МАКМІ́ЛАН, Мак-Мілан (McMillan) Эдвін Матысан (18.9.1907, Рэдонда-Біч, ЗША — 7.9.1991), амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1947). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1928). У 1933—73 у Каліфарнійскім ун-це ў Берклі (з 1946 праф.), адначасова ў Радыяцыйнай лабараторыі імя Э.​Лоўрэнса (у 1958—71 дырэктар). Навук. працы па адз. фізіцы і тэхніцы паскарэння элементарных часціц. Адкрыў першы штучны трансуранавы элемент — нептуній (1940; разам з Ф.​Эйблсанам) і плутоній (1940; разам з Г.Т.Сібаргам). Прапанаваў прынцып аўтафазіроўкі (1945) і пабудаваў электронны сінхратрон на 330 МэВ (1947). Нобелеўская прэмія 1951 (разам з Сібаргам).

т. 9, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗО́Н (франц. gazon),

участак зямлі з травяным покрывам, роўна і нізка падстрыжаным. Вылучаюць газоны дэкаратыўныя (паркавыя, або садовыя, партэрныя, лугавыя, маўрытанскія), спартыўныя і спец. прызначэння (на аэрадромах, для замацавання адхонаў і інш.). Ствараюць газон высевам насення шматгадовых траў на выраўнаваную глебу. Для маўрытанскіх (стракатакветных) газонаў выкарыстоўваюць сумесь траў і прыгожа квітучых раслін (календула, васілёк, незабудка, іберыс, мак і інш.). Догляд газонаў: рамонт (падсяванне траў або дзернаванне), падстрыганне або касьба, паліўка, падкормка, барацьба з пустазеллем. На Беларусі для газонаў выкарыстоўваюць травы: райграс пашавы, аўсяніцу лугавую і чырвоную, метлюжок лугавы, мятліцу звычайную і белую, канюшыну чырвоную і белую.

Газон у жылым раёне ў Мінску.

т. 4, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАМАНЬЁНЕЦ, неаантрап,

чалавек сучаснага тыпу (Homo sapiens), які з’явіўся на Зямлі 50—40 тыс. г. назад. Назва ад грота Кро-Маньён (Францыя), дзе ў 1868 франц. археолаг Э.​Лартэ знайшоў 5 чалавечых шкілетаў разам з крамянёвымі прыладамі працы арыньякскага тыпу. Асн. рысы К.: прамы высокі лоб, высокае скляпенне і вял. ёмістасць чэрапа, шырокі твар, малая адлегласць паміж вачамі і высокі рост. З самага ранняга перыяду свайго існавання К. па марфалагічным тыпе падзяляліся на некалькі расавых варыянтаў. Ад сучасных людзей К. адрозніваюцца толькі больш масіўным шкілетам.

Л.​І.​Цягака.

Выява краманьёнца Рэканструкцыя Мак-Грэгара па чэрапе з грота Кро-Маньён, Францыя.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ЕВА (Тамара Георгіеўна) (3.6.1916, Казань, Татарстан — 25.2.1997),

артыстка балета. Засл. арг. Беларусі (1949). Скончыла балетную школу пры Пермскім т-ры оперы і балета (1933). Працавала ў т-рах оперы і балета Пермі, Ерэвана, Свярдлоўска. У 1946—58 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Яе творчую індывідуальнасць вылучалі строгая манера выканання, валоданне тэхнікай танца, асабліва складанымі вярчэннямі, непасрэднасць і шчырасць. Сярод лепшых партый на бел. сцэне: Надзейка («Князь-возера» В.​Залатарова), Адэта—Адылія, Аўрора («Лебядзінае возера» і «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Цар-дзяўчына («Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні), Ліза («Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Тао Хоа («Чырвоны мак» Р.​Гліэра).

А.​І.​Калядэнка.

Т.Г.Караваева.

т. 8, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАЗ-РО́К (англ. jazz-rock),

адзін з кірункаў джаза, стыль прафес. музыкі. Выкрышталізаваўся ў канцы 1960-х г. у выніку спалучэння некат. формаў сучаснага джаза і джазавых аранжыровак з элементамі рокавай рытмікі і інструментоўкі. З 1970-х г. у выніку запазычання ім элементаў экзатычных муз. культур і ўскладнення рытмікі і формы адбылося яго пераўтварэнне ў якасна новую разнавіднасць — ф’южн (ад англ. сумесь, сплаў). Найб. росквіту Дж.-р. дасягнуў у творчасці амер. груп «Чыкага», «Прагноз надвор’я», англ. «Калізей», музыкантаў М.Дэйвіса, О.Коўлмена, Дж.​Мак-Лафліна, Дж.​Дзюка, Ж.​Л.​Панці, Ч.​Корыя, Х.​Хэнкака і інш. Многія бел. музыканты ў той ці іншай ступені выкарыстоўваюць у сваёй творчасці элементы джаз-рока (групы Б.​Бернштэйна, «Яблычная гарбата» і інш).

Дз.​А.​Падбярззскі.

т. 6, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАМАРЭ́ЎСКІ (Леў Міхайлавіч) (27.7. 1896, г. Харкаў, Украіна — 24.3.1976),

балетмайстар і педагог. Па адукацыі ўрач. Танц. мастацтву вучыўся ў балерыны Ю.​Сядовай. З 1930 балетмайстар Бел. студыі оперы і балета, да 1937 у Дзярж. т-ры оперы і балета БССР. У 1933 з групай запрошаных ім артыстаў БДТ-1, навучэнцаў харэагр. класа Бел. муз. тэхнікума і танцораў-аматараў паставіў балет «Чырвоны мак» Р.​Гліэра, які даў пачатак балетнаму рэпертуару т-ра оперы і балета Беларусі. Сярод інш. пастановак: балет «Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні, танцы ў операх «Кармэн» Ж.​Бізэ, «Князь Ігар» А.​Барадзіна, «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага і інш. Працаваў у т-рах оперы і балета Алма-Аты і Фрунзе, у мімічным ансамблі Вял. т-ра ў Маскве.

Б.​С.​Смольскі.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫНКТЫВІ́ЗМ у сацыялогіі,

кірунак, які імкнецца растлумачыць сац. з’явы і працэсы з дапамогай звяртання да біял. прыроды чалавека. Сфарміраваўся на мяжы 19—20 ст. У яго аснову пакладзена тэорыя сац. паводзін У.​Мак-Дугала, паводле якой аснова грамадскага жыцця — у біялагічна прыроджаных інстынктах, што суправаджаюцца адпаведнымі эмоцыямі. З узаемазвязаных паміж сабой інстынктаў і эмоцый (гнеў, страх, пачуццё самазахавання, узнаўленне роду, набыццё уласнасці) ён выводзіў асн. сац. ін-ты — сям’я, дзяржава, рынак і інш. І.​Лебон даказваў, што з-за валявой неразвітасці і нізкага інтэлектуальнага ўзроўню вялікіх мас людзей («натоўпу») імі кіруюць неўсвядомленыя інстынкты. У апошнія гады ў зах. навуцы сталі звяртаць большую ўвагу на ідэі І. ў рамках «эталагічных» (спадчынных) і «сацыябіялагічных» тлумачэнняў сац. паводзін і грамадскага жыцця.

т. 7, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛЮМІНЕСЦЭ́НЦЫЯ (ад бія... + люмінесцэнцыя),

свячэнне жывых арганізмаў, абумоўленае біяхім. працэсамі; від хемалюмінесцэнцыі. Уласціва некаторым бактэрыям, ніжэйшым раслінам, грыбам, насякомым (жукі-светлякі і інш.), беспазваночным, рыбам. Вельмі пашырана сярод марскіх жывёл.

У большасці выпадкаў біялюмінісцэнцыя ўзнікае ў выніку ферментатыўнага акіслення асобных рэчываў — люцыферынаў. Частка малекул люцыферынаў за кошт вызваленай пры гэтым хім. энергіі пераходзіць ва ўзбуджаны стан, пры вяртанні ў асн. стан яны выпраменьваюць святло. Біялюмінісцэнцыя выкарыстоўваецца для асвятлення і прынады здабычы (напр., у глыбакаводных рыб), для перасцярогі, адпужвання або адцягвання ўвагі драпежнікаў, у якасці сігналу для сустрэчы самцоў і самак у шлюбны перыяд (розныя віды светлякоў).

Літ.:

Мак-Элрой У.Д., Зелигер Г.Г. Происхождение и развитие биолюминесценции // Горизонты биохимии: Пер. с англ. М., 1964;

Тарусов Б.Н. Сверхслабое свечение живых организмов. М., 1972.

Г.​К.​Ільіч.

т. 3, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНІЁНІС, Банёніс (Banionis) Данатас Юозавіч (н. 28.4.1924, г. Каўнас), літоўскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Нар. арт. Літвы (1973), нар. арт. СССР (1974). Скончыў драм. студыю пры Панявежскім т-ры (1946), у якім працуе з 1940 (з 1980 гал. рэжысёр, з 1984 дырэктар і маст. кіраўнік). Драм. акцёр, стварыў па-філасофску абагульненыя, псіхалагічна дакладныя вобразы: Тэсман («Геда Габлер» Г.​Ібсена), Ломен («Смерць коміваяжора» А.​Мілера), Эдгар («Танец смерці» А.​Стрындберга), Брукас («Піюс не быў разумны» Ю.​Грушаса) і інш. Сярод пастановак: «Амадэус» П.​Шэфера, «Вечар» А.​Дударава. З 1959 здымаецца ў кіно: «Ніхто не хацеў паміраць» (Дзярж. прэмія СССР 1967), «Мёртвы сезон», «Гоя», «Уцёкі містэра Мак-Кінлі» (Дзярж. прэмія СССР 1977, «Салярыс» і інш. Яго творчасці прысвечаны фільмы «Я — бедны кароль» і «Майстар з маленькага горада». Дзярж. прэмія Літвы 1969.

Д.Ю.Баніёніс.

т. 2, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НСКІХ (Яўген Міхайлавіч) (11.1.1922, Масква — 25.11.1985),

бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыў студыю пры Свярдлоўскім т-ры оперы і балета (1937) і да 1941 артыст гэтага т-ра. У 1946—49 саліст Пермскага т-ра оперы і балета. У 1949—57 вядучы танцоўшчык Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1952—69 выкладчык Бел. харэагр. вучылішча. Артыст лірыка-драм. плана, добра валодаў мастацтвам дуэтнага танца. Сярод партый на бел. сцэне: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Феб, Іванушка («Эсмеральда», «Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Ма Лічэн («Чырвоны мак» Р.​Гліэра). Стварыў вострахарактарны вобраз Князя («Палымяныя сэрцы» В.​Залатарова).

А.​І.​Калядэнка.

т. 5, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)