САПО́ЦКІН,
гарадскі пасёлак у Гродзенскім р-не, на аўтадарозе, якая злучае яго з г. Гродна. За 21 км на ПнЗ ад Гродна. 1,5 тыс. ж. (2001).
Вядомы з 16 ст. як мястэчка Гродзенскага пав. Трокскага, з 1793 — Гродзенскага ваяв. ВКЛ. Меў уласны герб. З 1795 у складзе Усх. Прусіі, з 1807 у Варшаўскім герцагстве, з 1815 у Рас. імперыі — у Аўгустоўскім павеце Царства Польскага, з 1837 у Аўгустоўскай, з 1867 у Сувалкаўскай губ. У 1858 С. — мястэчка (1568 ж., 160 дамоў, касцёл, царква, пошта, маслабойня) і маёнтак. У 1897—3900 ж., выраб кафлі, цэментных пліт, шкла, масла. У 1900 С. — пасёлак, 6595 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Валавічоўскай гміне Аўгустоўскага пав. Беластоцкага ваяв. У 1921—1774 ж., 294 дамы. З 1939 у складзе БССР, з 1940 гар. пасёлак, цэнтр Сапоцкінскага раёна Беластоцкай, з 1944 — Гродзенскай вобл. У Вял. Айч. вайну з 22.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў сапоцкінскім лагеры смерці 539 чал., 15.6.1944 расстралялі 70 чал. 18.7.1944 С. вызвалены войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай і Вільнюскай аперацый 1944. З 1959 у Гродзенскім р-не.
У пасёлку лесазавод, упраўленне біял. заказніка Сапоцкінскі, ПТУ сельскай гаспадаркі, сярэдняя і муз. школы, дашкольная ўстанова, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры: Сапоцкінскія капліцы, касцёл Успення Дзевы Марыі і царква (пач. 20 ст.). 3 брацкія магілы сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. На зах. ускраіне помнік археалогіі — курганны могільнік (10—11 ст.).
В.М.Князева.
т. 14, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАВЕ́Ц,
гарадскі пасёлак на Беларусі, у Гродзенскай вобл., на р. Лоша. Цэнтр Астравецкага р-на. За 250 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Гудагай на лініі Маладзечна—Вільнюс. Аўтадарогай злучаны з Ашмянамі. 8,9 тыс. ж. (1995).
Па пісьмовых крыніцах вядомы з 1468 у складзе Віленскага ваяв. Належаў Гаштольдам, Карыцкім, Корсакам, у 19 ст. Кастравіцкім, Сыцянкам. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Віленскім, потым Ашмянскім пав. У 1886 мястэчка, 176 ж., 22 двары, млын, цагельня, бровар, тартак, майстэрня дрэнажных трубаў. У 1915—18 акупіраваны герм. войскамі. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у складзе БССР. З 1940 цэнтр раёна. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі. З 25.4.1958 гар. пасёлак.
Прадпрыемствы харч., дрэваапр. і буд. матэрыялаў прам-сці. Помнік сав. воінам і партызанам. Помнікі архітэктуры: Казьмадзям’янаўскі (1787) і Георгіеўскі (1911) касцёлы.
т. 2, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАПА́ЕВА,
гар. пасёлак у Беларусі, у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. За 27 км ад Паставаў, 223 км ад Віцебска. Чыг. вузел (лініі на Лынтупы, Друю, Крулеўшчыну), аўтадарогай злучаны з Глыбокім і Паставамі. 4 тыс. ж. (1996).
У 19 ст. вёска ў Пастаўскай вол. Дзісенскага пав. Віленскай губ.; існавалі заезны дом, млын, валюшня. З 1921 у складзе Польшчы, у Дзісенскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Дунілавіцкім р-не. У чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіравала ням. фашыстамі, разбурана. З 1950 гар. пасёлак, у 1950—60 цэнтр Дунілавіцкага р-на, у 1960—62 у Глыбоцкім р-не. У 1969 — 4,2 тыс. ж. Прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў, камбікормавай і харч. прам-сці.
Сярэдняя і дапаможная школы, Дом культуры, 3 клубы, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, царква, касцёл. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік садова-паркавага мастацтва — Варапаеўскі парк.
т. 4, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́ША,
рабочы пасёлак у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл. На аўтадарозе Бабруйск—Слуцк за 26 км ад Бабруйска. 1,7 тыс. ж. (1997).
Паселішча ўзнікла ў сувязі з буд-вам шклозавода (засн. ў 1869) і развіццём дрэваапр. промыслаў. У пач. 20 ст. тут пражывала 240 чал., працавалі Глушская лесапільная фабрыка (з 1908), Глушскі шклозавод, смалярны з-д, млын, карчма. У 1917 — 581 ж., 96 двароў. З 1924 у складзе 1-га Бабруйскага, з 1927 Бабруйскага р-наў. У 1931—60 цэнтр Рымавецкага с/с. З 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1941—44 акупіравана ням.-фаш. войскамі, у 1942—43 дзейнічала падп. група (больш за 40 чал.). У 1970 у Глушы 1943 жыхароў.
Шклозавод, прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. У Глушы пахаваны бел. пісьменнік А.Адамовіч.
т. 5, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАШЭ́ВІЧЫ,
рабочы пасёлак у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Валхва; чыг. станцыя на лініі Лунінец—Калінкавічы. За 54 км ад Лунінца, 282 км ад Брэста. 14,7 тыс. ж. (1998).
У 19 ст. вёска Ленінскай вол. Мазырскага пав. З часу пракладкі Палескіх чыгунак (1880-я г.) — мястэчка і буйная станцыя; пабудаваны Мікашэвіцкі лесапільна-фанерны завод. У 1921—39 у Польшчы, мястэчка Лунінецкага пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 рабочы пасёлак, цэнтр сельсавета ў Ленінскім раёне. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 да 9.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. З 1950 цэнтр Ленінскага р-на. З 1960 у Лунінецкім р-не.
Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (Мікашэвіцкае прадпрыемства «Граніт», Мікашэвіцкі каменеапрацоўчы завод), харч. прам-сці. Рачны порт на Мікашэвіцкім канале. 3 сярэднія школы, гімназія, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
т. 10, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦА,
рабочы пасёлак у Столінскім р-не Брэсцкай вобл., чыг. ст. Гарынь на лініі Лунінец—Сарны (Украіна) на аўтадарозе Столін—Сарны. За 7 км на Пд ад Століна, 238 км ад Брэста. 6,8 тыс. ж. (2000).
У 19 ст. вёска Столінскай вол. Пінскага пав. У 1886—332 ж., 31 двор, царква. З пабудовай чыгункі Лунінец—Роўна (1885) чыг. ст. Гарынь. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Сталінскага пав. Палескага ваяв., 948 ж. (1921). З 1939 у БССР, з 1940 у Столінскім р-не Пінскай вобл., з 1954 Брэсцкай вобл. З 6.7.1960 рабочы пасёлак.
Працуюць з-ды: абліцовачна-фасаднай керамікі, кансервавы, камбінат буд. матэрыялаў, лесазавод, раённае аб’яднанне сельгастэхнікі, камбінат быт. абслугоўвання; 3 сярэднія і сярэдняя вочна-завочная школы, 4 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі, цэрквы — правасл., хрысціян веры евангельскай, хрысціян баптыстаў-евангелістаў. Брацкая магіла сав. воінаў.
т. 14, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬШАВІ́К,
рабочы пасёлак у Беларусі, у Гомельскім раёне. За 20 км ад Гомеля, 1,5 км ад чыг. ст. Лазурная на лініі Гомель—Жлобін, на аўтадарозе Гомель—Магілёў. 2,8 тыс. ж. (1955). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Утвораны ў 1950 з 4 пасёлкаў торфазавода «Бальшавік». Цэнтр пасялковага Савета, да 1962 ва Уваравіцкім раёне.
т. 2, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́НСКІ,
пасёлак у Клічаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 16 км на У ад г.п. Клічаў, 80 км ад Магілёва, 11 км ад чыг. ст. Вонічы. 409 ж., 167 двароў (1996). Лясніцтва, торфапрадпрыемства «Ганчанскае». Сярэдняя і муз. школы, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання.
т. 5, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́ШСКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў 1908—13 у маёнтку Глуша Бабруйскага пав. (цяпер рабочы пасёлак у Бабруйскім р-не). Мела паравы рухавік (30 к.с.). У 1908 працавала 50 чал., выраблена дошак на 120 тыс. руб., клёпак і гонты на 9 тыс. руб. 20 рабочых у 1910 вырабілі прадукцыі на 130 тыс. руб.
т. 5, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНА́Р,
пасёлак у Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Гомель—Магілёў. Цэнтр сельсавета. За 19 км на ПдУ ад г. Буда-Кашалёва, 20 км ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Уза. 3024 ж., 1111 двароў (1997). Гомельская бройлерная птушкафабрыка, камбінат хлебапрадуктаў. Сярэдняя школа, Палац культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, аддз. сувязі.
т. 7, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)