АБО́ЗНЫ,
1) пасада ў войску ВКЛ і Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. Прызначаўся гетманам, з 1776 — каралём. Займаўся раскватараваннем войскаў: выбарам месца пад лагер, яго ўмацаваннем. Галоўных абозных было 2 — каронны (польскі) і літоўскі.
2) Выбарная вайск. пасада на Украіне ў 17—18 ст. Генеральныя абозныя арганізоўвалі гетманскае войска, забяспечвалі яго харчаваннем і фуражом, кіравалі артылерыяй, удзельнічалі ў перагаворах, расследавалі злачынствы, палкавыя былі нам. казацкіх палкоўнікаў, узначальвалі палкавую артылерыю.
3) Ніжэйшы чын пры ваен. гужавым транспарце і абозах у дарэв. Расіі і інш. краінах.
т. 1, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́КТАР,
герой у грэчаскай міфалогіі, сын Прыяма і Гекубы, муж Андрамахі. Галоўны траянскі герой у «Іліядзе», правадыр у Траянскай вайне, вылучаўся сілай і геройствам. Двойчы ўступаў у адзінаборства з найб. магутным пасля Ахіла ахейскім героем Аяксам. Траянцы на чале з Гектарам уварваліся ва ўмацаваны лагер ахейцаў і падпалілі адзін карабель. Загінуў у адзінаборстве з Ахілам, які помсціў яму за забойства Патрокла. Лёс Гектара адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, рэльефы саркафагаў, скульптуры А.Кановы, Б.Торвальдсена), л-ры (Ф.Шылер, Ж.Жыраду) і інш.
т. 5, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРУ́НВАЛЬД»,
летні лагер для адпачынку дзяцей. Створаны ў 1990 у пас. «Энергетык» (Дзяржынскі р-н Мінскай вобл.) бацькоўскім к-там беларускамоўных класаў і школ Мінска (з 1996 Т-ва бел. школы) на базе піянерскага лагера «Дружба». Дзейнасць «Грунвальда» накіравана на нац.-патрыят. выхаванне, развіццё грамадскай актыўнасці дзяцей, удасканаленне іх фіз. падрыхтоўкі з выкарыстаннем методыкі скаўтызму. Праводзіць фізкультурна-тэатралізаваныя святы (напр., Грунвальдскае відовішча), спаборніцтвы, мерапрыемствы каляндарна-абрадавага характару, археал. і фальклорна-этнагр. экспедыцыі і інш. Адпачываюць дзеці з Беларусі, а таксама з замежжа.
А.Ю.Лозка.
т. 5, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДЗІЦЫ (Lidice),
шахцёрскі пасёлак у Чэхіі на З ад Прагі, знішчаны ў 2-ю сусв. вайну; увасабленне нацыянал-сацыялісцкага тэрору на акупіраваных тэрыторыях. Абвінаваціўшы жыхароў Л. ў хаванні байцоў чэхаславацкага руху Супраціўлення, якія здзейснілі замах на пратэктара Чэхаславакіі Р.Гайдрыха, 10.6.1942 ням. паліцэйскія і вайскоўцы поўнасцю разбурылі пасёлак, мужчын, каму больш за 16 гадоў (190—198 чал.), расстралялі, жанчын (195 чал.) дэпартавалі ў канцлагер Равенсбрук, а дзяцей (усяго 98) — у лагер СС на «анямечванне». У 1945 на месцы Л. засн. музей, у 1946 побач адноўлены пасёлак.
т. 9, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАЎЁЎ (Зіновій Пятровіч) (22.11.1876, г. Гродна — 6.11.1928),
адзін з арганізатараў аховы здароўя ў СССР. Скончыў Казанскі ун-т (1904). У 1918—20 нам. нар. камісара аховы здароўя РСФСР. З 1920 нач. Гал. ваен.-сан. ўпраўлення Чырв. Арміі, старшыня Рас. т-ва Чырв. Крыжа і Чырв. Паўмесяца, з 1923 адначасова праф. кафедры 2-га Маскоўскага ун-та. Навук. працы па пытаннях тэарэт. асноў аховы здароўя, вышэйшай мед. адукацыі, гісторыі медыцыны, ваен.-сан. справы. Па ініцыятыве і з удзелам С. ў 1925 створаны піянерскі лагер Артэк.
т. 14, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НТЭРБЕРЫ (Canterbury),
горад на ПдУ Вялікабрытаніі, на У ад Лондана, у графстве Кент. Узнік у 1 ст. н.э. на месцы кельцкага паселішча, якое змяніў рым. лагер. У 6—8 ст. сталіца англа-саксонскага каралеўства Кент. 131 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Невялікія прадпрыемствы гарбарнай, харч., электратэхн., паліграф. прам-сці. Ун-т. У К. самая стараж. ў краіне епіскапская кафедра і абацтва (засн. ў 597). Архіепіскап Кентэрберыйскі — кіраўнік англіканскай царквы. У К. Каралеўскі музей (маст. галерэя, старажытнасці Кента). Кентэрберыйскі сабор (1070—1503), абацтва св. Аўгусціна і царква св. Марціна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
т. 8, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНА́Я,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Брэст; чыг. станцыя на лініі Баранавічы—Брэст. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПдЗ ад г. Баранавічы, 177 км ад Брэста. 1910 ж., 663 двары (1999). Лясніцтва, цэх Баранавіцкай мэблевай ф-кі. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Казанская царква, касцёл Маці Божай Каралевы Анёлаў. Магіла ахвяр фашызму. Месца загубы сав. ваеннапалонных і мірных жыхароў (у Вял. Айч. вайну каля Л. быў Ляснянскі лагер смерці), брацкая магіла сав. воінаў і ахвяр фашызму. Радзіма У.І.Галубка.
т. 9, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗВЕ́ЧЧА,
былая вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. Размяшчалася за 3 км на Пн ад г. Глыбокае, паміж азёрамі Вялікае і Мушкат. Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. ў грамаце кн. Андрэя Альгердавіча. Уваходзіла ў Полацкае ваяв. ВКЛ. Паводле Полацкай рэвізіі 1552, у мястэчку Беразвечча было 40 дамоў і 40 мяшчан. У 1643—1874 дзейнічаў Беразвецкі кляштар базыльян. Існавалі праваслаўная царква, 4-класнае духоўнае вучылішча. З 1921 Беразвечча ў складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 у Глыбоцкім р-не. У Вял. Айч. вайну 1941—45 ням. фашысты стварылі тут Беразвецкі лагер смерці. З 1960-х г. Беразвечча ў межах г. Глыбокае.
т. 3, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯХНО́ВІЧЫ, Алёхнавічы,
вёска ў Беларусі, у Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 28 км на ПдУ ад Маладзечна, 55 км ад Мінска, чыг. ст. на лініі Мінск—Маладзечна. 3244 ж., 1181 двор (1995). Птушкафабрыка, сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
У 19 ст. вёска і фальварак у Краснасельскай вол. Вілейскага пав. У 1872 пракладзена чыгунка, у 1885 пабудаваны вакзал. З 1921 у складзе Польшчы. У Аляхновічах дзейнічалі гурткі Бел. сял.-работніцкай грамады. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета. У 1942 у Аляхновічах размяшчаўся лагер смерці для ваеннапалонных. У 1948 арганізаваны калгас «Новае жыццё», у 1955 саўгас «Аляхновіцкі».
т. 1, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗУБРАНЯ́»,
рэспубліканскі дзіцячы лагер. Засн. ў жн. 1969 на беразе воз. Нарач (Мядзельскі р-н Мінскай вобл). Размешчаны на пл. 64 га. Працуе круглы год. У лагеры створаны ўмовы для адпачынку, аздараўлення і вучобы дзяцей. У комплексе пабудоў жылыя, лячэбныя і гасп. дамы, школа, б-ка, басейн. Дзеці 5 дружын («Азёрная», «Блакітная», «Зорная», «Лясная», «Сонечная») размяшчаюцца ў 5 аднайм. карпусах (на 160 месцаў). На тэр. лагера стадыён, пляцоўкі спарт. і для атракцыёнаў, фруктовы сад; на беразе пляжы, лодачная станцыя. У лагеры праводзяцца спартакіяды, фестывалі, канферэнцыі, рэсп. і міжнар. імпрэзы. «З.» супрацоўнічае з Бел. фондам сац. падтрымкі дзяцей і моладзі «Мы — дзецям».
Л.Ю.Лозка.
т. 7, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)