ВАПЦА́РАЎ (Нікола Іонкаў) (7.12.1909, г. Банска, Балгарыя — 23.7.1942),

балгарскі паэт. Скончыў марское тэхн. вучылішча (1932). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. руху ў Балгарыі, расстраляны гітлераўцамі. Друкаваўся з 1926. Працягваў традыцыі балг. рэв. паэзіі (Х.​Боцеў, Х.​Смірненскі), выступіў як паэт-наватар. У зб. «Песні матора» (1940) адлюстраваў сац. зрухі часу, атмасферу завода, рух машын, працоўныя будні, веру ў светлую будучыню. Цыкл «Песні пра адну краіну» прысвечаны антыфаш. барацьбе ў Іспаніі. На бел. мову яго вершы перакладалі А.​Астрэйка, Н.​Гілевіч і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Песня пра чалавека. Мн., 1982;

Рус. пер. — Избранное. М., 1984

Г.​Я.​Адамовіч.

т. 3, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХІ́Л, Ахілес,

у грэчаскай міфалогіі герой Траянскай вайны, адзін з гал. персанажаў «Іліяды». Паводле падання, маці Ахіла, марская багіня Фетыда, каб зрабіць сына бессмяротным, пакупала яго ў свяшчэнных водах р. Стыкс. Толькі пятка, за якую яна трымала дзіця, засталася паражальная. Загінуў Ахіл ад стралы Парыса, што трапіла ў пятку (адсюль выраз «ахілесава пята»). Ахіл — улюбёны герой стараж.-грэч. мастакоў і паэтаў, яму прысвечаны шматлікія малюнкі на ант. вазах, пампейскія фрэскі, рэльефы рым. саркафагаў. Міф пра Ахіла стаў сюжэтам твораў жывапісцаў А. ван Дэйка, П.​П.​Рубенса, Дж.​Б.​Цьепала, Н.​Пусэна, А.​Іванава.

Да арт. Ахіл. Прыям просіць у Ахілеса цела Гектара. Мастак А.​А.​Іванаў. 1824.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛУ́МЕ ((Blume) Фрыдрых) (5.1.1893, г. Шлюхтэрн, Германія — 22.11.1975),

нямецкі музыказнавец. Праф. ун-таў у Лейпцыгу, Берліне, Кілі. У 1927—29 кіраўнік Ін-та муз. навукі, з 1935 супрацоўнік Дзярж. ін-та ням. музыказнаўства. З 1951 кіраўнік створанай ім міжнар. камісіі па арганізацыі выдання «Міжнародны даведнік музычных крыніц». Асн. працы прысвечаны музыцы 16—18 ст., у т. л. І.С.Баху. Рэдактар выданняў «Спадчына нямецкай музыкі» (1935—43), «Нямецкая музычная культура» (1939—45), поўнага збору твораў М.Прэторыуса (1928—40). Заснавальнік і рэдактар энцыклапедыі «Музыка ў гісторыі і сучаснасці» (т. 1—18, 1949—85). Прэзідэнт Міжнар. т-ва музыказнаўства (1958—62).

Літ.:

Festschrift Fr. Blume zum 70. Geburstag. Kassel etc., 1963.

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́Й КУНАНБА́ЕЎ (10.8.1845, в. Караул Абайскага р-на, Казахстан — 6.7.1904),

казахскі паэт-асветнік, заснавальнік новай пісьмовай казахскай літаратуры. Вывучаў араб., перс. і інш. мовы. Светапогляд Абая Кунанбаева фарміраваўся пад уплывам гуманіст. ідэй паэтаў і вучоных Усходу, рус. класічнай л-ры і стараж.-грэч. філосафаў. У лірычных і сатыр. вершах выступаў супраць сац. зла, невуцтва, старых звычаяў. У паэмах «Масгуд» (1887), «Іскандэр», «Сказанне пра Азіма» выкарыстаў усх. сюжэты. У кн. прозы «Павучанні» выклаў этычныя і філас. погляды. Увёў новыя формы верша (6- і 8-радкоўе). Жыццю Абая Кунанбаева прысвечаны раман-эпапея М.​Аўэзава «Шлях Абая».

Літ.:

Ауэзов М.О. Абай Кунанбаев: Статьи и исследования. Алма-Ата, 1967.

Абай Кунанбаеў.

т. 1, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕ́ЦКІ (Людвіг Пятровіч) (н. 9.5.1929, в. Продвіна Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі, манум. жывапісу. Творы прысвечаны сучаснасці і гісторыі: «Горад будуецца» (1963), «Падполле Мінска» (1968), «Па матывах трылогіі Я.​Коласа «На ростанях» (1973), «Жодзіна» (1976), «Прыпяцкія мелодыі» (1981), «Балада аб Лаўскім баі» (1982), «Памяць» (1984), «Мір на планеце» (1986—87), серыя «Замкнёнасць круга» (1993—94) і інш. Для станковых работ характэрны арыгінальныя кампазіцыйныя вырашэнні, абвостраная, амаль гратэскавая выразнасць малюнка, святлоценявыя кантрасты.

Л.​Ф.​Салавей.

Л.Асецкі. Дзе ёсць ісціна. З серыі «Замкнёнасць круга». 1993.

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ДЭР ((Bieder) Герман) (н. 21.10.1941, Маркерсдорф, Аўстрыя),

аўстрыйскі славіст. Д-р філасофіі (1970), з 1986 д-р габілітаваны. Скончыў Венскі ун-т (1970). З 1971 у Зальцбургскім ун-це. Даследуе сінхронную і дыяхронную лінгвістыку, моўныя кантакты, гісторыю мовы, моўную палітыку: «Нямецкія словаўтваральныя элементы ў славянскіх мовах» (т. 1—2, 1985) і інш. Непасрэдна бел. тэматыцы прысвечаны артыкулы «Літоўскі статут 1529 г.» (1973), «Літоўскі статут 1588 г.» (1974), «Першае і другое адраджэнне беларускай мовы і культуры» (1991), «Моўная сітуацыя ў Беларусі» (1993). Прачытаў у Зальцбургскім ун-це курс лекцый «Беларуская мова для русістаў» (1982).

Тв.:

Sprachenpolitische Tendenzen in Weissrussland. Vien, 1995.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 3, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́Р’ЕЎ (Андрэй Аляксандравіч) (1.11.1883, С.-Пецярбург — 2.9.1968),

расійскі фізіка-географ. Акад. АН СССР (1939). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1907), вывучаў геаграфію ў Берлінскім і Гайдэльбергскім ун-тах. У 1909—16 супрацоўнік аддзела геаграфіі Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона. Арганізатар і кіраўнік (да 1951) Ін-та геаграфіі АН СССР, гал. рэдактар Кароткай геагр. энцыклапедыі (1960—66). Праводзіў даследаванні на поўначы СССР, Урале, у Якуціі. Працы прысвечаны агульнай тэорыі фіз. геаграфіі, прынцыпам і метадам фіз.-геагр. раянавання, характарыстыцы тыпаў геагр. асяроддзя, гісторыі развіцця геагр. думкі. Дзярж. прэмія СССР 1947. Залаты медаль імя М.​М.​Пржавальскага (1928), Вял. залаты медаль Геагр. т-ва СССР (1965).

т. 5, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДА́ВІЧУС ((Gudavičius) Эдвардас) (н. 6.9.1929, г. Каўнас, Літва),

літоўскі гісторык. Д-р гіст. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Вільнюскі ун-т (1968). З 1974 у Ін-це гісторыі АН Літвы. Даследуе сац.-эканам. і паліт. гісторыю, матэрыяльную і духоўную культуру Літвы, этнагенез і этнічную гісторыю балтаў, гістарыяграфію Прыбалтыкі феад. перыяду, праблемы крыніцазнаўства, дыпламатыкі і інш. Асн. працы прысвечаны праблемам узнікнення і фарміравання ВКЛ, ваен.-паліт. адносінам Літвы з Тэўтонскім ордэнам, Статутам ВКЛ. Аўтар манаграфій «Меткі ўласнасці і знакі ў Літве ў XVII—XX стст.» (1980), «Войны крыжакоў у Прыбалтыцы і Літве ў XIII ст.» (1989), «Узнікненне гарадоў у Літве» (1991).

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 5, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́РАВА (Надзея Андрэеўна) (1783, Кіеў — 2.4.1866),

першая ў Расіі жанчына-афіцэр, пісьменніца. У 1806, выдаўшы сябе за мужчыну, уступіла ў кав. полк, удзельнічала ў вайне з Францыяй у 1807, у вайне 1812 (кантужана ў Барадзінскай бітве), замежных паходах рус. арміі 1813—14. Была ардынарцам у М.​І.​Кутузава. Аўтар успамінаў («Запіскі Н.​А.​Дуравай», 1836—39), рамана «Гудзішкі» (1839), «Аповесцей і апавяданняў» (1839). Д. прысвечаны шэраг твораў л-ры і мастацтва — маст. фільм «Гусарская балада» (1962) паводле п’есы А.​К.​Гладкова «Даўным-даўно» (1942), опера А.​В.​Багатырова «Надзея Дурава» (1957) і інш.

Тв.:

Избранное. М., 1984;

Избранные сочинения кавалерист-девицы Н.​А.​Дуровой. М., 1988.

т. 6, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРУ́ЦКІ (Анатоль Антонавіч) (н. 23.10.1948, в. Смаляны Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1977). З 1982 працаваў у Бел. політэхн. ін-це, з 1991 — у Бел. пед. ун-це (з 1994 заг. кафедры тэорыі і гісторыі мовы). Гал. кірункі навук. дзейнасці — бел.-рус. двухмоўе, тэорыя мовазнаўства, нейралінгвістыка. Праблемам двухмоўя прысвечаны працы «Беларуска-рускі мастацкі білінгвізм: тыпалогія і гісторыя, моўныя працэсы» (1990) і «Вазьмі маё слова...» (1990, разам з А.​Я.​Міхневічам). Своеасаблівая філас.-рэліг. канцэпцыя слова выкладзена ў кн. «Структура слова: асновы Тэорыі Вялікага Аб’яднання» (1995) і «Тайна імя» (1996). Аўтар дапаможнікаў для ВНУ.

т. 5, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)