БРА́ЦКІЯ ШКО́ЛЫ,

пачатковыя і сярэднія навучальныя ўстановы, якія ствараліся праваслаўнымі брацтвамі ў канцы 16—18 ст. на Беларусі, Украіне і ў Літве. Адыгралі значную ролю ў развіцці асветы. Былі адкрыты ў Вільні (каля 1584), Магілёве (1590), Брэсце (1591), Мінску (1612), Пінску, Слуцку, Кіеве, Луцку і інш. гарадах. Мелі свой статут, які вызначаў змест і арганізацыю навучання. Вывучаліся царк.-слав., грэч., руская (беларуская), лац., польская мовы, творы ант. мысліцеляў, майстэрства вершаскладання, музыка, арыфметыка, астраномія і інш. Брацкія школы мелі архівы і б-кі. Многія іх настаўнікі былі аўтарамі падручнікаў (С.Зізаній, Л.Зізаній, М.Сматрыцкі, Сімяон Полацкі), палемічных твораў (Л.Карповіч, С.Косаў і інш.).

т. 3, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАКЕФА́ЛІЯ (ад аўта... + грэч. kephale галава),

аўтакефальная царква, у праваслаўі самастойная, арганізацыйна незалежная ад канстанцінопальскага патрыярха царква. Першыя аўтакефальныя цэрквы ўзніклі ў 4 ст. ў працэсе адасаблення патрыярхій і мітраполій у правінцыях Візантыі (Александрыі, Антыёхіі, Палесціне). Сёння ў свеце існуе 15 аўтакефальных правасл. цэркваў: Канстанцінопальская, Александрыйская, Антыяхійская, Іерусалімская, Руская, Грузінская, Сербская, Румынская, Балгарская, Кіпрская, Эладская, Албанская, Чэхаславацкая, Польская, Амерыканская (пералічаны паводле часу атрымання аўтакефаліі). Аўтакефальныя цэрквы не маюць адзінага цэнтра і кіраўніка. Ні адзін з патрыярхаў не мае якіх-н. адм. пераваг у параўнанні з іншымі кіраўнікамі аўтакефаліі. Гл. таксама Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, Епархія.

В.​П.​Оргіш.

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМБО́ЎСКАЯ ((Dembowska) Зоф’я) (па мужу Ромер; 16.2.1885, г. Тарту, Эстонія — 23.8.1972),

беларуска-польская мастачка. Брала ўрокі малявання ў Вільні і Кракаве. У 1914—41 жыла ў Віцебскай вобл. Працавала ў жывапісе і графіцы. Да 1920 стварыла цыкл партрэтаў дзеячаў віленскіх універсітэцкіх і літ. колаў: рэктара М.​Ромера, д-ра К.​Міхейды, праф. Р.​Радзіловіча, М.​Здзяхоўскага і інш. У 1920-я г. пісала пейзажы («Дарога», «Вербы», «Стары дом», «Мост», «Снег» і інш.). З 1943 працавала ў Егіпце, Англіі, Канадзе, ЗША, дзе малявала партрэты арыстакратаў, чл. каралеўскіх сем’яў, вядомых палітыкаў і дзеячаў навукі і культуры.

І.​А.​Масляніцына.

т. 6, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАГА КАРАЛЕ́ЎСТВА КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1815,

канстытуцыя, якая юрыдычна замацавала ўключэнне б.ч. Польшчы ў склад Рас. імперыі. Паводле яе рас. імператар з’яўляўся таксама каралём польскім, быў галавой выканаўчай улады, меў права ўносіць змены ў канстытуцыю, зацвярджаць або адхіляць законы. Ствараўся сейм, які складаўся з Сената і Пасольскай Ізбы. Члены Сената прызначаліся каралём, Пасольскай Ізбы — выбіраліся выбаршчыкамі, якіх з-за высокага маёмаснага і адукац. цэнзаў было не больш за 100 тыс. (з 3,3 млн. насельніцтва). Афіцыйнай мовай была абвешчана польская. Існавала польскае войска (каля 30 тыс. чал.). Пасля задушэння паўстання 1830—31 заменена Арганічным статутам Каралеўства Польскага 1832.

Р.​Р.​Лазько.

т. 12, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Першая Варшаўская пяхотная дывізія імя Т. Касцюшкі, гл. Першая польская пяхотная дывізія імя Т, Касцюшкі.

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬТМАН ((Heltman) Віктар) (23.12.1796, в. Вярховічы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 16.7.1874),

польскі рэвалюцыянер, публіцыст. Скончыў Свіслацкую гімназію. У 1819 заснаваў у Варшаве рэв. студэнцкую арг-цыю «Саюз вольных палякаў», рэдактар яе органа «Dekada Polska» («Польская дэкада»). Адзін са стваральнікаў у 1819 тайнай арг-цыі ў Свіслацкай гімназіі. Удзельнік паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве, падрыхтоўкі Кракаўскага паўстання 1846, рэв. падзей у Галіцыі 1848, кіраўнік абароны Дрэздэна ў час рэвалюцыі 1848—49 у Германіі. Адзін з аўтараў маніфеста польскага дэмакратычнага таварыства. Лічыў неабходным аб’яднаць барацьбу за незалежнасць Польшчы з барацьбой за ліквідацыю феад.-прыгонніцкіх адносін рэв. шляхам. Памёр у эміграцыі ў Бруселі.

т. 5, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ВІЧ (Платон Мікалаевіч) (26.9.1857, г. Пружаны Брэсцкай вобл. — 30.11.1919),

бел. гісторык. Чл.-кар Расійскай АН (1918). Праф. (1894), Д-р царк. гісторыі (1901). Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1881). Выкладаў у Полацкім духоўным вучылішчы, у Вільні, з 1891 у Пецярбургскай духоўнай акадэміі. У 1918 уваходзіў у Беларускае вольна-эканамічнае таварыства ў Петраградзе. Даследаваў рэліг. адносіны ў Рэчы Паспалітай, палітыку Расіі на Беларусі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай.

Тв.:

Кардинал Гозий и польская церковь его времени. СПб., 1882;

Борьба против унии на современных ей литовско-польских сеймах (1595—1600 гг.). СПб., 1897;

Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией. Вып. 1—6. СПб., 1901—02.

В.​В.​Грыгор’ева.

т. 6, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЛІС-ГА́РА ((Žylis-Gára) Тэрэса) (н. 23.1.1930, Вільня),

польская спявачка (сапрана). Вучылася ў Вышэйшай муз. школе ў Лодзі (1952—57). З 1957 у Оперным т-ры ў Кракаве. З 1960 у ФРГ: салістка оперных т-раў у гарадах Обергаўзен, Дортмунд, Дзюсельдорф. Выступае ў буйнейшых т-рах свету. Валодае моцным рухомым голасам прыгожага тэмбру, вял. муз. культурай, акцёрскім майстэрствам. Адна з лепшых сучасных выканальніц партый у операх В.​А.​Моцарта. Сярод інш. партый: Дэздэмона, Леанора, Віялета («Атэла», «Трубадур», «Травіята» Дж.​Вердзі), Чыо-Чыо-сан, Тоска (аднайм. оперы Дж.​Пучыні), Манон («Манон» Ж.​Маснэ), Ліза («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага). Мае вял. камерны рэпертуар.

т. 6, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПО́ЛЬСКАЯ [Zapolska; сапр. Корвін-Піятроўская

(Korwin-Piotrowska)] Габрыэля (30.3.1857, в. Падгайцы Луцкага р-на Валынскай вобл., Украіна — 17.12.1921),

польская пісьменніца і актрыса. Выступала ў т-рах Варшавы, Львова, Парыжа. Пачала друкавацца ў 1880-я г. У прозе глыбокі псіхалагізм характараў спалучала з натуралістычнымі тэндэнцыямі (зб. навел «Акварэлі», 1885, «Чалавечы звярынец», 1893, аповесць «Сезонная любоў», 1905). Найб. вядомасць ёй прынеслі драм. творы (п’есы «Жабуся», 1897, «Іх чацвёра», 1907, «Паненка Малічэўская», 1910), асабліва п’еса «Мараль пані Дульскай» (1906, пер. на бел. мову М.​Татур, 1958, паст. т-рам імя Я.​Коласа ў 1956) — вострая, з’едлівая сатыра на мяшчанства. Аўтар п’ес «Той» (1898), «Сібір» (1899), рамана «Зашуміць лес» (1899).

т. 6, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МБРЫХ (Sembrich) Марчэла [сапр. Каханская (Kochańska) Марцаліна; 18.2.1858, Вішнёўчык, Галіцыя, цяпер Украіна — 11.1.1935], польская спявачка (каларатурнае сапрана). У 1869—73 вучылася ў Львоўскай, у 1875—77 удасканальвалася ў Венскай кансерваторыі па класе фп. Спевам вучылася (па парадзе Ф.​Ліста) у Дж.​Б.​Ламперці ў Мілане. Гастраліравала ў Еўропе і ЗША. Карысталася сусв. вядомасцю. Яе голас вылучаўся вял. дыяпазонам, рэдкай выразнасцю. У 1898—1909 салістка т-ра «Метраполітэн-опера». Выканала больш за 40 партый у операх В.​А.​Моцарта, Дж.​Расіні, В.​Беліні, Дж.​Вердзі, Р.​Вагнера. З 1924 выкладала ў Муз. ін-це Кёртыс у Філадэльфіі і ў Джульярдскай школе ў Нью-Йорку.

т. 7, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)