ДВАЙНО́Е АПЛАДНЕ́ННЕ,

тып палавога працэсу, уласцівы пакрытанасенным раслінам. Адкрыў у 1898 рус. батанік С.Г.Навашын. Заключаецца ў тым, што пры фарміраванні семя гаплоідная яйцаклетка апладняецца адным (генератыўнае апладненне), а дыплоіднае ядро цэнтр. клеткі зародкавага мяшка — другім (вегетатыўнае апладненне) сперміем пылковага зерня. У выніку генератыўнага апладнення ўтвараецца дыплоідная зігота, якая дае пачатак зародку. Вынікам вегетатыўнага апладнення служыць узнікненне пач. клеткі трыплоіднага эндасперму (пажыўнай тканкі семені). Д.а. забяспечыла пакрытанасенным раслінам пашырэнне на Зямлі і амаль неабмежаваныя магчымасці прыстасавання да ўмоў існавання (ад тропікаў да тундраў, ад вільготных мясцін да пустынь).

т. 6, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛОД ((Claude) Альбер) (23.8.1899, г. Нёшато, Бельгія — 22.5.1983),

бельгійскі вучоны ў галіне біялогіі клеткі і анкалогіі. Скончыў Льежскі і Берлінскі ун-ты (1929). З 1929 у мед. цэнтры Ракфелераўскага ін-та (Нью-Йорк). З 1949 — праф., у 1950—72 дырэктар Брусельскага ін-та Ж.​Бардэ, з 1970 заг. лабараторыі Брусельскага ун-та. Чл. бельг. Каралеўскай мед. акадэміі (1947). Навук. працы па анкалогіі, вывучэнні клетачных структур, функцыянаванні клеткі. Выкарыстаў метад дыферэнцаванага цэнтрыфугавання субклетачных структур, выдзеліў мікрасомы, выявіў у мітахондрыях наяўнасць акісляльных працэсаў. Нобелеўская прэмія 1974 (з К.Р.Дэ Дзювам і Дж.Э.Паладэ).

т. 8, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛОН (ад грэч. klōn галіна, парастак, нашчадак),

сукупнасць клетак або асобін, што паходзяць ад агульнага продка ў выніку бясполага размнажэння. Аснова ўтварэння К. — мітоз (у бактэрый — простае дзяленне): генетычная інфармацыя падзяляецца пароўну паміж мацярынскімі і даччынымі клеткамі. У мікрабіялогіі К. — патомкі адной клеткі. У селекцыі раслін К. — патомкі адной расліны, расплоджаныя атожылкамі, чаранкамі, цыбулінамі, карэнішчамі і інш. яе часткамі. Новы метад атрымання К. раслін (напр., новы сорт бульбы) — вырошчванне іх з адной клеткі з дапамогай клетачнай культуры. Выкарыстоўваецца ў біялогіі, медыцыне, харч., хім. і мікрабіял. прам-сці.

т. 8, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАФІЛАМЕ́НТЫ (ад мікра... + позналац. filamentum ніткападобнае ўтварэнне, нітка),

скарачальныя ніткі ўнутрыклетачнага апорна-рухальнага апарату эўкарыёт — цыташкілета. Дыям. 4—7 нм. Маюць пераважна бялок актын, інш. скарачальныя бялкі (міязін, тропаміязін, актынін) і спец. бялкі (напр., вінкулін, фрагмін, філамін). Пад плазматычнай мембранай М. утвараюць суцэльнае спляценне, у цытаплазме клеткі фарміруюць пучкі з паралельна арыентаваных нітак або трохмерны гель. Забяспечваюць рухомасць нямышачных клетак (напр., нейтрафілаў, макрафагаў), удзельнічаюць у змене формы клеткі пры распластванні, прымацоўванні да субстрату, амёбападобным руху, эндамітозу, цыклозу (у раслінных клетках) і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРВО́ВАЯ ТКА́НКА,

комплексы нервовых і гліяльных клетак, спецыфічных для жывёльных арганізмаў; асн. структурна-функцыян. элемент нервовай сістэмы. Забяспечвае рэгуляцыю жыццядзейнасці тканак і органаў, іх інтэграцыю ў арганізме і сувязь з навакольным асяроддзем. Эвалюцыйна паяўляецца ў кішачнаполасцевых і дасягае найб. складанага развіцця ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга млекакормячых і чалавека. Нерв. клеткі (нейроны) не дзеляцца, валодаюць асаблівай узбуджальнасцю, праводнасцю і здольныя ўтвараць стабільныя кантакты з інш. клеткамі. Гліяльныя клеткі (нейраглія) — трафічны, апорны і ахоўны апарат. Звычайна Н.т. абкружана слаямі злучальнай тканкі (у пазваночных — мазгавыя абалонкі). А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУДНА́Я КЛЕ́ТКА,

аснова груднога аддзела тулава ў паўзуноў, птушак, млекакормячых жывёл і чалавека, складзеная з грудных пазванкоў, рэбраў і грудзіны; частка восевага шкілета амніётаў. З’явілася ўпершыню ў паўзуноў у сувязі з прагрэсіўным развіццём органаў апоры (апора плечавога пояса) і дыхання. У чалавека мае форму ўсечанага конуса, сплюшчанага ў пярэднезаднім напрамку, які мае верхнюю і ніжнюю апертуры. Плоскасць верхняй апертуры нахілена ўперад, таму пярэдні край яе знаходзіцца ніжэй за задні. Ніжняя апертура абмежавана рэбернай дугой і закрыта дыяфрагмай. Міжрэберныя прамежкі запоўнены мышцамі. Велічыня акружнасці грудной клеткі (вымяраецца на ўзроўні саскоў) характарызуе склад цела чалавека. Пры ўдыху грудная клетка расшыраецца. Выгляд і памеры яе залежаць ад спосабу жыцця, рухаў, дыхання; маюць узроставыя, палавыя, індывід. і прафес. адрозненні. Змены грудной клеткі бываюць у выглядзе прыроджаных і набытых, сіметрычных і асіметрычных дэфармацый, ад пухлінных, дыспластычных, дыстрафічных працэсаў і пашкоджанняў, што ўплывае на функцыянаванне грудной клеткі.

А.​С.​Манцюк А.​С.​Леанцюк.

Грудная клетка: 1 — грудзіна; 2 — рэбры; 3 — пазваночнік.

т. 5, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ТАЧНАЯ ТЭО́РЫЯ,

адно з найгалоўнейшых біял. абагульненняў, у адпаведнасці з якім усе арганізмы маюць клетачную будову. Сфармулявана Т.Шванам (1839), які паказаў агульны прынцып будовы і росту тканак жывёл і раслін. Клетка — асн. адзінка жыццядзейнасці, структуры і функцыі і найменшая элементарная часцінка, якая валодае характэрнымі асаблівасцямі жывога. Новыя клеткі ўзнікаюць толькі ад дзялення раней існуючых. Важныя кампаненты клеткі (нуклеінавыя кіслоты, бялкі), працэсы іх сінтэзу і ператварэнняў універсальныя і падобныя ў клетак усіх жывых сістэм. Асн. будова клеткі прынцыпова падобная ў эўкарыётаў (маюць ядро) і пракарыётаў (не маюць ядра). Даказана агульнасць клетачных арганоідаў у жывёл і раслін. Сучасная К.т. разглядае шматклетачны арганізм як складаную інтэграваную сістэму, для якой характэрны новыя спецыфічныя рысы. Цэласнасць арганізма складаецца з актыўнасці і ўзаемадзеяння асобных клетачных адзінак, якое ў жывёл ажыццяўляецца нервовай і гумаральнай рэгуляцыяй, а ў раслін — непасрэднай цытаплазматычнай сувяззю клетак.

Літ.:

Вермель Е.М. История учения о клетке. М., 1970;

Митникова Л.В. Философские проблемы биологии клетки: (Гносеол. аспект). Л., 1980.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЁЗ (ад грэч. meiōsis памяншэнне),

спосаб дзялення клетак, пры якім адбываецца памяншэнне дыплоіднага (двайнога) набору храмасом да гаплоіднага (адзінарнага); асноўнае звяно гаметагенезу. Адкрыты ням. вучоным В.Флемінгам (1882). Уключае 2 паслядоўныя дзяленні клетачнага ядра. У складанай і працяглай прафазе 1-га дзялення (мае 5 стадый, у чалавека працягваецца 22,5, у ліліі — 8—10 сутак) адбываецца кан’югацыя гамалагічных храмасом, утварэнне бівалентаў, красінговер і інш. На стадыі метафазы біваленты выстройваюцца ў сярэдняй ч. верацяна дзялення. У анафазе пачынаецца рух гамалагічных храмасом да процілеглых полюсаў клеткі. На стадыі тэлафазы мацярынская клетка раздзяляецца на 2 даччыныя, якія пераходзяць у інтэркінез (перыяд паміж 1-м і 2-м дзяленнем М.). Тэлафаза і інтэркінез адбываюцца не заўсёды. 2-е дзяленне М. мае падобныя ўмоўныя стадыі. У выніку з адной зыходнай дыплоіднай клеткі ўтвараюцца 4 гаплоідныя генет. разнародныя клеткі. М. — абавязковае звяно палавога працэсу і ўмова для фарміравання палавых клетак (гамет). Адзін з ключавых механізмаў спадчыннасці і спадчыннай зменлівасці.

Літ.:

Цитология и генетика мейоза. М., 1975.

А.​І.​Ерашоў.

т. 10, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫБЛЕ́МА (ад грэч. periblēma покрыва, абалонка),

слой ініцыяльных мерыстэматычных клетак конуса нарастання кораня, з якіх узнікаюць клеткі першаснай кары. У голанасенных з П. ўтвараецца пратадэрма.

т. 12, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕАДЧУВА́ЛЬНАСЦЬ (ад радые... + адчувальнасць),

адчувальнасць біял. аб’ектаў да іанізавальнага выпрамянення. Мера Р. — велічыня дозы апрамянення, якая выклікае гібель 50% апрамененых аб’ектаў (DL50). Розныя віды жывёл і раслін маюць неаднолькавую (відавую) Р. Індывід. (унутрывідавая) Р. залежыць ад полу, узросту, стану фізіял. сістэм і інш. фактараў. Індывід. адрозненні Р. маюць арганізм, яго тканкі, органы, клеткі і нават малекулы. Напр., марфал. змены ў крывятворнай тканцы выяўляюцца пры параўнальна меншых дозах, чым у мышачнай або касцявой. Маладыя клеткі, якія хутка размнажаюцца, валодаюць большай Р., чым спелыя. Адрозненні ў тканкавай Р. ўлічваюцца пры прамянёвай тэрапіі хворых на злаякасныя новаўтварэнні.

Н.​А.​Арцёмава.

т. 13, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)