ПІРАГАЛО́Л, 1,2,3-трыгідраксібензол, пірагалолавая кіслата,

многаатамны фенол, C6H3(OH)3.

Бясколерныя крышталі, якія на святле шарэюць, tпл 133—134 °C, шчыльн. 1453 кг/м³. Добра раствараюцца ў вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Лёгка акісляецца; шчолачныя растворы П. хутка і колькасна паглынаюць малекулярны кісларод. У прам-сці атрымліваюць піролізам (дэкарбаксіліраваннсм) галавай кіслаты. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў для футра і валасоў, у арган. сінтэзе (як аднаўляльнік), фатаграфіі (праяўляльнае рэчыва), газааналізатарах (паглынальнае рэчыва), у якасці прысадкі да змазачнага масла. Выклікае дэрматозы; ГДК у вадзе 0,1 мг/л.

т. 12, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЫВУ́Н,

насычаныя вадой рыхлыя асадкавыя горныя пароды, якія пры ўскрыцці праяўляюць вял. рухомасць (плывучасць). Адрозніваюць П. сапраўдныя (пяскі, супескі, суглінкі і інш., якія змяшчаюць гідрафільныя калоіды) і несапраўдныя (пераважна пяскі без калоідных часцінак). Сапраўдныя П. набываюць плывучасць пры вельмі малых напорных градыентах і маюць устойлівыя плывучыя ўласцівасці. Несапраўдныя П. пераходзяць у плывучы стан пры значных напорных градыентах, лёгка аддаюць ваду, пасля чаго трацяць плывучасць. На Беларусі П. часта трапляюцца на Палессі сярод алювіяльных, азёрных і водналедавіковых надмарэнных адкладаў. З П. змагаюцца шляхам іх асушэння.

т. 12, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫШЧЭ́ПА,

расліна ці яе частка, на якую прышчэпліваюць частку інш. расліны — прышчэпак. Выкарыстоўваюць П. насеннага (сеянцы, дзічкі) і вегетатыўнага паходжання (клонавыя П.). Праз П. ажыццяўляецца мінер. жыўленне і водазабеспячэнне, яна ўплывае на хуткасць росту, скараспеласць, урадлівасць, устойлівасць да хвароб і інш. якасці прышчэпленай расліны. П. павінна сумяшчацца з прышчэпкам і прыстасоўвацца да мясц. глебава-кліматычных умоў, лёгка прыжывацца пасля перасадкі. Найб. пашыраныя П. для яблыні — сеянцы яблыні лясной, Антонаўкі звычайнай, клонавыя П. для грушы — сеянцы дзікай лясной грушы, клонавыя П., (айва А, айва С); для слівы — алыча. Гл. таксама Прышчэпліванне.

т. 13, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗЕРВА́Ж (франц. réservage ад лац. reservare зберагаць, захоўваць),

1) від паглыбленай гравюры на метале спосабам траўлення; разнавіднасць афорта. Узнік у 2-й пал. 19 ст. Малюнак пяром або пэндзлем, нанесены мастаком спец. чарнілам непасрэдна на паверхню металу, пакрываюць кіслотатрывалым грунтам і апускаюць друкарскую форму ў ваду. Пры набрынянні чарніла прыўзнімае часткі грунту, якія лёгка здымаюцца і агаляюць метал для траўлення.

2) Спосаб двухколернай афарбоўкі керамічных вырабаў з выкарыстаннем натуральнага тону самой керамікі: часткі вырабу, не прызначаныя для афарбоўкі, пакрываюць слоем тлушчу ці алею, які выгарае пры абпальванні.

т. 13, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНАКО́СЦЫ (Opiliones, або Phalangida),

атрад жывёл кл. павукападобных. 3 падатр., каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. адзначаецца С. звычайны (Phalangium opilio). Жывуць у лясным подсціле, пад карой дрэў, на сценах пабудоў, агароджах, паверхні глебы.

Даўж. цела 1—22 мм, авальнай формы, ад шэрага да чорнага колеру. Падобныя да павукоў, адрозніваюцца ад іх сегментаваным брушкам (9—10 сегментаў), якое злучана з галавагрудзямі шырокай асновай. Ногі тонкія, доўгія, лёгка адрываюцца (аўтатамія). Дыхаюць трахеямі. Кормяцца насякомымі, малюскамі, арган. рэшткамі.

Сенакосцы: 1 — звычайны; 2 — трагулюс акватыкус; 3 — немастома квадрыпунктата; 4 — ганілептус курвіпес.

т. 14, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСЮ́К, авёс пусты,

жывы авёс (Avena fatua),

кветкавая расліна з роду авёс сям. метлюжковых. Пашыраны ва ўсіх нетрапічных паясах Зямлі, акрамя Крайняй Поўначы. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі, на палях, каля дарог. Пустазелле пасеваў аўса пасяўнога і інш. яравых культур.

Аднагадовая травяністая расліна з валасніковым коранем. Сцябло круглаватае, прамастойнае, выш. да 120 см. Лісце лінейнае, пляскатае, шурпатае. Каласкі 2—3-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка з доўгім каленчата-сагнутым асцюком. Мяцёлка буйная, раскідзістая, даўж. да 30 см. Плод — плевачная верацёнападобная зярняўка. Аўсюк лёгка скрыжоўваецца з аўсом пасяўным і пагаршае яго селекцыйныя якасці.

Аўсюк.

т. 2, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАЛЬГА́МА (франц. amalgame ад грэч. malagma мяккая падкладка),

сплаў ртуці з інш. металам. У залежнасці ад суадносін ртуці і металу падзяляюцца на вадкія і цвёрдыя. Цвёрдыя пры награванні раскладаюцца на зыходныя кампаненты, вадкія застаюцца ўстойлівымі ў вял. інтэрвале тэмператур. Інертныя да агрэсіўных асяроддзяў, маюць добрыя цеплафіз. ўласцівасці. Утварэнне амальгамы адбываецца пры змочванні і дыфузіі ртуці ў метал. Кампаненты амальгамы ўтвараюць інтэрметал. злучэнні — меркурыды. Золата, серабро, волава лёгка сплаўляюцца з ртуццю, медзь — у здробненым стане ці пры награванні. Амальгамы — прамежкавыя рэчывы пры здабычы высакародных металаў з рудаў і канцэнтратаў; метад іх атрымання — амальгамацыя.

т. 1, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫВІТАМІ́НЫ (ад анты... + вітаміны),

рэчывы з ліку антыметабалітаў, якім уласціва біял. дзеянне, процілеглае дзеянню вітамінаў. Хім. будовай звычайна блізкія да вітамінаў або з’яўляюцца іх вытворнымі (напр., антывітамін вітаміну B1 — пірытыямін), таму канкурэнтна лёгка замяшчаюць вітаміны ў біяхім. рэакцыях і парушаюць працэсы абмену рэчываў. Да антывітамінаў належаць таксама інш. рэчывы, што ў жывых клетках звязваюць вітаміны, пераводзяць у неактыўную форму або разбураюць іх (напр., тыяміназа, авідзін, некаторыя лекавыя сродкі — антыбіётыкі, сульфаніламіды). Вынікам насычэння арганізма антывітамінамі можа быць вітамінная недастатковасць, якая развіваецца нават пры дастатковым паступленні вітамінаў з ежай або ўтварэнні іх у арганізме.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЎЛІ́ЧНАЯ ПЕРАДА́ЧА,

тып перадачы, у якой мех. энергія і рух з зададзенымі параметрамі перадаюцца ад вядучага звяна да вядзёнага з дапамогай вадкасці. Паводле прынцыпу дзеяння адрозніваюць гідрадынамічную перадачу і гідрастатычную перадачу.

Гідраўлічная перадача можа быць аб’яднана з зубчастай перадачай так, што рух перадаецца ад вядучага вала гідраперадачай, зубчастай або абедзвюма адначасова (гл. Гідрамеханічная перадача). Гідраўлічная перадача вызначаюцца гібкасцю і зносаўстойлівасцю, лёгка рэгулююцца, засцерагаюць механізмы ад перагрузак, добра кампануюцца ў канструкцыях трансп. машын, станкоў і інш. машын-прылад. Уваходзяць у склад гідрапрыводаў. Выкарыстоўваюцца ў аўтамабілях, цеплавозах, цеплаходах, самалётах, буд.-дарожных машынах, кампрэсарах і да т.п.

т. 5, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНІЦЫІ́РУЮЧЫЯ ВЫБУХО́ВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

першасныя выбуховыя рэчывы, якія лёгка ўзрываюцца пры нязначных цеплавых і мех. (удар, трэнне) уздзеяннях з вылучэннем энергіі, дастатковай для загарання ці дэтанацыі брызантных выбуховых рэчываў.

Адрозніваюць індывідуальныя І.в.р. (у тэхніцы выкарыстоўваюць пераважна тэтразен, грымучую ртуць, азід свінцу) і сумесевыя, якія акрамя І.в.р. маюць інш. кампаненты. Выкарыстоўваюць у ваен. тэхніцы і ўзрыўной справе ў выглядзе малых (долі грама) зарадаў, якія змяшчаюць у спец. канструкцыі — т.зв. капсулі-дэтанатары (для ўзбуджэння дэтанацыі) і капсулі-запальнікі (для запальвання порахаў і піратэхн. саставаў). Вытв-сць і абыходжанне з І.в.р. патрабуюць асаблівых мер засцярогі з-за магчымасці выбуху.

т. 7, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)