Адбыўся 30.5—12.6.1930 у Мінску. Прысутнічала 356 дэлегатаў з рашаючым і 286 з дарадчым голасам ад 46 805 чл. і канд. у чл. партыі [разам з вайсковымі арг-цыямі; 39 256 чл. і канд. у чл.КП(б)Б). Парадак дня: даклады аб рабоце ЦКВКП(б) (Дз.З.Мануільскі), ЦККВКП(б) (М.А.Трылісер); паліт. справаздача ЦККП(б)Б (К.В.Гей); арганізац. справаздача ЦККП(б)Б (І.А.Васілевіч); справаздача ЦКККП(б)Б (А.Я.Калнін); даклады аб ходзе выканання 5-гадовага плана развіцця прам-сці (К.Ф.Бенек); аб калгасным руху і ўздыме сельскай гаспадаркі (М.М.Галадзед); аб задачах прафсаюзаў у рэканструкцыйны перыяд (І.П.Рыжоў); выбары кіруючых органаў партыі. З’езд прапанаваў ЦК і парт. арг-цыям: працягваць курс на індустрыялізацыю; умацоўваць калгасы і няўхільна павялічваць іх колькасць; выпраўляць памылкі і скрыўленні, дапушчаныя ў калгасным буд-ве; аднавіць разбураную нізавую сетку с.-г. кааперацыі; знайсці дадатковыя крыніцы забеспячэння прац. насельніцтва прадуктамі харчавання і рацыянальна выкарыстоўваць харч. рэсурсы. Умовамі паспяховага выканання намечанага курсу павінны былі стаць «бязлітасная барацьба» супраць правага апартунізму як гал. небяспекі на тым этапе развіцця, «левых» трацкісцкіх перагібаў, прымірэнства, усякіх ваганняў у нац. пытанні. Асаблівы акцэнт з’езд зрабіў на вынікі ідэолага-паліт. кампаніі супраць нацыянал-дэмакратызму і правага ўхілу, якая разгарнулася пасля праверкі ў маі—чэрв. 1929 камісіяй ЦККВКП(б) на чале з У.П.Затонскім практыкі нац. работы ў БССР. Многія дэлегаты ў сваіх прамовах заяўлялі, што настаў час разглядацьбел. нацыянал-дэмакратызм як гал.небяспеку для партыі. З’езд выбраў ЦККП(б)Б з 112 чл. і 62 канд., ЦКККП(б)Б з 89 чл., Цэнтр.рэвіз. камісію КП(б)Б з 9 чл.
Літ.:
XIII з’езд Камуністычнай партыі (6.) Беларусі: Стэнагр. справаздача, 30 мая — 12 чэрвеня 1930 г.Мн., 1931;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 2. 1928—1932. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯДАВІ́ТЫЯ ГРЫБЫ́,
група грыбоў, у якіх знаходзяцца ядавітыя для чалавека і жывёл рэчывы. Падзяляюць на мікраміцэты — грыбы, што маюць мікраскапічна малыя памеры, і макраміцэты — шапкавыя грыбы і порхаўкі (гастраміцэты). Вядома каля 250 відаў таксічных мікраміцэтаў. Розныя іх віды сінтэзуюць больш за 100 атрутных рэчываў, якія з’яўляюцца прыроднымі забруджвальнікамі харч. прадуктаў і с.-г. кармоў. Самую вял. і небяспечную групу складаюць т.зв. «плесні» з рознай сістэматычнай прыналежнасцю: зігаміцэты, ааміцэты, аскаміцэты, дэйтэраміцэты. Многія грыбныя яды маюць нейра- і эмбрыятаксічныя ўласцівасці, аказваюць тэратагеннае, мутагеннае, канцэрагеннае ўздзеянне. Напр., таксіны некат. відаў грыбоў роду аспергілюс заражаюць арахіс, кукурузу, збожжавыя, каву, сыры, кармы і маюць гепата- і нефратаксічныя, мутагенныя, тэратагенныя і імунадэпрэсіўныя ўласцівасці. Макраміцэты — зборная група вышэйшых грыбоў з розным сістэматычным становішчам: сумчатыя, базідыяльныя, агарыкавыя і гастраміцэты. Падзяляюць на ядомыя, умоўна-ядомыя, практычна неядомыя і ядавітыя (у т. л. смяротна ядавітыя). Многія ядомыя грыбы ў пэўныя ўзроставыя перыяды назапашваюць прадукты аўталітычнага распаду сваіх пладовых цел, якое ўзмацняецца ўздзеяннем плесневых грыбоў, мікробаў і інш. Грыбы, што растуць у раёнах з загазаванай атмасферай, развітой прам-сцю і сеткай аўтамаб. дарог, назапашваюць у грыбніцы і пладовых целах значную колькасць таксічных цяжкіх металаў і прадуктаў няпоўнага згарання аўтамаб. паліва. У такіх умовах грыбы лепшай спажывецкай якасці (белы грыб, маслякі, ядомыя трубчастыя і пласціністыя грыбы вышэйшай катэгорыі) становяцца небяспечнымі (асабліва ў спякоту). Таму ў некат. краінах забаронена спажыванне грыбоў, сабраных у натуральных умовах месцазнаходжання, і дазволена — толькі тых, што вырошчваюцца ў штучных умовах закрытых памяшканняў. У гэтых выпадках атручэнне забруджанымі або заражанымі грыбамі нельга разглядаць як грыбную інтаксікацыю. Атручэнне адбываецца ядавітымі метабалітамі грыбоў (мікатаксінамі), якія трапляюць у арганізм пры спажыванні, ужыванні лек. прэпаратаў (спарыння) або самалячэнні (мухаморы, бледная паганка). Не ўсе з неядомых грыбоў маюць ядавітыя ўласцівасці. Многія з іх (жоўцевы грыб, перцавы грыб, свінуха тоўстая) маюць горкі смак, цвёрдую нясмачную мякаць, непрыемны пах; сатанінскі грыб мае толькі непрыемны знешні выгляд. Ядавітыя ўласцівасці некат. грыбоў (смаржкі, страчкі, валуі, свінуха тонкая) знікаюць пасля кулінарнай апрацоўкі. Да ядавітых грыбоў і відаў, што маюцца быць ядавітымі, адносяць несапраўдныя апенькі, энталому веснавую, некат. гіграфоры, павуціннікі, гаварушкі, парасонікі, шампіньён жаўтаскуры. Найб. моцнадзейнымі, смяротна ядавітымі грыбамі, што выклікаюць цяжкія наступствы пры спажыванні нават аднаго няпоўнага пладовага цела, з’яўляюцца прадстаўнікі роду аманіта (мухамор, бледная паганка).
Часам выклікаюць моцнае атручэнне і смерць страчкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭО́РЫЯ АРХІТЭКТУ́РЫ,
сукупнасць навук. ведаў, якія даюць цэласнае ўяўленне пра законы і заканамернасці фарміравання арх. асяроддзя. Вылучаюцца: агульная Т.а.; прыкладныя тэорыі горадабудаўніцтва; прыкладныя Т.а. Агульная Т.а. азначае канцэптуальны падыход да фарміравання прасторы; вызначае вядучыя прынцыпы арганізацыі прасторы: абумоўленасць, сістэмнасць, комплекснасць, бесперапыннасць; распрацоўвае метады вызначэння складу матэрыяльных элементаў, што напаўняюць зоны. Прыкладныя тэорыі горадабудаўніцтва — тэорыі цэнтр. месцаў, палярызацыі прастораў на рэгіянальным і гар. узроўні, «парогаў» і дынамізму ў развіцці гарадоў. Прыкладныя Т.а. ўключаюць тэорыі эвалюцыі арх. уяўленняў, шматвектарнасці зыходных перадумоў фарміравання тэарэт. канцэпцый, экалагічнай бяспекі чалавека, матэм. упарадкаванасці, колеравай упарадкаванасці арх. асяроддзя. Тэорыя эвалюцыі арх. уяўленняў як феномен культ. памяці дазваляе асэнсаваць назапашаны вопыт і выкарыстаць яго ў арх. практыцы. Тэорыя шматвектарнасці зыходных перадумоў фарміравання тэарэт. канцэпцый дазваляе разглядацьарх. формаўтварэнне як вынік дзейнасці, якая ацэньваецца спажыўцом эмацыянальна і рацыянальна. Аптымальнасць прапанаванага вырашэння вызначаецца пазітыўнасцю комплекснай рэакцыі — візуальнай, тактыльнай, кінетычнай. У гэтай тэорыі найб. поўна рэалізуецца прынцып гуманістычнай накіраванасці, бо аснова гэтых рэакцый — біясацыяльная, эмацыянальная, міфатворчая сутнасць чалавека. Тэорыя экалагічнай бяспекі чалавека ў арх. асяроддзі — найб. актуальная тэорыя сучаснага этапу развіцця архітэктуры. У дадатак да дэтальна распрацаваных урбаэкалогіяй метадаў і сродкаў аховы навакольнага асяроддзя яна ўключае метады арх.-экалагічнага праектавання аб’ёмных аб’ектаў. Тэорыя матэм. упарадкаванасці арх. асяроддзя дазваляе матэм. спосабамі выявіць сістэмныя ўласцівасці арх. аб’ектаў, пазначыць характарыстыкі і ўласцівасці геам. прастораў, выкарыстоўваць матэм. аналагавыя сістэмы ў рэжыме мадэліравання арх. формы. Фрактальная геаметрыя забяспечвае сістэмныя ўласцівасці арх. аб’ектаў з дапамогай базавых фракталаў, каскаду самападобных фігур і ўвядзення каэфіцыента самападобнасці. Тэорыя колеравай упарадкаванасці арх. асяроддзя пазначае шляхі выкарыстання колеру для выяўлення цэласнасці арх. аб’екта, яго ўнутр. структуры, самадастатковасці. Увядзенне цэнтраў колеравай актыўнасці дазваляе зафіксаваць элементы метасістэмы, паслядоўнае выкарыстанне тыпаў колеравых гармоній — выявіць характар узаемасувязі паміж элементамі колерасістэмы.
На Беларусі тэарэт. даследаванні вядуцца з 1920-х г. (аналітычныя працы М.Каспяровіча, М.Шчакаціхіна і інш.). Яны дазволілі ў пасляваен. час выявіць заканамернасці развіцця горадабудаўніцтва, абгрунтаваць перыядызацыю гіст. шляху фарміравання бел. архітэктуры (працы А.П.Воінава, А.А.Воінава, М.Кацара, У.Чантурыі, Ю.Ягорава і інш.). Тэарэт. асновы вырашэння тэр. арганізацыі Беларусі, развіцця гарадоў і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў распрацавалі Я.Заслаўскі, І.Іода, У.Кароль, Г.Патаеў, І.Сітнікава, А.Сардараў, А.Яршоў і інш.Тэарэт. абгрунтаванне рацыянальных прынцыпаў забудовы сельскіх населеных месцаў распрацоўвалі А.Балыка, А.Кудзіненка, І.Малкоў, У.Сакалоўскі. Асновы аптымізацыі арх. сродкамі функцыян.-тэхнал. працэсаў асобных тыпаў грамадскіх будынкаў адлюстраваны ў працах В.Аладава, С.Філімонава, І.Равуцкай, В.Саннікавай і інш. З канца 1960-х г. пашыраецца даследаванне нар. дойлідства (А.Лакотка, С.Сергачоў, У.Трацэўскі, Г.Лаўрэцкі, В.Марозаў, Т.Хадыка, В.Чарнатаў, Т.Чарняўская і інш.), што дазволіла вылучыць бел. архітэктуру як самаст. галіну слав. дойлідства. Даследуецца развіццё Т.а. замежных краін (Н.Кожар). Вынікі тэарэт. даследаванняў Я.Аграновіч-Панамаровай, В.Анікіна, А.Сычовай, К.Хачатранц і інш. спрыялі станаўленню творчых прыёмаў майстроў бел. архітэктуры, арганізацыі навуч. працэсу на арх. ф-це Бел.нац.тэхн. ун-та і падрыхтоўцы падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па сац. асновах архітэктуры, забудове населеных месцаў, ландшафтнай архітэктуры, каларыстыцы, інтэр’ерах грамадскіх будынкаў і інш. Сучасны перыяд развіцця Т.а. звязаны з неабходнасцю стварэння асновы для прыярытэтных кірункаў прыкладных даследаванняў па ўдакладненні нарматыўнай базы буд-ва, аптымізацыі жыллёвага асяроддзя, рэканструкцыі фонду жылых і грамадскіх будынкаў (Г.Баранец, Г.Гаўрыкава, Н.Лазоўская, А.Мазанік, Ю.Малыка, Г.Палянская, Т.Рак, Ю.Чантурыя і інш.).
Літ.:
Проблемы современной теории архитектуры. М., 1973;
Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983;
Пономарева Е.С. Цвет в интерьере. Мн., 1984;
Теория композиции в советской архитектуре. М., 1986;
Эко У. Отсутствующая структура: Пер. с итал. СПб., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ МЕХА́НІКА, хвалевая механіка,
тэорыя, якая ўстанаўлівае спосаб апісання і законы руху мікрачасціц (электронаў у атаме, атамаў у малекуле, нуклонаў у ядрах і інш.). Дае магчымасць апісаць структуру атамаў і зразумець іх спектры, устанавіць прыроду хім. сувязі, растлумачыць перыяд. сістэму элементаў і г.д. З’яўляецца тэарэт. асновай атамнай і ядз. фізікі, фізікі цвёрдага цела.
Мікрааб’ектам уласціва своеасаблівая дваістасць: у залежнасці ад умоў яны могуць паводзіць сябе як часціцы ці як хвалі (гл.Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Таму тэарэт. апісанне мікраскапічных з’яў патрабуе аб’яднання ўзаемна несумяшчальных фіз. характарыстык, чаго нельга ажыццявіць у межах класічнай фізікі ўнутрана несупярэчлівым спосабам (гл.Дапаўняльнасці прынцып). Пры гэтым немагчыма адначасовае выкарыстанне некаторых фіз. велічынь, напр., каардынат і імпульсу часціцы. Для мікрачасціцы не мае сэнсу, напр., такое паняцце, як рух уздоўж траекторыі; усе тэарэт. сцвярджэнні адносна выніку пэўных узаемадзеянняў маюць імавернасны характар.
К.м. ўзнікла як развіццё ўяўленняў М.Планка (1900) адносна квантавання дзеяння, А.Эйнштэйна (1905, 1916) пра карпускулярныя ўласцівасці святла (гл.Планка закон выпрамянення), напаўкласічнай мадэлі атама Н.Бора (1913, гл.Бора тэорыя), ідэі Л. дэ Бройля адносна хвалевых уласцівасцей мікрачасціц (гл.Хвалі дэ Бройля). Фундаментальнае развіццё К.м. атрымала ў працах В.Гайзенберга (1925), Э.Шродынгера і П.Дзірака (1926). Паводле К.м. ўсю інфармацыю пра фіз. стан мікрасістэмы змяшчае хвалевая функцыя. Яна вызначае размеркаванне імавернасці для розных фіз. велічынь, якія характарызуюць сістэму (становішча ў прасторы, імпульс, энергія і г.д.; М.Борн, 1926). Кожнай класічнай фіз. велічыні ў К.м. адпавядае пэўны аператар, уласныя значэнні якога супадаюць з назіральнымі значэннямі фіз. велічыні (гл.Аператары). Магчымыя станы сістэмы апісваюцца адпаведнымі ўласнымі функцыямі. У залежнасці ад таго, дыскрэтную ці неперарыўную паслядоўнасць утвараюць уласныя значэнні аператара, адпаведная фіз. велічыня з’яўляецца квантаванай ці неквантаванай (гл.Квантаванне). Калі аператары 2 фіз. велічынь (L і M) не камутуюць, г. зн. што вынік дзеяння аператараў L і M на хвалевую функцыю Ψ залежыць ад парадку іх дзеяння
, то рэалізацыя такіх станаў мікрасістэмы, у якіх адпаведныя фіз. велічыні адначасова мелі б пэўнае значэнне, немагчыма; найперш гэта датычыць аператараў каардынат і імпульсу (гл.Неазначальнасцей суадносіны). Камутатыўнасць аператараў пэўных фіз. велічынь з аператарам энергіі азначае, што гэтыя фіз. велічыні з цягам часу не мяняюцца, г. зн. з’яўляюцца інтэграламі руху. Асн. інтэграл руху ў К.м. — энергія. Для дакладнага вызначэння стану мікрасістэмы неабходна ведаць энергію і інш. ўзаемна камутатыўныя інтэгралы руху, якімі, напр., для часціцы ў полі цэнтральных сіл з’яўляюцца квадрат моманту імпульсу і адна з яго праекцый. Калі інтэгралы руху маюць дыскрэтны спектр, стан сістэмы вызначаецца з дапамогай квантавых лікаў.
Прадказанні К.м. пераходзяць у адпаведныя вынікі класічнай механікі, калі для фіз. сістэмы велічыні размернасці дзеяння становяцца значна большымі, чым пастаянная Планка h (гл.Адпаведнасці прынцып). Абагульненне асн. ідэй К.м. на выпадак, калі энергія руху часціц параўнальная з энергіяй спакою (гл.Адноснасці тэорыя), дало магчымасць прадказаць існаванне антычасціц, стварыць тэорыю ўласнага моманту колькасці руху (гл.Спін) і інш. К.м. з’яўляецца мех. тэорыяй, таму не можа паслядоўна разглядаць працэсы паглынання святла і эл.-магн. выпрамянення. Яна дае набліжаныя метады разліку, дастатковыя для патрэб атамнай і часткова ядз. фізікі. Паслядоўную тэорыю ўзаемадзеяння фатонаў з электрычна зараджанымі часціцамі дае квантавая электрадынаміка. Ураўненні К.м. даюць магчымасць дакладна вылічыць магчымыя ўзроўні энергіі (гл.Шродынгера ўраўненне) мікрасістэмы, а таксама імавернасць пераходаў паміж імі. Гл. таксама Квантавая тэорыя поля, Абменнае ўзаемадзеянне.
На Беларусі работы па К.м. пачаты ў 1930-я г. ў БДУ (Ф.І.Фёдараў), у пасляваен. гады вядуцца пераважна ў БДУ і Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі.
Літ.:
Фейнман Р., Лейтон Р., Сэндс М. Фейнмановские лекции по физике: Пер. с англ.Вып. 8—9. М., 1966—67;
Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНА́РДА ДА ВІ́НЧЫ (Leonardo da Vinci; 15.4.1452, г. Вінчы, Італія — 2.5.1519),
італьянскі жывапісец, скульптар, архітэктар, тэарэтык мастацтва, вучоны, інжынер. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Высокага Адраджэння.
Імкнуўся да спалучэння навук. і маст. мыслення, разглядаў жывапіс як універсальную мову, якая пры дапамозе прапорцый і перспектывы ўвасабляе ўсю разнастайнасць праяўлення разумнага пачатку ў прыродзе. У творчасці спалучаў натуралістычнасць выявы з ідэалістычнасцю задумы, увасобіў новы эстэт. ідэал, стварыў вобраз гарманічнага, духоўнага і фізічна дасканалага чалавека.
Вучыўся жывапісу ў майстэрні А.Верок’ё (1467—72). Яе метады працы, у якіх маст. практыка спалучалася з тэхн. эксперыментамі, збліжэнне з астраномам П.Тасканелі, паўплывалі на развіццё яго навук. інтарэсаў. У ранні фларэнційскі перыяд (1452—81) развіваў традыцыі кватрачэнта. Творам уласціва плаўная аб’ёмнасць форм, падкрэсленая мяккай святлаценню мяккім святлаценем («Мадонна Роскін», анёл у карціне Верок’ё «Хрышчэнне Хрыста», пасля 1470; «Дабравешчанне», каля 1474; т.зв. «Мадонна Бенуа», каля 1478). Карціна «Пакланенне вешчуноў» (1481—82, не скончана) вызначаецца пошукамі драм. экспрэсіі, заснаванай на міміцы і руху. У 1482—1500 працаваў у Мілане пры двары герцага Л.Сфорцы, празванага Мора, які даручыў Леанарда заснаваць Акадэмію мастацтва. Для выкладання ў ёй склаў трактаты пра жывапіс, святло, цень, рух, прапорцыі цела чалавека і інш. Быў ваен. інжынерам, гідратэхнікам, арганізатарам прыдворных феерый. Як архітэктар распрацаваў варыянты «ідэальнага» горада, канструкцыі цэнтральна-купальнага храма. У 1490—1500 працаваў над вял. (7,2 м) конным манументам Ф.Сфорцы (мадэль яго ў натуральны памер была зруйнавана французамі пры ўзяцці Мілана). У 1490—91 выканаў жывапісны твор «Мадонна з дзіцем» («Мадонна Літа»). У карціне «Мадонна ў скалах» (1483—94; 2-і варыянт каля 1497—1511) найб. дасканала распрацаваў уласцівую большасці яго твораў кампазіцыю, пабудаваную на дакладных разліках. Яна ўяўляла сабой замкнёную ідэальную прастору, т.зв. прасторавую піраміду (трохвугольнік), у якую ўпісваюцца фігуры; найтанчэйшая святлацень (сфумата) мае ролю духоўна-сувязнага пачатку. У трапезнай кляштара Санта-Марыя дэле Грацые стварыў размалёўку «Тайная вячэра» (1495—97), якая стала адной з вяршынь усяго еўрап. мастацтва. У гэтым творы Леанарда адкрыў для жывапісу новую галіну — псіхал. канфлікт. Высокі этычны змест перададзены праз строгія матэм. заканамернасці кампазіцыі, што падпарадкоўвае сабе рэальную арх. прастору, праз ясную расстаноўку персанажаў, сістэму іх жэстаў і мімікі. Пасля 1500 працаваў у Фларэнцыі, Мантуі, Венецыі, Мілане, Рыме; у 1516 па запрашэнні караля Францыска I прыехаў у Францыю. У Фларэнцыі працаваў над размалёўкай у Палацца Век’ё («Бітва пры Анг’яры», 1503—06, не скончана, вядома па копіях з кардону), якая стаіць ля вытокаў батальнага жанру. У партрэце Моны Лізы (т. зв. «Джаконда», каля 1503) увасобіў узнёслы ідэал жаноцкасці і прыгажосці. У позніх творах развіваў пошукі ў галіне святлопаветранай перспектывы і гарманічнай пірамідальнай кампазіцыі («Св. Ганна з Марыяй і немаўляткам Хрыстом», каля 1500—07). Эксперыменты з маст. матэрыяламі, разнастайнасць інтарэсаў абумовілі невял. колькасць завершаных яго маст. і навук. работ, іх дрэнную захаванасць. Як вучоны ўзбагаціў амаль усе галіны ведаў свайго часу. У галіне механікі вывучаў пытанні трэння, раўнавагі, супраціўлення матэрыялаў і інш. Распрацоўваў канструкцыі машын і механізмаў, шмат з якіх значна апярэдзілі свой час (праекты металургічных печаў і пракатных станаў, ткацкіх станкоў, друкарскіх, дрэваапрацоўчых, землекапальных і інш. машын, падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў і парашута), праекты фартыфікацыйных і гідратэхн. збудаванняў. Шмат эксперыментаваў у галіне оптыкі, выказваў правільныя здагадкі аб прыродзе бінакулярнага зроку. Блізка стаяў да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы светабудовы. Займаўся анатамічнымі даследаваннямі, імкнуўся ўвесці ў біялогію эксперым. метад. Упершыню стаў разглядаць батаніку як самаст.біял. дысцыпліну. Яго анат. малюнкі сталі асновай сучаснай навук. ілюстрацыі. Да нашага часу захавалася каля 7 тыс. аркушаў яго рукапісаў і запісных кніжак, частка з якіх увайшла ў «Трактат пра жывапіс», што склаў пасля смерці мастака яго вучань Ф.Мельцы. Іл.гл. таксама да арт.Адраджэнне.
Тв.:
Рус.пер. — Книга о живописи. М., 1934;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1935;
Избр. естественнонаучные произв. М., 1955;
Анатомия Записки и рисунки. М., 1965.
Літ.:
Дживелегов А.К. Леонардо да Винчи. М., 1974;
Нардини Б. Жизнь Леонардо: Пер. с итал. М., 1978;
Гастев А. Леонардо да Винчи. М., 1982.
Л.Ф.Салавей.
Леанарда да Вінчы. Мадонна з дзіцем (Мадонна Літа). Каля 1490—91.Леанарда да Вінчы. Аўтапартрэт. Каля 1510—13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛО́ГІЯ (ад лац. societas грамадства + ...логія),
навука пра грамадства, законы функцыянавання і развіцця сац. супольнасцей і працэсаў, пра сац. адносіны як механізмы ўзаемасувязі і ўзаемадзеяння паміж гэтымі супольнасцямі. Аб’ектам сацыялагічнага пазнання з’яўляецца грамадства, якое разглядаецца як адзіны сац. арганізм. Тэрмін «С.» ўвёў стваральнік гэтай навукі А.Конт, які сінтэзаваў найб. плённыя ідэі ў суцэльную праграму новай навукі пра грамадства, вылучыў у ёй сацыяльную статыстыку і сац. дынаміку. Паводле Конта, грамадства развіваецца па «законе трох стадый»; тэалагічнай, метафізічнай і пазітыўнай. Сістэматызаваны выклад прадмета, задач і праблематыкі С. ажыццявіў Г.Спенсер, які стварыў канцэпцыю сац. ін-таў як механізмаў самаарганізацыі сумеснага жыцця людзей. Канцэпцыя сацыялагізмунайб. поўна адлюстравана ў працах Э.Дзюркгейма, які вызначаў прадмет С. як сац. факты, што існуюць па-за індывідам і ў адносінах да яго валодаюць прымусовай сілай. Імкненне знайсці аб’ектыўныя заканамернасці сац. з’яў абумовіла неабходнасць выкарыстання ў С. статыстыкі. М.Вебер вызначаў С. як навуку, якая вывучае дзеянне сацыяльнае, пры ўмове суб’ектыўнай матывацыі індывіда або групы Паводле Вебера, асэнсаванае мэтарацыянальнае дзеянне — той ідэальны тып, узор сац. дзеяння, з якім суадносяцца іншыя тыпы. П.А.Сарокін развіў вучэнне пра «інтэгральную» С. і вылучыў 4 яе раздзелы: агульнае вучэнне пра грамадства, вывучэнне сац. заканамернасцей яго развіцця, вывучэнне асн. тэндэнцый у развіцці грамадства і грамадскіх ін-таў, сац. палітыка, задача якой — пошук сродкаў паляпшэння грамадскага жыцця.
Працэс фарміравання С. адзначаны пераходам ад гісторыка-эвалюцыйнага да структурна-аналіт. падыходу, тэарэт. пабудовы якога цесна звязаны з эмпірычнымі даследаваннямі. У межах агульнай праблематыкі фарміраваліся розныя тэарэт. арыентацыі ў адпаведнасці з пануючымі ў пэўны перыяд філас. плынямі. Так, «сацыялагізм» Дзюркгейма, які прапанаваў разглядаць факты «як рэчы», парадзіў лінію пазітывісцкага аб’ектывізму. «Разумеючая» С. Вебера (імкненне расшыфраваць унутраны сэнс сац. дзеянняў) абапіралася на ідэі неакантыянства і філасофіі жыцця. У 1950-х г. у С. існавала некалькі тэарэт. арыентацый, самая ўплывовая з іх — структурны функцыяналізм (Т.Парсапс, Р.К.Мертан), які ставіў на першы план прынцып цэласнасці і інтэграцыі сістэмы і тлумачыў прыватныя з’явы тымі функцыямі, якія яны выконваюць у межах гэтага цэлага.
На Беларусі сацыялагічная думка мае традыцыі, асновы якіх закладзены ў 19 ст., у т. л. ў працах К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, А.Пашкевіч (Цётка) і інш. У той час яна імкнулася да агульнатэарэт. пабудоў; з аднаго боку, злівалася з сац. філасофіяй, з другога — з працамі этнагр. і дэмаграфічнага характару. Пасля стварэння АН Беларусі (1929) маштабы даследчай работы пашырыліся: вывучэнне сац.-эканам. і сацыякульт. праблем развіцця бел. нацыі (Я.Ф.Карскі, С.М.Некрашэвіч), дынамікі сац. структуры грамадства (У.М.Ігнатоўскі, М.В.Доўнар-Запольскі), С. сям’і і рэлігіі (С.Я.Вальфсон, Б.Э.Быхоўскі), асветы і выхавання (С.М.Васілейскі, А.А.Гайвароўскі, С.М.Рыверс). З канца 1930-х да сярэдзіны 1950-х г.гіст. падзеі надоўга вывелі айчынную С. па-за межы прыярытэтных навук. Аднак ускладненне сац. праблем, неабходнасць аналізу і прагназавання асн. тэндэнцый развіцця грамадства, вывучэння грамадскай думкі па актуальных пытаннях патрабавалі ўзнаўлення і развіцця С. З сярэдзіны 1960-х г. пачаўся новы этап развіцця даследаванняў па С. У 1965 засн. грамадскі Ін-т сацыялагічных даследаванняў; у 1968 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі створаны сектар (пазней аддзел) С., пры БДУ — Праблемная н.-д. лабараторыя сацыялагічных даследаванняў, у БПІ, ін-це нар. гаспадаркі і інш.ВНУ — сацыялагічныя лабараторыі. У 1989 засн.Рэсп. цэнтр сацыялагічных даследаванняў (з 1990 Ін-т С.), у БДУ — кафедра С. У 1990-я г. створаны недзярж. ін-ты і цэнтры сацыялагічнага профілю (Бел. сацыялагічная служба «Грамадская думка», Незалежны ін-тсац.-эканам. і паліт. даследаванняў, прыватнае даследчае прадпрыемства «НОВАК», Гомельскі сацыялагічны цэнтр «Аракул» і інш.). У 1996 створаны Ін-тсац.-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Цэнтр сацыялагічных і паліт. даследаванняў БДУ. У наш час бел. сацыялагічная школа мае шэраг кірункаў; гісторыя і тэорыя С. (Г.П.Давідзюк, Я.М.Бабосаў, І.І.Антановіч, А.М.Елсукоў); С. асобы, распрацоўка тэорыі катастроф, С. канфліктаў (Бабосаў); С. трансфармацыйных працэсаў у грамадстве, С. моладзі (А.М.Данілаў); эканам. С. і С. працы (Г.М.Сакалова); С. сям’і (М.Р.Юркевіч, С.Д.Лапцёнак, С.Н.Бурава); С. навукі (Г.А.Несвятайлаў); С. культуры (Э.К.Дарашэвіч, В.І.Русецкая, Л.Р.Цітарэнка, С.В.Лапіна); С. адукацыі (А.І.Ляўко, В.А.Кліменка); паліт. С. (І.В.Катляроў, В.В.Бушчык); С. камунікацый (А.Ц.Манаеў); С. дэвіянтных паводзін (М.А.Бараноўскі); метадалогія сацыялагічных даследаванняў (С.А.Шавель, А.У.Рубанаў); методыка аператыўных даследаванняў (Д.Г.Ротман); распрацоўка асн. кірункаў дэмаграфічнай палітыкі краіны (А.А.Ракаў) і інш.
Літ.:
Конт О. Курс положительной философии: Пер. с фр.Т. 1—2. СПб., 1899—1901;
Спенсер Г. Основные начала: Пер. с англ. СПб., 1867;
Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр.М., 1996;
Вебер М. Избр. произв.: Пер. с нем. М., 1990;
Сорокин П.А. Система социологии: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1993;
Смелзер Н. Социология: Пер. с англ.М., 1994;
Давидюк Г.П. Прикладная социология. Мн., 1979;
Бабосов Е.М. Социология. Ч. 1. Общая социол. теория. Мн., 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЭ́ТЫКА (ад грэч. poiētikē паэтычнае мастацтва),
1) у шырокім сэнсе — тое, што і тэорыя літаратуры (гл. ў арт.Літаратуразнаўства).
2) Раздзел літаратуразнаўства, у якім вывучаецца структура, асаблівасці і змястоўнасць літ. формы.
3) Сістэма спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету ў іх змястоўнай, сэнсава-выяўл. сутнасці, абумоўленая ідэйнай задумай мастака. П. падзяляецца на агульную (тэарэт.), функцыян. (апісальную) і гістарычную. Вылучаюць таксама параўнальную, практычную і сацыялагічную П. Агульная П. аперыруе агульнымі заканамернасцямі і элементамі л-ры як сістэмы: даследуе ўсе магчымыя спосабы маст. ўвасаблення аўтарскай задумы і законы суадносін розных творчых метадаў арганізацыі тэксту з літ. жанрам, відам, родам. Падзяляецца на 3 галіны, што вывучаюць гукавую, славесную і вобразную будову тэксту. Функцыянальная П. аналізуе эстэт. кампаненты твораў пэўнага літ. кірунку, жанру ці перыяду творчасці пісьменніка (П. рамана, П. рамантызму, паэтыка М.Танка і інш.). Гістарычная П. вывучае рух і змену літ. форм у працэсе гіст. эвалюцыі, паходжанне і развіццё маст. сродкаў (эпітэт, метафара, метрыка верша і г.д.) у залежнасці ад сац.-гіст. і літ. умоў, карыстаецца параўнальна-гіст. метадам даследавання, імкнецца абагульніць вынікі сусв.літ. працэсу. Параўнальная П. займаецца тыпалагічным супастаўленнем спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету дзвюма і больш нац. л-рамі (напр., параўнальная метрыка ўсх.-слав. верша), засноўваецца на параўнальнай стылістыцы, карыстаецца данымі перакладу мастацкага. Сацыялагічная П. даследуе ўздзеянне сац. фактараў на змену літ. форм. Практычную П. складаюць розныя курсы і дапаможнікі па агульнай П., разлічаныя на шырокага чытача; задача яе — выхаванне паэт. культуры, азнаямленне з асновамі вершаскладання.
Першае сістэм. выкладанне П. даў Арыстоцель. Яго традыцыя развівалася як нарматыўная П., што ўстанаўлівала стылістычныя прынцыпы будовы маст. твораў (працы Гарацыя, Н.Буало, В.Традзьякоўскага, М.Ламаносава). Элементы нарматыўнасці П. распрацоўвалі пэўныя літ. кірункі і плыні (напр., П. сімвалістаў), асобныя паэты (П. А.Пушкіна). Да 18 ст. пераважала П. вершаваных (высокіх) жанраў. Значнымі ў яе развіцці сталі канцэпцыі Г.Лесінга (вызначыў паэзію як мастацтва, якое разгортваецца ў часе, у адрозненне ад выяўл. мастацтва), В.Гумбальта (разумеў мову як творчасць), рас.рэв. дэмакратаў (В.Бялінскага, М.Дабралюбава, М.Чарнышэўскага і інш.). У 19 ст. П. займалася «акадэмічная» навука (А.Весялоўскі, А.Патабня, С.Шавыроў). У 1920-я г. ў П. пашырыліся сацыялагічная і фармальная школы. Першая з іх тлумачыла ўсе факты л-ры гіст. і сац.-эканам. прычынамі; другой уласцівы іманентнасць літ.-знаўчага аналізу, спробы разглядаць мастацтва як прыём, асаблівым чынам арганізаваную мову, але асобныя прадстаўнікі фармальнай школы (Ю.Тынянаў, Б.Эйхенбаум, В.Шклоўскі і інш.) выявілі прынцыпы сюжэтаскладання, своеасаблівасць паэт. мовы як тыпу маўлення і інш. Ідэі фармальнай школы пазней ляглі ў аснову структурнай і лінгвістычнай П. Новым крокам у распрацоўцы праблем П. сталі працы В.Жырмунскага, В.Вінаградава, Дз.Ліхачова, М.Храпчанкі, М.Гаспарава і інш.
На Беларусі ў 16—18 ст. П. распрацоўвалі выкладчыкі брацкіх школ і езуіцкіх калегіумаў. Л.Зізаній у кн. «Грамматика словенска...» (Вільня, 1596) упершыню ва ўсх.-слав. л-ры сцісла падаў тэорыю пабудовы верша. М.Сматрыцкі ў кн. «Грамматики словенския правильная синтагма» (Еўе, 1619) імкнуўся перанесці законы ант. (метрычнага) вершаскладання на ўсх.-слав. паэзію. Найвыш. дасягненне тэарэтыка-літ. думкі Беларусі, Літвы і Польшчы 17—18 ст. — праца М.Сарбеўскага «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер» (на лац. мове) і курс паэтыкі, у аснову якога ляглі лекцыі аўтара, прачытаныя ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Яго нарматыўная П. паяднала тэарэт. палажэнні эпохі Адраджэння і барока, вызначыла кірунак далейшага развіцця навукі пра л-ру і самой маст. л-ры на Беларусі. У кн. Ф.Пракаповіча «Пра мастацтва паэзіі» (Магілёў, 1786) абгрунтоўваліся прынцыпы класіцызму. Выказвалі свае думкі пра сілаба-танічны верш Я.Чачот і пра нар. вершаскладанне І.Насовіч.
У пач. 20 ст. да пытанняў П. звярнуўся М.Багдановіч, меркаванні якога пра еднасць формы і зместу, суадносіны метра, рытму і рыфмы, нарыс пра санет маюць прынцыповае значэнне для тэорыі бел. вершаванага слова. Бел.функцыян. П. папоўнілася працамі А.Вазнясенскага («Паэтыка М.Багдановіча», 1926), Я.Барычэўскага («Тэорыя санета» і «Паэтыка літаратурных жанраў», 1927), даследаваннем У.Дубоўкі («Рыфма ў беларускай народнай творчасці», 1927). Пытанні П. закраналіся ў працах «Беларусы» Я.Карскага (вып. 1—7, 1903—22), «Гісторыя беларускай літаратуры» М.Гарэцкага (4-е выд., 1926), «Пуціны беларускай літаратуры» (1924) і «Беларуская драматургія» (1927) І.Замоціна, «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М.Піятуховіча (1928), у даследаваннях па тэорыі рамана І.Акушкі, публікацыях А.Бабарэкі і інш. З 1960-х г. сістэматычна вывучаюцца метрыка і рытміка верша (М.Грынчык, А.Кабаковіч, В.Рагойша, І.Ралько, В.Славецкі, В.Ярац), яго кампазіц. асаблівасці і слоўна-паэт. вобразнасць (І.Шпакоўскі, А.Яскевіч), П. празаічных твораў (В.Жураўлёў), праблемы псіхааналізу ў л-ры (А.Матрунёнак), стылю (М.Арочка, В.Бечык, Л.Гусева), рытмічнай арг-цыі маст. тэксту (Яскевіч), маст. асаблівасцей фалькл. жанраў (Г.Барташэвіч, Н.Гілевіч, А.Ліс, Л.Салавей, А.Фядосік. І.Цішчанка, М.Янкоўскі). Выйшлі спец. даследаванні Гусевай, Кабаковіч, Рагойшы пра П. асобных пісьменнікаў, вучэбныя дапаможнікі па агульнай П. (І.Гутараў, М.Лазарук, А.Ленсу, А.Майсейчык, М.Палкін). Створаны літ.-знаўчыя слоўнікі (Лазарук, Ленсу, А.Макарэвіч, Рагойша).
Як літ.-знаўчая дысцыпліна П. стаіць на мяжы эстэтыкі, стылістыкі, літ.-знаўства, мовазнаўства, выкарыстоўвае асобныя палажэнні матэматыкі, кібернетыкі, тэорыі інфармацыі, семіётыкі.
Літ.:
Веселовский А.Н. Историческая поэтика. Л., 1940;
Виноградов В.В. Стилистика. Теория поэтической речи. Поэтика. М., 1963;
Потебня А.А. Эстетика и поэтика. М., 1976;
Поспелов Г.Н. Вопросы методологии и поэтики. М., 1983;
Рагойша В.П. Паэтыка М.Танка. Мн., 1968;
Яскевіч А. Ад слова — да вобраза. Мн., 1968;
Матрунёнак А. Псіхалагічны аналіз у сучасным беларускім рамане. Мн., 1972;
Шпакоўскі І. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;
Жураўлёў В., Шпакоўскі І., Яскевіч А. Пытанні паэтыкі. Мн., 1974;
Янкоўскі М.А. Паэтыка беларускіх прыказак. Мн., 1971;
Яго ж. Паэтыка беларускай народнай прозы. Мн., 1983;
Гілевіч Н. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРАЗНА́ЎСТВА,
навука пра паходжанне, сутнасць і грамадскія сувязі маст.літаратуры, спецыфіку літаратурнай творчасці і заканамернасці гісторыка-літаратурных працэсаў. Складаецца з трох асн. раздзелаў: метадалогіі і тэорыі л-ры, гісторыі л-ры, літ. крытыкі.
Метадалогія выпрацоўвае метады і агульныя прынцыпы вывучэння маст. л-ры. Тэорыя Л. даследуе сац. прыроду, вобразна-эстэт. сутнасць, спецыфіку л-ры, прыроду жанравых форм і іх адметнасць, законы літ.-маст. творчасці, агульныя і спецыфічныя заканамернасці станаўлення л-ры, асаблівасці маст. метадаў, плыняў і кірункаў. Гісторыя вывучае л-ру як працэс у канкрэтных яго праявах, важнейшых тэндэнцыях і заканамернасцях, апасродкавана звязаных і абумоўленых заканамернасцямі грамадскага развіцця, даследуе ўзнікненне, змены і развіццё літ. кірункаў, плыняў, станаўленне творчых метадаў і маст. стыляў, вызначае месца пісьменніка і асобных твораў у літаратурным працэсе. Літаратурная крытыка асвятляе бягучы літ. працэс, ацэньвае і тлумачыць літ. творы і адлюстраваныя ў іх з’явы ў святле ідэйна-эстэт. ідэалаў эпохі, арыентуе чытача, накіроўвае яго інтарэсы, вызначае шляхі развіцця л-ры. Л. выкарыстоўвае дасягненні інш. гуманітарных навук, з якімі цесна звязана, — філасофіі, эстэтыкі, сацыялогіі, гісторыі, псіхалогіі, мовазнаўства; уключае такія дысцыпліны, як тэксталогія, тэорыя і практыка выдавецкай (эдыцыйнай) справы, гістарыяграфія, бібліяграфія, архівазнаўства, літ. крыніцазнаўства, краязнаўства, палеаграфія і інш. Некаторыя з дапаможных дысцыплін афармляюцца ў самаст. галіны (напр., тэксталогія).
Асновы вучэння пра маст. л-ру распрацавалі стараж.-грэч. філосафы. Найб. ролю адыграў Арыстоцель, працы якога на доўгі час вызначылі праблематыку і кірунак развіцця Л.; яго ідэямі жывіліся трактаты пра л-ру ў Стараж. Рыме, у эпоху Адраджэння і нават у перыяд класіцызму (Н.Буало). У 18 — пач. 19 ст. на развіццё Л. моцна паўплывалі тэарэт. працы Д.Дзідро, Г.Лесінга, І.В.Гётэ і інш. пісьменнікаў і філосафаў эпохі Асветніцтва, якія цікавіліся пытаннямі спецыфікі маст. л-ры, яе суадносінамі з інш. відамі мастацтва, ідэямі рэалізму і гістарызму. У абгрунтаванні гіст. погляду на л-ру шмат зрабіў ням. філосаф Г.Гегель («Лекцыі па эстэтыцы»). У Расіі ў 19 ст. тлумачэнне праблем і катэгорый эстэтыкі і тэорыі л-ры далі В.Бялінскі, М.Чарнышэўскі, М.Дабралюбаў і інш. У 19 і 20 ст. побач з рэв. -дэмакр. развіваюцца такія кірункі Л., як міфалагічная шкала (В. і Я.Грым, А.М.Афанасьеў), кампаратывізм, або параўнальна-гістарычнае літаратуразнаўства (Т.Бенфей, А.М.Весялоўскі), культурна-гістарычная школа (І.Тэн, А.М.Пыпін), псіхалагічная школа (А.А.Патабня), пазней — фрэйдызм, інтуітывізм, экзістэнцыялізм і інш. плыні. Сучаснае зах. Л. ўяўляе сабой адзіны комплекс усіх найб. значных даследчых метадалогій розных краін. Гісторыю літ. крытыкі можна разглядаць як гісторыю эвалюцыі і барацьбы школ. У 1-й трэці 20 ст. вызначальнай была барацьба паміж «новымі гуманістамі» і прадстаўнікамі радыкальна-дэмакр. кірункаў (марксісцкая крытыка і псіхааналітыкі). З канца 1930-х г. адзначаны ўзлёт «новай крытыкі». З сярэдзіны 1940-х г. у Англіі і ЗША стала папулярнай міфалагічная крытыка. У аснове рытуальна-міфалагічнага кірунку — праца прадстаўніка англ.антрапал. школы Дж.Фрэйзера «Залатая галіна» (т. 1—2, 1890). З сярэдзіны 20 ст. значную ролю адыгрывае франц.структуралізм. У Л. Англіі і ЗША ён выявіўся ў 1960-я г. ў выглядзе постструктуралізму (Іельская школа Ж.Дэрыды). У Англіі ідэі кантынентальных структуралістаў (Р.Барта) выкарыстоўваў Ф.Кермаўд. У 1960—70-я г. ў ЗША на аснове тэорый знака, сімвала і метафары развівалася семантычная крытыка, якая цікавілася ў асн. тэкстам; яна была блізкая да «новай крытыкі» і структуралізму. Расчараванне ў тэкстуальных і глыбінна-псіхал. метадах спрыяла адраджэнню ў апошнія дзесяцігоддзі традыц. падыходаў — культ.-гіст., сацыялагічнага. У 1980-я г. заявілі пра сваю гуманістычную арыентацыю фенаменалагічныя і рэцэптыўныя крытыкі. Частка зах. Л. адкрыта арыентуецца на займальнасць, што відавочна нават у працах буйнейшых літ.-знаўцаў (Н.Фрая, К.Леві-Строса, Дэрыды).
Спробы навукова-крытычнага асэнсавання бел. л-ры можна бачыць у помніках стараж. пісьменнасці, у прадмовах і пасляслоўях Ф.Скарыны, у «Песні пра зубра» (1522) Міколы Гусоўскага, у падручніках «Грамматика словенская» (1593) Л.Зізанія, «Грамматика» (1619) М.Сматрыцкага, у творах Сімяона Полацкага, школьных піітыках і рыторыках 18 ст. і інш. Больш змястоўныя гісторыка-літ. ацэнкі твораў бел. пісьменнасці склаліся ў 19 ст. У дадатку да 1-й часткі працы В.Сопікава «Спроба расійскай бібліяграфіі» (1813) грунтоўна разгледжана Біблія Скарыны, у 1816 у Варшаве на польск. мове выдадзена кн. С.Б.Ліндэ «Аб Статуце літоўскім...», дзе аналізаваліся розныя рэдакцыі помніка, характарызавалася мова, якую аўтар называў беларускай. Агляд новай бел. л-ры дадзены ва ўступным арт. Р.Друцкага-Падбярэскага да т. 1 кнігі Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня...» (т. 1—4, Пб., 1844—46). У артыкулах Л.Кавеліна «Помнікі беларускай пісьменнасці» (1845) упершыню прыведзены тэкст бел. ананімнай паэмы «Энеіда навыварат», гаварылася пра І.Манькоўскага, ахарактарызавана жыццё і творчасць Баршчэўскага. У 2-й пал. 19 ст. выйшлі працы па стараж.бел. л-ры, мове, гісторыі асветы, грамадскай думкі: «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» П.Шпілеўскага (1853—56), артыкулы «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» Дабралюбава (1860), «Некалькі слоў пра беларускую народную паэзію і беларускіх паэтаў» (1866, крыптанім Г. Г.), даследаванне А.Г.Кіркора «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў» (1874) з нарысам гісторыі бел. л-ры, «Гісторыя славянскіх літаратур» А.Пыпіна і У.Спасовіча (т. 1—2, 2-е выд., 1879—81), дзе разглядалася бел.нар. паэзія, кніга П.Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына, яго пераклады, друкаваныя выданні і мова» (1888) і А.Семянтоўскага «Беларускія старажытнасці» (вып. 1, 1890), праца М.Доўнар-Запольскага «Дунін-Марцінкевіч і яго паэма «Тарас на Парнасе» (1896) і яго даследаванні па творчасці В.Цяпінскага, звесткі па гісторыі л-ры, этнаграфіі, фальклоры бел. народа, змешчаныя ў календары «Северо-Западный край».
Літ. крытыка выяўляецца ў артыкулах і рэцэнзіях У.Сыракомлі на творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Е.Раманава на зб. З.Радчанкі «Гомельскія народныя песні» і інш. У пач. 20 ст.бел. л-ру даследавалі ўжо як самаст. галіну бел. культуры: працы рус. (А.Пагодзін, С.Руднянскі, С.Русава), польск. (Е.Янкоўскі, В.Вегняровіч), чэш. (А.Чэрны), літоўскіх (Л.Гіра, А.Янулайціс), укр. (А.Русаў, І.Свянціцкі) даследчыкаў. Грунтоўна распрацоўвалася гісторыка-літ. праблематыка ў працах Я.Карскага, які правёў значную работу па збіранні і навук. апісанні помнікаў стараж. пісьменнасці і літ. твораў новага часу, сістэматызаваў новыя і вядомыя творы і зрабіў спробу перыядызаваць гісторыка-літ. працэс. Важную ролю ў актывізацыі вывучэння бел. л-ры адыгралі газ. «Наша ніва» (1906—15), час. «Маладая Беларусь» (1912—13) і «Лучынка» (1914), дзе друкаваліся артыкулы С.Палуяна, М.Багдановіча, Я.Купалы, М.Янчука, А.Бульбы, М.Гарэцкага, Л.Гмырака, У.Самойлы, А.Луцкевіча, В.Ластоўскага і інш., намаганнямі якіх бел. крытыка стала дзейсным фактарам літ. працэсу на ніве нац. адраджэння. У праграмных артыкулах «Наш тэатр» (1913), «Развагі і думкі» (1914) Гарэцкі сфармуляваў найважнейшыя прынцыпы рэаліст. мастацтва, вызначыў найб. плённы кірунак развіцця бел. прозы, паэзіі і драматургіі, даў азначэнне родавай сутнасці крытыкі як формы самаўсведамлення л-ры, метадалогіі Л. Узоры навук. вывучэння шляхоў развіцця бел. л-ры даў Багдановіч («Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да XVI ст.», «За сто гадоў», «Новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры» і інш.). Ён абгрунтаваў ідэю самастойнасці бел.нац. л-ры, сцвердзіў перспектыўнасць вывучэння л-ры ў яе гіст. развіцці, удакладніў перыядызацыю літ. працэсу, прааналізаваў стараж., новую і навейшую л-ру, даў ацэнку творчасці пісьменнікаў 19 і пач. 20 ст. У літ.-знаўчых працах ён прытрымліваўся метадалаг. прынцыпаў культ.-гіст. школы, але ўзбагачаў іх вопытам развіцця бел. прыгожага пісьменства. У першыя паслярэв. гады ў сувязі з ускладненнем грамадска-паліт. абставін бел. Л. не мела магчымасці паспяхова развівацца. Аднак літ. крытыка і публіцыстыка ў перыяд. друку вызначаліся высокай актыўнасцю і былі дзейснымі фактарамі адраджэння нац. культуры і выхавання нац. свядомасці беларусаў (газ. «Гоман», «Вольная Беларусь», «Звезда», «Крыніца», «Беларускі шлях», «Дзянніца», «Беларуская думка», «Беларускае жыццё», «Минский курьер», «Звон», «Беларусь», «Савецкая Беларусь», час. «Рунь», «Вольны сцяг» і інш.). На пачатку 1920-х г. пытанні гісторыі л-ры і грамадскай думкі часам разглядаліся як частка беларусазнаўства. На працягу 1920-х г. ц.-д. і каардынацыйным цэнтрам у галіне бел. Л. быў Інбелкульт. Поспехі ў распрацоўцы пытанняў бел. Л. звязаны з навук. дзейнасцю Гарэцкага, Янчука, І.Замоціна, Я.Барычэўскага, А.Вазнясенскага.
У «Гісторыі беларускае літаратуры» Гарэцкага, «Нарысах беларускай літаратуры» (пад рэд. Янчука, абодва 1920) і «Нарысах па гісторыі беларускай літаратуры. Старадаўні перыяд» (1922) Янчука, працах «Беларуская драматургія» і «М.А.Багдановіч» (абедзве 1927) Замоціна, «Паэмы Янкі Купалы» (1927) і «Ля вытокаў мастацкай прозы Якуба Коласа» (1928—29) Вазнясенскага, кн. «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (1926), літ.-крытычных артыкулах З.Жылуновіча, У.Дубоўкі, А.Бабарэкі, Я.Пушчы, М.Піятуховіча, С.Замбржыцкага і інш. сістэматызаваны багаты фактычны матэрыял і на яго аснове зроблена спроба навук. перыядызацыі літ. працэсу, выяўлены пэўныя заканамернасці развіцця бел. л-ры.
У «Гісторыі...» Гарэцкага разгледжана развіццё л-ры ад старажытнасці да пач. 1920-х г., ахарактарызаваны літ. помнікі, творы новай і найноўшай л-ры, раскрыта ідэйная барацьба, станаўленне літ. плыняў і кірункаў, вызначана месца вядучых пісьменнікаў у літ. працэсе. У працах Янчука выяўлена сувязь л-ры з гісторыяй народа, з нац.-вызв. рухам, недаацэньваўся ідэйны пафас грамадз. лірыкі Цёткі, Я.Купалы, Я.Коласа. Грунтоўную і аб’ектыўную ацэнку спадчыны Багдановіча, драматургіі Я.Купалы і Ц.Гартнага, ліра-эпічных твораў Я.Коласа даў Замоцін. Прыкметнай з’явай у вывучэнні гісторыі бел. л-ры былі яго спробы стварыць самаст. кірунак даследавання (тэорыя чатырох сінтэзаў — генетычнага, фармальна-мастацкага, сацыялагічнага, ідэалагічнага). Ён выступаў супраць фрэйдысцкіх, інтуітывісцкіх канцэпцый, фармаліст. трактовак мастацтва і суб’ектыўна-ідэаліст. прынцыпаў яго вывучэння. У «Нарысах гісторыі беларускай літаратуры» Піятуховіча (1928) творчасць пісьменнікаў і літ.ідэалаг. плыні 19 — пач. 20 ст. разглядаліся з сацыялагізатарскіх пазіцый. У аснову перыядызацыі л-ры ён паклаў этапы эканам. развіцця. Спрошчана разумеючы ўзаемасувязь грамадз. гісторыі і л-ры, ён выводзіў узровень слоўнага мастацтва непасрэдна з узроўню эканомікі, таму не здолеў аб’ектыўна ацаніць творчасць Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, Багдановіча, Цёткі. Аб’ектам вывучэння Вазнясенскага былі творы Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, чыя спадчына тады цалкам закрэслівалася вульгарызатарамі раппаўскай арыентацыі. Актыўна выкарыстоўваючы прынцыпы даследавання, уласцівыя фармальнай школе, ён паставіў складаныя тэарэтыка-метадалаг. праблемы — нац. спецыфікі л-ры, літ. уплываў і запазычанняў, метаду даследавання л-ры і крытыкаваў метадалаг. хібы культ.-гіст. школ за недаацэнку эстэт. прыроды мастацтва. Пры ўсіх заганах, якія меліся ў працах прыхільнікаў марфалагічнага метаду (недастатковая ўвага да праблемы сувязі л-ры з рэчаіснасцю, абсалютызацыя кампазіцыі твора), вывучэнне элементаў структуры, аналіз маст. формы заставаліся важнымі для бел. Л. і крытыкі.
Этапнымі ў распрацоўцы пытанняў тэорыі л-ры і метадалогіі Л. былі даследаванні «Пуціны беларускай літаратуры» Замоціна (1924), «Паэтыка літаратурных жанраў» і «Тэорыя санета» Барычэўскага (абодва 1927), «Паэтыка М.Багдановіча» Вазнясенскага (1926). Як і Багдановіч, Барычэўскі арганічна спалучыў у аналізе гісторыю і тэорыю жанравых форм лірыкі, эпасу, драмы, дыдактычнай паэзіі. Гэтым ён замацоўваў плённую традыцыю адзінства гіст. і тэарэт. падыходу да мастацтва, прапаноўваў вывучаць гісторыю л-ры ў аспекце станаўлення яе жанрава-стылявых форм. Актуальныя пытанні тэарэтыка-метадалаг. характару даследаваў Гарэцкі. Напісанае ім «Назваслоўе», змешчанае ў яго «Гісторыі беларускае літаратуры» (выд. 1924), — першая ў бел. Л. спроба сістэматызацыі літ. тэрмінаў і паняццяў. Зборнікамі «Якуб Колас у літаратурнай крытыцы» і «Творчасць К.М.Міцкевіча (Якуба Коласа)» (1926), «Янка Купала ў літаратурнай крытыцы» і «Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы» (1928) закладзены асновы мэтанакіраванага вывучэння творчасці старэйшых бел. майстроў слова. У канцы 1920-х г. пачалася сур’ёзная тэксталаг. праца (навук.-каменціраваны Зб. твораў у 2 т. Багдановіча, Зб. твораў Я.Коласа, зб. вершаў А.Гаруна «Матчын дар». Найб. значныя дасягненні бел.літ. крытыкі 1920 — пач. 1930-х г. звязаны з дзейнасцю літ. арг-цый «Маладняк», «Узвышша», «Полымя» і перыяд. выданняў, якія абгрунтоўвалі і праводзілі ў жыццё іх ідэйна-эстэт. праграму (час. «Маладняк», «Узвышша», «Полымя»). Вял. ролю ў фарміраванні бел.літ.-крытычнай думкі адыгралі газ. «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска». «Палымянская» крытыка [Жылуновіч, Я.Нёманскі, М.Грамыка, У.Чаржынскі, Я.Марук, П.Жарскі, А.Лясны (А.Мардвілка), С.Баркоўскі і інш.] вял. ўвагу аддавала збіранню і выяўленню маладых бел.літ. сіл, з прынцыповых пазіцый ацэньвала новыя літ. творы, выступала ініцыятарам многіх літ. дыскусій. «Маладнякоўская» крытыка (М.Каспяровіч, М.Аляхновіч, Замбржыцкі і інш.) спрыяла разгортванню масавага літ. руху, аспрэчвала вульгарызатарскія тэзісы аб вызначальнай ролі класавага паходжання пісьменніка, абараняла сял. тэматыку. Крытыка ва «Узвышшы» змагалася за павышэнне ідэйна-эстэт. ўзроўню бел. л-ры і культуру творчасці. У распрацоўцы тэарэт. асноў бел. крытыкі, павышэнні яе прафес. ўзроўню вял. заслуга Бабарэкі, Дубоўкі, К.Чорнага, Я.Пушчы, Ф.Кунцэвіча, К.Крапівы, М.Лужаніна, З.Бядулі, П.Глебкі, В.Шашалевіча, А.Адамовіча і інш. Крытыкі нац.-адраджэнскай арыентацыі абвяргалі нігілістычныя ўстаноўкі пралеткультаўцаў на пабудову «чыстага» пралетарскага мастацтва, даказвалі неабходнасць беражлівага стаўлення да класічнай спадчыны і развіцця лепшых нац. традыцый, змагаліся за праўдзівае асэнсаванне сац. рэчаіснасці і псіхалогіі чалавека. Развіццё бел. крытыкі ў гэты перыяд звязана з дзейнасцю БелАПП. На раннім этапе «белаппаўская» крытыка працягвала прагрэсіўныя тэндэнцыі «маладнякоўскай» навук.-тэарэт. думкі, пазней яна паўтарыла памылкі, уласцівыя РАППу (вульгарна-сацыялагічны падыход да л-ры, ваяўнічы дагматызм, голае адміністраванне, адрыў ад жыцця, адмоўныя адносіны да нерэаліст. форм творчасці і інш.). Найб. яскрава дэструктыўны пафас вульгарызатарскай, пагромнай крытыкі выявіўся ў дзейнасці Л.Бэндэ, А.Кучара, В.Бухаркіна, Д.Мірончыка, У.Гесена, А.Канакоціна, Л.Якаўлева, Я.Сякерскай, С.Будзінскага, Е.Гальперына, С.Васілёнка і інш.
На пачатку 1930-х г. у развіцці бел. Л. адбыўся значны спад, абумоўлены пагаршэннем грамадска-паліт. клімату ў краіне, у т. л. пачаткам рэпрэсій сярод творчай і навук. інтэлігенцыі. У 1932—34 кіраўніцтва Ін-та л-ры і мастацтва АН Беларусі рабіла захады па стварэнні «Гісторыі беларускай літаратуры», быў напісаны шэраг яе раздзелаў (кніга не завершана). Навук.-тэарэт. ўзровень Л. і крытыкі паніжаўся. Навук. школы, якія ўзначальвалі Замоцін, Барычэўскі, Вазнясенскі, былі ліквідаваны, іх друкаваныя выданні забаронены. У нешматлікіх гісторыка-літ. публікацыях вывучэнне л-ры падмянялася грубымі паліт. нагаворамі на пісьменнікаў, фальсіфікацыяй іх творчасці, наўмысным вышукваннем у іх творах ідэалагічных памылак і варожых сав. ладу ідэй.
Пэўнае ажыўленне навук.-крытычнай думкі пачалося ў пач. 1940-х г.: артыкулы Я.Коласа пра Т.Шаўчэнку, К.Чорнага пра Я.Купалу, М.Ларчанкі і Ю.Пшыркова пра «Новую зямлю», «Сымона-музыку» Я.Коласа, пра спадчыну Багдановіча, публікацыі В.Барысенкі з пераглядам ацэнак творчасці Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча. Праведзены літ. дыскусіі аб крытыцы (1939), паэзіі (1940), прозе (пач. 1941). Выдадзены зб. тэкстаў «Беларуская літаратура XIX ст.» (1940), пачалі друкавацца «Нарысы па гісторыі старажытнай літаратуры» М.Дабрыніна. У 1941 падрыхтаваны да выдання падручнік для пед. і настаўніцкіх ін-таў «Беларуская літаратура», у якім узнімаліся праблемы народнасці мастацтва, што мела вял. метадалагічнае значэнне і адкрывала перспектыву стварыць гісторыю л-ры, заснаваную на аб’ектыўным вывучэнні ўнутр. заканамернасцей яе развіцця. Значную ўвагу пытанням гісторыі л-ры, літ. крытыкі, збіранню і вывучэнню культ. спадчыны, арганізацыі н.-д. работы аддавалі самі пісьменнікі, у першую чаргу Я.Купала і Я.Колас. У пасляваен. час рабіліся спробы перагледзець вульгарна-дагматычныя канцэпцыі, пачалася шырокая прапаганда дасягненняў класічнай спадчыны, створаны праграмы і вучэбныя дапаможнікі па л-ры для сярэдняй школы і ВНУ, крытыка-біягр. нарысы, прысвечаныя творчасці вядучых пісьменнікаў мінулага і сучаснасці. Выйшлі абагульняльныя працы «Нарыс гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1954, на рус. мове) і «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956).
«Нарыс...» упершыню знаёміў усесаюзнага чытача з дасягненнямі бел.сав. л-ры, творчасцю яе вядучых пісьменнікаў. Аднак у кнізе павярхоўна вырашаліся пытанні. звязаныя з разуменнем заканамернасцей літ. працэсу, недаацэньвалася эстэт. прырода мастацтва, спецыфіка л-ры як формы вобразнага адлюстравання рэчаіснасці. Гэтыя недахопы часткова пераадолены ў «Нарысах...», дзе разглядалася таксама стараж.л-ра і л-ра 19 — пач. 20 ст. У выніку больш поўным і шырокім стаў агульны малюнак развіцця бел. л-ры. Перагледжаны некаторыя раней спрошчаныя фармулёўкі і вывады. Пачалі выкарыстоўвацца паняцці нар. вытокаў маст. творчасці, народнасці, якія ігнараваліся вульгарызатарамі. Пры даследаванні дакастр. л-ры на першы план вылучыліся такія складаныя праблемы, як фарміраванне ідэйна-маст. кірункаў, развіццё творчага метаду (працы С.Майхровіча, Барысенкі, Ларчанкі, У.Агіевіча і інш.).
У першыя пасляваен. гады бескампраміснасцю ацэнак, нецярпімасцю да недахопаў, падтрымкай перспектыўных тэндэнцый у развіцці л-ры літ. крытыка дзейсна ўплывала на літ. працэс. Якасна новага ўзроўню бел.навук.-тэарэт. і крытычная думка дасягнула ў канцы 1950-х—1960-я г. Актыўна вывучаліся спецыфіка л-ры і заканамернасці літ. працэсу на кожным гіст. этапе, даследаваліся працэс фарміравання ідэйна-маст. кірункаў, стыляў, нац. своеасаблівасці л-ры. Павысіўся навук.-тэарэт. ўзровень гісторыка-літ. і крытычных прац (кнігі А.Адамовіча, В.Івашына, У.Калесніка, Я.Казекі, А.Лойкі, Н.Перкіна, Ю.Пшыркова, Майхровіча, М.Грынчыка, Дз.Бугаёва і інш.). Дасягненні навук.-тэарэт. думкі гэтага перыяду падагульнены ў калект. працах «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66) і «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), у якіх выкарыстаны вопыт даследаванняў у галіне гісторыі сав.шматнац. л-ры. У іх упершыню ў бел. Л. даволі поўна раскрыты гісторыка-літ. працэс, у гал. праявах прааналізавана творчасць вядучых пісьменнікаў, аб’ектыўна ацэнены многія з’явы літ. жыцця. Шырока паказаны літ. рух, ідэйная барацьба, літ. ўзаемасувязі, грамадская і культ.-асв. дзейнасць літ.-маст. арг-цый 1920 — пач. 1930-х г. Зроблена паспяховая спроба спалучыць сац. і эстэт. аналіз, выявіць спецыфіку вобразнага адлюстравання рэчаіснасці. Але ў выданні адсутнічаў раздзел пра асобных мастакоў слова (А.Гарун, дакастр. творчасць М.Гарэцкага), недастаткова быў асветлены творчы шлях рэабілітаваных пісьменнікаў (Я.Нёманскі, С.Баранавых, В.Каваль, Л.Калюга, М.Грамыка, У.Хадыка, Я.Скрыган, Б.Мікуліч, Я.Пушча, Ю.Таўбін, З.Астапенка і інш.). Літ. крытыка гэтага часу вызначалася прынцыповасцю, выразнасцю крытэрыяў сац. і маральнай ацэнкі, паслядоўнасцю ў барацьбе за высокі ідэйна-эстэт. ўзровень л-ры (кнігі і артыкулы Адамовіча, Бугаёва, Р.Бярозкіна, Пшыркова, У.Юрэвіча, Перкіна, Івашына, В.Каваленкі, Казекі, Калесніка, Ф.Куляшова, Р.Шкрабы, М.Барсток, Лойкі, І.Навуменкі, А.Клышкі, А.Яскевіча, М.Лазарука, М.Яроша, С.Гусака, М.Грынчыка, В.Жураўлёва, П.Дзюбайлы, Ю.Канэ, М.Стральцова, М.Арочкі, С.Александровіча, В.Палтаран і інш.). З артыкуламі па пытаннях л-ры выступалі і пісьменнікі П.Броўка, І.Мележ, М.Лынькоў, В.Быкаў, К.Крапіва, П.Панчанка, І.Шамякін, В.Вітка, А.Вярцінскі, Н.Гілевіч, С.Грахоўскі, М.Лужанін, Я.Скрыган і інш. У 1970—80-я г. пашырылася кола праблем, што даследаваліся ў новых аспектах: бел.л-ра пачала разглядацца ў параўнальным і тыпалагічным планах (Івашын, Ларчанка, Лойка, Александровіч, А.Мальдзіс, П.Ахрыменка, Перкін, Э.Мартынава, У.Казбярук, В.Гапава і інш.), уведзены паняцці ўсесаюзнага, славянскага, еўрапейскага літ. кантэкстаў (Адамовіч і інш.), узняты пытанні літ. уплываў ва ўмовах паскоранага развіцця л-ры 19—20 ст. (Каваленка). Актывізавалася вывучэнне стараж. л-ры і л-ры 18—19 ст. (А.Коршунаў, В.Чамярыцкі, Мальдзіс), даследаваліся сувязі л-ры з інш. формамі грамадскай свядомасці, гісторыя станаўлення пэўных родаў і відаў л-ры — рамана, аповесці, апавядання (Адамовіч, Н.Пашкевіч, Каваленка, Дзюбайла, Юрэвіч, Бугаёў, С.Андраюк, Жураўлёў, Яскевіч, А.Лысенка, М.Тычына, Э.Гурэвіч, А.Матрунёнак), гісторыя лірычных і ліра-эпічных форм (В.Бечык, Лойка, Навуменка, Лазарук, Барсток, Грынчык, Ярош, Арочка, У.Гніламёдаў, І.Шпакоўскі, А.Кабаковіч, Клышка, Л.Гарэлік), гісторыя драматургіі (А.Сабалеўскі, А.Семяновіч, С.Лаўшук, Я.Усікаў). Актыўна вывучаліся тэарэт. праблемы: шляхі станаўлення ў бел. л-ры метаду сацыяліст. рэалізму (Івашын), развіццё бел. вершаскладання (Грынчык, І.Ралько), бел.літ.-грамадскі рух (Р.Семашкевіч), гісторыя бел. друку і кнігадрукавання (Александровіч), праблемы перакладу з блізкіх і роднасных моў (Мартынава, В.Рагойша, П.Садоўскі, Яскевіч), роля фальклору ў развіцці л-ры (Каваленка, У.Конан, Яскевіч, І.Чыгрын). Больш актыўна і плённа даследуюцца спецыфіка маст. формы, пытанні псіхалогіі творчасці, структуры твора (Жураўлёў, Клышка, Тычына, Матрунёнак). Зроблены першыя крокі ў вывучэнні гісторыі крытыкі і Л. (Конан, М.Мушынскі). Актывізавалася вывучэнне рус. л-ры (Куляшоў, П.Ткачоў, І.Кахно, С.Лысенка, А.Станюта, У.Няфёдаў, С.Букчын), л-ры замежных краін (Б.Міцкевіч, Гапава). З’явіліся кнігі, пабудаваныя на гісторыка-дакумент. архіўных матэрыялах (Александровіч, Г.Кісялёў, Мальдзіс, Я.Саламевіч), выданні тыпу «Хроніка літаратурнага жыцця», «Летапіс жыцця і творчасці», кнігі пісьменніцкіх біяграфій, мемуарнага жанру, зборнікі гіст.-літ. матэрыялаў («Пачынальнікі» і інш.). У серыі «Жыццё выдатных людзей» выйшла кн. Лойкі «Янка Купала» (1982). Развіваюцца купалазнаўства і коласазнаўства, багдановічазнаўства, тэксталогія. Выдадзены больш поўныя і дасканалыя ў тэксталагічных адносінах навук.-каменціраваныя Зб. твораў Я.Купалы (т. 1—6, 1961—63; т. 1—7, 1972—76), Я.Коласа (т. 1—12, 1961—64; т. 1—14, 1972—78), К.Чорнага (т. 1—8, 1972—75), Броўкі (т. 1—7, 1975—78; т. 1—9, 1987—92), Мележа (т. 1—10, 1979—85), Лынькова (т. 1—8, 1981—85), Гарэцкага (т. 1—4, 1984—86), П.Пестрака (т. 1—5, 1984—86), З.Бядулі (т. 1—5, 1985—89), Выбр. творы Цёткі (1967), Гарэцкага (т. 1—2, 1973), Ядвігіна Ш. (1976), Творы Багушэвіча (1967), Я.Дылы (1981), У.Галубка (1983), Дуніна-Марцінкевіча (1984) і інш. Робяцца спробы тэарэт. абагульнення вопыту практ. дзейнасці тэкстолагаў (зб. «Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры», 1980). Выйшла шмат навук. прац абагульняльнага характару, у т. л. для ВНУ («Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд» Лойкі, ч. 1—2, 1977—80, калект. вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў). Грунтоўнай працай, адрасаванай усесаюзнаму чытачу, стала выданне на рус. мове «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1977). Даследаванні ўзбагаціліся шэрагам прынцыповых удакладненняў, якія датычаць эпохі Адраджэння і Асветніцтва, нераўнамернасці развіцця л-ры паводле родавых і жанравых адзнак. У «Гісторыю...» упершыню ўведзены раздзелы пра Л. і крытыку, пра іх ролю і значэнне ў развіцці прыгожага пісьменства.
Побач з поспехамі ў бел.навук. і крытычнай думцы 1980-х г. праяўлялася і тэндэнцыя нарастання негатыўных з’яў. Усё мацней усталёўваліся дагматызм поглядаў, схаластыка, ігнараванне жыццёвых супярэчнасцей, падмена іх надуманымі канфліктамі, няўвага да рэальных патрэб чалавека. Ішоў працэс паслаблення гуманістычнага пафасу л-ры, страты ранейшых ідэйна-эстэтычных заваёў. Бел. Л. і крытыка 1990-х г. развіваецца пад сцягам перагляду ўстарэлых, кансерватыўна-дагматычных уяўленняў і выпрацоўкі новай, цэласнай канцэпцыі нац. культуры. Створаны новыя праграмы, падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, напісаны шэраг грунтоўных, наватарскіх гісторыка-літ. прац (даследаванні Яскевіча, Мушынскага, Жураўлёва, Тычыны, М.Мішчанчука, П.Васючэнкі, М.Мікуліча, Гніламёдава, Л.Корань, І.Штэйнера, Г.Тварановіч, Л.Гараніна, А.Мельнікава, А.Вераб’я, У.Мархеля, І.Саверчанкі, І.Чароты, А.Бельскага, А.Марціновіча). У іх закранута шырокае кола праблем, у т. л. прынцыпы пабудовы новай «Гісторыі літаратуры», нац. спецыфіка, узаемасувязь л-ры і фальклору, жанрава-стылявыя пошукі, формы праяўлення ў л-ры нац. ідэі і інш. У калектыўных «Нарысах па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (кн. 1—4, 1993—95) на багатым фактычным матэрыяле раскрыты працэс узаемнага ўзбагачэння лепшымі здабыткамі л-р двух народаў ад старажытнасці да нашых дзён. На новы ўзровень выйшлі даследчыкі рус. л-ры (Ц.Ліякумовіч, Г.Няфагіна, Дз.Фёдараў, А.Звознікаў, І.Скарапанава, Т.Аўтуховіч, А.Андрэеў, С.Кузьміна, Н.Папова і інш.), л-р замежных краін (І.Шаблоўская, С.Малюковіч, С.Мусіенка, Т.Камароўская, Чарота, Е.Лявонава, Г.Адамовіч і інш.). Ін-т л-ры Нац.АН Беларусі працягвае ажыццяўляць доўгатэрміновую праграму навук. выдання класічнай спадчыны: Зб. твораў Я.Пушчы (т. 1—2, 1993—94), першы Поўны збор твораў Багдановіча (т. 1—3, 1991—95), 9-томны Поўны збор твораў Я.Купалы (т. 1—5, 1995—98) Разам з Нац.навук.-асв. цэнтрам імя Скарыны ін-т падрыхтаваў і выдаў біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95). Гэтыя выданні, новыя манаграфічныя працы скіраваны на вырашэнне гал. задачы бел. Л. — асэнсаваць шматвяковае развіццё нац. прыгожага пісьменства ва ўсім яго змястоўным, жанрава-стылявым багацці, у разнастайных сувязях з інш. формамі духоўнай дзейнасці чалавека і л-рамі інш. народаў свету.
Літ.:
Академические школы в русском литературоведении. М., 1975;
Контекст: Лит.-теоретич. исслед. М., 1974—86;
Козлов А.С. Мифологическое направление в литературоведении США М., 1984;
Яго ж. Литературоведение Англии и США XX в. Симферополь, 1994;
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.Мн., 1975;
Яго ж. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 40-я — першая палавіна 60-х гг.Мн., 1985;
Яго ж. І нічога, апроч праўды: Якой быць «Гісторыі беларускай літаратуры». Мн., 1990;
Каваленка В.А. Праблемы сучаснай беларускай крытыкі. Мн., 1977;
Ватацы Н. Беларускае літаратуразнаўства і крытыка (1945—1963): Бібліягр. асобных выданняў. Мн., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Рэлігія і царква
Гісторыя рэлігіі і рэлігійных устаноў на Беларусі. Канфесіянальная гісторыя і структура Беларусі абумоўлена яе геапалітычным становішчам на стыку зах. і ўсх. цывілізацый, існаваннем і пачарговым дамінаваннем усх. ці зах. хрысціянскіх традыцый. Для бел. грамадства характэрна поліканфесіянальнасць. Тут пашыраны розныя хрысціянскія канфесіі: праваслаўная, рымска-каталіцкая, грэка-каталіцкая, пратэстантызм; а таксама рэліг. аб’яднанні іудзеяў, мусульман, стараабраднікаў і інш.
Стараж. рэлігіяй беларусаў, якая ахоплівала ўсю сферу духоўнай і матэрыяльнай культуры, было язычніцтва. Яно існавала не адасоблена ад вераванняў суседніх слав. народаў, у ім старыя вераванні пастаянна дапаўняліся новымі. Звесткі аб поўным пантэоне стараж.-слав. багоў вельмі абмежаваныя. Вядомы вышэйшыя праслав. божаствы: Сварог (бог неба), Пярун (бог грому і маланкі), Вялес (бог жывёлагадоўлі), Дажбог (бог сонца і агню, земляробства), Хорс (бог сонца), Ярыла (бог плоднасці, прыбытку); больш ніжэйшыя божаствы (Род, Чур), божаствы, звязаныя з гасп. цыкламі і сезоннымі абрадамі (Зюзя, Цаца, Ляля, Цёця, Жыжаль, Жыцень), жаночыя божаствы (Макош і інш.). Існавалі божаствы, якія мелі абстрагаваныя функцыі: Доля, Ліха, Праўда, Крыўда, Трасца, Смерць і інш.; а таксама персанажы, якія знайшлі ўвасабленне ў казках і фальклоры (баба Яга, Кашчэй, Цмок, Цуда-Юда, лясны цар, вадзяны цар), розныя міфалагічныя істоты — персанажы нячыстай сілы, духаў, жывёл, звязаныя з міфалагічнай прасторай ад дома да лесу, балота, поля і г.д. (дамавікі, злыдні, лесуны, вадзянікі, палевікі, русалкі, ліхаманкі, мары і інш.).
Пасля прыходу на ўсходнеслав. землі хрысціянства ў 10 ст. шэраг язычніцкіх свят і абрадаў нар. календара зліліся з пэўнымі хрысц. святамі (суадноснымі па часе), атрымалі новыя назвы, да іх зместу дадалі хрысц. дагматыку. Так, стараж.-бел. калядны цыкл быў зліты з Раством Хрыста; веснавыя язычніцкія святы ўвайшлі ў склад Вялікадня; летнія — у склад Тройцы, нараджэння Іаана Хрысціцеля, Пятрова і Ільіна дня; восеньскія, у т. л. Дзяды, зліліся са Спасам, Пакровам Багародзіцы. Культы язычніцкіх слав. багоў былі выцеснены святамі ў гонар розных хрысціянскіх святых. Вышэйшыя персанажы слав. міфалогіі сталі разглядацца як адмоўныя ці атаясамлівацца з хрысц. святымі (Пярун са святым Ільёй, Вялес са святым Уласам, Ярыла са святым Юрыем і г.д.). Ніжэйшыя ўзроўні язычніцкай міфалогіі, як больш устойлівыя, стварылі складаныя спалучэнні з хрысціянствам. У нар. вераваннях і магічна-абрадавай практыцы захаваліся дэманалогія (вера ў лесуна, дамавіка, шматлікіх злых духаў — нячысцікаў); культ продкаў (дзядоў). Рэшткі язычніцтва дайшлі да нашага часу ва ўяўленнях, вераваннях, абрадах, звычаях, вуснай нар. творчасці беларусаў. Многія язычніцкія элементы трывала ўвайшлі ў хрысціянства, ствараючы вельмі складаныя спалучэнні. Стараж. традыцыі знайшлі ўвасабленне ў духоўных вершах (кантычкі, песні з «Богагласніка»), якія выконваліся на Беларусі старцамі-жабракамі і па форме і музычным выкананні працягвалі агульнаслав. традыцыю выканання эпічных песень на славянскія міфалагічныя сюжэты. Стараж. ўсходнеслав. абрады ўвайшлі ў праваслаўныя і уніяцкія святочныя і агульныя чынапаследаванні, якія ўжываліся бел. святарамі ў 16—18 ст. (напр., «чин врачевания болезнующих», малітвы «аб трасавіцах»). Даты нар. календара сталі залежнымі ад хрысціянскага, але ў значнай ступені захавалі язычніцкае паходжанне. Змест гэтых трансфармаваных хрысц. свят у нар. свядомасці заставаўся пераважна ранейшым — язычніцкім, бо іх дастасаванне да хрысціянскіх адбывалася па форме, а не па сутнасці і структуры. Народ па-свойму асэнсоўваў значную частку царк. свят, што адбілася на існаванні і захаванні язычніцкіх абрадавых элементаў і нават назваў свят у хрысц. календары, аж да нашага часу. Так, у большасці рэгіёнаў Беларусі ў праваслаўнага насельніцтва дванадзесятыя і вял. святы маюць наступныя назвы: Стрэчанне — Грамніцы, Пяцідзесятніца — Клечанне, Фаміны тыдзень — Провады, Прапалавінне Пяцідзесятніцы — Сёмушная серада, Узнясенне Гасподняе — Ушэсце, Усекнавенне галавы Іаана Прадцечы — Галавасек, Раство Багародзіцы — Прачыстая ці Малая Прачыстая, Вялікі Чацвер — Жальнік, пярэдадзень Раства — Каляды ці Куцця, пярэдадзень Богаяўлення — Водная Каляда, а пярэдадзень Новага года — Шчадруха, Пераўтварэнне — Спас, Успенне — Зельная, ці Вялікая Прачыстая, ці Спажа і г.д. Ва ўсіх вялікіх святах хрысц. календара захавалася сувязь з сезонамі года (як, напр., упрыгожанне інтэр’ераў храмаў у час суадносных свят зелянінай: галінкамі дрэў і лісцем — на Тройцу; асвячэнне першых квітнеючых дрэў (вярбы) — на Вербную Нядзелю; асвячэнне садавіны, гародніны, мёду і збожжа — на тры Спасы; асвячэнне і ўдзячнасць Богу за сабраны ураджай на каталіцкія і праваслаўныя восеньскія святы, пратэстанцкія Дні Жніва і інш.). Абавязковае памінанне памерлых, што паходзіць ад усходнеславянскага культу продкаў, прымеркавана да большасці вялікіх свят хрысц. календара, такіх, як Вялікдзень (Радаўніца), Тройца (Траецкая-Сёмушная бацькоўская субота), восеньскіх свят (Дзяды, Асяніны, ці Змітраўская бацькоўская субота, і каталіцкі Дзень Задушны). Большасць язычніцкіх па паходжанні абрадаў маюць на мэце забеспячэнне дабрабыту сям’і і добрага ўраджаю, прыплоду жывёлы і пазбаўленне ад хвароб, сурокаў, нячыстай сілы і варажбы. Тая ж іх сутнасць захавалася і ў хрысц. па форме і язычніцкіх па сутнасці абрадах.
Працэс хрысціянізацыі ўсх. славян быў даволі складаны і доўгі. У выніку адаптацыі хрысціянства да славянска-язычніцкіх духоўных традыцый і культурных каштоўнасцей склаўся рэліг. сінкрэтызм (зліццё царк. і нар. язычніцкай традыцыі), які захоўваецца на працягу многіх стагоддзяў ва ўсх.-слав. народаў, у т. л. ў беларусаў. Увядзенне хрысціянства ва ўсходнеслав. землях палажыла канец афіц. існаванню язычніцтва. Хрысц. місіянерская праграма прадугледжвала барацьбу з язычніцтвам — знішчэнне язычніцкіх капішчаў і ідалаў і будаўніцтва на іх месцы хрысц. храмаў.
Гісторыя праваслаўнай царквы на бел. землях пачалася з запазычання царк. традыцыі Усх. (Візантыйскай) царквы, разам з догматамі, клірам, святамі і абрадамі. Ужо ў канцы 10—11 ст. на бел. землях стварыліся епіскапскія кафедры, сфарміраваліся пэўныя элементы богаслужэння, якія ў агульных рысах дайшлі да нашых часоў (пераняты ад Візантыі каляндар асноўных і дванадзесятых свят з іх канонам, літургіяй, царк. паданнем і спевамі на царк.-славянскай і грэчаскай мовах).
Калыскай хрысціянства на Беларусі лічыцца стараж. Полацк. Полацкая епархія ўзнікла ў 992 і знаходзілася ў юрысдыкцыі Кіеўскіх мітрапалітаў. Першы вядомы полацкі епіскап Міна (згадваецца ў летапісах пад 1105) доўгі час быў манахам Кіева-Пячэрскага манастыра. У 10—11 ст. у Полацку пабудаваны храмы. У ліку найб. старажытных храмаў на бел. землях лічыцца царква Багародзіцы, пабудаваная ў 1001 у Друцку (горад Полацкага княства). У Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1007 згадваецца царква Багародзіцы ў Полацку. У сярэдзіне 11 ст. пры Усяславе Брачыславічу ў Полацку пабудаваны Сафійскі сабор, які на працягу некалькіх стагоддзяў заставаўся кафедральным храмам полацкіх епіскапаў і духоўным сімвалам горада. На бел. землях аформілася манастырская арг-цыя. Паводле сведчання летапісных крыніц, першы манастыр заснаваны ў час праўлення кіеўскага вял. князя Уладзіміра яго жонкай полацкай княжной Рагнедай (у манастве Анастасія) у стараж. Ізяслаўлі (сучасны г. Заслаўе). Самы стараж. з манастыроў Міншчыны — Спаса-Вазнясенскі заснаваны ў канцы 10 — пач. 11 ст. У Полацкім княстве перыядам росквіту манаскага жыцця лічыцца 12 ст., якое звязана з дзейнасцю Ефрасінні Полацкай. У 11—13 ст. фарміраваліся новыя айч. святы, звязаныя з ушанаваннем гіст. асоб (напр., прападобнай Ефрасінні Полацкай і епіскапа Кірылы Тураўскага), складаліся замест грэчаскіх свае царк. песнапенні, каноны і стыхіры, з суайчыннікаў фарміраваўся і праваслаўны клір, які ў паўсядзённым жыцці і ў час богаслужэння карыстаўся зразумелай для народа мовай. Разам з хрысціянствам на бел. землях пачала распаўсюджвацца богаслужэбная літаратура. Хрысціянізацыя паводле праваслаўнага абраду мела тую перавагу, што ўсх. царква не звязвала богаслужэнне моўным канонам. Візантыйская царква дапускала выкананне ў богаслужэнні любой некананічнай мовы. Богаслужэбная літаратура, якая прыйшла з Візантыі, перакладалася на слав. мову. Яна была даволі разнастайнай і складалася з царк. песнапенняў (канонаў, стыхіраў, кандакоў, ікасаў патрыярха Сафронія, Іаана Дамаскіна, Грыгорыя Назіянзіна), твораў Афанасія Александрыйскага, Васіля Вялікага, Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына, «Златаструя», складзенага ў Балгарыі пры цару Сімяоне ў 10 ст.; розных мінеяў, пралогаў, палеяў, апокрыфаў і інш. Неабходныя для богаслужэння кнігі (Евангелле, Апостал, Служэбнік, Часаслоў, Псалтыр, Актоіх), перакладзеныя на царкоўнаславянскую мову яшчэ Кірылам і Мяфодзіем, перайшлі ад паўд. славян.
Праваслаўе было дамінуючай рэлігіяй у Вялікім княстве Літоўскім (ВКЛ) на працягу 13—16 ст. Першапачаткова праваслаўная царква ў ВКЛ падпарадкоўвалася Кіеўскай, потым Маскоўскай мітраполіі. У 1415 пры вялікім князю Вітаўце створана самастойная Літоўская (Кіеўская) мітраполія на чале з мітрапалітам Грыгорыем Цамблакам. Да 1686 яна падпарадкоўвалася канстанцінопальскаму патрыярху. У яе ўваходзілі 8 епархій ВКЛ. У 16—17 ст.бел. праваслаўная царква імкнулася да незалежнасці ад Маскоўскай мітраполіі. Сфарміраваліся некаторыя спецыфічныя рысы бел. праваслаўных свят і святочныя дні, прысвечаныя новым славянскім святым, існавалі братчыны, ушаноўваліся пятніцы. У гэты перыяд складзены вельмі пашыраныя пазней на Беларусі песні да свят Гасподніх і Багародзічных, якія сабраны ў зб-кі «Багагласнік» і «Песні благагавейныя». Яны выконваліся ў час царк. службаў (пры хрэсных шэсцях, літургіі) і маглі нават замяняць сабой богаслужэнні (напр., песні на Раство Хрыстова). Значнае месца займалі выданні кніг Свяшчэннага Пісання і катэхізацыйных тэкстаў на старабел. мове. Гэта найперш выданні Францыска Скарыны: «Апостал» (Вільня, 1525), «Малая падарожная кніжка» (Вільня, каля 1525), «Біблія» (Прага, 1517—19). Сярод інш. беларускамоўных выданняў «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568); пераклад Евангелля (1556—61), выкананы па даручэнні княгіні Анастасіі Гальшанскай; «Катэхізіс», падрыхтаваны Лаўрэнціем Зізаніем (Масква, 1627); «Праваслаўнае спавяданне веры» Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы (Кіеў, 1640); «Псалтыр рыфматворная», выдадзеная Сімяонам Полацкім (Масква, 1680); «Катэхізіс» Феафана Пракаповіча, перакладзены ў 1757 свяціцелем Георгіем (Каніскім); «Катэхізіс», падрыхтаваны святаром Міхалам Баброўскім; шматлікія багаслоўскія працы накшталт «Веры праваслаўнай» (Вільня), «Кантычка» (Полацк) і інш. Аформіўся культ цудатворных абразоў Божай Маці (Жыровіцкі, Бялыніцкі, Віленскі, Пачаеўскі і інш.), якія напачатку ўшаноўваліся праваслаўнымі вернікамі, потым таксама уніятамі і католікамі. Да гэтых святынь адбываліся паломніцтвы, з імі праводзіліся ўрачыстыя шэсці, яны пакінулі значны след у бел. праваслаўным календары.
У 13—14 ст. на тэр. Беларусі пачала пашырацца і рымска-каталіцкая царква. Паводле сведчанняў летапісцаў, пачатак фарміравання бел. каталіцкай традыцыі — час княжання ў ВКЛ Міндоўга (сярэдзіна 13 ст.). Трывала рымска-каталіцкая царква замацавалася ў ВКЛ пры вял.кн. Ягайле, калі ён сам прыняў каталіцтва і заснаваў Віленскае біскупства. Да 1500 на Беларусі (паводле падлікаў гісторыкаў) існавала 90 каталіцкіх парафій. Каталіцтва атрымала большае пашырэнне сярод літоўцаў, палякаў, латышоў, яцвягаў і прусаў, якія ў сярэдневякоўі аселі ў паўн.-зах. раёнах Беларусі; меншае — сярод беларусаў, дзе каталіцтва распаўсюджвалася ў гэты перыяд (за выключэннем вышэйшага саслоўя) шляхам змешаных шлюбаў. У 1-й пал. 16 ст. пабудавана шмат касцёлаў, у 1550 дзейнічалі 152 парафіі. Адначасова складваўся культ каталіцкіх бел. святых, шануемых абразоў, падзей нац. гісторыі, сваіх свят, асаблівасцей календара. Атрымала распаўсюджанне богаслужэбная літаратура на лацінскай мове, на якой у каталіцкіх храмах таксама праводзілася літургія. У паўсядзённым жыцці каталіцкі клір на тэр.ВКЛ, які складаўся з палякаў, беларусаў і літоўцаў, карыстаўся дзярж. мовай ВКЛ — старабеларускай. Пасля Крэўскай уніі 1385 праваслаўная царква ў ВКЛ была пазбаўлена ранейшых правоў і прывілеяў (вернуты вял. князем Казімірам). У 16 ст. большасць насельніцтва ВКЛ спавядала праваслаўную веру, у т. л. сярод эліты праваслаўнымі лічылася каля 70%. Пасля Люблінскай уніі 1569 пачалося актыўнае і масавае распаўсюджанне каталіцкай царквы на бел. землях. Барацьба паміж зах. і ўсх. хрысціянскімі традыцыямі ў 1-й пал. 17 ст. скончылася перамогай заходняй. Каталіцкая царква здолела вярнуць сабе парафіі і храмы, страчаныя ў выніку рэфармацыйнага руху. Паводле даных Віленскага сінода, у 1669 у 13 дэканатах паўн.-зах. Беларусі і ў зах. частцы Полацкага дэканата існавала 165 парафій. Акаталічванне насельніцтва суправаджалася паланізацыяй, якая ў большай ступені закранула магнацка-шляхецкае саслоўе ВКЛ. У 1696 прынята пастанова, якая канчаткова выцесніла бел. мову са справаводства, замяніўшы яе на польскую. Паланізацыя закранула і каталіцкую богаслужэбную літаратуру, і клір. На тэр.ВКЛ акрамя кананічнай асновы і прыкладнай аднастайнасці абраднасць набыла мясц. рысы, звязаныя са з’яўленнем культу асабістых святых (напрыклад, св. Казіміра, св. Станіслава Косткі, св. Андрэя Баболі і інш.), сваіх парафіяльных свят і іх рэгіянальных асаблівасцей; асабістага культу і гісторыі цудатворных абразоў Божай Маці. У ВКЛ большасць цудатворных абразоў аднолькава шанавалася католікамі, праваслаўнымі і уніятамі.
У 1-й пал. 16 ст. з Зах. Еўропы на бел. землі пашырылася буйное адгалінаванне хрысціянства — пратэстантызм, яго кірункі — кальвінізм, лютэранства, арыянства — атрымалі даволі шырокае распаўсюджанне сярод усіх слаёў насельніцтва. Найб. пашырэнне атрымала рэфармацтва (кальвінізм), прапагандыстам і патронам якога быў першы саноўнік дзяржавы, рэгент каралеўства, князь Мікалай Радзівіл Чорны. Яго намаганнямі ў 1553 у Вільні заснавана 1-я пратэстанцкая абшчына, а ў канцы 1550-х г. такія абшчыны ўзніклі ў Нясвіжы, Брэсце, Клецку, Койданаве, Мордах і інш. Крыніцы сведчаць, што рэфармацкі рух меў вялікі размах. На тэр. Рэчы Паспалітай ён спынены толькі ў 17 ст. ў выніку моцнага процідзеяння каталіцкай царквы, асабліва ордэна езуітаў. Да пач. 17 ст. з 180 рэфармацкіх збораў 6 акруг Беларусі і Літвы засталіся 93 цэрквы, да пач. 18 ст. — 48, а з 32 цэркваў Беларускай акругі — толькі 2, таму бел. дыстрыкцыя была скасавана. Рэфармацыя на Беларусі мела нац. рысы і зрабіла значны ўклад у яе гісторыю і культуру. Сведчанне таму і богаслужэнні на бел. мове, і пратэстанцкія пераклады Свяшчэннага Пісання («Евангелле» Васіля Цяпінскага, «Катэхізіс» Сымона Буднага і інш.).
У 16—17 ст. на Беларусі пачала распаўсюджвацца уніяцкая (грэка-каталіцкая) царква. На Брэсцкім саборы 1596 заключана царкоўная унія, і большая частка праваслаўнага епіскапату ВКЛ была падпарадкавана вярх. ўладзе папскага прастола. У час станаўлення уніі і яе пацвярджэння ў Рыме папам замацаваны за уніятамі ўсе ранейшыя богаслужэбныя кнігі, з усімі таінствамі, службай, абрадамі і цырымоніямі ўсх. царквы ў тым выглядзе, у якім яны былі да уніі, а таксама царкоўнаслав. і бел. мовы набажэнства і казанняў. Пачаліся прыцясненні і праследаванні праваслаўнага насельніцтва, звязаныя з прымусовым распаўсюджаннем уніяцкай царквы на тэр.ВКЛ. Нягледзячы на процістаянне праваслаўных вернікаў, уніяцтва даволі хутка пашырылася ў ВКЛ. У 17—18 ст. унія стала найбольш распаўсюджанай сярод насельніцтва ВКЛ. На 1790 на бел. землях Рэчы Паспалітай католікі складалі 15% ад усяго насельніцтва, уніяты — 70%, праваслаўныя — 6%. На бел. мове выдавалася уніяцкая рэлігійная літаратура, развіваліся бел. іканаграфія, музыка, архітэктура. Пасля Замойскага сабора 1720 пачаўся працэс паланізацыі і пранікнення каталіцкіх элементаў ва уніяцкую абраднасць і богаслужэнне. Адбыліся змены і ва уніяцкім календары: з’явіліся каталіцкія святы, пад уплывам базыльян у богаслужэнне стала ўводзіцца польская мова.
У сувязі з пераходам большасці насельніцтва ва уніяцтва, а большасці магнатаў і шляхты ў каталіцтва ў праваслаўнай царкве таксама адбыліся значныя змены. У 1686 са згоды канстанцінопальскага патрыярха Кіеўская мітраполія падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. Кіеўскія мітрапаліты сталі прызначацца маскоўскімі патрыярхамі (з 1723 Свяцейшым Сінодам). 17—18 ст. адметныя з’яўленнем вялікай колькасці славутых асоб, прадстаўнікоў праваслаўнай царквы ВКЛ — братоў Зізаніяў, архімандрыта Лявонція Карповіча, Мялеція Сматрыцкага, ігумена Афанасія Філіповіча, Сімяона Полацкага і інш., многія з якіх пазней кананізаваны і ўвайшлі ў Сабор бел. святых.
З 14 ст. на Беларусі існавалі і інш. этнаканфесіянальныя групы: яўрэі-іудзеі, татары-мусульмане. Першыя групы яўрэяў эмігрыравалі на бел. землі з Германіі, Польшчы і Украіны. У канцы 18 ст. на землях ВКЛ было больш за 300 тыс. яўрэяў-іудзеяў. У асобных гарадах і мястэчках Беларусі іх колькасць дасягала 40 і нават 80%. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі для яўрэяў была вызначана т. зв. «мяжа аселасці», якая ахоплівала і бел. землі. Да 1897 колькасць яўрэйскага насельніцтва ў бел. губернях павялічылася да 1202 тыс.чал. У асноўным гэта былі прадстаўнікі артадаксальнага іудаізму, частка спавядала хасідызм. У канцы 19 — пач. 20 ст. каля 60% яўрэяў пражывала ў гарадах, што паўплывала на гарадскую культуру на Беларусі.
У канцы 14 ст. на тэр.ВКЛ з’явілася этнаканфесіянальная група татараў-мусульман. Асн. цэнтрамі іх рассялення былі раёны Клецка, Мінска, Слуцка, Койданава, Гродна, Іўя, Давыд-Гарадка, Навагрудка, Ашмян і інш. Колькасць бел. татараў па розных звестках складала ад 30 да 60 тыс. чалавек. Яны спавядалі іслам суніцкага кірунку Абу Ханіфа (ханіфіты).
З сярэдзіны 17 ст. на тэр. Беларусі перасяліліся прадстаўнікі этнаканфесіянальнай групы рус. стараабраднікаў (папоўцы і беспапоўцы), якія знайшлі тут прытулак ад ганенняў пасля царк. рэформы ў Расіі патрыярха Нікана.
Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі канфесіянальная структура стала мяняцца. Напярэдадні 3 падзелаў Рэчы Паспалітай на Беларусі заставалася толькі 1 праваслаўная епархія з епіскапскай кафедрай у Магілёве. У 1793 створана Мінская праваслаўная епархія. Пазней адноўлена дзейнасць старых епіскапскіх кафедраў і створаны новыя. У адпаведнасці з указам 1795 Кацярыны II пачаўся працэс пераходу уніятаў у праваслаўе. Да праваслаўнай царквы быў далучаны 721 прыход з 463 святарамі і прыхаджанамі. Паводле афіц. даных у пач. 19 ст. да праваслаўнай царквы далучылася больш за 2 мільёны былых уніятаў. У 1839 Полацкі царк. сабор абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з праваслаўнай царквой. Уніяцтва фактычна было забаронена. У выніку да праваслаўнай царквы далучана каля 1607 прыходаў і 1600 тыс. вернікаў. Былым уніятам пакінуты толькі абрады і звычаі, якія «не супярэчылі сутнасці праваслаўя». Каб дасягнуць аднастайнасці ў царк. абраднасці бел. і рус. праваслаўных вернікаў, распаўсюджваліся рас. богаслужэбныя выданні, якія павінны былі замяніць старыя, часоў ВКЛ. Пачалося распаўсюджванне святынь, звязаных з імёнамі рас. святых і дзеячаў царквы. У іх гонар будаваліся цэрквы, асвячаліся прастолы, многія рас. абразы пачалі шанавацца як цудатворныя. Адначасова праводзілася афіц. палітыка русіфікацыі, для чаго павінна была прычыніцца і царква. Паводле сведчанняў рас. святароў, якія служылі ў бел. прыходах, праваслаўная абраднасць мела тут яўныя сляды ўплыву каталіцкай і уніяцкай абраднасці, старыя богаслужэбныя кнігі нярэдка былі таксама уніяцкага паходжання, па якіх да 1880-х г. служылі «тысячы праваслаўных святароў Заходняга Краю Расіі». На далучанай да Рас. імперыі ў 1772 тэр. Беларусі ў 1773 створана Беларуская рымска-каталіцкая епархія (з 1782/83 — Магілёўская архіепархія), якой былі падпарадкаваны кляштары і касцёлы. У Расіі апынуліся каля 100 тыс. католікаў лацінскага і 800 тыс. грэка-каталіцкага абрадаў: першыя падлягалі юрысдыкцыі архібіскупа магілёўскага, другія — свайго мітрапаліта кіеўскага. Каталіцкае насельніцтва лацінскага абраду ў тагачаснай канфесіянальнай структуры Беларусі складала 14—15% (ад агульнай колькасці насельніцтва ў 1795 каля 3 млн.). У 2-й пал. 19 ст. ў прылеглых да літоўскай мяжы Браслаўскім, Лідскім, Ашмянскім, Радунскім і Свірскім дэканатах католікі складалі пераважную большасць насельніцтва, іх колькасць ва ўсх. і паўд. напрамку паступова змяншалася да некалькіх працэнтаў. Паводле статыст. звестак у 1781 на Беларусі католікаў было 428,9 тыс.чал. У 1801 для кіравання лацінскай царквой у Рас. імперыі ўтворана Рымска-каталіцкая духоўная калегія. У 19 ст. сярод насельніцтва Беларусі было каля 4/5 праваслаўных вернікаў (з далучанымі уніятамі) і 1/5 католікаў; каталіцтва, як і раней, было найб. распаўсюджана сярод магнатаў і шляхты. На абмежаванне дзейнасці каталіцкай царквы ў Рас. імперыі паўплывала паўстанне 1830—31, у якім актыўны ўдзел прынялі каталіцкае духавенства і манаства. Указам ад 19.7.1832 у зах. губернях скасавана 199 кляштараў, уведзена цэнзура на царкоўныя казанні.
З прычыны пераходу уніятаў у каталіцтва 31.12.1839 выдадзена распараджэнне дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў віцебскаму, смаленскаму і магілёўскаму ген.-губернатару князю Далгарукаму «аб мерах па спыненні пераходу з праваслаўя ў каталіцтва». У 1864 пры Мін-ве ўнутр. спраў Рас. імперыі былі распрацаваны статыстычныя матэрыялы аб канфесіянальнай структуры Беларусі: у 5 губернях (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай) было 2502,1 тыс. праваслаўных, 1333,7 тыс. католікаў, 19 951 пратэстант, 37 121 старавер і 463 217 іудзеяў. Найб. падрабязныя звесткі па веравызнанні былі атрыманы ў выніку ўсеагульнага перапісу насельніцтва Рас. імперыі ў 1897. У 40 паветах з большасцю бел. насельніцтва 66,6% адносілі сябе да праваслаўнага веравызнання (у т. л. 62,3% беларусаў), 18,1 % — да каталіцтва (12,4% беларусаў), 13,5% — да іудаізму, 1,8% — да астатніх рэлігій. Найбольш праваслаўных было сярод жыхароў Магілёўскай губ. (83,1%, у т. л. 80,6% беларусы); католікаў — у Віленскай губ. (58,8%; 32,8% беларусы). У 5 бел. губернях пражывала 5114,7 тыс. праваслаўных, 1947,6 тыс. католікаў, 83 022 стараверы (у Віцебскай губ.), 1209, 8 тыс. іудзеяў, 13 877 мусульман (разам з Валынскай і Ковенскай губ.). Спробы царскіх улад прымусіць ксяндзоў весці набажэнствы на рус. мове не мелі поспеху. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачаўся працэс нац. абуджэння, фарміравання нац. самасвядомасці, з’явіліся пераклады Свяшчэннага Пісання і каталіцкай рэліг. літаратуры на бел. мову (катэхізісы, малітоўнікі, кантычкі і г.д.). У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі з’явіліся новыя пратэстанцкія кірункі: баптызм (з 1880-х г.), евангельскае хрысціянства, ці пашкоўшчына, містычнае вучэнне Кандрація Маляванага, адвентызм сёмага дня (з 1910). Іх пашырэнне на Беларусі было вынікам дзейнасці нямецкіх і англійскіх прапаведнікаў, міграцыі сялян і гараджан. У пач. 20 ст. на тэр. Беларусі налічвалася каля 1 тыс. паслядоўнікаў баптызму і евангельскага хрысціянства (часткова сярод ням. каланістаў, у асн. сярод беларусаў), а таксама некалькі дзесяткаў адвентыстаў (у асн. сярод немцаў, якія перайшлі ў адвентызм з лютэранства). У 1920—30-я г. канфесіянальная гісторыя ўсх. і зах. Беларусі набыла адрозненні, звязаныя з іх рознымі гіст. лёсамі.
Аддзяленне царквы ад дзяржавы і школы ад царквы. Пасля ўстанаўлення сав. улады СНК РСФСР выдаў дэкрэт «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы», у якім былі абвешчаны дэмакратычныя рэліг. свабоды і правы ўсіх рэліг. аб’яднанняў перад законам, а таксама гарантаваны правы кожнага грамадзяніна спавядаць любую рэлігію ці не спавядаць ніякай. Аднак паступова ўмовы для рэліг. дзейнасці на тэр.БССР рэзка пагоршыліся.
8.4.1929 ВЦВК РСФСР выдаў пастанову «Аб рэлігійных аб’яднаннях», якая замацавала абавязковую рэгістрацыю рэліг. т-ваў; дзейнасць рэліг. арг-цый абмежавана задавальненнем рэліг. запатрабаванняў вернікаў у межах малітоўных дамоў; забараняліся місіянерская дзейнасць, рэліг. прапаганда, матэрыяльная падтрымка цэркваў і інш. Адзначаюць 3 хвалі ганенняў на ўсе канфесіі: 1929—30, 1932—34, 1936—38. У гэтыя гады ў сав. Беларусі вялася жорсткая барацьба з рэлігіяй: зачыняліся цэрквы і манастыры (пазней іх перабудавалі ў сховішчы, клубы, школы і інш. ўстановы); падвергнуты ганенням духавенства, манахі, вернікі (незалежна ад веравызнання). Канфесіі страцілі значную частку сваіх малітоўных будынкаў, цэркваў, касцёлаў; храмы былі разрабаваны, знікла шмат культавых рэчаў, сярод якіх былі і свяшчэнныя (у 1921 у вернікаў адабрана сярэбраная рака і крыж прападобнай Ефрасінні — аб’екты пакланення і паломніцтваў). Паводле звестак камісіі па аддзяленні царквы ад дзяржавы на 1.1.1930 на тэр. Беларусі яшчэ дзейнічала 1766 рэліг. аб’яднанняў: 1022 праваслаўныя, 111 рымска-каталіцкіх, 547 іудзейскіх, 86 пратэстанцкіх; у 1930—31 пад культурныя і гасп. ўстановы былі перададзены 573 праваслаўныя цэрквы, 29 касцёлаў, 366 сінагог, 2 капліцы, 52 малітоўныя дамы. Да канца 1936 на тэр.БССР засталося толькі 11% культавых будынкаў. 23.7.1922 абвешчана Бел. праваслаўная мітраполія на чале з епіскапам мінскім Мелхіседэкам (Паеўскім). Аднак яе дзейнасць хутка заняпала (у 1925 мітрапаліт быў выкліканы ў Маскву, зняволены ў турму, а потым высланы ў Краснаярск). Пры сав. уладзе ў праваслаўнай царкве было справакавана ўзнікненне т. зв. абнаўленства, якое павінна было аслабіць царк. арг-цыю — разбурыць яе знутры, знізіць аўтарытэт царквы і яе ўплыў на вернікаў. Да 1923 большасць праваслаўных іерархаў вымушана была прыняць абнаўленскае кіраўніцтва, абнаўленцам перададзена большасць дзеючых цэркваў (да 1924—500 храмаў). У ліст. 1917 адрадзіла дзейнасць Мінская рымска-каталіцкая дыяцэзія. Аднак пасля ад’езду з Расіі біскупа Дэрбіньі, які ў 1925 афіцыйна прыязджаў з Рыма ў Маскву для ўрэгулявання духоўных спраў каталіцкага касцёла, пачалася хваля арыштаў і рэпрэсій каталіцкага духавенства. Мінскі каталіцкі епіскап Зыгмунд Лазінскі ў 1925 пад пагрозай арышту выехаў у Польшчу і заснаваў сваю кафедру ў Пінску. Услед за епіскапам з БССР у Польшчу выехалі многія каталіцкія святары. Царк.-рэлігійнае жыццё епархіі хутка сціхла, касцёлы перададзены пад культ.-гасп. ўстановы. Культавыя рэчы вернікі хавалі ў дамах, у лепшым выпадку перадавалі ў музеі. Дэклараваныя гарантыі рэліг. свабод і магчымасць законным шляхам рэгістраваць абшчыны і малітоўныя дамы ў 1 -я гады існавання сав. улады выклікалі ажыўленне рэліг. дзейнасці пратэстантаў: былі заснаваны новыя абшчыны, пабудаваны малітоўныя дамы, пачалі дзейнічаць заснаваныя евангельскімі хрысціянамі і баптыстамі калектыўныя гаспадаркі і камуны, выдавалася шмат рэліг. літаратуры. Актыўнасць пратэстанцкіх арг-цый у краіне сустрэла процідзеянне з боку антырэліг. арганізацый, асабліва створанага ў 1925 Саюза ваяўнічых бязбожнікаў СССР (у 1926 створаны яго бел. філіял). У крас. 1929 на II Усесаюзным з’ездзе Саюза ваяўнічых бязбожнікаў прынята рэзалюцыя, у якой абвяшчалася праграма барацьбы з сектанцтвам і канстатавалася, што «рэлігійныя арганізацыі ў асобе іх вярхоў, прапаведнікаў, актывістаў з’яўляюцца палітычнай агентурай і ваенна-шпіёнскімі арганізацыямі міжнароднай буржуазіі». З 1937 усе абшчыны перайшлі на нелегальнае становішча, шмат вернікаў і прэсвітэраў рэпрэсіравана. У гэты перыяд абраднасць вымушана набыла сямейны, хатні характар і перамясцілася з храмаў ці малітоўных дамоў у дамы вернікаў. Сама сям’я павінна была як бы ператварыцца ў царк. абшчыну, дзе ролю святара з прычыны яго адсутнасці выконваў галава сям’і. Веравызнанне захавалася на ўзроўні ўшанавання найб. вялікіх рэліг. свят і выканання самых неабходных рытуальных дзействаў — малітваў, спеваў, пастоў, рытуальных страў, выканання гал. таінстваў — хрышчэння, вянчання, адпявання.
У Польшчы, у складзе якой з 1921 знаходзілася Зах. Беларусь, у 1922 абвешчана (у 1924 кананічна прызнана канстанцінопальскім патрыярхам) Польская аўтакефальная праваслаўная царква на чале з варшаўскім мітрапалітам Дыянісіем. У 1939 у ёй існавала 5 епархій, у т. л. Віленская, Гродзенска-Навагрудская і Палеская. Дзярж. ўлады Польшчы праводзілі актыўную палітыку акаталічвання і паланізацыі праваслаўнага насельніцтва. Шмат цэркваў было зачынена або перададзена католікам (больш як 1300 былых праваслаўных храмаў ператворана ў касцёлы). З 1921 да 1931 доля праваслаўнага насельніцтва зменшылася з 57,3 да 56,6%.
Каталіцкі касцёл у Зах. Беларусі меў прывілеяванае становішча. Канкардат польскай дзяржавы з Папскай курыяй гарантаваў ёй правы і прывілеі. З 1921 тут існавалі 2 рымска-каталіцкія епархіі: Віленскае архібіскупства-мітраполія і Пінскае біскупства, кожная з іх мела сваю духоўную семінарыю, у Вільні пры ун-це дзейнічаў багаслоўскі факультэт. Паводле перапісу насельніцтва 1931 у Віленскім, Навагрудскім, Палескім ваяводствах з 3465 тыс. жыхароў 1202 тыс. чалавек (34,6%) аднеслі сябе да каталіцкага веравызнання і прызналі польскую мову роднай. Гэта было вынікам таго, што духавенства было польскае і праводзіла актыўную паланізацыю сваіх прыхаджан. Дзярж. ўлады Польшчы актыўна процідзейнічалі аднаўленчаму руху сярод бел. ксяндзоў, пашырэнню беларускамоўнай рэліг. літаратуры і ўжыванню бел. мовы ў набажэнстве. Спроба ксяндзоў Казіміра Сваяка, Язэпа Германовіча, Вінцэнта Гадлеўскага, Адама Станкевіча і інш. ўвесці бел. мову ў набажэнства сустрэла актыўнае процідзеянне іерархаў царквы і нават мясц. шляхты. Была таксама спроба адрадзіць бел. грэка-каталіцкую царкву. У 1920-я г. езуіты заснавалі місіянерскія базы ў Альбярціне, Вільні, Любліне, Дубне і Пінску. Пасля дзесяцігадовай місіянерскай працы ў 1935 уніяты мелі: у Віленскім архібіскупстве 4 прыходы, 7 святароў і каля 3 тыс. прыхаджан; у Пінскім біскупстве 12 святароў і каля 6 тыс. прыхаджан; у Падляшшы 9 святароў і каля 3200 прыхаджан; у Альбярціне (каля Слоніма) 50 місіянераў і каля 300 прыхаджан. Але спробы аднаўлення уніяцтва на Беларусі не спраўдзіліся ў поўнай меры (да 1941 засталіся толькі 3 грэка-каталіцкія абшчыны); ва ўмовах канспірацыі дзейнічаў створаны ў маі 1940 экзархат Беларусі на чале з А.Неманцэвічам. У 1920—30-я г. на тэр.Зах. Беларусі (пераважна на Палессі) у выніку дзейнасці рээмігрантаў і місіянераў з Амерыкі, замежных (нямецкіх, амерыканскіх, англійскіх) місій пашыраліся пратэстанцкія веравучэнні (пяцідзесятніцтва, евангельскае хрысціянства, баптызм, іегавізм, адвентызм). Заснаваныя на Палессі абшчыны існуюць і ў наш час.
Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР кіраўніцтва СССР вымушана было лічыцца з вял. колькасцю вернікаў на далучаных землях. Праваслаўнае і каталіцкае духавенства Зах. Беларусі стала асновай для аднаўлення і развіцця духоўнага і царк. жыцця насельніцтва Беларусі. Быў прадоўжаны працэс фарміравання бел. хрысціянскай традыцыі са сваімі рэгіянальнымі асаблівасцямі. Архіепіскап Панцеляймон (Ражноўскі) прызначаны экзархам Зах. Беларусі і Зах. Украіны і архіепіскапам пінскім і навагрудскім, з ліп. 1940 — правячым архірэем Гродзенска-Вілейскай епархіі.
У 2-ю сусв. вайну са згоды ням. акупацыйных улад на тэр. Беларусі адчынены праваслаўныя і каталіцкія храмы, дзейнічалі пратэстанцкія абшчыны (у асн. ва ўсх. абласцях Беларусі, бо ў заходніх рэлігійныя арг-цыі не спынялі свайго існавання з даваенных часоў). Ням. ўлады, нягледзячы на сваё неадназначнае стаўленне да хрысціянства, разглядалі рэлігію як адзін з ідэалагічных сродкаў барацьбы з бальшавікамі і таму спрыялі дзейнасці рэліг. арг-цый. Усе абшчыны знаходзіліся пад пільным кантролем акупац. улад, якія рэгламентавалі іх дзейнасць, парадак правядзення набажэнстваў і колькасць удзельнікаў. На тэр. акупіраванай Беларусі было ўтворана 6 праваслаўных епархій. У аснову яе дзейнасці былі пакладзены ідэі богаслужэнняў на бел. мове, звароту да старых традыцый (напр., да старога календара), аднаўлення аўтакефаліі Бел. праваслаўнай царквы. У сак. 1942 сабор бел. епіскапаў выбраў мітрапалітам Беларусі епіскапа Панцеляймона, які насуперак жаданню ням. улад і часткі бел. духавенства, не абвясціў Бел. царкву аўтакефальнай. Пад прымусам акупац. улад Панцеляймон быў адлучаны ад кіраўніцтва царквой і зняволены ў манастыр, а кіраванне перададзена яго памочніку архіепіскапу Філафею (Нарко), які 30.8.1942 склікаў Бел.царк. сабор, дзе была прынята заява аб аўтакефаліі Бел. царквы (у маі 1944 сабор бел. епіскапаў абвясціў пастановы сабора 1942 несапраўднымі па той прычыне, што на ім адсутнічалі 2 старэйшыя бел. епіскапы, якіх акупац. ўлады не дапусцілі на сабор; аўтакефалія не атрымала кананічнаяга прызнання і канстанцінопальскім патрыярхам). У гады вайны адноўлена дзейнасць і каталіцкай царквы ва ўсх. абласцях Беларусі, дзе ў перадваенны час не засталося ніводнага дзеючага касцёла. 15 ксяндзоў аднавілі касцельную дзейнасць у Мінску, Слуцку, Бабруйску, Магілёве і інш. гарадах. Пры актыўным садзейнічанні ксяндзоў В.Казлоўскага, А.Адамовіча, Н.Кушаля пачаты працэс беларусізацыі касцёла. Разам з тым акупанты жорстка распраўляліся з прадстаўнікамі духавенства — праваслаўнага і каталіцкага (бел. і польскага) — па абвінавачанні ў дапамозе сав. партызанам ці польскаму падполлю. Спробы аднавіць уніяцкую царкву ням. ўлады спынілі (экзарх грэка-уніяцкай царквы на Беларусі Неманцэвіч быў арыштаваны, Альбярцінскі манастыр разагнаны, парафія ліквідавана). У час акупацыі значна актывізавалася царк. жыццё пратэстантаў. Пачалі дзейнасць абшчыны, якія існавалі раней, адкрыліся малітоўныя дамы і баптысцкія школы.
У гады 2-й сусв. вайны адносіны сав. улады да рэліг. арг-цый значна змяніліся. Гэта выявілася ў легалізацыі дзярж.-царк. адносін, падтрымцы праваслаўнай царквы, якая садзейнічала агульнанар. патрыятычнаму ўздыму. У 1943—44 створаны Савет па справах Рус. праваслаўнай царквы і Савет па справах рэліг. культаў, адноўлена дзейнасць Маскоўскага патрыярхата Рус. праваслаўнай царквы (у 1943 пасля доўгага перапынку абраны патрыярх), пачалі выпускаць на волю рэпрэсіраваных раней архірэяў, стаў выдавацца «Журнал Московской патриархии». Пасля вайны рост амаль усіх канфесій на Беларусі працягваўся. Духавенства і царк. саветы імкнуліся ўтрымаць тое, што было да гэтага часу набыта. Гэты перыяд адметны павышэннем рэлігійнасці, што звычайна тлумачылася ваен. і пасляваен. цяжкасцямі жыцця, аслабленнем антырэліг. палітыкі сав. улады ў першыя пасляваенныя гады. З узмацненнем рэлігійнасці павялічвалася колькасць абрадаў хрышчэння, шлюбу, пахаванняў, актывізавалася дзейнасць святарства; расла колькасць вернікаў. Найб. пашырэнне мела праваслаўная царква, якая была падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. У 2-й пал. 1940-х г. на вышэйшых іерархічных святарскіх пасадах у Беларусі знаходзіліся прадстаўнікі Маскоўскага патрыярхата: у Мінску архіепіскап мінскі і беларускі Піцірым, у Пінску архіепіскап пінскі і лунінецкі Данііл, у Брэсце і Гродне епіскап брэсцкі (потым гродзенскі) Паісій. У 1949 на Беларусі зарэгістравана 1060 праваслаўных абшчын, найбольш іх было ў Брэсцкай (188) і Баранавіцкай (180), найменш у Віцебскай (26) і Палескай (24) абласцях; дзейнічала 757 праваслаўных святароў, 56 дыяканаў і 564 псаломшчыкі. Рыхтавалі святароў у Мінскай духоўнай семінарыі (у 1949 было 112 навучэнцаў). Праваслаўнае духавенства зах. і ўсх. Беларусі адрознівалася па ўзроўні адукацыі, прафесійнай падрыхтоўцы і ўплыве на вернікаў. Ва ўсх. толькі адзінкі мелі адпаведную падрыхтоўку, адукацыю і маглі чытаць пропаведзі (большасць з іх была рукапакладзена ў час ням. акупацыі), у зах. Беларусі большасць святароў мела не толькі семінарскую адукацыю, але і універсітэцкую. З 1948 аблвыканкомы пачалі вяртаць малітоўныя будынкі грамадскім арг-цыям, якія іх займалі ў даваенны час. У 1950-я г. пасляваенная хваля развіцця праваслаўных арг-цый на Беларусі часткова спала, хоць рэлігійнасць сярод праваслаўнага насельніцтва заставалася ранейшай.
Другой па колькасці абшчын, вернікаў і распаўсюджванні была рымска-каталіцкая царква (РКЦ). Найбольш вернікаў яна мела ў зах. Беларусі. У 1945 тут дзейнічала 325 касцёлаў і налічвалася 692 120 вернікаў, у 1946—309 касцёлаў, якія наведвалі 300—350 тыс. католікаў. Паводле дагавора паміж сав. і польскім урадамі ад 9.9.1944 у Польшчу перасялілася (1944—48) 274 тыс. жыхароў Беларусі, у т. л. 154 ксяндзы. Пасля гэтага на Беларусі засталося каля 264 тыс. палякаў-католікаў і каля 287 тыс. беларусаў-католікаў. Адносіны сав. улады да касцёла былі адмоўныя. Сав. ўлады абвінавачвалі РКЦ у сувязі з польскай падп. арг-цыяй Арміі Краёвай. Ксяндзоў абвінавачвалі ў антысав. дзейнасці, уплыве на вернікаў з мэтай сабатажу такіх акцый дзяржавы, як калектывізацыя, дзяржпазыка, дзяржпастаўкі, падпіска на дзяржвыданні і інш. Адразу пасля вайны пачалася новая хваля скасавання парафій і абмежавання дзейнасці каталіцкага духавенства і самой царквы. Хваля рэпрэсій ахапіла да 70% каталіцкага кліру. З 1946 па 1949 колькасць касцёлаў скарацілася на 185, на пач. 1950 засталося 248 каталіцкіх абшчын.
Рост пратэстантызму працягваўся. У кастр. 1944 створаны Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ), да якога ў жн. 1945 далучыліся хрысціяне веры евангельскай (пяцідзесятнікі). Усесаюзны Савет ЕХБ выконваў свае функцыі праз абласных упаўнаважаных (пазней старшых прэсвітэраў). У 1949 на Беларусі зарэгістравана 200 пратэстанцкіх абшчын і 16 095 вернікаў, большасць якіх знаходзілася ў зах. абласцях (70%). У 1946 зарэгістравана 9 абшчын (357 чал.) адвентыстаў сёмага дня (АСД), у 1949 зарэгістраваны 4 іх абшчыны (амаль столькі ж было незарэгістраваных).
У 1946 дзейнічалі 79 стараабрадніцкіх абшчын: 4 белакрыніцкага кірунку, 1 беспапоўскага, 2 беспапоўцаў-федасееўцаў, астатнія — беспапоўцы паморскага сагласу. Бел. стараабраднікі ў даваенны перыяд страцілі вял. колькасць цэркваў і малітоўных дамоў. І хоць у час акупацыі стараверы вярнулі сабе свае цэрквы, аднак у 1946—50 колькасць стараверскіх абшчын скарацілася да 32.
Пасля вайны на Беларусь пачалі вяртацца яўрэйскія сем’і, якія былі эвакуіраваны на ўсход СССР. Яўрэі-вернікі адразу пачалі хадайнічаць аб стварэнні рэліг. аб’яднанняў і аднаўленні дзейнасці сінагог, таму што ў перадваенны час большасць з іх перададзена пад культ.-асв. ўстановы, а астатнія разбураны і спалены ў гады вайны. Дазвол на рэгістрацыю атрымалі толькі 2 абшчыны — у Мінску і Бабруйску (дзе пазней мясц. ўлады адабралі памяшканне). Яўрэі Беларусі мелі сувязь з Маскоўскай сінагогай, адкуль атрымлівалі рытуальна-культавыя рэчы (напрыклад, «эсрыг» — пальмавую галінку з плодам для свята «Кушчы», мацу для пасхальных святкаванняў і інш.).
У 1946 на Беларусі існавала некалькі мусульманскіх абшчын (падпарадкаваных Духоўнаму ўпраўленню мусульман еўрапейскай часткі СССР і Сібіры, якое знаходзілася ў Уфе), 9 мячэцяў (напалову менш за перадваенную колькасць), якія наведвалі каля 600 вернікаў. У 1953 засталіся толькі 2 мячэці і 370 вернікаў.
Гісторыя дзяржаўна-царк. адносін з сярэдзіны 1950-х г. да сярэдзіны 1980-х г. была вельмі складанай і хутка мянялася. Дэклараваны М.С.Хрушчовым кірунак на будаўніцтва камунізму ў 20-гадовы тэрмін патрабаваў і фарсіраваных дзеянняў у дачыненні да рэлігіі. Асаблівая ўвага засяроджвалася на поўнай забароне рэліг. адукацыі і выхавання непаўналетніх. Выпадкі знаходжання непаўналетніх на рэліг. службах, малітоўных сходах разглядаліся як парушэнне заканадаўства аб культах. Адбыліся змены ў статусе і арганізацыі прыходаў: духавенства праваслаўнай, рымска-каталіцкай царквы і духоўныя настаўнікі старавераў пераведзены на цвёрдыя аклады; кіраванне ў прыходах перададзена выканкомам, якія павінны былі вырашаць усе фінансавыя і гасп. пытанні; святароў фактычна ператварылі ў наёмных асоб, якія маглі быць звольнены і адхілены ад службы ў прыходзе. Пад любымі прычынамі і без іх пачалося масавае закрыццё малітоўных будынкаў. У 1950—64 у СССР штогод зачынялася ў сярэднім па 420 цэркваў. З 1959 па 1962 колькасць праваслаўных цэркваў на Беларусі скарацілася з 944 да 732. Некаторыя рэліг. цэнтры пад адм. націскам спынілі сваю дзейнасць (у 1960 Усесаюзны савет адвентыстаў сёмага дня). Пастаяннае ўмяшанне ўлад ва ўнутр. справы царквы выклікала ўнутраныя разлады, нават расколы. Праваслаўная царква спрабавала прыстасавацца да новых складаных умоў існавання. Святары пачалі спраўляць замест адной абедні дзве (раннюю і познюю), практыкаваць завочнае адпяванне памерлых. За 20 гадоў (1966—86) праваслаўная царква прайшла шлях ад зніжэння яе вагі ў грамадстве (змяншэнне колькасці яе будынкаў і абшчын, ганенняў і ідэалаг. ўціску) да адноснай стабілізацыі і адаптацыі ў новых умовах існавання. У 1970 на Беларусі засталося 380, а ў 1975—373 праваслаўныя абшчыны. Гэтыя лічбы заставаліся амаль што нязменнымі да 1988.
З 1959 узмацніліся меры па абмежаванні дзейнасці каталіцкага духавенства. За 1959—66 колькасць абшчын рымска-каталіцкай царквы рэзка зменшылася, зняты з рэгістрацыі 80 касцёлаў, на пач. 1967 дзейнічалі 104 касцёлы і 65 ксяндзоў. Каталіцкая царква на Беларусі знаходзілася пад моцным уплывам Ватыкана, які дзейнічаў праз польскі і літоўскі епіскапаты. Пасля рашэнняў II Ватыканскага Сабора аб перакладзе літургіі з латыні на нац. мовы набажэнствы ў бел. касцёлах сталі праводзіць на польскай мове, пацяплелі адносіны паміж каталіцкім і праваслаўным духавенствам. Ад кіраўніцтва ЕХБ улады патрабавалі актыўнага ўключэння вернікаў у грамадскае жыццё (чытання вернікамі прэсы, наведвання імі лекцый, кіно, тэатраў, клубаў). Сталі больш жорсткімі адносіны да абшчын ЕХБ, змешаных з пяцідзесятнікамі: у 1960—64 «за іншамоўе, прароцтвы, адмаўленне ад службы ў арміі» была знята з рэгістрацыі 31 абшчына. У 1966 дзейнічала 149 зарэгістраваных і 22 незарэгістраваныя абшчыны ЕХБ. Існавалі і стараабрадніцкія абшчыны. У Гомельскай вобл. на пач. 1961 дзейнічала 31 абшчына беспапоўскага сагласу і адна — белакрыніцкага. У 1975 колькасць стараабрадніцкіх абшчын знізілася да 24, у 1989 — да 22. Працягвалі сваю дзейнасць групы іудзеяў і мусульман (існавала адзінае мусульманскае аб’яднанне; 250 чал.). Да 1960 існавалі 2 зарэгістраваныя іудзейскія аб’яднанні ў Мінску і Калінкавічах (апошняе знята з рэгістрацыі «за парушэнне заканадаўства аб культах», а сінагога перададзена пад клуб пенсіянераў). Мінская абшчына доўгі час існавала без рабіна і ў 1960—70-я г. сінагогу наведвала каля 150 чал. У 1975—77 у саюзных рэспубліках СССР прыняты акты «Аб рэлігійных аб’яднаннях», якія пашырылі магчымасці рэліг. арг-цый і пазбавілі іх ад дробнай апекі з боку ўлад; прыняты меры па пашырэнні правоў Савета па справах рэлігій пры СМСССР. У 1986—87 у краіне створаны спрыяльныя ўмовы для дзейнасці рэліг. арг-цый, што прывяло да значнага павышэння іх колькасці: дзейнічалі 370 праваслаўных цэркваў, адзін манастыр (у Жыровіцах), 103 касцёлы (66 з іх у Гродзенскай вобл.), больш за 200 пратэстанцкіх, 23 стараабрадніцкія, 1 іудзейская абшчына ў Мінску і мячэць у Іўі. У крас. 1988 напярэдадні ўрачыстага святкавання 1000-годдзя хрышчэння Русі, адбылася сустрэча патрыярха РПЦ Пімена і членаў Сінода з Генеральным сакратаром ЦККПСС М.С.Гарбачовым, пасля якой царква атрымала права свабоднай богаслужэбнай, місіянерскай, духоўна-асветніцкай, дабрачыннай і выдавецкай дзейнасці. Святарам быў адкрыты доступ да сродкаў масавай інфармацыі, у навуч. ўстановы. На працягу 1988 на Беларусі зарэгістравана 29 праваслаўных, 7 каталіцкіх, 3 пратэстанцкія новыя абшчыны. У 1989 у Беларусі дзейнічала 399 праваслаўных прыходаў. Адноўлены Магілёўская, Пінская і Полацкая епархіі, пачалося стварэнне Брэсцкай і Гомельскай. На Архірэйскім саборы РПЦ (кастр. 1989) у Маскве прынята рашэнне аб утварэнні Бел. экзархата Маскоўскага патрыярхата, у які ўвайшлі ўсе епархіі з прыходамі і манастырамі на тэр. Беларусі. Рашэннем Свяшчэннага сінода Рус. праваслаўная царква на Беларусі атрымала статус Бел. экзархата, а мітрапаліт мінскі і беларускі Філарэт — патрыяршага экзарха Беларусі. У 1989 на базе Жыровіцкага манастыра пачала дзейнічаць праваслаўная духоўная семінарыя. Пры Мінскім епархіяльным упраўленні адкрыліся курсы па падрыхтоўцы рэгентаў, пачаў выходзіць бюлетэнь «Минские епархиальные ведомости» (тыраж 700 экз.). Пачалося ажыўленне рэліг. дзейнасці і рымска-каталіцкай царквы. Адчыняліся старыя і будаваліся новыя касцёлы, аднаўлялася дзейнасць манаскіх ордэнаў, місіянерская дзейнасць, выданне рэліг. л-ры. Усталяванню спрыяльных адносін паміж кіраўніцтвам сав. дзяржавы і рымска-каталіцкай царквой садзейнічала сустрэча М.С.Гарбачова з папам рымскім Іаанам Паўлам П. У 1989 створана Мінская епархія, у якую апостальскім адміністратарам прызначаны ксёндз Тадэвуш Кандрусевіч. У 1989 з Саюза ЕХБ (на Беларусі аб’ядноўваў 187 абшчын) выйшлі пяцідзесятніцкія абшчыны і, па ўзгадненні з Саветам па справах рэлігій, стварылі сваю рэсп. арг-цыю, якая аб’яднала 114 абшчын. У пратэстанцкіх арг-цыях было 21 805 вернікаў, у т. л. 9201 евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 11 973 пяцідзесятнікаў і 1631 адвентыст. Паводле даных Інстытута сацыялогіі Нац.АН Беларусі ў 1990 доля вернікаў сярод насельніцтва вырасла да 30%; павялічылася колькасць абрадаў: хрышчэння дзяцей у 1,5 раза, вянчання ў 3 разы. Праваслаўная царква на Беларусі налічвала 6 епархій, 603 абшчыны, у т. л. 126 новых; ёй вярнулі будынак жаночага манастыра ў Полацку, дзе пасялілася 20 манашак, а пазней сюды пераехалі яшчэ 35 манашак з Жыровіч. Праваслаўныя святары сталі выконваць абрады, якія раней забараняліся ўладамі: асвячэнне жылля, гасп. пабудоў, калодзежаў, аўтамабіляў; адпраўлялі трэбы ў дамах і кватэрах вернікаў.
Каталіцкая царква адкрывала новыя прыходы, запрашала святароў з-за мяжы (на 222 зарэгістраваныя абшчыны заставалася толькі 59 мясц. ксяндзоў, 109 запрошаны пераважна з Польшчы); заснавана Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя. У 1991 утвораны новыя царк.-адм. адзінкі — Гродзенская рымска-каталіцкая епархія (у межах Гродзенскай вобл.) і Мінска-Магілёўская архіепархія-мітраполія (архідыяцэзія, у межах Мінскай і Магілёўскай абл.) з падпарадкаваннем апошняй Пінскай рымска-каталіцкай епархіі (у межах Брэсцкай і Гомельскай абл.), у 1999 — Віцебская дыяцэзія (у межах Віцебскай вобл.). Генеральным вікарыем на Пінскі дэканат, які ўключаў 40 касцёлаў, прызначаны К.Свёнтак.
З пач. 1990-х г. на Беларусі адноўлена дзейнасць грэка-каталіцкай царквы, што звязана з духоўнымі пошукамі часткі інтэлігенцыі і ідэяй пра царкву, у якой набажэнства і культ былі б звязаны з бел.нац. традыцыямі, мовай, сімволікай. Рэліг. абшчыны грэка-католікаў былі нешматлікія; толькі ў Мінску і Полацку вернікі-уніяты звярнуліся ў гарвыканком з просьбай аб рэгістрацыі. Актывізавалі сваю дзейнасць і этнаканфесіянальныя групы стараабраднікаў (зарэгістраваны 2 новыя абшчыны), мусульмане (зарэгістравана абшчына ў Мінску, да 70 чал.), пачалі дзейнічаць 3 іудзейскія абшчыны (акрамя Мінска, зарэгістраваны арг-цыі ў Віцебску і Бабруйску). Працэс канфесіяналізацыі грамадства працягваецца. З 1988 да 2003 колькасць рэліг. арг-цый павялічылася ў 2,5, а рэліг. кірункаў — у 3 разы. Паводле даных Інстытута сацыялогіі Нац.АН Беларусі доля вернікаў у краіне вырасла да 47—49 %.
Сучасны стан рэлігійных устаноў і рэлігійнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Талерантнае прыняцце Беларускай дзяржавай поліканфесіянальнай мадэлі забяспечвае роўныя правы зах. і ўсх. традыцыям, дае магчымасць захавання міру і стабільнасці на бел. зямлі. Статус рэлігіі ў грамадстве павышаецца, фарміруецца новы сацыяльны светапогляд на аснове агульначалавечых каштоўнасцей. На афіц. рэспубліканскіх мерапрыемствах заўсёды прысутнічаюць лідэры і праваслаўнай, і каталіцкай цэркваў. Дзейнасць рэліг. абшчын і цэркваў рэгулюецца адпаведнымі статутамі і дзярж. заканадаўчымі актамі. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі 1996) забяспечвае роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. У 1992 Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» (прайшоў міжнар. экспертызу і прызнаны адпаведным міжнар. стандартам; у 2002 у яго ўнесены змены і дапаўненні) абвясціў свабоду рэліг. аб’яднанняў, гарантаваў усім грамадзянам аднолькавыя правы незалежна ад рэліг. прыналежнасці. У Законе акрэслена магчымасць супрацоўніцтва дзяржавы з шэрагам канфесій (у т. л. праваслаўнай, каталіцкай, лютэранскай, іудзейскай і мусульманскай), якія зрабілі істотны ўклад у гіст. развіццё і станаўленне духоўных, культ. і дзярж. традыцый бел. народа. Міжканфесіянальнай згодзе садзейнічае створаны ў студз. 1997 на базе Савета па справах рэлігій пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Дзяржкамітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей, які выконвае функцыі не толькі органа кантролю, але і даследчага і каардынацыйнага цэнтра. У Рэспубліцы Беларусь існуе 27 канфесій, на 1.1.2004 зарэгістравана 2863 рэліг. абшчыны. Паводле даследаванняў бел. сацыёлагаў 1994 і 1997 абсалютная большасць рэспандэнтаў-вернікаў лічаць сябе: праваслаўнымі (каля 80 % у 1994 і каля 77,4% у 1997), католікамі (адпаведна 9,9 і 10,4; паводле інш. звестак 14,8%), пратэстантамі (0,7 і 0,4%), іудзеямі (0,3% і 0,4%). У выкананні рэлігійных абрадаў і таінстваў рэгулярна прымаюць удзел 5,5%, зрэдку 37%. Асноўная перадача рэліг. традыцый у бел. грамадстве адбываецца праз удзел у святочных набажэнствах. Носьбітамі традыцый з’яўляецца не толькі святарства, але і старэйшае пакаленне, якое ў сям’і выконвае ролю ахоўніка сакральных ведаў. Пашырэнне рэліг. абшчын на Беларусі мае выразна акрэсленую ўнутраную мяжу, якая падзяляе Беларусь на 2 часткі: усх. і заходнюю. Гэтая мяжа супадае з дзярж. граніцай СССР да 1939. Пры гэтым у зах. Беларусі захоўваецца традыцыйны для перад- і пасляваеннага перыяду больш высокі ўзровень рэлігійнасці (каля 70—80% насельніцтва — веруючыя) і значна большая колькасць абшчын, чым ва ўсходніх абласцях. Праваслаўная царква з’яўляецца самай вял. канфесіяй на тэр. Беларусі. Па колькасці абшчын і вернікаў сярод інш.рэліг. аб’яднанняў яна займае першае месца. На 1.1.2004 Беларуская праваслаўная царква (БПЦ) аб’ядноўвае 1290 абшчын, 10 епархій, 21 манастыр, 17 брацтваў, 9 сястрынстваў (у 2003 дзейнічала 1040 і будаваліся 144 праваслаўныя храмы). Найб. колькасць праваслаўных абшчын у Брэсцкай (322) і Мінскай (292), найменшая ў Магілёўскай вобл. (91). У рэліг. арг-цыях працуе больш за 1250 праваслаўных святароў. У Жыровічах дзейнічае духоўная семінарыя га падрыхтоўцы святароў, духоўная акадэмія, школа рэгентаў і званароў, вучылішча па падрыхтоўцы псаломшчыкаў. Бел. праваслаўная царква мае 8 перыяд. выданняў і штотыднёвую праваслаўную радыёпраграму «Дабравест». БПЦ арганізацыйна падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. Узначальвае яе мітрапаліт Філарэт (К.В.Вахрамееў), мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі. БПЦ актыўна падтрымала і ўключылася ў працэс нац. адраджэння. У 1999 Біблейскай камісіяй на бел. мове выдадзены богаслужэбныя тэксты Божай літургіі. У «Беларускім праваслаўным календары», які выдаецца штогод Мінскім Святапетрапаўлаўскім саборам і Брацтвам святых віленскіх пакутнікаў змяшчаюцца трапары і кандакі дванадзесятым святам і святым зямлі беларускай, перакладзеныя на бел. мову. У праваслаўныя святцы месяцаслова і ў «Звод імёнаў святых» унесены 23 бел. новапакутнікі; кананізаваныя у 1999, і 1000 новапакутнікаў зямлі рускай, кананізаваных у 2000. Бел. святым прысвячаюцца новыя святы, песнапенні, абразы. Спіс бел. святых з кожным годам папаўняецца. Так, 31.1.2001 святы Сінод БПЦ прылічыў да мясцовашанаваных святых архідыякана, экзарха Усяленскага патрыярхата Нікіфара Кантакузена, кіеўскага мітрапаліта свяшчэннапакутніка Макарыя, архіепіскапа астраханскага свяшчэннапакутніка Мітрафана, архіепіскапа рыжскага свяшчэннапакутніка Гаўрыіла, князёў Барыса Тураўскага і Фёдара Астрожскага і інш. У Гродне і Мінску створаны прыходы ў гонар Усіх Святых зямлі Беларускай. У сучаснай бел. праваслаўнай традыцыі ў богаслужэнне паступова ўводзіцца бел. мова (напр., у Святапетрапаўлаўскім саборы Мінска літургія ў першую суботу кожнага месяца і малебен за бел. народ з акафістам святым пакутнікам Антонію, Іаану і Яўстафію віленскім кожную сераду ў 17 гадзін перад абразом з часткамі мошчаў святых віленскіх пакутнікаў). Абсалютная большасць праваслаўных святароў — этнічныя беларусы. З улікам спецыфікі Беларусі, патрабаванняў і патрэб прыхаджан, царк. выданні ў краіне друкуюцца на дзвюх мовах — беларускай і рускай. На дзвюх мовах рыхтуюцца кадры святароў у царк. навучальных установах. Пасланні мітрапаліта Філарэта, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі з нагоды свят і ўрачыстых дат, як правіла, агучваюцца ў Святадухаўскім кафедральным саборы на бел. мове, друкуюцца паралельна на рус. і бел. мовах.
Рымска-каталіцкая царква на Беларусі таксама адносіцца да традыцыйных і з’яўляецца адной з буйнейшых па колькасці вернікаў і абшчын. У 1999 на Беларусі створана Канферэнцыя каталіцкіх епіскапаў (епіскапат), у якую ўвайшлі 4 епіскапы на чале з кардыналам К.Свёнтакам. На 1.1.2004 у Рэспубліцы Беларусь былі 4 епархіі, 432 прыходы, 9 місій, 8 манаскіх абшчын (кляштараў), 3 добраахвотныя т-вы «Карытас» і 2 вышэйшыя духоўныя семінарыі. Самай вялікай этнаканфесіянальнай групай з’яўляецца група католікаў-палякаў, якая ў асноўным пражывае на тэр.зах. Беларусі. З усіх каталіцкіх абшчын (432) значная частка (170) знаходзіцца на тэр. Гродзенскай вобл. Каталіцкая царква знаходзіцца пад уплывам Ватыкана (якому яна падпарадкавана), польскага епіскапату (з якім цесна звязана) і культурна-асв. устаноў. Гістарычна склалася, што каталіцкі клір на Беларусі меў пераважна прапольскую арыентацыю, што адыграла пэўную ролю ў фарміраванні пашыранай канцэпцыі атаясамлення этнічнай і рэліг. прыналежнасці: католік — значыць паляк. Уплыў польскага касцёла на беларускі захоўваецца і ў сучасных умовах. З 332 святароў, якія абслугоўваюць прыходы, 192 з’яўляюцца замежнымі грамадзянамі, пераважна Рэспублікі Польшча. У большасці выпадкаў у касцёле справаводства вядзецца на польскай мове, літаратура паступае з Польшчы. Каталіцкая царква пачала працэс беларусізацыі царк. жыцця: вядзенне набажэнства, выпуск л-ры на бел. мове. Беларусізацыя касцёла адбываецца паступова, нярэдка праз дзейнасць новых рэліг. груп і аб’яднанняў пры касцёлах. Ідзе падрыхтоўка бел. каталіцкіх святароў: у 1996 4 першыя выпускнікі Гродзенскай духоўнай семінарыі (адчынена ў 1990 намаганнямі тагачаснага біскупа Т.Кандрусевіча) атрымалі свой святарскі сан; у 2002 пачала дзейнічаць Пінская вышэйшая каталіцкая духоўная семінарыя імя св. Фамы (Тамаша) Аквінскага. На Беларусі зарэгістраваны і 2 традыцыяналісцкія абшчыны католікаў, якія прытрымліваюцца старога, дасаборавага (II Ватыканскага сабора, 1962—65) вучэння і адмаўляюць правядзенне імшы на нац. мовах (лічаць латынь адзінай сапраўднай літургічнай мовай), празмерны экуменізм, некаторыя новаўвядзенні ў дачыненні да паводзін асобных афіц. святароў і г.д. Традыцыяналісты ў набажэнстве ўжываюць старую касцельную музыку, грыгарыянскі харал і г.д.
З пач. 1990-х г. адноўлена дзейнасць грэка-каталіцкай царквы, зарэгістраваны 13 грэка-каталіцкіх абшчын. Найбольшая з іх у Мінску, астатнія даволі малалікія — у іх па 10—30 чалавек, у асноўным ва ўзросце 25—50 гадоў, паводле сацыяльнага складу пераважна інтэлігенцыя. Святароў-прафесіяналаў маюць толькі абшчыны Мінска і Гродна. Уніяцкія абшчыны накіравалі некалькі чалавек у духоўныя навуч. ўстановы Ватыкана і ў г. Люблін (Польшча). У 1996 з нагоды 400-годдзя Брэсцкай царк. уніі адбыліся канферэнцыі, семінары і ўрачыстыя набажэнствы уніятаў.
У апошнія гады павялічылася колькасць пратэстанцкіх аб’яднанняў як традыцыйных для Беларусі, так і новых (у большасці заснаваных місіянерамі з ЗША і зах. краін). Аднак большасць з іх налічваюць ад 10 да 50 вернікаў. На 1.1.2004 зарэгістравана 1005 пратэстанцкіх абшчын, з якіх 494 хрысціян веры евангельскай (ХВЕ), каля 270 евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ). Найбольш абшчын ЕХБ і ХВЕ у Брэсцкай і Мінскай абласцях. Існуюць таксама 29 аўтаномных абшчын ЕХБ і абшчын, якія ўваходзяць у Савет цэркваў ЕХБ; 9 аўтаномных абшчын пяцідзесятнікаў, а таксама пяцідзесятніцкіх па накіраванасці абшчын евангельскіх хрысціян у духу апостальскім. Зарэгістраваны Беларуская канферэнцыя адвентыстаў сёмага дня (63 абшчыны), рэліг. аб’яднанне абшчын поўнага Евангелля (62 абшчыны), кальвінская хрысціянская рэлігійная кангрэгацыя «Беларускі евангелічны рэфарматарскі збор» (2 абшчыны), 19 лютэранскіх абшчын. Існуюць неапратэстанцкія аб’яднанні: Новаапостальскай царквы (20 абшчын), Царква Хрыстова (6), абшчыны месіянскага служэння (3), Царква Ісуса Хрыста святых апошніх дзён (мармоны; 3 абшчыны). Большасць неапратэстанцкіх абшчын знаходзіцца ў Мінску і абл. гарадах. Налічваецца 26 місій пратэстанцкага веравучэння і каля 70 тыс. вернікаў. Кадры прэсвітэраў, прапаведнікаў і рэгентаў рыхтуюць 2 вышэйшыя і 2 сярэднія навуч. установы ЕХБ і ХВЕ. Выдаецца некалькі часопісаў і газет, дзейнічае 561 малітоўны дом, столькі ж будуецца. У 2003 пратэстанцкія арг-цыі з нагоды 450-годдзя Рэфармацыі на Беларусі правялі юбілейныя канферэнцыі, сумесныя малітвы, тэатралізаваныя прадстаўленні, тэалагічныя дыспуты, канцэрты.
На 1.1.2004 на Беларусі былі 34 стараабрадніцкія абшчыны, з якіх 18 знаходзяцца ў Віцебскай вобл. Існуе 29 іудзейскіх абшчын, якія ўваходзяць у 2 іудзейскія рэліг. аб’яднанні Рэспублікі Беларусь, па 6 з іх у Брэсцкай і Гомельскай абл. Самыя вял. абшчыны ў Мінску, Магілёве і Бабруйску. У Мінску дзейнічаюць 2 вышэйшыя духоўныя вучылішчы (ешыботы). З-за адсутнасці мясцовых рабінаў святары запрашаюцца з ЗША і Ізраіля. У бел. іудаізме сучасныя кірункі прадстаўлены 14 прагрэсісцкімі абшчынамі. Існуюць 3 месіянскія абшчыны, у якія ўваходзяць у асн. маладыя іудзеі.
На тэр. Беларусі пражывае каля 12,5 тыс. татараў і дзейнічаюць 27 мусульманскіх абшчын (10 з іх у Гродзенскай вобл.), якія ўтварылі 2 незалежныя рэліг. аб’яднанні. У 1994 у Мінску на 1-м Усебел. з’ездзе мусульман абвешчана ўтварэнне Мусульманскага рэліг. аб’яднання (муфтыяту) Рэспублікі Беларусь.
У канцы 20 ст. ў свеце актывізаваўся працэс фарміравання новых рэлігій, якія можна разглядаць як інстытут адаптацыі грамадства да хуткіх змен. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя, урбанізацыя, пашырэнне інфарм. прасторы, фарміраванне тэхналогій уздзеяння на масавую свядомасць і г.д. паўплывалі і ўплываюць на ўзнікненне і пашырэнне новых рэлігій. Іх масавае з’яўленне на Беларусі звязана з паліт. працэсамі канца 1980 — пач. 1990-х г. Атэістычная сістэма выхавання ў часы існавання СССР істотна дыскрэдытавала ў вачах насельніцтва класічныя рэлігіі, місіянерскія магчымасці якіх былі абмежаванымі. Таму новыя рэлігіі пашыраліся амаль без канкурэнцыі. У канцы 1980-х г. атрымалі распаўсюджанне агні-ёга, тэасофія і крышнаізм, з пач. 1990-х г. — Вера Бахаі, Цэнтр Свету Шры Чын Моя, «Брахма Кумарыс» і інш. У сярэдзіне 1990-х г. класічныя рэлігіі значна аднавілі свае структуры на Беларусі і знайшлі падтрымку ўлады. Гэта заклапочанасць грамадства, звязаная з дэструктыўнымі праявамі ў свеце з боку шэрагу новых рэлігій — АУМ Сінрыкё, Белага брацтва, Храма Сонца і інш., значна абмежавалі магчымасці далейшага распаўсюджвання новых рэлігій. На 1.1.2004 у Беларусі афіцыйна зарэгістраваны 6 абшчын бахаеў, 6 абшчын Міжнароднага т-ва Свядомасці Крышны, 1 абшчына Аамота. Частка рэліг. груп дзейнічае без рэгістрацыі.
Літ.:
Куроедов В.А. Религия и церковь в советском государстве. М., 1981;
Мараш Я.Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795). М., 1971;
Яго ж. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII. Мн., 1974;
Яго ж. Политика Ватикана и католической церкви в Западной Белоруссии (1918—1939). Мн., 1983;
История евангельских христиан-баптистов в СССР. М., 1989;
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Мн., 1990;
Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.). Мн., 1998;
Пучков П.И., Казьмина О.Е. Религии современного мира. М., 1998;
Верашчагіна А.У., Гурко А.В. Гісторыя канфесій на Беларусі ў другой палове XX ст.Мн., 1999;
Гарбацкі А.А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы XVII — пачатку XX ст. Брэст, 1999;
Черепица В.Н. Очерки истории православной церкви на Гродненщине. Гродно, 2000;
Гурко А.В. Новые религии в Республике Беларусь: Этнологич. исслед. Мн., 2003.
А.У.Верашчагіна, А.В.Гурко.
Мінскае капішча. Рэканструкцыя В.Сташчанюка па матэрыялах Э.Ляўкова.Ефрасіння, князёўна Полацкая. Гравюра 19 ст. са старажытнага абраза ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры.Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква 12 ст.Тытульны ліст «Бібліі» Ф.Скарыны. 1519.Жыровіцкі абраз Маці Божай.Праваслаўны царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай Пётр Магіла.Хрышчэнне Міндоўга. Гравюра 19 ст.Выява св. Казіміра на абразе Тракельскай Маці Божай. 17 ст. З в. Тракелі Гродзенскай вобл.Кальвінісцкі дзеяч ВКЛ М.Радзівіл (Чорны).Кальвінскі збор (рэфармацкая царква) у в Асташын Карэліцкага раёна Фота пач. 20 ст.Сінагога ў Слоніме. 17 ст.Мячэць у Іўі.Рымска-каталіцкі царкоўны дзеяч З.Лазінскі.Мітрапаліт мінскі і слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.Архібіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архіепархіі-мітраполіі, апостальскі адміністратар Пінскай рымска-каталіцкай епархіі Казімір Свёнтак.Вялікдзень у Пакроўскім саборы. Гродна. 1990-я г.Памятны знак у гонар тысячагоддзя праваслаўнай царквы на Беларусі. Заслаўе. 1992.Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. 2000.Царква Раства Багародзіцы ў Салігорску. 2000.Абрад хлебапраламлення на малітоўным сходзе ў царкве ЕХБ. Кобрын. 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯПО́НІЯ (Ніхан, Ніпан), дзяржава ва Усх. Азіі, у зах.ч. Ціхага ак., на Японскіх а-вах. Тэр. Я. ўключае каля 4 тыс. астравоў, у т. л. 4 буйныя (Хакайда, Хонсю, Кюсю, Сікоку), архіпелаг Рукю (найб.в-аў Акінава) і інш. Абмываецца Ціхім ак. і яго морамі — Ахоцкім, Японскім, Усх.-Кітайскім і Унутр. Японскім. Пл. 377,8 тыс.км². Нас. 127 214,5 тыс.чал. (2003). Афіц. мова — японская. Сталіца — г.Токіо. Краіна падзяляецца на 47 прэфектур. Нац. свята — Дзень нараджэння імператара Акіхіта (23 снежня).
Дзяржаўны лад. Я. — канстытуцыйная манархія. Паводле канстытуцыі 1947 кіраўнік дзяржавы — імператар (з 1989 Акіхіта), «сімвал дзяржавы і адзінства нацыі, яго статус вызначаецца воляй усяго народа, якому належыць суверэнная ўлада». Дзярж. справы ажыццяўляе імператар па парадзе і з ухвалення кабінета міністраў, які нясе за іх адказнасць. Вышэйшая заканад. ўлада належыць парламенту, што складаецца з 2 палат: прадстаўнікоў (500 дэпутатаў) і саветнікаў (252 дэпутаты). Тэрмін паўнамоцтваў палаты прадстаўнікоў 4 гады, палаты саветнікаў 6 гадоў (з перавыбраннем палавіны складу кожныя 3 гады). У палату прадстаўнікоў выбіраецца 300 дэпутатаў ад 11 аднамандатных акруг і 200 ад партый па прапарцыянальнай сістэме, у палату саветнікаў — 152 дэпутаты ад 47 прэфектур і 100 па прапарцыянальнай сістэме ад усёй краіны. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога выбірае парламент.
Прырода. Даўж. берагавой лініі Я. каля 30 тыс.км. Зах. берагі слаба парэзаны, усх. і паўд. маюць шмат заліваў і бухтаў. Каля 75% тэр. займаюць горы і ўзвышшы. На в-ве Хакайда гал. хрыбты (Токаты, Хідака, Кітамі) выцягнуты з Пн да Пд. На Пн в-ва Хонсю 3 паласы сярэдневышынных гор — Дэва і Асахі на З, Оў — у цэнтры, Кітакамі і Абукума — на У; на Пд хрыбты Хіда, Акаісі, Кісо, у цэнтры — тэктанічная ўпадзіна Фоса-Магна. Найвыш. пункт Я. — вулкан Фудзіяма (3776 м). Горны рэльеф пераважае на а-вах Кюсю, Сікоку і Рукю. На нізіны і міжгорныя ўпадзіны прыпадае каля 20% тэр., найб. Канто і Этыга (на в-ве Хонсю) і Ісікары (на в-ве Хакайда). Актыўная вулканічная дзейнасць на зах. узбярэжжы астравоў. Больш за 150 вулканаў, у т. л. 15 дзеючых (Асама, Бандай, Токаты, Міхара і інш.). На ўсх. узбярэжжы частыя землетрасенні (да 1,5 тыс. за год). Карысныя выкапні: каменны вугаль (запасы 8,7 млрд.т), жал. руда, марганец, храміты, медзь, цынк, волава, ртуць, сурма, вапнякі, каалін, невял. запасы нафты і газу. Клімат мусонны, на большай ч.тэр. субтрапічны, на Пн — умераны, на Пд — трапічны. На клімат Я. ўплываюць цячэнні Курасіо на Пд і У, Цусімскае на 3, халоднае Оясіо на ПнУ. Сярэдняя т-растудз. ад -5 °C на Хакайда да 6 °C на Пд Японскіх а-воў і 16 °C на арх. Рукю, ліп. адпаведна 22 °C, 27 °C і 28 °C., Ападкаў на большай ч.тэр. 1700—2000 мм, на Пд да 4000 мм за год. Штогод бывае да 15—20 тайфунаў, пераважна восенню. Рэкі кароткія, паўнаводныя, багатыя гідраэнергіяй; найб. — Сінана, Тоне, Ісікары, Тэсіо. Шмат азёр, найб. Біва (716 км²). Глебы на Пн падзолістыя і балотна-лугавыя, на Пд Хакайда і Пн Хонсю — буразёмы, на Пд — жаўтазёмы і чырваназёмы. Пад лесам і хмызнякамі каля 67% тэрыторыі. На Пн Хакайда пераважаюць хвойныя лясы (елка і піхта), на ПдЗ Хакайда і ПнУ Хонсю — субтрапічныя вечназялёныя лясы (магнолія, бамбук), у гарах — хвоя, кіпарыс, туя і інш. На Пд Кюсю і на архіпелагу Рукю трапічныя лясы з пальмаў, фікусаў, сагаўнікаў, папарацей і інш. Большасць лясоў — штучныя насаджэнні. Жывёльны свет разнастайны, ёсць эндэмікі і рэлікты. З млекакормячых трапляюцца воўк, ліс, барсук, янотападобны сабака, заяц, яп. чорны мядзведзь, яп. макак; з птушак — дзяцел, сойка, жураўлі, дрозд, арол. Пашыраны паўзуны, яшчаркі, чарапахі. Прыбярэжныя воды багатыя рыбай, крабамі, малюскамі. Каля 25% пл. — ахоўныя тэрыторыі. 28 нац. паркаў (Бандай-Асахі, Іосіна-Кумана, Сайкай, Сікоцу-Тоя, Фудзі-Хаконе-Ідзу і інш.) і 55 квазінац. паркаў (падпарадкоўваюцца прэфектурным уладам); шэраг падводных паркаў на мелкаводдзях, запаведнікі, рэзерваты і заказнікі.
Насельніцтва. Нац. склад насельніцтва аднародны (99,4% японцы); невял. колькасць карэйцаў (0,6%), айнаў, кітайцаў. Асн. рэлігіі — сінтаізм і будызм (84% вернікаў), 0,7% хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 337 чал. на 1 км² (2003). Найб. шчыльна населена раўніна Канто. Гарадскога насельніцтва 78%; каля 42% жыве ў гарадах з насельніцтвам больш за 3 млн.чал. Буйныя гарады (млн.чал., 2000): Токіо — 8,1 (з прыгарадамі 34,7), Іакагама — 3,4, Осака — 2,6 (з прыгарадамі 17,8), Нагоя — 2,2 (з прыгарадамі 5,1), Сапара — 1,8, Кобе — 1,5, Кіёта — 1,5, Фукуока — 1,3, Кавасакі — 1,2, Хірасіма — 1,1. У прам-сці занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 5%, у абслуговых галінах — 70%.
Гісторыя. Першыя людзі на Японскіх а-вах з’явіліся каля 200 тыс.г. назад. Этнагенез японцаў да канца не высветлены. Найстараж. аснову насельніцтва Я. складалі айны — збіральнікі і паляўнічыя. У сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. з Пд Карэйскага п-ва на Японскія а-вы праніклі т.зв. протаяп. плямёны. З іх прыходам тут паявіліся свойскія жывёлы — конь, карова; узнікла культура паліўнога рысу. На в-ве Хакайда з айнамі змешваліся выхадцы з усх. ўзбярэжжа мацерыка Азіі. На а-вах Кюсю і Сікоку і на Пд Хонсю айнскае насельніцтва асімілявалася з аўстранезійскімі плямёнамі. Працэс развіцця прышлых плямён, іх узаемадзеянне з мясц. аўстранезійска-айнскім насельніцтвам адбываліся да 5 ст. да н.э. Раннія пасяленцы жылі вясковымі абшчынамі, якія аб’ядноўваліся ў невял. тэр. або плем. саюзы на чале з правадырамі. У 2—3 ст. да н.э. яны вялі войны за расшырэнне сваіх тэрыторый. Пашырыліся паселішчы, умацаваныя насыпамі і равамі.
Паводле кіт. хронік, легендарны імператар Дзіму-Тэно — нашчадак багіні сонца Аматэрасу; у 660 да н.э. ён стаў родапачынальнікам няспыннай дынастыі яп. імператараў. На стадыі афармлення дзяржавы грамадства складалася з кроўнароднасных кланаў. У краіне не было пастаяннай сталіцы, і кожны імператар пераносіў яе паводле ўласнага разумення. У канцы 3 ст.н.э. цэнтр улады размяшчаўся на месцы сучаснага г. Нара (Пд в-ва Хонсю) на раўніне Ямата. У 2-й пал. 4 ст. імператары Ямата (стараж. назва Я.) здзейснілі экспансію на Пд Карэі, што паспрыяла пашырэнню кантактаў з высокаразвітой кіт. цывілізацыяй. Развіццё яп. цывілізацыі стымулявалі імпарт жалеза, кіт. мова, л-ра і філасофія. Найб. значная падзея гэтага часу — пранікненне ў Я. будызму і канфуцыянства. У канцы 6 ст. пры імператарах дынастыі Сога будызм стаў афіц. рэлігіяй Я. Нац. рэлігія японцаў — сінтаізм — захавала цырыманіяльнае значэнне. Працэс далучэння да кіт. культуры пашырыўся і на паліт. інстытуты. Унутр. палітыка імператараў Ямата была накіравана на аб’яднанне краіны і афармленне ідэалаг. асновы адзінаўладдзя. Важную ролю ў гэтым працэсе адыгралі ўведзеныя ў 604 прынцам Сётоку Тайсі «Законапалажэнні з 17 артыкулаў», дзе ў якасці галоўнага паліт. прынцыпу сфармуляваны вышэйшы суверэнітэт і строгае падпарадкаванне малодшых старэйшым; усталявалася сістэма рангаў чыноўнікаў і прыдворнага цырыманіялу.
Для гісторыі фарміравання яп. дзяржаўнасці вял. значэнне мела эпоха Фудзівара (645—1192). Пачатак ёй паклаў «пераварот Тайка» (па назве года, калі ён адбыўся), у час якога прынц Наканаоэ скінуў уладу дынастыі Сога (645). 2-я палавіна 7 ст. прайшла пад знакам «рэформ Тайка», у выніку якіх рэарганізаваны ўсе сферы адносін у краіне і ўмацавана імператарская ўлада паводле кіт. танскай мадэлі (гл.Тан). Усе землі перайшлі ва ўласнасць дзяржавы, краіна падзелена на правінцыі і паветы на чале з губернатарамі і павятовымі начальнікамі. У 694 пабудаваны першы сталічны горад Фудзіваркэ. Працэс афармлення сярэдневяковай яп. дзяржавы завершаны ў 8 ст., на працягу якога тройчы пераносілася сталіца: у 710 у Нара, у 784 у Нагаока і ў 794 у Кіёта. Станаўленне феад. грамадства суправаджалася адыходам ад кіт. класічнага ўзору дзярж. ўладкавання, абазначылася тэндэнцыя да дэцэнтралізацыі ўлады. У канцы 9 ст. вакуум улады запоўнілі прадстаўнікі роду Фудзівара, якія з 858 кіравалі краінай у якасці рэгентаў пры малалетніх імператарах, а з 888 — у якасці канцлераў (вышэйшых службоўцаў) пры паўналетніх. Характэрнай рысай сац. жыцця стала фарміраванне ваен. саслоўя самураяў, статус якога ўзрастаў з прычыны сац. нестабільнасці ў дзяржаве.
Круты паварот у гісторыі Я. адбыўся ў 1192, калі вярх. правіцелем краіны з тытулам сёгун стаў Мінамота Ёрытома. З таго часу да 1868 Я. кіравалі сёгуны, а імператары выконвалі толькі цырыманіяльныя функцыі. Першы сёгунат (улада сёгунаў з аднаго роду) Мінамота праіснаваў да 1335. Гэта быў час росквіту гарадоў, рамёстваў і гандлю. Вядучай формай стала дробнае самурайскае землеўладанне. У 1274 і 1281 японцы паспяхова супраціўляліся ўварванню манг. арміі. Другі сёгунат Асікага (1335—1573) узнік у ходзе працяглых міжусобных войнаў. У пач. 15 ст. ўзмацнілася цэнтр. ўлада. Аднак пасля забойства ў 1441 сёгуна Асікага Ёсіноры ў Я. зноў разгарнуліся міжусобныя войны, якія перараслі ў феад. вайну 1467—1477. Місію аб’яднання краіны выканалі 3 паліт. дзеячы: Ода Набунага, Таётомі Хідэёсі і Такугава Іэясу. У 1573 Ода скінуў апошняга сёгуна з роду Асікага. Ён авалодаў палавінай правінцый і сталіцай Кіёта, здзейсніў рэформы, якія ліквідавалі раздробленасць і спрыялі развіццю гарадоў. Аб’яднанне Я. завяршыў пераемнік Ода — Таётомі, які ў ходзе Імдзінскай вайны 1592—98 беспаспяхова спрабаваў заваяваць Карэю. Яго паплечнік Такугава Іэясу ў 1603 абвясціў сябе сёгунам. Пачаўся апошні, трэці (1603—1867) сёгунат Такугава, асн. намаганні якога былі накіраваны на абмежаванне ўсеўладдзя даймё (уладарных князёў). Сёгуны з дынастыі Такугава стварылі цэнтралізаваную дзяржаву і ўсталявалі рэжым спадчыннай ваен. дыктатуры. За імператарам захаваліся толькі цырыманіяльныя і рэліг.-культавыя функцыі. Агр. рэформа Такугава замацавала сялян за іх землямі. Пры першых Такугава строга размежаваны саслоўі: самураі, сяляне, рамеснікі, гандляры. Цэнтр. фігурай у дзяржаве стаў воін-самурай з высакароднага саслоўя. Асн. масу насельніцтва складала сялянства, становішча якога было цяжкім, а жыццёвы ўзровень нізкім. Імкнучыся ўмацаваць сваю ўладу і пазбегнуць залежнасці ад еўрап. дзяржаў, Такугава забаранілі любыя зносіны, у т. л. гандлёвыя, японцаў з еўрапейцамі (акрамя галандцаў; для абмежаванага гандлю з Галандыяй і Кітаем быў пакінуты адзіны порт — Нагасакі); кожны еўрапеец, які пранікаў на астравы Я., падлягаў смяротнаму пакаранню. 17 ст. было для Я. часам паліт. стабільнасці і эканам. росквіту. З канца 18 ст. пачаўся эканам. крызіс. Толькі ў 19 ст. адбылося больш за 1000 сял. паўстанняў. Аўтарытэт цэнтр. улады быў падарваны прымусовым «адкрыццём» Я. ЗША і еўрап. краінамі, якім не маглі супрацьстаяць тэхнічна адсталыя яп. армія і флот. У 1854—58 падпісаны нераўнапраўныя дагаворы, паводле якіх іншаземцы атрымалі права экстэрытарыяльнасці і неабмежаванага гандлю ў адкрытых партах і партовых гарадах, на іх тавары былі ўстаноўлены нізкія мытныя пошліны. Няздольнасць сёгуна абараніць нац. інтарэсы краіны паскорыла выступленне патрыятычна настроеных самураяў. Антысёгунскі рух узначалілі князі, якія падтрымалі заклік аднаўлення ўлады імператара — мікада і лічылі неабходным правядзенне ў Я. пераўтварэнняў на еўрап. ўзор. 3.1.1868 абвешчаны указ аб рэстаўрацыі ўлады імператара, скасаванні сёгуната і прызначэнні новага ўрада. Гэтыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю як «Рэстаўрацыя Мэйдзі», або бурж. рэвалюцыя Мэйдзі ісін. Перыяд кіравання імператара Муцухіта [1867—1912] атрымаў назву «асвячонае кіраванне». Рэформамі 1868—73 скасавана феад. ўласнасць на зямлю, ліквідавана раздробленасць краіны на княствы; уведзены прэфектуры на чале з чыноўнікамі, якіх прызначаў імператар, адменены абмежаванні для прадпрымальніцтва і гандлю. Дэкрэт аб усеагульнай вайск. павіннасці пазбавіў самураяў манапольных прывілеяў. Я. ўзяла курс на мадэрнізацыю і пераход да новага, бурж. ўкладу. Пачалася індустрыялізацыя краіны. Захоўваючы свае самабытныя традыцыі, яна пераймала ў Зах. краінах іх навук.-тэхн. дасягненні. У 1889 у Я. ўведзена канстытуцыя, якая абвясціла асобу імператара свяшчэннай і недатыкальнай.
Да пач. 20 ст. Я. набыла знешняе аблічча сучаснай індустр. дзяржавы. Аднак яе паліт. лад заставаўся напаўфеад., аўтарытарным, з моцным культам імператара.
З сярэдзіны 1870-х г. Я. распачала агрэсіўную палітыку калан. захопаў. Яна перамагла ў япона-кітайскай вайне 1894—95, што прывяло да сутыкнення інтарэсаў з Рас. імперыяй у Маньчжурыі. У выніку руска-японскай вайны 1904—05 Я. замацавала за сабой Карэю, Паўд. Сахалін і права на арэнду кіт. партоў Порт-Артур і Дальні (цяпер Люйшунь і Далянь). Яна стала адной з буйных калан. дзяржаў і самай моцнай прамысл. і ваен. дзяржавай на Д. Усходзе. У 1-ю сусв. вайну Я. выступіла на баку Антанты. Яна захапіла ў Германіі шэраг ціхаакіянскіх астравоў і ўмацавала свае пазіцыі ў Кітаі. У канцы 1917 Я. звярнулася да краін Антанты з прапановай паслаць яп. войскі ў Сібір «для абароны інтарэсаў дзяржаў». 5.4.1918 у г. Уладзівасток высадзіўся яп.ваен. дэсант і пачалася ваен. інтэрвенцыя Я. на рас. Д. Усходзе. Тым часам абвастрылася сітуацыя ўнутры краіны. Войскі і паліцыя жорстка падавілі «рысавыя бунты» 1918, якія ахапілі каля 500 гарадоў і вёсак у 42 прэфектурах. У 1922 яп. войскі пакінулі рас.Д. Усход (Паўн. Сахалін — у 1925, пасля ўстанаўлення дыпламат. адносін з СССР). На фоне фін. бязладдзя ў 1927 да ўлады прыйшлі мілітарысты, якія разлічвалі пераадолець ўнутр.эканам. цяжкасці з дапамогай знешняй узбр. экспансіі, аб’ектамі якой меркаваліся Кітай, Паўд.-Усх. Азія, Індыя, усх. раёны СССР. Я. стала на шлях паскоранай мілітарызацыі. У ліку яе прыхільнікаў былі ваен.-прамысл. канцэрны і афіцэры-кар’ерысты, якія заклікалі да ўзбр. перадзелу свету. Групоўкі фаш. кшталту ўмацоўвалі свае пазіцыі і ў арміі, і ў дзярж. апараце; адбылося некалькі спроб дзярж. пераваротаў і ўсталявання ваен.-фаш. дыктатуры.
19.9.1931 яп.Квантунская армія напала на Кітай і акупіравала Маньчжурыю, дзе стварыла марыянетачную дзяржаву Маньчжоў-Го. У адказ на патрабаванне Лігі Нацый вывесці яп. войскі з Кітая, Я. ў сак. 1933 выйшла з гэтай міжнар. арг-цыі і да 1936 акупіравала ўвесь Паўн. Кітай. 25.11.1936 Я. ўступіла ў «Антыкамінтэрнаўскі пакт» з Германіяй. У ліп. 1937 пачалася поўнамаштабная яп.-кіт. вайна (гл.Нацыянальна-вызваленчая вайна кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45). Няўдалыя для Я. зыходы Хасанскага канфлікту 1938 і Халхін-Гольскага канфлікту 1939 з СССР прымусілі яе прыпыніць экспансію ў паўн. напрамку. Сфарміраваны ў ліп. 1940 у Я. кабінет міністраў прынца Ф.Каноэ прыняў знешнепаліт. праграму, накіраваную на паспяховае завяршэнне вайны з Кітаем і стварэнне яп.калан. імперыі ў Паўд.-Усх. Азіі. Гаспадарка Я. цалкам пераводзілася на ваен. рэйкі. Былі распушчаны паліт. партыі, ліквідаваны прафсаюзы. уведзены жорсткі кантроль за дзейнасцю прамысл. і агр. прадпрыемстваў. Паводле Берлінскага пакта 1940 вызначалася «кіруючае становішча» Германіі і Італіі ў Еўропе і Афрыцы, а Я. — у Азіі. Як і Германія, Я. ўрэгулявала свае адносіны з СССР: 13.4.1941 падпісаны сав.-яп. пакт аб нейтралітэце тэрмінам на 5 гадоў. Пасля нападу Германіі на СССР (22.6.1941), кіраўніцтва Я. вырашыла не далучацца да гэтай агрэсіі, а скарыстаць выгадную для сябе сітуацыю ў Паўд.-Усх. Азіі, дзе без належнай абароны засталіся калоніі Вялікабрытаніі, Францыі і Нідэрландаў. 29.7.1941 яп. войскі пачалі акупацыю Паўд. Індакітая, што абвастрыла адносіны Я. з ЗША і Вялікабрытаніяй. 7.12.1941 яп. марская авіяцыя знянацку атакавала амер.ваен.-марскую базу на Гавайскіх а-вах Пёрл-Харбар, дзе знішчыла значную частку ВМС ЗША, якія на доўгі час страцілі магчымасць супрацьстаяць яп. агрэсіі. За першыя 6 мес вайны яп. войскі акупіравалі Малаю, Бірму, Інданезію, Філіпіны, Саламонавы а-вы, захапілі новыя тэр. ў Кітаі і выйшлі на граніцу з Індыяй. Да вясны 1942 Я. захапіла 3,8 млн.км² з насельніцтвам амаль у 150 млн. чалавек. Але ўжо ў чэрв. 1942 флот ЗША нанёс сур’ёзныя паражэнні яп. флоту і войскам у ходзе дэсантнай аперацыі на Алеуцкіх а-вах і каля атола Мідуэй. Суадносіны сіл у рэгіёне змяніліся на карысць ЗША, якія разам з саюзнікамі да сярэдзіны 1945 выцеснілі яп. войскі і флот з захопленых імі тэрыторый (гл.Ціхаакіянскія кампаніі 1941—45). Патсдамская дэкларацыя 1945 патрабавала безагаворачнай капітуляцыі Я. Гэта развязала рукі кіраўніцтву ЗША, і на яп. гарады Хірасіма (6.8.1945) і Нагасакі (9.8.1945) былі скінуты атамныя бомбы. Уступленне СССР у вайну супраць Я. (9.8.1945, гл.Савецка-японская вайна 1945) канчаткова паставіла яе ў бязвыхаднае становішча. 15.8.1945 абвешчаны рэскрыпт імператара Хірахіта [1926—89] аб капітуляцыі Я. 2.9.1945 падпісаны акт аб капітуляцыі Я. перад ЗША, СССР і іх саюзнікамі. Паводле рашэнняў Крымскай і Патсдамскай канферэнцый 1945 да СССР адышлі Паўд. Сахалін і Курыльскія а-вы. Тэр. Я. акупіравалі амер. войскі, якія дзейнічалі ад імя саюзных дзяржаў. Да 1952 вярх. ўлада ў краіне знаходзілася ў руках ЗША. Палітыка саюзных дзяржаў у адносінах да Я. прадугледжвала выкараненне мілітарызму і ліквідацыю ўсіх перашкод для ўмацавання ў краіне дэмакр. тэндэнцый. Пад кіраўніцтвам вярх. галоўнакамандуючага саюзнымі войскамі амер.ген. Д.Макартура ў Я. праведзены радыкальныя рэформы: ліквідаваны паліт. паліцыя і жандармерыя, мін-вы ўнутр. спраў, ваен. і марское, з турмаў вызвалены паліт. зняволеныя, а іх месца занялі яп.ваен. злачынцы; праведзена чыстка дзярж. апарата, сродкаў масавай інфармацыі і сферы адукацыі ад асоб, якія супрацоўнічалі з мілітарыстамі (пад рэпрэсіі трапіла каля 200 тыс.чал.). 28 прадстаўнікоў кіруючых вярхоў Я. былі аддадзены пад суд Міжнар.ваен. трыбунала (гл.Такійскі працэс), які 7 з іх засудзіў да смяротнага пакарання. Суд. працэсы над яп.ваен. злачынцамі адбыліся таксама ў гарадах Іакагама, Сінгапур, Ганконг, Маніла, Хабараўск (гл.Хабараўскі працэс). Найб. магутныя манапал. аб’яднанні Я. (дзайбацу) распушчаны або раздроблены на дзесяткі дробных кампаній, іх аперацыі пастаўлены пад кантроль амерыканцаў. У акупіраванай Я. аднавілі дзейнасць паліт. партыі і прафсаюзы. 10.4.1946 адбыліся ўсеагульныя выбары ў парламент, 17.4.1946 апублікаваны тэкст новай Канстытуцыі (прынята 3.11.1946, набыла сілу 3.5.1947). Паводле гэтай канстытуцыі абсалютная манархія скасоўвалася, імператар ператвараўся ў «сімвал адзінства нацыі» і фактычна пазбаўляўся паліт. улады, якая пераходзіла да парламента, а носьбітам суверэннай улады абвешчаны народ. Патрыярхальная сямейная сістэма скасоўвалася; жанчыны атрымалі грамадзянства і роўныя з мужчынамі выбарчыя правы. Нац. парламент станавіўся цэнтрам паліт. сістэмы, падобнай на брытанскую, з выбарным кабінетам міністраў, які нёс адказнасць перад палатай прадстаўнікоў. Канстытуцыя абвяшчала адмову яп. народа ад вайны, не дапускалася існаванне ў краіне арміі, ВПС і ВМФ. Радыкальная агр. рэформа прывяла да адчужэння зямлі ў б. памешчыкаў-самураяў і продажу яе па льготных цэнах сялянам-арандатарам. У выніку ўтварыўся шматлікі пласт сялян-уласнікаў. У ліст. 1948 штаб Макартура навязаў яп. ўраду свой план эканам. рэформы — курс «шокавай тэрапіі», які не прынёс жаданых вынікаў; краіна ўцягнулася ў працяглую інфляцыю. Яп. эканоміку выратавала Карэйская вайна 1950—53, падчас якой Я. ператварылася ў тылавую базу амер. войск. За гады вайны ў выніку ваен.-інфляцыйнага буму валавы нац. прадукт (ВНП) Я. павялічыўся ў 2 разы, зняты ўсе абмежаванні ў галіне прам-сці і ў гандлі, навязаныя амер. адміністрацыяй. Я. ператваралася ў стратэг. саюзніка ЗША.
У вер. 1951 у г. Сан-Францыска (ЗША) адбылася міжнар. канферэнцыя па выніках 2-й сусв. вайны, у ходзе яе прадстаўнікі 48 дзяржаў падпісалі з Я. Сан-Францыскі мірны дагавор 1951. У выніку спынена акупацыя Я., але дагавор бяспекі, падпісаны паміж Я. і ЗША, прадугледжваў захаванне на тэр. Я. амер.ваен. баз. Скарыстаўшы спрыяльную сітуацыю, яп. ўрад скараціў да мінімуму ваен. выдаткі і засяродзіў намаганні на найхутчэйшым вырашэнні эканам. задач. Да 1957 завершана пасляваен. аднаўленне эканомікі. У 1956 нармалізаваны сав.-яп. адносіны, якія заставаліся нявызначанымі з прычыны адмовы СССР падпісаць Сан-Францыскі мірны дагавор. У Сумесную дэкларацыю пра нармалізацыю адносін (гл.Савецка-японскія пагадненні) было ўключана абавязацельства СССР перадаць Я. пасля заключэння мірнага дагавора паміж дзвюма краінамі паўд.-курыльскія а-вы Хабамаі і Шыкатан. Адначасова СССР абяцаў падтрымаць просьбу Я. аб уступленні ў ААН. У студз. 1960 ЗША і Я. заключылі новы дагавор бяспекі. Правы амер. ваеннаслужачых у Я. скарачаліся, але ваен. базы ЗША захоўваліся. Скарыстаўшы гэта, СССР у аднабаковым парадку перагледзеў умовы Сумеснай дэкларацыі 1956 і адмовіўся разглядацьтэр. прэтэнзіі Я. Гэта істотна ўскладніла сав.-яп., а потым і рас.-яп. адносіны (мірны дагавор так і не заключаны). Яп. эканоміка паспяхова развівалася. З 1958—73 ВНП Я. павялічыўся ў 6,5 раза, а аб’ём прамысл. вытв-сці — у 10 разоў («японскі эканамічны цуд»). У канцы 1960-х г. Я. заняла 2-е месца ў свеце па аб’ёме прамысл. вытв-сці, а ў пач. 1970-х г. — і па ВНП. Аднак з-за рэзкага абвастрэння экалагічных праблем пачалося згортванне матэрыяла- і капіталаёмістых здабыўных і апрацоўчых галін, пераход на навукаёмістыя тэхналогіі. Адначасова былі скарэкціраваны сац. праграмы ў інтарэсах «сярэдняга класа». У знешняй палітыцы Я. імкнулася да наладжвання дыпламат. адносін з суседнімі краінамі. У 1972 яп. прэм’ер-міністр наведаў Кітай, Я. спыніла дыпламат. адносіны з Тайванем.
Умацаванне і згуртаванне левых партый, актыўнасць рабочага руху, нарастанне барацьбы супраць ядзернай зброі і амер.ваен. баз на тэр. Я. падштурхнулі да аб’яднання бурж. партыі. У 1955 створана Ліберальна-дэмакр. партыя Я. (ЛДПЯ), якая выкарыстала заклік да стварэння «дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту». Кансерватыўны лагер і прамыслова-фін. колы аб’ядналіся ў ЛДПЯ і тым самым адмовіліся ад зах. мадэлі канкурэнцыі некалькіх бурж. партый. У яп. грамадстве адбылося паліт. размежаванне. Суадносіны паліт. сіл, якія склаліся ў 1950-я г., вызначалі ўсё паліт. жыццё Я. да пач. 1990-х г. Яго асаблівасцю была наяўнасць пастаяннай большасці дэпутацкіх месцаў ЛДПЯ у парламенце; пры тым, што апазіц. партыі заўсёды мелі іх больш за трэць, што не дазваляла ЛДПЯ перагледзець канстытуцыю і змяніць паліт. лад. У 1964 вылучылася партыя Камэйта з яе лозунгам пабудовы «справядлівага грамадства». Яе стварэнне завяршыла фарміраванне шматпарт. сістэмы. З пач. 1970-х г. кіруючая ЛДПЯ заахвочвала мілітарысцкія тэндэнцыі ў паліт. жыцці, павялічвала ваен. выдаткі; прэстыж урада падрываўся фактамі прамога ўмяшання буйнога капіталу ў выбарчую кампанію («справа «Локхід»). У 1975—76 адбыўся паліт. скандал вакол прэм’ер-міністра К.Танака, якога арыштавалі за хабар, атрыманы ад амер. авіякампаніі. ЛДПЯ пачала траціць свае пануючыя пазіцыі ў дзярж. апараце. У 1980—90-я г. працягвалася пашырэнне шматпарт. сістэмы, абвастралася барацьба за выбаршчыкаў і масавасць партый. ЛДПЯ прапанавала канцэпцыю «частковай кааліцыі» з мэтай перацягвання на свой бок цэнтрысцкай апазіцыі, але ўсё часцей блакіравалася з кансерватарамі. У пач. 1990-х г.Сацыяліст. партыя Я. (СПЯ) і цэнтрысты сталі на шлях падрыхтоўкі стварэння кааліцыйнага ўрада, прапанавалі праект паліт. рэформы. У 1993 скончылася манаполія ЛДПЯ на ўладу, і яна была вымушана падзяляць яе ў складзе кааліцыйнага ўрада з інш. партыямі. Пасля смерці Хірахіта (дэвіз праўлення і назва яго «эры» — Сёва) у студз. 1989 імператарам Я. стаў яго сын Акіхіта [дэвіз праўлення і назва новай «эры» — Хэйсэй («Устанаўленне міру»)].
У канцы 1980-х г. з’явіліся першыя прыкметы крызісу ў яп. эканоміцы, з 1991 пачалася зацяжная эканам. дэпрэсія, якая ў 1994 перарасла ў эканам. крызіс. Вясной 1995 беспрацоўе ў Я. склала 3,2% ад эканамічна актыўнага насельніцтва. Структурны крызіс выявіў сур’ёзныя праблемы грамадства: адставанне Я. ў сац. інфраструктуры, зніжэнне канкурэнтаздольнасці яе тавараў на сусв. рынку, рост долі пенсіянераў у грамадстве, рэзкае павышэнне цэн на нерухомасць, залежнасць ад амер. тэхналогій, адсутнасць тэхнал. прарываў у вядучых галінах (авіябудаванне, асваенне космасу і інш.). Гал. прычыну эканам. цяжкасцей Я. спецыялісты бачаць у праблеме банкаўскай сістэмы, якая адчувальна рэагуе на любыя змены ў сусв.фін. сістэме. З 1998 рэалізуецца комплексны план развіцця краіны да 2010—15, які мае на мэце павысіць ролю і значэнне Я. ў сусв. эканоміцы і ў сусв. палітыцы. Асн. дактрынай сучаснай знешняй палітыкі Я. застаецца мэтазгодная канцэпцыя саюзу з ЗША. У 1987 падпісана пагадненне аб удзеле Я. ў праграме «зорных войнаў». З ліст. 1975 Я. — пастаянны ўдзельнік усіх штогадовых сустрэч найб. развітых капіталіст. краін («вялікай сямёркі»). Восенню 1997 ваен. міністры і міністры замежных спраў ЗША і Я. падпісалі ў Вашынгтоне новае пагадненне аб асн. кірунках ваен. супрацоўніцтва на аснове яп.-амер. «дагавора бяспекі». Дзелавыя колы Я. прапрацоўваюць варыянты арганізацыі «азіяцкай зоны свабоднага гандлю», куды, як мяркуецца, разам з Я. увойдуць Паўд. Карэя, Тайвань, Сінгапур, Сянган (Ганконг), Тайланд і Малайзія. Вял. значэнне Я. надае наладжванню адносін з Кітаем і Расіяй. Парламенцкія выбары 25.6.2000 пакінулі за ЛДПЯ і яе саюзнікамі (Ліберальная і інш. партыі) абмежаваную большасць дэпутацкіх месцаў у палаце прадстаўнікоў. 26.4.2001 «папулісцкі рэфарматар» Дз.Каідзумі замяніў на пасадах лідэра ЛДПЯ і прэм’ер-міністра Я. непапулярнага Ё.Моры. Я. — чл.ААН (з 1956), Арг-цыі эканам. супрацоўніцтва і развіцця (з 1964) і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 26.1.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. ЛДПЯ, Дэмакр. партыя Я., Ліберальная партыя Я., Новая партыя міру, Камуніст. партыя Я., С.-д. партыя і інш.Асн.прафс. аб’яднанні: Канфедэрацыя прафсаюзаў — Рэнга, Нац. федэрацыя прафсаюзаў, Нац. савет сувязі прафсаюзаў.
Гаспадарка. Я. — высокаразвітая краіна, якая займае 2-е месца ў свеце пасля ЗША па эканам. патэнцыяле. У 2001 на яе долю прыпадала 14% сусв. валавога ўнутр. прадукту (ВУП). З сярэдзіны 1950-х да пач. 1970-х г. у Я. адбываўся інтэнсіўны ўздым эканомікі (яп. «эканам. цуд»), сярэднегадавы прырост ВУП складаў каля 10%. Па дынаміцы росту, формах арганізацыі бізнесу і менеджменту, дасягненняў у канкурэнтаздольнасці і якасці таварнай прадукцыі яна не мела аналагаў сярод індустрыяльна развітых краін свету. Прыярытэтнымі кірункамі перабудовы эканомікі былі выбраны навукаёмістыя і высокатэхнал. праекты — тэлекамунікацыі, мікраэлектроніка, оптыкавалакністыя матэрыялы, авіяцыя і касманаўтыка, медыцына, біятэхналогія, ахова навакольнага асяроддзя. Нягледзячы на тое, што ў апошнія гады тэмпы прыросту ВУП знізіліся і складаюць каля 1%, Я. з’яўляецца вядучай краінай у свеце па вытв-сці некат. відаў прадукцыі: 1-е месца па выплаўцы сталі, вытв-сці марскіх суднаў, прамысл. робатаў, экспарце станкоў і кавальска-прэсавага абсталявання; 2-е месца — па ўкараненні сучасных інфарм. тэхналогій, вытв-сці сінт. каўчуку, легкавых аўтамабіляў, станкоў; 3-е — па ўлове рыбы, вытв-сці кардону і паперы, па золатавалютных рэзервах і замежных інвестыцыях. ВУП у 2002 склаў 3,55 трлн. дол. (28 тыс.дол. на душу насельніцтва). У структуры ВУП на долю прам-сці прыпадае 35%, сельскай і лясной гаспадаркі — 2%, сферы паслуг — 63%. Вядучая галіна эканомікі — прамысловасць (12% сусв.прамысл. вытв-сці). 99% складаюць дробныя прадпрыемствы (занята менш за 100 чал.), якія працуюць поруч з гіганцкімі. Эканоміка Я. залежыць ад імпарту сыравіны і паліва. З мясц. паліўных рэсурсаў выкарыстоўваюць у асноўным каменны вугаль. У 2000 здабыта 3,1 млн.т вугалю, пераважна на Хакайда; невял. здабыча нафты (0,3 млн.т) і прыроднага газу (2,5 млрд.м³). Асн.ч. нафты (249 млн.т) і прыроднага газу (76,5 млрд.м³) імпартуецца з Інданезіі, Брунея, краін Б. і Сярэдняга Усходу. Вытв-сць электраэнергіі ў 2001 склала 1037 млрд.кВт∙гадз, у т. л. 60% на ЦЭС (найб. — Касіма, Анагасакі, Хімедзі), 29,8% на АЭС (найб. ў свеце Кашывазакі-Карыва), 8,4% на ГЭС і інш. (1,8%). Развіта чорная і каляровая металургія. Каменны вугаль на патрэбы галіны завозіцца з ЗША, Канады, Аўстраліі, жал. руда — з Аўстраліі, Бразіліі, Індыі. У 2002 выплаўлена 107,7 млн.т сталі і 81 млн.т чыгуну. У каляровай металургіі пераважае вытв-сць лёгкіх металаў. Вытв-сць (тыс.т, 2001) кадмію — 2,5, цырконію — 8,8, свінцу — 303, ферахрому — 111,7, волава — 0,7, нікелю — 147, тытанавых зліткаў — 16,3, вісмуту — 0,5 і інш.Асн. цэнтры: Кітакюсю, Мураран, Фукуяма, Касіма, Осака і інш.Гал. галіна прам-сці — машынабудаванне (51,5% прамысл. прадукцыі), па ўзроўні развіцця якога Я. займае 2-е месца ў свеце і мае амаль поўную наменклатуру вырабаў. Вылучаюцца аўтамабіле- і суднабудаванне, радыёэлектронная, эл.-тэхн., прылада- і станкабуд. прам-сць. Вытв-сць (млн.шт., 2000) легкавых аўтамабіляў — 8,4, грузавых — 1,8, суднаў — 6,4 млн.т. грузападымальнасці. Гал.аўтамаб. кампаніі: «Таёта мотар», «Нісан мотар», «Хонда мотар» і інш.Асн. цэнтры: Токіо, Осака, Кобе, Іакагама, Нагасакі, Кавасакі, Нагоя і інш. Развіта вытв-сцьбыт. электратэхнікі і электронікі (млн.шт., 2000): відэакасетных магнітафонаў — 5,5, магнітафонаў — 14,5, відэакамер — 11,7, мабільных тэлефонаў — 60,2, каляровых тэлевізараў — 2,3, камп’ютэраў — 15,6, прамысл. робатаў — 0,4, халадзільнікаў — 4,2, пральных машын — 4,2, пыласосаў — 5,8, кандыцыянераў — 7,3, электрапечаў — 2,9, мед. і інш.тэхнал. абсталявання. Гал. кампаніі: «Хітаці», «Ташыба», «Соні», «Фудзі», «Міцубісі электронік» і інш. На долю хім. прам-сці прыпадае 15% кошту прамысл. прадукцыі. Развіта вытв-сць прадукцыі хіміі арган. сінтэзу і асн. хімія. У 2000 выраблена сінт. валокнаў — 1,4 млн.т, у т. л. акрылавых — 0,7 млн.т (2-е месца ў свеце), аўтамаб. шын — 162,6 млн.шт., мінер. угнаенняў — 1,1 млн.т, сінт. каўчуку — 1,5 млн.т.
Развіта фармацэўтычная прам-сць. Асн. раёны хім. прам-сці — узбярэжжа Такійскага зал., раёны Нагоі, Осакі, Хірасімы. З галін лёгкай прам-сці вылучаецца тэкст., якая выкарыстоўвае імпартную сыравіну і ўласныя хім. валокны. Вытв-сць (млн.м², 2000) тканін: баваўняных — 663,5, шарсцяных — 98,2, шаўковых — 33,5, ільняных — 3,9. З галін харч. прам-сці развіты рыбакансервавая, цукр. (887 тыс.т, 2001), чайная, мукамольная, крупяная, піваварная, алейная (1,8 млн.т). У лясной і дрэваапр. прам-сці развіты нарыхтоўка драўніны (19 млн.м³), вытв-сць цэлюлозы (10,7 млн.т), паперы (26,8 млн.т), кардону (3,9 млн.т). Драўніна завозіцца таксама з Канады, Расіі, краін Паўд.-Усх. Азіі. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў, у т. л. цэменту (76,6 млн.т). Традыц. развіта вытв-сць фарфору і цацак. Пашыраны саматужна-рамесныя, у т. л.маст., вырабы. Сельская гаспадарка амаль на 70% забяспечвае патрэбы краіны ў харч. прадуктах. Апрацоўваецца 4534 тыс.га, у т. л. 2679 тыс.га паліўных зямель. Пераважае дробнае сялянскае землекарыстанне. Сярэдні памер фермерскай гаспадаркі 1,24 га. Характэрна спалучэнне ручной працы з высокім узроўнем тэхн. забяспечанасці і хімізацыі вытв-сці, высокая ўраджайнасць асн.с.-г. культур. Гал. галіна — раслінаводства. Асн. культура — рыс, на які ў структуры пасяўных плошчаў збожжавых культур прыпадае 84,2%, сеюць пшаніцу — 8,7%, ячмень — 2,6%, кукурузу, проса і інш. — 4,5%. У паўд. раёнах збіраюць па 2 ураджаі рысу за год. З тэхн. культур вырошчваюць цукр. буракі, цукр. трыснёг, бабовыя, у т. л. сою, тытунь, чай. Агародніцтва, бахчаводства, бульбаводства. Садоўніцтва і вінаградарства. Кветкаводства. Збор (млн.т, 2000): рысу — 11,32, пшаніцы — 0,7, цукр. буракоў — 3,8, агародніны і бахчавых культур — 12,7, бульбы — 2,9, садавіны (мандарыны, яблыкі) і вінаграду — 3,9. Жывёлагадоўля развіваецца пераважна на прывазных кармах. Пад пашавымі ўгоддзямі каля 2% тэрыторыі. Пагалоўе (млн. галоў, 2001): буйн. раг. жывёлы — 4,5, свіней — 9,8, коз — 0,03, авечак — 0,01. Птушкагадоўля (297 млн. галоў). Вытв-сць мяса 3 млн.т, малака 8,5 млн.т. Шаўкаводства. Вял. значэнне для Я. мае рыбалоўства (6,69 млн.т, 1999) і здабыча морапрадуктаў. Развіты ўсе віды транспарту. Даўж. чыгунак 23,7 тыс.км, у т. л. 20,7 тыс.км электрыфікаваныя. Даўж. аўтадарог 1,15 млн.км. У краіне 46,64 млн. легкавых і 21,39 млн. грузавых аўтамабіляў. Паміж астравамі паромы, масты, падводныя тунэлі, у т. л.найб. «Сэйкан». 630 суднаў агульным дэдвейтам 11,7 млн.т. Гал. марскія парты: Іакагама, Кобе, Нагоя, Осака, Токіо, Кавасакі, Сакаі і інш. 173 аэрапорты. Развіты турызм (даход 3,43 млрд.дол.). Экспарт (383,8 млрд.дол., 2002) машын і абсталявання, электронікі і электратэхнікі, хім. прадукцыі, лекаў, паперы; імпарт (292,1 млрд.дол., 2002) машын і абсталявання, харч. прадуктаў, сыравіны, паліва. Асн.гандл. партнёры: ЗША (28,5% экспарту і 18,3% імпарту), Кітай (9,6% і 17,1%), Паўд. Карэя (6,9% і 4,6%), Тайвань, Інданезія, Аўстралія. Тавараабарот Рэспублікі Беларусь з Я. у 2001 склаў 46,7 млн.дол. Грашовая адзінка — іена.
Узброеныя сілы (афіц. назва «сілы самаабароны», створаны ў 1950). Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (239,9 тыс.чал.; 2002). Ваенізаваныя фарміраванні (дэпартамент марской аховы 12,25 тыс.чал.). Вярх. галоўнакамандуючы — прэм’ер-міністр. Камплектаванне паводле найму. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС. У сухап. войсках 148,2 тыс.чал., каля 100 пускавых установак тактычных ракет (у т. л. пускавыя ўстаноўкі аховы ўзбярэжжа), 1040 танкаў, 90 баявых развед. машын, 60 баявых машын пяхоты, 830 бронетранспарцёраў, 480 гармат на буксірнай цязе і 280 самаходных, 1220 мінамётаў, 120 ракетных сістэм залпавага агню, 674 пускавыя ўстаноўкі процітанк. кіроўных ракет, 80 гармат зенітнай артылерыі, 540 пераносных зенітных ракетных комплексаў, 200 пускавых установак зенітных кіроўных ракет, 10 самалётаў і каля 450 верталётаў, з іх каля 90 баявых. У ВПС 45,6 тыс.чал., 280 баявых самалётаў (баявых верталётаў няма). У ВМС 44,4 тыс.чал. (у т. л. 9,8 тыс. ў марской авіяцыі), 18 падводных лодак, 4 эсмінцы-верталётаносцы, 40 эсмінцаў і 10 фрэгатаў з кіроўнай ракетнай зброяй, 5 ракетных катэраў, 2 дэсантныя верталётаносныя караблі-докі, 4 малыя дэсантныя караблі, 11 дэсантных катэраў, 6 дэсантных катэраў на паветр. падушцы, 27 мінна-тральных караблёў, 2 плаўбазы мінна-тральных караблёў, 60 дапаможных суднаў, 20 буксіраў; авіяцыя ВМС налічвае 97 самалётаў і 101 верталёт. У дэпартаменце марской аховы 12,25 тыс.чал., 99 патрульных караблёў, 245 патрульных катэраў, 12 гідраграфічных суднаў, 5 пажарных суднаў, больш за 100 абслуговых і дапаможных суднаў і катэраў, 28 самалётаў і 42 верталёты.
Ахова здароўя. Кіраванне аховай здароўя ажыццяўляецца на 4 узроўнях: дзярж., прэфектаральным, цэнтраў здароўя і мясц.гар. і сельскіх органаў улады; каардынуецца Мін-вам аховы здароўя і сац. забеспячэння. Кожны жыхар Я. мае свабодны выбар урача і мед. установы, некалькі страховак свайго жыцця. Асн. від страхавання — членства ў некамерцыйных адносна танных т-вах узаемнага страхавання. Большая ч. насельніцтва — у нац. сістэме страхавання здароўя (пабудавана паводле тэр. прынцыпу) і сістэме страхавання асоб наёмнай працы (пабудавана паводле вытв. прынцыпу). Ільготы для застрахаваных складаюць 90% ад кошту лячэння. Асабістыя расходы насельніцтва на ахову здароўя — каля 12% ад агульнага аб’ёму расходаў. Састарэлым аказваецца бясплатная кансультацыйная дапамога; расходы па доглядзе асоб. што старэй за 70 гадоў, складаюць амаль 1/3 ад усяго мед. бюджэту. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 78, жанчын — 85 гадоў (самая высокая ў свеце, 2002). Колькасць доўгажыхароў (больш за 90 гадоў) — 701 тыс.чал. (2000), больш за 100—17 934 чал. (2002). Узровень мацярынскай смяротнасці — 8 на 1 тыс. родаў (2001), нараджальнасці 10,3 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,8% (2000). Дзіцячая смяротнасць — 5 на 1 тыс. нованароджаных (2001). Забеспячэнне ўрачамі — 1 на 507,6 чал. (2002). Рыхтуюць урачоў больш за 70 ВНУ. У Я. дзейнічае каля 140 лячэбных устаноў.
Асвета. Сістэма адукацыі Я. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Кіруе сістэмай адукацыі мін-ва адукацыі, навукі і культуры, а на мясц. узроўні — прэфектурныя і муніцыпальныя к-ты. Адпаведна існуюць установы адукацыі дзярж., прэфектурныя і муніцыпальныя, а таксама прыватныя. Дашкольнае выхаванне дзяцей з 3 да 6 гадоў ажыццяўляецца ў дзіцячых дашкольных установах. 1-я ступень абавязковай адукацыі — пачатковая 6-гадовая школа для дзяцей 6—12 гадоў (1—6-ы класы); 2-я ступень — малодшая сярэдняя школа на базе пач. школы для дзяцей 13—15 гадоў (7—9-ы класы, тэрмін навучання 3 гады). Яе навуч. план уключае абавязковыя прадметы і прадметы на выбар. Для моладзі 16—18 гадоў на базе малодшай сярэдняй школы існуе старэйшая сярэдняя школа (10—12-ы класы, 3 гады навучання). Старэйшая сярэдняя школа ахоплівае каля 90% выпускнікоў абавязковай школы. Навучанне платнае. Каб паступіць у яе, неабходна здаць конкурсныя экзамены і тэставыя выпрабаванні. У старэйшай сярэдняй школе існуюць 2 аддзяленні: агульнаадукацыйнае з падзелам на гуманітарны і прыродазнаўчы кірункі і прафесійнае — тэхнал., с.-г., камерцыйны кірункі і марскі промысел. Існуюць таксама старэйшыя сярэднія школы вячэрнія і завочныя (тэрмін навучання 4 гады). У 1997 іх было 5 496, навучалася 4 371 360 школьнікаў. Вышэйшую адукацыю даюць ун-ты поўнага цыкла, ун-ты паскоранага цыкла, прафес. каледжы і тэхн. ін-ты. Фармальна ўсе выпускнікі старэйшай сярэдняй школы маюць права паступаць у ВНУ, дзе навучанне платнае і стыпендыі атрымліваюць каля 20% студэнтаў. У 2003 у Я. каля 600 ун-таў, з іх 425 прыватных. Агульная колькасць студэнтаў больш за 2,5 млн. чалавек. Адукацыя ва ун-тах на базе старэйшай сярэдняй школы, тэрмін навучання 4 гады, на мед. ф-тах — 6 гадоў. Тэсціраванне па прыёме ва ун-ты праводзіць Нац. цэнтр па прыёме ва ун-ты. Прыватныя ВНУ праводзяць уступныя экзамены самастойна. Найбуйнейшыя дзярж. ун-ты: Такійскі ( з 1877, 18 тыс. студэнтаў, 11 ф-таў), у Кіёга (з 1897, 15 тыс., 10 ф-таў), у Осацы (з 1931, 12 тыс., 10 ф-таў), у Хакайда (з 1872, 11 тыс., 11 ф-таў). З прыватных найб. вядомы такійскія ун-ты: Ніхон (з 1889, 94 тыс., 13 ф-таў), Васэдза (з 1882, 41 тыс., 7 ф-таў), Кэйо (з 1885, 35 тыс., 5 ф-таў), Мэйдзі (з 1923, 30 тыс., 8 ф-таў), Такай (з 1946, 27 тыс., 9 ф-таў); Кансійскі ун-т у Осацы (з 1886, 23 тыс., 6 ф-таў). Па заканчэнні асн. курса навучання выпускнік ун-та атрымлівае ступень бакалаўра і можа паступіць у магістратуру (2 гады) і дактарантуру (3 гады для тых, хто мае ступень магістра, і 5 гадоў для бакалаўраў). Ва ун-тах паскоранага цыкла тэрмін навучання 2 гады. Прыём на базе старэйшай сярэдняй школы. У 1997 іх было каля 600. Каля 60% студэнтаў ун-таў паскоранага цыкла — дзяўчаты, якія атрымліваюць веды пераважна ў галіне гуманіт.навук. Для тых, хто хоча атрымаць вузкатэхн. адукацыю, існуюць прафес. каледжы з тэрмінам навучання 3 гады. У тэхн. ін-тах вучацца 5 гадоў. Яны даюць шырокую тэхн. падрыхтоўку. Іх выпускнікам гарантавана працаўладкаванне ў буйных фірмах і доследных цэнтрах. У тэхн. ін-тах рыхтуюць таксама спецыялістаў гандл. флоту. У 1997 у Я. каля 60 тэхн. ін-таў, у якіх навучалася каля 55 тыс. студэнтаў. У Я. каля 900 публічных б-к, найб. з іх Нац. парламенцкая ў Токіо (з 1948), б-кі Такійскага ун-та і ун-та Кіёта. Больш за 400 музеяў, з якіх больш як 30 у Токіо: Нац. (з 1871), Нац. сучаснага мастацтва (з 1952), Нац. заходняга мастацтва (з 1959), Нац. навуковы (з 1877), муніцыпальны ў Кіёта і на в-ве Хакайда, Нац. ў Кіёта (1889), прыгожых мастацтваў у Осацы, музеі пры ун-тах і інш.Навук. даследаванні праводзяцца ў Японскай АН, НДІ і ўстановах у галіне тэхналогіі, прыродазнаўчых і дакладных навук, эканомікі, сельскай гаспадаркі, медыцыны, культуры і мастацтва, гісторыі і інш.Н.-д. ўстановы ёсць і пры ун-тах. З 1949 дзейнічае Навук. савет Японіі. У Я. каля 300 навук. т-ваў.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 2003 у Я. выдаваліся 420 газет, у т. л. 5 агульнанац., і інш.перыяд. выданні. Найбуйнейшыя газеты: «Іаміуры сімбун» («Рэпарцёр», з 1874), «Асахі сімбун», «Майніці сімбун» («Штодзённая газета», з 1872), «Санкэй сімбун» («Прамыслова-эканамічная газета», з 1933), «Ніхон кэйдзай сімбун» («Японская эканамічная газета», з 1876). Інфарм. агенцтвы: Кіода Цусін, Джыджа (з 1945). Радыёвяшчанне з 1925. Тэлебачанне з 1953. Дзейнічаюць 253 радыёстанцыі і 127 тэлекампаній; 146 кампаній вядуць тэле- і радыёперадачы праз спадарожнік; 669 аператараў кабельнага тэлебачання. Грамадская тэлерадыёвяшчальная карпарацыя Эн-Эйч-Кэй (з 1950) вядзе перадачы па 2 тэле-, 4 радыёканалах, 3 каналах спадарожнікавага тэлебачання, радыёстанцыя «Радыё Японіі» — на замежныя краіны на 23 мовах свету. Прыватныя агульнанац. каналы: Эй-Эн-Бі, Сі-Ікс, Эн-Ці-Ві, Ці-Бі-Эс.
Літаратура. Развіваецца на японскай мове. Першыя паэт. помнікі на яп. мове з 8 ст.: летапіс «Кодзікі» — збор нар. эпічнай творчасці і паэт. анталогія пераважна ў жанры танка «Мант’ёсю» («Збор мірыяд пялёсткаў»). У 10 ст. выйшла анталогія класічнай паэзіі ранняга сярэдневякоўя «Збор даўніх і новых песень». Вяршыня класічнай л-ры Я. — раман «Гэндзі-манагатары» («Аповесць пра Гэндзі», 11 ст.) Мурасакі Сікібу. У 13—15 ст. зарадзіўся жанр гункі — ваен. эпапея «Хэйкэ манагатары» («Паданне пра дом Тайра»). У 14—15 ст. расквітнеў паэт. жанр рэнга («нанізванне страфы», Ё.Нідзё, Согі), узніклі т-р масак Ноа і першыя п’есы ёкёку на сюжэты нар. паданняў і гераічных эпапей (драматург і акцёр Дзэамі). У 16 ст. зарадзілася гар.л-ра; майстар гар. навелы укіёдзосі — С.Іхара. Драматургія 17—18 ст. арыентавалася на т-р лялек дзёруры і т-ркабукі. Найбуйнейшы прадстаўнік — М.Цікамацу. У паэзіі панаваў жанр хайку (Мацуо Басё, І.Кабаясі, Б.Танігуці). На мяжы 18—19 ст. развівалася апавядальная л-ра (Б.Такідзава, А.Уэда). У пач. 19 ст.рэаліст. традыцыі гар. л-ры прадаўжаў І.Дзіпэнся. Пасля незавершанай рэвалюцыі 1867—68 адбыліся вял. зрухі ў развіцці л-ры, шырока перакладаліся творы зах.-еўрап. пісьменнікаў. Пачатак новай л-ры даў трактат «Сутнасць рамана» С.Цубауці, які паставіў на першы план пачуццёвасць і індывід. жыццё. У аснове яп. рэалізму — раман «Плывучае воблака» С.Фтабатэя. З паяўленнем паэт.зб. «Сінтайсісё» («Зборнік вершаў новай формы») усталяваўся жанр свабоднага верша — сі (А.Ёсана, Т.Кітамура). Паралельна з рамант. паэзіяй развіваўся рэаліст. кірунак, у якім сцвердзіўся размоўны свабодны верш (дзіюсі), што стаў пануючай паэт. формай 20 ст. У пач. 20 ст. пад уплывам творчасці Э.Заля ўзнік рух за натуралізм (К.Нагаі). Сац. праблематыка, разрыў паміж ідэалам і рэчаіснасцю — гал. тэмы яп. рэалістаў (Д.Кунікіда, С.Нацумэ, Т.Сімадзакі, К.Таяма). Заснавальнік дэмакр. паэзіі — Т.Ісікава. У 1920—30-я г. ўзніклі плыні пралет. л-ры (Т.Кабаясі, С.Такунага, Ё.Хаяма), неарамантызму (Дз.Танідзакі), неагуманізму (Н.Сіга), «школы новага майстэрства» (неарэалізму; Р.Акутагава). Прынцыпы мадэрнісцкай эстэтыкі адбіліся на творчасці групы «неасенсуалістаў» (Р.Ёкаміцу). У пасляваен. л-ры побач існавалі розныя тэндэнцыі і плыні: традыц. (Я.Кавабата, Ю.Місіма, Танідзакі), дэмакр. (К.Курахара, Ю.Міямота, Такунага) і сэнгаха (спалучэнне рэалізму і мадэрнізму; Абэ Коба, Х.Нома, Ё.Хота). Вострыя сац. праблемы сучаснай Я. ў рэаліст. раманах Дз.Гамікава, Т.Ісікава, тэма трагедыі Хірасімы — у М.Ібусэ, М.Іноўэ, Хота, тэма адчужанасці пасляваен. моладзі, трывога за лёсы чалавецтва перад пагрозай ядз. катастрофы — у К.Оэ, Абэ Коба, Т.Кайка. У паэзіі выступілі Д.Доі, К.Кітасона, Р.Тамура, Р.Хасэгава, прозе — Іноўэ Ясусі, К.Айкава, С.Кубота, Х.Муракамі, К.Накадзата, С.Сімота, драматургіі — Дз.Кінасіта, К.Міямота. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі раманы Абэ Коба («Жанчына ў пяску. Чужы твар», 1986, пер. В.Рабкевіч), яп. казкі «Медуза і малпа» (1988, пер. С.Міхальчук). У перыяд. выданнях друкаваліся ў перакладзе на бел. мову паасобныя творы Акутагава, У.Каіціра, Мацуо Басё. Сярод перакладчыкаў Л.Баршчэўскі, Я.Курто, А.Разанаў, У.Шатон і інш.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж.маст. творы Я. адносяцца да неаліту (8 — сярэдзіна 1-га тыс. да н.э.), да т.зв. перыяду Дзёмон: керамічны посуд з налепленым дэкорам, стылізаваныя фігуркі ідалаў догу, антрапаморфныя маскі дамэн. У пач.н.э.быт. кераміка набыла яскравасць форм і строгасць геам. ўзору, пашырыліся бронзавыя мячы, люстэркі, званы датаку. У перыяд Кофун (4—6 ст.) выраблялі гліняныя фігуркі воінаў, жрацоў, прыдворных дам, жывёл і інш. магічнага прызначэння (ханіва). У перыяд Асука з пашырэннем будызму ў храмах узводзілі алтары з выявамі божастваў з залачонай бронзы або расфарбаванага дрэва. Статуям вышэйшых божастваў 7 ст., блізкіх да пластыкі Кітая і Карэі, уласцівы суровасць і аскетычнасць, божаствам міласэрнасці бодхісатвам (босацу) — большая разнастайнасць. У перыяд Нара павялічылася выкарыстанне пластыкі, манум. вобразаў; у скульптуры пачалі выкарыстоўваць т.зв. сухі лак і гліну, пашыраны гратэскавыя рытуальныя маскі. Пад уплывам кіт. і інд. мастацтва афармлялі храмы (Харудзі, 8 ст.). У перыяд Хэян скульпт. алтарныя кампазіцыі ўскладніліся тэматычна, ствараліся многааблічныя і мнагарукія божаствы складаных аб’ёмаў, ярка расфарбаваныя. Будыйскаму жывапісу ўласцівы сімвалічныя схемы светабудовы — іконы-мандалы. У 11—12 ст. сфарміраваліся стылістычныя якасці свецкага жывапісу Ямата-э. Яскравую графічнасць, кампазіц. дынаміку набылі ілюстрацыі 12 ст. да будыйскіх навел і гіст. легенд (Т.Сёдза). Вытанчанай прыгажосцю вылучаюцца вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва: лакавыя столікі, куфэркі ў тэхніцы макі-э (прысыпка залатым парашком, нанясенне малюнка золатам). У перыяд Камакура пластычнае ўвасабленне набылі шматлікія вобразы божастваў і святых, успрынятых з будыйска-сінтаісцкага пантэона (бог Хатыман і інш.), а таксама абагаўлёныя дзеячы будызму, военачальнікі. З іх драўлянымі скульпт. выявамі звязана развіццё партрэтнага жанру (майстэрні скульптараў Какэй, Ункэй і інш.). Партрэты военачальнікаў і манахаў пашырыліся і ў жывапісе (партрэт Мінамота Ёрытома). У скрутках-эмакімано нарастала імкненне да фіксацыі канкрэтных з’яў, распрацоўкі прасторавага асяроддзя. Высокага ўзроўню дасягнула ўпрыгожанне мячоў і кінжалаў. Новыя тэхнікі пашырыліся ў афармленні лакавых вырабаў. Сярод керамічных цэнтраў вылучаўся Сета. У перыяд Мурамаці ў выяўл. мастацтве распаўсюдзіўся манахромны жывапіс суйбоку-га, які ўспрыняў традыцыі кіт. мастакоў будыйскай секты Чань (Дзэн; С.Тоё і інш.). Традыцыі нац. жывапісу Ямата-э развівалі ў размалёўках на скрутках, шырмах, перагародках майстроў школ Кано і Тоса (Міцунобу Тоса і інш., якія звярталіся да тэм літ. твораў з жыцця знаці і будыйскага духавенства). З завяршэннем эвалюцыі храмавай скульптуры развіццё пластыкі звязвалася пераважна з мастацтвам вырабу тэатр. масак. З фарміраваннем культу чайнай цырымоніі, у якой важную ролю адыгрывалі чашы і вазы, развіліся цэнтры керамікі Таканабе, Сігаракі, Тамба, Бізэн, Сета. З чайнай цырымоніяй звязана ўзнікненне з канца 15 ст. мастацтва ікебана. У перыяд Мамаяма прадаўжала развівацца творчасць школ Кано і Тоса. Высокай дасканаласці дасягнула мастацтва керамікі. У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. расквітнела школа манахромнага жывапісу нанга (бундзінга), якой уласцівы паэт. непасрэднасць вобразнага ладу, свабода маст. выяўлення, своеасаблівасць трактоўкі пейзажных матываў (І.Тайга, В.Кадзан, Т.Бунцё, Ё.Бусон). Папулярнасць набыла таксама школа манахромнага жывапісу Маруяма — Сідзё, прадстаўнікі якой выкарыстаннем падфарбоўкі і святлоценявой мадэліроўкі імкнуліся да дасканаласці ў перадачы натуры (М.Окіо, М.Гасюн, Н.Расэцу). У дэкар. жывапісе важную ролю адыграла т.зв. школа Сатацу — Карын (Т.Сатацу, А.Карын). Дэмакр. змены ў характары мастацтва ўвасобіліся ў жывапісе, асабліва ў каляровай гравюры на дрэве Укіё-э. На ранняй стадыі развіцця гравюры (1680—1760-я г.) у стварэнні вобразаў выкарыстоўвалася падфарбоўка ад рукі, 2- і 3-каляровы друк. З сярэдзіны 1760-х г. раскрыццё эмац. свету чалавека стала больш глыбокім, з’явілася імкненне да выяўлення яго характэрных рыс. Мастакі К.Утамара, С.Харунобу, Ц.Сяраку выкарыстоўвалі развітую тэхніку паліхромнага друку. У эвалюцыі традыц. жанраў гравюры 1800—60-х г. назіраецца адмаўленне ад пошукаў характарнасці, узмацняецца імкненне да фармальнай вытанчанасці (У.Тоёкуні і інш.); дасягнуў росквіту жанр пейзажа (К.Хакусай, А.Хіросігэ). Мастацтва скульптуры прадстаўлена пераважна творчасцю нар. майстроў (Энку), фарфоравая вытв-сцьзасн. на вопыце кіт. і яп.нар. майстроў. Кераміка і высокамаст. вырабы з лаку ствараліся майстрамі школы Сатацу — Карын (Х.-А.Коэцу, Н.Нінсэй, А.Кэндзан). Пластычнай выразнасцю вылучаліся бірулькі-нэцкэ. На мяжы 19—20 ст. ў жывапісе склаліся 2 кірункі: традыц. ніхонга і еўрап. ёга. Шэраг майстроў традыц. стылю працягваў развіваць прынцыпы сярэдневяковага пейзажнага жывапісу (Т.Таміёка, Ё.Тайкан, Т.Сэйхо, С.Кандзан і інш.). Творчасць жывапісцаў, якія вучыліся за мяжой (А.Цю, Я.Сатаро, У.Рудзабуро, К.Сэйкі і інш.), фарміравалася пад уплывам еўрап. акадэмізму, імпрэсіянізму і фавізму. З 1910-х г. на выяўл. мастацтва ўсё большы ўплыў аказвае дадаізм, кубізм, сюррэалізм і інш. мадэрнісцкія плыні. З 1950-х г. узмацняюцца пошукі сінтэзу арх., скульпт. і жывапісных форм. Для сучаснага жывапісу Я. характэрна разнастайнасць кірункаў і школ — следаванне архаічным традыцыям і ўспрыняцце авангардысцкіх зах.-еўрап. і амер. плыней (А.Сёры, Ф.Івамі, С.Тога, А.Таро, Т.Тэсей). Сярод мастакоў-манументалістаў М.Іры, М.Тасіка, М.Гэндзіра, С.Макота; скульптараў — С.Уэкі, Т.Таманоры і інш.; графікаў — О.Тадасігэ, У.Макота, С.Дзюн’ітыра, Т.Дзіра, Н.Хірахару, М.Сэмпан, Х.Ун’іці, О.Касіра, М.Сіко. Развіваюцца традыц. віды дэкар.-прыкладнога мастацтва (у нар. творчасці) і авангардысцкія пошукі (у прафес. мастацтве).
Архітэктура. У канцы неаліту — пач. ранняга жал. веку будавалі зямлянкі, хаціны, а таксама прамавугольныя ў плане збожжасховішчы з бярвён без вокнаў, з 2-схільным дахам, узнятыя слупамі над зямлёй. У пач.н.э. з умацаваннем сінтаізму накшталт збожжасховішчаў на вял. засыпаных галькай тэрыторыях узводзілі абнесеныя агароджай гал. свяцілішчы (у Ісе і Ідзума, 550). У 4—6 ст. насыпалі грандыёзныя курганы правіцеляў. З пашырэннем будызму на ўзор. кіт. і кар. архітэктуры пачалі будаваць манастыры (Харудзі, Хакідзі). Невял. па плошчы храмавыя ансамблі складаліся з шмат’яруснай пагады, гал. храма конда, залы для пропаведзей, сховішча будыйскіх сутраў, жылля манахаў і інш. Збудаванні знаходзіліся на прамавугольнай плошчы, абкружанай 2 радамі сцен з брамамі. Пагада і конда размяшчаліся па цэнтр. восі або па баках ад яе. Будынкі ўзводзілі на аснове стоечна-бэлечнай каркаснай канструкцыі, мелі афарбаваныя чырвоным лакам калоны і кранштэйны, якія падтрымлівалі масіўны чарапічны 1—2-ярусны дах, выгнуты па краях. З 710 на ўзор кіт. рэгулярных у плане гарадоў створана першая сталіца Я. — Хэйдзёкё (цяпер Нара). У яе былі перанесены гал. храмавыя ансамблі, якія вылучаліся дакладнай сіметрыяй планаў, прасторавасцю плошчаў, веліччу і магутнасцю канструкцый. У канцы 8 ст. будавалі ў новай сталіцы Хэян (цяпер Кіёта). У сувязі з росквітам эзатэрычных (тайных) будыйскіх сектаў Тэндай і Сінгон, якія атаясамлівалі Буду з самой прыродай, манастыры пачалі будаваць у горнай мясцовасці: Муродзі каля Нары (засн. 681, перабудаваны ў 824—833), Энракудзі (засн. ў 788), Кангабудзі (816, каля Хэяна). Склаўся тып нац. жылога ансамбля. У сядзібе 9—10 ст. да прасторнага 1-зальнага павільёна сіндэн (адсюль назва арх. стылю сіндэн-дзукуры) з неафарбаванага дрэва, прыўзнятага на слупах, з 2 бакоў прылягалі галерэі, якія злучалі асн. будынак з бакавымі флігелямі; перад фасадам размяшчалася пясчаная плошча, якая завяршалася садам (дрэвы, кусты, штучная сажалка, масты; Імператарскі палац Дайдайры ў Хэяне, 794—4105, Павільён Фенікса ў храме Бёда-ін у Кіёта, 11 ст.). Прынцыпы стылю сіндэн пашырыліся і ў храмавым будаўніцтве. У 12—14 ст. на кіт. ўзор узводзілі манастыры секты Дзэн. Іх будынкі, перакрытыя саламянымі дахамі, мелі спрошчаны выгляд (рэлікварый Сярыдэн манастыра Энгакудзі ў Камакуры, 1282—85). Ідэя сувязі з прыродай стымулявала ў архітэктуры фарміраванне стылю сёін-дзукуры: лёгка трансфармаваная канструктыўная сістэма інтэр’ера мела рассоўныя знешнія сцены (сёдзі), унутр. перагародкі (фусума), якія перамяшчаліся, падлогу, цалкам укрытую цыноўкамі татамі (вызначалі модульны прынцып трактоўкі прасторы), акно з шырокім падаконнікам (сёін), нішу таканома са скруткам і букетам ікебана. Новыя стылістычныя рысы пачалі праяўляцца ў архітэктуры загарадных палацаў («Залаты павільён» — Кінкакудзі, канец 14 ст., і «Сярэбраны павільён» — Гінкакудзі, 15 ст., у Кіёта). У садова-паркавым мастацтве адбылася трансфармацыя саду стылю сіндэн у сад, арганізаваны на аснове дзэнскага вучэння, паводле якога прасвятленне дасягаецца сузіраннем прыроды ва ўсёй яе велічы і бясконцай зменлівасці. Вызначыліся 2 асн. тыпы саду: цукіяма — пейзажны (з камянёў, дрэў, імхоў, сажалак; сад манастыра Роандзі) і хіраніва — плоскі (з пяску і камянёў, пакрытых імхом; сад манастыра Роандзі). З 2-й пал. 16 ст.традыц. віды культавых пабудоў страцілі дамінуючае значэнне, пачалі пераважаць замкі і чайныя павільёны. Замкі накшталт еўрап. абарончых збудаванняў звонку засцерагаліся сценамі, вадаёмамі; унутры ўмацоўваліся радамі сцен, размешчаных вакол плошчы з пакоямі даймё (у стылі сёін) і вежай-данжонам, якая складалася з некалькіх паверхаў-ярусаў з выступаючымі дахамі і франтонамі (замкі Хакуродзё ў Хімедзі, каля 1580; у Осацы, засн. ў 1583; і інш.). Паступова абарончая функцыя замкаў знізілася, яны ператварыліся ў парадныя палацавыя рэзідэнцыі (замак-палац Нідзё ў Кіёта, засн. ў 1602). Для правядзення чайнай цырымоніі выкарыстоўваўся павільён цясіцу: домік у выглядзе хаціны з лёгкімі глінабітнымі сценамі, падлогай, засланай цыноўкамі, і дахам з саломы або драўнянай кары (павільён Таян, 1582, у манастыры Мёкіян у Кіёта). Шлях да павільёна ішоў праз цяніва, т.зв. чайны сад. Сярод будынкаў, якія дэманструюць завяршэнне развіцця феад. архітэктуры, — грандыёзны пахавальны комплекс у Ніка (1-я пал. 17 ст.), які сумяшчае тыпы сінтаісцкай і будыйскай архітэктуры і палацавы ансамбль Кацура каля Кіёта (1620—58) — спалучэнне парадна-палацавага стылю сіндэн, жылога сёін і чайнага павільёна цясіцу. У канцы 19 — пач. 20 ст.гар. архітэктура характарызуецца эклектычным змяшэннем нац. і еўрап. стыляў (будынак нац. парламента, 1918—36). З канца 1920-х г. пашырыліся ідэі еўрап. рацыяналізму (арх. С.Дзюндза, М.Куніо). У 1930—40-я г. адрадзіліся нац. тэндэнцыі — т.зв. стыль імператарскай кароны, цікавасць да традыцый нац. дойлідства. Лёгкія каркасныя канструкцыі, арх. формы, якія ўзаемадзейнічаюць з навакольнай прасторай, сумяшчаюцца з выкарыстаннем навейшых матэрыялаў і буд. прыёмаў. Сярод збудаванняў: мемар. парк Міру ў Хірасіме (1949—56), Нац.т-р Я. ў Токіо (1966), Палац міжнар. цэнтра канферэнцый у Кіёта (1966—74), 2 алімпійскія комплексы (пач. 1960-х г.), небаскроб «Сумітома» (1974, усе ў Токіо), Гіст. музей прэфектуры Гума, (1980); архітэктары К.Тангэ, М.Куніо, М.Тога, Т.Кітыра і інш. Манастыры Харудзі, Хімедзі, гіст. помнікі стараж. Кіёта, Нары, пахавальны комплекс у Ніка, мемар. парк Міру ў Хірасіме ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Музыка. У ладавай будове стараж.яп. музыкі шмат агульнага з музыкай інш. народаў Д. Усходу. З 3 ст. музыка Я. развівалася ва ўзаемадзеянні з кіт. і кар.муз. культурамі, на яе паўплывалі цэнтр.-азіяцкая і паўд.-ўсх. культуры, а таксама індыйска-будыйская, з канца 19 ст. — еўрап. і амерыканская. З муз. інструментаў: стр. шчыпковыя сямісэн і кота, духавыя хіцірыкі (род габоя), фуэ і сякухаці (бамбукавыя флейты); біндзасара (драўляная трашчотка). З 3 ст. з утварэннем буйнога племяннога саюза Ямата пашырыліся рэліг. містэрыі кагура з танцамі, спевамі, інстр. суправаджэннем. З 6 ст. распаўсюдзілася традыцыя будыйскіх песнапенняў сёмё з выкарыстаннем сістэмы натацыі неўмаў, якая ў працэсе эвалюцыі падзялілася на мноства разнавіднасцей. З 13 ст. з пашырэннем будыйскага манаства пераважала традыцыя ігры на сякухаці ў 2 тыпах — хонкёку і гайкёку. З 16 ст. пашырылася традыцыя ігры на сямісэне (род лютні). Створаны школы сямісэна Такэмота Гідаю, Като Масумі (17—18 ст.), Таківазу Модзідаю (18 ст.), Кіёмота Эндзюдаю (18—19 ст.); з канца 19 ст. называлася сінкёку. Тэарэт. асновы музыкі Я. сфарміраваны ў традыцыі гагаку — сістэме 5-тонавых ладоў цёсі, аб’яднаных у групы «ро» і «рыцу», якія асацыіраваліся з мужчынскім і жан. пачаткамі па аналогіі з кіт.філас. сістэмай. Гал. прынцыпы яп.муз. навукі выкладзены ў трактатах «Кёкунсё» Кома Цікадзанэ (1231), «Гакароку» Абэ Суэнао (1690). У канцы 16 — пач. 17 ст.муз.-тэатр. традыцыі Я. развівалі т-ры ноа, кабукі, дзёруры. Традыц.муз. творчасць адрозніваецца разнастайнасцю лакальных форм і стыляў, што асабліва характэрна для астравоў Рукю (песні аяга і тагамі і інш.), Акінава (цыкл. вак. кампазіцыі ў суправаджэнні сямісэна і інш.), Хакайда (захавалася муз. творчасць айнаў). Пасля рэвалюцыі Мэйдзі пачаўся працэс засваення традыцый еўрап. і амер. музыкі. З канца 19 ст. цэнтр муз. культуры Я. — Токіо. Цэнтр т.зв. зах. школы — кансерваторыя ў Токіо (з 1872). У канцы 19 — пач. 20 ст. былі створаны сімф. аркестры, оперная трупа «Асакуса» (1920). Першая опера паст. ў Токіо ў 1904; у 1952 засн. Такійская оперная кампанія. З канца 1940-х г. характэрны 3 асн. кірункі: зварот да нац.муз. мастацтва (Міціо Мамія, Ірына Ёсіра, Акутагава Ясусі і інш.); спалучэнне нац.традыц. элементаў з элементамі авангардызму (Такахасі Юдзі, Хацімура Ёсіо, Нода Тэруюкі і інш.); заходні, частка прадстаўнікоў якога арыентуецца на традыцыі муз. класікі (К.Ямада і інш.), частка — на розныя праявы муз. авангардызму (дадэкафонія, канкрэтная, электронная музыка і інш.). У 1957 створаны Ін-т музыкі 20 ст. Сярод музыкантаў 20 ст.: кампазітары Ямада Касаку, Кіёсэ Ясудзі, Міягі Міціо, Набутокі Кіёсі, Мацудайра Ёрыцунэ, Тору Такеміцу, Т.Хасакава, М.Хіраяма, Я.Сютару, дырыжоры Уэда Масасі, Сайто Хідэо, Ватанабэ Акэо, піяністы Накамура Хірока, Мацуура Тасіка, скрыпачы Ё.Куба, М.Усіёда, Сато Ёка, віяланчэліст Івасака Юдзі, спявачка Она Тэрука, музыказнаўцы Хірасада Тамура, Танабэ Хісао, Танака Сёхэй, Тамба Акіра, Геніці Цугэ і інш.Муз. жыццё сканцэнтравана ў Токіо, Осацы, Кіёта, Нагоі і інш. гарадах. У Я. функцыянуюць оперныя трупы «Фудзівара кагэкідан», «Нікікай», ансамбль камернай оперы «Сіцунай кагэкідан», каля 20 сімф. аркестраў, у т. л. 8 у Токіо, камерна-інстр. ансамблі, у т. л. Такійскі стр. квартэт; калектывы традыц.муз.-тэатр. мастацтва (Аркестр гагаку імператарскага палаца «Сігэнкан», трупа Нац.т-ра і інш.); муз.самадз. калектывы. Муз. ўстановы: Муз. акадэмія («Сэндзокугакуэн»), муз. школы «Тоха» і Кунітаці, муз.аддз. пры ун-тах Токіо, Осакі і інш. У 1930 створана Федэрацыя сучасных кампазітараў.
Тэатр. Вытокі яп.т-ра ў стараж. абрадах, культавых урачыстасцях. У 7—8 ст. у Я. пранікаюць тэатр. формы Карэі, Кітая, Індыі (музычна-танц. паказы гігаку і бугаку), што садзейнічала фарміраванню класічнага яп.т-ра. У канцы 14 ст. на аснове запазычаных і мясц. уяўленняў узнік т-р ноа, які ўключаў музыку, танец і драм. дзеянне. Гал. дзейныя асобы выступалі ў масках, акрамя выпадку, калі была рэалістычная роля; большасць сцэн — пантамімы, хор каменціраваў падзеі. Тэкст акцёры дэкламавалі ці гартанна спявалі. Усе ролі па традыцыі выконвалі мужчыны. У строгай кананічнай форме жанр захаваўся і ў 20 ст. У пач. 17 ст. з ростам гарадоў пашырыліся тэатр. жанры — т-р лялек дзёруры (спалучаў мастацтва лялечнікаў, спевакоў-казачнікаў і музыкантаў) і т-ркабукі (дзейнічае ў Токіо, Осацы, Кіёта, Нагоі). У пач. 20 ст. ўзніклі новыя жанры, створаныя ў выніку абнаўлення традыц.т-ра (сімпа, сінкакугэкі) і запазычання еўрап. форм (сучасная драма сінгэкі, опера, балет). Тэатр. мастацтва падзяляецца на традыц. (бугаку, ноа, кабукі, дзёруры) і еўрап. (драма, опера, балет). Своеасаблівая праслойка паміж імі — сімпа (яп. мяшчанская меладрама) і сінкакугэкі (драма, аснова якой — сцэны бітваў на мячах). Рэпертуар сучасных т-раў сінгэкі складаюць пераклады п’ес еўрап. і амер. драматургаў, а таксама новыя творы яп. аўтараў. Сярод акцёраў: у т-ры ноа — М.Кіта; у т-ры кабукі — К.Накамура, К.Мацумота, Э.Іцікава; у сімпа — Я.Мідзутані, К.Ісіі; у сінкакугэкі — С.Сімада, Р.Тацумі. У Я. каля 100 труп сінгэкі, буйнейшыя з іх — «Хайюдза», «Мінгэй», «Бунгакудза». Сярод рэжысёраў К.Сэнда, Дз.Уно, акцёраў — О.Такідзава, І.Ямада, Я.Ямамота і інш. У 1966 у Токіо створаны нац.тэатр. цэнтр «Какурыцу гэкідзё» — адзіны ў Я. дзярж.т-р, які садзейнічае захаванню і развіццю традыц. жанраў. Пры цэнтры арганізавана першая яп.тэатр. школа падрыхтоўкі акцёраў т-раў кабукі і дзёруры. Працуе н.-д.Ін-ттэатр. мастацтва. У 1983 адкрыты першы дзярж.т-р ноа. Іл.гл. таксама да арт.Кабукі.
Кіно. Кінавытворчасць у Я. пачалася ў 1899 са здымак дакумент. і маст. фільмаў паводле спектакляў т-ра кабукі. У 1903 з’явіўся першы кінатэатр у Токіо, у 1907 — у Осацы. У 1908 пабудаваны кінастудыі ў Токіо і Кіёта. Нац. кінематаграфія развівалася ў 2 асн. кірунках: «дзідайгэкі» і «гэндайгэкі». Жанравыя каноны самурайскага фільма «дзідайгэкі» склаліся пад уздзеяннем традыцый т-ра (фільмы з гіст. і легендарным сюжэтам); яны вызначаліся статыкай і гарыз. кампазіцыяй кадра, эстэт. вытанчанасцю рухаў: фільмы А.Курасавы «Расёмон» (1950, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі; прэмія «Оскар» 1951), «Сем самураяў» (1954, прэмія «Оскар» 1955), «Цень ваяра» (1980; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Ран» (1985) і інш. «Кэнгэкі» (дынамічны фехтавальны фільм) сінтэзаваў традыцыі «дзідайгэкі» і амер. вестэрна («Вандраванні Цюдзі», 1927, рэж. Д.Іта; «Вуліцы ронінаў. Апавяданне першае», 1928, рэж. М.Макіна). Выкарыстаўшы каноны «кэнгэкі», рэж. М.Кабаясі асудзіў самурайскую мараль у фільмах «Харакіры» (1962, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1963), «Паўстаўшы» (1967, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі). Жанр «гэндайгэкі» засн. на сюжэтах з сучаснасці, рэалістычнасці атмасферы і ігры акцёраў. Ён адышоў ад традыцый нац. тэатра і першых стужак нямога кіно, дзе жаночыя ролі выконвалі мужчыны, і з 1923 у фільмах пачалі здымацца актрысы («Шальмоўка», 1927, рэж. Х.Госё). З фільмам Госё «Суседка і жонка» (1931) звязана сцверджанне гукавога кіно. Моцныя жан. характары ў фільмах С.Імамуры «Японскае насякомае» (1963), «Легенда пра Нараяму» (1983), «Вугор» (1998, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1999). З пач. 1960-х г. творчасць маладых рэжысёраў адметная развіццём тэмы лёсу пасляваен. пакалення: «Цырымонія» (1971, рэж. Н.Ошыма), «Аднадумцы» (1975, рэж. Ё.Ямада). У жанры «кэйка эйга» (тэндэнцыйны фільм) створаны сац.-псіхал. драмы з арыентацыяй на дакументалізм, рэальныя факты: «Голы востраў» (1960, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Маскве, 1961), «Акцёр» (2000; рэж. абодвух К.Сінда), «Вуліца без сонца» (1954, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Вялікая белая вежа» (1966, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Маскве, 1967; рэж. абодвух С.Ямамота), «Пад стук трамвайных колаў» (1970, рэж. А.Курасава), «Да жыцця прыдатны» (2002, рэж. К.Курасава). Пачынальнік яп. неарэалізму — рэж. Т.Імаі. А.Курасава экранізаваў творы рус. пісьменнікаў: «Ідыёт» Ф.Дастаеўскага (1951), «На дне» М.Горкага (1957), «Дэрсу Узала» В.Арсеньева (1976; усе зняты ў СССР). Акцёрскую школу яп. кіно склалі Т.Міфунэ, К.Танака, С.Хара, С.Хаякава, І.Ямада і інш. Стылістычныя пошукі на стыку яп. і еўрап. традыцый у фільмах Х.Тэсігахары («Пастка», 1960; «Жанчына ў пясках», 1964; «Чужы твар», 1966), Ошымы («Ноч і туман Японіі», 1960; «Хлопчык», 1969), Т.Міікі («Горад страчаных душ», 2000) і інш. Адзін з буйнейшых яп. рэжысёраў — Т.Кітана («Жорсткі паліцэйскі», 1989; «Лялькі», 2002). З 1970-х г. павялічыўся выпуск фільмаў для масавага гледача ў жанры «якудза эйга» (пра арганізаванае злачынства і катастрофы). Яп. анімацыйнае кіно набыло папулярнасць дзякуючы фільмам у стылі У.Дыснея, якія выпускаюцца з 1958 кампаніяй «Тоэй». Адметная з’ява — фільмы майстроў анімацыі, заснаваныя на традыцыях нац. карыкатуры (рэж. Ё.Куры і інш.).
Літ.:
Очерки новой истории Японии (1640—1917). М., 1958;
Кин Д. Японцы открывают Европу, 1720—1830: Пер. с англ.М., 1972;
Конрад Н.И. Древняя история Японии // Конрад Н.И. Избр. тр. История. М., 1974;
Воробьев М.В. Япония в III—VII вв. М., 1980;
Спеваковский А.Б. Самураи — военное сословие Японии. М., 1981;
Яго ж. Религия синто и война. Л., 1987;
Накамура Синтаро. Японцы и русские: Пер. с яп.М., 1983;
Мещеряков А.Н. Древняя Япония: буддизм и синтоизм: Проблема синтеза. М., 1987;
Япония: Поиски обновления. М., 1995;
История Японии. М., 1998;
Латышев И.А. Япония, японцы и японоведы. М., 2001;
История современной японской литературы: Пер. с яп.М., 1961;
Рехо К. Современный японский роман. М., 1977;
Кин Д. Японская литература XVII—XIX столетий: Пер. с англ.М., 1978;
Боронина И.А. Поэтика классического японского стиха VIII—XIII вв. М., 1978;
Николаева Н.С. Современное искусство Японии: Краткий очерк. М., 1968;
Яе ж. Декоративное искусство Японии. М., 1972;
Яе ж. Декоративные росписи Японии XVI—XVIII веков. М., 1989;
Иэнага Сабуро. История японской культуры: Пер. с яп.М., 1972;
Сисаури В. Японская музыка гагаку // Сов. музыка. 1975. № 1;
Яго ж. Японская инструментальная музыка гагаку (генетические связи и процесс становления) // Вопросы теории и эстетики музыки. Л., 1975. Вып. 14;
Гришелева Л.Д. Формирование японской национальной культуры (конец XVI—нач. XX века). М., 1986;
Яе ж. Формирование японской национальной культуры в XX в. М., 1986;
Яе ж. Театр современной Японии. М., 1977;
Ивасаки А. История японского кино: Пер. с яп.М., 1966.
П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), В.А.Юшкевіч (узброеныя сілы), І.М.Семяненя (ахова здароўя), К.В.Языковіч (асвета, навуковыя ўстановы), Л.А.Фядотаў (друк, радыё, тэлебачанне), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Н.В.Сазановіч (музыка), В.Ф.Нячай (кіно).
Герб і сцяг Японіі.Да арт.Японія. Наваколлі вулкана Фудзіяма.Да арт.Японія. Токіо.Да арт.Японія. Рысавыя палі.Да арт.Японія. Першая чыгунка ў Японіі. 19 ст. Японская гравюра.Да арт.Японія. Самурай. Японская гравюра.Да арт.Японія. Прадстаўнік Японіі міністр замежных спраў М.Сігэміцу падпісвае акт аб капітуляцыі сваёй краіны на борце амерыканскага лінкора «Місуры». 2.9.1945.Да арт.Японія. Тэракотавая статуэтка. 4—6 ст.Да арт.Японія. С.Тоё. Пейзаж.Да арт.Японія. Т.Сатацу. Бог ветру.Да арт.Японія. К.Утамара. Жанчыны, занятыя выбарам адзення.Да арт.Японія. Анда Хіросігэ. Ліст «Сінтаісцкі храм Міната каля моста Інарыбасі ў квартале Тэпосу» з серыі «Сто знакамітых відаў Эда». 1856—58.Да арт.Японія. Цікуёсай Тамаціка II. Нэцке «Чароўны кацялок для чаю». 1800—73.Да арт.Японія. Т.Тэсей. Пейзаж.Да арт.Японія. К.Хакусай. З серыі «36 відаў Фудзі».Да арт.Японія. К.Сэйкі. Ля возера.Да арт.Японія. Павільён Фенікса ў будыйскім храмавым комплексе Бёда-ін у Кіёта. 11 ст.Да арт.Японія. Залаты павільён. Кіёта. Канец 14 ст.Да арт.Японія. Галоўная пабудова вежавага тыпу замка Хакуродзё ў Хімедзі. 17 ст.Будынак нацыянальнага парламента Японіі 1918—36.Да арт.Японія. Аркестр гагаку.Нацыянальны тэатр Японіі ў Токіо. 1966.Да арт. Японія. Тэатр лялек дзёруры.Да арт.Японія. Кадр з кінафільма «Голы востраў». 1960.Да арт.Японія. Кадр з кінафільма «Жанчына ў пясках». 1964.