помнік бел. перакладной агіяграфічнай л-ры канца 15 ст. Змешчана ў рукапісным зб-ку разам з «Страсцямі Хрыстовымі» і «Аповесцю пра трох каралёў». Перакладзена з лац. мовы з выкарыстаннем чэш. крыніц. Шырока адлюстроўвае рысы бел.нар. гаворкі свайго часу.
«Жыціе...» апавядае пра Аляксея, які ў імя веры пакінуў багатых бацькоў і жонку і стаў хрысціянскім падзвіжнікам. Пасля вярнуўся ў бацькоўскі дом пад выглядам жабрака і жыў так 17 гадоў. Толькі пасля яго смерці бацькі даведаліся, што гэта быў іх сын. Аповесць вядома ў чэш. і польскім перакладах, у празаічным, вершаваным і драматургічным варыянтах. Зборнік зберагаецца ў Расійскай нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Публ.:
Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959;
Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Ч. 1. Мн., 1961.
Літ.:
Адрианова В.П. Житие Алексея, человека божия, в древней русской литературе и народной словесности. Пг., 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГ, Георгіяс (Geōrgios),
імя грэч.каралёў у 19—20 ст.
Георг I (24.12.1845, Капенгаген — 18.3.1913), кароль у 1863—1913. З дынастыі Глюксбургаў. Другі сын дацкага караля Крысціяна IX. Выбраны 30.3.1863 Нац. сходам Грэцыі са згоды дзяржаў-заступніц (Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі) пераемнікам скінутага грэч. караля Атона I. У 1864 падпісаў канстытуцыю, якая ўвяла ў краіне парламентарызм. Пры Георгу I да Грэцыі далучаны Іанічныя а-вы (1864), б.ч. Фесаліі і ч. Эпіра (1881). Забіты ў Салоніках у час Балканскіх войнаў 1912—13.
Георг II (19.7.1890, Татоі, каля Афін — 1.4.1947), кароль у 1922—23, 1935—41, 1946—47. З дынастыі Глюксбургаў. Сын грэч. караля Канстанціна I, унук Георга I. Заняў прастол пасля ваен. перавароту 1922. У снеж. 1923 пасля перамогі на выбарах рэспубліканцаў эмігрыраваў у Лондан. У 1935 вярнуўся на трон пасля ініцыіраванага манархістамі спрэчнага рэферэндуму. Садзейнічаў устанаўленню дыктатуры ген. І.Метаксаса. У 2-ю сусв. вайну ў эміграцыі ў Егіпце і Вялікабрытаніі (з 1941). Вярнуўся на прастол пасля рэстаўрацыі ў Грэцыі манархіі ў выніку плебісцыту 1.9.1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЙО́РКІ (Yorks),
дынастыя англ. герцагаў У 14—15 ст. і каралёў у 1461—85, галіна Плантагенетаў. Паходзіла ад герцага Йоркскага Эдмунда — 5-га сына Эдуарда Ш. У 1460 правы на прастол прад’явіў унук Эдмунда Рычард (1411—60, загінуў у бітве пры Уэйкфілдзе). Першым каралём з дынастыі Й. быў сын Рычарда Эдуард IV (1442—83), які правіў у 1461—83 з перапынкам у кастр. 1470 — крас. 1471. У ходзе Пунсовай і Белай руж вайны ён скінуў Генрыха VI Ланкастэра. Сын Эдуарда IV Эдуард V (1470—83) правіў у крас.—жн. 1483, скінуты з прастола і забіты ў Таўэры паводле загаду герцага Глостэра. Апошнім каралём з дынастыі Й. быў герцаг Глостэр Рычард III (1452—85), брат Эдуарда IV, ён загадаў забіць сваіх пляменнікаў Эдуарда V і Рычарда Йоркскага, абвясціў сябе каралём (правіў у 1483—85); загінуў 22.8.1485 у бітве пры Босварце). Пасля яго смерці англ. каралямі сталі Цюдары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РАЛЬ, Карл (Carol),
імя каралёў Румыніі ў 19—20 ст. з дынастыі Гогенцолернаў-Зігмарынгенаў.
Караль I (20.4.1839, г. Зігмарынген, Германія — 10.10.1914), князь [1866—81], кароль [1881—1914] Румыніі. З 1859 прускі афіцэр. У 1866 у выніку плебісцыту выбраны пераемнікам А.І.Кузы. Пасля рус.-тур. вайны 1877—78 і абвяшчэння незалежнасці Румыніі прыняў каралеўскі тытул. Садзейнічаў устанаўленню ў краіне рэжыму канстытуцыйнай манархіі. У пач. 1-й сусв. вайны праводзіў курс на нейтралітэт Румыніі, нягледзячы на заключаны ў 1883 саюз з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй.
Караль II (15.10.1893, г. Сіная, Румынія — 4.4.1953), кароль [1930—40] Румыніі. Сын Фердынанда I (правіў у 1914—27). З 1926 у эміграцыі (Парыж). Абвешчаны каралём па патрабаванні ўрада Ю.Маніу. Праводзіў аўтарытарны курс, у 1938 адмяніў дзеянне дэмакр. канстытуцыі 1923, забараніў усе партыі, устанавіў «каралеўскую дыктатуру». Пасля знешнепаліт. няўдач (уступка Бесарабіі Сав. Саюзу і Паўн. Трансільваніі Венгрыі) змушаны маршалам І.Антанеску адрачыся ад прастола на карысць сына Міхая (кароль у 1940—47), эмігрыраваў у Партугалію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬЮ́ІС ((Lewis) Сінклер) (7.2.1885, г. Сок-Сентэр, ЗША — 10.1.1951),
амерыканскі пісьменнік. Скончыў Іельскі ун-т (1907). Дэбютаваў аповесцю для дзяцей «Хайк і самалёт» (1912). Сусв. вядомасць прынёс Л. раман «Галоўная вуліца» (1920). У раманах «Бэбіт» (1922), «Эраўсміт» (1925, разам з П. дэ Крайфам, экранізацыя 1931), «Элмер Гентры» (1927, экранізацыя 1960), «Додсварт» (1929, экранізацыя 1936), «Эн Вікерс» (1933), «Кінгсблад, нашчадак каралёў» (1947) сац.-паліт. кантрасты амер. рэчаіснасці, праблемы стандартызацыі свядомасці «сярэдняга амерыканца», яго бездухоўнасці і канфармізму, расавай дыскрымінацыі. У рамане-антыутопіі «У нас гэта немагчыма» (1935) і сатыр. «Гідэон Пленіш» (1943) аналізуюцца вытокі і сутнасць фашызму. Аўтар сац.-псіхал. раманаў «Богашукальнік» (1949), «Свет такі шырокі» (1951), кінасцэнарыя «Бура на Захадзе» (1943, з Д.Шэйры), эсэ, нарысаў. Яго творы адметныя сюжэтнай маштабнасцю і вастрынёй канфліктаў, спалучэннем дакумент.-публіцыстычнага і гратэскава-сатыр. пачаткаў з лірычным. Нобелеўская прэмія 1930.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГ (George),
імя англ.каралёў у 20 ст.Найб. значныя прадстаўнікі:
Георг I (7.6.1660, г. Гановер, Германія — 22.6.1727), кароль [1714—27], курфюрст гановерскі з 1698, першы прадстаўнік Гановерскай дынастыі. Быў далёкі ад культуры і нац. інтарэсаў Англіі, мала цікавіўся англ. палітыкай, што дало магчымасць правячай партыі вігаў умацаваць самастойнасць парламента ў адносінах да кароны.
Георг III (4.6.1738, Лондан — 29.1.1820), кароль [1760—1820], у 1760—1815 курфюрст, потым кароль гановерскі. У парламенце абапіраўся на торы, адцясняў вігаў ад кіравання дзяржавай. Праводзіў жорсткую каланіяльную палітыку. Удзельнічаў у барацьбе еўрап. манархій супраць франц. рэвалюцыі 1789—99 і арганізацыі кааліцыі супраць Напалеона. У сувязі з псіхічнай хваробай да Георга III у 1811 прызначаны рэгент прынц Уэльскі (фактычна правіў з перапынкамі з 1788; з 1820 кароль Георг IV).
Георг IV (12.8.1762, Лондан — 26.6.1830), кароль [1820—30], адначасова кароль гановерскі; у 1811—20 прынц-рэгент. Падтрымліваў антыдэмакр. курс урада торы. Актыўны прыхільнік палітыкі Свяшчэннага саюза. Пры ім задушаны нац. рух у Ірландыі.
Георг V (3.6.1865, Лондан — 20.1.1936), кароль [1910—36], прадстаўнік Сакс-Кобург-Гоцкай дынастыі, перайменаванай у 1917 у Віндзорскую дынастыю. Значнай ролі ў паліт. жыцці Вялікабрытаніі не адыгрываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛМА,
рака ў Мінскай вобл., левы прыток Свіслачы (бас. Дняпра). Даўж. 103 км. Пл. вадазбору 1150 км² Пачынаецца меліярац. каналам каля паўн.-ўсх. ускраіны в.Каралёў Стан Мінскага р-на, цячэ па Мінскім узв. і Цэнтральнабярэзінскай раўніне праз Смалявіцкі, Чэрвеньскі і Пухавіцкі р-ны. Вусце за 1 км на У ад в. Стары Двор Пухавіцкага р-на. Асн. прытокі: Вожа, Гаць, Чэрвенка (злева), Слоўст (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, месцамі больш як 3 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія. Пойма на вял. працягу асушаная і разараная. У верхнім цячэнні зарэгулявана 4 плацінамі, у т. л. плацінай Пятровіцкага вадасховішча. Рэчышча ў сярэднім цячэнні выпрастанае і паглыбленае, шыр. ракі ў вярхоўі 3—4 м, ніжэй — 8—10 м, у вусцевай частцы больш як 40 м. Берагі стромкія і абрывістыя выш. ад 0,4 да 2 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 6,7 м³/с. Жывіць сажалкі рыбакамбіната «Волма», частка вады праз іх сістэму скідваецца ў р. Свіслач. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На ёй г.п. Смілавічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
установа ордэна езуітаў у Мінску ў 1657—1773. У 1657—86 місія, у 1686—1714 рэзідэнцыя, у 1714—73 калегіум. Засн. смаленскім біскупам Г.Сангушкам. У 2-й пал. 17—18 ст. зямельныя і грашовыя падараванні мінскім езуітам рабілі Т. і Е.Улоўскія, Ц.П. і К.К.Бжастоўскія, М.Агінскі і інш., былі атрыманы прывілеі ад каралёў Рэчы Паспалітай Міхала Вішнявецкага і Аўгуста III. Да канца 17 ст. пабудавана школа, у 1700—10 — касцёл Ісуса, Марыі і Барбары. У 1733 пачаў будавацца мураваны корпус калегіума (закончаны ў 2-й пал. 18 ст.). З 1678 былі адкрыты класы граматыкі, з 1729 чытаўся курс філасофіі. Для бедных вучняў існавала бурса (інтэрнат); не пазней 1737 дзейнічала аптэка. У 1773 у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў калегіум закрыты і перададзены Адукацыйнай камісіі. Касцёл пераўтвораны ў парафіяльны, у 1798—1869 быў кафедральным саборам Мінскай рымска-каталіцкай епархіі, у 1951 пераабсталяваны пад будынак ДСТ «Спартак», у 1997 зноў адкрыты пасля рэстаўрацыі як кафедральны касцёл Дзевы Марыі. Вучэбныя і жылыя карпусы значна перабудаваны для грамадскіх патрэб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАН (Волян) Андрэй
(пасля 1530, Польшча — 6.1.1610),
палітычны дзеяч, філосаф і правазнавец, ідэолаг рэфармацыйнага руху на Беларусі і ў Літве. Вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры і Кёнігсберга. Служыў сакратаром у каралёў Рэчы Паспалітай Жыгімонта II Аўгуста, Стафана Баторыя, Жыгімонта III Вазы. Выбіраўся паслом у сейм Рэчы Паспалітай ад шляхты Ашмянскага пав. Аўтар палеміка-тэалагічных твораў, палітыка-прававых і філас. трактатаў, прамоў (пераважна на лац. мове), у якіх абгрунтоўваў тэорыю натуральнага права, выступаў за роўнасць усіх саслоўяў перад законам; з пазіцый кальвінізму крытыкаваў арганізац. будову і догмы каталіцкай царквы і папскай улады, адстойваў прынцыпы верацярпімасці. У працах «Пра палітычную або грамадзянскую свабоду», «Прамовы да сената...» (абедзве 1572), «Пра гасудара і ўласцівыя яму дабрачыннасці» (1608) выступаў за рэформы ў сац. і паліт. адносінах, праве, дзярж. кіраванні. Распрацаваў канцэпцыю свабоды чалавека (абарона маёмасці, асабістай бяспекі, усеагульнай згоды і міру ў грамадстве).
Літ.:
Сокол С.Ф. Социологическая и политическая мысль в Белоруссии во II половине XVI в. Мн., 1974;
Падокшын С.А., Шатон В.К. Андрэй Волан і яго трактат «Пра шчаслівае жыццё, або Найвышэйшае чалавечае дабро» // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1981. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ВЕЛЬ (Wawel),
назва ўзгорка ў Кракаве, на левым беразе Віслы, на Пд ад Старога горада. У пач. 9 ст. тут існаваў умацаваны горад. З 11 ст. па 1564 Вавель — гал. каралеўская рэзідэнцыя. Вядомы комплексам помнікаў архітэктуры 10—17 ст.: ратонда Дзевы Марыі (2-я пал. 10 ст.), каралеўскі замак (13—17 ст.) з рэнесансавым аркадным унутр. дваром (1502—16, арх. Ф.Ф’ёрэнціна, Б.Берэчы), заламі ў стылях готыкі, рэнесансу і барока (у т. л. «Пасольская» зала з разной столлю, упрыгожанай т.зв. Вавельскімі галовамі, 1531—35 і з 1925, скульпт. К.Дунікоўскі), гатычны кафедральны сабор (14 ст., магільны склеп польск. каралёў, епіскапаў і вядомых дзеячаў нац. гісторыі — А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, Ю.Пілсудскага, Т.Касцюшкі і інш.) з раманскай крыптай св. Леанарда (каля 1100), рэнесансавай капліцай Жыгімонта I (1517—33) і шматлікімі надмагіллямі (работы Ф.Штоса, Яна Міхаловіча і інш.). У замку — Дзярж.маст. зборы (у т. л. вавельскія габелены; звон Жыгімонта). У архіве кашт. рукапісы 12 ст. Вавель занесены ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.
Літ.:
Савицкая В.И. Краков. М., 1975. С. 121—169.
Вавель. Гатычны кафедральны сабор.Вавель. Агульны выгляд замка.