Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАЗАНІ́Т (ад назвы р. Амазонка, дзе ўпершыню знойдзены),
мінерал, разнавіднасць мікракліну, афарбаваная іонамі свінцу. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае крышталі, часцей зярністыя масы з альбітам, кварцам і інш.Колер блакітнавата-зялёны, бірузовы ці ярка-зялёны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. больш за 2,5 г/см³. Трапляецца ў гранітах і гранітных пегматытах. Вырабны камень. Амазанітавыя граніты выкарыстоўваюцца як абліцовачны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫМАНІ́Т (ад позналац. antimonium сурма),
сурмяны блішчак, стыбніт, мінерал класа сульфідаў Sb2S3. Мае 71,4—71,8% сурмы. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Утварае прызматычныя, ігольчастыя крышталі, суцэльныя, зярністыя, радыяльна-прамяністыя агрэгаты. Колер свінцова-шэры да чорнага. Бляск металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 4,5—4,6 г/см³. Паходжанне гідратэрмальнае, радзей у свінцова-цынкавых радовішчах і інш. Галоўная руда сурмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУСІ́Т (ад прозвішча амер. мінералога А.Бруса),
мінерал падкласа гідраксідаў, гідраксід магнію, Mg(OH)2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, ліставатыя. Звычайна ў выглядзе ліставатых агрэгатаў. Колер белы, зеленаваты, карычневы. Празрысты, паўпразрысты. Бляск васковы. Цв. 2,5. Шчыльн. 2,39 г/см³. Трапляецца ў выглядзе пражылкаў у серпенцінітах і мармурызаваных вапняках. Сыравіна для керамічнай і папяровай прам-сці, вогнетрывалых матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАГА́Т (ад грэч. gagatēs чорны бурштын),
разнавіднасць каменнага вугалю, якая мае глыбокі чорны колер, яркі смалісты бляск, вязкасць і ракавісты злом. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 1,3—1,4 г/см³. Утварэнне гагату звязваюць з метамарфізмам драўніны, пахаванай у марскіх мулах мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. Трапляецца ў выглядзе скопішчаў у пясчаніках, мергелях, пластах вугалю. Добра паліруецца. Вырабны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАСУЛЯ́Р (ад позналац. grossularia агрэст),
мінерал з групы гранатаў, алюмасілікат кальцыю, Ca3Al2[SiO4]3. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі тэтрагонтрыэктаэдрычныя або простыя ці ў розных спалучэннях. Агрэгаты масіўныя, няправільныя зерні. Колер светла-зялёны, жаўтаваты, карычняваты ці белы. Бляск шкляны. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 3,5. Тыповы мінерал вапняковых скарнаў і кальцыевага метасаматозу асн. і ультраасн. парод. Празрыстыя грасуляры — ювелірныя камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫХРАІ́ЗМ (ад грэч. dichroos двухколерны),
розная афарбоўка аднавосевых крышталёў, якім характэрна падвойнае праменепераламленне, пры праходжанні святла ўздоўж аптычнай восі і перпендыкулярна да яе. Напр., крышталь апатыту, які асветлены белым святлом, будзе светла-жоўтым, калі глядзець уздоўж восі, і зялёным — упоперак да яе; пры інш. напрамках назірання крышталь афарбаваны ў які-н. прамежкавы колер. Гл. таксама Плеахраізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКАІ́Т (ад грэч. krokos шафран),
мінерал класа храматаў, храмат свінцу, Pb(CrO4). Прымесі серабра, цынку. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі пласціністыя; характэрны крышт. друзы. Бывае таксама зярністым. Колер аранжава-чырвоны. Бляск алмазны. Паўпразрысты. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 5,9—6,1 г/см³. Утвараецца ў зоне акіслення гідратэрмальных радовішчаў, якія змяшчаюць сульфіды свінцу і залягаюць сярод ультраасноўных парод. Каштоўны калекцыйны мінерал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМПРАФІ́Р,
жыльная магматычная горная парода, складзеная з палявога шпату (радзей фельдшпатоідаў) і павышанай колькасці каляровых мінералаў (не менш за 30%; біятыт, амфібол, алівін, меліліт і інш.). Колер цёмна-шэры да чорнага. Вылучаюць Л. вапнякова-шчолачныя (спесартыт, керсантыт), шчолачныя або фельдшпатоідныя (камптаніт) і мелілітавыя (альнеіт). Утвараюць серыі малых інтрузіўных цел (сілаў, даек, некаў, трубак выбуху), цесна злучаных з разломнай тэктонікай.