АНАЛІТЫ́ЧНАЯ МЕХА́НІКА,
раздзел механікі, у якім рух сістэм матэрыяльных пунктаў (цел) даследуецца пераважна метадамі матэм. аналізу. Вывучае складаныя мех. сістэмы (машыны, механізмы, сістэмы часціц і інш.), рух якіх абмежаваны пэўнымі ўмовамі (гл. Сувязі механічныя).
Галаномная сістэма (мех. сувязі залежаць толькі ад каардынат і часу) у патэнцыяльным полі характарызуецца функцыяй Лагранжа L=T-U, дзе T — кінетычная і U — патэнцыяльная энергія сістэмы. Калі вядома канкрэтная залежнасць L=L(q,q́,t), дзе q — абагульненыя каардынаты, q́ — абагульненыя скорасці, t — час, то пры дапамозе прынцыпу найменшага дзеяння можна знайсці дыферэнцыяльныя ўраўненні руху мех. сістэмы. Іх інтэграванне пры зададзеных пачатковых умовах дазваляе вызначыць закон руху сістэмы, г.зн. залежнасці qi=qi(t), дзе i=1, 2, ..., S, S — лік ступеняў свабоды.
Асн. Палажэнні аналітычнай механікі распрацаваў Ж.Лагранж (1788), значны ўклад зрабілі У.Гамільтан, М.В.Астраградскі, П.Л.Чабышоў, А.М.Ляпуноў, М.М.Багалюбаў, А.Ю.Ішлінскі і інш. Метады аналітычнай механікі далі магчымасць выявіць сувязь паміж асн. паняццямі механікі, оптыкі і квантавай механікі (оптыка-мех. аналогіі). Абагульненне варыяцыйных прынцыпаў механікі на неперарыўныя квантава-рэлятывісцкія сістэмы склала матэм. аснову тэорыі поля. Дасягненні аналітычнай механікі садзейнічалі развіццю балістыкі, нябеснай механікі, тэорыі ўстойлівасці, тэорыі аўтам. кіравання і інш.
Літ.:
Кильчевский Н.А. Курс теоретической механики. Т. 2. М., 1977.
А.І.Болсун.
т. 1, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́Т,
горад у Афганістане, у аазісе, які арашае р. Герыруд. Адм. ц. правінцыі Герат. Каля 200 тыс. ж. (1994). Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Эканам. цэнтр зах. ч. краіны. Бавоўна-ачышчальныя, тэкст. і харч. прадпрыемствы. Саматужныя промыслы (тканіны, дываны). Гандаль каракулем і інш. с.-г. прадукцыяй. Арх. помнікі 12—15 ст. — цытадэль, маўзалеі, мячэці. У Гераце ў 15 ст. ўзнікла Герацкая школа мініяцюрнага жывапісу.
Заснаванне Герата прыпісваюць Аляксандру Македонскаму (адсюль назва ў грэч. крыніцах Александрыя-Арыяна ці Александрыя Арыйская, сучасная назва з часоў праўлення Сасанідаў). Пасля смерці Аляксандра Македонскага паслядоўна ў складзе стараж. і сярэдневяковых дзяржаў Сярэдняга Усходу. Пры Сасанідах і ў эпоху Халіфата значны горад, пры Саманідах — адзін з гал. гарадоў Харасана. У 1221 зруйнаваны манг. войскамі, да 1236 адноўлены. У 13—14 ст. Герат — сталіца дзяржавы Куртаў. Росквіт прыпадае на 15 ст. пры Цімурыдах, калі Герат стаў буйнейшым гандл., рамесніцкім і культ. цэнтрам на Сярэднім Усходзе. У 16 ст. заваяваны Сефевідамі, з 1716 у складзе Герацкага княства. У 1732 захоплены Надзір-шахам, з 1747 у складзе Дуранійскай дзяржавы. У 19 ст. цэнтр Герацкага княства, прадмет спрэчкі паміж Афганістанам і Іранам, Англіяй і Іранам. У 1863 Дост Мухамед канчаткова далучыў Герат да Афганістана.
т. 5, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
раздзел геаметрыі, у якім уласцівасці геаметрычных аб’ектаў (пунктаў, ліній, паверхняў) даследуюцца сродкамі алгебры на падставе метаду каардынат (праз вывучэнне ўласцівасцяў ураўненняў, графікамі якіх гэтыя аб’екты з’яўляюцца).
Узнікненне метаду каардынат звязана з развіццём у 17 ст. астраноміі, механікі, тэхнікі. Асновы аналітычнай геаметрыі заклалі Р.Дэкарт (1637) і П.Ферма (1629); далейшае развіццё звязана з працамі Г.Лейбніца, І.Ньютана, Л.Эйлера, Ж.Лагранжа, Г.Монжа, С.Лакруа і інш. Асн. задача аналітычнай геаметрыі на плоскасці — даследаванне ліній 1-га (прамыя) і 2-га (эліпс, гіпербала, парабала) парадку, якія ў дэкартавых каардынатах вызначаюцца алг. ўраўненнямі адпаведна 1-й і 2-й ступені. Аналітычная геаметрыя ў прасторы даследуе паверхні 1-га (плоскасці) і 2-га (эліпсоід, гіпербалоід, парабалоід, конус, цыліндр) парадку, якія вызначаюцца алг. ўраўненнямі адносна дэкартавых каардынат адпаведна 1-й і 2-й ступені.
Метад даследавання і класіфікацый ліній і паверхняў прадугледжвае адшуканне такой прамавугольнай сістэмы каардынат, у якой адпаведнае ўраўненне набывае найб. просты выгляд. Метадамі аналітычнай геаметрыі карыстаюцца ў матэматыцы, фізіцы, механіцы, тэхніцы і інш. На Беларусі значны ўклад у развіццё аналітычнай геаметрыі зрабілі У.К.Дыдырка («Цыркулярныя крывыя 3-га парадку» — 1-я на Беларусі матэм. манаграфія, 1928) і І.К.Богаяўленскі («Аналітычная геаметрыя» — 1-ы беларускамоўны падручнік па вышэйшай матэматыцы, 1932).
Літ.:
Тышкевич Р.И., Феденко А.С. Линейная алгебра и аналитическая геометрия. 2 изд. Мн., 1976.
А.А.Гусак.
т. 1, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РШЭЛЬ
(Herschel),
сям’я англійскіх астраномаў, оптыкаў і механікаў.
Уільям (Фрыдрых Вільгельм; 15.11.1738, г. Гановер, Германія — 25.8.1822), адзін з заснавальнікаў зорнай астраноміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1781), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1789). У 1757 пераехаў у Англію. Астраномію і матэматыку вывучыў самастойна. З 1774 з дапамогай зробленых ім люстэркавых тэлескопаў вёў сістэматычныя астр. назіранні. Адкрыў планету Уран (1781) і 2 яго спадарожнікі (1787), 2 спадарожнікі Сатурна (1789), больш за 2500 туманнасцей і 806 падвойных зорак. Склаў каталогі падвойных зорак, туманнасцей і зорных скопішчаў. Выявіў рух Сонечнай сістэмы ў напрамку да сузор’я Геркулеса (1783). У канструяванні і вырабе тэлескопаў яму дапамагаў малодшы брат Александэр — таленавіты механік; у назіраннях дапамагала сястра Караліна Лукрэцыя (16.3.1750, г. Гановер, Германія — 9.1.1848). Джон Фрэдэрык Уільям (7.3.1792, г. Слау, каля Лондана — 11.5.1871), сын Уільяма, чл. Лонданскага каралеўскага т-ва, чл. Пецярбургскай АН (1826). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1813). Астраноміяй займаўся з 1816 пад кіраўніцтвам бацькі. Правёў сістэматычныя назіранні Паўд. неба (мыс Добрай Надзеі, 1834—38). Адкрыў шэраг новых туманнасцей, зорных скопішчаў і больш за 3000 падвойных зорак; склаў 11 каталогаў падвойных зорак і каталог 5079 туманнасцей і зорных скопішчаў. Зрабіў значны ўклад у развіццё фатаграфіі.
Літ.:
Еремеева А.И. Выдающиеся астрономы мира. М., 1966.
т. 5, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫЗВАЛЕ́ННЕ ПРА́ЦЫ»,
Група «Вызваленне працы», першая руская с.-д. арг-цыя. Існавала ў 1883—1903. Створана ў Жэневе Г.В.Пляханавым, В.А.Засуліч, П.Б.Аксельродам, Л.Р.Дэйчам, В.М.Ігнатавым. Мела на мэце пераклад на рус. мову, выданне і распаўсюджванне твораў К.Маркса і Ф.Энгельса, крытыку тэарэт. асноў народніцтва і інш. У 1883—85 выпрацавала праект праграмы рас. сацыял-дэмакратаў, у якім канчатковай мэтай лічыла захоп паліт. улады і ажыццяўленне камуніст. рэвалюцыі, а бліжэйшай — звяржэнне самадзяржаўя і заваёву дэмакр. канстытуцыі. Устанавіла сувязі з многімі с.-д. арг-цыямі ў Расіі, з Пецярбургскім «Саюзам барацьбы за вызваленне рабочага класа» і інш.
Група «Вызваленне працы» мела цесныя сувязі з рэвалюцыянерамі Беларусі і зрабіла на іх значны ўплыў, садзейнічала іх пераходу на ідэйныя пазіцыі марксізму. Члены мінскай групы «Чорны перадзел» І.Н.Гецаў, С.Л.Ляўкоў, С.Л.Грынфест працавалі ў друкарні, удзельнічалі ў дапрацоўцы праграмы, дастаўцы ў Расію марксісцкіх выданняў. Выданні групы атрымлівалі бел. народнікі, якія друкавалі ў Пецярбургу час. «Гомон», а таксама «Гурток моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай» і пецярб. «Рабочы саюз» (Бруснева група), восенню 1892 яе ўзначальваў беларус М.В.Алюшкевіч.
Група «Вызваленне працы» ўдзельнічала ў падрыхтоўцы II з’езда РСДРП (1903), на якім узмацніліся рознагалоссі паміж У.І.Леніным і Пляханавым і РСДРП раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў, а «Вызваленне працы» перастала існаваць.
В.М.Чарапіца.
т. 4, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКУПНА́Я АПЕРА́ЦЫЯ,
дзяржаўная крэдытная аперацыя па выкупе сялянамі зямлі ў Рас. імперыі, састаўная частка сялянскай рэформы 1861. Паводле яе ўмоў селянін меў права выкупіць сядзібны ўчастак без згоды памешчыка, а палявы надзел — са згоды памешчыка. Выкупны кошт надзельнага ўчастка вызначаўся шляхам капіталізацыі з 6% гадавога грашовага аброку. Фактычна сяляне выкуплялі не зямлю, а феад. павіннасці, г.зн. асабістую свабоду. 20—25% выкупнога кошту селянін выплачваў памешчыку адразу пры заключэнні выкупной здзелкі. На астатнія 75—80% давалася пазыка на 49 гадоў (па 6% штогод).
Абавязковы выкуп на Беларусі, Правабярэжнай Украіне і ў Літве ўведзены ў 1863 (у інш. рэгіёнах Расіі з 1883). Пад уплывам паўстання 1863—64 і масавага руху сялян ім вярнулі частку адрэзкаў і паменшылі выкупныя плацяжы. Рэв. сітуацыя ў канцы 1870 — пач. 1880-х г., значны недабор выкупных плацяжоў зноў прымусілі царскі ўрад на пач. 1880-х г. крыху скараціць памеры выкупу ў шэрагу рэгіёнаў (на Беларусі — у Магілёўскай губ., у Віцебскім і Гарадоцкім пав. Віцебскай губ.).
Пад уплывам рэв. падзей 1905 урад быў вымушаны адмяніць выкупныя плацяжы. Выкупная аперацыя фактычна азначала рабаванне сялян памешчыкамі і царызмам. У 1861—1906 б. памешчыцкія сяляне 5 зах. губерняў Расіі заплацілі 170 млн. руб. выкупу. У выніку дзяржава атрымала даходу каля 100 млн. руб.
В.П.Панюціч.
т. 4, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭТА́НЬ
(Bretagne),
гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на З Францыі, на п-ве Брэтань. Уключае дэпартаменты Фіністэр, Марбіян, Котдзю-Нор, Іль і Вілен. Пл. 27,2 тыс. км². Нас. 2,8 млн. чал. (1990). Гал. горад — Рэн. Рэльеф раўнінны і ўзвышаны (да 391 м). Клімат умераны акіянскі (ападкаў 800—1200 мм за год). Натуральная расліннасць — верасоўнікі, дубовыя і букавыя лясы. Прам-сць: суднабудаванне, перапрацоўка рыбы і с.-г. прадукцыі. Значны цэнтр аўтамаб. прам-сці — г. Рэн. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Значныя пасевы збожжавых, бульбы, ранняй агародніны. Садоўніцтва (традыц. вытв-сць сідру). Рыбалоўства. Турызм.
Назва ад племя брытаў, якія засялілі Брэтань у 6 ст., пакінуўшы заваяваную англасаксамі Брытанію. З канца 8 да сярэдзіны 9 ст. насельніцтва Брэтані ў васальнай залежнасці ад франкаў. У 845—849 утварылася самаст. Брэтонскае герцагства (каралеўства). Пасля спусташальнай нарманскай акупацыі (919—937) герцагства адноўлена (з канца 10 ст. сталіца — Рэн). У 1040—1223 на тэр. Брэтані вяліся міжусобныя «баронскія войны». З 1213 уладанне дынастыі Капетынгаў, з 1237 княства. У 1491 утворана асабістая унія паміж Брэтаню і Францыяй. У 1515 канчаткова далучана да Францыі каралём Францыскам І і стала яе правінцыяй. У час. франц. рэвалюцыі 1789—99 падзелена на дэпартаменты.
т. 3, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАФІ́ЗІКА,
раздзел астраноміі, які вывучае фізічную будову, хімічны састаў і развіццё нябесных целаў. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў выніку выкарыстання ў астраноміі спектральнага аналізу, фатаграфіі і фотаметрыі, што дало магчымасць вызначаць т-ру атмасфер Сонца і зорак, іх магнітныя палі, скорасць руху ўздоўж праменя зроку, характар вярчэння зорак і інш. Асн. раздзелы астрафізікі: фізіка Сонца, фізіка зорных атмасфер і газавых туманнасцяў, тэорыя ўнутранай будовы і эвалюцыі зорак, фізіка планет і інш. Тэарэтычная астрафізіка вывучае асобныя нябесныя аб’екты (планеты, зоркі, пульсары, квазары, галактыкі, скопішчы галактык і інш.) і агульныя фіз. прынцыпы астрафіз. працэсаў з мэтай устанаўлення агульных законаў развіцця матэрыі ў Сусвеце. Практычная астрафізіка распрацоўвае інструменты, прылады і метады даследаванняў. Крыніцы атрымання інфармацыі пра нябесныя целы: эл.-магн. выпрамяненне (гама-, рэнтгенаўскае, ультрафіялетавае, бачнае, інфрачырвонае і радыёвыпрамяненне); касм. прамяні, якія дасягаюць атмасферы Зямлі і ўзаемадзейнічаюць з ёю; нейтрына і антынейтрына; гравітацыйныя хвалі, што ўзнікаюць пры выбухах масіўных зорак. Значны ўклад у развіццё Астрафізікі зрабілі А.А.Белапольскі, М.М.Гусеў, Ф.А.Брадзіхін, В.Я.Струвэ, Г.А.Ціхаў (Расія), Г.Фогель, К.Шварцшыльд (Германія), У.Кэмпбел, Э.Пікерынг, Э.Хабл (ЗША), А.Эдынгтан (Англія), В.А.Амбарцумян (СССР) і інш. Найб. значныя дасягненні сучаснай Астрафізікі — адкрыццё нябесных аб’ектаў з незвычайнымі фіз. ўласцівасцямі (нейтронныя зоркі, чорныя дзіркі, квазары).
Літ.:
Мартынов Д.Я. Курс обшей астрофизики. 4 изд. М., 1988;
Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.
Ю.М.Гнедзін.
т. 2, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЁФ (Babeuf, Baboeuf) Франсуа Наэль, празваны Гракх (23.11.1760, г. Сен-Кантэн, Францыя — 27.5.1797), французскі камуніст-утапіст, рэвалюцыянер. У 1785 распрацаваў план стварэння «калектыўных фермаў» замест буйных зямельных уладанняў. Падрыхтаваў агр. праграму і закон, сфармуляваны ў яго кнізе «Пастаянны кадастр» (1789). У час франц. рэвалюцыі 1789—94 удзельнічаў у сял. руху, быў прыхільнікам рэспублікі. У заснаванай ім газеце «Le Tribune du peuple» («Трыбуна народа») крытыкаваў палітыку контррэв. тэрмідарыянскага Канвента, за што ў 1795 зняволены. У 1796 заснаваў тайную арг-цыю «Саюз роўных», члены якой падтрымлівалі франц. Канстытуцыю 1793, рыхтавалі ўзбр. выступленне. Дзейнасць арг-цыі была раскрыта, Бабёф гільяцінаваны. Паліт. погляды Бабёфа звязаны з канцэпцыямі перадрэв. эгалітарызму і утапічнага камунізму, які ён аб’ядноўваў з класавай барацьбой. Бабёф сцвярджаў, што сутнасць сац. парадку дэтэрмінавана не паліт. формамі, а адносінамі паміж класамі. Зыходзячы з гэтага аналізаваў бурж. ўласнасць, шукаў у ёй асновы ўсёй эканам. сістэмы і інструмент панавання ў грамадстве маёмных над немаёмнымі. У выніку прыйшоў да высновы, што пасля рэвалюцыі, перш чым ажыццявіць «чыстую дэмакратыю», адразу неабходна ўстанавіць часовую дыктатуру на перыяд пераходу ад старога да камуніст. грамадства. Дактрына Бабёфа і яго прыхільнікаў, выказаная ў «плебейскім маніфесце», мела шмат паслядоўнікаў — бабувістаў. Ідэі Бабёфа сцвярджаліся аж да 1848 і мелі значны ўплыў на падп. рух у Францыі і Бельгіі ў 1830—40 (Саюз Справядлівых, Саюз Камуністаў).
т. 2, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРПЕТАЛО́ГІЯ
(ад грэч. herpeton паўзун + ...логія),
раздзел заалогіі, які вывучае паўзуноў і земнаводных. Раней аб’ектам вывучэння герпеталогіі былі паўзуны, а раздзел, што вывучаў земнаводных, наз. батрахалогіяй. Герпеталогія цесна звязана з праблемамі агульнай біялогіі, экалогіі, біягеацэналогіі, зоагеаграфіі, паразіталогіі і інш. Развіццё герпеталогіі як самаст. раздзела заал. навукі найб. прыкметнае з пач. 20 ст. Вялікі ўклад зрабілі рус. Вучоныя А.Р.Баннікаў, І.С.Дрэўскі, А.М.Нікольскі, П.В.Цярэнцьеў, С.А.Чарноў.
На Беларусі амфібіі і рэптыліі ўпамінаюцца ў працах 18—19 ст. (А.М.Нікольскі, П.Г.Жачынскі, П.Баброўскі, І.Зяленскі, А.С.Дамбавецкі). Сістэматызаваныя звесткі пра герпетафауну ёсць у працах А.В.Фядзюшына (1927—32) і Ю.Ф.Сапажэнкава (1961). Шэраг пытанняў аб стане амфібій і рэптылій краіны адлюстраваны ў працах Ю.В.Дзьякава, Б.З.Галадушкі, Т.М.Курсковай, І.В.Жаркова, М.М.Пікуліка і інш. Найб. развіццё герпеталагічныя даследаванні атрымалі ў 1976—97 у Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі (Пікулік, В.А.Бахараў, С.У.Косаў, С.М.Драбянкоў, А.У.Хандогій, Л.У.Косава, К.К.Рыжэвіч і інш.), праводзяцца таксама на кафедрах заалогіі ВНУ і навук. аддзелаў запаведнікаў і нац. паркаў. Дадзена характарыстыка сучаснага стану фауны амфібій і рэптылій Беларусі, параметраў яе біял. разнастайнасці, пашырэння межаў арэалаў відаў, біятыпічнага размеркавання і колькасці, асаблівасцей размнажэння, развіцця і ландшафтнай дыферэнцыяцыі дамінуючых відаў, некат. іншых экалагічных і эталагічных аспектаў. Сфарміраваны значны калекцыйны фонд (каля 20 тыс. экз.). Рэдкія віды занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Распрацаваны рэкамендацыі па ахове і рацыянальным выкарыстанні герпетафауны Беларусі.
Літ.:
Пикулик М.М. Герпетология // Институт зоологии Академии наук Беларуси Мн., 1992.
М.М.Пікулік.
т. 5, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)