МАНІ́Ў ((Maniu) Юліў) (8.1.1873, г. Шымлеў-Сілваніей, Румынія — 5.2.1953),
румынскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1896 чл. прэзідыума рум.Нац. партыі Трансільваніі (Венгрыя). У 1906—10 дэп.венг. парламента. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі (1918) выступаў за далучэнне Трансільваніі да Румыніі. У 1919—38 дэп.рум. парламента. Адзін з заснавальнікаў і старшыня (1926—47) Нацыянал-царанісцкай партыі. У 1928—30 і 1932—33 прэм’ер-міністр Румыніі. Садзейнічаў інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва краіны з суседнімі дзяржавамі ў межах Антанты Малой. У 2-ю сусв. вайну разам з І.К.Брэціяну ўзначальваў апазіцыю супраць дыктатуры І.Антанеску, удзельнічаў у тайных перагаворах з краінамі—чл. антыгітлераўскай кааліцыі. Пасля звяржэння Антанеску (23.8.1944) увайшоў ва ўрад К.Санатэску. З сак. 1945 у апазіцыі да камуніст. ўрада П.Грозы. У 1947 арыштаваны, абвінавачаны ў падрыхтоўцы звяржэння ўрада Грозы і засуджаны на пажыццёвае зняволенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАРГІ́Ў-ДЭЖ ((Gheorghiu-Dej) Георге) (8.11.1901, г. Бырлад, Румынія — 19.3.1965),
палітычны і дзярж. дзеяч Румыніі. З 1930 чл.Камуніст. партыі Румыніі (КПР). Як адзін з арганізатараў забастоўкі чыгуначнікаў і нафтавікоў (1933) у г. Грывіца (цяпер у складзе Бухарэста) асуджаны на 12 гадоў катаргі. У ліст. 1944 уцёк з канцлагера і стаў адным з арганізатараў і кіраўнікоў узбр. паўстання (23.8.1944) супраць ваен. дыктатуры І.Антанеску. З кастр. 1945 ген. сакратар ЦК КПР. У 1944—48 узначальваў шэраг міністэрстваў. Пасля аб’яднання КПР і С.-д. партыі ў адзіную Рум. рабочую партыю (РРП) ген. сакратар яе ЦК (1948—54, у 1955—65 1-ы сакратар ЦК РРП). З 1948 1-ы нам. старшыні, у 1952—55 старшыня СМРум.Нар. Рэспублікі (РНР). З 1961 адначасова старшыня Дзярж. савета РНР. Двойчы Герой Сац. Працы РНР (1951, 1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА МАЛА́Я,
палітычны блок Румыніі, Чэхаславакіі і Югаславіі ў 1920—38. Створана ў 1920—21 на аснове двухбаковых пагадненняў для захавання суадносін сіл, што склаліся ў Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропе пасля 1-й сусв. вайны. Дзейнічала ў рэчышчы знешняй палітыкі Францыі, займала важнае месца ў яе сістэме ваенна-паліт. саюзаў. Даўэса план 1924, Лакарнскія перагаворы 1925, пазнейшае збліжэнне Румыніі з Англіяй, Венгрыяй і асабліва з Італіяй прывялі да аслаблення Антанты Малой і ролі ў ёй Францыі. Пагроза з боку фаш. Германіі прыпыніла распад Антанты Малой. У 1933 саюзнікі падпісалі Арганізац. пакт пра неабмежаваны тэрмін дзеяння ўсіх пакладзеных у аснову Антанты Малой дагавораў, стварылі савет Антанты Малой і эканам. савет. У 1934 Румынія і Югаславія са згоды Чэхаславакіі ўвайшлі ў Антанту Балканскую. Дагаворы 1937 Югаславіі з Балгарыяй і Італіяй сталі прычынай новага крызісу ў сістэме Антанты Малой. Мюнхенскае пагадненне 1938, якое прывяло да акупацыі Чэхаславакіі Германіяй, спыніла існаванне блока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБЫЛЯ́НСКАЯ (Вольга Юльянаўна) (27.11.1863, г. Гура-Гумарулуй, Румынія —21.3.1942),
украінская пісьменніца. Скончыла 4-класную ням. школу, займалася самаадукацыяй. Раннія творы (на ням. мове) прысвечаны эмансіпацыі жанчын. У сац.-псіхал. аповесцях «Чалавек» (1894), «Царэўна» (1896), «Зямля» (1902), «У нядзелю рана зелле капала...» (1909), апавяданнях «Ён і Яна» і інш. выкрывала мяшчанства, прыстасавальніцтва, сац. прычыны збяднення і бяспраўя сялянства Букавіны, узнімала пытанні чалавечай годнасці. Падзеі 1-й сусв. вайны адлюстравала ў апавяданнях «Ліст засуджанага салдата да свае жонкі», «Юда», «Насустрач долі», «Сніцца», «Звар’яцеў». Выступала пераважна як рэаліст, у асобных творах праявіліся рысы мадэрнізму. Аповесці «Ніёба», «Цераз кладку» (абедзве 1905), «За сітуацыямі» (1913), раман «Апостал чэрні» (1926) пра жыццё інтэлігентаў-жанчын і духавенства, іх барацьбу за сац. і нац. вызваленне. Асобныя творы К. экранізаваны і інсцэніраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РАЛЬ, Карл (Carol),
імя каралёў Румыніі ў 19—20 ст. з дынастыі Гогенцолернаў-Зігмарынгенаў.
Караль I (20.4.1839, г. Зігмарынген, Германія — 10.10.1914), князь [1866—81], кароль [1881—1914] Румыніі. З 1859 прускі афіцэр. У 1866 у выніку плебісцыту выбраны пераемнікам А.І.Кузы. Пасля рус.-тур. вайны 1877—78 і абвяшчэння незалежнасці Румыніі прыняў каралеўскі тытул. Садзейнічаў устанаўленню ў краіне рэжыму канстытуцыйнай манархіі. У пач. 1-й сусв. вайны праводзіў курс на нейтралітэт Румыніі, нягледзячы на заключаны ў 1883 саюз з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй.
Караль II (15.10.1893, г. Сіная, Румынія — 4.4.1953), кароль [1930—40] Румыніі. Сын Фердынанда I (правіў у 1914—27). З 1926 у эміграцыі (Парыж). Абвешчаны каралём па патрабаванні ўрада Ю.Маніу. Праводзіў аўтарытарны курс, у 1938 адмяніў дзеянне дэмакр. канстытуцыі 1923, забараніў усе партыі, устанавіў «каралеўскую дыктатуру». Пасля знешнепаліт. няўдач (уступка Бесарабіі Сав. Саюзу і Паўн. Трансільваніі Венгрыі) змушаны маршалам І.Антанеску адрачыся ад прастола на карысць сына Міхая (кароль у 1940—47), эмігрыраваў у Партугалію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНЕ́СКА ((Ionesco) Эжэн) (26.11.1912, г. Слаціна, Румынія — 28.3.1994),
французскі драматург. Член Франц. акадэміі (1970). Скончыў Бухарэсцкі ун-т (1938). З 1938 жыў у Францыі. Першая п’еса «Лысая спявачка» (паст. 1950) — своеасаблівы маніфест т. зв. «тэатра абсурду», У рэчышчы якога напісаны і ўсе наступныя п’есы: «Урок» (паст. 1951), «Крэслы» (паст. 1952), «Амедэй» (1954), «Забойца па прызванні» і «Насарог» (абедзве паст. 1959), «Кароль памірае» (паст. 1962), «Паветраны пешаход» (1963), «Гульні ў забойства» (1970), «Макбет» (1972), «Падарожжа да мерцвякоў» (1981) і інш. Праз абсурдныя сітуацыі, статычнасць персанажаў і дзеяння, унутр. замкнёнасць паказаў адчужанасць, ізаляванасць асобы ў варожым ёй свеце, што вядзе да трагічнай непазбежнасці смерці. Аўтар кн. «Тэатр» (т. 1—5, 1962—74), рамана «Пустэльнік» (1973), эсэ, успамінаў. На бел. мову перакладзена п’еса «Лысая спявачка» (пер. З.Колас), п’еса «Віват, імператар!» пастаўлена Бел. т-рам імя Я.Купалы ў 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́БЕРТ ((Oberth) Герман) (25.6.1894, г. Сібіў, Румынія — 28.12.1989),
нямецкі вучоны, адзін са стваральнікаў ракетнай тэхнікі і касманаўтыкі. Вучыўся ва ун-тах Мюнхена (1913—14, 1919—20), Гётынгена (1920—21) і інш. У 1925—38 праф. фізікі і матэматыкі ў Румыніі. Праводзіў эксперым. работы па ракетнай тэхніцы ў Вене (1938—40) і Дрэздэне (1940—41). У 1941—43 у ням.ваен. даследчым цэнтры ў Пенемюндзе. У 1955—58 у ЗША. З 1958 у ФРГ. Распрацаваў шэраг пытанняў тэорыі палёту ракет і выкарыстання іх для даследавання атмасферы. Аўтар фундаментальнай працы па праблемах касманаўтыкі «Ракета ў міжпланетную прастору» (1923, Берлін—Мюнхен). Адзін з заснавальнікаў Ням.т-ва ракетнай тэхнікі і касм. палёту (з 1963 імя О.). У 1951 т-ва заснавала медаль О., які прысуджаецца за фундаментальныя даследаванні і выдатныя заслугі ў галіне ракетнай тэхнікі і касманаўтыкі.
Тв.:
Рус.пер. — Мои работы по астронавтике // Из истории астронавтики и ракетной техники. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ЎЗБРО́ЕНАЕ ПАЎСТА́ННЕ Ў РУМЫ́НІІ 1944,
нацыянальнае антыфаш. паўстанне рум. народа, у ходзе якога скінута дыктатура І.Антанеску. Летам 1943 па ініцыятыве камуніст. партыі Румыніі (КПР) быў створаны патрыят. антыгітлераўскі фронт. Вясной 1944 дасягнута пагадненне пра адзінства дзеянняў камуністаў і сацыял-дэмакратаў; 20.7.1944 падпісаны дагавор пра стварэнне нац.-дэмакр. блока — часовай паліт. кааліцыі нац.-ліберальнай, нац.-царанісцкай, камуніст. і с.-д. партый з мэтай ліквідацыі існуючага рэжыму і выхаду Румыніі з блока фаш. дзяржаў, створаны Ваен.к-т. Кансалідацыя партый спрыяла прыцягненню да барацьбы значных паліт. сіл краіны: ствараліся патрыят. атрады, вялася адпаведная работа ў арміі. Вызваленчая барацьба актывізавалася пасля паспяхова праведзенай Чырв. Арміяй Яска-Кішынёўскай аперацыі 1944. 23.8.1944 паўстанцы выступілі адкрыта. Кароль Міхай падтрымаў паўстанне і санкцыяніраваў арышт дыктатара Антанеску 24 жн.Румынія спыніла ваен. дзеянні супраць антыгітлераўскай кааліцыі, атрады паўстанцаў і армейскія часці распачалі ваен. дзеянні супраць ням. войск у Бухарэсце, у даліне Прахавы і інш. раёнах. З уступленнем у Бухарэст Чырв. Арміі (31 жн.) паўстанне канчаткова перамагло.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЖЫ ДЗЬЁРДЗЯ ПАЎСТА́ННЕ 1514, Сялянская вайна 1514, найбуйнейшае антыфеад. ўзбр. выступленне ў сярэдневяковай Венгрыі. Яго перадумовай быў набор у краіне з крас. 1514 добраахвотнікаў для крыжовага паходу супраць туркаў. Успыхнула ў маі як рэакцыя сялян на спыненне іх прыёму ў крыжацкае войска (прыём у крыжакі азначаў для сялян вызваленне з-пад улады іх паноў). Ахапіла б.ч. дзяржавы, праходзіла пад лозунгамі адмены феад. эксплуатацыі і царк. дзесяціны, падзелу царк. зямель паміж крыжакамі, устанаўлення ўсеагульнай роўнасці, спрашчэння царк. арганізацыі. Ўдзельнічала да 100 тыс.чал. (пераважна сялян), аднак з-за разрозненасці дзеянняў каля 50 тыс. паўстанцаў былі хутка знішчаны дваранскімі атрадамі. Спыненне ў ліп. 22-тысячным войскам трансільванскага ваяводы Я.Запаяі гал. сіл паўстанцаў на чале з Дзьёрдзем Дожам каля крэпасці Тэмешвар (цяпер Тымішаара, Румынія), калі Дожа трапіў у палон і быў пакараны смерцю, паскорыла паражэнне паўстання. У крас.—ліст. 1514 Дзярж. сход прыняў закон аб пазбаўленні сялян свабоды і навечным прымацаванні іх да зямлі (адменены ў 1530).
Літ.:
Гусарова Т.П. «Я хотел обновить мир» // И живы памятью столетий. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГЭЛНІЧА́НУ ((Kogálniceanu) Міхаіл) (6.9.1817, г. Ясы, Румынія —20.6.1891),
румынскі і малд.паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык, пісьменнік. Вучыўся ў Францыі і Германіі (1834—48). У 1843—44 выкладаў у Міхайлаўскай акадэміі ў Ясах. Удзельнік рэв. руху 1848 у Малд. княстве, пасля яго задушэння (май 1848) у эміграцыі (Чарнавіцы, да 1849). Склаў дакумент «Пажаданні нацыянальнай партыі ў Малдове», у якім прапанаваў праграму рэформ (роўнасць грамадз. і паліт. правоў, асабістая свабода, адданне зямлі сялянам за выкуп) і выступаў за аб’яднанне Малдовы і Валахіі ў адзіную Рум. дзяржаву. У 1860—61 кіраўнік урада Малдовы, у 1863—65 — Рум. княства; правёў агр. (1864) і інш. рэформы. У 1876 і 1877—78 міністр замежных спраў Румыніі; напярэдадні рус.-тур. вайны 1877—78 падпісаў канвенцыю аб праходзе рас. войск праз рум. тэрыторыю. 21.5.1877 абвясціў незалежнасць Румыніі. У 1868—70 і 1879—80 міністр унутр. спраў. У 1887—90 прэзідэнт Рум. акадэміі. Аўтар «Гісторыі Валахіі, Малдовы і задунайскіх валахаў» (1837), шэрагу навел, нарысаў і п’ес. Апублікаваў архіўныя матэрыялы «Летапісы Малдаўскай дзяржавы» (т. 1—3, 1845—52).