АРФВЕДСАНІ́Т (ад прозвішча швед. хіміка Арфведсана),
мінерал, манаклінны шчолачны амфібол NaNa2Fe24+Fe3+Si8O22(OH)2. Натрый можа замяшчацца кальцыем. Утварае прызматычныя крышталі, прамянёва-шаставатыя агрэгаты, зерні. Колер цёмна-зялёны да чорнага. Паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Пародаўтваральны мінерал. Пашыраны ў масівах нефелінавых сіенітаў і іх пегматытах, некаторых шчолачных гранітах, метасаматытах і карбанатытах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШАРЫ́Т (ад назвы месца знаходкі каля г. Ашэрслебен у Германіі),
сайбелііт, мінерал класа баратаў, Mg2(OH)[B2O4(OH)]. Мае прымесі жалеза, марганцу. Вядомы дзве манаклінныя і адна рамбічная мадыфікацыі. Крышталі рэдкія, часцей тонкавалакністыя агрэгаты, шчыльныя і зямлістыя масы, канкрэцыі. Колер белы, шараваты, жаўтаваты. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 2,69 г/см³. Пашыраны мінерал эндагенных радовішчаў борных рудаў і саляносных асадкавых тоўшчаў. Борная руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБІ́Т (ад лац. albus белы),
пародаўтваральны мінерал групы плагіяклазаў Na[AlSi3O8]. Крышталі таблітчастыя трыкліннай сінганіі. Агрэгаты зярністыя, буйна- і дробнапласціністыя. Колер белы, жаўтаваты, чырванаваты. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 6—6,5; крохкі. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Тыповы мінерал гранітных пегматытаў, нефелінавых і шчолачных сіенітаў і інш.; цалкам складае горныя пароды метасаматычнага паходжання — альбітыты. Выкарыстоўваецца ў шкляной, керамічнай, абразіўнай вытв-сцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛАНЖЭРЫ́Т (ад прозвішча франц. мінералога Ш.Буланжэ),
мінерал класа складаных сульфідаў, сульфід свінцу і сурмы, Pb5Sb4S11. Прымесі медзі, жалеза, цынку. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі ігольчастыя. Валакністыя агрэгаты, шчыльныя масы. Колер ад свінцова-шэрага да зямліста-чорнага. Бляск металічны. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 6,2 г/см³. Трапляецца як другарадны мінерал у гідратэрмальных радовішчах разам са складанымі сульфідамі свінцу, карбанатамі і кварцам. Руда свінцу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНАТЫ́Т (ад імя франц. вучонага А.Карно),
мінерал падкласа ванадатаў, водны ванадат калію і урану, K2(UO2)2[VO4]2∙3H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Структура субслаістая. Звычайна зямлістыя масы, зярністыя і парашкаватыя агрэгаты. Колер жоўты да зеленавата-жоўтага. Бляск цьмяны да зямлістага. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 5 г/см³. Моцна радыеактыўны. Другасны мінерал, утвараецца ў зоне акіслення асадкавых радовішчаў. Руда ўрану, радыю, ванадыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІНАХЛО́Р (ад грэч. klinō нахіляю + chlōros зялёны),
мінерал з групы хларытаў, гідраксідалюмасілікат жалеза і магнію. Прыблізны хім. састаў (MgFe)4,75Al1,25[Al1,25Si2,75O10](OH)8. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі псеўдагексаганальныя, лускаватыя. Часцей утварае дробналускаватыя агрэгаты. Колер ад цёмнага шэра-зялёнага да светлага аліўкава-зялёнага. Празрысты ў тонкіх пласцінках. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 2,6—2,9 г/см³. Тыповы мінерал хларытавых сланцаў і многіх інш. горных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАФІЛІ́Т (ад апа... + грэч. phyllon ліст),
пародаўтваральны мінерал падкласа слаістых сілікатаў KCa4[Si4O10]2F∙8H2O. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Таблітчастыя, прызматычныя крышталі або зярністыя, ліставатыя і інш. агрэгаты, шчыльныя масы. Бясколерны, белы, бледна-жоўты, ружовы ці зялёны. Празрысты. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 4,5—5. Шчыльн. 2,3—2,4 г/см³. Гідратэрмальны мінерал. Трапляецца ў міндалінах і друзах у базальтах, пустотах і трэшчынах у гранітах, вапняках, скарнах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕНАПІРЫ́Т (ад лац. arsenicum + пірыт),
мыш’яковы калчадан, мінерал класа сульфідаў FeAsS. Прымесі кобальту, нікелю, золата і інш. Крышталізуецца ў манакліннай або трыкліннай сінганіі. Утварае прызматычныя крышталі, зросткі, зярністыя і інш. агрэгаты. Колер алавяна-белы. Бляск металічны. Цв, 5,6—6 г/см³. Шчыльн. 5,9—6,3 г/см³. Тыповы мінерал гідратэрмальных (у т. л. часта залатаносных), радзей пегматытавых і кантактава-метасаматычных радовішчаў. Руда мыш’яку, іншы раз кобальту і золата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАКЛА́З (ад аліга... + грэч. klasis трэшчына),
мінерал групы палявых шпатаў падкласа каркасных сілікатаў (плагіяклазаў). Ізаморфная сумесь з 10—30% анартыту Ca[Al2Si2O8] і 70—90% альбіту Na[AlSi3O8]. Колер шэры ці з рознымі адценнямі. Бляск ад шклянога да перламутравага. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 6. Шчыльн. 2,65 г/см³. Пародаўтваральны мінерал гранітаў, гнейсаў, гранітных пегматытаў. Некаторыя выкарыстоўваюць як вырабныя камяні (месяцавы камень) і як ювелірны матэрыял (сонечны камень).