АЛЯКСА́НДР АФРАДЫСІ́ЙСКІ,
старажытнагрэчаскі філосаф, кіраўнік перыпатэтычнай школы ў Афінах (канец 2 — пач. 3 ст.); найб. уплывовы каментатар Арыстоцеля. Для Аляксандра Афрадысійскага характэрны эмпірычны натуралізм і рэальнасць часу. У каментарыі да твора «Пра душу» развіў арыгінальную канцэпцыю траістасці розуму, якая паўплывала на сярэдневяковую араб. і еўрап. філасофію. Зберагліся яго каментарыі да асобных твораў Арыстоцеля, а таксама самастойныя т.зв. «малыя творы» «Пра душу», «Пра лёс», «Апарыі і рашэнні» (у 3 кн.), «Маральныя праблемы», «Пра зліццё і рост».
т. 1, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́Т,
бясконцы ў часе і прасторы і бязмежна разнастайны па сваіх формах свет; усё, што існуе. У шырокім сэнсе С. з’яўляецца прадметам вывучэння ўсяго прыродазнаўства, кожная з галін якога даследуе пэўны бок С. У больш вузкім сэнсе навукай пра С. з’яўляецца астраномія. Будову С. як цэлага вывучае касмалогія.
Развіццё ўяўленняў пра С. прайшло некалькі этапаў. У старажытнасці пад С. разумелася населеная частка Зямлі. У Стараж. Грэцыі ўяўленні пра С. звязаны з адкрыццём шарападобнасці Зямлі, аддаленасці нябесных свяціл (Піфагор, Арыстоцель) і гіпотэзай пра рух Зямлі (Філалай, Арыстарх Самоскі). У сярэдневякоўі ўсталявалася геацэнтрычная сістэма свету Пталамея. Пераварот ва ўяўленнях пра С. звязаны з канцэпцыямі М.Каперніка (гл. Геліяцэнтрычная сістэма свету), у якой Зямля разглядалася як звычайнае нябеснае цела, і Дж.Бруна, які прыйшоў да высновы пра бясконцасць зорнага С. З 19 ст. С. даследаваўся як зорная сістэма Млечнага Шляху (Галактыка). Новы этап у развіцці ўяўленняў пра С. звязаны з абгрунтаваннем у 20 ст. існавання інш. галактык і пераходам да вывучэння Метагалактыкі, ажыццяўленнем запуску першых штучных спадарожнікаў Зямлі і асваеннем касм. прасторы.
т. 15, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛА КАЖАМЯ́КА, Курыла Кажамяка, Мікіта Кажамяка,
вобраз чарадзейных усх.-слав. казак і паданняў; асілак, пераможца змея. У казках пра К.К. зліліся матывы міжнар. казачнага сюжэта і мясц. падання Кіеўскай Русі, якое сустракаецца ў «Аповесці мінулых гадоў», «Ніканаўскім летапісе» і інш. Паводле гэтага падання, юны Кажамяка, які можа разарваць сырамятную шкуру, вырваць у быка на бягу кавалак шкуры, перамагае волата-печанега і вырашае перамогу на карысць Русі. У заключным эпізодзе некаторых казак пра К.К. асілак запрог змея ў вялікі плуг і ўзараў глыбокую баразну (аж да самага мора). Сюжэт пра К.К. мае шмат агульнага з польск. паданнем пра змеяборца Крака і з сербскай эпічнай песняй пра змеяборца Дойчына.
Л.Р.Бараг.
т. 8, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ДНЫЯ ГО́НІ»,
грамадска-культурны і літ.-мастацкі ілюстраваны часопіс дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдаваўся з сак. да кастр. 1927 у Вільні на бел. мове. Маст. афармленне Я.Горыда. У ім друкаваліся вершы і паэмы М.Багдановіча, М.Васілька, Н.Арсенневай, П.Пестрака (Звястун), В.Вальтара, Ф.Грышкевіча, апавяданні Палачанкі, В.Грывіча (У.Грыневіча), пераклады з У.Сыракомлі, А.Дадэ; літаратуразнаўчыя працы А.Луцкевіча, У.Самойлы, І.Дварчаніна пра творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, М.Багдановіча, Ядвігіна Ш., новыя звесткі пра жыццё Ф.Скарыны. Пра бел. нар. эстэтыку пісаў Р.Зямкевіч (Р.Суніца), пра зямельныя адносіны на Беларусі ў канцы 19 ст. — А.Зянюк. З нарысамі на пед. тэмы выступаў С.Паўловіч. Пра навучанне беларусаў і літоўцаў ва ун-тах сярэдневяковай Германіі пісаў Д.Масальскі. Часопіс друкаваў бел. нар. песні ў нотным запісе В.Багдановіча, Т.Трызны, А.Стаповіча, матэрыялы з гісторыі асветы, артыкулы пра выдатных вучоных свету. У асобным раздзеле асвятляў працу гурткоў Т-ва бел. школы. Выйшла 6 нумароў.
А.С.Ліс.
т. 13, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЫН БЕЛАРУ́СА»,
заходнебеларуская газета. Выдавалася з 18.5 да 19.9.1924 у Вільні на бел. мове 3 разы на тыдзень. Прадаўжала традыцыі забароненай польскімі ўладамі газ. «Голас беларуса». Выкрывала палітыку ўрада Польшчы, скіраваную на дэнацыяналізацыю ўскраін, паліт. ўціск працоўных. Адстойвала інтарэсы нар. мас Зах. Беларусі, выступала супраць польскіх партый і бел. праўрадавых груповак. Друкавала выступленні бел. дэпутатаў у польскім сейме, справаздачы пра мітынгі ў Гарадку і Беластоку, інфармавала пра работу Бел. нац. к-та ў Вільні. Да 10-й гадавіны з пач. 1-й сусв. вайны змясціла антываен. публікацыі, у якіх асуджалася палітыка дзяржаў, што развязалі вайну. Падтрымлівала змаганне за бел. школы, культуру як сродак сац. і нац. ўсведамлення народа. Паведамляла пра жыццё беларусаў у Чэхаславакіі, Латвіі, Сербіі, БССР і ЗША. Змясціла ўспаміны пра Ф.Багушэвіча, І.Буйніцкага, І.Луцкевіча, арт. У.Самойлы пра творчасць К.Сваяка, апавяданне В.Адважнага. Інфармавала пра новыя бел. кнігі. Выйшлі 42 нумары. Закрыта польскімі ўладамі.
А.С.Ліс.
т. 15, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬФ (Wolff) Крысціян (24.1.1679, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 9.4.1754),
нямецкі філосаф, ідэолаг ранняга Асветніцтва. Праф. філасофіі і матэматыкі ў Гале (1706—23 і з 1740) і Марбургу (1723—40). Вучань Т.В.Лейбніца. Абараняў зыходныя палажэнні тэорыі натуральнага права, адстойваў абстрактныя гуманіст. ідэалы, сваю філасофію разглядаў як сродак для дасягнення «ўсеагульнага шчасця людзей» («Логіка, ці Разумныя думкі пра сілы чалавечага розуму», 1712). Бога лічыў істотай, якая валодае абсалютнай сілай і розумам, з’яўляецца творцам прыроды («Разумныя думкі пра Бога, свет і душу чалавека, а таксама пра ўсе рэчы ўвогуле», 1720). У творах «Палітыка, ці Разумныя думкі пра грамадскае жыццё людзей» (1721), «Разумныя думкі пра дзеянні прыроды» (1723), «Філасофія маралі, ці Этыка» (1750—53) імкнуўся распрацаваць усёабдымную сістэму ведаў.
т. 4, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТА́Я ТРО́ЙЦА,
паводле хрысціянскага веравучэння, 3 іпастасі адзінага па сваёй сутнасці Бога: Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог—Дух Святы. Вытокі вучэння пра С.Т. ў Старым запавеце, але канчаткова яно выкладзена ў Новым запавеце. Догмат пра С.Т. распрацоўваўся з канца 2 ст. ў сувязі з фарміраваннем адзінай епіскапальнай царквы і выклікаў вострыя дыскусіі (т. зв. трынітарныя спрэчкі). Тэалагічную завершанасць догмат пра С.Т. атрымаў у 3 ст. і замацаваны на 1-м (325) і 2-м (381) Усяленскіх саборах. У 381 уведзена свята Тройца (гл. Сёмуха). Вучэнне пра С.Т. распрацоўваў Аўгусцін Блажэнны, які трактаваў С.Т. як вечнае божае самапазнанне і любоў. Догмат пра С.Т. адмаўляўся ў антытрынітарных вучэннях (гл. Антытрынітарыі). С.Т. з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных сюжэтаў у іканапісе. Сімвал С.Т. — выява 3 анёлаў.
т. 14, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́Й ДАМА́СКІ (Nikolaos Damaskēnos; 64 да н.э., Дамаск — пач. 1 ст. н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык і філосаф. Быў саветнікам цара Іудзеі Ірада I, пасля смерці якога жыў пры імператарскім двары ў Рыме. З твораў М.Д. захаваліся ў фрагментах «Гісторыя» (у 144 кнігах, першыя кнігі пра гісторыю і міфалогію краін Усходу, апошнія пра падзеі 7—4 да н.э. ў Міжземнамор’і), «Жыццё Цэзара» (адзіная крыніца пра дзяцінства і юнацтва Аўгуста), «Збор выдатных звычаяў» (звесткі пра побыт і прававыя адносіны стараж. народаў). Творы М.Д. выкарыстоўвалі Страбон, Іосіф Флавій і інш.
т. 10, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́ВА Таццяна Дзмітрыеўна (н. 28.7.1935, Масква),
бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1969). Скончыла БДУ (1959). Выкладчык БДУ (з 1972). Даследуе пытанні сучаснага бел. тэатр. мастацтва. Аўтар манаграфіі «Ты і я» (1969) пра надзённыя праблемы т-ра, эцюдаў пра акцёраў «Купалаўцы» (1985), праблемных артыкулаў, творчых партрэтаў майстроў бел. тэатра, радыёцыкла пра гісторыю і сённяшні дзень бел. тэатра.
т. 1, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Канвенцыя пра неўжывальнасць тэрміну даўнасці да ваенных злачынцаў і злачынстваў супраць чалавецтва 2/553; 5/374; 12/669, 711
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)