ДЭНДРАЛО́ГІЯ (ад дэндра... + ...логія),
навука пра дрэвавыя расліны (дрэвы, кусты, кусцікі); раздзел батанікі. Вывучае марфалогію, сістэматыку, экалогію раслін, іх выкарыстанне ў нар. гаспадарцы.
Дэндралагічныя даследаванні вядомы са стараж. часоў (Тэафраст). У канцы 19 — пач. 20 ст. вял. ролю ў развіцці Д. адыгралі рус. вучоныя І.І.Ляпёхін, С.П.Крашаніннікаў, АФ.Мідэндорф, П.С.Палас і інш., батанікі ням. Л.Байснер і Я.Фітшэн, амер. А.Рэдэр, англ. Э.Сарджэнт і інш. У СССР характар даследаванняў па Д. вызначаў У.М.Сукачоў, стваральнік геабат. школы, адзін з заснавальнікаў біягеацэналогіі.
На Беларусі пачатак дэндралагічных даследаванняў пакладзены ў 18 ст. Ж.І.Жыліберам, які стварыў у Гродне бат. сад з 1200 экзатычнымі раслінамі.
Вывучэннем дрэвавых парод і куставых раслін, стварэннем калекцый займаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. батанікі А.Рэга, У.У.Адамаў, Дз.М.Нікольскі, Г.М.Высоцкі, С.П.Мельнік. Сучасны этап звязаны з працамі С.Дз.Георгіеўскага, А.Ф.Іванова, Б.Дз.Жылкіна, М.Дз.Несцяровіча, Я.А.Сідаровіча, М.У.Смольскага, І.І.Собалева, А.Т.Федарука, А.А.Чахоўскага, М.В.Шкутко і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе, Ін-це лесу Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. тэхнал. ун-це, Бел. с.-г. акадэміі. Распрацоўваюцца навук. асновы інтрадукцыі і акліматызацыі дрэвавых раслін. Вывучаны відавы склад мясцовых і інтрадукаваных дрэвавых парод, іх біял. асаблівасці, вызначаны асартымент інтрадукаваных відаў для зялёнага буд-ва і лясной гаспадаркі. Буйнейшая калекцыя дрэвавых раслін сабрана ў Цэнтр. бат. садзе.
А.І.Жорава.
т. 6, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)