РЭАЛО́ГІЯ (ад грэч. rheos цячэнне, паток + ...логія),

навука, што вывучае з’явы дэфармацыі і цякучасці рэчываў, для якіх характэрны паўзучасць (гл. Паўзучасць матэрыялаў) і рэлаксацыя. Вылучылася ў самаст. галіну механікі суцэльных асяроддзяў у 2-й чвэрці 20 ст. Цесна звязана з гідрадынамікай, пругкасці тэорыяй.

Тэарэт. Р разглядае сувязь паміж напружанасцямі, дэфармацыямі і іх зменамі ў часе, вывучае паводзіны мнагафазных сістэм у залежнасці ад рэалагічных уласцівасцей іх кампанентаў. Адрозніваюць рэалагічныя ўласцівасці фундаментальныя (пругкасць, вязкасць, пластычнасць); складаныя (іх камбінацыі); тэхналагічныя (коўкасць, клейкасць, усмоктванне, покрыўная здольнасць фарбаў). Даследуе дысперсныя сістэмы — фарбы, нафтапрадукты, буд. матэрыялы, кляі, глебы, торф, смолы, цэлюлозу, крухмал, бялкі, тлушчы, шкло і інш. Метады Р. выкарыстоўваюцца ў металургічнай і палімернай вытв-сці, горнай справе, медыцыне і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах Р. праводзяцца ў Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН.

Літ.:

Лодж А.С. Эластичные жидкости: Введение в реологию конечнодеформируемых полимеров: Пер. с англ. М., 1969;

Шульман З.П., Кордонский В.И. Магнитореологический эффект. Мн., 1982;

Готлиб Ю.Я., Даринский А.А., Светлов Ю.Е. Физическая кинетика макромолекул. Л., 1986.

т. 13, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЙСМАЛО́ГІЯ (ад грэч. seismos ваганне, землетрасенне + ...логія),

раздзел геафізікі, які вывучае землетрасенні, будову глыбінных нетраў Зямлі. Падзяляецца на ўласна С., сейсмаметрыю і прыкладную С. Уласна С. аналізуе геагр. пашырэнне ачагоў землетрасення і сейсмаактыўных зон, выяўляе іх сувязі з унутрызямнымі працэсамі, вывучае ўнутр. будову Зямлі і вызначае межы падзелу яе «цвёрдых» абалонак (гл. Зямная кара, Мантыя і інш.), займаецца сейсмічным раянаваннем. Сейсмаметрыя распрацоўвае метады вывучэння пругкіх ваганняў слаёў Зямлі, выкліканых прыроднымі ці штучнымі сейсмічнымі з’явамі. Прыкладная С. займаецца пытаннямі сейсматрывалага буд-ва, прагназуе землетрасенні. Як навука сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. з развіццём яе тэарэт., метадычнай і інструментальнай частак. Вял. ўклад у С. зрабілі вучоныя: рус. Б.​Б.​Галіцын, ням. Э.​Віхерт і Б.​Гутэнберг, англ. Дж.​Мілн і інш. На Беларусі сейсмалаг. даследаванні пачаліся з 1965 на сейсмічнай станцыі «Мінск» у Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі. У 1979 у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі створана Доследна-метадычная партыя, якая выконвае комплекс сейсмалагічных даследаванняў. Сейсмаметрычныя назіранні вядуцца на стацыянарных («Мінск», «Гомель», «Нарач», «Салігорск») і перасоўных сейсмічных станцыях.

В.​Я.​Клюц.

т. 14, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФЕКТАЛО́ГІЯ (ад дэфект + ...логія),

навука пра заканамернасці псіхічнага развіцця, выхавання і навучання дзяцей, якія патрабуюць асаблівай увагі: глухіх, сляпых, са слабым зрокам ці слыхам, разумова адсталых, з затрымкай псіхічнага развіцця, цяжкімі парушэннямі маўлення, вынікамі дзіцячага цэрэбральнага паралічу, комплекснымі парушэннямі (слепаглухіх, глухіх з разумовай адсталасцю, сляпых з затрымкай псіхічнага развіцця і інш. камбінацыямі). Як самаст. галіна навукі склалася ў пач. 19 ст. Сучасная Д. апіраецца на дасягненні псіхалогіі, педагогікі, у т. л. народнай, прыродазнаўства, медыцыны, тэхнікі, радыёэлектронікі. Вызначае структуру і сістэму метадаў і методык дыягностыкі і дыферэнцыяльнай дыягностыкі стану своеасаблівага псіхічнага развіцця дзяцей з парушэннямі ў сістэме аналізатараў, ц. н. с., маўленчай дзейнасці; распрацоўвае прынцыпы, абгрунтоўвае змест, метады і сродкі карэкцыйна накіраванага навучання і выхавання; даследуе праблемы абілітацыі (стварэнне механізмаў кампенсацыі ў дзяцей з прыроджаным дэфектам), рэабілітацыі (сістэма мер па рэадаптацыі асоб з набытым дэфектам), сац. адаптацыі, прафарыентацыі. У Беларусі праблемы Д. распрацоўваюцца на кафедрах дэфекталагічнага ф-та Бел. пед. ун-та, у сектарах аддзялення Д. Нац. ін-та адукацыі, на кафедры Д. Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Спецыялістаў для спец. дзіцячых устаноў рыхтуе Бел. пед. ун-т і педвучылішча № 2 у Мінску.

Т.​А.​Грыгор’ева.

т. 6, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАНІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. kranion чэрап + ...логія),

раздзел анатоміі чалавека і жывёл, які вывучае індывідуальныя і групавыя варыяцыі памераў, формы чэрапа і яго асобных частак. У антрапалагічных даследаваннях матэрыялы К. выкарыстоўваюць пры вывучэнні этапаў фіз. эвалюцыі, шляхоў фарміравання расавых тыпаў чалавека, высвятлення этнагенезу розных плямён і народаў. Краніялагічнымі даследаваннямі займаюцца краніяметрыя (метады вымярэнняў), краніяскапія (апісанне асаблівасцей і дэталей будовы чэрапа), краніяграфія (атрыманне замалёвак формы чэрапа ў розных праекцыях з дапамогай спец. прылад). Антраполагі рэканструююць твар па чэрапе паводле методыкі М.М.Герасімава. Краніялагічнае вывучэнне стараж. ўсх.-слав. насельніцтва пачаў А.П.Багданаў, працягвалі В.В.Бунак, Г.Ф.Дэбец, В.П.Аляксееў і інш. У Беларусі калекцыі краніялагічных матэрыялаў са стараж. пахаванняў пачалі стварацца ў 2-й пал. 19 ст. Частка іх захоўваецца ў НДІ і Музеі антрапалогіі пры Маскоўскім ун-це (160 чарапоў), у Віленскім (67 экз.) і Кракаўскім (81 экз.) ун-тах. Матэрыялы з раскопак А.М.Ляўданскага і І.А.Сербава ў 1920-я г. стварылі першую краніялагічную калекцыю АН БССР (100 экз. знішчана ў Вял. Айч. вайну, адноўлена ў пасляваен. гады, у калекцыі больш за 300 экз.). Краніялаг. даследаванні ў сувязі з пытаннямі этнагенезу беларусаў праводзяць супрацоўнікі ІМЭФ Нац. АН Беларусі І.​І.​Салівон, А.​І.​Кушнір, І.​У.​Чаквін.

А.​І.​Кушнір, І.​І.​Салівон.

т. 8, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАПАТАМАЛО́ГІЯ (ад палеа... + грэч. potamos рака + ...логія),

навука аб стараж. рэках, якія захаваліся ў выглядзе алювіяльных адкладаў і пахаваных рачных далін; частка палеагеаграфіі і гідралогіі рэк. Пры вывучэнні стараж. рэк выкарыстоўваюць комплекс геал., геамарфалагічных, палеанталагічных і інш. метадаў. П. высвятляе ўмовы намнажэння, заляганне, склад, фацыяльную зменлівасць алювіяльных адкладаў, іх узрост, суадносіны з ледавіковымі, марскімі і інш. тыпамі адкладаў, асаблівасці расліннага і жывёльнага свету ў былых рачных сістэмах. Праводзяцца палеагеаграфічныя рэканструкцыі стараж. рачной сеткі, вызначаецца скорасць цячэння, расходы вады, энергія эразійнага размыву і г.д. Алювій пахаваных далін мае ў сабе розныя карысныя выкапні (напр., россыпы высакародных і рэдкіх металаў, вял. запасы прэснай вады). Рэкі, што існавалі ў познім пратэразоі і раннім палеазоі (да дэвону), наз. эарэкамі, у познім палеазоі і мезазоі — пратарэкамі, у палеагене і неагене — палеарэкамі, у плейстацэне — прарэкамі. Заснавальнік П. (1929) чэш. вучоны Ф.​Ржыкоўскі. На Беларусі навук. даследаванні ў галіне П. праводзіліся пад кіраўніцтвам Г.І.Гарэцкага (Дзярж. прэмія СССР 1971 за палеапатамалагічныя даследаванні).

Літ.:

Горецкий Г.И. Основные проблемы палеопотамологии антропогена // Бюл. комиссии АН СССР по изучению четвертичного периода. 1974. № 42;

Яго ж. Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере Белорусского Понеманья). Мн., 1980.

А.​Ф.​Санысо.

т. 11, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬНЕАЛО́ГІЯ (ад лац. balneum лазня, купанне + ...логія),

раздзел курарталогіі, які вывучае мінер. воды і іх лячэбна-прафілакт. выкарыстанне. Падзяляецца на бальнеатэрапію, бальнеаграфію, бальнеатэхніку; цесна звязана з інш. мед. і біял. дысцыплінамі.

Першыя працы па бальнеалогіі вядомы з 5 ст. да нашай эры (Герадот, Гіпакрат). Пачатак навук. бальнеалогіі ў 17—18 ст. даў ням. вучоны Ф.​Гофман. У Расіі вывучэнне мінер. крыніц пачалося з 1717. Першым дапаможнікам па бальнеалогіі была кніга рус. хіміка Г.​І.​Геса, які вывучаў хім. састаў і дзеянне гаючых водаў Расіі (1825).

На Беларусі даследаванні па бальнеалогіі вядуцца з 1920-х г. у Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1924), мед. ін-тах. Выяўлены радовішчы лек. мінер. водаў Беларусі. Вывучаны іх хім. састаў і мікрафлора, колькасць арган. рэчываў, даказана лек. эфектыўнасць сульфатна-кальцыевых і кальцыева-магніевых, сульфатна-хларыдных і натрыева-кальцыевых мінер. водаў (Д.​А.​Маркаў, Н.​І.​Аляксейчык, П.​В.​Астапеня, В.​М.​Ізуткін, М.​Ф.​Казлоў, Э.​С.​Кашыцкі, Л.​М.​Толстых-Чарнецкая, Ц.​А.​Каган, М.​Г.​Эранасьян і інш.). Распрацаваны ўмовы і спосабы выкарыстання іх на курортах Беларусі, у бальнеалячэбніцах бальніц, паліклінік, тэхналогія разліву хларыдна-натрыевых водаў Мінская № 3 і Мінская № 4, вызначаны паказанні да лячэння бел. мінер. водамі ў спалучэнні з кліматам, сапрапелямі, торфам. Працягваюцца комплексныя даследаванні бальнеалагічных рэсурсаў рэспублікі.

т. 2, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЯЛО́ГІЯ (ад грэч. bryon мох + ...логія),

раздзел батанікі, які вывучае мохападобныя.

Узнікла ў канцы 18 ст., як навука сфарміравалася ў 19 ст. (І.​Гедзвіг, С.​Эндліхер і інш.). Уклад у яе развіццё зрабілі працы вучоных аўстр. Р.​Ветштайна, ням. М.​Фляйшэра, К.​Гёбеля, амер. Р.​М.​Шустэра, Б.​К.​Стотлера, рус. К.​І.​Меера, Б.​М.​Коза-Палянскага, укр. Дз.​К.​Зярова і інш.

На Беларусі вывучэнне відавога складу мохападобных пераважна Зах. Беларусі і Палесся пачалі ў канцы 19 — пач. 20 ст. А.​М.​Алексенка, К.​Шафнагель, Я.​Сепесфальві, У.​С.​Дактуроўскі і інш. Больш шырока і мэтанакіравана брыяфлору ў 1920-я г. даследавалі Л.​І.​Савіч-Любіцкая і інш., у 1930-я г. — С.​М.​Цюрэмнаў, А.​П.​Підоплічка, А.​С.​Лазарэнка. З 1960-х г. даследаванні па Б. вядуць пераважна ў Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Вывучаецца відавы склад і дынаміка флоры мохападобных, асаблівасці іх эколага-цэнатычнага размеркавання і геагр. пашырэння. Упершыню распрацавана цэласная канцэптуальная мадэль паходжання і эвалюцыі мохападобных з часу ўзнікнення пачатковых археганіятаў (Г.​Ф.​Рыкоўскі). Створана брыятэка з 20 тыс. узораў мохападобных. Звесткі Б. выкарыстоўваюць пры вызначэнні лесамеліярац. фонду, ступені парушэння біяцэнозаў, забруджвання навакольнага асяроддзя, пры выкананні мерапрыемстваў па аптымізацыі ландшафтаў, перспектыўныя пры стварэнні замкнёных сістэм жыццезабеспячэння.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРУСАЛО́ГІЯ (ад вірусы + ...логія),

медыка-біял. навука аб вірусах. Агульная вірусалогія вывучае прыроду вірусаў, іх будову, размнажэнне, біяхімію, генетыку, паходжанне і пашырэнне ў прыродзе. Мед., вет. і с.-г. вірусалогія даследуе патагенныя вірусы, іх інфекцыйныя ўласцівасці, распрацоўвае меры папярэджання, дыягностыкі і лячэння захворванняў, якія імі выклікаюцца.

Сфарміравалася ў канцы 19 ст. пасля адкрыцця рус. вучоным Дз.​І.​Іваноўскім (1892) віруса тытунёвай мазаікі. Былі вызначаны вірусы яшчуру (1898) і жоўтай ліхаманкі (1901), потым вірусы — узбуджальнікі шаленства, воспы, поліяміэліту, адру, герпесу. Сучаснай вірусалогіі вядома больш за 500 вірусаў, патагенных для чалавека і жывёл.

На Беларусі распрацоўка пытанняў вірусалогіі пачалася ў 1924 і звязана з вырабам і выкарыстаннем вакцын супраць воспы і шаленства. Асн. навук. цэнтры па мед. і ветэрынарнай вірусалогіі — Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, эксперым. ветэрынарыі, рыбнай гаспадаркі, БДУ і інш. Распрацаваны актыўныя злучэнні супраць вірусаў грыпу, энцэфаліту і інш., удасканалена сістэма аховы пры даследаванні патагенных узбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл (В.​І.​Вацякоў, П.​Р.​Рыцік, Э.​У.​Фельдман, Б.​П.​Савіцкі, І.​І.​Протас, М.​А.​Кавалёў, Л.​М.​Галаўнёў і інш.). Асаблівае значэнне набываюць праблемы вывучэння вірусаў, якія выклікаюць пухлінныя працэсы, латэнтных вірусных інфекцый і ВІЧ-інфекцыі.

Літ.:

Зуев В.А. Медленные вирусные инфекции человека и животных. М., 1988.

т. 4, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТАМІНАЛО́ГІЯ (ад вітаміны + ...логія),

навука пра вітаміны; раздзел біяхіміі. Адрозніваюць вітаміналогію эксперыментальную (даследуе дзеянне пэўных вітамінаў і іх вытворных, міжвітамінныя ўзаемаадносіны, мадэлюе паталогіі, што ўзнікаюць пры недахопе вітамінаў) і клінічную (вывучае выкарыстанне вітамінных прэпаратаў для прафілактыкі і лячэння захворванняў).

Адкрыццё вітамінаў звязана з імем рус. ўрача М.​І.​Луніна, які ў 1880 заўважыў наяўнасць у ежы незаменных кампанентаў, што адрозніваліся хім. прыродай ад вядомых бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і мінер. рэчываў. Назву яны атрымалі ў 1911 (польскі біяхімік К.​Функ). Першы вітамін, хім. будова якога была адкрыта, — тыямін (А.​Віндаўс, 1932, Р.​Уільямс, І.​Клайн, 1936). У Расіі далейшае развіццё вітаміналогіі звязана з працамі А.​У.​Паладзіна, Б.​А.​Лаўрова і інш. На Беларусі даследаванні (пачаліся ў 1930-я г.) былі засяроджаны на вывучэнні ролі вітамінаў у харчаванні чалавека і кармленні жывёл (А.​Поляк, Л.​М.​Форштэр), пошуку новых вітамінаў (Л.​П.​Розанаў), біяхім. механізмаў дзеяння вітамінаў, іх удзелу ў абменных працэсах (С.​Д.​Пеўзнер, Я.​І.​Бляхер, В.​А.​Лявонаў, М.​Ф.​Меражынскі, Ю.​М.​Астроўскі і інш.). Н.-д. работы па вітаміналогіі вядуцца ў мед. ін-тах, ін-тах АН Беларусі — біяхіміі, радыебіялогіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў.

Літ.:

Экспериментальная витаминология: (справ. руководство). Мн., 1979;

Шабалов Н.П., Маркова И.В. Антибиотики и витамины в лечении новорожденных. СПб., 1993.

В.​К.​Кухта.

т. 4, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАТАЛО́ГІЯ (ад гемата... + ...логія),

навука пра кроў і крывятворныя органы, іх будову, функцыі, хваробы, метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Цесна звязана з анкалогіяй і трансфузіялогіяй.

Як навука сфарміравалася ў 17 ст. Сістэматычнае апісанне гематалагічных захворванняў пачалося ў 19 ст. Ням. вучоныя Р.​Вірхаў у 1845, Э.​Нойман у 1870 апісалі лейкозы, англ ўрач Т.​Адысан (1855) і ням. А.​Бірмер (1872) вылучылі ў асобную клінічную форму злаякасную анемію. У пач. 20 ст. рус. вучоныя М.​І.​Арынкін, А.​А.​Максімаў і А.​М.​Крукаў распрацавалі тэорыю кроваўтварэння (т.зв. унітарную); У.​М.​Чарнігаўскі, М.​А.​Фёдараў і інш. даказалі, што ў рэгуляцыі кроваўтварэння ўдзельнічаюць гумаральныя фактары (вітаміны, гармоны, мікраэлементы і г.д.) і ц. н. с.

На Беларусі даследаванні ў галіне гематалогіі пачаліся ў 1930-я г. (Г.Х.Даўгяла, Я.П.Іваноў, В.А.Лявонаў, С.М.Мялкіх, М.П.Паўлава, А.А.Ракіцянская, А.І.Свірноўскі і інш.). Праблемы гематалогіі даследуюцца ў НДІ гематалогіі і пералівання крыві, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, у Рэсп. дзіцячым анкагематалагічным цэнтры. Распрацавана класіфікацыя гемастазіяпатыі, ДВС-сіндрому; прапанавана патагенетычная дыягностыка і тэрапія дысемінаванага ўнутрысасудзістага згусання крыві. Вывучаны некаторыя механізмы парушэнняў кроваўтварэння і спосабы іх карэкцыі пры дзеянні радыяцыі. Створаны рэсп. рэгістр гемапатыі. Дзейнічае нац. сістэма гематалагічнай службы, якая ўключае гематалагічныя кабінеты і аддзяленні, Цэнтр трансплантацыі касцявога мозга.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)