матэрыялы: граніты, даламіты, вапнякі, мармур, туфы. Радовішчы нафты і газу пашыраны ў межах Персідскага заліва нафтагазаноснага басейна, асобныя радовішчы ў Цэнтральнаіранскім і Паўд.-Каспійскім басейнах. Разведаныя запасы нафты 12,8 млрд. т, найб. радовішчы: Агаджары, Гечсаран, Марун, Бібі-Хекіме, Ахваз. Запасы прыроднага газу каля 20 трыльёнаў м³ (2—е месца ў свеце пасля Расіі), найб. радовішчы Кенган, Пазенан, Парс, Керманскі і Эльбурскі каменнавугальныя басейны. Клімат на большай частцы тэр. І. субтрапічны, сухі, на ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў трапічны, гарачы. Сярэдняя т-ра студз. ад -2 °C на Пн да 19 °C на Пд, ліп. адпаведна 25 °C і 32 °C. Ападкаў ад 30 мм да 500 мм за год (пераважна зімой і вясной), на паўн. схілах Эльбурса да 2000 мм. Рэкі малаводныя, большасць іх адносіцца да ўнутр. басейнаў, многія летам перасыхаюць. Гал. рэкі: Аракс, Кызылузен, Шат-эль-Араб з прытокам Карун, Атрэк, Гарган. Шмат азёр, пераважна бяссцёкавых і салёных — Урмія, Дэр’ячэе-Немек, Хамун і інш. Агульная асаблівасць глеб — камяністасць і павышаная засоленасць. Ва ўнутр. раёнах і катлавінах шэразёмы і саланчакі, на схілах Эльбурса жаўтазёмы і чырваназёмы, па рачных далінах алювіяльныя глебы. Расліннасць разнастайная, больш за 600 відаў, пераважае пустынная, паўпустынная і сухастэпавая. Пад лесам каля 7% тэрыторыі, у асноўным на схілах Эльбурса (дуб, бук, граб, самшыт, грэцкі арэх). На ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў расліннасць трапічная (мімозы, аравійская акацыя, какосавая пальма, у аазісах — фінікавая пальма). Багаты жывёльны свет. З капытных — архар, антылопа-джэйран, казуля, газель, з драпежнікаў — тыгр, гепард, леапард, гіена, воўк. Шмат грызуноў, паўзуноў. Нац. паркі: Кевір, Гулістан, Урмія, Цэнтральнаэльбурскі і інш.; буйны заказнік Туран.

Насельніцтва. 50% насельніцтва складаюць персы; каля 20% азербайджанцаў, 10% лураў, 8% курдаў, па 2% арабаў і туркменаў; ёсць белуджы, армяне, яўрэі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-шыіты (90%); ёсць мусульмане-суніты (8,4%), хрысціяне (0,6%), іудзеі (0,2%) і інш. Сярэднегадавы прырост каля 3,3%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 41 чал. на 1 км². Каля 2/3 размешчана на ПнЗ і Пн, дзе найб. спрыяльныя кліматычныя ўмовы для сельскай гаспадаркі. Гар. насельніцтва 60%. Найб. гарады (тыс. ж.): Тэгеран — 6836, Мешхед — 2016, Ісфахан — 1924 (1997), Тэбрыз — 1089, Шыраз — 965,1, Ахваз — 724,7, Бахтаран — 624,1 (1991). У прам-сці заняты 21%, у сельскай гаспадарцы — 33% працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя Паводле археал. звестак, тэр. І. заселена чалавекам з канца ніжняга палеаліту. У 3-м тыс. да н.э. тут існавала стараж. дзяржава Элам, якая ў 13—12 ст. да н.э. дасягнула найб. росквіту і распасціралася ад р. Еўфрат да Цэнтр. І. У 9—8 ст. да н.э. асобныя раёны І. далучаны да Асірыі. Каля 673—672 да н.э. ў выніку антыасірыйскага паўстання на Іранскім нагор’і ўзнікла дзяржава Мідыя, якая ў 616—605 да н.э. ў кааліцыі з Вавілоніяй разграміла Асірыйскую дзяржаву. Пасля вайны 553—550 да н.э. Мідыі з падпарадкаваным ёй царствам Персіда ўлада ў краіне перайшла да дынастыі Ахеменідаў. Назву Персіда (Перса, Парс, сучасны Фарс) стараж. грэкі, а пазней і інш. еўрап. народы перанеслі на ўсю краіну і сталі называць яе Персіяй. Заснавальнік дынастыі Ахеменідаў Кір II заваяваў М. Азію, Вавілонію, Сірыю і Палесціну, пазней — Егіпет. Пры Дарыю I [522—486 да н.э.] перс. дзяржава рэарганізавана (удасканалены адм.-тэр. падзел, распрацаваны заканад. кодэкс, вялося буд-ва дарог, чаканілася залатая манета), пашыраны яе межы. Барацьба за панаванне на гандл. шляхах паміж Захадам і Усходам уцягнула Ахеменідаў у працяглыя войны з Грэцыяй (гл. Грэка-персідскія войны). У 330 да н.э. гэтую дзяржаву заваяваў Аляксандр Македонскі. Пасля 312 да н.э. тэр. І. ўвайшла ў склад эліністычнай дзяржавы Селеўка I (гл. Селеўкіды), у сярэдзіне 2 ст. да н.э.Парфянскага царства. У 224 н.э. правіцель залежнай ад Парфіі Персіды Ардашыр I разбіў войскі апошняга парфянскага цара Артабана V і стварыў Сасанідскую дзяржаву (гл. Сасаніды). Пры Сасанідах праведзены адм., падатковая і ваен. рэформы, будаваліся гарады, развіваўся гандаль; імкнучыся да ідэалаг. еднасці, яны апіраліся на дзярж. рэлігію зараастрызм. Узмоцненая Сасанідская дзяржава заваявала Паўд. Аравію, Сірыю, Палесціну і Егіпет, пагражала існаванню Візантыі. Працяглыя войны і феад. міжусобіцы аслабілі краіну. У 7 ст. яе заваявалі арабы (гл. Арабскія заваяванні) і ўключылі ў склад Араб. халіфата. Да канца 10 ст. іслам стаў рэлігіяй б. ч. насельніцтва І., араб. мова надоўга стала дзярж. і літ. мовай. Нар. рух супраць араб. панавання (у форме рэліг. рухаў пераважна шыіцкай арыентацыі, гл. Шыізм), узмацненне працэсу феадалізацыі і сепаратызм мясц. феадалаў аслабілі ўладу арабаў. Гэта прывяло да стварэння на тэр. І. ў 9—10 ст. спадчынных намесніцтваў (эміратаў), якія толькі намінальна залежалі ад Араб. халіфата: Тахірыдаў дзяржава ў Харасане (821—873), Сафарыдаў у Сістане (з 861), потым у Харасане (873—900) і інш. У 900 Харасан і ўсх. І. увайшлі ў склад дзяржавы Саманідаў (да 999); у зах. І. і Іраку склалася Буідаў дзяржава (935—1055). Пасля распаду дзяржавы Саманідаў усх. І. разам з ч. Сярэдняй Азіі і тэр. сучаснага Афганістана ўвайшоў у склад дзяржавы Газневідаў. З 11 ст. пачаліся ўварванні на тэр. І. цюркаў-агузаў, якія заваявалі ўвесь І., сумежныя з ім краіны і стварылі Сельджукскую дзяржаву. У пач. 12 ст. яна распалася на шэраг султанатаў, унутры іх склаліся княствы моцных васалаў. Барацьба паміж асобнымі дынастыямі прывяла да заняпаду гандлю, рамяства і земляробства. Аслабленая краіна ў 13 ст. заваявана манголамі, паміж 1380—93 — войскамі Цімура. Нашчадкі Цімура вялі паміж сабой няспынныя войны. У канцы 14 — пач. 15 ст. рост буйнога землеўладання разам з аслабленнем эканам. сувязей паміж асобнымі правінцыямі паглыбілі феад. раздробленасць краіны. Новы ўздым І. звязаны з панаваннем дынастыі Сефевідаў (1502—1736), калі ўмацавалася цэнтр. ўлада, наладжаны дыпламат. кантакты з еўрап. краінамі. Найб. магутнасці дзяржава дасягнула пры шаху Абасе I (1587—1629], які стварыў рэгулярную армію, знізіў падаткі, наладзіў гандл. адносіны з інш. краінамі; дзякуючы буд-ву дарог і каналаў развівалася яе эканоміка. З прычыны абвастрэння барацьбы за ўладу паміж феад. групоўкамі, духавенствам і свецкімі феадаламі ў 2-й пал. 17 ст. пачаўся паліт. і эканам. спад. Пад націскам афганцаў-гільзаяў (1722) дзяржава Сефевідаў распалася. У 1723 у паўн.-зах. і цэнтр. раёны краіны ўварваліся туркі. Антыафг. барацьбу (1726—30) і выгнанне туркаў (1730—36) узначаліў Надзір-хан Афшар (гл. Надзір-шах). У выніку шматлікіх ваен. паходаў ён стварыў велізарную феад. імперыю, якая распалася пасля яго забойства (1747). Анархія і феад. ўсобіцы зноў прывялі краіну да паліт. і эканам. заняпаду. У канцы 18 ст. да ўлады прыйшла Каджарская дынастыя (1796—1925). З гэтага часу І. — аб’ект эканам. экспансіі еўрап. краін, пераважна Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі. У выніку англ. і франц. калан. палітыкі, Рускаіранскіх войнаў 19 ст. былі падпісаны нераўнапраўныя дагаворы, якія ператварылі І. у рынак збыту прамысл. тавараў еўрап. краін. Абвастрэнне сац. супярэчнасцей, рост незадаволенасці нар. мас выліліся ў Бабідскія паўстанні 1848—52, а пазней у антыфеад. і антыкалан. Іранскую рэвалюцыю 1905—11, у ходзе якой абвешчана канстытуцыя, скліканы меджліс (парламент), праведзены інш. дэмакр. пераўтварэнні. Баючыся росту рэв. настрояў, Вялікабрытанія і Расія заключылі пагадненне (1907) і падзялілі І. на брыт. і рас. сферы ўплываў. У канцы 1911 рэвалюцыя задушана аб’яднанымі англа-рас. войскамі і кансерватыўнымі ўнутр. сіламі. У 1-ю сусв. вайну тэр. І., нягледзячы на абвешчаны ёй нейтралітэт, ператварылася ў арэну ваен. дзеянняў паміж ваюючымі дзяржавамі: паўн. раёны занялі рас. войскі, паўд. — англійскія. У 1919 прабрытанскі ўрад Васуг эд-Доўле заключыў пагадненне з Вялікабрытаніяй, якое фактычна ператварыла І. у брыт. пратэктарат. У 1919—22 антыбрыт. настроі і нац.-вызв. рух узмацніліся, асабліва ў паўн. і паўн.-ўсх. правінцыях (Іранскі Азербайджан, Харасан), дзе пад кіраўніцтвам камуністаў (у 1920 засн. Іранская камуніст. партыя) пачаліся ўзбр. паўстанні; у Гіляне абвешчана сав. рэспубліка. У лют. 1921 адбыўся дзярж. пераварот. Новы ўрад ануляваў англа-іранскае пагадненне 1919 і заключыў дагавор з Сав. Расіяй (сав. ўрад адмовіўся ад усіх прывілеяў, атрыманых царскім урадам, і ануляваў іранскія даўгі, але захаваў права ўвесці свае войскі на тэр. І. пры пэўных абставінах). У кастр. 1925 меджліс абвясціў, што Каджарская дынастыя скінута. Шахам І. пад імем Рэза-шах стаў заснавальнік дынастыі Пехлеві Рэза-хан. Ён ажыццявіў шэраг рэформ, скіраваных на мадэрнізацыю дзяржавы, узмацненне цэнтр. улады і кансалідацыю грамадства. Адначасова жорстка падаўляліся вызв. рух і сепаратысцкія імкненні нац. меншасцей, праводзіліся тэрор і рэпрэсіі ў дачыненні да дэмакр. апазіцыі. У знешняй палітыцы Рэза-шах займаў антысав. пазіцыі, адначасова імкнуўся да вызвалення І. з-пад брыт. ўплыву. З гэтай мэтай было наладжана паліт. і эканам. супрацоўніцтва з фаш. Германіяй, чые пазіцыі ў І. ў 2-й пал. 1930-х г. значна ўзмацніліся. З пач. 2-й сусв. вайны ў краіне пашырылася дзейнасць ням. агентуры. Пасля нападу фаш. Германіі на СССР сав. ўрад, спасылаючыся на дагавор 1921, увёў у паўн. правінцыі І. свае войскі, адначасова на падставе дэкларацыі ўрадаў СССР і Вялікабрытаніі ў паўд. правінцыі ўведзены брыт. (з 1942 і амер.) войскі. Тут была таксама Андэрса армія. У вер. 1941 Рэза-шах адрокся ад прастола на карысць свайго сына Махамеда Рэза Пехлеві. У вер. 1943 І. аб’явіў вайну фаш. Германіі. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 у дэкларацыі, прынятай кіраўнікамі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, даваліся гарантыі цэласнасці, незалежнасці і суверэннасці І., а таксама эканам. дапамогі. У гады вайны ў краіне павялічылася актыўнасць левых сіл, асабліва на тэр., занятай сав. войскамі (у 1941 засн. Нар. партыя І.), у 1945—46 у Іранскім Азербайджане і Курдыстане ўтвораны аўт. рэспублікі, ліквідаваныя пасля вываду адтуль сав. войск.

Ў 1949—51 у І. разгарнуўся масавы рух за нацыяналізацыю прадпрыемстваў англа-іранскай нафтавай кампаніі, які ўзначаліў Нац. фронт на чале з М.Масадыкам. У сак. 1951 меджліс прыняў закон аб нацыяналізацыі нафтавай прам-сці, быў сфарміраваны ўрад на чале з Масадыкам. Ў выніку дзярж. перавароту Масадык зняволены, у жн. 1953 прэм’ер-міністрам стаў ген. Ф.​Захедзі. У І. значна ўзмацніўся ўплыў ЗША. У 1954 І. падпісаў пагадненне з Міжнар. нафтавым кансорцыумам аб перадачы яму ў эксплуатацыю паўд.-іранскай нафты, у 1955 І. уступіў у Багдадскі пакт (гл. Арганізацыя цэнтральнага дагавора). У выніку антыўрадавых выступленняў у пач. 1960-х г. у І. ажыццёўлены шэраг сац.-эканам. рэформ (т. зв. «белая рэвалюцыя»), якія мелі на мэце паскарэнне развіцця краіны на зах. ўзор, створана Партыя Новага І., што падтрымлівала праграму рэформ. Палепшыліся адносіны з СССР: у 1963 і 1966 падпісаны сав.-іранскія пагадненні аб эканам. і тэхн., у жн. 1966 і культ. супрацоўніцтве. У час ізраільска-араб. вайны 1967 І. падтрымаў араб. краіны. Нягледзячы на фармальны ўдзел у ваен. блоку СЕНТО і ваен. пагадненне 1959 з ЗША, І. імкнуўся праводзіць незалежную ўнутр. (закон 1973 аб поўнай нацыяналізацыі нафтавай прам-сці) і знешнюю (супрацоўніцтва з сацыяліст. краінамі) палітыку. У 1970-я г. ў грамадстве ўзмацнілася незадаволенасць палітыкай шаха, яго метадамі кіравання і ажыццяўлення рэформ. У апазіцыю ўключыліся і кансерватыўнае мусульм. духавенства (лічыла рэформы ў грамадстве занадта радыкальнымі), і прадстаўнікі левадэмакр. руху (выступалі супраць дэспатычнага праўлення). У 1975 y І. забаронена дзейнасць усіх паліт. партый, створана адзіная Партыя нац. адраджэння І.; узмацніліся рэпрэсіі супраць апазіцыі (дзейнасць тайнай паліцыі САВАК). У 1976—78 актыўнасць апазіцыі пабольшала, у барацьбу ўключыліся прадстаўнікі практычна ўсіх слаёў грамадства, а ў выніку Іранскай рэвалюцыі 1987—79 шахскі рэжым скінуты. 1.4.1979 абвешчана Ісламская Рэспубліка І., у снеж. 1979 прынята новая канстытуцыя, паводле якой паліт. і духоўным кіраўніком краіны стаў лідэр мусульм. апазіцыі аятала Р.​Хамейні. У студз. 1980 абраны першы ў гісторыі І. прэзідэнт — А.​Бані-Садр, адбыліся выбары ў меджліс. Значныя эканам. і чалавечыя страты краіне нанесла ірана-іракская вайна 1980—88. У чэрв. 1981 меджліс пазбавіў Бані-Садра ўлады, на пасаду прэзідэнта выбраны мусульм. тэолаг С.​А.​Хаменеі, што засведчыла рэліг.-паліт. адзінства судовай, заканадаўчай і выканаўчай улады. Пасля смерці аяталы Хамейні (1989) Хаменеі выбраны рэліг.-паліт. кіраўніком краіны. У 1990 падпісаны мірны дагавор і ўстаноўлены дыпламат. адносіны з Іракам. Урад І. асудзіў уварванне Ірака ў Кувейт, але пратэставаў супраць ваен. інтэрвенцыі зах. дзяржаў і блакады Ірака. У час вайны ў Персідскім зал. 1990—91 І. захаваў нейтралітэт. Пасля капітуляцыі Ірака ён прыняў тысячы бежанцаў — курдаў і іракскіх шыітаў. Паступова І. выходзіць з паліт. ізаляцыі, наладжвае кантакты з краінамі Захаду і ЗША, а таксама араб. краінамі. На выбарах 1997 прэзідэнтам краіны выбраны М.​Хатамі. І. — чл. ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў сак. 1993.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Паводле канстытуцыі і закону 1981 дзейнасць паліт. партый і неісламскіх арг-цый забаронена. У краіне дзейнічаюць Нац. дэмакр. фронт, праварадыкальная Паніранская партыя, Дэмакр. партыя Іранскага Курдыстана; камуніст. Нар. партыя І. на нелегальным становішчы і дзейнічае пераважна ў эміграцыі. З 1989 пачаўся працэс легалізацыі паліт. партый. Прафсаюзы распушчаны ў 1963.

Гаспадарка. І. — аграрна-індустр. краіна. З пераходам краіны на рыначны шлях развіцця адноўлены разбураныя вайною з Іракам (у 1980-я г.) раёны, буйныя інвестыцыі ўкладзены ў электраэнергетыку, нафтавую і газавую прам-сць, створана сучасная інфраструктура (дарогі, парты, сродкі сувязі). Аб’ём валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у 1996 склаў 356,7 млрд. дол. ЗША. Доля прам-сці ў ВУП 36%, сельскай гаспадаркі 20%. Вядучая галіна прамысловасці — здабыўная, якая дае асн. прыбытак ад экспарту (87% нафтавая) і забяспечвае нац. гаспадарку сыравінай. Здабыча нафты ў 1995 склала 188 млн. т (4-е месца ў свеце). Перапрацоўка на буйных з-дах у Тэгеране, Ісфахане, Шыразе, Тэбрызе, Абадане. Здабыча спадарожнага і прыроднага газу 25 млрд. м³ (1994). Здабываюць вугаль, храміты, свінцова-цынкавыя, медныя, марганцавыя і жал. руды. На базе нафты развіваецца нафтахім. прам-сць. Вытв-сць аміяку, азотнай к-ты, мачавіны ў Шыразе, Абадане, на в-ве Харк. Магутнасць электрастанцый каля 19 млн. кВт (1996), пераважаюць ЦЭС. Вытв-сць электраэнергіі 79 млрд. кВт. гадз. Пры дапамозе Расіі ў раёне г. Бушыр будуецца АЭС, пры садзейнічанні фірм Японіі і ЗША — гідратэхн. комплекс на р. Карун. З галін цяжкай прам-сці вылучаюцца чорная і каляровая металургія. Вытв-сць сталі ў 1994—4,9 млн. т (Ісфахан, Ахваз), вогнетрывалых матэрыялаў (Эмінабад), медзі (Серчэшме), свінцу і цынку (Зенджан), свінцу (Бафк), алюмінію (Эрак). Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены зборачнымі і ваен. з-дамі (Керэдж, Тэбрыз, Тэгеран). Развіваецца эл.-тэхн. прам-сць (вытв-сць радыёпрыёмнікаў, тэлевізараў, калькулятараў). Прадпрыемствы па вытв-сці цэменту (17,6 млн. т, 1995) у Шыразе, Мешхедзе, Тэгеране, Дарудзе. Развіта тэкст. (баваўняная, суконная, джутавая), абутковая і трыкат. прам-сць, пераважна ў Тэгеранскім, Ісфаханскім і Мазендэранскім астанах. Харч. прам-сць прадстаўлена цукр. (1 млн. т, 1994), алейнай, мукамольнай, рысаачышчальнай, кансервавай, чайнай, тытунёвай галінамі. Ёсць прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці па вытв-сці паперы, кардону, мэблі. Развіта саматужная вытв-сць дываноў, метызаў. Менш развіта сельская гаспадарка. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 10% тэр. краіны. Вядучая галіна — раслінаводства, развіццё якой стрымлівае недахоп арашальных зямель (пл. 4,2 млн. га). Аснова раслінаводства — збожжавыя культуры, пл. пасеваў 9,5 млн. га (1995). Збор (млн. т, 1995) пшаніцы — 11,2, ячменю — 3,1, рысу — 2,3. Значныя пасевы бабовых (фасоля, гарох, сачавіца). Вырошчваюць і тэхн. культуры (пл. каля 500 тыс. га): цукр. буракі, сою, бавоўнік, кенаф, тытунь, чай, кунжут, клешчавіну, опіумны мак. Збор (тыс. т., 1995): цукр. буракоў — 5900, соі — 934, бавоўны — 198, чаю — 56. Развіта агародніцтва. Спецыялізуецца І. на вырошчванні яблыкаў (4% сусв. вытв-сці, 1995), груш (1,6%), сліў (1,9%), вінаграду (3,6%), цытрусавых, персікаў, абрыкосаў, інжыру, фісташак, гранатаў, хурмы. Бахчаводства. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, пашавая. Гадуюць (млн. галоў, 1996) авечак — 51,5, коз — 25,8, буйн. раг. жывёлу — 8,5, коней — 0,3, свіней, аслоў, вярблюдаў, птушку. Развіта шаўкаводства і рыбалоўства (388,3 тыс. т, 1995). Вытв-сць зярністай і паюснай ікры. Транспарт. Даўж. аўтадарог каля 140 тыс. км, у т. л. асфальтаваных 42,7 тыс. км (1996). Аўтамаб. транспартам перавозіцца каля 80% грузаў унутры краіны. Аўтапарк каля 1,6 млн. машын (1996). Даўж. чыгунак 6,4 тыс. км. Марскі транспарт перавозіць каля 50% імпарту краіны. Танаж марскога флоту каля 9 млн. т дэдвейт. Гал. парты ў Персідскім зал. — Харк і Бендэр-Махшэхр (вываз нафты), Абадан, Харэмшэхр, Бендэр-Хамейні, Бушыр (каля 90% знешнегандл. грузаў), у Каспійскім м. — Энзелі і Наўшэхр. Суднаходства па воз. Урмія і р. Карун. У краіне 3,9 тыс. км прадуктаправодаў, 5,9 тыс. км нафтаправодаў, 4,55 тыс. км газаправодаў. 26 аэрапортаў. Экспарт (1997, 22 млрд. дол. ЗША): нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, дываны, бавоўна, тканіны, сухафрукты, руды каляровых металаў, ікра. Імпарт (1997, 15 млрд. дол. ЗША): машыны і абсталяванне, хім. прадукцыя, медыкаменты, харч. прадукты. Асн. гандл. партнёры: Германія, Японія, Італія, Аб’яднаныя Араб. Эміраты, Паўд. Карэя і інш. Гандл. абарот Рэспублікі Беларусь з І. у 1996 склаў 17,5 млн. дол. ЗША. Грашовая адзінка — рыял.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС), ваенізаваныя фарміраванні — корпус «стражнікаў ісламскай рэвалюцыі» (КСІР) і жандармерыю. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 518 тыс., жандармерыі 50 тыс. чал. Камплектуюцца па прызыве. У сухап. войсках больш за 300 тыс. чал., на ўзбраенні 1470 танкаў, 1995 гармат, каля 6,5 тыс. мінамётаў, больш за 800 процітанк. і 2 тыс, зенітных сродкаў, больш за 300 верталётаў і 77 самалётаў армейскай авіяцыі, інш. зброя і тэхніка. У ВПС 30 тыс. чал. асабовага складу (у т. л. 12 тыс. у ППА), 297 баявых самалётаў. У ВМС 18 тыс. чал., 3 падводныя лодкі, 21 баявы карабель, 20 ракетных і 26 патрульных катэраў, 9 баявых верталётаў марской авіяцыі. У сухап. войсках КСІР больш за 350 тыс. чал., каля 1 тыс. танкаў, больш за 600 гармат палявой артылерыі, больш за 2 тыс. мінамётаў і інш.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 66,5, жанчын 69,2 года. Смяротнасць 6 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 650 чал., урачамі — 1 на 1600 чал. Узровень нараджальнасці 33 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 2,6%. Дзіцячая смяротнасць 51 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—5 гадоў, 12-гадовую агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. навуч. ўстановы, ВНУ. Агульнаадук. школа мае 3 ступені (пач, няпоўная і поўная сярэднія). Пач. школа з 6—10-гадовага ўзросту. Пасля 5 гадоў навучання вучні здаюць экзамен і могуць прадоўжыць навучанне ў 3-гадовай няпоўнай -сярэдняй (арыентацыйнай) школе. Поўная сярэдняя школа (макс. ўзрост для паступлення 24 гады) уключае 9—12 кл., апошні — падрыхтоўчы ў ВНУ. Навучанне ў ёй вядзецца на 2 аддзяленнях (гуманіт. і прыродазнаўчанавуковым). Перс. мова і л-ра, замежная мова, рэлігія — агульныя прадметы на абодвух аддзяленнях. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 1-2-гадовыя пач. прафес. школы (на базе агульнаадук. пач. школы), 2- і 4-гадовыя прафес.-тэхн. і спец. вучылішчы (на базе няпоўнай сярэдняй школы). У 1996/97 навуч. г. ў краіне 79 ун-таў і каледжаў (каля 300 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ВНУ: Тэгеранскі ун-т (з 1934), Тэхнал. і інж. ун-т (з 1928), Іранскі нац. ун-т (з 1959) у Тэгеране, Ісфаханскі ун-т (з 1950), Тэхнал. ін-т (з 1939) у Абадане і інш. Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1935) у Тэгеране, Б-ка мячэці імама Разы ў Мешхедзе, б-кі ун-таў. Музеі: Галестанскі палац (з 1894), Археал. (з 1936) і Этнагр. (з 1938) музеі ў Тэгеране, музей «Парс» (з 1938) у Шыразе. Навук. даследаванні праводзяць спец. цэнтры (Доследны цэнтр іранскай культуры, Нац. цэнтр гісторыі мастацтва і археалогіі і інш.), а таксама цэнтры галіновых мін-ваў, Іранскай нац. нафтавай кампаніі, ун-ты і ін-ты. Вядучае месца сярод н.-д. устаноў І. займаюць цэнтры і ін-ты Тэгеранскага ун-та. Каардынуе н.-д. работу Навукова-даследчы к-т (з 1967; уваходзіць у склад мін-ва навукі і вышэйшай адукацыі).

Друк, радыё, тэлебачанне. Прэса пераважна кантралюецца дзяржавай. Сярод буйных выданняў газ. «Абрар» (на перс. мове) і «Tehran Times» («Тэгеранскі час», з 1979, на англ. мове). Найб. тыраж маюць штодзённыя тэгеранскія вячэрнія газ. «Этэлаат» («Паведамленні», з 1925, на перс. мове) і «Кейхан» («Сусвет», з 1942, на перс. мове, з 1980 і на араб., з 1984 і на тур. мовах). Інфарм. агенцтва Ісламік Рыпаблік Ньюс Эйджэнсі (засн. ў 1936 у Тэгеране як ПАРС, з 1982 ІРНА). Радыё і тэлебачанне падпарадкаваны ўрадавай структуры Ісламік Рыпаблік оф Іран бродкастынг. Радыё па 1, 2 і 3-й (перадачы на Еўропу, Азію, Афрыку і частку ЗША) агульнанац. праграмах. Перадачы для замежжа трансліруюцца на англ., франц., тур., ням., ісп., араб., урду, пушту, арм., рус., курдскай мовах. 2 агульнанац. тэлепраграмы, 28 мясц. тэлевізійных станцый.

Літаратура. Найб. стараж. помнікі пісьменнасці І. — клінапісныя надпісы (6 ст. да н.э.) на стараж.-перс. мове (пехлеві). Стараж. л-ра І. прадстаўлена адзіным помнікам — свяшчэннай кн. «Авеста». Рэліг.-навучальныя, рэліг.гіст. творы і паэзія на пехлеві развіваліся ў 2—7 ст. н.э. Пасля заваявання арабамі (7 ст.) літ. творы ў І. ствараліся пераважна на араб. мове. Л-ра ранняга сярэдневякоўя шматмоўная і шматжанравая. Арабамоўныя паэты 6—9 ст. аль-Хураймі, Башар ібн Бурд, Абу Нувас (іранцы па паходжанні) у паэт. формах рубаі, газелі, касыда, маснаві развівалі тэмы любові да радзімы, гуманіст. ідэі. На тэр. пражывання ўсх. іранцаў і таджыкаў зарадзілася л-ра на мове фарсі (перс.-тадж. л-ра), якая расквітнела ў 10 ст. (паэты А.​А.​Дж.Рудакі, А.Фірдаўсі). З 2-й пал. 10 ст. мова фарсі стала мовай л-ры і на Захадзе [ібн Сіна (Авіцэна), А.​Ш.​Балхі і інш.]. Як рэакцыя на ўціск дзярж. улады пачала развівацца містычна-філас. л-ра (Г.Умар Хаям і А.​М.​Насір Хасроў). Панегірычнай паэзіі процістаяў рамантычны эпас Нізамі Ганджэві. У 13—15 ст. развівалася філас.-містычная, т. зв. суфійская паэзія (Дж.​Румі), аформілася гуманіст. плынь (сатырык У.​Закані, паэты Саадзі і Хафіз), творчасць апошняга класіка паэта-містыка А.​Джамі. 16 — сярэдзіна 18 ст. — перыяд заняпаду перс. л-ры, працэс адасаблення тадж. л-ры; цюркамоўныя народы пачалі ствараць л-ру на роднай мове. У гэты час найб. шырока бытавалі жанры, якія апіраліся на фалькл. традыцыі (дастан), з’явіліся першыя запісы трагічных містэрый — тазіе з рэліг. сюжэтам. У 18 ст. створана літ. аб’яднанне «Вяртанне» (паэты Шуле, І.​Маштаг і інш.), члены якога імкнуліся адрадзіць стыль ранніх перс. класікаў (паэты Х.​Каані, Вісаль, М.​А.​Саруш Ісфахані). У 19 ст. сярод паэтаў найб. вядомыя аўтар сатыры «Сардар-намэ» М.​А.​Ягма Джандагі, М.​Саба; з’явіўся жанр мемуараў і падарожных нататкаў, нарадзіўся новы кірунак — асветніцтва (п’есы Мальком-хана, маст. творы Зейн-оль-Абедзіна Мерагеі і інш.). У творчасці паэтэсы Жале загучаў голас пратэсту супраць прыгнёту жанчыны на Усходзе. Падзеі пач. 20 ст. (рэвалюцыя 1905—11, нац.-вызв. рух 1918—21) адлюстраваліся ў паэзіі А.​Казвіні, М.​Т.​Бехара, прозе Ф.​Іездзі, гіст. аповесцях С.​Кермані, М.​Б.​Хасраві. Дамінуючы раней гіст. раман (Дж.​Фазел, А.​Халілі) у сярэдзіне 20 ст. саступіў месца традыц. раману (С.​Хедаят, Дж. аль-Ахмат і інш.) і навеле (С.М.​А.​Джамалзадэ). У паэзіі вылучыліся 2 плыні: паэзія класічных форм (Парвін Этэсамі) і новая, т. зв. бунтарская паэзія, якая адвяргала формы і сутнасць класічнай паэзіі (Німа Юшыдж, што ўвёў новыя тэмы і формы, М.​Х.​Шахрыяр, Сае). Сярод сучасных празаікаў найб. вядомыя аль-Ахмат, М.​Даўлатбадзі, А.​М.​Афгані, Дж.​Мір Садэкі, драматургаў — Хедаят, С.​Чубек, Г.​Саэдзі. Развіваецца публіцыстыка.

Архітэктура. Найб. стараж. помнікі на тэр. І. адносяцца да эпохі неаліту: рэшткі земляробчых паселішчаў з глінабітнымі і сырцовымі жытламі (5—4-е тыс. да н.э.; Тэпе-Сіялк). Ад часоў Элама захаваліся зікураты, ад 10—6 ст. да н.э. — скальныя пахавальні з двухстаўповай фасаднай нішай. Пры Ахеменідах у гарадах Пасаргады, Персепаль, Сузы будавалі манум. палацы з шматстаўповымі заламі (ападанамі), высокія калоны якіх увенчваліся складанымі капітэлямі. Палацы аздаблялі каменнымі рэльефамі. У 3—7 ст. інтэнсіўна будавалі ўмацаваныя гарады з рэгулярнай планіроўкай (Нішапур). Скляпеністыя залы (айваны) дапаўняліся купальнымі (Фірузабад, Сервестан), квадратныя ў плане свяцілішчы агню накрывалі купаламі. З араб. заваяваннем (7 ст.) і пашырэннем ісламу ў І. з’явіліся мячэці з шматкалоннымі скляпеністымі галерэямі вакол двара. У 11—14 ст. будавалі вежавыя маўзалеі (Гамбедэ-Кабус, 1006), мінарэты (Бестам, 1120), медрэсе і інш. Цагляную муроўку пакрывалі палівай. Да 12 ст. склаўся тып іранскай мячэці: прамавугольны двор, абкружаны галерэямі з 4 айванамі па восях і купальнай залай за адным з айванаў (Саборная мячэць у Ісфахане). Пасля манг. заваявання (1220-я г.) і ў часы праўлення ільханаў Хулагуідаў у архітэктуры ўзнікла імкненне да вытанчаных, моцна выцягнутых прапорцый і дэкору, насычанага разнастайнымі формамі і шматколернымі ўзорамі (8-гранны маўзалей Альджэйту-Хадабендэ ў Салыаніе, 1305—13, азерб. дойлід Алі-Шах). У перыяд Сефевідаў (16—17 ст.) пашырыліся буд-ва на караванных шляхах (караван-сараі, масты) і горадабудаўніцтва (Казвін); ствараліся грандыёзныя гар. ансамблі (Ісфахан), развівалася садова-паркавая архітэктура. У архітэктуры 20 ст. новыя тыпы пабудоў з жалезабетонных канструкцый, шкла і металу суіснуюць са стараж. і сярэдневяковымі традыцыямі. У 1930-я г. будавалі на ўзор палацаў Персепаля, ахеменідскіх ападанаў (будынак Археал. музея ў Тэгеране, 1938). Іх уплыў відавочны і ў пабудовах 1950—80-х г.: нац. с.-г. банк (1958, арх. М.​Фараўгі, А.​Садэгі, Зафар), будынак Сената (1959, арх. Фараўгі, Х.​Гіяі), гар. сад Баге-Мелі са штучным возерам, дзіцячым паркам і павільёнамі (арх. Х.​Сейхун) — усе ў Тэгеране.

Выяўленчае мастацтва. Маст. культура І. развівалася ва ўзаемадзеянні з маст. культурамі народаў Б. Усходу, Цэнтр. і Сярэдняй Азіі. У 3—2-м тыс. да н.э. на ПдЗ І. развівалася мастацтва дзяржавы Элам. Серыя арыгінальных твораў тарэўтыкі (рэльефная апрацоўка вырабаў з металу), выяўленая на ўзгорку Хасанлу каля воз. Урмія, сведчыць пра існаванне тут буйной маст. школы ў 1300—1000 да н.э. Кераміка гэтага перыяду адметная формамі (збаны са злівам у выглядзе трылісніка) і высокім узроўнем тэхналогіі (чорныя з глянцаваннем танкасценныя фігурныя і зааморфныя пасудзіны). У зах. І. выяўлена «лурыстанская бронза» 12—7 ст. да н.э.: літыя рытуальныя сякеры, кінжалы, дэталі конскай вупражы, аздобленыя выявамі фантаст. істот. У 7—1-й пал. 6 ст. да н.э. цэнтрам маст. культуры была дзяржава Мідыя. У мастацтве перыяду Ахеменідаў (6—4 ст. да н.э.) найб. значнай была манум. скульптура: каменныя (Персепаль) і шматколерныя паліваныя (Сузы) рэльефы з выявамі ўрачыстых працэсій і інш. Захаваліся сярэбраныя і залатыя пасудзіны з чаканкай і гравіроўкай, пячаткі, манеты, тканіны, аздобленыя сцэнамі барацьбы «цара-героя» з пачварай, ваен. трыумфаў, палявання, геральдычнымі і расліннымі матывамі. У канцы 4—2 ст. да н.э. ў І. ствараліся помнікі ўсх. эліністычнага мастацтва. У мастацтве дзяржавы Сасанідаў (3—7 ст.) асн. роля належала манум. скульптуры (статуя Шапура I, высечаная ў гіганцкім сталактыце ў гроце каля Бішапура; каменныя рэльефы ў Накшы-Рустэме, Таге-Бастане); росквіту дасягнула мастацтва тарэўтыкі і гліптыкі. Араб. заваяванне (7 ст.) і пашырэнне ісламу ў І. суправаджалася зменамі эстэт. уяўленняў, развіццём арнаменту, каліграфіі і дэкар. пачатку ў выяўл. мастацтве. Ад 8—13 ст. захаваліся фрагменты насценных размалёвак і стукавыя пано са сцэнамі палявання, прыдворнага жыцця (з палацаў Рэя, Саве, Нішапура). Пра існаванне мініяцюры сведчыць ілюстраваная «Кніга адлюстраванняў пастаянных сузор’яў» Абдарахмана ас-Суфі (1009—10, мастак аль-Хусейн). У 11—12 ст. пашыраны бронз. вырабы з меднай і сярэбранай інкрустацыяй, пасудзіны з каляровага шкла, шыкоўна арнаментаваныя тканіны. 9—13 ст. — росквіт мастацтва керамікі з размалёўкай люстрам, ажурна-праразным і гравіраваным (сграфіта) арнаментам і інш. (Нішапур, Рэй, Кашан, Саве). Пасля манг. заваявання (1220-я г.) у мініяцюру, аздабленне керамікі і тканіны праніклі далёкаўсх. выяўл. і дэкар. матывы (драконы, феніксы, лотасы). Іншаземны ўплыў быў перапрацаваны ва ўласна іранскі стыль у шыразскай школе мініяцюры і ў размаляванай кераміцы Кашана 1-й пал. 14 ст. У развіцці мініяцюры 15 — пач. 16 ст. важную ролю адыгралі жывапіс герацкай школы мініяцюры і творчасць Х.​Бехзада. Эпоха Сефевідаў (16—17 ст.) вылучалася росквітам мастацтва рукапіснай кнігі і мініяцюры (школы: тэбрызская, мешхедская, казвінская, ісфаханская школа). У Тэбрызе, Кашане, Ісхафане выраблялі шоўк, аксаміт, парчу, атлас, тканіны з тканымі сюжэтнымі выявамі, ваўняныя і шаўковыя дываны, размаляваны фаянс і інш. У 18—19 ст. нац. маст. традыцыі працягваліся ў нар. мастацтве. Пад уплывамі еўрап. мастацтва ў 2-й пал. 17 ст. ўзніклі алейны жывапіс і акварэль (А.​Сані-оль-Мольк, Махмуд Малек-ош-Шаара). З пач. 20 ст. развіваецца сучаснае выяўл. мастацтва. У 1920 мастак Кемаль оль-Мольк засн. Школу жывапісу і скульптуры ў Тэгеране. Побач з рэаліст. кірункам (жывапісцы Х.​А.​Вазіры, М.​Макадам, А.​Амеры, скульпт. А.​Садэгі) развіваліся традыц. (мініяцюрысты Бехзад, А.​Імамі) і мадэрнісцкія плыні. З’явілася цікавасць да нар. жывапісу, лубка. У 1959 у Тэгеране засн. Вышэйшая школа дэкар. мастацтваў, мастакі якой імкнуцца да засваення традыцый мініяцюры, каліграфіі, керамікі, дыванаробства, стварэння самабытных твораў мастацтва. У сучасным І. найб. папулярныя інкрустацыя дрэвам, перламутрам і косцю, чаканка па метале (Ісфахан, Шыраз).

Музыка І. складвалася ў працэсе гіст. сінтэзу і ўзаемадзеяння найстараж. культур, якія існавалі на тэр. сучаснага І., і муз. традыцый Сярэдняй, Цэнтр., Паўд. Азіі і Закаўказзя. Традыц. музыка ўключае лакальныя муз. і муз.-танц. формы. Сярод муз. інструментаў найб. пашыраны: струнна-шчыпковыя — бэрбэт, танбур, уд, тар (тыпу лютні), струнна-смычковы рэбаб, сантур (тыпу цымбалаў), духавыя най (флейта), зурна (тыпу габоя), медны духавы карнай, ударныя дэф (бубен), накхар (парны барабан) і інш. Сярод жанраў ісламскай (шыіцкай) традыцыі: азан (заклік да малітвы), тазіе (містэрыя-драма), марсіе (жалобныя плачы), маснаві (суфійскія містычныя паэмы). Асновы іран. класічнай музыкі закладваліся ў часы Ахеменідаў (6—4 ст. да н.э.), Сасанідаў (3—7 ст. н.э.), пазней Абасідаў. Яе інстр. і вак.-паэт. жанры засн. на прынцыпе ладамеладычнага разгортвання і кампазіцыйнай будовы дастгаху. Вял. ўклад у музыку сярэдневякоўя зрабілі вучоны і спявак, аўтар сямі «каралеўскіх ладоў» Барбад, заснавальнік шэрагу паэт. і муз. норм класічнай іран. музыкі А.Фірдаўсі і інш. Класічная муз. тэорыя распрацавана ў трактатах Кіндзі (9 ст.), Фарабі (10 ст.). Традыцыі прафес. музыкі І. падтрымлівалі спадчынныя групы паэтаў і музыкантаў — ашугі і мутрэбы. У традыц. музыцы склаліся характэрныя тыпы ансамбляў — даст-эматрэб, сазандэ, навазандэ з 3—5 выканаўцаў. З канца 19 ст. ў музыку І. пранікаюць еўрап. ўплывы (традыцыі ваен. аркестраў, некат. формы папулярнай музыкі). Муз. цэнтрам стаў Тэгеран. Адкрыты кансерваторыя еўрап. тыпу (1918), т-р оперы і балета (1967), створаны аркестры нац. інструментаў, сімф. аркестр (1946), філарманічнае т-ва (1940), Цэнтр па захаванні і пашырэнні традыц. музыкі, Вышэйшае муз. вучылішча (1908), Нац. кансерваторыя (1949). Пасля абвяшчэння Ісламскай рэспублікі (1979) тут дазволены толькі афіц. песні і рэліг. формы муз. мастацтва.

Тэатр. У даісламскі перыяд (да 7 ст.) тэатр элементы прысутнічалі ў рытуалах зараастрыйскіх магаў, у нар. звычаях. Захаваліся звесткі пра стараж. т-р перс. скамарохаў «базігер»; ладзіліся прадстаўленні масак, было развіта мастацтва пантамімы, т-раў ценяў і лялек (Пахлаван-Качаль — т-р пятрушак, хеймешаб-базі — т-р марыянетак). Самая стараж. тэатр. форма мусульманскага І. — нар. містэрыя тазіе («суцяшэнне», «аплакванне»). У 17—18 ст. на матэрыяле першапачатковых спісаў з’явіліся запісы містэрый у форме вершаў. Выконваліся яны нараспеў акцёрскім ансамблем з гараджан-мужчын з фіксаваным размеркаваннем роляў. Да 1930-х г. існавалі вандроўныя акцёры масхарэбаз, якія выконвалі імправізацыйныя быт. сцэнкі камічнага характару. Першы дзярж. т-р створаны ў 1890 пры Політэхн. вучылішчы Дар-оль-фанун для палацавай знаці. Ён пачаў сваю дзейнасць з пераробак п’ес еўрап. аўтараў. На пач. 20 ст. створана тэатр. акцыянернае т-ва «Фарханг», у 1911—12 — Нац. т-р, у 1917 — т-р «Іранская камедыя», пры ім існавала акцёрская школа, што падрыхтавала першых іранскіх актрыс. Цэнтрам тэатр. мастацтва 1.1930—40-х г. стаў Тэатр-студыя ў Тэгеране (засн. ў 1932 першым тэатр. мастаком С.​Керманшахі). Значную ролю ў іранскім тэатр. мастацтве адыграў акцёр, рэж., драматург А.​Нушын, які ў 1942 стварыў т-р «Фарханг» (з 1945 «Фірдаўсі», потым «Саадзі»). У 1-й пал. 20 ст. з’явіліся таксама т-ры «Камедые ахван» («Камедыя братоў»), «Ханар», «Гаўхар», «Тэатрэ кешвар» і інш. ў Тэгеране, правінцыяльныя сцэны ў Рэшце, Мешхедзе, Ісфахане і інш. З канца 1940-х г. т-р І. перажыў крызіс (адсутнасць фінансавання, тэатр. памяшканняў, прафес. акцёраў). З 1960-х г. назіраецца ўздым т-ра: з’яўляюцца пастаянныя трупы («Тэатр сёння», Нац. трупа і інш.), працуюць т-ры ў Тэгеране («25-га шахрывара», «Касра», «Наср», «Джамеэе Барбад»), Мешхедзе (Нац. т-р), Ісфахане («Сепахан»), Хамадане («Буалі») і інш.

Кіно. Першыя фільмы ў І. зняты ў 1930—40-я г. (нямы фільм «Абі Рабі» Эханіяна, 1930, гукавы — «Дачка Лора» А.​Х.​Сепенгы, 1934). У 1945 рэж. І.​Кушан стварыў у Тэгеране першую кінастудыю «Мітрафільм» (пазней «Парсфільм»). Стужкі Кушана і інш. рэжысёраў былі пераважна камерцыйныя (касцюмныя драмы і меладрамы, на гіст. сюжэты). Рэгулярная кінавытворчасць пачалася ў 1950-я г. Вехай нац. кіно стаў фільм рэж. А.​Шыразі «Партовы злодзей» (1954) пра побыт і адносіны людзей ніжэйшых сац. колаў. У 1960-я г. ў Тэгеране ўзніклі недзярж. кінастудыі: «Іран-фільм», «Афа Талаі», «Караван-фільм» і інш., якія здымалі пераважна фільмы «лёгкіх» жанраў — меладрамы, камедыі, дэтэктывы, мюзіклы і фільмы на матэрыяле мінулага («Зуб дракона», «Любоўная пастка» Кушана, «Адзін крок да смерці» Ж.​Вазіяна, «Сельская мелодыя» М.​Махсені і інш.). Некаторыя фільмы адлюстроўвалі нар. жыццё («Ластаўкі вяртаюцца ў свае гнёзды», «Цэгла і люстэрка» І.​Галестана, «Але цяжкасці застаюцца» Х.​Дар’юша і інш.). Важную ролю ў гісторыі іранскага кіно адыграла творчасць рэж. Д.​Мехрджуі («Карова», 1970, «Дзівак», 1971, «Паштальён», 1973), Ш.​Салеса, М.​Набілі, М.​Кім’яі, Б.​Фарманара. З абвяшчэннем Ісламскай Рэспублікі ў фільматворчасці 1980-х г. адбыліся значныя змены. На гэты перыяд прыпадае росквіт кінаталентаў, што дэбютавалі ў 1970-я г.: рэж. Б.​Бейзаі («Балада пра Тару», «Смерць Яэдгерда», «Чужы Башу», «Магчыма, у другі раз» і інш., сучасныя сюжэты якіх афарбаваны містыкай); А.​Кіярастамі («Першакласнікі», «Дзе дом сябра?», «Дамашняе заданне», пра паэтычны свет маленства); Н.​Таўгаі (тэлефільм «Светласць у прысутнасці іншых», «Капітан Харшыд»). У 1980-х г. творчую дзейнасць пачалі рэж. М.​Махмалбаф, Э.​Хатамікія, М.​Сабазадэ, Х.​Кавуш, Н.​Нікнежад, М.​Давідэлі, В.​Карым-Масіхі, К.​Айры, І.​Фарузеш і інш. Для кіно гэтага перыяду характэрны тэматычная і стылявая разнастайнасць, увасабленне паліт. і сац. з’яў. У стужках 1990-х г. знайшлі адлюстраванне падзеі ірана-іракскай вайны («Ад Кархе да Рэйна» Хатамікіі), быт. тэмы, т. зв. сямейныя «разборкі» ў рэтра-стылі («Апошні акт» В.​Карым-Масіхі), свету кіно («Аднойчы ў кіно», «Салам, сінема» Махмалбафа), «анталогія прытворства» («Акцёр» Махмалбафа), дабрыня, кволасць дзіцячага свету («А жыццё працягваецца», «У засені аліў», «Смак чарэшні» Кіярастамі). Развіта дакумент. кіно (рэж. Махмалбаф). У 1990-я г. стваралася да 50 фільмаў за год.

Літ.:

История Ирана. М., 1977;

Арабаджян З.А. Иран;

власть, реформы, революции (XIX—XX вв.). М., 1991;

Morgan D. Medieval Persia 1040—1797. London;

NewYork, 1988;

Брагинский И.С. Из истории персидской и таджикской литературы. М., 1972;

Комиссаров Д.С. Пути развития новой и новейшей персидской литературы: Очерки М., 1982;

Дандамаев М.А., Луконин В.Г. Культура и экономика Древнего Ирана. М., 1980;

Виноградов В.С. Классические традиции иранской музыки. М., 1982.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), В.​М.​Навумчык (асвета, навук. ўстановы), Г.​М.​Бутырчык (літаратура), А.​М.​Гарахавік (музыка), А.​М.​Міхеева (тэатр), А.​П.​Бабкова (кіно).

Герб і сцяг Ірана.
Да арт. Іран: 1 — рысавыя палі на Прыкаспійскай нізіне; 2 — Тэгеран. Паўночная частка горада.
Да арт. Іран. Іранскае нагор’е.
Да арт. Іран. Старажытнаіранскія воіны эпохі Ахеменідаў. Фрагмент рэльефу з Персепаля.
Да арт. Іран. Горад Персепаль. 5—4 ст. да н.э.
Да арт. Іран. Саборная мячэць у Ісфахане.
Да арт. Іран. Керамічны збан з г. Кашан.
Да арт. Іран Талерка, аздобленая люстрам, з г. Кашан. 1210.
Да арт. Іран Адам і Ева. Ілюстрацыя да рукапісу Манафі аль-Хаяван. 1294—99.
Да арт. Іран. Мініяцюра «Прыезд Шырын да Фархада» да рукапісу «Хамсс» Нізамі. Шыразская школа. 1491.
Да арт. Іран. Парчовая тканіна з выявай куста шыпшыны і птушкі. Сярэдзіна 17 ст.
Да арт. Іран. Дыван з г. Казвін. 2-я пал. 16 ст.

т. 7, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́КСІКА (México, Méjico),

Мексіканскія Злучаныя Штаты (Estados Unidos Mexicanos), дзяржава на Пд Паўн. Амерыкі. Мяжуе на Пн з ЗША, на ПдУ з Гватэмалай і Белізам. На З абмываецца Ціхім ак. (на значным працягу Каліфарнійскім зал.), на У — Карыбскім м. і Мексіканскім зал. Атлантычнага ак. Пл. 1958,2 тыс. км². Нас. 98,6 млн. чал. (1998). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г. Мехіка. Падзяляецца на 31 штат і сталічную Федэральную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (16 вер.).

Дзяржаўны лад. М. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1917 (са зменамі і дапаўненнямі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 6 гадоў без права перавыбрання. Прэзідэнт назначае членаў урада і звальняе іх, назначае ген. пракурора і губернатара федэральнага раёна, прадстаўнікоў дыпламат. прадстаўніцтваў і вышэйшых афіцэраў арміі. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму Нац. кангрэсу, што выбіраецца па сістэме прапарцыянальнага прадстаўніцтва: сенат — 128 сенатараў, якія выбіраюцца на 6 гадоў (палавіна складу сената выбіраецца кожныя 3 гады), палата дэпутатаў — 500 дэпутатаў, што выбіраюцца на 3 гады. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду, які падсправаздачны яму. Кожны штат мае сваю канстытуцыю і заканад. органы.

Прырода. М. размешчана ў паўд. ч. Кардыльер Паўн. Амерыкі. Большую ч. тэр. М. займае Мексіканскае нагор’е (пераважныя выш. 1000—2000 м, на Пд у Папярочнай Вулканічнай Сьеры дзеючыя вулканы Арысаба — 5700 м, Папакатэпетль — 5452 м і інш.). На Пд ад р. Бальсас — Паўд. Сьера-Мадрэ (выш. да 3703 м). На Пд і ПдУ ад перашыйка Тэўантэпек — хрыбты Сьера-Мадрэдэ-Ч’япас і вулканічны масіў Ч’япас. Уздоўж берагоў нізіны і раўніны. П-аў Каліфорнію займаюць невысокія горныя масівы, п-аў Юкатан раўнінны, развіты карст. Бываюць землетрасенні і вывяржэнні вулканаў, асабліва на Пд. У М. шмат карысных выкапняў: нафта, прыродны газ, свінцова-цынкавыя, медныя, сярэбраныя, ртутныя, сурмяныя, кадміевыя, алавяныя, вальфрамавыя, залатыя руды. Ёсць радовішчы каменнага вугалю, самароднай серы, плавікавага шпату, графіту і інш. Клімат на б.ч. краіны трапічны, на Пн субтрапічны. Сярэдняя т-ра студз. ад 10 °C на ПнЗ да 25 °C на Пд, ліп. ад 15 °C на ўзвышаных раўнінных частках нагор’я да 30 °C на беразе Каліфарнійскага зал. У гарах кліматычная вышынная пояснасць. Гадавая колькасць ападкаў ад 100—200 мм на Пн да 2000—3000 мм на паўд. наветраных схілах. Амаль палавіна тэр. М. на Пн мае недастатковае ўвільгатненне. Рачная сетка на ПдУ густая, на ПнЗ вельмі рэдкая. Найб. рэкі: Рыо-Брава-дэль-Нортэ (Рыо-Грандэ, на мяжы з ЗША), Бальсас, Рыо-Грандэ-дэ-Сант’яга, прывусцевы ўчастак р. Каларада і інш. Гідраэнергапатэнцыял рэк — каля 80 млн. кВт. Расліннасць вельмі разнастайная, лясы займаюць 29%. На Пн — пустыні і паўпустыні з ксерафільнай флорай (кактусы, агавы, юка), на Пд нагор’я і прылеглых берагавых нізінах — саванны (злакавае покрыва і калючыя хмызнякі). У гарах на Пн лісцевыя і мяшаныя лясы (дуб, граб, ліпа, хвоя, піхта). На Пд трапічныя лясы, на ўсх. схілах — вільготныя, вечназялёныя, на зах. схілах — сухія пераважна хваёвыя; каля падножжа гор лістападныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў. Жывёльны свет пустынь і паўпустынь прадстаўлены грызунамі, у горных лясах водзяцца чорны мядзведзь, янот-паласкун, чырвоная рысь, пума, у саваннах — дрэвавы дзікабраз, мурашкаед, у трапічных лясах на Пд — малпы, тапір, ягуар. Нац. паркі: Кумбрэс-дэ-Мантэрэй, Сьера-дэ-Сан-Педра-Мартыр, Каньён-дэль-Рыо-Бланка, Невададэ-Талука, Ла-Малінчэ і інш. Біясферны запаведнік Сіян-Каан на п-ве Юкатан і запаведнік кітоў Эль-Віскайна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусв. спадчыны.

Насельніцтва. Больш за 80% складаюць мексіканцы — нацыя, якая ўтварылася ад змяшання індзейцаў з іспанцамі. Карэнныя індзейскія народы (ацтэкі, майя, цэльталі, цацылі, хуастэкі, татанакі, міхе, атомі, міштэкі, масахуа, масатэкі, чынантэкі, тараскі і інш.) жывуць пераважна ў цэнтр. і паўд. раёнах.

Жывуць таксама выхадцы з Еўропы (іспанцы, баскі, немцы, французы, італьянцы і інш.), ураджэнцы розных краін Амерыкі, яўрэі, кітайцы, японцы і інш. Іспана-індзейскія метысы складаюць 75% насельніцтва, індзейцы — 9%, нашчадкі еўрапейцаў — 15%, інш. — 1%. Вернікі пераважна католікі (89,7%). Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 50,4 чал. на 1 км², найб. (да 500 чал. на 1 км²) — у міжгорных катлавінах Цэнтр. і Паўд. М. У гарадах жыве 74% (1998), у т. л. ў буйных гарадах (больш за 700 тыс. ж. у кожным) — 33%. Характэрная рыса — гіпертрафіраванае развіццё сталічнай і некалькіх інш. агламерацый (млн. ж., 1995): Мехіка — 20,2, Гвадалахара — 3,43, Мантэрэй — 1,1, Пуэбла — 1, Леон — 0,9, Сьюдад-Хуарэс — 0,8. У сельскай гаспадарцы занята 28% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 24%, у сферы паслуг — 48%.

Гісторыя. Чалавек на тэр. М. пачаў рассяляцца каля 20—15 тыс. г. да н.э. З 8-га тыс. да н.э. пачаўся пераход ад палявання і збіральніцтва да земляробства. Аснову харчавання народаў Цэнтр. Амерыкі ў 8—2-м тыс. да н.э. складалі зерне злакаў, бабовыя, кабачкі і гарбузы. Адной з найстаражытнейшых у Амерыцы (на тэр. сучасных мекс. штатаў Табаска і Веракрус) была цывілізацыя альмекаў, росквіт якой адносіцца да 1500—600 да н.э. Многія вучоныя лічаць, што альмекская цывілізацыя стала крыніцай, з якой наступныя цэнтр.-амер. цывілізацыі запазычылі элементы вераванняў, традыцый і архітэктуры. У 1-м тыс. н.э. важным культ., адм. і эканам. цэнтрам Цэнтр. Амерыкі быў г. Тэатыўакан у цэнтры М. У сярэдзіне 7 ст. ён быў разбураны ў выніку заваявання або прыроднай катастрофы. Каля 500 н.э. на тэр. сучаснага штата Аахака ўзнікла цывілізацыя плямён сапатэкаў. Фрагменты створанай імі іерагліфічнай пісьменнасці захаваліся на руінах храмаў і дамоў іх сталіцы. На мяжы 1-га тыс. да н.э. і 1-га тыс. н.э. на тэр. паўд. М., Гватэмалы, Гандураса і Беліза склалася унікальная цывілізацыя плямён майя, росквіт якой прыпадаў на 250—900 н.э. Па нявысветленых прычынах каля 900 асн. цэнтры майя абязлюдзелі і ч. насельніцтва перасялілася на п-аў Юкатан, дзе культура майя развівалася да заваявання М. іспанцамі ў 16 ст. У 8—9 ст. н.э. ў цэнтр. М. склалася дзяржава тальтэкаў. У 10 ст. яны праніклі на Юкатан і ў горную Гватэмалу, дзе падначалілі асобныя групы майя. У 2-й пал. 12 ст. нашэсце. з Пн ваяўнічых плямён, сярод якіх былі і ацтэкі, паклала канец панаванню тальтэкаў у М. У 1325 ацтэкі заснавалі ў цэнтр. М. г. Тэначтытлан. У пач. 16 ст. іх імперыя ахоплівала тэр. плошчай каля 200 тыс. км² з нас. 5—6 млн. чал., але была нетрывалай.

У 1517 ісп. канкістадоры пад кіраўніцтвам Ф.​Кордавы дасягнулі мекс. ўзбярэжжа ў раёне Юкатана, але ў сутычцы з майя панеслі значныя страты. У 1519 губернатар Кубы Д.​Веласкес накіраваў для заваявання М. атрад Э.Картэса. Ацтэкі на чале з Куаўтэмакам упарта супраціўляліся, аднак іспанцы пры дапамозе паўстаўшых супраць ацтэкаў плямён пасля 3-месячнай аблогі 15.8.1521 захапілі і разбурылі Тэначтытлан, на яго месцы заснавалі горад Мехіка, які стаў адм. цэнтрам віцэ-каралеўства Новая Іспанія. Да канца 16 ст. іспанцы ў асн. завяршылі заваяванне М. Каталіцкія місіянеры, што прыйшлі разам з канкістадорамі. распачалі хрысціянізацыю індзейцаў. Большасць карэннага насельніцтва была пазбаўлена амаль усіх сваіх зямель і апынулася ў поўнай залежнасці ад калан. улад, землеўладальнікаў-іспанцаў і каталіцкай царквы. Індзейцы адбывалі працоўную павіннасць і плацілі падушны падатак, былі прымацаваны да буйных маёнткаў — асьендаў і з цягам часу ператварыліся ў спадчынных даўгавых нявольнікаў — пеонаў. У сувязі з недахопам рабочых рук, выкліканым вял. смяротнасцю сярод індзейцаў з-за эпідэмій і жорсткага абыходжання іспанцаў, у М. пачалі ўвозіць неграў-нявольнікаў з Афрыкі. Адбывалася змяшэнне еўрап., індзейскага, афр. насельніцтва і ўтварэнне новых этн, груп — метысаў, мулатаў, самба. Вышэйшыя адм., ваен. і царк. пасады займалі прывілеяваныя вярхі, што складаліся з ураджэнцаў метраполіі. Яны валодалі найб. маёнткамі і руднікамі і ўціскалі правы карэннага насельніцтва М. Метраполія вывозіла з М.-калоніі ўсё неабходнае і ўвозіла туды свае тавары па завышаных цэнах, што выклікала незадаволенасць мясц. насельніцтва каланіяльным рэжымам. Буйныя антыкалан. паўстанні адбыліся ў 1624 і 1692 у Мехіка, у 1660 у Аахаке, у 1761 на Юкатане, у 1762 у Мічаакане. У пач. 19 ст. незадаволенасць насельніцтва вылілася ў моцны вызв. рух, які стаў часткай вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. Штуршком да пачатку рэв. падзей у М. сталі ісп. рэвалюцыя 1808—14, антыісп. паўстанні, што выбухнулі ў крас. 1810 у паўд.-амер. калоніях Венесуэла, Новая Гранада і Ла-Плата. Нар. паўстанне ў М., якое пачалося 16.9.1810 у с. Далорэс на чале з М.Ідальга, хутка набыло агульнанац. характар. Ідальга заклікаў да скасавання нявольніцтва, расавай дыскрымінацыі і феад. павіннасцей, патрабаваў вяртання індзейцам адабраных зямель. Большасць крэолаў (патомкі еўрап. пасяленцаў, што нарадзіліся ў М.) стала на баку ісп. улад, таму ў студз. 1811 рэв. армія была разбіта, Ідальга ўзяты ў палон і расстраляны. На чале вызв. барацьбы стаў Х.М.Марзлас. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы захапілі значную ч. тэр. М., у т. л. г. Акапулька. У вер. 1813 Нац. кангрэс, скліканы ў Чыльпансінга па ініцыятыве Марэласа, прыняў дэкларацыю аб незалежнасці М. Аднак у канцы 1815 іспанцы разграмілі асн. сілы паўстанцаў і пакаралі смерцю Марэласа. Пачалася зацяжная партыз. вайна. Ініцыятыву ў вызв. руху перахапілі буйныя землеўладальнікі, купцы і вышэйшае духавенства на чале з ген. А.​Ітурбідэ, армія якога заняла Мехіка. 28.9.1821 абвешчана незалежнасць М. У маі 1822 Ітурбідэ абвясціў сябе імператарам пад імем Аўгусціна I, але ў сак. 1823 прыхільнікі рэсп. ладу адхілілі яго ад улады. 4.10.1824 прынята канстытуцыя, што ўстанавіла ў М. рэспубліку. 1825—55 характарызаваліся жорсткай барацьбой за ўладу паміж рознымі паліт. і ваен. групоўкамі. У 1834 у краіне ўсталявалася дыктатура А.​Санта-Аны, які афіцыйна быў прэзідэнтам у 1833—35, 1841—44, 1846—47, 1853—55. Унутрыпаліт. нестабільнасць у М. выкарысталі суседнія дзяржавы. У 1845 ЗША анексіравалі Тэхас, у 1846 пачалі амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 і нанеслі М. паражэнне. Паводле Гуадалупе-Ідальга мірнага дагавора 1848 М. страціла больш за палавіну сваёй тэр. (вобласці Верхняя Каліфорнія, Арызона і інш.). У ліп. 1854 супраць дыктатуры Санта-Аны пачалося паўстанне, якое перарасло ў рэвалюцыю. У 1855 дыктатар скінуты і да ўлады прыйшлі лібералы, што прынялі шэраг антыклерыкальных законаў і новую канстытуцыю (1857). У адказ кансерватыўна-клерыкальныя колы ўзнялі мяцеж і скінулі ліберальны ўрад І.​Каманфорта. У абарону канстытуцыі выступілі лібералы на чале з часовым прэзідэнтам рэспублікі Б.Хуарэсам Гарсія. У ліп. 1859 урад Хуарэса Гарсія выдаў «законы аб рэформе», якія прадугледжвалі нацыяналізацыю царк. маёмасці. аддзяленне царквы ад дзяржавы, увядзенне грамадз. шлюбу.

У 1860 лібералы перамаглі ў працяглай грамадз. вайне. У 1861 Францыя, Вялікабрытанія і Іспанія, каб абараніць свае інвестыцыі, пачалі інтэрвенцыю ў М. (гл. Мексіканская экспедыцыя 1861—67). У крас. 1864, пры дапамозе франц. акупантаў, марыянетачная асамблея абвясціла М. імперыяй на чале з франц. стаўленікам Максімілянам I Габсбургам. Аднак у выніку барацьбы мекс. патрыётаў на чале з Хуарэсам Гарсія (прэзідэнт у 1861—72), якую падтрымалі ЗША, франц. войскі ў 1867 былі выведзены і ліквідавана марыянетачная імперыя; Максімілян I быў узяты ў палон і расстраляны. З 1876 у М. ўсталявалася дыктатура ген. П.Дыяса (прэзідэнт у 1877—80, 1884—1911), пры якой фактычна былі скасаваны канстытуцыйныя свабоды, пазбаўлены паліт. ўплыву Нац. кангрэс, латыфундысты масава экспрапрыіравалі сял. землі, узмацнілася пранікненне іншаземнага капіталу ў эканоміку краіны.

Незадаволенасць дыктатарскім рэжымам усіх слаёў насельніцтва прывяла да мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. Яе важнейшым вынікам стала прыняцце 31.1.1917 новай канстытуцыі, якая прадвызначыла дэмакр. развіццё М. і зрабіла вялізны ўплыў на ўсю Лац. Амерыку. У перыяд прэзідэнцтва В.​Карансы (1917—20) паліт. становішча ў М. вызначалася нестабільнасцю. Наступныя ўрады А.​Абрэгона (1920—24) і П.​Кальеса (1924—28) пачалі правядзенне агр. і адукац. рэформ, абмежавалі пазіцыі іншаземнага капіталу ў нафтавай прам-сці. Ажыццяўленне ж антыклерыкальных рэформ выклікала паўстанне т.зв. крыстэрасаў, падтрыманае кансерватыўнай апазіцыяй. З канца 1920-х г. выявіўся паварот управа мекс. урадаў (4 за 1928—34). Узмацненне левага крыла правячай Нац.-рэв. партыі (створана ў 1929, у 1938—46 наз. Партыяй мекс. рэвалюцыі, з 1946 — Інстытуцыйна-рэв. партыя) спрыяла прыходу да ўлады ген. Л.​Кардэнаса (прэзідэнт у 1934—40), які паспяхова працягваў агр., адукац. і сац. рэформы; у 1937 часткова нацыяналізаваны чыгункі. у 1938 — прадпрыемствы амер. і брыт. нафтавых кампаній. Урад прэзідэнта А.​Камача (1940—46) абвясціў 22.5.1942 вайну фаш. Германіі і яе саюзнікам. У 1940—80-я г. ўрады прэзідэнтаў М.​Алемана (1946—52), А.​Руіса Картынеса (1952—58), А.​Лопеса Матэаса (1958—64), Г.​Дыяса Ордаса (1964—70), Л.​Эчэверыі (1970—76), Х.Лопеса Партыльё (1976—82), М. дэла Мадрыд Уртада (1982—88) праводзілі палітыку, накіраваную на ўзмацненне пазіцый нац. прадпрымальніцтва ўнутры краіны і на міжнар. арэне, ажыццяўлялі сац.-эканам. рэформы. Дзяржава актыўна ўмешвалася ў эканам. жыццё і пашырала дзярж. сектар эканомікі. Аднак працягвалася ўзбагачэнне заможных слаёў насельніцтва, а ўзровень жыцця сярэдніх і ніжэйшых слаёў зніжаўся. Незадаволенасць нар. мас прымушала ўрад праводзіць палітыку сац. манеўравання (стварэнне Кангрэса працы Ў 1966, новы закон аб агр. рэформе 1971, закон аб сац. забеспячэнні 1972, пашырэнне правоў паліт. партый у 1977 і інш.). На мяжы 1990-х г. М. перажывала востры эканам. і сац. крызіс. Прэзідэнт К.​Салінас дэ Гартары (1990—94) абвясціў курс на правядзенне неаліберальных рэформ (шырокая прыватызацыя дзярж. уласнасці, лібералізацыя знешняга гандлю і інш.). Іх ажыццяўленне толькі ўзмацніла сац. праблемы ў краіне. У 1994—96 адбывалася паўстанне індзейцаў у штаце Ч’япас, арганізаванае Сапацісцкай арміяй нац. вызвалення. Урад прэзідэнта Э.​Седыльё Понсе дэ Леона (выбраны 1.12.1994) ажыццяўляе канцэпцыю мадэрнізацыі — комплекс паліт. і сац.эканам. рэформ, накіраваных на дэцэнтралізацыю дзярж. кіравання, скарачэнне нерэнтабельнага дзярж. сектара, узмацненне адкрытасці эканомікі і прадпрымальніцкай дзейнасці. У лют. 1996 падпісана мірнае пагадненне з сапацістамі аб канстытуцыйных папраўках, згодна з якімі карэннае насельніцтва атрымае адэкватнае прадстаўніцтва ў парламенце. З ліп. 1997 правячая Інстытуцыйна-рэв. партыя не мае большасці ў парламенце. М. праводзіць актыўную знешнюю палітыку, выступае за рэарганізацыю ААН у новых умовах, абсалютнае вяршэнства права ў міжнар. справах, неўмяшанне ва ўнутр. справы інш. краін, ядзернае і звычайнае раззбраенне, раўнапраўнае супрацоўніцтва дзяржаў. М. — член ААН (з 1945), Арганізацыі амер. дзяржаў (з 1948), Лацінаамер. эканам. сістэмы (з 1975), Паўн.-амер. асацыяцыі свабоднага гандлю (НАФТА, з 1994), інш. міжнар. арг-цый, адна з заснавальніц Еўрап. банка рэканструкцыі і развіцця. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 14.1.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Інстытуцыйна-рэв. партыя, Партыя нац. дзеянне, Партыя дэмакр. рэвалюцыі, Сацыяліст. нар. партыя, Сапраўдная партыя мекс. рэвалюцыі і інш. Асн. прафс. аб’яднанні: Кангрэс працы, Канфедэрацыя працоўных М., Федэрацыя прафсаюзаў дзярж. служачых і інш.

Гаспадарка. М. — індустрыяльна-агр. краіна, адна за найб. развітых краін Лац. Амерыкі са шматгаліновай гаспадаркай і багатай мінеральна-сыравіннай базай. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. каля 8,1 тыс. долараў. 26% яго ўтвараецца ў прам-сці, 8% — у сельскай гаспадарцы, 67% — у сферы паслуг. З сярэдзіны 1990-х г. у краіну адкрыты свабодны доступ замежнага капіталу, з 1994 М. — член НАФТА (Паўночнаамерыканскай асацыяцыі свабоднага гандлю, уключае М., ЗША, Канаду). У прамысловасці гал. галіны — горназдабыўная, нафтавая і нафтахім., металургічная, буд., тэкст., харчовая. Характэрна высокая канцэнтрацыя ў сталічнай агламерацыі і некалькіх буйных прамысл. цэнтрах (Мантэрэй, Гвадалахара). У горназдабыўной прам-сці вядучая роля належыць нафтагазавай галіне з высокай ступенню канцэнтрацыі і захаваннем пазіцый дзярж. нафтавай карпарацыі «Пемекс». Па здабычы нафты (163 млн. т, 1996) займае 1-е месца, па здабычы прыроднага (у асн, спадарожнага) газу (каля 30 млрд. м³ штогод) — адно з першых месцаў у Лац. Амерыцы. Найбуйнейшыя радовішчы ў штатах Ч’япас, Табаска, на шэльфе Мексіканскага заліва. Здабываецца каля 11 млн. т каменнага вугалю (штат Кааўіла), каля 10,6 млн. т жал. руды (штат Дуранга). Здабыча руд каляровых металаў (сканцэнтраваны на Пн) мае сусв. значэнне. Вытв-сць (тыс. т, 1996): свінцу — 180, цынку — 355, медзі — 202, серабра — 2,3, вальфраму — 190. Экспартнае значэнне мае здабыча самароднай серы (1,7 млн. т, 1996), плавікавага шпату, сурмы, графіту, ртуці, вісмуту, кадмію. Вытв-сць электраэнергіі 154,4 млрд. кВтгадз (1996). Больш за 50% электраэнергіі даюць ЦЭС, ёсць буйныя ГЭС на рэках Грыхальва і Бальсас, працуюць геатэрмальныя і сонечныя электрастанцыі, АЭС. Чорная металургія выпускае 12 млн. т сталі; камбінат у г. Ласара-Кардэнас (штат Мічаакан), 2 з-ды поўнага цыкла ў штаце Нуэва-Леон. Каля палавіны здабытай нафты перапрацоўваюць некалькі дзесяткаў нафтаперапр. з-даў (агульная магутнасць 76 млн. т). Вядучыя пазіцыі займаюць хім. (базіруецца на перапрацоўцы нафтагазавай сыравіны) і машынабуд. галіны прам-сці. М. — буйны вытворца і экспарцёр поліэтылену, метанолу, капралактаму. Выпускаецца каля 390 тыс. т хім. валокнаў (2,5% сусв. вытв-сці), развіта вытв-сць азотных (1,3 млн. т), фосфарных угнаенняў, сернай кіслаты, кальцыніраванай і каўстычнай соды, фармацэўтычнай прадукцыі. Гал. цэнтры хім. прам-сці — Мехіка, Ла-Кангрэхера, Каацакаалькас, Мінатытлан, Пахарытас. Машынабудаванне пастаўляе нафтавае абсталяванне, чыг. вагоны, электраматоры, трансфарматары, стальныя трубы, станкі, кавальска-прэсавае і тэкст. абсталяванне (Мехіка, Гвадалахара, Мантэрэй). Вылучаецца аўтамабілебудаванне (больш за 700 тыс. аўтамашын штогод) з буйнымі з-дамі замежных кампаній (Мехіка, Пуэбла, Талука, Сыодад-Саагун). Электронная прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па экспартнай перапрацоўцы паўфабрыкатаў з ЗША (Тыхуана, Мехікалі, Сьюдад-Хуарэс). Тэкст. прам-сць працуе на мясц. сыравіне. Буйны тэкст. раён — штат Пуэбла, вытв-сць баваўняных тканін у гарадах Матаморас і Сьюдад-Абрэгон, шаўковых і шарсцяных — у Мехіка, перапрацоўка хенекену на п-ве Юкатан. Вытв-сць разнастайных буд. матэрыялаў развіта ва ўсіх раёнах краіны. Вытв-сць цэменту — каля 20 млн. т (1997). Развіты галіны харч. прам-сці: мукамольная, вінаробная, цукровая, плодаагароднінакансервавая; саматужныя промыслы, у т. л. выраб керамікі, ручное ткацтва. Сельская гаспадарка характарызуецца высокім агратэхн. узроўнем (у М. быў пакладзены пачатак «зялёнай рэвалюцыі», выведзены высокаўраджайныя гатункі пшаніцы, кукурузы, сорга). С.-г. ўгоддзі займаюць 24,7 млн. га, арашаецца 6 млн. га. Характэрны канцэнтрацыя зямель у буйных жывёлагадоўчых гаспадарках на Пн, перавага дробных сял. гаспадарак у астатніх раёнах краіны. Асн. галіна — раслінаводства (дае больш за 60% кошту прадукцыі). Пад збожжавымі культурамі 10,3 млн. га. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (тыс. т, 1996): кукурузу — 16 187, пшаніцу — 3809, фасолю — 1276, бульбу — 1140, рыс — 454, сою — 239. Экспартныя культуры (тыс. т, 1996): цукр. трыснёг — 41 140, бавоўнік — 231, кава — 408, сізаль — 45, копра — 203. Грубавалакністая агава-хенекен вырошчваецца на п-ве Юкатан (90% сусв. збораў). Субтрапічнае і трапічнае пладаводства: цытрусавыя, у т. л. лімоны (950 тыс. т, 10,5% сусв. збору), бананы, манга, папайя, ананасы, вінаград. Вырошчванне ранняй агародніны на экспарт. Жывёлагадоўля мяснога кірунку выкарыстоўвае прыродныя пашы (74,5 млн. га). Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 30,2, свіней — 18, авечак — 6, коней — 6,2. Вакол вял. гарадоў — малочная жывёлагадоўля, прамысл. птушкагадоўля. Лясная гаспадарка і нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Марское рыбалоўства найб. развіта каля берагоў п-ва Каліфорнія. У 1996 вылаўлена 1260 тыс. т рыбы. У Мексіканскім зал. лоўля крэветак і вустрыц. Транспарт аўтамабільны, чыг., марскі. Аўтадарог 240 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 80 тыс. км, чыгунак — 26,5 тыс. км. Танаж марскога флоту больш за 1 млн. брута рэг. т. Гал. парты Веракрус, Тампіка, Каацакаалькас, Саліна-Крус, Гуаймас, Энсенеда. Развіты трубаправодны транспарт (даўж. 30 тыс. км), авіятранспарт (больш за 240 буйных аэрапортаў). У 1996 экспарт склаў 95,5 млрд. дол., імпарт — 88,5 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць машыны, абсталяванне і трансп. сродкі — 53,6%, мінер. сыравіна (пераважна нафта і нафтапрадукты) — 12%, с.-г. тавары і морапрадукты; у імпарце — машыны і абсталяванне — 39%, с.-г., спажывецкія тавары, паўфабрыкаты. Асн. гандл. партнёр — ЗША (80% экспарту, 75% імпарту), а таксама Канада, Японія, Германія. Развіты міжнар. турызм. У 1996 краіну наведала 21,6 млн. замежных турыстаў (пераважна з ЗША), даход ад турызму склаў 6,9 млрд. долараў. Турыстаў прывабліваюць стараж. помнікі культуры майя, ацтэкаў і інш. індзейскіх народаў, цудоўныя марскія курорты, унікальныя ландшафты, вял. гарады з арх. помнікамі каланіяльнага перыяду. Грашовая адзінка — песа.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (тэр. паліцыя). Агульная колькасць 189 тыс. чал. (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву У сухап. войсках 130 тыс. чал., на ўзбраенні 720 бронетранспарцёраў, 280 баявых разведвальных машын, 1,5 тыс. мінамётаў, 118 буксіравальных гармат і інш. У ВПС 8 тыс. чал., 125 баявых самалётаў і 95 баявых верталётаў. У ВМС 37 тыс. чал., у т. л. 8,6 тыс. чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў, 22 дапаможныя судны і інш.; у марской авіяцыі 9 баявых самалётаў і 12 разведвальных верталётаў.

Ахова здароўя. Пераважае дзярж. сістэма мед. абслугоўвання; платная дапамога ў залежнасці ад даходаў сям’і. Плацежаздольная ч. насельніцтва карыстаецца паслугамі ўрачоў прыватнай практыкі. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70,4, жанчын 77,8 года. Смяротнасць 5 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1196 чал., урачамі — 1 на 613 чал. Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 2,1%. Дзіцячая смяротнасць 24 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета. Сістэма адукацыі М. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—5 гадоў), пач. і сярэднюю школу, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Пач. школа 6-гадовая для дзяцей з 6-гадовага ўзросту. Больш за 30% пач. школ прыватныя. Сярэдняя агульнаадук. школа мае 2 ступені — 3-гадовую базавую (няпоўная сярэдняя адукацыя) і 3-гадовую «вышэйшую» з агульнаадук. або тэхн. ухілам. Выпускнікі сярэдняй школы (12—13 гадоў навучання) атрымліваюць званне бакалаўра, што дае перавагу пры паступленні ў ВНУ. Прафес. пач. адукацыю (с.-г., прамысл. і інш.) даюць цэнтры па падрыхтоўцы да працы, сярэднюю (3 гады навучання па гуманіт. або прыродазнаўчанавук. профілі) — т.зв. бачыльярата. У сістэме вышэйшай адукацыі М. больш за 200 навучальных устаноў, у т. л. 70 з універсітэцкім статусам. Сярод дзярж. ун-таў існуюць нац. і ун-ты штатаў. Вядучым з’яўляецца Мексіканскі нац. аўт. ун-т (з 1551) у Мехіка. Буйнейшыя ВНУ — ун-ты Гвадалахары (з 1792) і штата Веракрус (з 1944; размешчаны ў некалькіх гарадах штата). «Калехіо дэ Мехіка» — навуч. і навук. ўстанова ў галіне гуманіт. і грамадскіх навук (з 1940, складаецца з 6 цэнтраў), Нац. палітэхн. ін-т (з 1936) у Мехіка. Тэхнал. ін-т вышэйшых даследаванняў (з 1943; прыватны) у г. Мантэрэй. У Мехіка Нац. б-ка (з 1833), Нац. музеі антрапалогіі і гісторыі, Музей сучаснага мастацтва, Галерэя жывапісу і скульптуры Сан-Карлас, Музей мекс. флоры і фауны. Навук. даследаванні праводзяцца ў н.-д. цэнтрах Мекс. нац. аўт. ун-та, НДІ ун-та Гвадалахары, у «Калехіо дэ Мехіка». галіновых н.-д. цэнтрах.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. больш за 2 тыс. перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «El Universal» («Універсальная», з 1916), «Excélsior» («Эксельсіёр», з 1917), «La Prensa» («Прэса», з 1928), «El National» («Нацыянальная», з 1929), «Novedades» («Навіны», з 1936), «El Dia» («Дзень», з 1962), «El Heraldo de México» («Веснік Мехіка», з 1965) і інш. Інфарм. агенцтвы: нац. Інфармасьёнес Мехіканас (Інфармекс, засн. ў 1960), урадавае Натысіяс Мехіканас (Натымекс, засн. ў 1968). Дзейнічаюць больш за 700 радыёстанцый (усе камерцыйныя), у т. л. «Нуклеа радыё міл» (з 1960), «Група асір», «Арганізасьён імпулсора дэ радыё» (абедзве з 1965). Тэлебачанне з 1950, больш за 100 тэлестанцый. Вядучыя тэлекампаніі «Імевісьён» (дзярж., з 1968), «Тэлевіса» (прыватная, з 1973). Радыёвяшчанне і тэлебачанне кантралюе ўрадавае Гал. ўпраўленне сувязі.

Літаратура. Да 16 ст. існавала на мовах карэннага насельніцтва (майя, ацтэкаў, науа). Пасля заваявання М. ісп. каланізатарамі (16 ст.) развіваецца на ісп. мове. Першыя творы на ісп. мове напісаны канкістадорамі: «Лісты каралям Іспаніі» (1519—26) Э.​Картэса, «Сапраўдная гісторыя канкісты Новай Іспаніі» (1568) Б.​Дыяса дэль Кастыльё. На грамадскую думку і станаўленне мекс. л-ры вызначальна паўплывала дзейнасць ісп. асветніка-гуманіста Б. дэ Лас Касаса. У пач. 17 ст. з’явіўся першы ўласна маст. твор М. — паэма «Веліч Мексікі» Б. дэ Бальбуэны. Вядучае месца ў л-ры заняла паэзія, якая развівалася ў традыцыях ісп. барока (творчасць Х.І. дэ ла Крус). У пач. 18 ст. ў паэзіі ўзмацніліся антыкалан. тэндэнцыі (творы Р.​Ландывара, Ф.​Клавіхера). У перыяд барацьбы за незалежнасць (1810—24) росквіту дасягнулі патрыят. публіцыстыка і паэзія рэв. класіцызму (А.​Кінтана Роа). У час антыісп. вайны апубл. першы нац. раман — «Перыкільё Сарніента» Х.​Х.​Фернандэса дэ Лісардзі (1816). Напісаны ў традыцыях сатыр. шахрайскага рамана, ён залажыў асновы жанру лац.-амер. рамана. Пасля абвяшчэння незалежнасці М. ідэйна-маст. кірункам стаў рамантызм (паэзія М.​Акуньі, Г.​Прыета, раманы В.​Рыва Паласіо). Гіст. прозе рамантыкаў (раманы «Хітрыкі д’ябла» М.​Пайна, «Астусія...» Л.​Інклана і інш.) уласціва бытапісальнасць, т.зв. кастумбрызм з элементамі рэаліст. аналізу нац. жыцця. Вядучым рамантыкам, адным з заснавальнікаў нац. самабытнай мекс. л-ры быў І.​М.​Альтамірана, які выступіў у абарону незалежнай ад еўрап. мекс. л-ры. На мяжы 19—20 ст. у паэзіі пераважаў мадэрнізм, які арыентаваўся на франц. сімвалістаў і Парнаскую школу, але захоўваў цікавасць да нац. тэмы (М.​Х.​Атон, С.​Дыяс Мірон, М.​Гуцьерэс Нахера, А.​Нерва); у прозе ўзмацніліся пазіцыі рэалізму (раманы «Тамачык» Э.​Фрыяса, «Надзел» Х.​Лопеса Партыльё-і-Рохаса, «Санта» Ф.​Гамбоа). Прыкметнай з’явай у літ. жыцці М. стала стварэнне т.зв. рамана рэвалюцыі (М.Асуэла). Пісьменнікі гэтага кірунку (М.​Л.​Гусман, Г.​Лопес-і-Фуэнтэс, Х.​Р.​Рамера, Р.​Ф.​Муньёс, Н.​Кампабельё) звярталіся да адлюстравання жыцця і барацьбы працоўных у перадрэв. перыяд. Дакументальнасць, дынамізм характэрны для раманаў Х.​Мансісідора, п’ес Р.​Усіглі. 1-я пал. 20 ст. адзначана рэаліст. і авангардысцкімі пошукамі ва ўсіх літ. жанрах. Творчасць буйн. паэтаў Р.​Лопеса Велардэ, Э.​Гансалеса Мартынеса, К.​Пельісера адметная яркім лірызмам, імкненнем вобразна адлюстраваць асаблівасці духоўнага складу мексіканцаў. Ідэя нац. самавыяўлення і самавызначэння, адчувальная ў працах Х.​Васканселаса і А.​Рэеса, у поўнай ступені сцвердзіла сябе ў паэзіі А.Паса, які ўзбагаціў нац. лірыку маст. адкрыццямі. У 2-й пал. 20 ст. ідэйна-эстэт. дыяпазон нац. паэзіі і прозы пашырыўся. У л-ру прыйшло новае пакаленне пісьменнікаў — «новая хваля» (С.​Пітоль і інш.), для якога характэрна рэзкае непрыняцце мекс. рэчаіснасці, зварот да ўнутр. свету чалавека. Развіваліся раман (А.​Яньес, Х.​Рульфа, К.Фуэнтэс, Р.​Кастэльянас), літ. крытыка (Х.​Л.​Мартынес, А.​Кастра Леаль, Э.​Карбальё), працягваюцца пошукі новых форм і стылявых сродкаў. На бел. мову вершы мекс. паэтаў перакладае К.​Шэрман.

Архітэктура. У старажытнасці на тэр. М. развіваліся культуры індзейскіх плямён альмекаў, тальтэкаў, сапатэкаў, майя, ацтэкаў. Ад 8 ст. да н.э. — 9 ст. н.э. захаваліся прыступкавыя піраміды, увянчаныя храмамі (Піраміда Сонца ў Тэатыўакане, храм у Тахіне, «Храм надпісаў» у Паленке), руіны палацаў, «абсерваторыі» і інш. У 10 — пач. 16 ст. развіваліся індзейскія гарады (Тальян, Тэначтытлан і інш.) з манум. вырашэннем храмавай, палацавай, абарончай архітэктуры. Пабудовы вызначаліся яскрава выражанай сімвалічнасцю, кансерватыўнасцю тыпаў і форм, перавагай вонкавых мас над неразвітой унутр. прасторай. З канца 16 ст. на месцы зруйнаваных індзейскіх будаваліся ісп. гарады з гал. плошчай у цэнтры і аднолькавымі жылымі кварталамі (Мехіка). Па-за межамі гарадоў узводзілі ўмацаваныя кляштары з дварамі і адкрытымі капэламі (Актопан, Ататанілька-эль-Грандэ). Архітэктура мела эклектычныя раманска-гатычныя рысы з дамінаваннем суровага абарончага пачатку. У палацавым і храмавым буд-ве пераважалі матывы ісп. рэнесансу: палац Эрнана Картэса ў Куэрнаваке (1530—33), саборы ў Мехіка (1563—67), Мерыдзе (1563—99) і інш. З 17 ст. будавалі ў стылі барока, які ў 18 ст. дасягнуў надзвычайнай пышнасці дэкору — т.зв. ультрабарока, якое спалучала ісп. арх. матывы з нар. дэкар. традыцыямі, прыўнесенымі індзейцамі. Склаліся рэгіянальныя арх. школы ў Мехіка (храм Сантысіма Трынідад, 1755—83), Пуэбла (касцёл Сан-Франсіска, 1767) і інш. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. як рэакцыя на ультрабарока развіваўся класіцызм (будынак Горнай школы Ла Мінерыя, 1797—1813, арх. М.​Тальса), які ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. выцеснены эклектызмам (Палац прыгожых мастацтваў у Мехіка, 1904—34). У 1920—30-х г. склалася школа функцыяналізму (Ін-т гігіены ў Мехіка, 1925—26, арх. Х.​Вільягран Гарсія). У 1940-х г. склалася самабытная нац. арх. школа, якая спалучае прынцыпы функцыяналізму і нац. традыцыі (арх. А.​Арай, К.​Ласа, М.​Пані, А.​Прыета, П.​Рамірэс Васкес, Э.​Яньес і інш.). Сярод найбуйнейшых пабудоў 1940—50-х г. комплекс Універсітэцкага гарадка ў Мехіка (арх. кіраўніцтва Ласа), які ўключае больш за 40 будынкаў. У сучаснай мекс. архітэктуры распрацоўваюцца утылітарныя тыпы будынкаў, развіваецца т. зв. эмацыянальная архітэктура (арх. М.​Гёрыц, Х.​О’Горман, Л.​Бараган і інш.).

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. стараж. помнікі мастацтва індзейскіх плямён адносяцца да 15—10 ст. да н.э.: каменныя статуэткі, фігурны посуд і інш., якія вызначаліся багаццем і яркасцю форм, фальклорнымі матывамі. У арх. пабудовах былі пашыраны манум. статуі і рэльефы, якія спалучалі выяўл. і сімволіка-арнаментальныя кампазіцыі. З 16 ст. развіваліся пераважна манум. размалёўкі і скульптура ў стылі ісп. барока. Станковы жывапіс 16 — пач. 17 ст. прадстаўлены майстрамі сем’яў Эчаве і Хуарэс. У 1781 у Мехіка засн. Акадэмія Сан-Карлас. У 18 ст. пашырыўся жанр партрэта (Х. дэ Альсівар, М.​Кабрэра). У дэкар. мастацтве перапляталіся індзейскія і ісп. традыцыі (разьба на фасадах і рэтабла, кампазіцыі з каляровай кафлі, каваныя рашоткі). З канца 18 ст. мастацтва М. развівалася ў рэчышчы класіцызму (скульпт. М.​Тальса, Ф.​Э.​Трэсгерас). З сярэдзіны 19 ст. пашырылася сатыр. графіка (Х.​Г.​Пасада), склалася нац. школа пейзажу (Х.​М.​Веласка і інш.). У жанры партрэта працавалі Э.​Бустас, Х.​М.​Эстрада, у акад. Жывапісе — Х.​Кардэра, у скульптуры — М.​Нарэнья. Пашырыўся кірунак кастумбрызм. У 1922 па ініцыятыве Д.Сікейраса створаны «Рэвалюцыйны сіндыкат працаўнікоў тэхнікі і мастацтва», у які ўвайшлі найб. буйныя мастакі Х.К.Ароска, Д.Рывера і інш. У выяўл. мастацтве пераважала тэма мекс. рэвалюцыі 1910—17. У 1937 засн. «Майстэрня нар. графікі» (ініцыятар і кіраўнік Л.Мендэс). У 1940—70-я г. найб. дынамічна развіваліся манум. жывапіс (размалёўкі і мазаічныя рэльефы Ароска, Х.​Гансалеса Камарэны, Рыверы, Сікейраса, Х.​Чавеса Марада), гравюра і літаграфія (А.​Бельтран, А.​Гарсія Бустас, А.​Кінтэрас, Мендэс, П.​О’Хігінс). У галіне скульптуры працавалі Р.​Арэнас Бетанкур, К.​Брача, Г.​Руіс, у станковым жывапісе — Р.​Тамаё. Нар. дэкар. мастацтва захоўвае ісп. і індзейскія традыцыі: ткацтва з воўны, вышыўка, цісненне па скуры, пляценне з лісця пальмы і агавы, выраб керамічнага посуду, масак, драўляных лакавых прадметаў.

Музыка займала важнае месца ў жыцці стараж. насельніцтва М., у т. л. ацтэкаў. Іх песні разнастайныя: у гонар багоў, герояў і ваен. перамог, працоўныя, песні-заклінанні. Існавалі рытуальныя танцы. Сярод муз. інструментаў: барабаны, бразготкі, званочкі, марскія ракавіны з прасвідраванымі ў іх адтулінамі. а таксама флейты, драўляныя і касцяныя трубы і інш. У 20 ст. індзейская музыка захавалася ў некаторых штатах М. сярод нашчадкаў абарыгенаў. Апрача індзейскай развіваецца крэольская музыка. У нар. крэольскай музыцы найб. папулярныя песенна-танц. (сон, харабе, уапанга) і песенныя (кансьён, карыда) жанры. Традыц. муз. інструмент гітара. Тыповыя інстр. ансамблі мар’ячы (выконваюць нар. музыку, суправаджаюць спевы і танцы). Доўгі час практычна адзіным відам прафес. мастацтва была царк. музыка. З пач. 19 ст. ў Мехіка ставіліся італьян. оперы, наладжваліся публічныя канцэрты. У 1824 засн. філарманічнае т-ва, пры ім у 1866 — кансерваторыя, на базе якой у 1877 створана Нац. кансерваторыя. У сярэдзіне 19 ст. вылучыліся нац. кампазітары: С.​Паніягуа-і-Васкес (аўтар першай мекс. оперы «Каталіна Гіз», 1845), Р.​Кастра, А.​Артэга і інш. Рамант. традыцыі пач. 20 ст. ўвасоблены ў творах Х.​Ралона. Да нац. фальклору звярталіся М.М.Понсе, К.​Уісар. У галіне мікратонавай музыкі эксперыментаваў з канца 1920-х г. Х.​Карыльё. Вял. ўклад у развіццё муз. культуры М. зрабілі стваральнікі сучаснай кампазітарскай школы С.Рэвуэльтас і К.Чавес. Іх вучні — вядучыя мекс. кампазітары Д.​Аяла Перэс, Б.​Галінда Дымас, Х.​П.​Манкаё, С.​Кантрэрас і інш. Нац. кірунку ў творчасці прытрымліваюцца Л.​Сандзі, М.​Берналь Хіменес, К.​Хіменес Мабарак. У 1960-я г. выявіліся авангардысцкія тэндэнцыі, многія кампазітары эксперыментавалі ў галіне серыйнай, электроннай музыкі і інш. Сярод муз. дзеячаў дырыжор Л.​Эрэра дэ ла Фуэнтэ, скрыпач Г.​Шэрынг. У Мехіка працуюць: Нац. кансерваторыя, Вышэйшая муз. школа і сімф. аркестр пры Мексіканскім нац. аўтаномным ун-це, Нац. опера (з 1867), канцэртная зала Палаца прыгожых мастацтваў, Нац. сімф. аркестр (з 1948), Філарманічны аркестр (з 1978), Муз. дэпартамент Нац. ін-та прыгожых мастацтваў, муз. асацыяцыя імя Понсе, Т-ва мексіканскіх аўтараў і кампазітараў. Сімф. аркестры дзейнічаюць у шэрагу інш. гарадоў. Пашыраны вак.-інстр. ансамблі, якія выконваюць нар. музыку.

Тэатр. У аснове тэатр. мастацтва М. — індзейскія культавыя абрады. З 1597 у г. Мехіка існаваў т-р «Дом камедыі», дзе побач з рэліг. і алегарычнымі драмамі ставілі свецкія п’есы. У рэпертуары ранняга мекс. т-ра (16—17 ст.) — камедыі Лопэ дэ Вэгі, П.​Кальдэрона. Першыя вядомыя мекс. аўтары — манахі Ф.​Гансалес дэ Эслава і Х.​Перэс Рамірэс — пісалі рэліг. «выступленні» ў форме дыялогаў і маналогаў. На станаўленне мекс. т-ра паўплывалі драматургі Х.​Руіс дэ Аларкон-і-Мендоса, Х.І. дэ ла Крус. У 1670 у Мехіка адкрыты першы публічны т-р «Калісеа», у 1735 пабудаваны «Нуэва Калісеа», створаны пастаянныя т-ры ў Гвадалахары (1758), Веракрусе (1787) і інш. У 1823 адкрыты «Тэатра дэль паленке дэ лос гальёс» — першы т-р для народа. Ставіліся п’есы М.​Э.​Гарастысы, Ф.​Гамбоа, Х.​Х.​Гамбоа, М.​Даваласа, Х.​Х.​Руэды і інш. Сярод найб. вядомых акцёраў 19 ст. — М.​Маралес. Значную ролю ў актывізацыі тэатр. жыцця адыграла дзейнасць трупы (засн. 1917) пад кіраўніцтвам актрысы і рэж. В.​Фабрэгас, якая прапагандавала творы мекс. драматургаў. З канца 1920-х г. пачаўся рух за абнаўленне т-ра, узніклі эксперым. т-ры «Улісес», «Ар’ентасьён» (аматарскі), «Тэатра дэ аора» і інш. пры ўдзеле В.​М.​Дыеса Бараса, Х.​Вільяўрутыі, С.​Гарастысы, Р.​Усіглі, М.​Магдалена, С.​Нова. У 1946 у Мехіка засн. Нац. ін-т прыгожых мастацтваў, які арганізаваў Школу драм. мастацтва. Асн. кірункі ў развіцці сучаснага мекс. т-ра звязаны з эксперым. пошукамі, не выключаюць рысы кастумбрызму і сімвалізму. Сярод тэатр. дзеячаў: І.​Лопес Тарса, Д. дэль Рыо, Х.​Соле, Г.​Брача, І.​Рэтэс, Секі Сана; акцёры М.​Т.​Мантоя, А.​Гомес дэ ла Вэга, К.​Ансіра і інш. У Мехіка працуюць т-ры: «Хіменес Руэда», «Ідальга», «Хола», «Рзформа», «Інсурхентэс», Т-р для дзяцей і лялечны «Гіньёль», нар. т-р на адкрытым паветры.

Кіно. Кінавытворчасць у М. пачалася ў 1898 (запіс на кінастужку спектакля Х.​Сарыльі-і-Мараля «Дон Хуан Тэнорыо»). У 1910 пастаўлены першы ігравы фільм «Покліч смутку» (рэж. Ф. дэ Хесус Ара). У 1910—20-я г. здымаліся пераважна хранікальныя фільмы (рэпартажы С.​Таскана Барагана пра падзеі мекс. рэвалюцыі 1910—17). З 1930-х г. ствараліся меладрамы, муз. фільмы і камедыі з удзелам папулярных спевакоў. На развіццё мекс. кіно гэтага перыяду паўплывала творчасць рэж. С.​Эйзенштэйна і аператара Э.​Цісэ, якія ў 1931—32 знялі ў М. фільм «Хай жыве Мексіка!». Сярод рэжысёраў 1930—50-х г. Х.​Брача, К.​Вела, Р.​Гавальдон, А.​Галінда, Э.​Гомес Мурыэль, М.​Кантрэрас Торэс, К.​Навара, І.​Радрыгес, М.​Сакарыяс; акцёраў — П.​Армендарыс, Кантынфлас, Х.​Негрэтэ, Д. дэль Рыо і інш. Сусветную вядомасць атрымалі фільмы рэж. Э.​Фернандэса: «Марыя Кандэлярыя» (1944), «Жамчужына» (1947), «Рыо Эскандыда» (1943), «Сельская дзяўчына» (1949, у сав. пракаце «Мексіканская дзяўчына» і інш.). У 1946 засн. Кінаакадэмія. У 1950—60-я г. кінавытворчасць заняпала. Найб. значным дасягненнем гэтага перыяду сталі фільмы, якія здымаў у М. ісп. рэж. Л Буньюэль: «Забытыя» (1950), «Ён» (1953), «Назарын» (1958), «Анёл-знішчальнік» (1962), «Сімяон-стоўпнік» (1965) і інш. Сярод лепшых мекс. фільмаў «Карані» (рэж. Б.​Алазракі), «Мокрыя спіны» (рэж. Галінда, абодва 1955), «Тысок» (1956, рэж. Радрыгес), «Педра Парама» (1966, рэж. Вела), «Валянцін з Сьеры» (1967, рэж. Р.​Кардэна), «Эміліо Сапата» (1970), «Тыя гады» (1972), «Карцэр» (1974), «Каноа» (1975, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне, 1976), «Пакіянчыс» (1977; усе рэж. Ф.​Касальс) і інш. Найб. вядомыя дзеячы кіно: акцёры А дэ Кардова, І.​Лопес Тарса, М.​Фелікс, аператар Г.​Фігероа і інш. У 1983 засн. Ін-т кінематаграфіі. За лепшыя работы ў кіно Кінаакадэмія штогод прысуджае прэмію «Арыэль».

Літ.:

Альперович М.С. Рождение мексиканского государства. М., 1979;

Мексика: Тенденции экон. и соц.-полит. развития. М., 1983;

Очерки новой и новейшей истории Мексики, 1810—1945. М., 1960;

Паркс Г. История Мексики: Пер. с англ. М., 1949;

Культура Мексики. М., 1980;

Кутейщикова В.Н. Мексиканский роман. М., 1971;

Полевой В.М. Искусство стран Латинской Америки. М., 1967;

Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972;

Пичугин П.А. Мексиканская песня. М., 1977;

Музыка стран Латинской Америки. М., 1983.

І.​І.​Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.​Р.​Кошалева (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура), Л.​А.​Сівалобчык (музыка), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкар.-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Мексікі.
Да арт. Мексіка Паўпустынны ландшафт на Мексіканскім нагор’і.
Да арт. Мексіка. Марская платформа для здабычы нафты ў Мексіканскім заліве.
Да арт. Мексіка. Старажытны сабор у г. Кампечэ.
Да арт. Мексіка. Пляж у г. Акапулька.
Да арт. Мексіка. Возера ў старажытным кратэры вулкана каля г. Пуэбла.
Да арт. Мексіка. Ландшафт на Мексіканскім нагор’і.
Да арт. Мексіка. Хрышчэнне ацтэкаў каталіцкімі місіянерамі.
Да арт. Мексіка. Расстрэл імператара Максіміляна I і генералаў Мехіі і Мірамона 19.6.1867. Карціна Э.​Манэ. 1867.
Да арт. Мексіка «Храм надпісаў» у Паленке. 7—8 ст.
Да арт. Мексіка. Д.​Рывера. Гісторыя Мексікі. Размалёўка ў Нацыянальным палацы ў Мехіка, 1930—32.
Да арт. Мексіка. Д.​Сікейрас. Аўтапартрэт, вялікі палкоўнік. 1945.
Да арт. Мексіка. А.​Кінтэрас. Маці-індыянка з Мескіталя. 1957.

т. 10, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСПА́НІЯ (España),

Каралеўства Іспанія (Reino de España), дзяржава на ПдЗ Еўропы, на Пірэнейскім п-ве; уключае таксама Балеарскія а-вы ў Міжземным м. і Канарскія а-вы ў Атлантычным ак.; І. належаць гарады Сеута і Мелілья ў Афрыцы (на Пн Марока). Мяжуе на Пн з Францыяй і Андорай, на З з Партугаліяй, на Пд з брытанскім уладаннем Гібралтар. На Пн абмываецца Біскайскім зал., на ПнЗ і ПдЗ — Атлантычным ак., на ПнУ і У — Міжземным м. Падзяляецца на 50 правінцый, 47 з іх знаходзяцца на паўвостраве, а 3 — астраўныя (2 на Канарскіх а-вах, 1 на Балеарскіх а-вах). Правінцыі аб’яднаны ў 17 аўтаномных абласцей: Каталонія, Краіна Баскаў, Галісія, Андалусія, Валенсія, Эстрэмадура, Кастылія-Леон, Кастылія-Ла-Манча, Астурыя, Навара, Мурсія, Ла-Рыёха, Арагон, Кантабрыя, Мадрыд, Балеарскія а-вы, Канарскія а-вы. Пл. 504,8 тыс. км². Нас. 39,6 млн. чал. (1995). Сталіца — г. Мадрыд. Дзярж. мова — іспанская; афіцыйна карыстаюцца таксама каталанскай, баскскай, галісійскай мовамі. Нац. свята — Дзень ісп. нацыі (12 кастр., дата адкрыцця Х.​Калумбам Амерыкі).

Дзяржаўны лад. І. — спадчынная парламенцкая манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — кароль, роля якога ў асноўным мае прадстаўнічы характар. Заканад. орган — двухпалатны парламент (Ген. картэсы), складаецца з кангрэса дэпутатаў (350 чл.) і сената (208 чл.), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Законы, якія прымаюцца парламентам, зацвярджае кароль. Выканаўчы орган — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Урад фарміруе партыя, якая атрымала перамогу на выбарах у картэсы.

Пры каралі існуе кансультатыўны орган — Савет каралеўства. У Краіне Баскаў створаны аўт. ўрад. Суд. сістэма складаецца з цывільных і ваен. судоў. Суддзі назначаюцца ўрадам. У структуры цывільных судоў Вярх. суд, 15 апеляцыйных, 50 правінцыяльных і больш за 9 тыс. мясц. судоў.

Прырода. І. — гарыстая краіна. Пласкагор’і і горы займаюць 90% тэрыторыі. Цэнтр. ч. займае стараж., моцна разбуранае пласкагор’е Месета, прыўзнятае па краях. Яно акаймавана маладымі гарамі: на Пн Кантабрыйскімі, на ПнУ Іберыйскімі, на Пд Андалускімі з найвыш. вяршыняй — г. Муласен (3478 м). Цэнтр. Кардыльера (выш. да 2592 м) падзяляе Месету на Старакастыльскае (на Пн) і Новакастыльскае (на Пд) пласкагор’і. На ПнУ краіны — горы Пірэнеі (выш. да 3404 м, пік Анета) і Каталонскія горы. На ПнУ уздоўж р. Эбра знаходзіцца Арагонская раўніна, на ПдЗ уздоўж р. Гвадалквівір — Андалуская нізіна. Карысныя выкапні: медныя, ртутныя, свінцова-цынкавыя, жалезныя, вальфрамавыя, хромавыя, уранавыя руды, каменны вугаль, калійныя солі, сера, гаручыя сланцы. Клімат на б.ч. краіны міжземнаморскі з гарачым сухім летам і мяккай вільготнай зімой. На пласкагор’і клімат блізкі да кантынентальнага, на Пн — да ўмеранага з прыкметамі марскога. Сярэдняя т-ра студз. ад 8,4 °C на Пн да 12,3 °C на Пд, жн. ад 18—20 °C на Пн да 26 °C на Пд. Ападкаў 350—500 мм за год, на Пд і У месцамі менш за 200 мм, на ПнЗ 900—1000 мм, у гарах 1500—2000 мм. Рачная сетка густая, але рэкі малаводныя. Найбольшыя рэкі: Таха, Дуэра, Эбра і Гвадалквівір. Выкарыстоўваюцца на арашэнне і ў энергет. мэтах. Глебы: буразёмы, чырваназёмы, шкілетныя камяністыя, на Пн месцамі падзолістыя, у далінах рэк і на нізінах урадлівыя алювіяльныя. Развіты эразійныя працэсы. На Пн і ПнЗ лістападныя шыракалістыя лясы (дуб, бук, каштан). На астатняй тэр. пераважаюць міжземнаморскія ксерафітныя лясы і хмызнякі (маквіс, гарыга). Пад лясамі каля 10% тэрыторыі, пад хмызнякамі каля 30%. З жывёл характэрныя ліс, барсук, воўк, пірэнейскі мядзведзь, каменны казёл, генета, алжырскі вожык і інш. Да 400 відаў птушак. Шмат відаў яшчарак і змей. 11 нац. паркаў, буйныя заказнікі і рэзерваты.

Насельніцтва. Каля ​2/3 — іспанцы. Да карэннага насельніцтва адносяцца таксама каталонцы (каля 5 млн. чал., у Каталоніі і на Балеарскіх а-вах), галісійцы (каля 3 млн. чал., у Галісіі), баскі (каля 1 млн. чал., на ўзбярэжжы Біскайскага зал. каля мяжы з Францыяй). Жывуць таксама партугальцы, цыганы і інш. 98% вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. 78,5 чал. на 1 км². Найб. густа (да 500 чал. на 1 км²) заселены прыморскія раёны і наваколле Мадрыда. Натуральны прырост каля 1%. У гарадах жыве 77% насельніцтва. У 55 гарадах жыве больш як па 100 тыс. жыхароў. Найбольшыя гарады (млн. ж., 1991): Мадрыд — 3, Барселона — 1,6, Валенсія — 0,8, Севілья — 0,7, Сарагоса — 0,6. У прам-сці і буд-ве занята 33% насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы і рыбалоўстве — 11%, у абслуговых галінах — 56%.

Гісторыя. Паводле археал. звестак тэр. І. заселена з часоў ніжняга палеаліту (400 тыс. — 100 тыс. г. назад). У 2-м тыс. да н.э. насельніцтва І. ведала меднарудную і бронзаліцейную вытв-сць, займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. З 7 ст. да н.э.

пачалася сістэм. каланізацыя паўд. і ўсх. ўзбярэжжа І. фінікійцамі і стараж. грэкамі. У 7—5 ст. да н.э. на ўзбярэжжы Міжземнага м. склалася культура ібераў. У 5—3 ст. да н.э. на тэр. І. рассяліліся кельты, якія прыйшлі на паўвостраў праз Пірэнеі. У выніку змяшэння іх з іберамі ўзнікла плем. група — кельтыберы. Да канца 3 ст. да н.э. большая частка тэр. І. апынулася пад уладай Карфагена. 3218 да н.э. пачалося заваяванне І. рымлянамі, якое з-за супраціўлення мясц. плямён доўжылася да канца 1 ст. да н.э. У час рым. панавання мясц. насельніцтва (акрамя баскаў) раманізавана (прыняло лац. мову, рым. звычаі, законы і вераванні), адбыліся эканам. і культ. пераўтварэнні (засн. гарады, створана тыповая для Рым. імперыі інфраструктура — дарогі, масты, акведукі). У 1 ст. н.э. ў І. пачало пранікаць хрысціянства. У 409 на тэр. І. ўварваліся вандалы, аланы, свевы, у барацьбе з якімі рымляне выкарыстоўвалі дапамогу вестготаў. У 2-й пал. 5 ст. вестгоцкі кароль Эйрых захапіў амаль усю тэр. Пірэнейскага п-ва і разарваў саюз з Рымам. У пач. 6 ст. сюды перамясціўся цэнтр каралеўства вестготаў. У 585 вестготы далучылі да сваіх уладанняў дзяржаву свеваў, у пач. 7 ст. адваявалі ісп. землі ў візантыйцаў; прынялі каталіцтва і з дапамогай царквы стварылі дзяржаву са сталіцай у Таледа. У 711—718 амаль усю тэр. Пірэнейскага п-ва заваявалі арабы (маўры) і стварылі эмірат, які ўваходзіў у склад халіфата Амеядаў; у 756 Амеяды заснавалі незалежны Кардоўскі эмірат, у 929 — Кардоўскі халіфат. Найб магутнасці араб. дзяржава дасягнула пры Абдарахмане III [912—961], У 1031 Кардоўскі халіфат распаўся на мноства дробных эміратаў. Яшчэ ў 8 ст. на Пн паўвострава ўзніклі цэнтры супраціўлення араб. заваяванню. У 718 пасля паражэння маўраў каля Кавадонгі ўзнікла каралеўства Астурыя; з гэтага часу пачалася Рэканкіста — адваяванне народамі Пірэнейскага п-ва захопленых маўрамі зямель. Другім цэнтрам супраціўлення стала Навара, якая ў сярэдзіне 9 ст. дамаглася незалежнасці ад арабаў і франкаў.

У канцы 8 — пач. 9 ст. франкі адваявалі ў арабаў Каталонію. У 865 вызваленыя франкамі землі вылучыліся ў Ісп. марку ў складзе 7 графстваў, у канцы 9 ст. яны сталі фактычна незалежнымі раннефеад. дзяржавамі. Працяглая барацьба за вызваленне ад араб. панавання (скончана ў 1492) абумовіла асаблівасці развіцця І. Сяляне некат. абласцей дамагліся аслаблення прыгоннай залежнасці, гарады — шырокага самакіравання і вольнасцей, рыцарства і феад. вярхі атрымалі маёнткі арабаў, духавенства захапіла б. ч. араб. зямель і стала значнай паліт. сілай у І.; умацавалася і каралеўская ўлада. З устанаўлення дынастычнай уніі Кастыліі і Арагона (1479) пачалося фактычнае аб’яднанне ісп. зямель у адзіную дзяржаву. Пасля адкрыцця Х.Калумбам Амерыкі (1492) іспанцы ў 1-й пал. 16 ст. пачалі каланізацыю Мексікі, Перу, Балівіі, Чылі, ч. Аргенціны і інш. абласцей у Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Калан. ўладанні пашыраліся і за кошт ісп. заваяванняў у Еўропе (у 1512 — Верхняй Навары, у 1516 — Нідэрландаў), пазней у Афрыцы. У 1519 ісп. кароль Карл I з дынастыі Габсбургаў абвешчаны імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (Карл V). У 1516—1600 І. — наймагутнейшая ў ваен. і паліт. адносінах краіна Еўропы. Але яе эканоміка, якая грунтавалася пераважна на даходах з калоній, была няўстойлівая. Каралеўская ўлада не спрыяла развіццю ўнутр. вытв-сці і гандлю, заняпад якіх паскорыла інквізіцыя (уведзена ў 1480). Пасля знішчэння ісп. флоту ў вайне 1588 з Англіяй І. перастала панаваць на моры. Пасля Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. ад І. аддзяліліся Паўн. Нідэрланды. У выніку шматлікіх войнаў 17 ст значная ч. ісп. уладанняў у Еўропе адышла да Англіі, Галандыі і Францыі. Вял. ваен. выдаткі збяднялі краіну. Разам з тым панаванне Габсбургаў (каля 1530 — каля 1680) было т.зв. «залатым векам» у гісторыі ісп культуры (росквіт л-ры, жывапісу, архітэктуры, дзейнічалі 32 ун-ты). Са спыненнем лініі ісп. Габсбургаў І., яе еўрап. і калан. ўладанні сталі аб’ектам саперніцтва з боку еўрап. дзяржаў. Вайна за Іспанскую спадчыну 1701—14 скончылася ўсталяваннем у І. дынастыі франц. Бурбонаў (заснавальнік Філіп V) і падзелам ісп. уладанняў у Еўропе. Філіп V распачаў рэформы, скіраваныя на ўпарадкаванне і цэнтралізацыю дзяржавы. Звязаная дагаворамі з Францыяй, І. была ўцягнута ў войны супраць Вялікабрытаніі (1739—48, 1762—63, 1779—83). Карл II [1759—88] правёў шэраг рэформ у духу асветнага абсалютызму, скіраваных пераважна на ажыўленне эканомікі і павелічэнне дзярж. даходаў (заснаваны эмісійны банк, гандл. кампаніі і дзярж. мануфактуры, устаноўлены мытны пратэкцыянізм, свабода гандлю з калоніямі). У 1767 з І. выгнаны езуіты і канфіскавана іх маёмасць. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 І. ваявала (1793—95) супраць Францыі. Паражэнні ісп. войск прывялі да Базельскага міру 1795 (гл. Базельскія мірныя дагаворы 1795), дапоўненага дагаворам аб франка-ісп. абарончым і наступальным саюзе. Паводле франка-ісп. дагавора 1807 аб заваяванні і падзеле Партугаліі франц. войскі ўвайшлі на тэр. І. Франц. агрэсія выклікала магутны нац -вызв рух і стала штуршком да першай ісп. рэвалюцыі 1808—14, мэтамі якой былі выгнанне французаў і ажыццяўленне ліберальных рэформ. Прагрэс. заканадаўства (Кадыская канстытуцыя 1812), дэкрэт 1811 аб адмене сеньярыяльных правоў памешчыкаў, ліквідацыя інквізіцыі і інш.) было ажыццёўлена толькі часткова. Шырокі партыз. рух (герылья), які разгарнуўся ў І., прымусіў французаў адступіць за Пірэнеі. (Пра рэвалюцыю 1808—14 і наступныя 4 рэвалюцыі гл. ў арт. Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя.) Выступленні супраць феад.-абсалютысцкага рэжыму выліліся ў 2-ю ісп. рэвалюцыю 1820—23. Кароль мусіў прысягнуць канстытуцыі 1812, але закон 1821 аб ліквідацыі феад. права памешчыкаў на зямлю не быў рэалізаваны. У 1823 паводле рашэння Свяшчэннага саюза ў І. ўступілі франц. войскі, з дапамогай якіх рэвалюцыя была задушана. У выніку вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 І. страціла на амер кантыненце ўсе калоніі, акрамя Кубы, Пуэрта-Рыка і Філіпін. Пасля смерці ў 1833 Фердынанда VII пачаліся спрэчкі за трон паміж яго дачкой Ізабелай II і братам донам Карласам, які аб’яднаў вакол сябе прыхільнікаў кансерватыўнай арыентацыі. Паражэнне карлістаў у грамадз. войнах 1833-39, 1847-49, 1872—76 (гл. Карлісты, Карлісцкія войны) прывяло да перамогі лібералаў. У ходзе 3-й ісп. рэвалюцыі 1834—43 канчаткова ліквідаваны інквізіцыя, маяраты, сеньярыяльныя правы памешчыкаў, усталявана канстытуцыйная манархія Праўленне Ізабелы II характарызавалася пастаянным саперніцтвам паміж гал. ліберальнымі групоўкамі — памяркоўнай і прагрэсістаў, частымі зменамі кабінетаў і канстытуцыі, існаваннем дыктатарскіх рэжымаў (генералаў Б.​Эспартэра, Р.​Нарваэса, Л.​О’Донеля). У ходзе 5-й рэвалюцыі 1868—74 Ізабела II выгнана з І. (1868). Выбраны ў 1870 на трон Амадэй Савойскі (сын караля Італіі Віктара Эмануіла II) не здолеў узяць пад кантроль паліт. сітуацыю ў краіне і ў 1873 адрокся ад прастола; у І. ўстаноўлена першая рэспубліка (1873—74). Рэсп. ўрад не меў шырокай падтрымкі ў грамадстве, у выніку перавароту 1874 у І. адноўлена манархія Бурбонаў. Яе сац.-паліт. асновай стаў блок зямельнай арыстакратыі і буйной буржуазіі, юрыд. аформлены канстытуцыяй 1876 і пагадненнем паміж Кансерватыўнай і Ліберальнай партыямі аб пачарговым кіраванні дзяржавай. Былі ўведзены значныя грамадз. свабоды, узніклі прафсаюзы, у 1879 засн. Іспанская сацыялістычная рабочая партыя (ІСРП). У выніку іспана-амерыканскай вайны 1898 І. страціла апошнія калан. ўладанні: Кубу, Пуэрта-Рыка і Філіпіны. У пач. 20 ст. І. заставалася пераважна агр. краінай (53% зямлі належала латыфундыстам). Абмежаваны ўнутр. рынак, адсутнасць значнага айч. капіталу і актыўнай урадавай палітыкі былі прычынамі сац. напружанасці, запаволенага тэмпу развіцця эканомікі, яе крызісаў. Унутр. сітуацыю ўскладнялі сепаратысцкія рухі, асабліва моцныя ў найб. развітых рэгіёнах — Каталоніі і Басконіі.

У 1-ю сусв. вайну І. захоўвала нейтралітэт. У 1918—23 яе эканоміка апынулася ў чарговым крызісе; пад уплывам рэв. падзей у Еўропе актывізаваўся рабочы рух. Урадавыя крызісы і паражэнне ісп. калан. войск у Марока стварылі ўмовы для ўвядзення ў 1923 ген. М.​Прыма дэ Рывера ваен. дыктатуры, якую падтрымаў кароль Альфонс XIII. Былі распушчаны картэсы, забаронена дзейнасць паліт. партый. Сусв. эканам. крызіс 1929—33 у значнай ступені закрануў і І. У 1930 Прыма дэ Рывера мусіў пайсці ў адстаўку, а пасля перамогі рэспубліканцаў на муніцыпальных выбарах 1931 пакінуў краіну кароль Альфонс XIII. 14.3.1931 І. абвешчана рэспублікай. Пачалася 6-я Іспанская рэвалюцыя 1931—39. Картэсы прынялі рэсп. канстытуцыю, якая абвясціла аддзяленне царквы ад дзяржавы, увядзенне ўсеаг. выбарчага права і дэмакр. свабод. У 1932 каталонцы дамагліся стварэння свайго аўт. раёна. На выбарах у картэсы ў 1936 перамог Нар. фронт, створаны камуністамі, сацыялістамі і рэспубліканцамі; сфарміраваны леварэсп. ўрад, прэзідэнтам абраны М.Асанья. 18.7.1936 пачаўся ваен. мяцеж, які перарос у грамадз. вайну (1936—39). Мяцежнікам дапамагалі фаш. Германія і Італія, рэспубліканцам — СССР і добраахвотнікі з многіх краін свету, у т. л. з Беларусі (гл. Інтэрнацыянальныя брыгады). Вайна скончылася ўсталяваннем дыктатуры ген. Ф.Франка Баамондэ; усе партыі, акрамя Іспанскай фалангі, былі забаронены, ліквідаваны дэмакр. свабоды. У 1939 І. далучылася да «Антыкамінтэрнаўскага пакта» У 2-ю сусв. вайну яна захоўвала нейтралітэт (на баку Германіі на ўсх. фронце ваявала толькі добраахвотная т.зв. «блакітная дывізія»). Пасля вайны І. апынулася ў паліт. і эканам. ізаляцыі, у 1946—48 закрыта франкаісп. граніца. Франка быў вымушаны праводзіць палітыку эканам. аўтаркіі, ажыццяўляць дзеянні, якія б сведчылі аб грамадскай падтрымцы яго рэжыму (т.зв. іберыйскі варыянт фашызму). У выніку рэферэндуму 1947 І. зноў абвешчана манархіяй (з пажыццёвым захаваннем за Франка пасады кіраўніка дзяржавы). У 1950-я г. ў краіне пачала фарміравацца шырокая паліт. апазіцыя рэжыму Франка. У 1960-я г. разгарнуўся хрысц.-дэмакр. рух, актывізавалася дзейнасць рэспубліканцаў і лібералаў, нацыяналіст. партый Каталоніі, Галісіі і Басконіі, узніклі рабочыя і сял. камісіі, нелегальныя студэнцкія арг-цыі; шырыўся забастовачны рух, звужалася сац. база франкізму. Перыяд «халоднай вайны» ў міжнар. адносінах спрыяў выхаду І. з ізаляцыі шляхам збліжэння з зах. краінамі (у 1953 падпісаны канкардат з Ватыканам і ваен. пакт з ЗША). З 1960-х г. пачаліся спробы лібералізацыі гаспадаркі, наладжвання эканам. адносін з Захадам: І. ўступіла ў міжнар. фін. арг-цыі. прыцягваліся замежныя інвестыцыі, хуткімі тэмпамі ішла мадэрнізацыя эканомікі. У 1969 пераемнікам Франка на пасадзе кіраўніка дзяржавы і будучым каралём абвешчаны Хуан Карлас I (унук Альфонса XIII). Пасля смерці Франка (1975) у І. вызвалены паліт. зняволеныя, легалізаваны ўсе паліт. партыі і прафсаюзы, распушчаны франкісцкі Нац. рух. У 1977 адбыліся першыя дэмакр. парламенцкія выбары. Паліт. лад краіны вызначыла Канстытуцыя 1978, якая таксама гарантавала ўсім гіст. правінцыям І. магчымасць стварэння рэгіянальных аўтаномій. У крас. 1979 сфарміраваны першы канстытуцыйны ўрад А.Суарэса Гансалеса. Працэс пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі адбыўся мірным шляхам, дзякуючы легальнаму характару пераўтварэнняў, нейтралізацыі арміі (у 1981 сарвана спроба кансерватыўных ваенных ажыццявіць дзярж. пераварот), імкненню паліт. лідэраў розных арыентацый да кансенсусу ў асн. грамадска-паліт. пытаннях. У 1982 на выбарах перамагла ІСРП, якая сфарміравала аднапарт. ўрад на чале з Ф.Гансалесам Маркесам. Сацыялісты зноў перамаглі на выбарах 1986, 1989, 1993. На датэрміновых парламенцкіх выбарах 1997 адносную большасць упершыню атрымала Нар. партыя на чале з Х.​М.​Аснарам. І. — чл. ААН (з 1955), НАТА (з 1982), Еўрап. Саюза (з 1986), Зах.-Еўрап. Саюза (з 1988). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Народная партыя, Іспанская сацыялістычная рабочая партыя, Камуніст. партыя І. і інш. Прафс. канфедэрацыя Рабочыя Камісіі, Усеагульны саюз працоўных.

Гаспадарка. І. — індустрыяльна-агр. краіна. Па аб’ёме валавога ўнутр. прадукту (ВУП) — 568 млрд. дол. (1995) — займае 15-е месца ў свеце (на 1 чал. у год — 14,3 тыс. дол.). На долю дзярж. сектара прыпадае каля 30% ВУП. Прам-сць дае 34% ВУП, сельская гаспадарка — 6, абслуговыя галіны (у т. л. замежны турызм і адпачынак) — 60%. Адна са старэйшых галін прамысловасці — горназдабыўная. Здабываюць ртуць, пірыты, жалеза, медзь, свінец, серабро, вальфрам, золата, уран і інш. Здабыча ртутных руд сканцэнтравана на Пд Месеты (Альмадэн), пірытаў — на Пд Сьера-Марэны (Рыо-Тынта, Тарсіс), у Мурсіі і Астурыі. Жал. руды здабываюць пераважна на Пн, вальфрамавыя — на З Галісіі, уранавыя — пераважна ў цэнтр. раёнах. У 1993 здабыта (млн. т): каменнага вугалю — 18,1, бурага вугалю — каля 25, жал. руды — 1,6, свінцу — 0,05, цынку — 0,26, калійнай солі — 0,6, каменнай солі — 3,2; ртуці штогод атрымліваюць каля 1,5 тыс. т, серабра — каля 0,2 тыс. т. Энергетыка базіруецца на ўласных паліўных рэсурсах і імпартаваных нафце і газе. ЦЭС у партовых гарадах і вугальных басейнах.

ГЭС (пераважна на Пн) даюць 25% электраэнергіі, АЭС — 36%. У 1995 атрымана 154,1 млрд. кВт гадз электраэнергіі. Буйны спажывец электраэнергіі — чорная і каляровая металургія. Асн. цэнтры чорнай металургіі на Пн (Більбао і Хіхон). У 1993 атрымана 5,4 млн. т чыгуну і 13 млн. т сталі. Каляровая металургія развіваецца пераважна на мясц. рэсурсах, выплаўка свінцу ў раёне Сьера-Марэны, у Андалусіі і каля Картахены, цынку і алюмінію — на Пн краіны, медзі — у Уэльве, Кордаве, гарадах на ўзбярэжжы Біскайскага заліва. Штогод атрымліваюць каля 160 тыс. т медзі, каля 350 тыс. т алюмінію. Сярод галін машынабудавання найб. развіта вытв-сць трансп. сродкаў. У краіне дзейнічае каля 40 суднаверфяў. Гал. цэнтры суднабудавання на Пн (Більбао, Сантандэр, Хіхон), у Галісіі (Эль-Фероль, Віга), на У (Барселона, Валенсія, Картахена, Балеарскія а-вы), на Пд (Уэльва, Кадыс). Аўтазаводы (філіялы замежных фірм) у Мадрыдзе, Барселоне, Вальядалідзе, Віга. У год выпускаецца кал 2 млн. легкавых аўтамашын і каля 400 тыс. матацыклаў. Важнейшыя цэнтры станкабудавання — Каталонія, Краіна Баскаў, гарады Мадрыд, Валенсія і Сарагоса. Электронная прам-сць канцэнтруецца ў Барселоне і Мадрыдзе, хім. і нафтаперапр. — у прыморскіх раёнах Каталоніі, Валенсіі, Астурыі, а таксама ў Мадрыдзе. Буйнейшыя нафтаперапр. і нафтахім. комплексы ў гарадах Уэльва, Альхесірас, Тарагона, Пуэртальяна. Ў 1993 перапрацавана 45,8 млн. т нафты. Значная вытв-сць буд. матэрыялаў. У 1993 выпушчана 22,7 млн. т цэменту. Развіта тэкст. прам-сць, асабліва вытв-сць шарсцяных і шаўковых тканін. Асн. цэнтры ў Каталоніі (Барселона, Тарагона, Сабадэль, Манрэса), Валенсіі (Алькой, Арыўэла), Кастылія-Леоне, Краіне Баскаў, Арагоне і Андалусіі. Разнастайныя галіны харч. прам-сці. Па значэнні і тэхн. аснашчанасці вылучаюцца галіны, якія працуюць на знешні рынак: вінаробная, алейная, плодаагароднінная і рыбакансервавая. Вінаробныя з-ды ў Каталоніі, Арагоне, Андалусіі, па перапрацоўцы агародніны і садавіны — на У і ПдУ, рыбакансервавыя — у партовых гарадах на ПнЗ. Працуюць цукр., тытунёвыя, мукамольныя і інш. прадпрыемствы. Ёсць прадпрыемствы гарбарнай, швейнай, папяровай і дрэваапр. прам-сці.

І. — краіна высокаразвітай сельскай гаспадаркі. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 70% тэр. краіны, каля палавіны іх апрацоўваецца (разам з насаджэннямі аліўкавых і фруктовых дрэў), каля палавіны — пад пашай і лугамі. Арашаецца каля 3,6 млн. га, у асноўным на ПдУ. Пераважаюць 2 тыпы гаспадарак: латыфундыі (гал. чынам у Андалусіі і Эстрэмадуры) і дробнатаварныя сял. гаспадаркі. Земляробства па кошце прадукцыі перавышае жывёлагадоўлю. Штогадовы збор (млн. т): пшаніцы — каля 5, ячменю — 9, кукурузы — каля 2, рысу — каля 0,3, бульбы — каля 4, памідораў — каля 3, вінаграду — каля 4,5, апельсінаў — каля 2,5, мандарынаў — каля 1,5, лімонаў — каля 0,6. Пшаніцу, авёс, ячмень вырошчваюць на багарных землях Месеты, Арагона, Андалусіі, кукурузу — на Пн, рыс — на арашальных землях у нізоўях р. Эбра і на Пд (самая высокая ўраджайнасць у свеце — 60—70 ц/га). Бабовыя культуры (гарох, фасоля) вырошчваюць усюды, але найб. у Андалусіі, бульбу — на Пн, раннюю — на ПдУ і Пд. На У і ў даліне р. Эбра вырошчваюць агародніну (перац, памідоры, цыбулю, шпінат і інш.), якая мае экспартнае значэнне. Развіта плантацыйная гаспадарка экспартнага кірунку — вінаградарства, вырошчванне аліў і цытрусавых. Па плошчы вінаграднікаў І. займае 2-е месца ў Еўропе пасля Францыі. Найб. вінаграду вырошчваюць у засушлівых раёнах цэнтра, у бас. рэк Эбра і Дуэра. Вырабляюцца вядомыя марачныя віны: Херэс, Малага, Рыёха, Мансанілья і інш. (3-е месца ў свеце пасля Францыі і Італіі). І. займае 1-е месца ў свеце па зборы аліў. Вырошчванне іх сканцэнтравана ў Андалусіі, Кастылія-Ла-Манчы, Эстрэмадуры, Мурсіі. Важнае экспартнае значэнне маюць цытрусавыя, асабліва апельсіны. Найб. іх вырошчваюць у аўт. абласцях Валенсіі (​2/3 збору), Мурсіі, Андалусіі і на Балеарскіх а-вах, там жа вырошчваюць міндаль (1-е месца па экспарце ў Еўропе), абрыкосы, персікі, гранаты, інжыр і інш., на Пн краіны — яблыкі, слівы, грушы, вішню, чарэшню. Вырошчваюць таксама цукр. трыснёг і фінікі (на Пд Андалусіі), тытунь (Эстрэмадура і Андалусія), бавоўнік (Эстрэмадура і Арагон). Развіццё жывёлагадоўлі стрымліваецца слабай кармавой базай. Буйн. раг. жывёлу гадуюць на Пн і ПнЗ, авечак — у засушлівых цэнтр. раёнах, у Эстрэмадуры і Арагоне, свіней — у Галісіі і Каталоніі, абедзвюх Кастыліях. Спецыфічная галіна — развядзенне быкоў для карыды (Андалусія). Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы — 4,8, свіней — 18, авечак — 24,8, коз — 2,8, коней — 0,26. Разводзяць таксама аслоў і мулаў. Птушкагадоўля. У 1993 вылаўлена 1,33 млн. т рыбы. Ловяць гал. чынам сардзіну, тунца, макрэль. Асн. рыбалоўныя парты на ПнУ (Віга, Ла-Карунья, ЭльФероль). Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка драўніны (на Пн), кары коркавага дубу (пераважна на З і ПнЗ). Пераважае чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 14,4 тыс. км, аўтадарог 324 тыс. км. Марскі транспарт абслугоўвае каля 90% знешнегандл. абароту. Флот налічвае больш за 400 разнастайных суднаў грузападымальнасцю ў 3,2 млн. брута-рэгістравых т. Гал. парты: Барселона, Більбао, Валенсія, Картахена, Малага, Ла-Карунья, Хіхон, СантаКрус-дэ-Тэнерыфе. Развіты паветр. транспарт. 42 аэрапорты, буйнейшыя з іх міжнар. аэрапорты Барахас каля Мадрыда (16 млн, пасажыраў за год) і ў Барселоне (10 млн. пасажыраў). Есць некалькі нафта- і прадуктаправодаў, якія праходзяць ад узбярэжжа ўглыб краіны. І. — краіна развітога турызму, які з’яўляецца найб. дынамічнай галіной эканомікі. Па даходах ад турызму (21,9 млн. дол. у 1994) І. займае 4-е месца ў свеце. Штогод яе наведвае больш за 60 млн. чал., больш за 80% — з краін Еўропы. Асн. раёны турызму — узбярэжжа Міжземнага м. (Коста-Брава ў Каталоніі, Коста-дэль-Соль — у Андалусіі і Коста-Бланка ў Валенсіі), Балеарскія і Канарскія а-вы. У 1995 экспарт склаў 85 млрд. дол., імпарт — 110 млрд. дол. І. экспартуе трансп. абсталяванне (27%), машыны і інш. абсталяванне (16%), прадукцыю металургічнай прам-сці (9%), садавіну, віны, інш.

прадукты сельскай гаспадаркі. У імпарце пераважаюць прадукцыя машынабудавання (больш за 40%), паліва (10%), прадукцыя хім. прам-сці (8%). Асн. гандл. партнёры: Францыя (20% экспарту і 16% імпарту), Германія (па 16% экспарту і імпарту), Італія (10% экспарту і 11% імпарту), а таксама ЗША, Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды і Люксембург. Грашовая адзінка — песета.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС) і ваенізаваныя фарміраванні. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 197,5 тыс. чал., ваенізаваных фарміраванняў 75,8 тыс. (з іх 75 тыс. у грамадз. гвардыі), рэзерву 431,9 тыс. чал. Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Камплектуюцца па прызыве. У сухап. войсках 128,5 тыс. чал., на ўзбраенні 776 танкаў, каля 2 тыс. бронетранспарцёраў, 773 гарматы (у т. л. 208 самаходных), больш за 500 гармат зенітнай артылерыі, 175 верталётаў і інш. У ВПС 30 тыс. чал. асабовага складу, 199 баявых самалётаў. У ВМС 39 тыс. чал., з якіх 7,2 тыс. ў марской пяхоце, 8 падводных лодак, 34 баявыя караблі (у т. л. 1 авіяносец), 32 патрульныя і 13 дэсантных катэраў, 18 баявых самалётаў і 25 верталётаў марской авіяцыі.

Ахова здароўя. За аказанне мед. паслуг бярэцца плата, якая часткова кампенсуецца са страхавога фонду. Цалкам кампенсуецца кошт лячэння ў шпіталі. У 1989 пасляродавы водпуск для маці прадоўжаны да 16 тыдняў. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,2, жанчын 82 гады. Смяротнасць 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 234 чал., урачамі — 1 на 246 чал. Узровень нараджальнасці 10 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,1%. Дзіцячая смяротнасць 6 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей ад 2 да 5 гадоў (каля 50% з іх прыватныя), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. ўстановы, ВНУ. Агульную адукацыю дае 8-гадовая асноўная (няпоўная сярэдняя) школа (навучанне з 6-гадовага ўзросту), якая мае 3 ступені: пач. (1—2-і кл.), сярэднюю (3—5-ы кл.), старэйшую (6—8-ы кл.). Поўную сярэднюю адукацыю дае 3-гадовая сярэдняя школа і аднагадовы спец. курс, які дае права паступлення ва ун-т. У праграме сярэдняй школы абавязковыя прадметы (ісп. мова і л-ра, замежная мова, уводзіны ў лац. мову) і спец. прадметы на выбар: матэматыка, фізіка, хімія, геаграфія, гісторыя, філасофія, асновы канстытуцыі, маляванне, музыка, рэлігія або этыка і мараль і інш. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 3-гадовыя прафес.-тэхн. школы і прафес.-тэхн. аддзяленні поўных сярэдніх школ, што рыхтуюць рабочых для вытв-сці. На іх базе працуюць 3—4-гадовыя прафес.-тэхн. і камерцыйныя школы (рыхтуюць спецыялістаў сярэдняй адукацыі з правам паступлення на 2-ю ступень ун-та або ў вышэйшую тэхн. школу). У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, політэхн. ун-ты, вышэйшыя тэхн. школы і інш. Праграмы разлічаны на 3 цыклы: 1-ы (3-гадовы курс па фундаментальных навуках), выпускнікі якога атрымліваюць дыплом спецыяліста сярэдняга звяна, што дае права працягваць адукацыю; 2-і (2-гадовы) дае прафес. дыплом; 3-і (2-гадовы) — дактарантура, рыхтуе спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі і навук. супрацоўнікаў. У 1996/97 навуч. г. ў І. больш за 30 ун-таў, у іх ліку 20 дзярж., ёсць прыватныя, 2 каталіцкія — Саламанкскі універсітэт і ун-т Опус Дэі (з 1904) у г. Сантандэр. Буйнейшыя ун-ты: у Мадрыдзе (з 1508), Барселонскі універсітэт, у Валенсіі (з 1510), Гранадзе (з 1526), Вальядалідзе (з 1346), Севільі (з 1502). Найб. б-кі: Нац. (з 1712), універсітэцкая, Муніцыпальная перыядычная (мае адну з буйнейшых калекцый перыядычнай л-ры ў свеце) у Мадрыдзе, б-ка Каталоніі (з 1914) у Барселоне. Ген. архіў Каралеўства ў Сіманкасе (каля Вальядаліда), Нац. гіст. архіў у Мадрыдзе, Архіў Індый у Севільі. Буйнейшыя музеі: Прада (з 1819), Нац. археал. (з 1867) у Мадрыдзе, маст. ў Барселоне, Кордаве, Валенсіі, Севільі; Музей Амерык, Каралеўскі Палац, музеі арміі, флоту, Муніцыпальны, Правінцыяльны археал. ў Севільі і інш. Найвышэйшая навук. ўстанова — Ін-т І. (аб’ядноўвае 8 акадэмій; засн. ў 1938 на ўзор Ін-та Францыі). Цэнтральная н.-д. ўстанова — Найвышэйшы Савет па навук. даследаваннях (з 1940), які арганізуе фундаментальныя даследаванні па ўсіх галінах навукі, кіруе комплекснымі і полідысцыплінарнымі даследаваннямі; пад яго кіраўніцтвам працуе каля 100 н.-д. ін-таў і інш. устаноў. Н.-д. работу праводзяць таксама ун-ты.

Друк, радыё, тэлебачанне. Мае разгалінаваную сетку сродкаў масавай інфармацыі. Выходзіць каля 120 штодзённых газет, часопісаў і інш. перыяд. выданняў. Вядучае месца займаюць штодзённыя газ. «ABC» («АБэСэ», з 1905), «La Vanguardia» («Авангард», з 1881), «Pais» («Краіна», з 1976), «Diario-16» («Газета 16», з 1976), «El Correo Catalan» («Каталонская пошта», з 1876), «El Dia de Cataluna» («Дзень Каталоніі», з 1987) і інш. Інфарм. агенцтвы: Эдыторыял Фаланге Эспаньёла (з 1939). Радыёвяшчанне з 1919. Дзярж. радыё (Нац. радыё І.) трансліруе 5 агульнанац. праграм, мае рэгіянальныя станцыі. Самастойныя радыёстанцыі дзейнічаюць у Мадрыдзе і ў буйных правінцыяльных гарадах. Радыё Экстэр’ёр Эспанья вядзе трансляцыі на 16 мовах на Еўропу, Аўстралію, Паўд. і Паўн. Амерыку, Паўн. Афрыку. Існуе больш за 300 прыватных станцый, аб’яднаных у асацыяцыю Эспаньёла дэ ла Радыёдыфузьён Прывада.

Тэлебачанне з 1951. 2 агульнанац. праграмы, працуюць рэгіянальныя станцыі. Дзейнасць радыё і тэлебачання кантралюецца і каардынуецца дзярж. кампаніяй Іспанскае радыё і тэлебачанне.

Літаратура. Развіваецца на іспанскай (кастыльскай), а таксама на каталанскай, галісійскай і баскскай мовах. Уласна іспанская літаратур а зарадзілася адначасова з фарміраваннем літ. ісп. мовы і нац. самасвядомасці ў перыяд Рэканкісты. Барацьба народаў Пірэнейскага п-ва супраць араб. заваявання шырока адлюстравана ў нар. паэзіі, асабліва ў гераічным эпасе (паэмы «Песня пра майго Сіда», «Радрыга» і інш.). Тагачасная лірыка прадстаўлена т.зв. сельскімі песнямі (вільянсіка), напісанымі пад уплывам араб. паэзіі. У феад.-клерыкальнай «вучонай л-ры» вылучалася рэліг.-філас. і дыдактычная лірыка Г. дэ Берсеа. Станаўленне маст. прозы ў 13—14 ст. звязана з творчасцю караля Альфонса X Мудрага, Хуана Мануэля (зб. навел «Граф Луканор»). У 15 ст. асабліва былі пашыраны нар. рамансы і сатыр. паэзія (творчасць маркіза дэ Сантыльяны, Х. дэ Мены, сатыры Х.​Руіса). Для твораў ранняга Адраджэння характэрны ўплыў еўрап. Рэнесансу («італьянская школа» на чале з Гарсіласа дэ ла Вэгай); уплыў італьян. л-ры адчувальны ў рыцарскім (ананімны «Амадыс Гальскі», 1508) і пастаральным раманах. У фарміраванні нац. драмы значную ролю адыграў раман-драма Ф. дэ Рохаса «Селестына». У 2-й пал. 16 ст. ў паэзіі вылучаліся рэліг.-філас. лірыка «саламанкскай школы» (Х. дэ ла Крус, Л. дэ Леон), грамадз. лірыка «севільскай школы» (Ф. дэ Эрэра) і вершаваны эпас (паэма «Араўкана» А. дэ Эрсільі). Канец 16 — пач. 17 ст. адметны росквітам нац. тэатра (Х. дэ ла Куэва, Л.Ф. дэ Вэга Kapnio і яго школа, Л.Велес дэ Гевара). Маст. вяршыня ісп. Адраджэння — творчасць М. дэ Сервантэса і найперш яго раман «Дон Кіхот». Залаты век ісп. л-ры — эпоха барока (17 ст.). У лірыцы гэтага перыяду адзначаны 2 процілеглыя тэндэнцыі — гангарызм з ускладненай метафарычнасцю мовы (Л. дэ Гонгара-і-Арготэ) і кансептызм, які адстойваў канцэптуальна-сэнсавую насычанасць маст. тэксту (Ф.Хеведа-і-Вільегас, Б.Грасіян-і-Мара лес). Дасягнулі росквіту сатыра і шахрайскі раман (М.​Алеман-і-дэ-Энера, Кеведа-і-Вільегас), вылучыліся дыдактычныя і эстэт. трактаты Грасіян-і-Маралеса. Тэатр эпохі барока прадстаўлены рэліг.-філас. драмамі Тырса дэ Маліны і маральна-філас. драмамі «гонару» П.Кальдэрона дэ ла Баркі. Л-ра класіцызму і Асветніцтва (18 ст.) характарызавалася моцным франц. уплывам, частковай стратай нац. своеасаблівасці і маст. недасканаласцю. Сярод найб. вядомых твораў байкі Т. дэ Ірыяртэ, паэзія М.​Х.​Кінтаны, п’есы Н. і Л.​Маратынаў. Рамантызм ісп. л-ры меў глыбока нац. карані і найб. адлюстраваны ў творах А. дэ Сааведры (паэт. зб. «Гістарычныя рамансы») i Х. дэ Эспранседы. Да гіст. мінулага І. звярталіся А.​Гарсія Гуцьерэс (п’есы «Трубадур», «Сімон Баканегра»), Х.​Сарылья-і-Мараль (стварыў рамант. варыянт легенды пра Дон Жуана). У прозе 1-й пал. 19 ст. пануючым паступова стаў кастумбрызм — бытапісальная проза, блізкая да рэалізму (нарысы С.​Эстэбанеса Кальдэрона, Р. дэ Месанера Раманаса, сатыр. публіцыстыка М.Х. дэ Лары). З сярэдзіны 19 ст. пачалося развіццё рэаліст. прозы — раманы Х.М. дэ Перэды («Сатылеса», «Горныя вяршыні»), Х.Валеры («Пепіта Хіменес», «Донна Лус»), апавяданні П.А. дэ Аларкона (зб. «Нацыянальныя гісторыйкі»). Некат. творы пазначаны ўплывам эстэтыкі натуралізму (цыкл «валенсіянскіх раманаў і апавяданняў» В.Бласка Ібаньеса, раманы Э.​Парда Басан). Найб. значны твор ісп. крытычнага рэалізму — серыя з 46 раманаў «Нацыянальныя эпізоды» (1873—1912) Б.Перэса Гальдоса. Выразнікамі крызісу ісп. грамадства і культуры на рубяжы стагоддзяў сталі пісьменнікі «Пакалення 1898 года», якія ўзнімалі пытанні нац. самасвядомасці, проціпастаўлялі афіц. ідэі ідэю нац. адраджэння. Значны ўплыў ў гэты перыяд экзістэнцыялізму (філас.-псіхал. раманы, навелы і эсэ М. дэ Унамуна, лірыка А.Мачада-і-Руіса). Паэзія развівалася ў рэчышчы ісп.-амер. мадэрнізму і імпрэсіянізму (Х.​Р.​Хіменес, Р.М. дэль Валье Інклан), проза і драматургія пазначаны ўплывам крытычнага рэалізму і натуралізму (П.​Бароха-і-Несі, Х.Бенавентэ-і-Марцінес). Ісп. авангардызм 1-й трэці 20 ст. прадстаўлены творамі Р.Гомеса дэ ла Серны, В.​Уідобра і інш. У паэзіі вядучым становіцца «Пакаленне 1927 года» (Ф.Гарсія Лорка, Р.Альберці, Х.​Гільен, П.​Салінас), якое імкнулася сінтэзаваць авангардную паэтыку з традыцыямі фальклору, рэнесансавай, барочнай і рамант. лірыкі (неагангарызм), стварыць новы тэатр («тэатр сацыяльнага дзеяння» Гарсія Лоркі). У перыяд грамадз. вайны 1936—39 набыла вядомасць лірыка М.​Эрнандэса. У ліку першых твораў, апазіцыйных франкізму, былі раннія раманы Х.Х.Селы («Сям’я Паскуаля Дуартэ», «Вулей») і раман «Нішто» К.​Лафарэт, напісаныя ў стылі трэмендызму (ад ісп. tremendo страшны). На змену т.зв. гарсіласізму прыйшла сац. паэзія В.Алейксандрэ, Д.​Алонса. Новы росквіт рэаліст. рамана пачаўся ў 1950-я г. (раманы «Востраў», «Асаблівыя прыкметы» Х.Гайтысола, трылогія «Таргашы» А.​М.​Матутэ, «Пяць гадзін з Марыо» М.Дэлібеса). Развівалася сац. паэзія (Б. дэ Атэра, Г.​Селая) і драматургія (А.​Буэра Вальеха, А.​Састрэ). У 1980—90-я г. асаблівае значэнне набываюць школа «новага рамана» і постмадэрнізм (Гайтысола).

Баскская, галісійская і каталанская л-ры нац. меншасцей І. актыўна развіваюцца з канца 18 ст. (перыяд складвання адпаведных нацый). На працягу ўсяго 19 ст. пануючым кірункам у гэтых л-рах быў рамантызм (каталанскія паэты В.​Балагер і Дж.​Вердагер, галісійскія Р. дэ Кастра і Э.​Пандаль, баскскі нар. паэт Х.​М.​Іпарагірэ, верш якога «Дуб Гернікі» стаў гімнам баскаў). Характэрныя для 1880-х г. рэаліст. тэндэнцыі адлюстраваны ў сац. і антыклерыкальнай паэзіі галісійца М.​Кураса Энрыкеса, у п’есах стваральніка каталанскай драмы А.​Гімеры. Аднак творчасць большасці пісьменнікаў гэтага перыяду развівалася ў рэчышчы кастумбрызму. На рубяжы 19—20 ст. у каталанскай л-ры вядучым стала «Пакаленне 1898 года», у творчасці якога супярэчліва спалучаліся ідэі еўрап. дэкадансу з пошукамі нац.-самабытных форм (Дж.​Марагаль, Дж.​Карнер і інш.). Пасля 1-й сусв. вайны многія пісьменнікі звярнуліся да «левага» авангардысцкага мастацтва (каталанскія паэты Дж.​Салват-Папасейт, Дж.​В.​Фойш, галісіец М.​Мануэль Антоніо). У перыяд фаш. дыктатуры Франка л-ры нац. меншасцей былі пастаўлены па-за законам, многія пісьменнікі эмігрыравалі. Толькі з 1950-х г. аднавілася друкаванне кніг на нац. мовах — выйшла паэма «Баскі» Н. дэ Армаэчэа; у галісійскай л-ры вял. ролю адыгрывала група «новатрубадураў» на чале з А.​Кункейра Морам. Побач з мадэрнісцкай л-рай паспяхова развіваюцца рэаліст. паэзія і навелістыка (паэзія, драматургія і проза баска Г.​Арэсці, паэзія галісійца С.​Э.​Ферэйра Мігеса, проза і паэзія сучаснага каталанскага пісьменніка С.​Эспрыу.

На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб. лірыкі Ф.​Гарсіі Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975), камедыі Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго кахання» і «Дурнічка» (абедзве 1981). Асобныя вершы Гарсіі Лоркі, Р.​Альберці, М.​Сервантэса, А.​Мачада-і-Руіса, Л. дэ Гонгара-і-Арготэ і інш. на бел. мову пераклалі К.​Шэрман, А.​Вярцінскі, П.​Макаль, Р.​Барадулін, М.​Багун, В.​Вольскі, Т.​Кляшторны, М.​Танк і інш.

Архітэктура. На тэр. І. з эпохі бронзы захаваліся паселішчы з землянымі ўмацаваннямі, абліцаваныя каменнымі плітамі грабніцы з дромасамі і прамавугольныя ў плане каменныя жытлы, з 6—5 ст. да н.э. — рэшткі цыклапічных каменных муроў ібераў. Рымскае панаванне прывяло да глыбокай раманізацыі мясц. культуры ў 1-я ст. н.э. (руіны рым. тэатраў, храмаў, акведукаў, арак, мастоў у Мерыдзе, Тарагоне, Сеговіі і інш.). Найб. раннія помнікі сярэдневякоўя належаць вестготам: манум., простыя па формах цэрквы з пышным разным дэкорам у інтэр’еры (Сан-Хуан у Баньёсе, 661). У 2-й пал. 8 — пач. 11 ст. ў заваяванай арабамі Андалусіі развівалася мастацтва, у якім спалучаліся маст. культуры халіфата Амеядаў і вестгоцкія традыцыі (Вял. мячэць у Кордаве). У канцы 11—15 ст. ў Паўд. І. склалася т.зв. іспанска-маўрытанскае мастацтва з цэнтрамі ў Валенсіі, Г’ранадзе (палац Альгамбра), Севільі і інш. У 2-й пал. 11 ст. фарміруецца раманскі стыль (сабор у Сант’яга-дэ-Кампастэла). У 10—12 ст. масарабы развівалі формы цаглянай архітэктуры (царква Сант’яга дэ Пеньяльба, каля 920). Помнікі готыкі (13—15 ст.) — саборы Леона, Бургаса, Таледа (кастыльская школа), Барселоны (каталонская школа), біржа («лонха») у Пальме (1426—51, арх. Г.​Сагрэра). У 14—16 ст. ствараліся маўрытанскія паводле формы, канструкцый і дэкору будынкі з рысамі гатычнага стылю (пазней і рэнесансу): Санта-Марыя ла Бланка ў Таледа; званіца «Ла Хіральда» ў Севільі (1184—96, закончана ў 1568). Паводле традыцый маўрытанскай архітэктуры майстры-нехрысціяне стварылі т.зв. стыль «мудэхар» (цэрквы Сан-Клементэ дэ Тауль у Каталоніі, 1123; Сан-Сальвадор ў Тэруэлі, 1186; Санта-Марыя ў Калатаюдзе, канец 15 ст.), якія кампазіцыяй і арнаментальным дэкорам нагадвалі мячэці. Завяршэнне Рэканкісты да канца 15 ст., аб’яднанне ісп. зямель, адкрыццё Амерыкі і прыток золата ў І. стымулявалі рост буд-ва ў гарадах. Традыц. схільнасць да пышнай дэкаратыўнасці спарадзіла своеасаблівую ісп. разнавіднасць архітэктуры Рэнесансу — стыль платэрэска. Яму ўласцівы дывановыя пакрыцці сцен, багатае скульпт. аздабленне парталаў будынкаў, алтароў і іканастасаў (калегія Санта-Крус у Вальядалідзе, 1487—91, арх. Э. дэ Эгас; палац Каса дэ лос Пікас у Сеговіі, 16 ст.). Поўнае асваенне ордэрнай сістэмы і афіц. палітыка караля Філіпа II у галіне архітэктуры прывялі да стварэння строгага і простага стылю дэсарнаментада (пазбаўлены арнаменту), або эрэраса (ад імя прыдворнага арх. Х.Б. дэ Эрэра, аўтара манум. палацава-манастырскага ансамбля Эскарыял пад Мадрыдам, 1563—84). У 17 ст. развівалася ісп. барока — чурыгерэска (звязана з сям’ёй арх. дэ Чурыгера: зах. фасад сабора ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, 1738—47, арх. Ф.​Касас-і-Навоа; інтэр’ер сакрысціі кляштара Ла Картуха ў Гранадзе, 1727—64, арх. Л.​Арэвала). Адкрыццё Акадэміі мастацтваў у Мадрыдзе (1744) спрыяла ўзнікненню акадэм. класіцызму (арх. В.​Радрыгес, Х. дэ Вільянуэва). Найб. значныя пабудовы: Каралеўскі палац у Мадрыдзе (1738—64, арх. Радрыгес, італьян. арх. Дж.​Б.​Сакеці, Ф.​Сабаціні, паводле праекта Ф.​Ювары), Мадрыдскі парк (б. Буэн-Рэціра, 1868), помнік М.​Сервантэсу (1927, арх. П.​Мугуруса, скульпт. К.​Валера) і інш. У 19 ст. панавала эклектыка, потым — мадэрн (А.​Гаўдзі, А.​Сорыо-і-Мата). У 1928 у Барселоне склалася «Група іспанскіх архітэктараў і тэхнікаў для садзеяння прагрэсу сучаснай архітэктуры», якая стаяла на пазіцыях функцыяналізму. Пасля ўстанаўлення ў І. фаш. дыктатуры (1939) наватарскія маст. пошукі былі часова прыпынены. У 1950-я г. пачалі ўзводзіць асобныя рабочыя пасёлкі (Валенсія), прадаўжалася рэканструкцыя Мадрыда. У буд-ве развіваецца функцыяналізм, распрацоўваюцца прынцыпы арганічнай архітэктуры (дзіцячы дом адпачынку Мірафлорэс дэ ла Сьера, 1959, арх. Х.​А.​Каралес, А. дэ ла Сота і інш.) і бруталізму (жылы дом у Сітжэсе, 1969). Вырашаюцца праблемы шырокай рэканструкцыі гарадоў і іх жылога фонду.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Шматграннасць і складанасць маст. культуры І. абумоўлены рознасцю гіст. лёсаў яе асобных рэгіёнаў і этн. складу насельніцтва, спалучэннем культ. традыцый фінікійцаў, кельтаў, стараж. грэкаў, рымлян, германцаў, арабаў (маўраў). Да эпох палеаліту і неаліту адносяцца наскальныя паліхромныя размалёўкі ў пячорах (Альтаміра), ляпная арнаментаваная кераміка. У эпоху бронзы дасягнула росквіту ганчарнае мастацтва. Мастацтва ібераў у 8—4 ст. да н.э. развівалася пад грэч. і фінікійскім уплывамі. У 4—3 ст. да н.э. маст. культура І. вызначалася ўладай Карфагена, пазней Стараж. Рыма, што прывяло да яе раманізацыі. Вестгоцкі перыяд характарызуецца інтэр’ернай скульптурай у дараманскім стылі (капітэлі ў царкве Сан-педра дэ ла Наве, 9—10 ст.) і паліхромным стылем у дэкар.-прыкладным мастацтве. У 2-й пал. 8 — пач. 11 ст. ў заваяванай арабамі Андалусіі развівалася мастацтва, у якім своеасабліва спалучалася маст. культура Амеядскага халіфата і вестгоцкія традыцыі. У канцы 11—15 ст. на Пд І. склалася т.зв. Маўрытанскае мастацтва. Уласна ісп. мастацтва фарміравалася ва ўмовах Рэканкісты пад уплывам Францыі і Італіі ў культуры масарабаў. Каталіцкі аскетызм спалучаўся з яркасцю і багаццем форм маўрытанскай цывілізацыі. З 10 ст. развівалася мініяцюра, у якой адчувальны каралінгскія і атонаўскія ўплывы. У раманскі перыяд храмы ўпрыгожвала скульптура («Порцік славы» царквы ў Сант’яга-дэ-Кампастэла), высокага ўзроўню дасягнула размалёўка. Гатычны перыяд адметны распрацоўкай велічных заалтарных жывапісна-пластычных кампазіцый (рэтабла), размалёўкамі (фрэскі Ферэра Басы ў палацы Педральбес каля Барселоны), паліхромнай скульптурай, кніжнай мініяцюрай. Мастацтва 15 — пач. 16 ст. вызначалася драматызмам, экспрэсіўнасцю вобразаў, багатай арнаментыкай з выкарыстаннем залатых фонаў (Х.​Уге, А.Беругетэ, Ф.​Гальегас, А.​Фернандэс). У 16 ст. рэнесансавы жывапіс развіваўся пад уплывам італьян. мастацтва (Э.​Яньес дэ Альмедзіна, Х. дэ Хуанес, Л.​Варгас), дасягнуў абвостранага трагізму ў карцінах Л.​Маралеса, скульптурах Б.​Ардоньеса, узвышанай духоўнасці ў творчасці Д.Эль Грэка Развіваўся парадны партрэт у творах А.​Санчэс Каэльё, Х.​Пантоха дэ ла Круса, А.​Мора. 17 ст. — «залаты век» жывапісу І., перыяд станаўлення новых маст. цэнтраў (Валенсія, Севілья, Таледа); развіваўся стыль барока. Пад уплывам мастацтва М.Караваджа ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі, імкненне да драм. кантрасту ў маст. трактоўцы. Адухоўленае ўвасабленне жыццёвых вобразаў уласціва работам Ф.​Рыбальты, Ф. дэ Эрэры Старэйшага, Х.​Б.​Майна, Х. дэ Рыберы, Ф.Сурбарана. Найб. росквіту ісп. мастацтва 17 ст. дасягнула ў творчасці Д.Веласкеса. У 2-й пал. 17 ст. гэтыя тэндэнцыі прадаўжалі Б.Э.Мурыльё, А.​Пуга, А.​Перэда. У паліхромнай скульптуры працавалі Г.​Фернандэс, Х.​Мартынес і інш. У мастацтве 18 ст. адчуваюцца моцныя ўплывы Францыі і Італіі. Развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва: кераміка, злотніцтва (Х. дэ Арфе), маст. кавальства, ткацтва. Засн. каралеўская мануфактура габеленаў. Правадніком акад. класіцызму стала каралеўская АМ Сан-Фернанда (засн. ў 1752). Значнай з’явай у мастацтве была творчасць Ф.Гоі з яго экспрэсіўнай вобразнасцю і наватарскай жывапіснай манерай, якая стала прадвеснікам ідэй еўрап. рамантызму. У 19 ст. дамінавалі салонна-акад. тэндэнцыі, звязаныя з гіст. і фальклорнай тэматыкай (М.Фартуні і інш). У канцы 19 — пач. 20 ст. развіваліся імпрэсіянізм і мадэрн. Рысы кубізму ўласцівы творам Манола, экспрэсіянізму — Х.Саланы. У рэчышчы парыжскай школы працавалі сюррэалісты С.Далі і Ж.​Міро, кубісты Х.​Грыс, П.Пікасо, які ў значнай ступені вызначыў кірункі развіцця сучаснага мастацтва. Працавалі мастакі-рэалісты (скульптары Х.​Антоніо, В.​Мача, Э.​Бараль, жывапісцы Х.​Лопес Мескіта, М.​Бенедзіта Вівес, Р.​Касас). У гады вайны з франкістамі гал. відам мастацтва стала графіка (плакат, карыкатура, нар. лубок). У сярэдзіне 20 ст. пашырыўся пейзажны жывапіс, у 1950—80-я г. — шматлікія мадэрнісцкія кірункі.

Музыка. Вытокі ісп. музыкі ў муз. культуры ібераў. Ісп. муз. фальклор мае выразныя лакальныя адрозненні. Найб. архаічная музыка баскаў, у т. л. песня і танец сарсіка. У фальклоры Галісіі пераважаюць лірычныя песні; з танцаў найб. пашыраны муньейра са спевамі і муз. суправаджэннем. Падобныя рысы характэрны для фальклору Каталоніі, Балеарскіх а-воў, Валенсіі. У Каталоніі было развіта мастацтва трубадураў (13—14 ст.). Агульнаісп. рысаў найбольш у нар. музыцы Кастыліі і Леона з характэрнымі для яе метрычнай разнастайнасцю, перавагай трохдольнасці, поліметрыяй і непарыўнай сувяззю танца і спеваў. Асн. жанры — сегідылья, фанданга, балеро, руэда, чарада, танада, хота. Музыцы Андалусіі характэрны стыль кантэ фламенка (група танцаў і песень Паўд. І.) і ўласна андалусійская музыка, песні і танцы якой генетычна звязаны з фанданга і сегідыльяй ці паходзяць ад стараж. ісп. форм. Гал. муз. інструменты — гітара і кастаньеты. У 13 ст. пашырыліся героіка-эпічныя песні, якія ў 14—15 ст. у нар. асяроддзі ператварыліся ў рамансы. З муз.-паэтычных форм у 13—14 ст. развіваліся кантыгі, альбады, серэнады, пастурэлі, рэтраэнсы, вільянсіка і кантарсільо, якія далі пачатак песенным муз. формам кансьён, танада, копла, серанілья. З танцаў у 15—16 ст. найб. папулярныя сарабанда, чакона, эскараман, пазней — фанданга, сегідылья, балеро, танга. У канцы 15 ст. высокага ўзроўню дасягнула прафес. музыка І. (кампазітары Х. дэ Анчыета, Ф.​Пеньялоса, Х. дэль Энсіна). У эпоху Адраджэння расквітнела ісп. вак. поліфанія, найперш культавая (К. дэ Маралес, Ф.​Герэра, Т.Л. дэ Вікторыя), а таксама інстр. музыка, пераважна для віуэлы (віёлы), на аснове якой фарміравалася віртуознае мастацтва варыяцыйнай распрацоўкі. Найб. вядомыя ісп. віуэлісты 16 ст.: Л.​Мілан, Э. дэ Вальдэрабана, М. дэ Фуэнльяна, Л. дэ Нарваэс, А.​Мудара. Імітацыйна-поліфанічны стыль і варыяцыйны метад зацвердзіліся ў арганнай музыцы 16 ст. (буйнейшы майстар А. дэ Кабесон). Муз. тэатр І. фарміраваўся з ранняга сярэдневякоўя (захаваўся ўрывак з містэрыі «Пакланенне вешчуноў»). У 14 ст. зарадзіліся свецкія формы муз. т-ра. У эпоху Адраджэння паявіліся т.зв. эклогі (драм. сцэны з музыкай на рэліг. і свецкія сюжэты; заснавальнік Энсіна). У 17 ст. склалася спецыфічная ісп. форма опернага жанру — сарсуэла (блізкая да аперэты, найб. пашырэнне набыла ў 19 ст.). У 2-й пал. 18 ст. фарміруецца лірычная муз. камедыя танадылья (Л.​Місан, П.​Эстэве, Б. дэ Ласерна, М.Гарсія). Сярод кампазітараў канца 17 — пач. 18 ст. Х.​Кабанільес, А.​Літэрэс, А.​Салер, В.​Марцін-і-Салер. Значную ролю ў развіцці інстр. музыкі І. адыграў Д.Скарлаці. У 19 ст. адкрыты кансерваторыі і оперныя т-ры ў Мадрыдзе (1830 і 1850) і Барселоне (1847). Музыку нац. арыентацыі пісалі Ф.​Тарэга, Ф.​Пухоль, К. дэль Кампа-і-Сабалета. У канцы 19 ст. пачаўся рух за адраджэнне нац. муз. культуры І., т.зв. рэнасім’ента, на чале з Ф.Педрэлем (буйнейшыя прадстаўнікі І.Альбеніс, Э.Гранадас. М. дэ Фалья). У гады ісп. рэвалюцыі 1931—39 пашырылася масавая песня, у т. л. рэв.-патрыятычная. У 2-й пал. 20 ст. вылучыліся кампазітары Х.​Гурыдзі, О.​Эспла, Ф.​Момпу, С.​Бакарысе, Х.​Баўтыста, Х.​Радрыга, Р.​Альфтэр, Г.​Піталуга, К.​Паласіо, П.​Сарасабаль. Сярод выканаўцаў канца 19—20 ст.: спевакі Ф.Віньяс Дордаль, М.​Гай, М.П.​Р.​Гарсія, Э. дэ Ідальга, К.​Супервія, В. дэ Лос Анхелес, Т.Берганса, П.Дамінга, М.Кабалье, Х.Карэрас, П.​Ларэнгар; дырыжоры Э.​Ф.​Арбос, Х.​Ітурбі (і піяніст), А.​Архента; піяністы А дэ Лароча, Х.​Турына, Р.​Віньес; скрыпачы П.Сарасатэ, П.Зскудэра, Х.​Манен; віяланчэлісты П.Касальс, Г.Касадо; гітарысты М.​Льябет, А.Сеговія, Тарэга; арфіст Н.​Сабалета. У І. працуюць (1987): Нац. асацыяцыя музыкі, Асацыяцыя муз. культуры, т-ва «Музычная моладзь Іспаніі», Сімф. аркестр Ісп. радыё і тэлебачання, філарманічны аркестр, Ісп. ін-т мастацтвазнаўства, оперны т-р «Лісеа» ў Барселоне; нац. кансерваторыя ў Мадрыдзе і інш. Праводзяцца фестывалі, у т. л. Тыдні сярэдневяковай музыкі ў г. Эстэлья, міжнар. конкурс вакалістаў імя Віньяса (з 1963, Барселона) і інш.

Тэатр. Тэатр. паказы ў І. вядомы з часоў уладання рымлян. У сярэдневякоўі ставіліся літургічныя драмы, містэрыі, маралітэ; з нар. паказамі («здзеклівымі гульнямі») выступалі хуглары. У 16 ст. папулярнымі былі аўтас сакраменталес (свяшчэнныя дзействы), пасас (фарсы) Л. дэ Руэды, камедыі Б.​Торэса Наара, інтэрмедыі і драмы М.​Сервантэса. Паявіліся паўпрафес. і прафес. трупы. Манаполію на тэатр. паказы атрымалі царк. брацтвы, якія будавалі спец. памяшканні — каралі (у Мадрыдзе, Барселоне, Валенсіі, Севільі і інш.). Росквіту т-р І. дасягнуў у эпоху Адраджэння. Дэмакр. і гуманіст. кірунак развіваўся ў творчасці Лопэ дэ Вэгі, Тырса дэ Маліны, П.Кальдэрона дэ ла Баркі. У прыдворных т-рах 17 ст. ставіліся феерычныя, пышна аформленыя спектаклі. У 1665 дзейнасць т-раў была забаронена на 15 гадоў. З 18 ст. папулярнасць набыў муз. т-р, асабліва італьян. опера; у драме пераважаў дэкламацыйны стыль класіцызму. У муз.-драм. жанрах сайнеце, сарсуэле, танадыльі захоўваліся рэаліст. традыцыі. У 19 ст. адбыўся ўздым ісп. т-ра, адкрыты т-ры «Эспаньёль» у Мадрыдзе (1849), «Лісеа» ў Барселоне (1847) і інш. Пашырана была рамант. драма і быт. камедыя. З 2-й пал. 19 ст. пераважалі оперы-буфа, вар’етэ, рэвю франц. ўзору. Асобныя трупы і акцёры прытрымліваліся рэаліст. традыцый (т-р Камедыі, акцёры Э.​Марыо, Р.​Кальва). У пач. 20 ст. ў рэпертуары т-ра пераважалі камедыі і меладрамы. Мадэрнісцкія тэндэнцыі сцвярджалі Х.​Бенавентэ-і-Марцінес, Г.​Марцінес Сьера і інш., рэалістычныя — Ф.​Дыяс дэ Мендоса. М.​Герэра, М.​Ксіргу. Пасля абвяшчэння І. рэспублікай узмацніліся тэндэнцыі да адраджэння дэмакр. традыцый класічнай драматургіі (студэнцкі т-р «Ла Барака», які заснаваў Ф.​Гарсія Лорка, «Т-р педагагічных місій» А.​Касоны). У 1936—39 дзейнічалі перасоўныя трупы «Герыльяс дэ тэатра» («Тэатр. партыз. атрады»). З усталяваннем франкісцкага рэжыму многія тэатр. дзеячы эмігрыравалі. У 1950-я г. ставіліся п’есы тагачасных замежных аўтараў (Б.​Брэхга, Дж.​Б.​Прыстлі, А.​Мілера). У 1960-я г. ў некаторых т-рах аднавіліся пастаноўкі класічнай нац. драматургіі (т-ры «Эспаньёль», «Бельяс Артэс» у Мадрыдзе). Прадстаўнікі руху «Новы тэатр» пратэставалі супраць дыктатуры, цэнзуры, тэатр. рэалізму (незалежныя т-ры «Лос Галіярдас» у Мадрыдзе, «Лос Катарас» у Каталоніі, «Эль Тэатра Лебрыяна» ў Андалусіі і інш.). У гэтым кірунку развівалася творчасць драматургаў, схільных да т-ра абсурду і тэатр. жорсткасці (Л.​Рыяза, М.​Марцінес Медыера), сюррэалізму (Ф.​Ньева), абстракцыі (Х.​Руібаль). З наданнем ісп. правінцыям аўтаноміі развіваецца нар. т-р, але гал. асяродкам тэатр. жыцця застаюцца Мадрыд і Барселона. Сярод рэжысёраў апошніх дзесяцігоддзяў — Х.​Тамаё, Х.​Л.​Алонса, М.​Нарас, К.​Пласа, В.​Гарсія, акцёраў — Н.​Эсперт, Х.​Л.​Гомес, Х.​М.​Радэра.

Кіно. Вытворчасць фільмаў у І. пачалася ў канцы 19 ст. («Выхад з дзённай месы з царквы Пілар у Сарагосе», 1896, рэж. Э.​Хімена). Напачатку здымаліся дакумент. рэпартажы і кароткаметражныя фільмы. Першы маст. фільм выпушчаны ў 1905. Першыя кінастудыі створаны ў Барселоне (1906). У 1920-я г. кінавытворчасць развівалася ў Мадрыдзе, дзе выпускалі пераважна забаўляльныя стужкі, а таксама экранізацыі вядомых ісп. празаікаў і драматургаў (30—40 фільмаў штогод; найб. вядомыя рэжысёры — Б.​Пероха, Ф.​Рэй). У 1931—36 кінастудыі пераабсталяваны, выпуск фільмаў павялічыўся, створаны Савет па кінематаграфіі (1933). Сярод лепшых рэжысёраў гэтага часу — Л.Буньюэль («Андалускі пёс», 1928; «Залаты век», 1930; «Зямля без хлеба», 1932). У 1934 пастаўлены першы гукавы фільм («Вада ў глебе», рэж. Э.​Ф.​Ардавін). Грамадз. вайна 1936—39 стала тэмай шэрагу фільмаў; мадрыдская кінастудыя «Фільм папулар» выпускала кінахроніку «Сучасная Іспанія». У час дыктатуры Франка ўведзена цэнзура, пашырыліся фільмы, на якія ўплывалі стужкі фаш. Германіі і Італіі. У 1940—50-я г. найчасцей здымаліся муз. камедыі і ісп.-італьян. вестэрны. Прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў (Х.А.Бардэм, Л.Г.Берланга, Муньёс-Суай), на творчасць якіх паўплываў неарэалізм («Гэта шчаслівая пара», рэж. Бардэм і Берланга). Вядомасць за межамі І. атрымалі фільмы Берлангі «Шчыра запрашаем, містэр Маршал!» (1952), «Калабуч» (1956), «Кат» (1963), Бардэма «Смерць веласіпедыста» (1954), «Галоўная вуліца» (1956). На творчасць кінематаграфістаў 1960-х г. паўплываў фільм італьян. рэж. М.​Ферэры «Каляска», зняты ў І. ў жорсткай рэаліст. манеры з элементамі «чорнага» гумару. Гал. падзеяй нац. кіно стала стужка Буньюэля «Вірыдыяна» (1961) пра духоўныя праблемы ісп. грамадства. Маладыя рэжысёры К.​Саўра, Ф.​Рэгейра, М.​Пікаса, М.​Сумерс і інш. заснавалі кірунак «Новае іспанскае кіно», сярод прадстаўнікоў якога самабытны кінарэжысёр Саўра («Сад уцех», 1970; «Ганна і ваўкі», 1972; «Выкармі гругана», «Эліза, маё жыццё», абодва 1975, і інш.). Дэмакратызацыя грамадства ў 1970-я г. садзейнічала развіццю ісп. кіно. Сусв. вядомасць атрымаў рэж. П.​Альмадавар («Матадор», 1986; «Жанчыны на мяжы нервовага зрыву», 1988; «Звяжы мяне», 1989; «Кіка», 1993, і інш.). Сярод акцёраў: Ф.​Рабаль, А.​Маліна, А.​Белен, А.​Бандэрас, В.А́брыль. У І. больш за 100 кінакампаній, якія займаюцца вытворчасцю і пракатам. Сістэма кінаадукацыі ўключае Барселонскі і Мадрыдскі ун-ты, Дзярж. ін-т радыё і тэлебачання. Нац. фільматэка ў Мадрыдзе і Каталонская ў Барселоне, Міжнар. кінаархіў, архіў хронікі і дакумент. кіно ў Мадрыдзе. Сярод міжнар. кінафестываляў: агляд дакумент. і кароткаметражнага кіно ў Більбао, агляд кіно ў Валенсіі, фестывалі ў Сан-Себасцьяне і фантаст. кіно ў Сітжэсе.

Беларусы ў Іспаніі. Бел. асяродак у І. пачаў складвацца ў пач. 1950-х г. і быў прадстаўлены пераважна студэнтамі-беларусамі Мадрыдскага ун-та, якія ў 1952 заснавалі Бел. акадэмічнае згуртаванне (старшыня Я.​Сурвіла). Пры Цэнтры па вывучэнні краін усходу (Мадрыд) у 1956 створана бел. секцыя пад кіраўніцтвам Сурвілы. Супрацоўнікі Інстытута беларусаведы імя Льва Сапегі ў Мадрыдзе (1952—60) вялі навук. даследаванні па гісторыі бел. дзяржавы, прапаганду ведаў пра Беларусь сярод народаў І. і Зах. Еўропы. З 1958 працавала бел. рэдакцыя на Мадрыдскім нац. радыё. Беларусы вялі культ.-асв. дзейнасць. У 1954—55 у Мадрыдзе прайшлі канцэрты бел. музыкі і нар. песень для студэнтаў і навукоўцаў каледжаў. На семінарах і канферэнцыях навукоўцы чыталі даклады і рэфераты па беларусазнаўству, бел. моладзь прадстаўляла Беларусь у дні нац. свят, у час культ. мерапрыемстваў, на міжнар. сімпозіумах і канферэнцыях. У 1960-я г. многія беларусы пакінулі краіну і бел. дзейнасць спынілася.

Літ.: Уотт У.М., Какиа П. Мусульманская Испания: Пер. с англ. М., 1976; Испания, 1918—1972 гг.: Ист. очерк. М., 1975; Понеделко Г.Н. Государство в экономике Испании: взгляд в прошлое и современность. М., 1991; Проблемы испанской истории. М., 1992; Ланда Р.Г. В стране аль-Андалус через тысячу лет. М., 1993; Хенкин С.М. Испания после диктатуры: (соц.-полит. пробл. перехода к демократии) М., 1993; Менендес Пидаль Р Избр. произв.: Исп. лит. средних веков и эпохи Возрождения: Пер. с исп. М., 1961; Плавскин З.И. Испанская литература XVII — середины XIX в. М., 1978; Я го ж. Испанская литература XIX—XX вв. М., 1982; Штейн А.Л. История испанской литературы. М., 1994; Arean C. La pintura española de Altamira al siglo 20. Madrid, 1971; Фалья М. де. Статьи о музыке и музыкантах: Пер. с исп. М., 1971; Мартынов И.И. Музыка Испании. М., 1977; Marco T. Historia de la musica espanola. Vol. 1—6. Madrid, 1983—84 Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), К.​А.​Далгучыц (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узбр. сілы), В.​М.​Наяумчык (асвета. навук. ўстановы), К.​М.​Міхееў (літаратура), В.​Я.​Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Г.​У.​Шур (кіно), А.​С.​Ляднёва (беларусы ў Іспаніі).

Герб і сцяг Іспаніі.
Да арт. Іспанія. Горы Пірэнеі на поўначы краіны.
Да арт. Іспанія. Буйнейшы партовы горад і прамысловы цэнтр Галісіі — Віга.
Да арт. Іспанія Панарама ў цэнтры Мадрыда.
Да арт. Іспанія. Краявід на Андалускай нізіне.
Да арт. Іспанія. «Дворык ільвоў» у комплексе Альгамбра ў г. Гранада. 13—14 ст.
Да арт. Іспанія. Каралеўскі палац у Мадрыдзе (1738—64).
Да арт. Іспанія. Мадрыдскі парк (былы Буэн-Рэціра; 1868).
Да арт. Іспанія. Помнік М.​Сервантэсу ў Мадрыдзе. 1927.
Да арт. Іспанія. Царква Сан-Клементэ дэ Тауль у Каталоніі. 1123.
Да арт. Іспанія. Эль Грэка. Партрэт па эта А.​Паравісіна. 1609.
Да арт. Іспанія. Ф.​Гоя. Партрэт Антоніі Саратэ. Каля 1811.
Да арт. Іспанія. П.​Пікасо. Аматарка абсенту. 1901.
Да арт. Іспанія. Ж.​Міро. Чарада. 1940.
Да арт. Іспанія. Фрагменты танцаў «Арагонская хота» (зверху) і «Фанданга».
Да арт. Іспанія. Фрагмент танца ў стылі кантэ фламенка.

т. 7, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТА́ЛІЯ (Italia),

Італьянская Рэспубліка (Repubblica Italiana), дзяржава на Пд Еўропы, у цэнтр. ч. Міжземнамор’я. Займае паўд. схілы Альпаў, Паданскую раўніну, Апенінскі п-аў, а-вы Сіцылія, Сардзінія і шэраг дробных астравоў. Мяжуе на З з Францыяй, на Пн з Швейцарыяй, Аўстрыяй, на У са Славеніяй. Абмываецца Лігурыйскім, Тырэнскім, Іанічным і Адрыятычным морамі. Пл. 301,2 тыс. км². Нас, 57534,1 тыс. чал. (1997). Сталіца — г. Рым. У межах І. 2 дзяржавы — Ватыкан і Сан-Марына. Падзяляецца на 20 адм. абласцей: П’емонт, Вале-д’Аоста, Ламбардыя, Трэнціна-Альта-Адыджэ, Венецыя, Фрыулі-Венецыя-Джулія, Лігурыя, Эмілія-Раманья, Таскана, Умбрыя, Марке, Лацыо, Абруцы, Малізе, Кампанія, Апулія, Базіліката, Калабрыя, а-вы Сіцылія і Сардзінія. Вобласці аб’ядноўваюць 94 правінцыі. Дзярж. мова — італьянская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (першая нядзеля чэрвеня).

Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1947. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на сумесным пасяджэнні палат парламента з удзелам дэлегатаў ад усіх абласцей. Вышэйшы орган заканад. улады — двухпалатны парламент, складаецца з палаты дэпутатаў (630 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў) і сената (315 сенатараў, з якіх 310 выбірае насельніцтва, а 5 назначае прэзідэнт); агульны тэрмін іх паўнамоцтваў 6 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду — Савету міністраў, які назначаецца прэзідэнтам і нясе адказнасць перад парламентам. 5 абласцей маюць спец. аўт. статус; інш. вобласці, правінцыі і камуны маюць выбарныя органы мясц. самакіравання (правінцыяльныя і камунальныя саветы), апрача таго, цэнтр. ўлада назначае ў вобласці камісараў, а ў правінцыі — прэфектаў. Канстытуцыйны нагляд ажыццяўляе Канстытуцыйны суд.

Прырода. Горы і ўзвышшы займаюць каля 80% тэр. краіны. На Пн — Альпы з высакагорным расчлянёным рэльефам; найб. выш. да 4807 м (г. Манблан). На ПнУ горы складзены з вапнякоў, развіты карст. Большую ч. Апенінскага п-ва займаюць горы Апеніны (выш. да 2914 м, г. Корна). На Пд — дзеючыя (Этна, Везувій, Стромбалі) і патухлыя вулканы, лававыя плато. Характэрна высокая сейсмічнасць. Нізіны пашыраны ўздоўж марскіх узбярэжжаў і па далінах рэк. Найб. — Паданская раўніна, складзеная з алювіяльных наносаў, месцамі забалочаная. Горны рэльеф пераважае і на астравах. Карысныя выкапні: буры і каменны вугаль (Сардзінія, Таскана), нафта і прыродны газ (Паданская раўніна, в-аў Сіцылія, шэльф Адрыятычнага м.), жал. (Аоста, в-аў Эльба), поліметал. (в-аў Сардзінія, Усх. Альпы), марганцавыя (Лігурыя), сурмяныя (Сардзінія) руды, пірыты (Таскана), баксіты (Апулія), сера, каменная і калійная солі (Сіцылія). Па запасах ртутнай руды І. займае адно з першых месцаў у свеце (Таскана). Буд. матэрыялы (мармур, граніт, туф). Клімат на б.ч. тэрыторыі субтрапічны міжземнаморскі, на Паданскай раўніне пераходны ад субтрапічнага да ўмеранага. Лета гарачае і сухое. Сярэдняя т-ра чэрв. ад 20 да 28 °C, пры гарачым паветры з Афрыкі (сірока) павышаецца да 35—40 °C. Зіма мяккая, сярэдняя т-ра студз. на Паданскай раўніне каля 0 °C, на Апенінскім п-ве і астравах да 12 °C, у Альпах да -15—20 °C. Ападкаў на наветраных схілах гор больш за 3000 мм, ва ўнутр. раёнах і на ўсх. схілах 600—1000 мм, на Пд каля 500 мм за год. Вяршыні гор укрыты ледавікамі і снежнікамі. Рачная сетка густая толькі ў Альпах і на Паданскай раўніне. Рэкі Паўн. І. (По, Адыджэ, П’яве) багаты гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца для арашэння. На Апенінскім п-ве рэкі невял. і малаводныя. У Альпах шмат азёр, пераважна ледавіковага паходжання (Гарда, Лага-Маджорэ, Кома). Глебы ў Альпах горна-лугавыя і горна-лясныя, на Паданскай раўніне бурыя лясныя і алювіяльныя, на плато перадгор’яў Апенінаў і в-ве Сардзінія перагнойна-карбанатныя, у прыморскай зоне Апенінскага п-ва і в-ва Сіцылія карычневыя. У раслінным покрыве пераважаюць культ. ландшафты. Пад лесам і хмызняком каля 25% тэрыторыі, пераважна ў гарах. У складзе жывёльнага свету мядзведзь, воўк, ліс, казуля. Мноства птушак, паўзуноў. Нац. паркі: Стэльвіо, Гран-Парадыза, Абруца, Калабрыя, Чырчэа і інш., шмат рэзерватаў і заказнікаў.

Насельніцтва. Па колькасці жыхароў І. займае 5-е месца ў Еўропе. 94% італьянцаў, жывуць фрыулы, цірольцы, французы, албанцы, славенцы, грэкі і інш. У І. каля 920 тыс. чал. замежных працоўных з краін Усх. Еўропы, Афрыкі, Філіпін. Большасць вернікаў — католікі, ёсць пратэстанты, іудзеі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 191 чал. на 1 км, у высокаурбанізаваных абласцях на Пн (Ламбардыя, Лігурыя) і прамысл. зонах Неапаля, Рыма да 400 чал. на 1 км, у горных і с.-г. раёнах і на в-ве Сардзінія каля 40—70 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 67%. Найб. гарады (тыс. чал.): Мілан — 4251, Неапаль — 3012, Рым — 2688, Турын — 1294 (1997), Палерма — 695, Генуя — 660, Балоння — 395, Фларэнцыя — 393, Бары — 339, Катанія — 327, Венецыя — 306 (1993). У прам-сці заняты 32%, у сельскай гаспадарцы — 10% працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя. Тэр. І. заселена ў эпоху палеаліту. Найб. стараж. з вядомых тут плямён былі лігурны, сіканы, этрускі. У 2—1-м тыс. да н.э. на б.ч. Апенінскага п-ва рассяліліся плямёны італікаў, сярод якіх найб. развітымі былі лаціны. У 753 да н.э. (паводле традыцыі) лаціны і сабіны заснавалі г. Рым, які заваяваў увесь паўвостраў, і да 5 ст. н.э. І. ўваходзіла ў склад рабаўладальніцкай Рымскай імперыі (гл. Рым Старажытны). У 4—5 ст. пачалося нашэсце ў І. германскіх і інш. варварскіх плямён (гл. Вялікае перасяленне народаў). У 410 Рым захапілі вестготы, у 455 яго разграмілі вандалы. У 476 перастала існаваць Зах. Рым. імперыя і засн. варварскае каралеўства на чале з Адаакрам (476—493).

У 493—554 існавала і каралеўства остготаў на чале з Тэадорыхам. 3535 пачалася экспансія Візантыі, войскі якой у 554 заваявалі большую частку І. У 568 Пд І. захапілі лангабарды. За частку І., што заставалася пад уладай Візантыі, змагаліся лангабарды і франкі. У 756 землі ў Сярэдняй І. захапіў франкскі кароль Піпін Кароткі, які перадаў уладу над імі папу Стэфану II; у выніку ўзнікла тэакратычная дзяржава пап (гл. Папская вобласць). У 774 каралеўства лангабардаў заваяваў Карл Вялікі, у 781 узнікла італьян. каралеўства на чале з яго сынам Піпінам. У выніку заваёўніцкіх паходаў герм. караля Агона I тэр. І. ўключана ў заснаваную ім у 962 «Свяшчэнную Рымскую імперыю». З 9 ст. пачалося запрыгоньванне італьян. сялян, адначасова адбывалася станаўленне гарадоў, многія з якіх у 11—12 ст. сталі самакіравальнымі камунамі. У 12—13 ст. пры падтрымцы гарадоў узніклі і сельскія камуны. Росквіту прыморскіх гарадоў як гал. гандл. пасрэднікаў паміж Еўропай і Усходам спрыялі крыжовыя паходы. У 14—16 ст. зарадзіліся раннекапіталіст. адносіны (амаль не закранулі сельскую гаспадарку), якія сталі вытокам культуры Адраджэння. Перамяшчэнне гандл. шляхоў з Міжземнага м. ў Атлантычны ак. і інш. прычыны выклікалі ў 16 ст. эканам. заняпад разрозненых італьян. дзяржаў. За панаванне ў аслабленай І. вялі барацьбу Францыя і Іспанія (гл. Італьянскія войны). Паўд. 1., Сіцыліяй, Сардзініяй, Міланскім герцагствам авалодала Іспанія. У залежнасць ад яе трапілі і астатнія італьян. дзяржавы (акрамя Венецыі, Савойскага герцагства з П’емонтам і Папскай вобл.).

У 1-й пал. 18 ст. на тэр. І. ваявалі паміж сабой Францыя, Аўстрыя і Іспанія, у выніку чаго Паўн. і Сярэдняя І. апынулася пад уладай Аўстрыі, Паўд. І. засталася ў залежнасці ад Іспаніі. У 2-й пал. 18 ст. дзякуючы рэформам у духу асветнага абсалютызму палепшылася эканам. становішча ў шэрагу італьян. дзяржаў, асабліва на Пн краіны. У канцы 18 ст. пачалася эпоха Рысарджымента (працягвалася да 1870), узнікла сетка тайных антыаўстр., антыманархічных і інш. арг-цый і клубаў. Ва ўмовах заваявання І. французамі (гл. Італьянскі паход Банапарта 1796—97) і іх панавання тут (да 1814) актывізаваўся нац.-вызв. рух (карбанарыі, паўстанне 1813—14 на Пн краіны і ў Мілане). У выніку Італьянскага паходу Сувораеа 1799 і Міжземнаморскага паходу Ушакова 1798—1800 ад французаў фактычна вызвалена Паўн. І. Пасля падзення імперыі Напалеона I Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў паліт. раздробленасць і аўстр. панаванне амаль на ўсёй тэр. І. Пасля паражэння рэвалюцый 1820—21 і 1831 рух карбанарыяў пайшоў на спад, узнікла падп. арг-цыя «Маладая Італія» (засн. Дж.Мадзіні). У 1840-я г. ў Паўн. І. пачаўся прамысл. пераварот (завяршыўся ў апошняй трэці 19 ст.). Аб’яднанню краіны пасля паражэння рэвалюцыі 1848—49 у Італіі садзейнічалі аўстра-італа-французская вайна 1859, рэвалюцыя 1859—60 у Італіі, дзейнасць Дж.Гарыбальдзі і К.Б.Кавура. У 1861 Сардзінскае каралеўства (П’емонт), вакол якога ішло аб’яднанне зямель І., канстытуіравалася ў адзінае Італьян. каралеўства на чале з каралём Віктарам Эмануілам II. У выніку аўстра-італьян. вайны 1866 да каралеўства далучана Венецыя, у 1870 — Папская вобл. і Рым. У аб’яднанай І. ўстанавілася канстытуцыйная манархія, захавалася эканам. адсталасць пераважна агр. Поўдня. І. заключыла Траісты саюз 1882 з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй. З канца 19 ст. яна стала на шлях калан. захопаў (акупацыя Самалі ў 1889 і Эрытрэі ў 1890, спроба заняволіць Эфіопію ў час італа-эфіопскай вайны 1895—96, захоп Лівіі ў час італа-турэцкай вайны 1911—12).

У 1900—14 паскорылася эканам. развіццё краіны. У пач. 1-й сусв. вайны яна захоўвала нейтралітэт, але пасля падпісання пагаднення з краінамі Антанты 23.5.1915 абвясціла вайну Аўстра-Венгрыі, а 27.8.1916 — і Германіі. За час вайны забіта каля 700 тыс. італьянцаў, страчана 60% гандл. суднаў, значна заняпала гаспадарка (асабліва ў спустошанай у выніку баявых дзеянняў паўн.-ўсх. ч. краіны). У гэтых умовах актывізаваўся прафс., сял. і рэв. рух. Сац.-паліт. крызіс і ўсплёск шавінізму ў краіне пасля адмовы краін Антанты поўнасцю задаволіць яе тэр. прэтэнзіі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 спрыялі прыходу да ўлады фашыстаў на чале з Б.Мусаліні (гл. Паход на Рым 1922). Да 1928 у краіне ўсталявалася адзінаўладная дыктатура фаш. партыі пры захаванні манархіі (кароль Віктар Эмануіл III). Латэранскія дагаворы 1929 урэгулявалі працяглы канфлікт (з 1870) за ўладу паміж рым. папамі і італьян. каралеўскімі ўрадамі, забяспечылі фашыстам падтрымку Ватыкана. Сусв. эканам. крызіс 1929—33 падштурхнуў італьян. фашыстаў да стварэння ў краіне сістэмы карпарацый (гл. Патэрналізм), што паспрыяла больш устойліваму яе сац.-эканам. развіццю і прывяло да ўзмацнення татальнага кантролю над італьян. грамадствам з боку фаш. дзяржавы (у 1939 ліквідавана і выбарнасць парламента). Агрэсіўная знешняя палітыка ўрада Мусаліні (1922—43), у т. л. захоп Эфіопіі (гл. Італа-эфіопская вайна 1935—36), утварэнне «восі Берлін—Рым» (1936), выхад краіны з Лігі Нацый і далучэнне яе да «Антыкамінтэрнаўскага пакта» (1937), дапамога франкістам у час грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39, акупацыя Албаніі (крас. 1939), абумовіла ўступленне І. 10.6.1940 у 2-ю сусв. вайну на баку дзяржаў гітлераўскай кааліцыі. Італьян. войскі ўдзельнічалі ў італа-грэчаскай вайне 1940—41, балканскай кампаніі 1941, баях на сав.-герм. фронце (1941—43) і ў Паўн. Афрыцы (выцеснены і разгромлены да мая 1943). У выніку ўсеагульнай антыфаш. забастоўкі ў Паўн. І. (сак. 1943) і высадкі англа-амер. войск у Сіцыліі (чэрв. 1943) Мусаліні пазбаўлены ўлады і арыштаваны. Урад на чале з маршалам П.Бадольё 3.9.1943 тайна капітуляваў перад англа-амер. камандаваннем. У адказ ням.фаш. войскі акупіравалі значную частку яе тэрыторыі і стварылі на Пн І. марыянетачную «рэспубліку Сало» на чале з выкрадзеным Мусаліні. У выніку актывізацыі італьян. Руху Супраціўлення (гарыбальдзійскія брыгады, антыфаш. паўстанне ў Паўн. І. ў крас. 1945) і дзеянняў англа-амер. войск у ходзе італьянскай кампаніі 1943—45 краіна вызвалена ад ням.-фаш. войск (капітулявалі 29.4.1945). У выніку рэферэндуму 2.6.1946 ліквідавана манархія, І. абвешчана рэспублікай (яе канстытуцыя прынята 22.12.1947). 10.2.1947 падпісаны мірны дагавор з краінамі антыгітлераўскай кааліцыі (гл. Парыжскія мірныя дагаворы 1947). У 1946—81 і 1984—93 на чале ўлады знаходзілася пераважна Хрысціянска-дэмакратычная партыя (адзін з лідэраў Дж.Андрэоці), якая ў 1948—53 мела абсалютную большасць месцаў у парламенце. Пасляваеннаму аднаўленню эканомікі (завяршылася ў 1950-я г.) садзейнічала дапамога паводле Маршала плана (з 1948). З канца 1960-х г. у І. ўзмацніліся эканам. цяжкасці (структурны крызіс), у 1970-я г. актывізавалася тэрарыст. дзейнасць «чырвоных брыгад» (забойства А.Мора і інш.). У выніку парламенцкіх выбараў у сак. 1994 да ўлады прыйшлі прадстаўнікі правакансерватыўных сіл (Ліга Поўначы, неафашысты) на чале з лідэрам руху «Уперад, Італія» С.​Берлусконі, што стала пачаткам устанаўлення ў І. Другой Рэспублікі. На парламенцкіх выбарах у крас. 1996 перамог левацэнтрысцкі блок «Аліўкавае дрэва» (гал. роля ў ім належыць Дэмакр. партыі левых сіл, засн. ў 1991), які ўтварыў урад на чале з Р.​Продзі. Прэзідэнт краіны — О.​Скальфара (з 1992). І. — чл. НАТО і Савета Еўропы (з 1949), ААН і Зах.-Еўрап. саюза (з 1955), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Еўрап. Саюза (з 1993). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Дэмакр. партыя левых сіл, Італьян. нар. партыя (пераемніца Хрысц.-дэмакр. партыі), Аб’яднаныя хрысц. дэмакраты, рух «Уперад, Італія», Ліга Поўначы — Федэратыўная Італія, Італьян. федэралісцкая Ліга, нац. альянс і інш. Найб. прафс. аб’яднанні — Усеагульная італьян. канфедэрацыя працы, Італьян. канфедэрацыя прафсаюзаў працоўных, Італьян. саюз працы.

Гаспадарка. І. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна. Па долі ў сусв. нац. прадукце (3,9%) і сусв. экспарце (6,3%) займае 6-е месца ў свеце (1995). Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва складае 18,7 тыс. дол. ЗША (1995). Доля прам-сці ў ВУП — 35,6%, сельскай гаспадаркі — 3,9%, сферы паслуг — 60,5%. На сусв. рынку вядома як пастаўшчык прадукцыі машынабудавання, хім., нафтаперапр., тэкст., абутковай, харч., паліграф., шкляна-фаянсавай прам-сці і як буйны раён турызму. Большая ч. прамысловасці сканцэнтравана на поўначы. Уласныя паліўна-энергет. рэсурсы забяспечваюць толькі 17% патрэб гаспадаркі. Здабыча нафты каля 5 млн. т, прыроднага газу 20 млрд. м³ (1996). Штогод І. імпартуе каля 80 млн. т нафты і каля 40 млрд. м³ газу з Саудаўскай Аравіі, Алжыра, Лівіі, Расіі, 15,9 млн. т вугалю з ЗША Здабываюць буры вугаль, ртуць, свінцова-цынкавыя і медныя руды, баксіты, серу і калійныя солі, мармур, граніт, асфальт. Вытв-сць электраэнергіі 225,2 млрд. кВт гадз (1995), пераважна на ЦЭЦ (буйнейшая ў г. Спецыя). Чорная металургія працуе ў асноўным на імпартнай сыравіне. Выплаўка (млн. т, 1994) сталі — 27,8, чыгуну — 11,7. Буйнейшыя прадпрыемствы поўнага цыкла ў Таранта (самы вял. ў І.), Генуі, Неапалі. Перапрацоўчыя і пракатныя з-ды ў цэнтрах машынабудавання (Мілан, Турын, Трыест, Тэрні і інш.), электраметалургія ў гарадах Бальцана, Бергама, Тэрні, Брэшыя. У каляровай металургіі вытв-сць алюмінію (каля альпійскіх ГЭС), свінцу (Сардзінія), магнію (Бальцана). Па выплаўцы ртуці (800 т, 1995) І. займае адно з першых месцаў у свеце (Грасета, Сіена). У машынабудаванні (32% прадукцыі прам-сці) вылучаюцца аўтамабіле-, трактара- і суднабудаванне, электратэхн. і радыёэлектронная прам-сць, станкабудаванне, вытв-сць пішучых і вылічальных машын, ваен. тэхнікі, абсталявання для розных галін прам-сці. Выпуск аўтамабіляў у 1995 склаў 1,6 млн. шт., у т. л. 1,4 млн. шт.

легкавых (адзін з буйнейшых вытворцаў у Еўропе — канцэрн ФІАТ, штаб-кватэра ў Турыне); з-ды ў Мілане, Бальцана, каля Неапаля. Прадпрыемствы ФІАТ выпускаюць таксама трактары, лакаматывы, вагоны, суднавыя і авіяц. рухавікі, металургічнае абсталяванне. Машынабудаванне І. спецыялізуецца таксама на вытв-сці матацыклаў, матаролераў, мапедаў, веласіпедаў, спарт. аўтамабіляў (Мадэна). Гал. цэнтры суднабудавання: Неапаль, Генуя, Трыест, Спецыя, Палерма, Венецыя, Таранта. Авіяц. з-ды ў прыгарадах Турына, Неапаля, Брындызі. Электратэхн. і радыёэлектронная прам-сць прадстаўлена з-дамі ў Турыне, Рыме, Неапалі, Венецыі, Мілане, Палерма і інш. Вытв-сць халадзільнікаў (4,8 млн. шт., 4-е месца ў свеце), пральных машын (6,2 млн. шт., 3-е месца ў свеце, 1994). Развіты прыладабудаванне, дакладная механіка і оптыка. І. займае адно з вядучых месцаў у свеце па вытв-сці пішучых і выліч. машын, касавых апаратаў, канторскага абсталявання (фірма «Алівеці», г. Іўрэа), 4—5-е месца па вытв-сці і экспарце станкоў, кавальска-прэсавага абсталявання. С.-г. машынабудаванне прадстаўлена ў Рэджа-нель-Эміліі, Мадэне, Турыне, Балонні, Палерма, Фоджы, Вічэнцы. І. буйны вытворца на сусв. рынку машын і абсталявання для перапрацоўкі пластмасы, гумавай, тэкст., абутковай, харч., паліграф. прам-сці. На ім партнай (нафта, прыродны газ, фасфарыты) і часткова мясц. (прыродны газ, пірыты, калійная соль) сыравіне працуе нафтаперапр., нафтахім. і хім. прам-сць. Нафтаперапр. з-ды размешчаны ў буйных партах (Генуя, Неапаль, Венецыя, Трыест) і на в-ве Сіцылія (Аўгуста, Сіракузы, Джэла). У хім. і нафтахім. прам-сці важнае месца займае вытв-сць сінт. каўчуку (305 тыс. т), хім. валокнаў (630 тыс. т), пластмасы, мінер. угнаенняў (1 млн. т, 1995), лакаў, фарбаў, азотнай і сернай к-т, соды, ядахімікатаў. Развіта фармацэўтычная вытв-сць. Гал. канцэрны ў хім. і нафтахім. прам-сці: «Мантэдысан», «ЭНІ», «Пірэлі». І. — адзін з найбуйнейшых у свеце пастаўшчыкоў адзення і абутку. З галін лёгкай прам-сці развіты тэкст., шарсцяная, баваўняная, шаўковая, швейная, трыкат. і абутковая вытв-сць. Асн. галіны харч. прам-сці: мукамольная, макаронная, алейная, вінаробная, сыраварная, кандытарская. кансервавая. цукр., рысаачышчальная, тытунёвая. Штогод у краіне вырабляецца каля 430 тыс. т аліўкавага алею (2-е месца ў свеце пасля Іспаніі) і каля 6 млн. т вінаматэрыялаў (1 е месца ў свеце). 1 традыцыйны вытворца эсенцый і эфірнага алею з кветак і садавіны. Развіта паліграф. прам-сць (Мілан — буйнейшы выдавецкі цэнтр). Вытв-сць буд матэрыялаў, вырабаў са шкла, муз. інструментаў. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства (58% таварнай с.-г. прадукцыі). Пад ворнымі землямі 32% тэр. краіны, 12% займаюць сады і вінаграднікі, каля 20% — паша і сенажаці. Гал. збожжавыя культуры (млн. т, 1996): пшаніца — 8,2 (Эмілія-Раманья, Апулія, Сіцылія), кукуруза — 8,7 (Ламбардыя, Венецыя), рыс — 1,4 (1-е месца ў Еўропе, на арашальных землях Паданскай раўніны). Пасевы ячменю. аўса, з тэхн. культур — цукр. буракоў (збор 18 млн, т, 1995), тытуню (118 тыс. т). Вырошчваюць агародніну — да 15 млн. т, у т. л. 5 млн. т памідораў, б.ч. якіх кансервуецца і ідзе на экспарт. І. займае 1-е месца ў свеце па зборы вінаграду (8,4 млн. т. 1995), з іх каля 90% перапрацоўваецца на віно. Збор (млн. т, 1995) цытрусавых — 3,3, садавіны (яблык, груш, персікаў) — 5, аліўкаў — 3,1 (адно з першых месцаў у свеце). Пасадкі грэцкіх арэхаў. Кветкаводства. Жывёлагадоўля малочнага і малочна-мяснога кірунку. Гадуюць (млн. галоў, 1996): авечак — 10,5, свіней — 8, буйн. раг. жывёлу — 7, коз — 1,5. Вытв-сць (млн т, 1995): мяса — 3,97, сыру — 0,88 (4-е месца ў свеце). Улоў рыбы ў 1995—609,8 тыс. т. Промысел малюскаў, ракападобных. Гадоўля вустрыц. Аўтамабільны транспарт забяспечвае больш за 90% пасажырскіх і каля 80% грузавых унутр. перавозак. Даўж. аўтадарог 478 тыс. км, у т. л. аўтастрад 6,3 тыс. км (2-е месца ў Еўропе пасля Германіі). Аўтапарк 32,9 млн. машын, у т. л. 30,1 млн. легкавых (1994). Даўж. чыгункі 19 тыс. км, найб. густая ў Паўн. І. Больш за 50% чыгункі электрыфікавана. Гал. чыг. вузел — Мілан (22 чыг. лініі). Марскі транспарт перавозіць 90% імпартных і каля 70% экспартных грузаў Гандл. флот налічвае 704 судны (1995), агульны танаж 6,3 млн. брута-рэг. т. Буйныя парты (грузаабарот, млн. т): Генуя — 42,8, Трыест — 38,3. 31 аэрапорт, з іх 6 міжнародных. Развіты трубаправодны транспарт. Даўж. нафтаправодаў 1703 км, прадуктаправодаў 2148 км, газаправодаў 19 400 км. Штогод краіну наведвае каля 50 млн. чал. Абслугоўванне турыстаў забяспечвае працай больш за 1 млн. чал. і дае даход 23,9 млрд. дол. ЗША (1994). Экспарт (190,8 млрд. дол. ЗША, 1994): аўтамашыны, станкі, халадзільнікі, тэкстыль і швейныя вырабы, абутак, харч. прадукты і інш. Імпарт (168,7 млрд. дол. ЗША); нафта, газ, вугаль, жал. руда, каляровыя металы, бавоўна, воўна, каўчук, машыны і абсталяванне, пшаніца і інш. Асноўныя гандл. партнёры: краіны ЕС (больш за 50% тавараабароту), ЗША, Расія і інш. Гандл. абарот І. з Рэспублікай Беларусь у 1996 склаў 168,4 млн. дол. ЗША. І. набывае ў Беларусі трыкат. і швейныя вырабы, скуру буйн. раг. жывёлы, жал. і стальны дрот, трактары, сінт. ніткі; пастаўляе машыны і абсталяванне, тканіны, адзенне, абутак, халадзільнікі, харч. прадукты і інш. Грашовая адзінка — італьян. ліра.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС) і ваенізаваныя фарміраванні. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 325,2 тыс. чал., ваенізаваных фарміраванняў 255,7 тыс. (у т. л. войскі карабінераў 113,2 тыс., МУС 79 тыс.), рэзерву 484 тыс. чал. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектуюцца паводле прызыву. У сухап. войсках 188,3 тыс. чал., на ўзбраенні 1325 танкаў, больш за 1 тыс. бронетранспарцёраў, каля 2 тыс. гармат палявой артылерыі (у т. л. 286 самаходных), каля 2 тыс. мінамётаў, 336 верталётаў і інш. У ВПС 63,6 тыс. чал. асабовага складу, 286 баявых самалётаў. У ВМС 44 тыс. чал., 8 падводных лодак, 47 баявых караблёў (у т. л. 1 авіяносец і 1 крэйсер), 44 катэры (з іх 33 дэсантныя), 18 баявых самалётаў і 74 баявыя верталёты марской авіяцыі.

Ахова здароўя. З 1980 існуе дзярж. сістэма службы здароўя, якая гарантуе бясплатнае мед. абслугоўванне ўсім катэгорыям насельніцтва. Бярэцца мінімальная плата за лякарствы, аналітычнае абследаванне і знаходжанне ў шпіталі. Усім працуючым выплачваецца уніфікаваная мед. страхоўка. Паралельна існуе развітая сістэма прыватнага мед. абслугоўвання. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75, жанчын 81,6 года. Смяротнасць 10 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 147 чал., урачамі — 1 на 193 чал. Узровень нараджальнасці 10 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0. Дзіцячая смяротнасць 7 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—6 гадоў), пач., няпоўную і поўную сярэднюю школы, прафес. і прафес.-тэхн. школы, ВНУ. Існуюць навуч. ўстановы дзярж., прыватныя і канфесійныя. Дзярж. школы падпарадкаваны Мін-ву адукацыі, якое кантралюе і прыватныя. Навуч. планы і праграмы школ носяць рэкамендацыйны характар. Пач. школа 5-гадовая, бясплатная, мае 2 цыклы — ніжэйшы (1—2-і кл.) і вышэйшы (3—5-ы кл.). На базе пач. школы працуе 3-гадовая няпоўная сярэдняя школа для дзяцей 11—14 гадоў. Поўная сярэдняя школа — гэта 5-гадовыя класічныя і рэальныя (прыродазнаўча-навук.) ліцэі. Прафес. адукацыю даюць 2-гадовыя тэхн. вучылішчы і галіновыя ін-ты (тэрмін навучання 2—5 гадоў), сярэднюю тэхнічную — 5-гадовыя галіновыя тэхн. ін-ты. У сістэме вышэйшай адукацыі асн. тып ВНУун-т (дзярж. і прыватныя, тэрмін навучання 4—6 гадоў). Існуюць таксама ін-ты, вышэйшыя маст. школы, акадэміі і кансерваторыі. У 1996/97 навуч. г. ў І. 58 ун-таў, 4 ін-ты; больш за 1 млн. студэнтаў. Буйнейшыя дзярж. ун-ты: Рымскі універсітэт (з 1303), Балонскі універсітэт (з 11 ст.), Падуанскі універсітэт (з 1222). Неапалітанскі (з 1224), у Мілане (з 1863), Бары (з 1924), Фларэнцыі (з 1321), Генуі (з 1471), Палерма (з 1779), Турыне (з 1404) і інш. Найб. дзярж. ВНУ: політэхн. ін-ты ў Турыне і Мілане, Ін-т усходазнаўства ў Неапалі, пед. ін-т (універсітэцкага тыпу) у Пізе, кансерваторыя «Санта-Чэчылія» ў Рыме. Буйнейшыя б-кі: Нац. цэнтр. ў Фларэнцыі; Нац. цэнтр. (з 1876), б-кі ун-та (з 1661) і Нац. акадэміі дэі Лінчэі (з 1730) у Рыме; Нац. (з 1804) і б-ка ун-та ў Неапалі; Нац. (з 1720) у Турыне; Нац. (з 1763) і б-ка Амбразіяна (з 1609) у Мілане; Нац. і б-кі ун-таў у Балонні, Бары, Мадэне, Налерма, Пізе і інш. Буйнейшыя музеі: Нац. і Музей Вілы Джулія (з 1889), галерэя Баргезе (з 1616), Нац. галерэя ант. мастацтва (з 1895), Нац. галерэя сучаснага мастацтва (з 1883) — усе ў Рыме; нац. археал. музеі ў Неапалі, Палерма, нац. музеі і карцінныя галерэі ў Фларэнцыі, Месіне, Неапалі, Палерма, Равене, Таранта, галерэя Уфіцы ў Фларэнцыі і інш. Асн. дзярж. ўстанова, якая арганізуе і кіруе н.-д. работамі ва ўсіх галінах прыродазнаўчых і тэхн. навук (акрамя праблем атамнай энергіі) — Нац. Савет даследаванняў (з 1923; падпарадкоўвае каля 200 цэнтраў, ін-таў і лабараторый, кантралюе і міжнар. навук. сувязі). Навук. даследаванні каардынуе і Нац. акадэмія дэі Лінчэі. Даследаванні па атамнай энергіі ўзначальвае Нац. к-т па атамнай энергіі (з 1960); у яго веданні Цэнтр ядзерных даследаванняў у Касача і Нац. лабараторыі ў Фраскаці (з 1953). Буйнейшы цэнтр фундаментальных даследаванняў — Нац. ін-т ядзернай фізікі, які аб’ядноўвае работу ўсіх н.-д. устаноў І. ў гэтай галіне. Фундаментальныя даследаванні вядуцца таксама ў н.-д. ін-тах пры ун-тах. Даследаванні праводзяць ін-ты і ўстановы галіновых мін-ваў. Значныя работы, пераважна прыкладнога характару, вядуцца ў н.-д. ўстановах пры фірмах і кампаніях, у т. л. «ФІАТ». У І. дзейнічаюць некаторыя міжнар даследчыя цэнтры, у т. л. Цэнтр ядзерных даследаванняў у Іспры, Ін-т генетыкі і біяфізікі ў Неапалі і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. Сярод найб. уплывовых газ. «La Repubblica» («Рэспубліка», з 1976), «Stampa» («Друк», з 1866), «Comere della Sera» («Вячэрні веснік», з 1876), «Messaggero» («Веснік», з 1878), «Linita» («Адзінства», з 1924), вячэрняя газ. «Paese Sera» («Краіна вячэрняя», з 1949) і інш. Інфарм. агенцтвы: Аджэнцыя Нацыянале Стампа Асачата (з 1945), Аджэнцыя Джарналістыка Італія (з 1950), Інтэр-Прэс Сервіс (з 1964). Радыёперадачы трансліруюцца па 3 праграмах, Радыё Рома вядзе перадачы на замежжа на 27 мовах. Тэлебачанне з 1954. Дзейнічаюць 3 агульнанац. каналы (РАІ 1, РАІ 2, РАІ 3). Ёсць 7 агульнанац. камерцыйных сетак, 5 лакальных камерцыйных станцый (буйнейшыя — Канал 5 і Італія 1). Радыёвяшчанне і тэлебачанне падпарадкаваны італьян. акцыянернай радыё- і тэлевізійнай службе РАІ-ТБ. Кантралююцца дзяржавай.

Літаратура. Першыя помнікі на італьянскай мове адносяцца да 10 ст. Аднак да 16 ст. літ. творы пісаліся і на лац. мове. У І. пазней, чым у інш. раманскіх краінах, нац. мова стала літаратурнай. Феноменам італьян. л-ры 13 ст. былі сіцылійская паэт. школа і паэзія «новага салодкага стылю», якая ўзвышана апявала каханне і раскрывала псіхалогію закаханага (Г.​Гвініцэлі і Г.Кавальканці). Стваральнікам адзінай італьян. літ. мовы стаў Дантэ. Яго «Боская камедыя» выйшла за межы свайго часу, увабраўшы ў сябе асн. рысы светапогляду эпохі, і стала рэліг., філас., гіст. і міфалагічнай энцыклапедыяй сярэдневякоўя. Рост цікавасці да ант. мастацтва і культуры, стварэнне новых гуманіст. вобразаў — асн. рысы л-ры Адраджэння (14—16 ст.). Паварот да чалавека, яго пачуццяў і зямнога (а не замагільнага) жыцця асабліва яскрава выявіўся ў творчасці Ф.Петраркі (зб. «Канцаньерэ») і Дж.Бакачыо («Дэкамерон»), а пазней Я.​Пасаванці, Дж.​Вілані, Ф.​Сакеці і інш. Адраджэнне ідэалаў антычнасці і цікавасць да ўнутр. свету чалавека ўвасоблены ў творах Дж.​Пантана, А.​Паліцыяна (драма «Сказанне пра Арфея»), удзельнікаў платонаўскай акадэміі ў Фларэнцыі (Л.​Пульчы, Дж.Піка дэла Мірандала. М.​Фічына). У Венецыі на родным дыялекце пісаў вершы Л.​Джустыніяні, у Ферары — М.Баярда (паэма «Закаханы Раланд»), у Неапалі да нар. творчасці звяртаўся Я.​Санадзара. У 1-й пал. 16 ст., калі адзінай літ. мовай стала італьянская, развіваўся рэнесансавы класіцызм, які платонаўскаму ідэалізму проціпастаўляў рэаліст. адносіны да рэчаіснасці (П.​Бемба, Мікеланджэла, Дж.​Страпарола, Б.Чэліні). Найб. вядомыя прадстаўнікі позняга Адраджэння — Л.Арыёста, у творах якога (эпічная паэма «Неўтаймаваны Раланд») адлюстраваўся крызіс рэнесансавага светапогляду, і Т.Таса (паэма «Заваяваны Іерусалім»); развіваўся і тэатр (П.Арэціна, Н.Макіявелі, Б.Гварыні). У сярэдзіне 16 ст. ў л-ры І. паявіліся рысы барока. Дасягнула росквіту метафарычная паэзія Дж.Марына, развівалася проза (Дж.​Бруна, Т.​Кампанела, Г.​Галілей), трагедыя (Ф. дэла Вале, К. дэ Даторы). Рэакцыяй на складаную барочную канцэпцыю стала стварэнне літ. акадэміі Аркадыя (засн. ў Рыме ў 1690), асн. мэтай якой была спроба спрасціць мову, зрабіць літ. твор больш зразумелым чытачу. У 18 ст. значнага развіцця дасягнулі тэатр (К.Гоцы, К.Гальдоні, П.​Метастазіо) і паэзія (Дж.​Парыні). На мяжы 18 і 19 ст. у італьян. л-ры паявіліся рысы рамантызму (творчасць У.​Фоскала), што пазней адлюстраваліся ў прозе А.​Мандзоні (гіст. раман «Заручоныя») і паэзіі Дж.Леапардзі.

У 2-й пал. 19 ст., калі адбылося аб’яднанне І. (1870), вызначальным стаў рэаліст. кірунак у л-ры — верызм, які апіраўся на паэтыку «чалавечага дакумента»: Дж.Верга (раман «Сям’я Малаволья»), раманіст Л.​Капуана, навеліст і паэт Р.​Фучыні, аўтар псіхал. раманаў Г.Дэледа. Пад уплывам франц. і інш. еўрап. л-р развіваліся сімвалізм і імпрэсіянізм (Г.​Д’Анунцыо, Дж.Паскалі, «паэты змяркання» Г.​Гацана і С.​Карацыні). У пач. 20 ст. Ф.​Т.​Марынеці абвясціў пра нараджэнне футурызму, які паўплываў на многія еўрап. л-ры. Ад спроб стварэння «чыстых», ідэальных форм (Дз.​Кампана, К.​Збарбара, У.​Саба, К.​Рэбара) паэзія перайшла да «герметызму», стала больш складанай і абстрактнай (С.Квазімада, М.​Луцы, А.​Гата). У рэчышчы «плыні свядомасці» развівалася псіхааналіт. проза І.​Свева (раман «Самапазнанне Дзена»), У 1920—40-я г. адной з вядучых літ. форм стаў раман («Сёстры Метэрасі» А.​Палацэскі, «Людзі ў часе» і «Вада» М.​Бантэмпелі, «Людзі і нелюдзі», «Жанчыны з Месіны» Э.​Вітарыні, «Дон Жуан на Сіцыліі», «Прыгожы Антоній» В.​Бранкаці, «Усведамленне болю» К.​Э.​Гады, аповесці Ч.Павезе), жанравая накіраванасць якога вельмі разнастайная: ад каталіцкага гуманізму, антыфашызму да экзістэнцыялізму і рамана-гратэску. Пасля 2-й сусв. вайны ў л-ру прыйшло новае пакаленне празаікаў, якое пераасэнсоўвала падзеі нядаўняй вайны (аповесць «Хрыстос прыпыніўся ў Эбалі» К.​Леві, раманы «Гісторыя» Э.​Марантэ, «Фауста і Ганна» К.​Касолы), цікавілася мінулым і сучаснасцю (раманы «Леапард» Т. ды Лампедуза, «Чачара» А.Маравіі, «Жорсткае жыццё» П.Пазаліні), успрымала свет праз прызму фантастычнага і сюррэальнага (трылогія «Нашы продкі» І.Кальвіна, навелы Дз.Буцаці). Міжнар. прызнанне атрымала італьян. паэзія (творчасць Дж.​Унгарэці, Э.Манталё). Л-ра канца 20 ст. ахоплівае шырокі спектр жанраў і тэм: ад рэаліст. рамана («Блакітная планета» і «Грэчаскі агонь» Л.​Малербы, «Рыцар і смерць» Л.​Шашы, «Сцвярджае Перэйра» А.​Габукі) да постмадэрнісцкага рамана-лабірынта («Імя ружы», «Востраў папярэдняга дня» У.​Эка) і сатыр. «антыспажывецкіх» апавяданняў С.​Бені, ад філас. асэнсавання лёсу чалавека (паэзія С.​Пены, А.​Дзандзота, Д.​Белеца) да парадоксаў яго зямнога існавання (драматургія Д.​Фо).

На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі: «Запіскі цырульніка» Дж.​Джэрманета (1932), «Спартак» Р.​Джаваньёлі (1938), «Неапаль без сонца» (1955) і «Прыгоды Чыпаліна» (1957) Дж.​Радары, «Праўдзівая гісторыя» Л.​Стурані (1957), «Вожыкава дрэва» А.​Грамшы (1958), «Прыгоды К’ядзіна» М.​Арджылі і Г.​Парка (1959), «Юнацтва становіцца ў строй» В.​Берціні (1960), «Лішнія» Д.​Арфелі (1965), зб. апавяд. «Золата Фарчэлы» (1968), «Казкі нашых дзён» Арджылі (1971), зб. паэзіі «Ад вежаў Ферары» (1974), «На арбіце зямлі» А.​Северыні (1980), «Санеты» Ф.​Петраркі (1996), «Боская камедыя» Дантэ (1997). Асобныя творы Мантале, Пазаліні, Арфелі, Дантэ, Дж.​Кардучы, Квазімада, Маравія, А.​Негры, Павезе, Петраркі, Радары, Северыні і інш. на бел. мову пераклалі М.​Аўрамчык, Ю.​Гаўрук, У.​Караткевіч, А.​Мінкін, Т.​Рунец, Я.​Семяжон, У.​Скарынкін, А.​Шаўня, А.​Якімовіч, Р.​Барадулін, М.​Танк і інш.

Архітэктура І. моцна паўплывала на фарміраванне еўрап. архітэктуры, на тыпы збудаванняў (цэрквы базілікальныя і цэнтрычнай кампазіцыі, палацы і грамадскія будынкі), на выразныя сродкі (ордэры), на горадабудаўніцтва (прамавугольная, трохпрамянёвая планіроўка) і паркі (партэры, фантаны, каскады). У эпоху бронзы на в-ве Сардзінія склаўся своеасаблівы тып мегалітычных збудаванняў, т.зв. нураге — круглыя каменныя вежы з псеўдакупальным пакрыццём. Стараж.-грэч., этрускія і мясц. маст. традыцыі леглі ў аснову мастацтва Стараж. Рыма, якое развівалася на тэр. І. з 5 ст. да н.э. да 5 ст. н.э. Пасля падзення Рыма (476) і сцвярджэння хрысціянства на аснове познагатычных традыцый Візантыі і культур варварскіх народаў (готаў, лангабардаў, франкаў і інш.) фарміруецца сярэдневяковае мастацтва І. У 4—6 ст. узводзілі велічныя базілікі (Сан-Джавані ін Латэрана і Сан-Паала фуоры ле Мура ў Рыме), цэнтрычныя культавыя будынкі (царква Сан-Вітале ў Равене). У 8—10 ст. вядучай была архітэктура Ламбардыі (паўд. вежа царквы Сант-Амброджа ў Мілане). У 11—13 ст. раманскі стыль набыў у І. разнастайныя мясц. рысы. У Таскане ўзводзілі пабудовы т.зв. інкрустацыйнага стылю з паліхромнай мармуровай абліцоўкай вонкавых сцен і інтэр’ераў (царква Сан-Міньята аль Монтэ ў Фларэнцыі). Вытанчанасцю і багаццем дэкору вылучаецца комплекс у Пізе (баптыстэрый, сабор і вежа-кампаніла). У раманскіх пабудовах Сіцыліі спалучаліся формы візант., араб. і нармандскага дойлідства (саборы ў Чэфалу, пачаты ў 1131, і Манрэалі). Своеасаблівы варыянт візант. крыжова-купальнага храма — 5-купальны сабор св. Марка ў Венецыі з шыкоўна аздобленым інтэр’ерам. Аблічча большасці гарадоў І. склалася ў 11—13 ст., у перыяд іх інтэнсіўнага развіцця. У гэты час будавалі падпарадкаваныя рэльефу мясцовасці гар. ўмацаванні, падобныя на крэпасці каменныя дамы-вежы (Балоння, Сан-Джыміньяна), будынкі ратуш і сабораў з кампаніламі (Бергама, Брэшыя). Скучаная забудова сярэдневяковых гарадоў мела рэгулярную (Фларэнцыя, Верона) або нерэгулярную планіроўку і групавалася вакол цэнтр. плошчы. Гатычны стыль, часткова ўспрыняты італьян. архітэктурай, быў пашыраны ў канцы 13—14 ст. Асобныя дэкар. матывы готыкі надаюць раманскім па духу пабудовам дынамічнасць і вастрыню: сабор Санта-Марыя дэль Фёрэ (пачаты ў 1296, арх. Арнольфа ды Камбіо), царква Санта-Марыя Навела ў Фларэнцыі (каля 1278 — каля 1360), сабор у Арвіета (1290—1569), Палацца Публіка ў Сіене (1297—1310), Венецыянскі Палац дожаў. У архітэктуры Ранняга Адраджэння (15 ст.) у аснове рытмічнай і структурнай арганізацыі будынкаў пераасэнсаваная ант. ордэрная сістэма: капэла Пацы ў Фларэнцыі (1429—43, арх. Ф.Брунелескі), царква Сант-Андрэа ў Мантуі (1472—94, арх. Л.Б.Альберці). Першыя спробы рэнесансавага горадабудаўніцтва — ансамбль у г. Піенца (паводле планаў арх. Б.​Раселіна з 1459). Для архітэктуры Высокага Адраджэння (канец 15—1-я пал. 16 ст.) характэрны велічнасць прапорцый, пошукі дасканалай кампазіцыі цэнтрычнай пабудовы, разнастайнасць прасторавых вырашэнняў, пластычнасць арх. дэталей: сабор св. Пятра ў Рыме (1506—1614; задуманы і пачаты Д.Брамантэ; праект неаднаразова перапрацоўваўся; працягвалі работы Дж.Віньёла, П.​Лігорыо, К.Мадэрна і інш.; у інтэр’еры творы Л.Берніні, Мікеланджэла), пабудовы Рафаэля, А. да Сангала Старэйшага, Я.Сансавіна. У перыяд Позняга Адраджэння (2-я пал. 16 ст.) класічныя схемы ўвасабляў А.Паладыо (віла «Ратонда» ў Вічэнцы); маньерыстычныя тэндэнцыі выяўляюцца ў работах Джуліо Рамана, Дж.Вазары, Віньёлы, Г.Алесі. Цікавасць гэтых архітэктараў да прасторавага развіцця кампазіцыі, дынамічнай сувязі будынкаў з гар. і ландшафтным асяроддзем атрымала развіццё ў архітэктуры барока (16—2-я трэць 17 ст.). Пабудовам Берніні, Дж. дэла Порты, Мадэрны, П’етра да Картоны, Б.​Лангены ў Рыме, Венецыі, Турыне ўласцівы грандыёзная маштабнасць, дынамізм форм і прастораў, складаныя планы, фасады, канструкцыі купалоў (плошча св. Пятра, 1657—63, арх. Берніні). Барочныя прынцыпы істотна паўплывалі на горадабудаўнічыя ансамблі 17—18 ст. У пач. 19 ст. развіваецца класіцызм (Л.Ванвітэлі, А.​Галілеі). Многія гарады канструяваліся ў класіцыстычным духу. З развіццём прам-сці ў архітэктуры ўзніклі тэндэнцыі эклектызму. У пач. 20 ст. склаўся стыль сецэсія (мадэрн) з уласцівымі яму мудрагелістымі кампазіцыямі і вычварным дэкорам (арх. Э.​Базіле, Р.​Д’Аронка), пашырылася утапічная, але не пазбаўленая рацыянальных горадабудаўнічых ідэй, «футурыстычная архітэктура» (1910-я г., арх. А.Сант-Элія). У 1920—40-я г. панаваў неакласіцызм з характэрнымі для яго рысамі стылізатарства і халоднай параднасці (М.​П’ячэнціні). У змаганні з афіц. кірункам аформілася плынь рацыяналізму (пабудовы Дж.Мікелучы, Дж.​Тэраньі). Архітэктары 1950—90-х г. (Дж.Понці, П.Л.Нерві, Э.​Мантуоры, Э.​Віторыо, У.​Лучыкенці) ствараюць арыгінальныя канструкцыі, выкарыстоўваючы сучасныя буд. матэрыялы і сцвярджаючы эстэт. прынцыпы функцыян. архітэктуры. У творах групы БПР (назва ад першых літар прозвішчаў яе членаў) сучасныя арх. формы спалучаюцца з нац. традыцыямі.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. стараж. помнікі на тэр. І. адносяцца да эпох палеаліту і энеаліту (наскальныя размалёўкі, каменныя статуэткі, керамічныя пасудзіны з прадрапаным ці прамаляваным геам. узорам). У эпоху бронзы адчувальны ўплывы крыта-мікенскай культуры (гл. Эгейскае мастацтва), на Пн развівалася культура тэрамар. Да 9—5 ст. да н.э. адносяцца помнікі культуры Вілановы (усх. ч. цэнтральнай І.), да 8—2 ст. да н.э. — культуры этрускаў. Захаваліся рэшткі скульптуры, вырабаў маст. рамёстваў з грэч. гандл. паселішчаў, што існавалі ва ўзбярэжных раёнах І. ў 8—6 ст. да н.э. Стараж.-грэч., этрускія і мясц. маст. традыцыі леглі ў аснову мастацтва Стараж. Рыма. З 4 ст. н.э. ў І. пачало фарміравацца сярэдневяковае мастацтва, заснаванае на познаант. традыцыях (скульпт. разьба капітэлей калон, алтарных перагародак, мазаікі ў храмах), а таксама пад уздзеяннем Візантыі і варварскіх народаў, што захапілі І. У 6 ст. святлоценявая мадэліроўка і маляўнічасць ранніх мазаік змянілася плоскай лінеарнай трактоўкай форм, адасобленасцю колеравых спалучэнняў (мазаікі ў царкве Сан-Вітале ў Равене). У 8—10 ст. пашырыліся плоскарэльефная арнаментальная разьба, ювелірнае мастацтва, маст. інкрустацыя. У 11—13 ст. развіваўся раманскі стыль з рэгіянальнымі асаблівасцямі. Творы вылучаліся пэўнай плоскаснасцю трактоўкі, падпарадкаваннем выявы геам. кампазіцыйнай схеме (рэльефы сабораў у Мадэне, каля 1106, майстар Віліджэльма; Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне, 12 ст.). У фрэсках і мазаіках візант. прататыпы спалучаліся з жыццёвасцю матываў (фрэскі ніжняй царквы Сан-Клементэ ў Рыме, каля 1100; мазаікі сабораў у Чэфалу, 2-я пал. 12 ст.). Іканапіс набыў больш рэаліст. рысы ў алтарных абразах Чымабуэ. У сярэдзіне 13 ст. ў Таскане пачало складвацца мастацтва Протарэнесансу, якому ўласцівы імкненне да мадэліроўкі форм, жыццёвы драматызм вобразаў (творчасць скульпт. Нікало і Джавані Пізана, Арнольфа ды Камбіо, жывапісцаў П.Каваліні і Джота ды Бандоне). У алтарным і манум. жывапісе Сіены 13—14 ст. протарэнесансавыя рысы спалучаліся з рысамі італа-візант. мастацтва і франц. гатычнай мініяцюры (Дуча ды Буанінсенья, С.Марціні, П. і А. Ларэнцэці, Джавані ды Паала, Андрэа ды Бартала), у балонскіх майстроў гатычная характарнасць вобразаў — з канкрэтнымі жыццёвымі дэталямі (фрэскі Кампасанта ў Пізе, творы Альтык’ера і Аванца ў Падуі). Мастацтва італьян. Адраджэння вызначыла пераломны момант у развіцці еўрап. культуры. Мастакі авалодалі прыёмамі аб’ёмна-прасторавай мадэліроўкі форм, перспектыўнай пабудовы рэльефнай кампазіцыі, заканамернасцямі структуры і пластыкі цела чалавека, імкнуліся да ўвасаблення рэнесансавага ідэалу дасканалай, гарманічна развітой асобы. Скульптура Ранняга Адраджэння развівалася ў творчасці Л.Лберці, Данатэла, Якопа дэла Кверчы, А. дэль Верок’ё і інш., жывапіс — у рамках мясц. маст. школ (гл. Венецыянская школа жывапісу, Умбрыйская школа жывапісу, Фларэнційская школа жывапісу і інш.), графіка — у А. дэль Палаёла і інш. Страчаныя дасягненні жывапісу Джота ды Бандоне развіваліся ў творчасці Мазачыо. Манум. вобразы з дасканалай мадэліроўкай формы і лінейнай перспектывы стваралі А. дэль Кастаньё, А.Мантэнья, Антанела да Месіна, П’етра дэла Франчэска, В.​Карпача. Творы П.​Учэла, Б.​Гацолі вылучаліся каларыстычнасцю і яркай дэкаратыўнасцю, Анджэліка, Ф.​Ліпі, С.Батычэлі — паэтычнасцю і вытанчанай лірычнай сузіральнасцю. Пашырыліся гравюра, медальернае тэатр.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва (у т. л. венецыянскае шкло). Мастацтва Высокага Адраджэння вызначалася сцвярджэннем гуманіст. ідэалаў, узвышана-дасканалымі вобразамі чалавека як цэнтра светабудовы, яркімі творчымі індывідуальнасцямі (творчасць Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэля, Джарджоне, Тыцыяна). З 2-й пал. 16 ст. паралельна з мастацтвам Позняга Адраджэння (творчасць Мікеланджэла, Тыцыяна, Я.Тынтарэта, П.Веранезе, Я.Басана) развівалася мастацтва маньерызму, адметнае драм. кантрастнасцю, суб’ектыўнай вытанчанасцю форм (жывапісцы Я.Панторма, Ф.Парміджаніна, А.Бранзіна, скульпт. Б.​Чэліні, Джамбалонья). Мастацтва італьян. барока (17—18 ст.) складалася з разнастайных тэндэнцый: мастакі балонскай школы (браты Карачы, Г.Рэні) сфармулявалі прынцыпы акадэмізму, якому супрацьстаяла творчасць Караваджа, што папярэднічала станаўленню рэалізму ў еўрап. мастацтве 17 ст. (гл. таксама Караваджызм). Росквіт скульптуры барока звязаны з творчасцю Л.Берніні, манум. жывапісу — П’етра да Картоны, А.Поца і інш. Развіваліся быт. жывапіс (Д.​Феці, Б.​Строцы, Дж.​М.​Крэспі), драм. паводле трактоўкі станковая карціна (С.Роза, А.Маньяска), пейзаж (А.Каналета, Б.Белота, Ф.вардзі), графіка (Дж.Піранезі). У пач. 19 ст. мастацтва І. развівалася ў рэчышчы класіцызму, але без уласцівага яму грамадзянскага пафасу, з часам набыло акад. характар (скульпт. А.Канова). З сярэдзіны 19 ст. пашырыліся рамантызм (Ф.​Аес, браты Індуна), рэаліст. тэндэнцыі (Т.​Сіньярыні, Дж.​Фаторы, С.​Лега), уплывы імпрэсіянізму (жывапісец Дж. Дэ Нітыс і скульпт. М.Роса), верызм (скульпт. В.​Вела), пуантылізм (Дж.​Сеганціні). З пач. 20 ст. развівалася творчасць жывапісцаў т.зв. парыжскай школы (А.Мадыльяні і інш.), прадстаўнікоў футурызму (У.​Бачоні, К.​Кара, Дж.​Северыні), метафізічнага жывапісу (Дж.​Марандзі, Ф.​Казараці, Дж. Дэ Кірыка). У сярэдзіне — 2-й пал. 20 ст. мастацтва І. развівалася ў рэчышчы рэалізму (Р.Гутуза, А.​Піцыната, Э.​Грэка, Дж.​Манцу, Ф.​Месіна), абстракцыянізму (Р.​Біролі, Э.​Марлоці, М.​Рэджані, А.​Буры, А.​Салдаці).

Музыка. Вытокі італьян. музыкі ў муз. культуры Стараж. Рыма. З 4 ст. ў Рыме развіваліся літургічныя спевы, склалася практыка антыфоннага спявання гімнаў. У канцы 6 ст. аформілася хрысц. літургія, у 8—9 ст. склаўся грыгарыянскі харал, апісаны ў працах Гвіда д’Арэца (11 ст.). Да канца 13 ст. музыка І. была манадыйнай (гл. Манодыя); яна ўключала культавую музыку, а таксама лауду, балату і інш. свецкія жанры, якія распаўсюджвалі ў І. франц. труверы. У канцы 13 — пач. 14 ст. з пераходам да шматгалосся пачаўся ўздым італьян. музыкі (эпоха Арс нова) з цэнтрамі ў Фларэнцыі, Венецыі, Падуі. Гал. жанры шматгалосся — мадрыгал, кача, балата. Сярод кампазітараў таго часу — Джавані да Фірэнцэ, Якопа да Балонья (першы ўвёў трохгалоссе), Ф.​Ландзіна, тэарэтык Маркета Падуанскі. Сярод муз. інструментаў — лютня, арфа, фідэль, флейта, габой, труба, арганы. У 15 ст. шматгалоссе зацвердзілася ў рым.-каталіцкім богаслужэнні, чаму вельмі садзейнічалі прадстаўнікі нідэрландскай школы, што служылі ў папскай капэле (у Сіксцінскай капэле і хар. капэле сабора св. Пятра ў Рыме працавалі лепшыя майстры царк. спеваў розных краін). У 16 ст. музыка І. стала вядучай у Еўропе. У ёй вылучыліся венецыянская школа і рымская. Кампазітары рым. школы стварылі высокаразвітое поліфанічнае мастацтва, вяршыняй якога стала творчасць Дж.Палестрыны Заснавальнік венецыянскай школы — А.​Віларт, які 35 гадоў узначальваў капэлу сабора Сан-Марка (з 1527). Росквіт школы звязаны з творчасцю А. і Дж.Габрыэлі. Узніклі новыя формы інстр. музыкі, узбагаціўся склад інструментаў, пабольшала роля смычковых, сфарміраваўся класічны тып віёлы; прафес. інструментам стала скрыпка. Характэрныя жанры інструм. музыкі — рычэркар, фантазія, канцона, капрыча. Прынцып кантраставання розных інстр. груп, характэрны для музыкі барока, атры.маў паслядоўнае ўвасабленне ў жанры канцэрта. Найб. яркае выяўленне ідэй рэнесансу — мадрыгал (творчасць Л.​Марэнцыо, Х.Мантэвердзі, К.​Джэзуальда ды Венозы). Сярод тагачасных тэарэтыкаў — Дж.Царліна, Н.​Вічэнціна. Багаты пласт музыкі І. — нар. песні і танцы (сальтарэла, фарлана, тарантэла, сіцыліяна і інш.). Агульныя кірункі развіцця познарэнесансавага муз. мастацтва яскрава ўвасоблены ў музыцы італьян. барока, з якім звязана ўзнікненне жанру оперы. Пачатак яму паклалі прадстаўнікі т.зв. фларэнційскай камераты кампазітар Я.​Перы і паэт А.​Рынучыні, стваральнікі першых опер «Дафна» (1598) і «Эўрыдыка» (1600), а таксама Дж.​Качыні, Мантэвердзі. У 1637 у Венецыі адкрыты першы публічны оперны т-р «Сан-Касіяна». Своеасаблівую афарбоўку набыла опера ў Рыме, дзе побач з ант. міфалагічнымі сюжэтамі выкарыстоўвалася рэліг. тэматыка. У Рыме паявіліся і першыя ўзоры камічнай оперы. З канца 17 ст. вядучая роля ў развіцці оперы перайшла да прадстаўнікоў неапалітанскай опернай школы (Ф.​Правенцале і асабліва А.Скарлаці). У цеснай сувязі з операй развіваліся новыя жанры нелітургічнага рэліг. мастацтва — араторыя (Дж.​Карысімі, А.​Страдэла) і камерная кантата (Карысімі, Л.​Росі). Сярод аўтараў царк. музыкі — Г.​Алегры, П.​Агастыні, А.​Беневолі, духоўных канцэртаў — А.​Банк’еры, Л.​Віядана, Мантэвердзі, Ф.​Кавалі, Дж.​Легрэнцы. У галіне інстр. музыкі развіваліся жанры фугі (Дж.​Фрэскабальдзі), трыо-санаты ў творчасці прадстаўнікоў балонскай школы (М.​Кацаці, Дж.​Віталі, Дж.​Басані) і асабліва А.Карэлі, concerto grosso (Дж.​Тарэлі, Карэлі, П.​Лакатэлі, Ф.​Джэмініяні, Дж.​Соміс). Як педагог вылучыўся кампазітар і тэарэтык Дж.​Б.​Марціні. Значную ролю ў развіцці скрыпічнай музыкі адыгралі дынастыі майстроў — сем’і Амаці, Страдывары, Гварнеры. Папулярнасці італьян. оперы спрыяў высокі ўзровень вак.-выканальніцкай культуры. Сярод майстроў мастацтва бельканта 18 ст. спевакі-кастраты А.​Бернакі, Кафарэлі, Ф.​Бернардзі, Фарынелі, спявачкі Ф.​Бардоні, Ф.​Куцоні Сандоні, К.​Габрыэлі, В.​Тэзі. Гал. оперныя цэнтры таго часу — Неапаль і Венецыя. Вял. ўклад у фарміраванне оперы-серыя зрабілі паэты-лібрэтысты А.​Дзена і П.​Метастазіо. У сярэдзіне 18 ст. ўзнікла тэндэнцыя да цеснай сувязі музыкі з драм. дзеяннем (Н.​Іамелі, Т.​Траэта, Дж.Сарці, А.​Сакіні і А.​Сальеры). Новы дэмакр. жанр оперы-буфа сфарміраваўся ў творчасці Л.​Вінчы і Л.​Леа. Першы яе класічны ўзор — «Служанка-пані» Дж.Б.Пергалезі. На развіццё оперы-буфа паўплываў аўтар оперных лібрэта К.​Гальдоні (на многія яго лібрэта пісаў музыку Б.​Галупі). Найвышэйшы этап яе развіцця — творчасць Н.​Пічыні, Дж.​Паізіела, Д.​Чымарозы. У галіне інстр. музыкі 18 ст. вылучыліся кампазітары Дж.Тарціні (санаты, канцэрты), А.Вівальдзі (concerto grosso), Дж.​Б.​Самарціні (сімфоніі, concerto grosso, трыо-санаты), Л.​Бакерыні (квартэты), Д.​Скарлаці (клавірныя творы). У скрыпічным мастацтве новую эпоху адкрыў Н.Паганіні. Уздым муз. культуры І. ў 19 ст. звязаны з творчасцю Дж.Расіні, які абнавіў нац. тып оперы-буфа («Севільскі цырульнік», 1816), у героіка-драм. операх пераадольваў штампы оперы-серыя, асаблівае значэнне надаваў хар. сцэнам («Вільгельм Тэль», 1829). Рамантычныя тэндэнцыі ярка выявіліся ў операх В.Беліні і Т.Даніцэці. Найвялікшы ўклад у італьян. і сусв. муз. т-р зрабіў Дж.Вердзі, які стварыў оперы вял. псіхал. глыбіні і вострых драм. канфліктаў («Рыгалета», 1851; «Трубадур» і «Травіята», 1853), адметныя адзінствам дзеяння, большай роляй аркестра, індывідуалізацыяй муз. характарыстык («Дон Карлас», 1867; «Аіда», 1870), поўным зліццём музыкі з драм. дзеяннем («Атэла», 1886). У канцы 19 ст. ўзніклі оперы, прасякнутыя ідэямі верызму; «Сельскі гонар» П.​Масканьі (1890), «Паяцы» Р.​Леанкавала (1892), творы У.​Джардана, Ф.​Чылеа. Буйнейшы оперны кампазітар пасля Вердзі — Дж.Пучыні, аўтар опер у традыцыях італьян. бельканта («Багема», 1895; «Тоска», 1899; «Мадам Батэрфляй», 1903; «Турандот», 1924, і інш.). Дасягненні опернага мастацтва І. ў 19 — пач. 20 ст. звязаны з росквітам выканальніцкай культуры. Сярод вядомых спевакоў таго часу А.​Каталані, сёстры Грызі, Дж.Паста, А.​Бозіо, Б. і К.​Маркізіо, А.Паці, Дж.​Марыо, Дж.​Б.​Рубіні, М.Батыстыні, А.Мазіні, Дж.​Ансельмі, Ф.​Таманьё, Э.​Тамберлік, у пач. 20 ст. — спявачкі А.​Барбі, Дж.​Белінчоні, А.​Галі-Курчы, Т.​Даль Монтэ, Э.Каруза, Ц.​Скіпа, Ціта Руфа і інш. З канца 19 ст. развіваецца пераважна інстр. музыка. Вял. ўклад у яе зрабіў Ф.Бузоні. У стылі неакласіцызму працавалі кампазітары І.​Піцэці, Дж.​Ф.​Маліп’ера, А.К.азела, А.Рэспігі. На мяжы 1940—50-х г. у італьян. музыцы ўзмацнілася ўздзеянне новай венскай школы. Творчасць Л.Далапікала, Л.Берыо, С.​Бусоці, Ф.Маліп’ера, Л.Нона звязана з выкарыстаннем серыялізму, санорыкі, алеаторыкі. У жанры оперы поспеху дасягнуў Дж.К.Меноці. Сярод прадстаўнікоў муз. мастацтва І. 2-й пал. 20 ст.: спявачкі Дж.Сіміяната, Р.​Скота, А.​Стэла, Р.Тэбальдзі, М.​Фрэні, спевакі Дж.​Бекі, Ц.​Гобі, М.Дэль Монака, Ф.​Карэлі, Л.Павароці, Дж.​Ды Стафана; дырыжоры А.Тасканіні, К.Абада, П.​Арджэнта, В. Дэ Сабата, Г.​Кангэлі, Т.​Серафін, Р.​Фазана, В.​Ферэра, К.​Цэкі; піяністы А.​Бенедэці Мікеладжэлі, М.​Паліні; скрыпачка Дж. Дэ Віта; віяланчэліст Э.​Майнардзі; музыказнаўцы Г.​Барблан, А.​Банавентура, К.​Гаці, А. Дэла Кортэ, Л.​Торкі, Ф.​Тарэфранка і інш. У І. працуюць: т-ры «Сан-Карла» ў Неапалі (з 1737), «Ла Скала» ў Мілане (з 1778), «Фенічэ» ў Венецыі (з 1792), Рымскі оперны т-р (з 1880), аркестры т-раў «Ла Скала» (з 1982 і Філарманічны аркестр «Ла Скала»), «Фенічэ», Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія», Італьян. радыё і тэлебачання і інш.; кансерваторыі: «Санта Чэчылія» ў Рыме, у Балонні, Венецыі, Мілане, Фларэнцыі. Праводзяцца шматлікія муз. фестывалі і конкурсы.

Тэатр. Тэатр. мастацтва І. паходзіць ад нар. абрадаў і гульняў, масленічных карнавалаў, паказаў мімаў. У сярэдневякоўі ўзніклі літургічная драма і містэрыя, у якіх прасочваліся камед.-сатыр. матывы. Элементы тэатр. мастацтва ўключалі науды (плошчавыя відовішчы) 13 ст., венецыянскія карнавалы 13—16 ст. У эпоху Адраджэння пачалося развіццё новай тэатр. культуры: распрацоўваліся тэорыя гуманіст. драмы, прынцыпы дэкарацыйнага афармлення, з’явіліся новыя жанры, будаваліся спец. тэатр. памяшканні. У сярэдзіне 16 ст. на аснове нар. творчасці ўзнікла імправізацыйная камедыя дэль артэ. Літ. драма развівалася пераважна аматарскімі трупамі (творчасць Л.​Арыёста, П.​Арэціна, Дж.​Бруна і інш.). У 17—18 ст. т-р І. страціў самабытнасць, камедыя дэль арта ператварылася ў забаўляльнае відовішча. У 18 ст. пад уплывам ідэй Асветніцтва драматург К.​Гальдоні ажыццявіў рэформу нац. т-ра, у якой апіраўся на дэмакр. традыцыі гуманіст. і імправізацыйнай камедыі, адмовіўся ад традыц. тыпаў камедыі дэль артэ і замяніў іх рэаліст. вобразамі. Супраць рэформы Гальдоні ў 1760—70-я г. выступіў драматург К.​Гоцы, які на аснове традыцый камедыі дэль артэ стварыў новы тэатр. жанр ф’яба (жанр казкі). У канцы 18 ст. пашырыўся жанр гераічнай трагедыі. У пач. 19 ст. сфарміравалася драматургія італьян. рамантызму. Развівалася новая рэаліст. школа акцёрскага мастацтва трагікаў Г.​Модэны і яго паслядоўнікаў (А.Рысторы, Э.Росі, Т.Сальвіні), якія сцвярджалі ідэі грамадз. мастацтва. Пасля 1870 у рэпертуары т-раў пераважалі меладрама і быт. камедыя. Рэаліст. рысы засталіся ў драматургіі і т-рах, што выкарыстоўвалі нар. дыялекты (п’есы Дж.​Галіны, акцёры Э.​Навелі, Дж.​Гоцы, Дж.​Граса). Гэта прывяло да росквіту т.зв. дыялектнага т-ра, садзейнічала сцвярджэнню эстэтыкі верызму. У пач. 20 ст. развіваліся мадэрнісцкія тэндэнцыі, на т-р гратэску паўплываў футурызм (творчасць Л.Пірандэла, акцёры Э.Дузе, Э.​Законі, Э. і І.​Граматыка, Р.​Ругеры і інш.). У 1920—30-я г. ствараліся эксперыментальныя т-ры (т-р «Незалежных», «Канвена» і інш.). У 1935 створана Акадэмія драм. мастацтва. У час фаш. дыктатуры т-р заняпаў, дзейнічалі пераважна вандроўныя трупы. У пасляваенны час пачаў сцвярджацца прагрэс. кірунак у тэатр. мастацтве: т-р «Сан-Фердынанда» ў Неапалі, «Пікала-тэатр» у Мілане, трупы Р.​Марэлі і П.​Стопы, рэж. Л.Вісконці, А.​Коста, рэж. і драматург Л.Скуарцына, акцёр В.Гасман; узніклі стацыянарныя т-ры «стабіле», якія з 1960-х г. знаходзяцца на дзярж. субсідыі. Сярод вядомых тэатр. дзеячаў: Л.​Ранконі, Дж.Стрэлер, Скуарцына і інш. Тэндэнцыі авангарду ўласцівы творчасці драматургаў Д.​Фо, М.​Рычы, Ф.​Мале, М.​Перліні і інш.

Кіно. Нацыянальная кінавытворчасць зарадзілася ў 1904—05. Найб. дасягненне нямога кіно 1910-х г. — касцюмна-гіст. фільмы («Куды ідзеш?» Э.​Гуацоні, 1912; «Апошнія дні Пампеі» М.​Казерыні, 1913; «Кабірыя» Дж.​Пастроне, 1914), салонныя драмы 1 камедыі. На развіццё кіно І. паўплывалі творчасць і непасрэдны ўдзел у стварэнні фільмаў пісьменніка Г.​Д’Анунцыо. Уплывы верызму ўласцівы творам Н.​Маргольё («Згубленыя ў цемры», 1914; «Тэрэза Ракэн», 1915) і інш. Сфарміраваўся т.зв. «дывізм» — сістэма «зорак» кіно (Ф.​Берціні, Л.​Барэлі, Л.​Кавальеры і інш.). У гады 1-й сусв. вайны пачаўся крызіс італьян. кіно, які паглыбіўся з прыходам да ўлады фашыстаў. Адкрыта фаш. фільмаў ставілася няшмат (напр., «Сцыпіён Афрыканскі» К.​Галоне, 1937), дамінавалі салонныя меладрамы (т.зв. кінематограф «белых тэлефонаў»), са з’яўленнем гукавога кіно здымаліся і муз. фільмы (кінаоперы і інш.). У 1930-я г. пад Рымам пабудаваны кінагарадок «Чыначэта», у Рыме адкрыты Эксперым. кінацэнтр, які падрыхтаваў шэраг майстроў і кіназнаўцаў, што пазней набылі сусв. вядомасць (Д.Вісконці, Дж.​Дэ Сантыс, М.Антаніёні, Г.​Арыстарка і інш.). Прадстаўнікі кірунку «каліграфізм» у асноўным экранізавалі творы сусв. класікі («Стрэл» Р.​Кастэлані паводле А.​Пушкіна, 1941, і інш.). У фільмах А.​Блазеці «Прагулка ў аблоках» (1942), В.Дэ Сікі «Дзеці глядзяць на нас» (1943), Вісконці «Апантанасць» (1943) зроблена спроба адысці ад канонаў афіцыёзнага кіно. Пасля 2-й сусв. вайны ва ўмовах дэмакр. ўздыму ўзнік неарэалізм, творы якога вызначаліся эпічнай шырынёй адлюстравання нар. жыцця, культам паўсядзённасці, лаканізмам выяўл. вырашэння, чорна-белай выявай; сярод гал. тэм: супраціўленне фашызму («Рым — адкрыты горад», 1945, і «Пайза», 1946, Р.Раселіні), сац. несправядлівасць («У імя закону» П.Джэрмі, 1945, «Горкі рыс», 1949, і «Няма міру пад алівамі», 1950, Дэ Сантыса; «Умберга Д.» Дэ Сікі, 1951), трагедыя беспрацоўя («Выкрадальнікі веласіпедаў» Дэ Сікі, 1948; «Зямля дрыжыць» Вісконці, 1948; «Рым, 11 гадзін» Дэ Сантыса, 1952). З сац. стабілізацыяй у грамадстве ў сярэдзіне 1950-х г. неарэалізм заняпаў, а пашырыўся т.зв. «ружовы» (фальклорна-эратычны) неарэалізм («Два грошы надзеі» Кастэлані, 1952; «Хлеб, каханне і фантазія» Л.​Каменчыні, 1953, і інш.). Сярод вядомых акцёраў таго часу Л.​Базе, Р.​Валоне, М.​Джыроці, Дж.Лалабрыджыда, Г.​Маньяні, Тато, А.​Фабрыцы, Э.Дэ Філіпа і інш. Канец 1950 — пач. 1960-х г. — росквіт творчасці вял. майстроў «аўтарскага кіно»: Вісконці («Рока і яго браты», 1960; «Леапард», 1962; «Туманныя зоркі Вялікай Мядзведзіцы», 1965; «Пагібель багоў», 1969), Ф.Феліні («Дарога», 1954, «Ночы Кабірыі», 1957; «Салодкае жыццё», 1959; «8​1/2», 1963; «Сатырыкон», 1969), Антаніёні («Прыгода», 1959; «Ноч», 1960; «Зацьменне», 1961; «Чырвоная пустыня», 1964; «Фотапавелічэнне», 1967), П.Пазаліні («Акатоне», 1961; «Маці Рома», 1962; «Евангелле ад Матфея», 1964; «Цар Эдып», 1967). З’явілася другая хваля антыфаш. фільмаў («Генерал Дэла Раверэ» Раселіні, 1959; «Чатыры дні Неапаля» Н.​Лоя, 1963; «Чачара», 1960, і «Сад Фінці-Канціні», 1970, Дэ Сікі). Сац.-паліт. праблемы адлюстроўваліся ў фільмах «Сальваторэ Джуліяна» Ф.​Розі (1961), «Дзень славы» Д.Даміяні (1967) і інш. У гэты час сфарміраваўся жанр «камедыі па-італьянску» («Учора, сёння, заўтра», 1963, і «Шлюб па-італьянску», 1964, Дэ Сікі; «Развод па-італьянску», 1961, «Спакушаная і пакінутая», 1964, «Серафіна», 1968, Джэрмі). У 2-й пал. 1960-х г. на хвалі ўздыму маладзёжнага руху ўзнікла «кіно кантэстацыі», маніфестам якога стаў фільм М.​Белокіо «Кулакі ў кішэні» (1965). У рэчышчы гэтай плыні зроблены некат. фільмы Пазаліні, братоў Тавіяні, М.​Ферэры. Гал. жанры камерцыйнага кіно — псеўдагіст. стужкі на ант. тэмы, меладрамы, эратычныя камедыі, вестэрны па-італьянску («спагеці-вестэрны»). У апошнім жанры працаваў С.​Леоне («Добры, дрэнны, злы», 1966; «Аднойчы на Далёкім Захадзе», 1968), які пазней працаваў у Галівудзе («Аднойчы ў Амерыцы», 1984). Сярод вядомых акцёраў гэтага часу: Дж.​М.​Валантэ, М.Віці, В.Гасман, Х.Кардынале, С.Ларэн, Дж.Мазіна, Н.​Манфрэдзі, М.Мастраяні, С.Сандрэлі, А.​Сордзі, У.​Таньяцы і інш.

Гал. кірункам кіно І. 1970-х г. стала паліт. («новае») кіно. Асн. яго тэмы — выкрыццё фашызму ў мінулым і сучаснасці («Яснавяльможныя трупы» Розі, 1976; «Я баюся» Даміяні, 1977, і інш.), праблемы моладзі («Плошча Сан-Бабіла, 20 гадзін: бессэнсоўнае забойства» К.​Лідзані, 1976; «Дарагі тата» Дз.​Рызі, 1979) і інш. З канца 1970-х г. у кіно І. пачаліся спад вытворчасці і маст. крызіс у сувязі з экспансіяй Галівуда ў еўрап. пракат, канкурэнцыяй тэлебачання, развіццём відэапракату і інш. Шмат фільмаў ставіцца ў каапрадукцыі, пераважна з Францыяй. Найб. значныя творы апошніх дзесяцігоддзяў: «Амаркорд» (1973), «Казанова» (1976), «Рэпетыцыя аркестра» (1979), «І карабель плыве» (1983), «Інтэрв’ю» (1987) Феліні; «Дэкамерон» (1971), «Кентэрберыйскія апавяданні» (1972), «Кветка 1001-й ночы» (1974), «Сало, або 120 дзён Садома» (1975) Пазаліні; «Смерць у Венецыі» (1971), «Сямейны партрэт у інтэр’еры» (1974) Вісконці; «Прафесія — рэпарцёр» (1975), «Ідэнтыфікацыя жанчыны» (1981), «Там, за аблокамі» (1995) Антаніёні; «Канфарміст» (1970), «Апошняе танга ў Парыжы» (1972), «XX стагоддзе» (1976), «Апошні імператар» (1987), «Маленькі Буда» (1993) Б.​Берталучы. Набылі вядомасць рэжысёры Э.​Скола («Тэраса», 1979; «Баль», 1983; «Сям’я», 1986), браты Тавіяні («Ноч святога Ларэнца», «Добрай раніцы, Вавілон», 1986), Ферэра («Прашу прыстанішча», 1979; «Дом усмешак», 1991), Н.​Марэці («Залатыя мары», 1981; «Меса закончана», 1986; «Дарагі дзённік», 1994), Дж.​Тарнаторэ («Новы кінатэатр «Парадыза», 1989; «Чыстая фармальнасць», 1994) і інш. Сярод акцёраў 1970—90-х г.: В.​Галіна, Дж.​Джаніні, Д.​Джардана, Дж.​Джэма, А.​Муці, Ф.​Нера, М.​Плачыда, А.​Чэлентана і інш.

Беларусы ў Італіі. Пасля 2-й сусв. вайны ў І. апынулася шмат беларусаў, пераважна жыхароў Зах. Беларусі, якія ў складзе Андэрса арміі ўдзельнічалі ў Італьянскай кампаніі 1943—45 (у 1944 у бітве пад Монтэ-Касіна загінула некалькі соцень беларусаў). Тут знайшлі прытулак і беларусы, вывезеныя на прымусовую працу, эмігранты, якіх не прыняла пад сваю апеку Міжнар. арг-цыя па справах бежанцаў, каталіцкія святары, якія вучыліся ў Папскім ін-це ўсх. навук, студэнты з Беларусі, што вучыліся мастацтву і спевам. Жылі беларусы пераважна ў Рыме і яго прыгарадах. Арганізатарам і кіраўніком бел. калоніі быў П.Татарыновіч. У 1949 тут засн. Бел. хрысц. аб’яднанне, у 1953 — Бел. акад. каталіцкае аб’яднанне «Рунь» і аддзел Цэнтралі бел. студэнцкіх арг-цый на чужыне. Беларусы мелі прадстаўніцтвы ў Высокай радзе для эміграцыі, якая дзейнічала пры Кансісторскай Кангрэгацыі ў Рыме. Яны вялі культ.-асв. работу: святкавалі нац. святы, юбілеі бел. пісьменнікаў і дзеячаў культуры, удзельнічалі ў міжнар. канферэнцыі арг-цыі «Інтэрнацыянал свабоды» (1953), Кангрэсе эмігрантаў (1962, Рым). Ініцыятарамі асн. мерапрыемстваў бел. эміграцыі былі Татарыновіч, Л.Гарошка, П.Конюх, Я.Садоўскі. У 1949 Татарыновіч заснаваў і вёў бел. секцыю на радыё Ватыкана, удзельнічаў у выданні і рэдагаваў час. «Зьніч» (1950—75, выйшла 120 нумароў).

Літ.:

История Италии. Т. 1—3. М., 1970—71;

Рутенбург В.И. Истоки Рисорджименто: Италия в XVII—XVIII вв. Л., 1980;

Кин Ц.И. Италия конца XIX в.: судьбы людей и теорий. М., 1978;

Любин В.П. Италия накануне вступления в первую мировую войну: (На пути к краху либерального государства). М., 1982;

Лопухов Б.Р. История фашистского режима в Италии. М., 1977;

Яго ж. Эволюция буржуазной власти в Италии, первая половина XX в. М., 1986;

Сафронов В.Г. Итальянские войска на советско-германском фронте, 1941—1943. М., 1990;

Комолова Н.П. Движение Сопротивления и политическая борьба в Италии, 1943—1947 гг. М., 1972;

Лисовский Ю.П. Италия от фашизма к демократии: Трудные пути послевоеиной перестройки. М., 1990;

Маджистер С. Политика Ватикана и Италия, 1943—1978: Пер. с итал. М., 1982;

Холодковский К.Г. Италия: массы и политика Эволюция соц.-полит. сознания трудящихся в 1945—1985 гг. М., 1989;

Культура и общество Италии накануне нового времени. М., 1993;

Спессо Р. Итальянская экономика с послевоенных лет до наших дней: Пер. с итал. М., 1984;

Гуковский М.А. Итальянское возрождение. 2 изд Л., 1990;

Буркхардт Я. Культура Италии в эпоху Возрождения. Опыт: Пер. с нем. М., 1996;

Муратов П.П. Образы Италии. Т. 1—3. М., 1993—94;

Де Санктис Ф. История итальянской литературы: Пер. с итал. Т. 1—2. М., 1963—64;

Кацнельсон Р.А. Современная архитектура Италии. 2 изд. М., 1983;

Лазарев В.Н. Происхождение итальянского Возрождения. Т. 1—3. М., 1956—79;

Melani V. Italian contemporery art. Pistoia, 1973;

Крунтяева Т.С. Итальянская комическая опера XVIII в. Л, 1981;

Левашева О.Е. Пуччини и его современники. М., 1980;

Богоявленский С.Н. Итальянская музыка первой половины XX в.: Очерки. Л., 1986;

Колодяжная В. Кино Италии (1940—1960). М., 1961;

Лидзани К. Итальянское кино: Пер. с итал. М., 1956;

Молодые кинорежиссеры Италии. М., 1996.

Ф.​С.​Фешчанка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), К.​А.​Далгучыц (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узбр. сілы), В.​М.​Навумчык (асвета, навук. ўстановы), В.​С.​Логіш (літаратура), В.​Я.​Буйвал (архітэктура, выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва), Л.​М.​Зайцава (кіно), А.​С.​Ляднёва (беларусы ў Італіі).

Герб і сцяг Італіі.
Да арт. Італія. Даліна ў Альпах.
Да арт. Італія. Краявід на схілах Апенінскіх гор.
Да арт. Італія. Порт Неапаль.
Да арт. Італія. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі ў сярэдняй частцы краіны.
Да арт. Італія. Уступленне ў Неапаль Дж.​Гарыбальдзі 7.9.1860. Тагачасны малюнак.
Да арт. Італія. Жыхары Мілана вітаюць войскі ЗША. Красавік 1945.
Да арт. Італія. Панарама Фларэнцыі.
Да арт. Італія. Сабор святога Пятра ў Рыме. 1506—1614.
Да арт. Італія. Сабор у Арвіета. 1290—1569.
Да арт. Італія. Царква Санта-Марыя Навела ў Фларэнцыі. Каля 1278—1360.
Да арт. Італія. Іспанская лесвіца на П’яцца ды Спанья ў Рыме.
Да арт. Італія. Андрэа ды Бартала. Іаакім пакідае горад. Дрэва, тэмпера.
Да арт. Італія. С.​Марціні. Благавешчанне. 1333.
Да арт. Італія. «Палажэнне ў труну». Вітраж па кардоне А. дэль Кастаньё. Сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ. 1443—14.
Да арт. Італія. Антоніо дэль Палаёла. Бітва дзесяцярых аголеных. Разцовая гравюра. 1740.
Да арт. Італія. Мікеланджэла. Грабніца Ларэнца Медычы. Каля 1524—31.
Да арт. Італія. А.​Салдаці. Аналогіі. 1950.
Да арт. Італія. Р.​Гутуза. Акно ў Рыяна Фламініо. 1951.
Да арт. Італія. Дж.​Марандзі. Нацюрморт. 1962.
Да арт. Італія. Ф.​Месіна. Вялікая танцоўшчыца. 1979.
Да арт. Італія. Дж.​Манцу. Смерць гвалтоўная. Эскіз рэльефу для «Брамы смерці» сабора св. Пятра ў Рыме. 1949—64.
Да арт. Італія. Джавані ды Паала. Выгнанне з раю. Каля 1440.
Да арт. Італія. Рафаэль. Заручыны Марыі. 1504.
Да арт. Італія. Венецыянскі майстар. Кубак са сцэнай пакланення вешчуноў. Шкло. 1465.
Да арт. Італія. Глядзельная зала тэатра «Ла Скала». Пач. 19 ст.

т. 7, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)