у беларусаў традыцыйны абрад падрыхтоўчага этапу вяселля, на якім канчаткова замацоўвалася згода сваякоў на шлюб маладых. Адбываліся праз тыдзень пасля запоін, калі нявеста і яе бацькі афіцыйна давалі згоду на шлюб. На З. дамаўляліся пра ўсе дэталі вяселля (пасаг, час і парадак вяселля, колькасць гасцей і г.д.). Жаніх і нявеста абменьваліся пярсцёнкамі і абрадавымі падарункамі, а іх рукі звязвалі ручніком; падарункамі абменьваліся і іх бацькі, якія пасля ўдзельнічалі ў сумесным пачастунку, што замацоўваў заключаны дагавор. Вяселле з гэтага часу абвяшчалася афіцыйна, а жаніха і нявесту называлі малады і маладая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНАЯ СТАЛЬ,
вугляродзістая, легіраваная і хуткарэзальная (высокалегіраваная) сталь для вырабу інструментаў і іх рабочых частак.
З вугляродзістых І.с. робяць рэжучы, слясарны, сталярны, вымяральны інструмент і дэталі простай формы для штампаў; з легіраваных — пераважна штампавы інструмент для дэфармавання ў халодным або гарачым стане, а таксама рэжучы, хірургічны, вымяральны і ўдарны інструмент. Хуткарэзальныя І.с. захоўваюць цвёрдасць пры нагрэве да 600—650 °C (валодаюць т.зв. чырвонаўстойлівасцю), выкарыстоўваюцца пераважна для вырабу металарэзнага інструменту. Вугляродзістыя і легіраваныя І.с. выплаўляюць у мартэнаўскіх або электрасталеплавільных печах (з большай колькасцю вугляроду і меншай — серы і фосфару), хуткарэзальныя — у электрасталеплавільных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТРУЯВА́ННЕ,
стварэнне канструкцыі якога-н. збудавання, машыны, мадэлі, вырабу і інш. паводле праекта, плана або разлікаў. Складаныя вырабы распрацоўваюць спец. арг-цыі — канструктарскія бюро (КБ).
К. пачынаецца з задання, якое дае заказчык. У ім указваюцца зыходныя патрабаванні, напр., для машыны — яе прызначэнне і асн. параметры. КБ складае тэхн. заданне — гал. дакумент для канструктара. Пры К. ствараюць новыя дэталі машыны, падбіраюць існуючыя (камплектуючыя) з улікам стандартызацыі, узаемазамяняльнасці і уніфікаванасці дэталей і вузлоў. Матэрыял для канструкцыі падбіраюць з улікам яго тэхналагічнасці, трываласці і надзейнасці. Побач з інж. К. існуе і мастацкае канструяванне ў адпаведнасці з прынцыпамі тэхнічнай эстэтыкі. Гл. таксама Праектаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯНЕ́Т (франц. baïonette літар. штык),
1) першапачатковая назва штыка, вынайдзенага ў сярэдзіне 17 ст. ў Францыі. Мае выгляд нажа (пакарочанага кап’я), ручка якога ўстаўляецца ў канал ствала ружжа. У некаторых краінах (напр., Расіі) наз. багінетам (іл.гл. да арт.Штык).
2) Хуткае злучэнне дэталяў, пры якім адну дэталь, што мае прарэз, насаджваюць на інш. дэталь з адпаведным выступам і пакручваюць так, каб выступ стопарыў дэталь. Выкарыстоўваецца для замацавання дэталяў у патронах металарэзных станкоў, аб’ектываў у фотаапаратах і інш.
Да арт.Баянет: а — без запорнага прыстасавання; б — з замком; в — з вінтавым пазам; 1, 2 — злучальныя дэталі; 3 — штыфт;
4 — запорная спружына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧАЯ МАГУ́ТНАСЦЬ,
максімальна магчымы выпуск якаснай прадукцыі ці аб’ём здабычы або перапрацоўкі сыравіны за адзінку часу. Вытворчая магутнасць прадпрыемства складаецца з сумарнай магутнасці яго асн. цэхаў, а цэхаў — з магутнасці асн. абсталявання. Разлічваецца на суткі, год або некалькі гадоў. Выражаецца ў натуральных (вырабы, дэталі, штукі, тоны), умоўна-натуральных і грашовых паказчыках. Вытворчая магутнасць — велічыня пераменная, мяняецца з развіццём тэхн. прагрэсу, залежыць ад попыту на прадукцыю на рынку і інш. фактараў. На падставе разлікаў на прадпрыемствах складаецца баланс вытворчых магутнасцей і іх выкарыстання. З павышэннем узроўню выкарыстання вытворчай магутнасці (праз укараненне высокаэфектыўнага абсталявання, прагрэсіўнай тэхналогіі, удасканаленне арганізацыі вытв-сці і працы) павялічваецца выпуск прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДЗІ́ЦКІ (Аляксей Кузьміч) (н. 2.5.1934, в. Пугачова, цяпер у межах г. Брэст),
бел. крытык. Скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1956). Працаваў у дзіцячым доме, сакратаром райкома камсамола, журналістам на Брэстчыне. З 1962 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1966 у Дзяржкамдруку Беларусі, з 1972 літ. кансультант Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1959. Аўтар кніг дыялогаў, інтэрв’ю, гутарак пра л-ру («Дыялогі», 1968; «Сустрэчы», 1972; «Вачыма сяброў», 1977; «Сябрына», 1986; «Гутаркі», 1988); літ.-знаўчых прац («Пра майстэрства дэталі», 1969, «Творчасць Івана Шамякіна», 1971). Выступае ў жанры малой прозы. Складальнік біягр. даведнікаў «Пісьменнікі Савецкай Беларусі» (1981), «Беларускія пісьменнікі (1917—1990)» (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́БАЧНАЯ МАШЫ́НА,
машына для выгінання пракату і труб у халодным або гарачым стане. Выкарыстоўваецца ў котла- і суднабудаванні, хім. і нафтавай прам-ці.
Ліставы пракат апрацоўваюць на прэсах і гібачных вальцах, гатунковы пракат і трубы — на ролікавых машынах. Пракат выгінаюць таксама на гарызантальных гібачна-штамповачных прэсах (бульдозерах) і правільных прэсах. Дробныя вырабы з калібраў, дроту або стужкі (шплінты, сашчэпкі, дэталі для радыёапаратуры і інш.) робяць на гібачных аўтаматах. Найб. пашыраны гібачныя машыны з 3 валкамі, на якіх выгінаюць лісты шырынёй да 9 м і таўшчынёй да 50 мм. Гл. таксама Гібка.
Гібачныя машыны: a — лістагібачная трохвалковая (1 — сярэдні валок, 2 — корпус прывода, 3 — бакавы валок); б — трубагібачная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕРО́Н [Clairon; сапр. Клер Жазеф Іпаліт Лерыс дэ Лацюд (Leris de la Tude); 21.1.1723, г. Кандэ, Францыя — 29 або 31.1.1803],
французская актрыса. Прадстаўніца асветніцкага класіцызму. З 1736 на сцэне «Камеды Італьен» у Парыжы. З 1737 у трупах Руана, Ліля і інш. гарадоў. У 1743—66 У т-ры «Камеды Франсэз» (Парыж). Успрыняла тэатр. тэорыю Д.Дзідро, працавала пад кіраўніцтвам Вальтэра. Выступала супраць манернасці арыстакратычнага т-ра, імкнулася да псіхал. індывідуалізацыі вобразаў, рэфармавала трагічную дэкламацыю, адмовілася ад падпарадкавання інтанацыі ўмоўнаму меладычнаму малюнку, уводзіла ў сцэн. касцюм гіст. і этнагр.дэталі. Найб. праславілася выкананнем роляў у трагедыях Вальтэра: Электра («Арэст»), Ідаме («Кітайскі сірата»), Аменаіда («Танкрэд»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́СКА,
старажытны горад, першая балгарская сталіца (7 — канец 9 ст.). Руіны знаходзяцца за 25 км на ПнУ ад сучаснага г. Шумен у Балгарыі. Агульная плошча П. каля 23 км², у цэнтры знаходзілася цытадэль з магутнымі абарончымі сценамі, Вялікім і Малым палацамі, якія былі складзены з вял. каменных блокаў. Горад абкружалі земляны вал і роў. Археал. даследаванні П. вядуцца з канца 19 ст. Знойдзены рэшткі зброі, прылады працы, упрыгожанні, кераміка, арх.дэталі. Для культуры больш характэрны слав. рысы, сустракаюцца і элементы, характэрныя для культуры цюркаў-пратабалгар, якія прыйшлі на тэр. Балгарыі з Прыазоўя. У 893 сталіца з П. перанесена ў Прэслаў; з 17 ст. — руіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАКУ́РАЎ (Яўген Міхайлавіч) (н. 22.10.1925 г. Бранск, Расія),
рускі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага (1951). Першая кн. «Вершы пра абавязак» (1951). Аўтар паэт. зб-каў «Сінь» (1956), «Прызнанні» (1958), «Слова» (1962), «Характары» (1965), «Відовішча» (1968), «Метафары» (1972), «Сярожка з Малой Броннай» (1974), «Кантрасты» (1975), «Жэрабя» (1978), «Быццё» (1982), «Іпастась» (1984), «Раўнадзенства» (1989) і інш.Асн. тэмы — духоўная сталасць чалавека, роздум над яго ўнутр. светам. Вершам Вінакурава ўласцівыя прыхільнасць да дакладнай быт.дэталі і імкненне да філас. асэнсавання жыцця. Аўтар паэмы «На Захад» (1981), перакладаў і літ.знаўчых артыкулаў. Дзярж. прэмія СССР 1987. Творы Вінакурава на бел. мову перакладалі Р.Барадулін, С.Гаўрусёў і інш.