КАЛІ́НКІН Міхаіл Герасімавіч [16.4.1916, Петраград (паводле інш. звестак, в. Падольнае Нара-Фамінскага р-на Маскоўскай вобл.) — 22.11.1943), удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з 1941. Камандзір асобнай стралк. роты капітан К. вызначыўся пры вызваленні Кармянскага р-на: 22 ліст. каля в. Студзянец рота на чале з К. уварвалася ў траншэі і выбіла з іх праціўніка. Каб спыніць кулямётны агонь варожага дзота, паранены К. закрыў амбразуру сваім целам. Натхнёныя яго подзвігам, байцы захапілі важны плацдарм. На месцы бою каля в. Касцюкоўка насыпаны курган Славы, каля падножжа якога мемар. пліта з апісаннем подзвігу К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫЛО́МЫ (ад грэч. kondyloma разрастанне, нарасць, пухліна),
абмежаванае сасочкавае разрастанне скуры і слізістых абалонак чалавека запаленчага характару. Адрозніваюць К. востраканцовыя і шырокія. Востраканцовыя К. выклікаюцца вірусам, перадаюцца палавым шляхам, маюць дольчатую будову, сядзяць на тонкай ножцы. Інкубацыйны перыяд 1—9 (у сярэднім 3) мес. Развіваюцца ў неахайных людзей на раздражнёнай, увільготненай выдзяленнямі скуры вонкавых палавых органаў у між’ягадзічных і пахвінных складках, радзей — у падпахавых ямках, вуглах рота. Шырокія К. — грыбападобныя разрастанні на шырокай аснове; найчасцей бываюць праяўленнямі другаснага перыяду сіфілісу, ганарэі, фрамбезіі. Паверхня К. можа пакрывацца язвамі. Лячэнне: ліквідацыя асн.паталаг. працэсу (лячэнне сіфілісу, ганарэі і інш.), электракаагуляцыя, хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГЛАГАЛО́ЎКІ (Phrynocephalus),
род яшчарак сям. агам. Каля 45 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Еўропе, Азіі (ад Каспійскага м. да Кітая). Большасць відаў жыве ў пясчаных, гліністых або камяністых пустынях і паўпустынях.
Самая буйная — К. вушастая (Ph. mystaceus), самая маленькая — К. пясчаная (Ph. interscapularis).
Даўж. 7—25 см. Галава кароткая, закругленая. Тулава пляскатае, часам моцна расшыранае. Лускавінкі па краях пальцаў утвараюць зубчыкі. Хвост здольны закручвацца на спіну. Афарбоўка цела — пал колер грунту. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, павукамі. Адкладваюць яйцы, К. тыбецкая (Ph. theobaldi) яйцажывародная. К. вушастая вызначаецца наяўнасцю ў вуглах ротавял. скурных складак з махрамі па краях. якія нагадваюць вушы (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАДЗО́Т (нарв. bradsot ад brad раптоўны + sott хвароба),
вострае інфекц. захворванне авечак, якое выклікаецца бактэрыямі з роду Clostridium. Суправаджаецца гемарагічным запаленнем слізістай абалонкі сычуга і 12-перснай кішкі і перараджэннем парэнхіматозных органаў. Часцей хварэе маладняк ва ўзросце да 2 гадоў, больш вясной і восенню.
Крыніца інфекцыі — хворыя або перахварэлыя авечкі; перадаецца праз глебу, ваду, траву на пашы, кармы і інш. Захваральнасць дасягае 30—35%, лятальнасць — 90—100%. Інкубацыйны перыяд хваробы вельмі кароткі, цячэнне яе маланкападобнае і вострае. Адзначаюцца тэмпература 40,5—41 °C, агульная прыгнечанасць, адмаўленне ад корму, кан’юнктывіт, пачашчэнне пульсу і дыхання, тымпанія, выцяканне пены з рота і носа, ацёк галавы, моцныя сутаргі. Супраць брадзоту прапанавана полівалентная вакцына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНАДЗЁРЫ (франц. grenadiers ад grenade граната),
від пяхоты і кавалерыі ў арміях еўрап. дзяржаў у 17—20 ст. З’явіліся ў Францыі ў Трыццацігадовую вайну 1618—48, пазней — у Прусіі, Расіі (існавалі ў 1694—1917), Вялікабрытаніі (з 1697) і інш. У баі спалучалі ружэйную стральбу з кіданнем ручных гранат; конныя грэнадзёры ў конным страі дзейнічалі, як драгуны, у пешым — як гранатамётчыкі. З сярэдзіны 18 ст. — салдаты адборных гвардз. і інш. часцей і падраздзяленняў (напр., грэнадзёрская рота палка пешай гвардыі ВКЛ). У цяперашні час грэнадзёры захаваліся ў каралеўскай гвардыі сухап. войск Вялікабрытаніі (1-ы і 2-і Грэнадзёрскія батальёны) і, як назва мотапяхоты, у арміі ФРГ («панцэр-грэнадзёр»).
Грэнадзёр пешай гвардыі Вялікага княства Літоўскага. 1792.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗЯ́НКА (Coronella austriaca),
неядавітая змяя сям. вужовых атр. лускаватых. Пашырана ў Еўразіі. Жыве на ўзлесках, высечках, у хмызняках, зрэдку на лугах; у гарах — да выш. 2500 м. На Беларусі рэдкая, часцей трапляецца ў паўд. і зах. раёнах, у т. л. ў Белавежскай пушчы. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 80 см, у т. л. хваста да 12 см. Спіна шэрая, шэра-бурая або (асабліва ў самцоў) медна-чырв., чырв. (адсюль назва), з 2—4 радамі буйных папярочных цёмных плямак. Брушка шэра-бурае, аранжавае або чырвонае. На шыі 2 кароткія бурыя палосы, злучаюцца на патыліцы. Характэрны цёмная паласа ад ноздры праз вока да кутка рота, круглая зрэнка. Корміцца насякомымі, яшчаркамі, птушкамі, дробнымі млекакормячымі. Яйцажывародная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1941.
Сфарміравана 5—6 ліп. ў Вял.Айч. вайну. 9—11 ліп. разам з войскамі Чырв. Арміі вяло баі ў час Віцебска абароны 1941. Складалася з 4 батальёнаў (2 тыс.чал.): Асаавіяхіма (участак уздоўж берага Зах. Дзвіны ў раёне Мазурына, паўн.-ўсх. ўскраіна Віцебска, дзе 11 ліп. 1-я рота батальёна амаль уся загінула каля в. Журжава), Кастрычніцкага (баі на тэр. прадпрыемстваў, вуліцах горада, у раёне Смаленскай шашы і інш.), Першамайскага (цэнтр горада на левым беразе Зах. Дзвіны, дзе адбіваў неаднаразовыя спробы гітлераўцаў пераправіцца цераз раку), Чыгуначнага (раён воз. Лосвіда, у напрамку Суражскай шашы і інш.). 11 ліп. апалчэнцы пакінулі Віцебск разам з сав. войскамі, многія ўліліся ў іх рады, частка пайшла да партызан і падпольшчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІЯ ФАРМІРАВА́ННІ,
назва арганізацыйных адзінак партыз.узбр. сіл. У Вял.Айч. вайну: партызанскае злучэнне, партызанская брыгада, партызанскі полк, партызанскі атрад, партызанская група, а таксама партыз. ўзвод, рота, батальён і інш. У склад рэгулярных войск не ўваходзілі. У канцы 1941 на акупіраванай ням. фашыстамі тэр.СССР дзейнічала 2 тыс.партыз. атрадаў (больш за 90 тыс.чал.). Усяго ў гады вайны ў тыле праціўніка знаходзілася больш за 6200 партыз. атрадаў і падп. груп, у якіх налічвалася больш за 1 млн.чал. На Беларусі ў 1941—44 дзейнічала 213 брыгад, якія аб’ядноўвалі 997 атрадаў, асобна дзейнічалі 258 атрадаў (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну). П.ф. ўтрымлівалі і кантралявалі да 60% акупіраванай тэр. Беларусі (гл.Партызанская зона).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЬМІПРАМЯНЁВЫЯ КАРА́ЛЫ (Octocorallia),
падклас беспазваночных жывёл тыпу кішачнаполасцевых. Тры сучасныя атр.: альцыянарыі, або мяккія каралы (Alcyonacea); гарганарыі, або рагавыя каралы (Gorgonacea); марскія пёры (Pennatulacea). 2800 відаў. Пашыраны пераважна ў марскіх водах трапічнага пояса. Вядомы з пач. мезазою. Жывуць калоніямі. На Беларусі выяўлены ў адкладах юры і мелу як рэдкія выкапнёвыя жывёлы. Найб. вядомыя: чырвоны, або высакародны карал (Corallium rubrum), арганчык (Tubipora musica), гарганарыя (Subergorgia mollis) і інш.
Маюць 8 перыстых шчупальцаў вакол ротавай адтуліны. Шкілет вапняковы або рагавы, складаецца з асобных элементаў — спікул рознай формы. Гастральная поласць падзелена радыяльнымі перагародкамі на камеры; ад рота ў яе апускаецца эктадэрмальная глотка. Размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне). Кормяцца прасцейшымі, бактэрыямі, часцінкамі дэтрыту і інш. Многія свецяцца. Калоніі прыгожыя, рознакаляровыя. Утвараюць каралавыя рыфы. З многіх вырабляюць упрыгожанні, сувеніры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РЫЕС ЗУБО́Ў (ад лац. caries гніенне),
хвароба зубоў з разбурэннем цвёрдых тканак зуба і ўтварэннем у ім поласцей. У аснове К.з. — парушэнне харчавання зуба і нястача ў арганізме некат. бялкоў, вітамінаў і солей (пераважна фтору), празмернае ўжыванне салодкага, дрэнная гігіена поласці рота. Праяўляецца плямай (шурпатая, балючая) на эмалі ад белага да цёмна-карычневага колеру. Бывае К.з. паверхневы, сярэдні і глыбокі. Для паверхневага характэрны значная пігментацыя і шурпатасць эмалі, балючасць ад тэмпературных, хім. і мех. раздражняльнікаў. Пры сярэднім адбываецца поўнае разбурэнне эмалі і частковае дэнціну; сценкі карыёзнай поласці пігментаваныя, больш цёмныя, балючасць значная, асабліва пры зандзіраванні ў вобласці дна. Глыбокі карыес ахоплівае большую ч. зуба; паміж пульпай і карыёзнай поласцю вельмі вязкі слой дэнціну; балючасць значная, асабліва пры зандзіраванні рога пульпы. Лячэнне: тэрапеўтычнае, выдаленне пашкоджаных тканак, пламбаванне.