ДЭВІЯ́НТНЫЯ ПАВО́ДЗІНЫ,

паводзіны з адхіленнем ад агульнапрынятых у грамадстве прававых і маральна-этычных норм. Асн. іх віды: злачыннасць, алкагалізм, наркаманія, прастытуцыя, самазабойствы, сексуальная разбэшчанасць. Узнікненне Д.п. абумоўлена недахопамі выхавання, дэфектамі маральнай і прававой свядомасці, нізкім узроўнем інтэлектуальнага развіцця асобы, неспрыяльным уплывам спадчыннасці, асаблівасцямі характару, інтарэсаў і патрэбнасцей чалавека, яго эмацыянальна-валявой дзейнасці і інш. фактарамі. Італьян. псіхіятр Ч.Ламброза лічыў «крымінальны тып» своеасаблівым «вынікам» дэградацыі на больш ранніх стадыях чалавечай эвалюцыі. Франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм і прыхільнікі яго канцэпцыі сцвярджалі, што распаўсюджванню Д.п. садзейнічаюць сац.-эканам. і паліт. нестабільнасць, рэзкія змены ў грамадскім жыцці, сац. канфлікты, стрэсы і інш. Паводле тэорый анаміі і сацыялізацыі, праявы Д.п. узрастаюць, калі сацыяльна дапушчальныя сродкі дасягнення грамадскіх і індывід. мэт выконваюцца не ўсімі людзьмі або калі іх уваходжанне ў сац. жыццё адбываецца ў абставінах цярпімых адносін грамадства да амаральных учынкаў, насілля. У 1960-я г. атрымала пашырэнне канцэпцыя стыгматызацыі, паводле якой Д.п. — заканамерны вынік своеасаблівага «наклейвання» на чалавека ярлыкоў накшталт «алкаголік», «наркаман», «прастытутка» і імкнення сацыяльна ізаляваць, прыцягнуць да адказнасці, выправіць ці вылечыць такіх людзей. Існуюць канцэпцыі, у якіх сцвярджаецца, што Д.п. абумоўлены асаблівасцямі будовы чалавечага цела, анамаліямі палавых храмасом.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 6, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАДВАРЭ́Ц,

палацава-паркавы ансамбль 18—19 ст. у г. Петрадварэц (да 1944 Пецяргоф) у Ленінградскай вобл. Пл. каля 1000 га. Ідэя кампазіцыі належала Пятру I, які вырашыў стварыць летнюю рэзідэнцыю з палацам, паркам і фантанамі накшталт Версаля. Пры ім разбіты Верхні сад (пл. 15 га) з рэгулярнай сістэмай алей і 5 фантанамі, Ніжні парк (пл. 102,5 га), пабудаваны палацы Вялікі (1714—25, перабудаваны ў 1745—55 арх. В.​Растрэлі), Монплезір (1714—25, арх. І.​Браўнштэйн, Ж.Б.​А.​Леблон, М.​Зямцоў і інш.), Марлі (1720—23), павільёны Эрмітаж (1721—24, абодва арх. Браўнштэйн; усе барока), створана буйнейшая ў свеце сістэма фантанаў і водных каскадаў, аздобленая скульптурай (першапачаткова свінцовай, пазней бронзавай; скульпт. І.​Мартас, І.​Пракоф’еў, Ж.​Д.​Рашэт, Ф.​Шчадрын). З 1770-х г. вакол ядра П. пачаў складвацца комплекс пейзажных паркаў: Англійскі (1779—94, арх. Дж.​Кварэнгі), Александрыя (1826—29, арх. А.​Менелас), Аляксандраўскі (1830-я г.) і інш. з палацамі і павільёнамі ў стылях класіцызму і псеўдаготыкі. У Вял. Айч. вайну ансамбль моцна пашкоджаны, адноўлены (праект 1945, арх. А.​Гесен, А.​Оль і інш.). З 1983 музей-запаведнік.

Фантан «Адам» у Петрадварцы.
Петрадварэц. Вялікі палац. 1714—25.
Панарама рэгулярнага парку ў Петрадварцы.

т. 12, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВУ́К,

прасторавая кампазіцыя з саломы, папяровых кветак, зерняў лубіну, фасолі і інш.; традыц. ўпрыгожанне інтэр’ера бел. нар. жылля. П. падвешвалі над сталом (лічылася, што ён прыносіць шчасце). Найб. пашыраны з саломы (шарападобныя, рамбічныя і зорчатыя). Шарападобныя рабілі з саломінак (часта з каласкамі), якія разыходзіліся ва ўсе бакі ад цэнтра (напр., утыкаліся ў бульбіну). Канцы саломінак аздаблялі кветкамі з паперы ці пер’я, зоркамі з фольгі і інш. У аснове рамбічнага П. 8-гранная фігура з 12 саломінак аднолькавай даўжыні. Унутры і да яго вуглоў падвешвалі П. меншых памераў (часта да некалькіх дзесяткаў), саламяныя ці папяровыя ланцужкі, кветкі з рознакаляровай паперы ці пер’я, абгорнутыя фольгай мяцёлкі аўса і інш. Разнавіднасць рамбічнага П., — жорсткая канструкцыя са змацаваных паміж сабою васьміграннікаў аднолькавых памераў. Зорчатыя П. мелі плоскую канструкцыю з саломінак у выглядзе шматпялёсткавай разеткі. Бытавалі таксама П. накшталт абажура: да абруча з лазы ці дроту падвешвалі гірлянды з зярнят фасолі, гароху, лубіну, начэпленых на ніткі. Арыгінальны П. пач. 20 ст. з гірляндаў кудзелі і кутасоў. Выйшлі з нар. ўжытку ў 1950-я г. Вырабляюцца сувенірныя П.

Літ.:

Лобачевская О.А., Кузнецова Н.М. Возьми простую соломку. Мн., 1988;

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997;

Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998.

Я.​М.​Сахута.

Т.​Агафоненка. Павук.

т. 11, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ВЕНСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Падзвінні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Віцебскай вобл., часткова на Смаленшчыне. У строі пераважалі блакітныя фарбы (паўплывала набіванка) і дробнаклятчастыя ўзоры на паясных адзежынах. Старадаўні жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы (андарак, саматканка), ільнянога фартуха і курты, больш позні — з кашулі, фартуха, спадніцы з прышыўным ліфам і поясам (саян — накшталт сукенкі без рукавоў). Святочную кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, гесткай, будзённую і споднюю — тунікападобнай, з разрэзам па цэнтры грудзей; стаячы каўнер зашпіляўся шпонкай ці гузікам або сцягваўся чырв. стужкай. Узорыстае ткацтва, вышыўка спалучаліся з разнаколернай аплікацыяй, аблямоўкамі, устаўкамі чырвонай або сіняй крашаніны ці кумачу. Чырвоны арнамент (строгія геам. формы, шматпялёсткавыя зоркі, раслінныя ўзоры) дапаўняўся блакітным. чорным, зрэдку паскамі медна-чырв. бліскавак. Спадніцу кроілі ў 4—6 полак з пярэстатканага сіне-белага, чырвона-бурачковага палатна. Спадніцу з ліфам шылі з 2, часам розных па якасці і колеру тканін, дапаўнялі белым ці набіваным фартухом і поясам, на канцы якога нашывалі бісер. Суконную світу ў выглядзе безрукаўкі пацягвалі белым каленкорам, аздаблялі нашыўкамі чырв. сукна, лапікамі чорна-белай аўчыны ўздоўж зрэзаў. Галаўныя ўборы жанчын — хусткі, чапцы. У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля, нагавіцы, пояс. Жаночай і мужчынскай вопраткай былі армяк, світа, бурка, кажух.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Дубровенскі строй. Жанчына ў летнім адзенні. Вёска Ланенка Дубровенскага раёна Віцебскай вобл.

т. 6, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ХАВІЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення цэнтр. Беларусі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. на тэр. Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., Нясвіжскага і Клецкага р-наў Мінскай вобл. Аснову летняга жаночага касцюма складалі кашуля, спадніца, фартух, пояс, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, аздаблялі вузкімі паскамі чырвонага натыкання, якія кампанаваліся ў гарыз. шлякі, размешчаныя на грудзях, рукавах, плечавых устаўках, адкладным каўняры. У строгім арнаменце амаль адсутнічаў рамбічны і раслінны ўзор. Шырокая, кроеная з 4—5 полак шарсцянкі спадніца (выбіванка, андарак, плацянковая спадніца) вызначаецца суладдзем сакавітых рознакаляровых (у вясёлкавай гаме) гарыз. шлякоў, якія чаргаваліся з цёмна-сінім, цёмна-зялёным, бурачковым ці чорным колерамі фону. Прасавалася ў дробныя складкі. Фартух шылі з 2 полак кужалю, аздаблялі, як і кашулю. Аднаполкавы фартух шылі са стракатых тканін. Вузкі пояс, тканы геам. ўзорамі ў чырвона-зялёным каларыце, завязваўся спераду. Гарсэты цёмна-сінія, зялёныя, чорныя ў выглядзе безрукаўкі з баскай-клінкамі ці накшталт кароткага ліфа з адразной баскай на спіне. Галаўныя ўборы — падвічка, намітка ці хустка, аздобленыя букетамі кветак, зеляніны, гірляндачкай (гафрыраванай рознакаляровай паперай, сабранай ў веер). Нагрудныя і шыйныя ўпрыгожанні — пацеркі, тасемкі, стужкі, абразкі. Мужчынскае адзенне складалі кашуля навыпуск, пояс і шарачковыя нагавіцы. Галаўнымі ўборамі былі саламяныя капелюшы, упрыгожаныя чырвонымі стужкамі, кветкамі, каласкамі жыта. Верхняе мужчынскае і жаночае адзенне — сярмяга са складкамі на спіне, кароткая копта з нашыўкамі чорнага аксаміту, блакітны каптан з чырвонымі выкладамі на грудзях і рукавах.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Ляхавіцкі строй. Касцюм маладой і дружкі. Вёска Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна. 1920-я г.

т. 9, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАРЫ́ЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў зах. Палессі. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. пераважна ў Маларыцкім і на Пд Кобрынскага р-наў Брэсцкай вобл. Адметны архаічнасцю, класічнай завершанасцю форм адзення, арыгінальнымі галаўнымі ўборамі замужніх жанчын, выкарыстаннем багата аздобленых дэкар. тканін. Летні жаночы гарнітур складалі кашуля, спадніца, фартух. Кашулю шылі з прамымі плечавымі ўстаўкамі і адкладным каўняром. Аздаблялі чырвона-карычневым геам. арнаментам, скампанаваным у папярочныя палосы ў верхняй частцы рукава, на плячах, манішцы і па краі каўняра. Гарманічным спалучэннем натуральнага колеру бела-шэрай і карычнева-чырвонай воўны, белага лёну і пянькі вылучаюцца пругкія накшталт лямцу святочныя спадніцы — буркі, характэрныя толькі для М.с. Фартух (1- і 2-полкавы) часта меў дэкар. вышытыя завязкі. Падпяразвалі спадніцу тканым на кроснах чырвоным поясам. Асаблівую пластычную выразнасць касцюму надавала намітка, якая, у адрозненне ад намітак інш. строяў, багата аздаблялася вышыўкай: разеткамі-зоркамі на адным рагу і ўзорыстымі шлякамі на трох краях. Своеасаблівай маляўнічасцю галаўнога ўбору (каробачка-лямец, аздобленая рознакаляровымі паскамі саціну, шоўку, тасёмкамі, пацеркамі і двума пукамі-рожкамі пярэстарасфарбаванага пер’я) вызначаўся касцюм свацці. Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — пацеркі, крыжыкі, лычманы (3, 5, 7 круглых медальёнаў-абразкоў, прымацаваных да тасёмкі). У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля навыпуск, пояс і нагавіцы. Пашыраны галаўны ўбор — саламяны капялюш. Верхнім адзеннем былі світы-латушкі з белага, шэрага або цёмна-карычневага валенага сукна, кажухі.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;

Яго ж. Мастацтвазнаўча-этнаграфічнае раянаванне Беларускага Палесся // Помнікі старажытнабеларускай культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1984.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Маларыцкі строй. Традыцыйны касцюм замужніх жанчын. Вёска Кураж Маларыцкага раёна Брэсцкай вобл. 1920-я г.

т. 10, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРЫКА́ЛЬНЫЯ,

пласціністыя (Agaricales), парадак вышэйшых базідыяльных грыбоў з групы гіменаміцэтаў. Аб’ядноўвае 12 сям., каля 8 тыс. відаў, пашыраных ва ўсіх кліматычных паясах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 110 родаў уключаюць 1,5 тыс. відаў. Найбольшыя сям.: агарыкальныя, ці шампіньёнавыя (Agaricaceae), і балетавыя, якія вылучаюць у самаст. парадак (Boletales); сярод найб. вядомых сям.: аманітавыя, ці мухаморавыя (Amanitaceae), бальбітыевыя (Bolbitiaceae), гіграфоравыя (Hygrophoraceae), гнаевіковыя (Coprinaceae), макрухавыя (Gomphidiaceae), павуціннікавыя (Cortinariaceae), радоўкавыя (Tricholomataceae), ружовапласціннікавыя (Rhodophyllaceae), свінухавыя (Paxillaceae), страфарыевыя (Strophariaceae), сыраежкавыя (Russulaceae). Пладовыя целы аднагадовыя, звычайна мяккамясістыя, радзей пругкія, маюць шапку і ножку (звычайна цэнтральную). Гіменафор пласціністы або трубчасты, у многіх спачатку прыкрыты прыватным пакрывалам (плеўка з рыхлага спляцення гіфаў), якое пазней разрываецца і застаецца ў выглядзе кольца на ножцы (напр., віды з роду маслякоў); у іншых развіваецца таксама і агульнае пакрывала (спачатку на ўсім пладовым целе, потым застаецца накшталт кубачка-вольвы на ножцы і як шматкі на шанцы, напр., шампіньён ядомы, грыбы з роду вальварыела). Пласцінкі могуць быць свабодныя, прымацаваныя да ножкі краем або зубцом, сыходныя па ножцы і інш. Ножка рознага колеру, кансістэнцыі і формы (цыліндрычная, патоўшчаная, звужаная, гладкая слізістая, укрытая лускавінкамі або валакністая, шчыльная, пустая і інш.), часам бакавая ці яе зусім няма (шапка сядзячая). Споры аднаклетачныя, іх памеры, форма, колер зменлівыя. Большасць агарыкальных — сапратрофы на глебе, подсціле, драўніне, мікарызаўтваральнікі (забяспечваюць водна-салявое жыўленне дрэў), радзей — паразіты на жывых дрэвах, пладовых целах інш. агарыкальных. Многія (амаль 200 відаў) — каштоўныя ядомыя грыбы: баравік, падасінавік, падбярозавік, маслякі, зялёнка, падзялёнка, шампіньён, рыжык, вешанка звычайная, грузд, сыраежкі і інш.; ёсць ядавітыя: мухаморы чырвоны, жоўта-зялёны, парфіравы, пантэрны, бледная паганка і інш. віды, апенька несапраўдная серна-жоўтая, пабеленая і белаватая гаварушкі, валаконніцы земляная, надарваная і Келе, страфарыя Горнемана, лускаўніцы і інш.

Літ.:

Жизнь растений. М., 1976. Т. 2. С. 260—271;

Сержанина Г.Н. Шляпочные грибы Белоруссии. Мн., 1984. С. 233—351.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГРА́ЦЫЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ,

працэс узаемнага прыстасавання, гасп. і паліт. аб’яднання нац. гаспадарак дзвюх і больш краін для ажыццяўлення міждзярж. эканам. палітыкі. Засн. на глыбокіх устойлівых інтэрнац. узаемасувязях і міжнар. падзеле працы, узаемадзеянні эканомік на розных узроўнях і ў разнастайных формах. На мікраўзроўні ажыццяўляецца шляхам узаемадзеяння прадпрыемстваў і фірмаў розных краін на аснове фарміравання эканам. адносін паміж імі, у т. л. стварэнне філіялаў за мяжой; на міждзярж. узроўні — эканам. аб’яднанняў накшталт транснац. карпарацый (ТНК) і інш. гасп. комплексаў. Развіццё інтэграцыйных сувязей выклікае неабходнасць міждзярж. або наддзярж. рэгулявання, накіраванага на ўзгадненне сумеснай эканам., навук.-тэхн., сац., валютна-фін. і інш. палітыкі, свабоднага перамяшчэння прадукцыі (тавараў, паслуг), капіталу і прац. рэсурсаў паміж краінамі. У выніку могуць стварацца гасп. комплексы з адзінай валютай, фін. фондамі, інфраструктурай, агульнай эканам. стратэгіяй і агульнымі органамі кіравання. І.э. можа быць у форме зоны свабоднага гандлю (адмяняюцца гандл. абмежаванні паміж краінамі-ўдзельніцамі) або мытнага саюзу, які можа быць дапоўнены плацежным саюзам (узаемная канверсаванасць валют і функцыянаванне адзінай разліковай грашовай адзінкі). Больш складанымі формамі І.э. з’яўляюцца агульны рынак (гл. Еўрапейскае эканамічнае супольніцтва), эканам. і валютны саюз, які ўключае ўсе інш. формы інтэграцыі і мае агульную эканам. і валютна-фін. палітыку.

Фарміраванне інтэграцыйных працэсаў ажыццяўляецца на аснове ўзаемных пагадненняў, што маюць прававую базу. Сярод іх вылучаюцца: Еўрап. саюз, Паўн.-Амер. пагадненне аб свабодным гандлі (ЗША, Канада, Мексіка), Азіяцка-Ціхаакіянская эканам. садружнасць (яе членамі з’яўляюцца 18 краін, у т. л. Аўстралія, Канада, Кітай і інш.), Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД). Рэспубліка Беларусь праводзіць шматвектарную знешнюю палітыку, але гал. ўвагу аддае інтэграцыйным сувязям з краінамі СНД. У адпаведнасці са Статутам Саюза Беларусі і Расіі найважнейшай задачай у эканам. сферы з’яўляецца стварэнне ўмоў для свабоднай эканам. інтэграцыі гасп. суб’ектаў, дасягненне вышэйшага ўзроўню І.э. дзвюх краін.

У.​Р.​Залатагораў, М.​Р.​Лобач.

т. 7, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НКАВІЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення на Усх. Палессі. Бытаваў у 19—1-й пал. 20 ст. пераважна ў Калінкавіцкім, Светлагорскім і Жлобінскім р-нах. Адметны дасканала распрацаванай і выверанай арнаментыкай натыкання і вышывак, своеасаблівымі, з мноствам пышных Калінкавіцкі строй. Жанчына ў святочным адзенні з гарсэтам. Вёска Яланы Светлагорскага раёна Гомельскай вобл. 1920-я г. фальбонак каўнярамі жаночых кашуль, багата аздобленымі гарсэтамі. Аснову жаночага летняга гарнітура складалі кашуля, спадніца-андарак, фартух, гарсэт, галаўны ўбор.

Кашулю шылі з 3 полак даматканага белага палатна, з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным (стаяча-адкладным) прышытым ці здымным каўняром з мноствам пышных фальбонак. Аздаблялі кашулю натыканнем, вышыўкай на каўняры, рукавах, плечавых устаўках, падоле, а таксама карункамі, мохрыкамі, нашыўкамі тканін. Андарак кроілі з 4 полак даматканага сукна ў верт. пункцірныя рознакаляровыя паскі на сакавіта-малінавым фоне («андарак у граты») і ў рознакаляровыя паскі на цёмна-чырвоным фоне, якія ўтваралі буйную клетку («андарак у краты»), Да верху спадніцы, сабранага ў дробныя складкі, прышывалі спец. вытканы пояс. Фартух шылі з 2 полак палатна, злучалі іх дэкар. швом-расшыўкай. Белае поле фартуха натыкалася строгім арнаментам з прамавугольнікаў і квадратаў, гарыз. палос. Гарсэт шылі з тонкага даматканага, злёгку прываленага сукна або фабрычных тканін. Кроіўся прыталеным з баскай у форме 4 кліноў або пышнай фальбоны. Крыссе яго абапал засцежкі аздаблялі нашыўкай тасьмы розных колераў, упрыгожвалі метал. і касцянымі гузікамі, машыннай ці ручной строчкай. Традыц. галаўнымі ўборамі дзяўчат былі вянкі, павязкі накшталт маленькіх ручнікоў — скіндачкі, замужніх жанчын — наміткі, хусткі, чапцы са скіндачкамі, донца якіх вышывалася густым чырвоным арнаментам.

Аснову мужчынскага адзення складалі кашуля з поясам і нагавіцы. Тунікападобная кашуля шылася з белага кужэльнага палатна, аздаблялася паскамі геам. арнаменту на каўняры, пазусе, плячах, рукавах і падоле. Адзенне дапаўнялася галаўным уборам (магерка, аблавуха), скураной кайстрачкай-калітой, скураным чэхлікам для ножыка, грабеньчыка.

М.​Ф.​Раманюк.

т. 7, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЛЕ́ЙКА, бетлейка (ад Betleem — польская назва г. Віфлеем, дзе нарадзіўся Хрыстос),

бел. нар. тэатр лялек. Вядома з 16 ст. Узнікненне батлейкі звязана са святам Каляд. Т-ры падобнага тыпу вядомы ў Польшчы (шопка) і на Украіне (вяртэп).

Вытокі батлейкі ў сярэдневяковым містэрыяльным т-ры Зах. Еўропы, адкуль праз Польшчу прынесены езуітамі на Беларусь. Развіваўся ў цеснай сувязі са школьным тэатрам. Фактычна батлейка — «народная асіміляцыя школьнай драмы з яе інтэрмедыямі» (Ф.​Аляхновіч). На працягу ўсяго існавання батлейкі разыгрывалася п’еса «Цар Ірад». Паказ складаўся з 2 частак: сур’ёзнай, якая апавядала пра нараджэнне Хрыста і ганенне яго царом Ірадам (т.зв. асн. сюжэт), і камедыйнай — інтэрмедый звычайна вясёлага зместу, з жартаўлівымі дыялогамі ці маналогамі, песнямі, танцамі. Часткі не мелі агульнага сюжэта, паміж сабой спалучаліся механічна, фармальна, фактычна іх аб’ядноўваў своеасаблівы карнавальны настрой, уласцівы Калядам. Біблейскія падзеі ў батлейцы набывалі адвольную нар. трактоўку. Пры адным традыцыйным асн. сюжэце паказы батлейкі ў розных рэгіёнах яе бытавання адрозніваліся менавіта інтэрмедыямі, сярод якіх «Мужык (Мацей) і доктар», «Антон з казой і Антоніха», «Скамарох з мядзведзем», «Вольскі — купец польскі», «Цыган і цыганка» і інш. Папулярныя персанажы інтэрмедый — Мужык, Доктар, Яўрэй, Франт (чужаземец), Цыган, Казак і інш. Для паказаў батлейкі рабілі 2-павярховую скрынку накшталт царквы або хаткі. Батлеечнікі (або «ралёшнікі») вадзілі драўляныя лялькі на шпянях па проразях у падлозе паверхаў. Сцэна кожнага паверха мела 3 аддзелы: вял. цэнтральны, дзе адбывалася дзеянне, і меншыя бакавыя (для ўваходаў і выхадаў).

Батлейка шырока бытавала па ўсёй Беларусі. Разнавіднасцямі яе былі жлоб і яселка. Паказы адбываліся па хатах, у корчмах, на вуліцах гарадоў, мястэчак, вёсак, суправаджаліся музыкай (найчасцей скрыпка і бубен). Асаблівае месца займалі батлейкі, зробленыя па прынцыпе ценявога т-ра (Віцебск, Веліж). У канцы 19 — пач. 20 ст. жанравыя сцэны батлейкі выконваліся не толькі лялькамі, а непасрэдна акцёрамі (жывая батлейка ці батлея). На пач. 20 ст. своеасаблівай з’явай стала батлейка Патупчыка (Докшыцы), дзе апрача традыцыйнага паказу дэманстраваліся і бытавыя сцэны з тагачаснага жыцця. Гэты ж прынцып пакладзены ў аснову дзейнасці Залескага нар. т-ра «Батлейка» (арганізаваны Я.​Ліс і А.​Лосем у 1983). З канца 1980-х г. робяцца спробы адрадзіць традыц. паказы батлейкі на Каляды. З 1991 яны адбываюцца ў філіяле музея М.​Багдановіча «Беларуская хатка» ў Мінску (батлейка з’яўляецца фрагментам экспазіцыі), а прафесійныя т-ры — Дзярж. т-р лялек і Тэатр-студыя кінаакцёра — паставілі батлеечную п’есу «Цар Ірад» (у сваёй інтэрпрэтацыі).

Літ.:

Барышаў Г.І., Саннікаў А.К. Беларускі народны тэатр батлейка. Мн., 1962;

Народны тэатр. Мн., 1983.

Дз.​У.​Стэльмах.

Да арт. Батлейка. Ельнінскі вяртэп і яго лялькі. 18 — пач. 19 ст.

т. 2, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)