НАВАГРУ́ДСКАЕ КНЯ́СТВА, Новагародскае княства,

удзельнае княства ў Панямонні ў 13—14 ст. Цэнтр — Навагрудак (Новагародак). Новагародскі кн. Ізяслаў упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1237 (1236?), калі галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч «наведе... Литву Миндога Изяслава Новогородьского» на кн. Конрада Мазавецкага. На падставе гэтага запісу лічыцца, што побач з Міндоўгам у барацьбе з мазавецкім князем удзельнічаў і Ізяслаў, які быў у саюзных або васальных адносінах з Данілам Раманавічам. Пазней Н.к. ўваходзіла ў склад уладанняў М шдоўга, Рамана Данілавіча, Войшалка, у 1-й пал. 14 ст. — удзел сына Гедзіміна Карыята (разам са Слонімам і Мсцібавам). Нейкі ўдзел меў у Н.к. сын Карыята Фёдар. У канцы 14 ст. вял. кн. Вітаўт зняволіў, а пасля выгнаў Фёдара з ВКЛ. З гэтага часу Н.к. канчаткова перайшло да велікакняжацкага дамена, у Навагрудку сядзелі намеснікі вял. князёў.

т. 11, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГВАЛО́Д УСЯСЛА́ВІЧ,

(у хрышчэнні Барыс; ?—1128), князь полацкі, сын Усяслава Брачыславіча (Чарадзея). Свой пасад заняў пасля смерці бацькі як старэйшы сын (1101). У 1102 хадзіў на ятвягаў, разбіў іх і ўзяў вял. палон, які пасяліў у г. Барысаў, заснаваным ім у тым жа годзе. Верагодна, у 1106 узначальваў аб’яднанае войска полацкіх князёў, якое выступіла супраць земгалаў. У выніку няўдачы гэтага паходу, як можна меркаваць, быў пазбаўлены полацкага пасада. У 1127 па патрабаванні кіеўскага князя Мсціслава, які з многімі князямі прыйшоў на Полацкую зямлю Р.У. быў пастаўлены полацкім князем замест Давыда, свайго брата. З імем Р.У. звязваюць надпісы на Барысавых камянях.

Літ.:

Татищев В.Н. История Российская. М.; Л., 1963. Т. 2. С. 123;

Повесть временных лет. М.; Л., 1950. Ч. 1. С. 183.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 13, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛІЙ II (Basileios) Балгарабойца

(958, Канстанцінопаль — 15.12.1025),

візантыйскі імператар [976—1025]. З Македонскай дынастыі. Узмацніў паліт., эканам. і ваен. магутнасць Візантыі; абмежаваў уплыў знатных родаў, задушыў іх паўстанні ў 976—79 і 987—89. Меў добрасуседскія адносіны з кіеўскім князем Уладзімірам, за якога выдаў замуж сваю сястру Ганну. Гэты шлюб паспрыяў прыняццю на Русі хрысціянства. У 995 здзейсніў паспяховы паход у Сірыю супраць Фатымідаў; захапіў частку груз. і арм. зямель. Пасля працяглай вайны ў 1018 пакарыў Зах.-Балг. царства і падпарадкаваў яго Візантыі; за жорсткасць, якую праявіў у гэтай вайне (у 1014 загадаў асляпіць 14 тыс. балг. палонных), празваны Балгарабойцам. Значна пашырыў тэр. сваёй імперыі: яна ўключыла ўвесь Балканскі п-аў і М. Азію, распасціралася да Каўказскага хрыбта і Месапатаміі на У і Італіі на З.

Літ.:

Михаил Пселл. Хронография: Пер. с греч. М., 1978.

т. 4, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІКАМАРА́ЎСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Вялікамараўскае княства, Багемскае княства,

раннефеадальная дзяржава зах. славян на Пд Маравіі ў 9 — пач. 10 ст.; першае буйное паліт. ўтварэнне ў цэнтр.-еўрап. рэгіёне. Сталіца — г. Велеград (месцазнаходжанне дакладна невядома). Засн. каля 833 князем Маймірам I (п. каля 846), які далучыў да Маравіі суседняе Нітранскае княства. Пры кн. Расціславе [846—870] адбіты ўварванні ўсх. франкаў (855 і 869), запрошаны з Візантыі місіянеры Кірыла і Мяфодзій (863), створана ўласнае архіепіскапства, падпарадкаванае папу рымскаму, на чале з Мяфодзіем (869). Пры кн. Святаполку [870—894] дзяржава пасля часовай страты незалежнасці (870—874) дасягнула найб. магутнасці (далучаны землі Чэхіі, Лужыцы, Сілезіі, Малой Польшчы, Паноніі. Значнае развіццё ў культуры краіны набыло культавае буд-ва. Пасля смерці Святаполка пачаўся распад Вялікамараўскай дзяржавы (у 895 аддзяліліся чэхі, у 897 — сербы-лужычане). Разгромлена ў 906 качэўнікамі-венграмі.

Літ.:

Краткая история Чехословакии. М., 1988. С. 14—22.

т. 4, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛА́ЎСКІЯ, Жаслаўскія, Яўнуцьевічы,

княжацкі род у ВКЛ. Паходзілі ад вял. кн. ВКЛ Яўнута, які ў 1345 быў скінуты братамі Альгердам і Кейстутам і атрымаў ад іх г. Заслаўе (адсюль прозвішча). Найб. вядомыя:

Іван Юр’евіч (? — 1499?), праўнук Яўнута, намеснік мінскі ў 1468—73, віцебскі (каля 1484). Меў вотчыны на Смаленшчыне. Міхаіл Іванавіч (каля 1460—1529), сын Івана Юр’евіча, намеснік віцебскі ў 1492—95. У 1499 атрымаў у вотчыну частку Мсціслаўскага княства, тытулаваўся князем Мсціслаўскім. Уваходзіў у склад Рады ВКЛ і меў статус удзельнага князя. У 1526 падараваў Мсціслаўскае княства вял. князю ВКЛ. Ад яго сына Фёдара (каля 1500—40) пайшоў род князёў Мсціслаўскіх у Расіі. Багдан Іванавіч (каля 1465—1530), намеснік мінскі з 1499. Фёдар Іванавіч (каля 1470—1539?), намеснік віцебскі ў 1492, бранскі ў 1494—99, аршанскі і аболецкі з 1501. Адзіны з братоў валодаў Заслаўем.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫБУ́ТАВІЧЫ,

княжацкі род у ВКЛ герба «Пагоня»; адгалінаванне Альгердавічаў. Паходзяць ад Карыбута — сына вял. кн. ВКЛ Альгерда і Юльяны Цвярской. Ад шлюбу з удавой друцкага князя Дзмітрыя Васілевіча ён меў сыноў Івана, Жыгімонта і Фёдара.

Жыгімонт (Сігізмунд, каля 1385 — пач. 1435) на чале ўласнай харугвы ўдзельнічаў у Грунвальдскай бітве 1410 як васал караля Польшчы Ягайлы, пазней служыў вял. князю Вітаўту. У 1422 прэтэндаваў на карону Чэхіі. У 1430 падтрымаў абранне вял. князем ВКЛ Свідрыгайлу, ваяваў на баку апошняга ў час яго барацьбы з Жыгімонтам Кейстутавічам. Загінуў у бітве пад Вількамірам. Фёдар (каля 1390 — пасля 1440) упамінаецца з 1422. У бітве пад Вількамірам змагаўся на баку Свідрыгайлы, трапіў у палон. Генеалагічная традыцыя канца 16—17 ст. лічыла яго родапачынальнікам князёў Збаражскіх і Вішнявецкіх, у сувязі з чым іх родавы герб меў назву «Карыбут». Меў трох дачок.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІЯ ПРЫВІЛЕ́І,

граматы, якія вызначалі дзярж.-прававое становішча Полацкай зямлі ў складзе ВКЛ. Рэгулявалі ўнутранае жыццё, гарантавалі правы і прывілеі полацкага баярства, духавенства і мяшчан (гл. Полацкае права). Прывілей, выдадзены ў 1-й пал. 14 ст., не збярогся і адноўлены паводле пацвярджальнага прывілея 1511. Ён змяшчаў пагадненне полацкіх феадалаў і мяшчан са сваім удзельным князем. У 1399 Вітаўт выдаў прывілей, паводле якога абмежаванні ўлады ўдзельнага князя пераносіліся на велікакняжацкую ўладу. Прывілей Жыгімонта Кейстутавіча, выдадзены паміж 1436—40, пацвердзіў ранейшыя П.п. Прывілей 1451, выдадзены Казімірам IV Ягелончыкам, дадаткова гарантаваў юрыд. і маёмасныя правы палачан. Пры вял. кн. Аляксандру П.п. пацверджаны і дапоўнены новымі артыкуламі, што было звязана з наданнем Полацку 7.10.1498 прывілея на магдэбургскае права. Канчаткова становішча Полацкай зямлі ў складзе ВКЛ аформлена пацвярджальным прывілеем Жыгімонта I ад 23.7.1511. Наступныя пацвярджальныя прывілеі выдаваліся ў 1547, 1580, 1593, 1634.

т. 12, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́Н МСЦІСЛА́ВІЧ (пасля 1160—19.6.1205),

першы галіцка-валынскі князь [1199—1205]. Сын уладзіміра-валынскага і кіеўскага князя Мсціслава Ізяславіча і Агнесы, дачкі польскага князя Баляслава III. Бацька Данілы Раманавіча. У 1168—70 кн. наўгародскі. Пасля смерці бацькі з 1170 кн. Уладзіміра-Валынскага княства (уключала бел. Берасцейскую зямлю). У 1199 авалодаў таксама прастолам суседняга Галіцкага княства, у выніку чаго пад яго ўладай утварылася адзінае Галіцка-Валынскае княства. У 1202—03 падпарадкаваў сабе Кіеўскае княства і стаў наймацнейшым князем Паўд.-Зах. Русі. Ваяваў з полаўцамі, летапіснай Літвой і яцвягамі. Адмовіўся ад прапановы рым. папы Інакенція III, які абяцаў яму каралеўскую карону пры ўмове прыняцця каталіцтва. Забіты ў час міжусобнай вайны ў Польшчы, дзе падтрымліваў кн. Лешку.

Да арт. Раман Мсціславіч. М.​В.​Неўраў. Раман Галіцкі прымае паслоў папы Інакенція III. 1875. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.

т. 13, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛАСНЫ́Я ПРЫВІЛЕ́І,

заканадаўчыя акты ВКЛ, якія юрыдычна замацоўвалі аўтаномныя правы некат. зямель (княстваў, ваяводстваў, паветаў). Даваліся вял. князем ВКЛ. Грунтаваліся на мясц. звычаёвым праве, а таксама выпрацоўваліся адм. і судовай практыкай. Найб. вядомыя абласныя прывілеі: Віцебскія 1503, 1509, 1561; Полацкія 1511, 1547, 1580, 1634, 1699; Смаленскі 1505; Кіеўскія 1507, 1529; Валынскія 1501, 1509, 1547; Бельскія 1501, 1547; Драгічынскія 1511, 1547; Мсціслаўскі 1551.

Найб. тыповыя абласныя прывілеі — Віцебскі 1503 і Полацкі 1511. У іх замацаваны старадаўняе абавязацельства вял. князя не ўмешвацца ў царк. справы палачан і віцяблян, гарантаваны іх маёмасныя і асабістыя правы. Ваяводы ў Полацк і Віцебск павінны былі прызначацца толькі са згоды мясц. насельніцтва. Судзіць палачаніна можна было толькі ў Полацку паводле полацкага права. За баярамі і мяшчанамі гэтых зямель прызнавалася права свабоднага выезду за мяжу.

Літ.:

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.

І.​А.​Юхо.

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЭ́ЙСКІЯ,

малодшая лінія маскоўскіх вялікіх князёў. Паходзяць ад Дзмітрыя Данскога, прозвішча ад г. Вярэя, які ім належаў. Найб. вядомыя:

Міхаіл Андрэевіч (?—1486), у час вайны за трон Маскоўскага вял. княства паміж звянігарадскім князем Юрыем Дзмітрыевічам і Васілём II падтрымліваў спачатку першага, пасля другога. Разам з Васілём II хадзіў супраць хана Улуг-Мухамеда, у 1471 з Васілём III — на Ноўгарад. Пасля смерці Міхаіла Андрэевіча Вярэйскае княства далучана да Маскоўскай дзяржавы. Васіль Міхайлавіч Удалы (? — каля 1501), удзельнічаў у паходах маскоўскіх войск на Казань (1468, 1469), Ноўгарад (1471), супраць хана Ахмата (1472, 1480). У 1484 з-за пагрозы арышту ўцёк у ВКЛ, дзе атрымаў ва ўладанне Любеч, Койданаў, Усу, Старынкі, Іслач, Валожын, Радашковічы. Соф’я Васілеўна (пасля 1480 — 1549), дачка Васіля Міхайлавіча, выйшла замуж за А.​Гаштольда (да 1506). У 1563 атрымала ад мужа Трабы, Гальшаны і інш., пасля яе смерці ўсе маёнткі адышлі да вял. князя ВКЛ як вымарачныя.

А.П.Грыцкевіч.

т. 4, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)