ПЯТРО́ЎСКАЯ Таццяна Антонаўна (14.12.1946, Мінск — 9.6.2000),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва ў галіне керамікі. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). З 1975 працавала на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Асн. творы: кампазіцыі «Сад» (1975), «Сінія мроі» (1976), «Кветкі з саду» (1980), «... Быў дзень» (1981), «Палессе» (1982), «Спадчына» (1983); сервізы «Дэсертны» (1975), «Белавежская пушча» (1979); дэкар. скульптура «Ля электрычкі», «У разгар чэрвеня» (абедзве 1990—92), «Канцэрт» (1993), «Суседка» (1995), «Раніца нядзельная», «Незабудкі» (абедзве 1997—98); вазы, блюды, чайнікі, талеркі. Выканала дэкар. рэльефы «Музыка» для Барысаўскага Палаца культуры (1981); пластыку для Палаца культуры і тэхнікі ВА «Хімвалакно» ў Магілёве (1982), для Дома творчасці тэатр. работнікаў у в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на (1986—88), для аптэкі (1990) у Барысаве; рэльефы «Стары горад», пластыку і свяцільні для загса Цэнтральнага р-на Мінска (з З.​Раўко, 1985—87).

Л.​Ф.​Салавей.

Т.Пятроўская. Пластыка для загса Цэнтральнага раёна Мінска. 1985—87.

т. 13, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНДЭ́ЛЬ (франц. rondel ад rond круг),

верш з 13 радкоў, звязаных дзвюма скразнымі рыфмамі. Дзеліцца на 3 страфы — два 4-радкоўі і адно 5-радкоўе. Два першыя радкі верша паўтараюцца ў канцы другога 4-радкоўя, а першы — і ў канцы Р. Узнік у старафранц. паэзіі, потым перайшоў у англ. і інш. еўрап. л-ры. У канцы 19 — пач. 20 ст. яго выкарыстоўвалі сімвалісты. У бел. л-ру ўвёў М.​Багдановіч:

Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах

Ля склепу. Часам лёгкі пах
Сюды даносіцца ад рожы.
Паўсюль крыжы, вянкі...
Чаго жа Тут, дзе магілы, сцень і прах,
Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах?

І ціха думаў я: быць можа,
Любоў, палёгшы у трунах,
Перамагла і смерці жах!
Спачніце ж! Вечна на старожы
Амур і сумны і прыгожы.
(«На могілках»).

У сучаснай бел. паэзіі не атрымаў пашырэння.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́ЛЕР (Toller) Эрнст (1.12.1893, Шамоцын Куяўска-Паморскага ваяв., Польшча — 22.5.1939),

нямецкі пісьменнік; адзін з лідэраў экспрэсіянізму. Вучыўся ў Грэноблі (да 1914), у Гайдэльбергскім і Мюнхенскім ун-тах. За ўдзел у рэв. падзеях зняволены ў турму (1919—24). З 1933 у эміграцыі. Чалавек і рэвалюцыя — гал. тэма яго драм «Чалавек-маса» (1921), «Разбуральнікі машын» (1922), «Хінкеман», «Вызвалены Вотан» (абедзве 1923), «Гоп-ля, мы жывём» (1927), «Тушыць катлы!» (1930), «Пастар Галь» (1939). Аўтар зб. вершаў «Кніга ластавак» (1924), аўтабіягр. нататак «Юнацтва ў Германіі» (1933), кн. «Лісты з турмы» (1935), публіцыстыкі. У творах праблемы гуманнасці і жорсткасці, асобы і гісторыі, рэв. масы і яе правадыра, небяспекі нацызму; для іх характэрны абстрагаваныя вобразы-сімвалы, гратэск, настроі адзіноты, бездапаможнасці, катастрафізму.

Тв.:

Рус. пер. — Тюремные песни. М., 1925;

Штурм голода: Воспоминания и наброски. М., 1926;

Живем, живем! Л., 1928;

Дело об убийстве. М., 1934.

Літ.:

Экспрессионизм. М., 1966.

Е.​А.​Лявонава.

т. 15, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІ́ШАЧКІН Мікалай Пятровіч (14.3.1938, г. Віцебск — 30.4.1993),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Выконваў вострахарактарныя ролі, якія вызначаліся выразным пластычным малюнкам. Сярод роляў бел. рэпертуару: Самахвальскі («Несцерка» В.​Вольскага), Тата («Зацюканы апостал» А.​Макаёнка), Віктар Пятрэня («Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча), Жора Сыч, Навіцкі («Укралі кодэкс», «Трывога» А.​Петрашкевіча). Інш. ролі: Іпаліт («Мінулася кату масленіца» А.​Астроўскага), Іван Пятровіч («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.​Дастаеўскага), Епіходаў («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Румін, Міхаіл («Дачнікі», «Зыкавы» М.​Горкага), Гела («Не трывожся, мама!» паводле Н.​Думбадзе), Ламбардзі, Маскатэль, Дэ ля Катары («Слуга двух гаспадароў», «Каханне не жарты», «Забаўны выпадак» К.​Гальдоні), Броннікаў («Пяць рамансаў у старым доме» У.​Аро), Леанідзік («Мой бедны Марат» А.​Арбузава), Чарнявы («Энергічныя людзі» В.​Шукшына), Навасельцаў («Таварышы па службе» Э.​Брагінскага і Э.​Разанава) і інш.

Т.​Дз.​Арлова.

т. 17, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ВАРАЎ (сапр. Крачолаў) Пеё

(13.1.1878, г. Чырпан, Балгарыя — 29.10.1914),

балгарскі паэт. Вучыўся ў гімназіі ў г. Плоўдзіў (1891—93). Друкаваўся з 1896. У першым зб. «Вершы» (1901) прадоўжыў традыцыі Х.Боцева і Х.Вазава. Зб. «Гайдуцкія песні» (1903) і зб. нарысаў «Гайдуцкія мары» (1908) пра рэв.-вызв. рух у Македоніі 1902—03. Пад уплывам франц. мадэрнісцкай паэзіі стаў пачынальнікам сімвалізму ў балг. л-ры (зб. вершаў «Бяссонніца», 1907). Аўтар кн. лірыкі «Услед за ценямі воблакаў» (1910), драм «Ля падножжа Віташы» (1911), «Як замаўкае рэха грому» (1912). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Н.​Гілевіч, А.​Разанаў, В.​Сахарчук.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Хай зорыць дзень! Мн., 1973;

У кн.: Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень... Мн., 1978;

У кн.: Гілевіч Н. Роднасць. Мн., 1983;

Апалавы пярсцёнак: Лірыка. Мн., 1988;

Рус. пер. — Избранное. М., 1958;

Лирика. М., 1972.

Н.​С.​Гілевіч.

т. 18, кн. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГА́НСКАЯ Ядвіга Іосіфаўна (29.2.1908, Улан-Удэ — 3.4.1992),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1930). Настаўнічала. У 1937 пасля арышту мужа паэта А.​Сака арыштавана, у 1938 засуджана на 10 гадоў пазбаўлення волі і адпраўлена ў лагер на Калыму. У 1948 вярнулася на Беларусь. Рэабілітавана ў 1954. Дэбютавала вершамі ў 1926. Першая аповесць «Далёка на Поўначы» (1954). Кнігі Бяганскай для дзяцей («Жэнеў галубок», 1958; «Зосіна зорачка», 1965; «Кожны марыць стаць Калумбам», 1968; «Сланечнікі», 1980, і інш.) вылучаюцца добрым веданнем дзіцячай псіхалогіі, назіральнасцю, уменнем займальна будаваць сюжэт. Перакладала з польск. (аповесці Б.​Ясенскага «Палю Парыж», 1932; Г.​Машынскай-Гофман «Вера і яе таварышы», 1965; Я.​Корчака «Кароль Мацюсь Першы», 1970) і славацкай (раманы М.​Крно «Я вярнуся жывы», 1960; У.​Мінача «Жывыя і мёртвыя», 1961, з А.​Мажэйкам; аповесці К.​Ярунковай «Брат маўклівага ваўка», 1976; Я.​Грушоўскага «Яношак», 1980).

Тв.:

Ля самага сіняга мора. Мн., 1982;

Сонцу і ветру насустрач. Мн., 1988.

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЗНЯСЕ́НСКІ Аляксандр Мікалаевіч (17.7.1888, с. Чукалы Ардатаўскага р-на, Мардовія — 16.1.1966),

рускі і бел. літаратуразнавец. Д-р філал. н. (1944), праф. (1927). Скончыў Варшаўскі ун-т (1913). Працаваў у Растоўскім ун-це (1915—21), БДУ (1921—30), ВНУ Масквы і Казані. Даследаваў гісторыю рус. і ўкр. літаратур, дакастр. л-ру Беларусі (станаўленне маст. прозы Я.​Коласа, стылістыку эпічнай паэзіі Я.​Купалы), бел. тэатр 1920-х г., метадалагічныя пытанні літ.-знаўства. Вылучыў рэаліст. і рамант. тэндэнцыі ў дакастр. бел. л-ры, даў параўнальна-тыпалагічную характарыстыку творчасці Я.​Купалы ў кантэксце еўрап. літаратур.

Тв.:

Метод изучения литературы // Тр. БГУ. 1922. № 1;

Классификация методов историко-литературной науки // Там жа. 1925. № 6—7;

Асноўныя прынцыпы пабудовы беларускай навукі аб літаратуры. Мн., 1927;

Паэмы Янкі Купалы // Узвышша. 1927. № 1;

Другі Беларускі дзяржаўны тэатр // Там жа 1929. № 6;

Ля вытокаў мастацкай прозы Я.​Коласа // Полымя. 1928. № 8;

1929. № 1—4.

У.​М.​Конан.

А.М.Вазнясенскі.

т. 3, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЦІ́ЕЎ Мікалай Цімафеевіч (н. 31.12.1912, г. Растоў-на-Доне, Расія),

бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1968). Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1961). Працаваў у выд-ве «Беларусь» (1944—72), выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це (1962—77). У Вял. Айч. вайну ў партыз. атрадзе, выканаў больш за 40 антыфаш. плакатаў і больш за 70 малюнкаў і акварэлей. Творы ў кніжнай графіцы вылучаюцца пераканаўчай характарыстыкай вобразаў, дакладнай перадачай аўтарскай задумы: «Хаджы Мурат» Л.​Талстога (1948), «Вечары на хутары ля Дзіканькі» М.​Гогаля (1950), «Люба Лук’янская» К.​Чорнага (1961), бел. нар. казкі «Ільюша, Іванаў сын» (1965), «Цудоўная дудка» (1967) і інш. Станковай графіцы ўласцівы выразнасць кампазіцыйнай пабудовы, разнастайнасць графічных сродкаў (серыя «Полацкая нафтабудоўля», 1962—63). Выканаў лінагравюры «Беларусь — край партызанскі» (1969), «Партызанскія будні» (1975) і інш. Сярод жывапісных работ: «Мая Беларусь», «Лётчык Мамкін ратуе прытулкавых дзяцей», серыі пейзажаў «Нарачанскія», «Нясвіжскія», «Аксакаўшчына» (усе 1980-я г.).

Г.​А.​Фатыхава.

М.Гуціеў. Лётчык Мамкін ратуе прытулкавых дзяцей. 1980.

т. 5, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮПРЭ́ (Dupré) Луі (каля 1697 — кастр. 1774),

французскі танцоўшчык, балетмайстар, педагог; адзін з заснавальнікаў мужчынскага сцэн. танца. Вучыўся ў школе пры «Каралеўскай акадэміі музыкі і танца» ў Парыжы («Гранд-Апера»), у 1715—22 і 1730—51 саліст гэтага т-ра. У 1722—30 працаваў у Варшаве, гастраліраваў у Лондане, Дрэздэне, Вене. Танцаваў у лірычных трагедыях, балетах, операх-балетах, а таксама чаконы і пасакаллі. Яго танец вылучаўся грацыёзнасцю, пластычнасцю, высакароднай манерай выканання. У 1756 запрошаны Г.​Ф.​Радзівілам у прыдворны т-р у Слуцку, разам з А.Пуціні. Дз. — стваральнік мясц. балета. У 1756—58 выкладаў у Слуцкай балетнай школе, выступаў у Слуцку і ў Белым (Бяла-Падляска, Польшча). У 1758 пераехаў у Нясвіж, дзе паводле дагавору з М.​К.​Радзівілам Рыбанькай павінен быў да 1761 выступаць на сцэне, пісаць лібрэта і ставіць балеты, падрыхтаваць для т-ра 8 дзяцей і вучыць танцам усіх, каго яму дадуць. Сярод яго вучняў Ж.Ж.Навер, Г.​Вестрыс, М.​Гардэль.

Г.​І.​Барышаў.

Ж.Дзюпрэ. Дубы ля дарогі. 1850-я г.

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́ШЫН Васіль Уладзіміравіч (н. 9.5.1913, в. Ляхавічы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. літаратуразнавец, педагог. Акад. АПН СССР (1967), д-р філал. н. (1965), праф. (1973). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1938). З 1946 у Ін-це л-ры АН Беларусі, у 1967—78 дырэктар НДІ педагогікі Мін-ва адукацыі Беларусі. Навук. працы па пытаннях тэорыі і гісторыі бел. л-ры, літ. сувязей, метадалогіі і методыкі выкладання л-ры ў школе. Адзін з гал. кірункаў даследаванняў — Купалаўская спадчына. Аўтар манаграфій «М.​Горкі і беларуская літаратура пачатку XX ст.» (1956), «Ля вытокаў сацыялістычнага рэалізму» (1963), «Да вышынь рэалізму» (1983), «Выверанае жыццём» (1988), падручнікаў «Беларуская літаратура» для 8-га кл. (19-е выд. 1978, з В.​В.​Барысенкам; 7-е выд. 1988, з М.​А.​Лазаруком), для 9-га кл. (9-е выд. 1994, з Лазаруком).

Тв.:

Янка Купала: Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905—1907 гг. Мн., 1953;

Рэвалюцыя 1905—1907 гг. і развіццё беларукай літаратуры. Мн., 1955.

т. 7, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)