ГЛІ́Я
(ад грэч. glia клей),
нейраглія, сукупнасць клетак нерв. тканкі, што запаўняюць прастору паміж нейронамі галаўнога і спіннога мозга і крывяноснымі сасудамі ў ц. н. с. Займаюць каля 40% яе аб’ёму; забяспечваюць існаванне і спецыфічныя функцыі нерв. клетак (узбуджанасць, тармажэнне, распаўсюджанне імпульсаў па адростках нейронаў і ў вобласці сінаптычнага кантакту, звязаны з сінтэзам медыятараў, выконваюць апорную, трафічную, размежавальную, сакраторную і ахоўную функцыі. Колькасць іх у ц. н. с. млекакормячых каля 140 млрд. (з узростам павялічваецца). Клеткі гліі падзяляюцца на гліяцыты (макраглія) і мікраглію. Клеткі макрагліі сваімі адросткамі і целамі вакол цел і адросткаў нейрацытаў утвараюць аснову гематаэнцэфалічнага бар’ера.
А.С.Леанцюк.
т. 5, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)