СЯМЁНАЎ Глеб Сяргеевіч (18.4 1918, С.-Пецярбург — 23.1 1982),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Ленінградскі ун-т. Друкаваўся з 1935. У паэт. зб-ках «Святло ў вокнах» (1947), «Плячо ў плячо» (1952), «Адпачынак у верасні» (1964), «Сосны» (1972) і інш. роздум пра радзіму, апяванне рус. прыроды, боль-успамін пра ленінградскую блакаду. Пераклаў каля 50 твораў Я.​Купалы. У перакладзе С. многія вершы Я.​Купалы загучалі ўпершыню на рус. мове. Яго пераклады перадаюць не толькі змест і форму, але і інтанацыі, маст. своеасаблівасць паэзіі бел. паэта.

Тв.:

Стихотворения. Л., 1979;

Прощание с осенним садом: Стихи. Л., 1986.

т. 15, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВАРО́ТНЫХ АДНО́СІН ЗАКО́Н,

фіксуе залежнасць паміж аб’ёмам і зместам паняццяў: чым шырэйшы аб’ём паняцця, тым вузейшы яго змест, і наадварот. Калі аб’ём аднаго паняцця складае частку аб’ёму другога, то для іх зместу ўласцівыя адваротныя адносіны. Прынята лічыць, што першае вызначэнне гэтага закону належыць логікам Пор-Раяля (1660-я г.), але найб. вядомая фармулёўка дадзена І.​Кантам. Адваротных адносін закон дае магчымасць тлумачыць лагічныя аперацыі абагульнення і абмежавання паняццяў. Калі ідуць ад паняццяў меншага аб’ёму да паняццяў большага аб’ёму, то за кошт звужэння зместу адбываецца іх абагульненне, калі ж ад паняццяў большага да меншага, то з-за пашырэння зместу адбываецца абмежаванне.

У.​Ф.​Бяркоў.

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАН ПА (франц. grand pas літар. вял. шаг, вял. танец),

складаная шматчасткавая танц.-муз. форма. Узнікла ў эпоху рамантызму і атрымала завяршэнне ў творчасці М.Петыпа. Будуецца падобна санатнай форме ў музыцы: экспазіцыя, адажыо і варыяцыі (распрацоўка), потым кода. У гран па харэаграфія абагульнена-паэтычна выяўляе ўнутр. змест балета. Танц. тэмы сімфанічна развіваюцца, пераплятаюцца, проціборствуюць. Такія гран па ёсць у «Баядэрцы» Л.​Мінкуса, «Раймондзе» А.​Глазунова і інш. Выконваецца сумесна салістамі, карыфеямі, кардэбалетам. Некат. гран па носяць дзейсны характар. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены аднаактовы спектакль «Вялікае класічнае па» на музыку Мінкуса з балета «Пахіта» Э.​Дэльдэвеза («У гонар Марыуса Петыпа», 1981).

т. 5, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭМС, Джэймс (James) Уільям (11.1.1842, Нью-Йорк — 26.8.1910), амерыканскі філосаф і псіхолаг, адзін з заснавальнікаў прагматызму. Брат Г.Джэймса. Праф. фізіялогіі і псіхалогіі, потым філасофіі Гарвардскага ун-та (1872—1907). Адзінай рэчаіснасцю абвяшчаў дзейнасць і змест чалавечай свядомасці, якую разумеў як паток непасрэдных адчуванняў і ўражанняў, што ўзнікаюць на аснове бесперапынных нерв. узбуджэнняў. Прапанаваў «прагматычны» крытэрый ісціны, якую атаясамліваў з працаздольнасцю, паспяховасцю і карыснасцю. Паводле Дж., рэліг. перажыванне падобна любому іншаму вопыту, а рэліг. вера — прагматычна апраўдана. Развіў вучэнне аб эмоцыях — адзін з вытокаў біхевіярызму.

Тв.:

Рус. пер. — Научные основы психологии. СПб., 1902;

Прагматизм. СПб., 1910;

Вселенная с плюралистической точки зрения. М., 1911.

т. 6, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙУ́НСКІ (сапр. Сляпцоў) Платон Аляксеевіч [11.11.1893, Аляксееўскі р-н, Рэспубліка Саха (Якуція) — 31.10.1939], якуцкі пісьменнік і грамадскі дзеяч. У 1928—31 нарком асветы і аховы здароўя Якуціі, з 1935 дырэктар НДІ мовы і культуры. Адзін з пачынальнікаў якуцкай л-ры; прадстаўнік рамант. кірунку. Аўтар драм. паэмы «Чырвоны шаман» (1918), п’ес «Бальшавік» (паст. 1926), «Туйаарыма-Куо» (паст. 1928), аповесці «Выхад з твані» (1936), вершаў, апавяданняў; навук. прац «Якуцкая казка (аланхо), яе сюжэт і змест» (1927), «Пра тэорыю якуцкага вершаскладання» (1928), «Якуцкая мова і шляхі яе развіцця» (1935) і інш. Рэпрэсіраваны.

Тв.:

Творы. Т. 1—7. Якуцк, 1958—62 (на якуцкай мове).

т. 1, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ДВАРТС (Woodworth) Роберт (17.8.1869, каля г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 4.7.1962),

амерыканскі псіхолаг, адзін са стваральнікаў функцыянальнай псіхалогіі ў ЗША. Праф. Калумбійскага ун-та (1909—42). На пач. 20 ст. адзін з першых даказаў, што мысленне не зводзіцца да асацыяцый пачуццёвых вобразаў, а мае ўласны змест. Прапанаваў канцэпцыю (назваў яе дынамічнай псіхалогіяй), гал. задачамі якой лічыў вывучэнне пытанняў, чаму і як узнікаюць і рэалізуюцца розныя формы псіхічнай дзейнасці. Распрацаваў вучэнне аб матывацыі і яе ролі ў працэсах рухальнай і інтэлектуальнай актыўнасці. У дынаміцы паводзін вылучыў 2 асн. кампаненты — патрэбнасці і механізмы. Гэты падзел трывала ўвайшоў у сучасную псіхалогію.

Тв.:

Рус. пер. — У кн.: Экспериментальная психология. М., 1950.

т. 4, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖА́БКА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Бытаваў пераважна на Бел. Палессі і Віцебшчыне. Выконваўся мужчынамі. Асн. змест танца — жартоўнае перайманне рухаў і скокаў жаб, часта з выкарыстаннем трукавых рухаў. «Ж.» выконвалася найчасцей сола, адным ці двума мужчынамі: абапіраючыся на падлогу рукамі, сагнутымі ў локцях, і пальцамі выцягнутых ног, адзін з іх падскокамі рухаўся па падлозе, другі, расставіўшы ногі, скакаў над ім. Сярод шматлікіх рухаў «Ж.» — скокі на руках з выцягнутымі ўперад нагамі, скокі адзін цераз аднаго ў гарыз. становішчы, кулянне праз галаву і інш. Часам танец выконвалі жанчыны, зрэдку з прыпеўкамі ці імітацыяй квакання жаб.

Ю.​М.​Чурко.

т. 6, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАГО́Д, танок,

масавая нар. гульня, найб. пашыраная са стараж. часоў да пач. 20 ст. ў слав. народаў, у т. л. на Беларусі. Уключае танец, хар. спевы і элементы драм. дзеяння; драм. і танц. сцэны часцей за ўсё ілюструюць змест песні. К. бываюць адкрытыя і закрытыя, падвойныя і адзінарныя, павольныя і хуткія з прытанцоўваннем; іх удзельнікі трымаюцца за рукі, часам за рагі хустак. У бел. летапісах згадваюцца з 11 ст. Асн. сюжэты К. — выбар маладога і маладой, праводзіны ў войска, падзеі сямейнага жыцця і інш. У наш час на Беларусі карагодныя песні і танец звычайна выконваюцца прафес. і самадз. маст. калектывамі.

т. 8, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІГНАЛАГРА́МА,

любы носьбіт інфармацыі з сігналамі запісанай інфармацыі. У залежнасці ад характару запісанай інфармацыі і віду носьбіту С. мае назвы відэафанаграма, фанаграма і інш. Акрамя асн. інфармацыі можа мець службовыя сігналы.

Паводле спосабу і фармату запісу, канструкцыі прылад запісу-ўзнаўлення, канкрэтных носьбітаў запісу С. бывае мех., магн., аптычная і інш.; падоўжная, радковая, папярочна-радковая, нахілена-радковая, многаканальная і інш. Фармат С. вызначае яе памеры, а таксама памеры, размяшчэнне, прызначэнне і змест зон, дарожак, радкоў і слаёў запісу, фарматы кодаў і віды сігналаў. Напр., фармат DAT — лічбавая магн. фанаграма ў касеце, CD і DVD — адпаведна аптычная фанаграма і відэафанаграма на дыску.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 14, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСПУБЛІКА́НСКІ ЦЭНТР АЛІМПІ́ЙСКАЙ ПАДРЫХТО́ЎКІ ПА ША́ХМАТАХ І ШАШКАХ Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь,

дзяржаўная спецыялізаваная вучэбна-спарт. ўстанова. Да 1977 наз. шахматна-шашачны клуб Беларусі. Заняткі праводзяць 14 трэнераў-выкладчыкаў, у т. л. засл. трэнер Беларусі С.​М.​Бягун, міжнар. гросмайстар С.​А.​Насевіч, майстры і канд. ў майстры спорту Г.​А.​Арчакова, Н.​Н.​Герасімовіч, Т.​У.​Загорская, Г.​Ю.​Лібаў, С.​Э.​Мерыбанаў, Л.​М.​Суднікаў, І.​В.​Толсцік, К.​В.​Хайнюк і інш. Асн. змест дзейнасці цэнтра — развіццё шахмат і шашак у краіне, падрыхтоўка спартсменаў, арганізацыя і правядзенне спаборніцтваў і інш. спарт. мерапрыемстваў, наладжванне і падтрыманне міжнар. сувязей.

Г.​Н.​Бугрым.

т. 18, кн. 1, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)