ТРЫБАФА́ТЫКА (ад грэч. tribos трэнне + англ. fatigue стомленасць),

навукова-тэхн. дысцыпліна, якая вывучае зносастомленасныя пашкоджанні (ЗСП) і разбурэнні сілавых сістэм. Грунтуецца на механіцы стомленаснага разбурэння, трыбатэхніцы, тэорыі надзейнасці мех. сістэм, матэрыялазнаўстве і інш. Выкарыстоўваецца для кіравання працэсамі ЗСП з мэтай забеспячэння аптымальнага рэсурсу сілавой сістэмы.

У Т. сілавой называюць усякую сістэму, якая ўспрымае і перадае паўторна-пераменную нагрузку і ў якой адначасова рэалізуецца працэс трэння ў любым праяўленні (слізганні, качэнні, удары і інш.). Пры эксплуатацыі гэтых сістэм узнікаюць комплексныя ЗСП, асн. відамі якіх з’яўляюцца фрыкцыйна-мех., кантактна-мех., эразійна- і каразійна-мех. і фетынг-стомленасць. Паводле Т., зменьваючы ўмовы трэння і (або) умовы цыклічнага нагружэння належным чынам, можна эфектыўна кіраваць кінетыкай працэсаў ЗСП. Стан сілавой сістэмы ў любы момант эксплуатацыі ацэньваецца па інтэгральным параметры, на якім заснавана кіраванне гэтымі працэсамі. У Т. робяць разлік работаздольнасці сілавых сістэм па крытэрыях ЗСП. Для ацэнкі нясучай здольнасці, надзейнасці і даўгавечнасці аб’ектаў выкарыстоўваюць статыстычную мадэль дэфармаванага цвёрдага цела з небяспечным аб’ёмам — канечнай вобласцю з крытычным напружаннем у ёй.

На Беларусі даследаванні па Т. вядуцца ў НВА «Трыбафатыка» і Бел. дзярж. ун-це транспарту (Гомель), Ін-це механікі машын Нац. АН Беларусі, ВА «Гомсельмаш» (Л.​А.​Сасноўскі, М.​С.​Высоцкі, А.​У.​Багдановіч, У.​А.​Шурынаў, Г.​П.​Ажыгар, В.​А.​Жмайлік, А.​М.​Елавой і інш.). Значны ўклад у станаўленне і развіццё Т. зрабілі таксама расійскія (К.​В.​Фралоў, М.​А.​Махутаў), украінскія (В.​Т.​Трошчанка) і інш. вучоныя.

Літ.:

Сосновский Л.А., Махутов Н.А. Трибофатика: износоусталостные повреждения в проблемах ресурса и безопасности машин. М.;

Гомель, 2000;

Слово о трибофатике. Мн., 1996;

Износоусталостные повреждения и их прогнозирование (трибофатика). Гомель, 2001.

Л.​А.​Сасноўскі.

т. 15, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТНАМУЗЫКАЛО́ГІЯ.

этнаграфія музычная, этнамузыказнаўства, музычная фалькларыстыка, навуковая дысцыпліна, якая вывучае народную музыку. Знаходзіцца на стыку музыказнаўства, этналогіі (гл. Этнаграфія) і фалькларыстыкі. Этнамузыказнаўчыя даследаванні ўключаюць спецыфічны муз. аналіз, выкарыстоўваюць метады семансіялогіі, герменеўтыкі, лінгвістыкі, сацыялогіі. Першаасновай вывучэння нар. музыкі з’яўляецца яе збіранне і занатоўванне на гуказапісвальнай апаратуры (з 1890-х г.), нотная транскрыпцыя, вызначэнне гукавых сістэм і строю муз. інструментаў.

Як спец. дысцыпліна муз. этнаграфія ўзнікла ў канцы 19 ст. (праграмнае яе абгрунтаванне — Г.Адлера, муз. гукарадаў розных народаў даследаванне — А.​Эліс). У пач. 20 ст. еўрап. навука пра муз. фальклор складалася з муз. культуры краіны (муз. фалькларыстыка) і муз. культуры нееўрап. народаў — параўнальнае музыказнаўства. Вял. школа параўнальнага музыказнаўства склалася пры Берлінскім фонаграмархіве (Э.М.Хорнбастэль. К.​Штумпф, а таксама В.​Віёра, К.​Закс, Р.​Лахман); другі еўрап. цэнтр — пры Венскім фонаграмархіве (Р.​Лах). У 1930—40-я г. у ЗША метады абодвух кірункаў сінтэзаваліся пад агульнай назвай Э. У 1930-я г. сфарміраваліся нац. муз.-этналагічныя школы (Б.В.Я.Бартака. З.Кодая ў Венгрыі. І.​Крона ў Фінляндыі і інш.). У сав. музыказнаўчай навуцы пры заснаваным у 1927 Я.​Гіпіусам фонаграмархіве АН СССР (з 1938 пры Ін-це рус. л-ры Рас. АН — Пушкінскі Дом) склалася Пецярбургская этнамузыкалагічная школа прынцыпова інтанацыйнага кірунку Б.Асаф’ева (Гіпіус, Ф.Рубцоў, З.Эвальд). Фонаграмархіў стаў цэнтрам збірання, вывучэння і публікацыі муз. фальклору розных народаў, садзейнічаў станаўленню і развіццю нац. этнамузыкалагічных школ у сав. рэспубліках.

Станаўленне і развіццё бел. Э. ў сваіх асн. этапах супадае з развіццём Э. ў інш. слав. краінах: ад ілюстратыўна-этнагр. і прыкладнога аматарскага кірунку да ўласна даследчай навукі. Назапашванне муз. матэрыялу інтэнсіўна адбывалася на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. (зб-кі Я.Чачота, М.Доўнар-Запольскага, З.Радчанка, М.Янчука, Б.Раманава, А.Грыневіча і А.Зязюлі, М.Гарэцкага і Я.​Ягорава). Уласна навук. дасягненні звязаны з працамі Янчука (функцыян. сувязі напеваў з этапамі вясельнай абраднасці), М.Нікіфароўскага (сац. статус дудара і музыкі, майстэрства дуды і скрыпкі). Асн. этапы развіцця бел. Э. звязаны з дзейнасцю ў пач. 20 ст. маскоўскай Музычна-этнаграфічнай камісіі (засн. Янчуком), з вылучэннем этнамузыказнаўчай навукі ў самаст. дысцыпліну. Развіццю муз. фалькларыстыкі спрыялі дзейнасць у 1920-я г. Інбелкульта, фалькл. камісіі Прэзідыума АН БССР (узначальваў Я.​Колас), працы Р.Шырмы, польскіх і чэш. этнамузыколагаў О.Кольберга, Л.Кубы, К.Машынскага, М.Федароўскага, рас. і ўкр. даследчыкаў В.​Бяляева, Я.​Гіпіуса, К.​Квіткі, Ф.​Рубцова, З.​Эвальд. Сучасная бел. Э. прадстаўлена 2 навук. цэнтрамі: Ін-там мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі і Бел. акадэміяй музыкі, у якіх сканцэнтраваны навук. сілы вядучых бел. этнамузыколагаў. У ліку найб. буйных іх прац: «Беларуская народная музычная творчасць» Л.Мухарынскай і Т.Якіменка (1993), «Беларуская этнамузыкалогія: нарысы гісторыі (XIX—XX ст.)» пад рэд. З.Мажэйка (1997), трылогія пра ладавыя, рытм. і меладычныя асновы бел. музыкі В.​Ялатава (1964, 1966, 1970), «Беларускія народныя музычныя інструменты» І.Назінай (кн. 1—2, 1979—82), манаграфіі пра муз. асаблівасці пэўных рэгіёнаў «Песні беларускага Паазер’я» (1981) і «Песні беларускага Палесся» (вып. 1—2; 1983—84) Мажэйка, «Песні беларускага Панямоння» Т.Варфаламеевай (1998), «Песні беларускага Падняпроўя» Мажэйка і Варфаламеевай (1999), даследаванні бел. эпічнай традыцыі Якіменка, кантавай культуры Беларусі Л.​Касцюкавец.

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Дудар и музыка // Этногр. обозрение. М., 1892. Кн. 13—14, № 2—3;

Янчук Н. Вступительная записка об изучении народной песни и музыки... // Тр. музыкально-этногр. комиссии. М., 1906. Т. 1;

Гиппиус Е.В., Эвальд З.В. Белорусский песенный фольклор // Сов. музыка. 1940. № 4;

Беларускія народныя песні. / Зап. Р.​Шырмы. Т. 1—4. Мн., 1959—76;

Благовещенский И.П. К истории белорусской народной инструментальной музыки // Благовещенский Й.П. Некоторые вопросы музыкального искусства. Мн., 1965;

Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. і камент. Г.​І.​Цітовіча. Мн., 1968;

Мухаринская Л.С. Белорусская народная партизанская песня. 1941—45. Мн., 1968;

Яе ж. Белорусская народная песня: Ист. развитие. Мн., 1977;

Чекановска А. Музыкальная этнография: Методология и методика: пер. с пол. М., 1983;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Асафьев Б.В. О народной музыке. Л., 1987;

Беларуская народная инструментальная музыка / Зап., анат. камент. І.​Назінай. Мн., 1989;

Вяселле. Мелодыі / Уклад. З.​Мажэйка, Т.​Варфаламеевай. Мн., 1990;

Sachs C. Vergleichende Musikwissenschaft in ihren Grundzügen. Leipzig. 1930. Гл. таксама да арт. Музыказнаўства.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 18, кн. 1, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКАНАГРА́ФІЯ (ад грэч. eikōn выява, відарыс +... графія) у выяўленчым мастацтве, дакладна вызначаная сістэма адлюстравання якіх-н. персанажаў ці сюжэтных сцэн. У стараж. рэліг. мастацтве каноны І. былі прызначаны для таго, каб палегчыць пазнаванне выявы і ўзгадніць яе прынцыпы з тэалагічнай канцэпцыяй (напр., І.​Маці Божай, Ісуса Хрыста, Буды і інш.). З пашырэннем у мастацтве новага зместу схемы І. паступова змяняліся і ўскладняліся; развіццё свецкага мастацтва, маст. стыляў і творчых індывідуальнасцей мастакоў абумовілі большую свабоду тлумачэння іканаграфічных схем і з’яўленне новых, менш рэгламентаваных. У мастацтвазнаўстве І. (іканаграфічны метад) — апісанне і сістэматызацыя тыпалагічных прыкмет і схем, прынятых пры адлюстраванні персанажаў ці сюжэтаў. Метад склаўся ў Францыі ў 1840-я г. як сродак вывучэння сярэдневяковага мастацтва, тлумачэння яго сімволікі, алегорый, атрыбутаў; у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. пашырыўся і на інш. краіны. Звяртанне да І., якое спалучаецца з рознабаковым даследаваннем сац. і эстэт. аспекту) мастацтва, з’яўляецца адной з умоў правільнага разумення маст. твора. Пад І. таксама разумеюць сукупнасць выяў якога-н. чалавека (напр., І. Ф.​Скарыны, Ефрасінні Полацкай і інш.) ці сюжэтаў, характэрных для пэўнай эпохі, кірункаў у мастацтве і інш.

У музыказнаўстве — апісанне, вывучэнне, сістэматызацыя і каталагізацыя твораў выяўл. мастацтваў на муз. тэматыку; дапаможная навук. дысцыпліна па гісторыі музыкі, інструментазнаўства, муз. этнаграфіі. Наскальныя малюнкі, археал. прадметы, фрэскі і абразы царк. храмаў, мініяцюры рукапісных і друкаваных кніг, жывапіс, скульптура, кераміка і інш. захавалі каштоўныя дакумент. звесткі пра муз. культуру розных гіст. эпох і народаў, функцыянаванне муз. мастацтва ў грамадстве, пра формы, канструкцыі і спосабы трымання муз. інструментаў, практыку сольнага і ансамблевага музіцыравання, пра кампазітараў, выканаўцаў і іх асяроддзі. Першая спроба І. музычнай — праца ням. лексікографа Э.​Л.​Гербера (1783), дзе прыведзена І. музыкантаў. Актыўна распрацоўваецца ў музыказнаўстве з пач. 20 ст. З 1961 у ФРГ выдаецца шматтомная «Гісторыя музыкі ў выявах».

І.​Дз.​Назіна (І. ў музыказнаўстве).

т. 7, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА,

матэматычная дысцыпліна, якая распрацоўвае фармальны апарат для апісання будовы натуральных і некаторых штучных моў. Развіваецца ў цесным узаемадзеянні з мовазнаўствам. Узнікла ў 1950-я г. ў сувязі з унутр. патрэбамі лінгвістыкі і развіццём аўтам. перакладу (гл. Машынны пераклад). Мае 2 лінгвістычныя аспекты: інфарматыка для лінгвістыкі — выкарыстанне статыстыкі, тэорыі кадзіравання, розных галін матэматыкі (напр., фактарнага аналізу) пры вырашэнні ўласна лінгвістычных задач (апрацоўка тэкстаў натуральнай мовы пры дапамозе камп’ютэрнай тэхнікі); лінгвістыка для інфарматыкі — цыкл даследаванняў у рамках інтэлекту штучнага, накіраваны на аўтам. або аўтаматызаванае рашэнне задач, якія да гэтага часу рашаліся выключна чалавекам. Апошняя развіваецца пераважна бел. лінгвістычнай школай. Да матэм. метадаў у лінгвістыцы адносяць тэорыю фармальных граматык, лінгвастатыстыку, семантычнае кадзіраванне. Яны дапамагаюць фармалізацыі семантыкі і сінтаксісу натуральных моў і іх статыстычнай апрацоўцы, у выніку чаго атрымліваюць дакладныя фармулёўкі найб. агульных правіл функцыянавання мовы, т.зв. універсаліі. Статыстычная апрацоўка тэкстаў рэалізуецца ў канкардансах (паказальніках слоў у выглядзе прамога, зваротнага, частотнага, камбінаторнага спісаў слоў і іх тэкставых прадстаўленняў). Семантычнае кадзіраванне дазваляе фармалізаваць інфармацыйны пошук у разнастайных тэкстах, атрымаць магчымасць фармальнага вырашэння задач. Ва ўсіх даследаваннях з выкарыстаннем матэм. метадаў у мовазнаўстве ўжываецца новая камп’ютэрная тэхніка, якая дапамагае аналізаваць вял. тэкставыя масівы ў аўтам. рэжыме. Ствараюцца таксама розныя варыянты кананізаванай мовы для прамых зносін камп’ютэра і чалавека, іх інтэрфейс. Кананізацыя мовы павінна адпавядаць моўным заканамернасцям, якія дапамагаюць забяспечыць адпаведнае разуменне тэкстаў. Семантычнае кадзіраванне абапіраецца на некаторыя тыпы алгебры, што дазваляе фармалізаваць адпаведнасць тэкстаў натуральнай мове. Агульная тэндэнцыя ідзе ў кірунку стварэння сістэм штучнага інтэлекту.

Літ.:

Гладкий А.В., Мельчук И.А. Элементы математической лингвистики. М., 1969;

Лесохин М.М., Лукьяненков К.Ф., Пиотровский Р.Г. Введение в математическую лингвистику. Мн., 1982;

Арапов М.В. Квантитативная лингвистика. М., 1988;

Мартынаў В.У., Шуба П.П., Ярмаш М.І. Марфемная дыстрыбуцыя ў беларускай мове: Дзеяслоў. Мн., 1967;

Плотников Б.А. Дистрибутивно-статистический анализ лексических значений. Мн., 1979;

Мартынов В.В. Принципы объективной семантической классификации // Полилог. Мн., 1998. Вып. 1.

В.​У.​Мартынаў.

т. 10, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТАГРА́ФІЯ (ад лац. nota знак, заўвага + ...графія),

1) апісанне нотных выданняў і рукапісаў; дапаможнікі (паказальнікі, агляды, спісы, каталогі), у якіх апісаны і сістэматызаваны нотныя выданні і рукапісы; дапаможная галіна музыказнаўства.

2) Навук. дысцыпліна, што вывучае гісторыю, тэорыю і методыку апісання і класіфікацыю муз. твораў у іх нотным запісе. У заходнееўрап. краінах Н. як самаст. навук. галіна не вылучаецца, нотныя выданні і рукапісы вывучае муз. бібліяграфія.

Найб. ранняя форма Н. — індэксы ў рукапісных танарыях 9—11 ст. (зборы грыгарыянскіх песнапенняў, што размеркаваны па ладах). Адна з першых друкаваных Н. — сістэматычны спіс 1299 нотных, пераважна ням., выданняў у кнізе П.​Болдуана «Філасофская бібліятэка» (1616). З 18 ст. ў краінах Еўропы і ЗША выходзяць разнастайныя нотаграфічныя спісы, агляды, каталогі, у большасці з іх змяшчаюцца Н., складзеныя ў нац. аспекце. У Расіі першай формай Н. былі выдавецка-гандл. каталогі 2-й пал. 18 ст. На Беларусі вядомы з 1-й пал. 19 ст. З пач. 20 ст. нотныя выданні рэгіструюцца ў «Нотной летописи» (1931). З 1805 рэгулярна выдаваліся каталогі выд-ва І.​Завадскага (Вільня). «Летапіс друку Беларусі» мае спец. раздзел «Летапіс нотаў» (з 1924), бібліягр. паказальнік «Беларуская ССР у друку СССР і зарубежных краін» (1946—91) — раздзел «Ноты». Нотаграфічныя спісы і агляды змяшчаюцца ў дадатку да бюлетэня «Новыя кнігі Беларусі». Рэтраспектыўныя паказальнікі «Музычная літаратура БССР» (1963, 1977) і «Музычная літаратура Беларусі» (1997) улічылі нотныя выданні, якія выйшлі ў 1917—90, а таксама муз. творы бел. фальклору і бел. кампазітараў, апублікаваныя за межамі рэспублікі, матэрыялы перыяд. друку Беларусі 1945—90. Нотаграфічныя спісы прыводзяцца ў разнастайнай інфарм., навук.-даследчай, метадычнай і пед. л-ры па музыцы, бібліягр. даведніках (гл. Лексікаграфія музычная), бел. праграмах для муз. школ, вучылішчаў, Бел. акадэміі музыкі, персанальных бібліягр. паказальніках і інш.

Літ.:

Отраслевые библиографии БССР. Мн., 1979. С. 163—164;

Паказальнік бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі, 1997. Мн., 1998.

Н.​Г.​Мазурына.

т. 11, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІФАНІ́Я (ад полі... + грэч. phōnē гук),

1) від шматгалосся, заснаваны на сумесным гучанні кантрастных меладычна развітых галасоў. У шырокім сэнсе супадае з паняццем кантрапункта. У залежнасці ад мелодыка-інтанацыйных суадносін галасоў падзяляецца на 3 віды. Сутнасць імітацыйнай П. (гл. Імітацыя) у паслядоўным выкладанні адной і той жа мелодыі рознымі галасамі. Была пашырана ў еўрап. прафес. музыцы, спарадзіла шэраг поліфанічных форм, найвыш. з якіх — фуга. Падгалосачная П., у аснове якой ляжыць адначасовае спалучэнне варыянтаў адной і той жа мелодыі, уласціва нар.-песеннай культуры ўсх.-слав. народаў. На Беларусі мае спецыфічную форму спеваў з падводкай. Трэці від П. заснаваны на сумесным гучанні розных мелодый. Вядомы з сярэдніх вякоў (напр., у франц. матэце 12—14 ст. ў адным голасе гучаў царк. напеў, у той жа час у інш. — нар. песні). У музыцы 19—20 ст. сустракаецца эпізадычна пры сюжэтна ці сэнсава абумоўленым сумяшчэнні мелодый, якія раней выконваліся паасобку (лейтматываў у оперы, асн. тэм у кодзе сімф. твора і інш.). Побач з цалкам поліфанічнымі творамі (фуга, канон, інвенцыя, пасакалля, некат. нар. песні і інш.) ёсць і такія, дзе П. ўласціва асобнай частцы (напр., фінал 4-й сімфоніі І.​Брамса і павольная ч. 8-й сімфоніі Дз.​Шастаковіча з’яўляюцца пасакаллямі, 2-я ч. кантаты А.​Багатырова «50 гадоў» — фугай) ці эпізоду (фугата ў распрацоўках многіх сімфоній і інш.). Поліфанічнымі прыёмамі (імітацыйнымі, падгалосачнымі) шырока карыстаюцца і ў творах, дзе пераважае гамафонны прынцып (гл. Гамафонія).

2) Навука; адзін з гал. раздзелаў тэорыі музыкі. Як навук. дысцыпліна ўваходзіць у сістэму муз. адукацыі.

Літ.:

Скребков С.С. Учебник полифонии. 3 изд. М., 1965;

Дмитриев А.Н. Полифония как фактор формообразования. Л., 1962;

Протопопов В.В. История долифонии в ее важнейших явлениях. [Т. 1—2]. М., 1962—65.

А.​А.​Саламаха.

т. 12, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́РМА МУЗЫ́ЧНАЯ,

1) комплекс выразных сродкаў муз. твора, якія ажыццяўляюць пэўны маст. сэнс і валодаюць змястоўнай канцэпцыяй музыкі як віду мастацтва. Ствараецца на аснове заканамернасцей акордыкі, гармоніі, мелодыкі, лада, метра, рытму, тэмбру, фактуры і інш. 2) Гіст. тыпізаваная кампазіцыя; акрэслены кампазіцыйны план муз. твора, які склаўся ў сувязі з муз. жанрамі: вальс, ронда, фуга і інш. 3) Індывідуальная гукавая кампазіцыя муз. твора (тыповая або унікальная).

4) Паводле Б.​Асаф’ева, устойлівая, тыпізаваная структура, будова муз. твора рознага маштабу. У паняцці «Ф.м.» адлюстраваны крышталічны і працэсуальны бакі муз. твора, што дазваляюць успрымаць Ф.м. як часавы працэс і як вынік. Працэс формаўтварэння — пераход муз. развіцця ў новую якасць — муз. кампазіцыю. Гістарычна суадносіцца з паняццямі «змест», «муз. матэрыял», «жанр», «стыль». Ф.м. класіфікуюцца паводле прынцыпаў: структурнага (простыя, складаныя, 2-, 3- ці шматчасткавыя), жанравага (вакальныя, інстр., звязаныя са словам, сцэнай, танцам), стылявога (формы сярэдневякоўя, Адраджэння, барока, класіцызму, рамантызму, 20 ст.), тыпу арганізацыі (поліфанічныя, гамафонныя), тэхнікі кампазіцыі (дадэкафонныя, серыяльныя, алеатарычныя) і інш. 5) Навук. і вучэбная муз.-тэарэт. дысцыпліна, якая вывучае пытанні муз. формаўтварэння.

Літ.:

Праут Э. Музыкальная форма: Пер. с англ. М., 1907;

Риман Г. Систематическое учение о модуляции как основа учения о музыкальных формах: Пер. с нем. М., 1929;

Способин И.В. Музыкальная форма. 7 изд. М., 1984;

Цуккерман В.А. Анализ музыкальных произведений: Общие принципы развития и формообразования в музыке: Простые формы. М., 1980;

Яго ж. Анализ музыкальных произведений: Сложные формы. М., 1984;

Яго ж. Анализ музыкальных произведений: Рондо в его ист. развитии. Ч. 1—2. М., 1988—90;

Задерацкий В. Музыкальная форма. Вып. 1. М., 1995;

Кюрегян Т. Форма в музыке XVII—XX вв. М., 1998;

Ручьевская Е. Классическая музыкальная форма. СПб., 1998;

Холопова В. Формы музыкальных произведений. СПб., 1999.

К.​М.​Дулава.

т. 16, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНО́МІКА (ад грэч. oikonomikē літар. — мастацтва вядзення хатняй гаспадаркі),

сукупнасці грамадскіх адносін у сферы вытворчасці, абмену і размеркавання прадукцыі; гаспадарка краіны або групы краін, галіны гаспадаркі, прам-сці і віды вытв-сці, іх стан, што характарызуецца аб’ёмам вытв-сці прадукцыі, яе якасцю і ўзроўнем выкарыстання рэсурсаў; навук. дысцыпліна, якая займаецца вывучэннем пэўнай галіны гаспадаркі. Э. — частка грамадскай сістэмы і функцыянуе ў адпаведнасці з аб’ектыўнымі патрэбнасцямі, стварае матэрыяльныя ўмовы развіцця цывілізацыі. Гэта своеасаблівы рэгулятар патоку «прырода—грамадства»; на яго «ўваход» паступаюць прыродныя і працоўныя рэсурсы, на «выхад» — прадукты, якія адпавядаюць грамадскім патрэбнасцям. Э. як сукупнасць галін забяспечвае грамадства неабходнымі дабротамі і паслугамі. Яна падзяляецца на асобныя галіны матэрыяльнай вытв-сці: прам-сць, сельская гаспадарка, буд-ва, транспарт; на галіны невытворчай сферы: асвета, навука, ахова здароўя, культура, спорт; на комплексы галін (машынабудаўнічы, паліўна-энергетычны), інфраструктуры.

Эканам. навукі — сістэма навук, якія займаюцца вывучэннем аб’ектыўных эканам. заканамернасцей развіцця грамадства, статыстычнай апрацоўкай і тэарэт. сістэматызацыяй з’яў гасп. жыцця, распрацоўкай практычных рэкамендацый у галіне вытв-сці, размеркавання, спажывання матэрыяльных даброт і абмену. Адрозніваюць агульныя, або агульнаэканамічныя дысцыпліны (палітэканомія, тэорыя кіравання грамадскай вытворчасцю, эканам. статыстыка, бухгалтарскі ўлік) і канкрэтныя (прыватныя), якія, у сваю чаргу, падзяляюцца на міжгаліновыя (фінансы, крэдыт, цэнаўтварэнне, эканоміка працы), галіновыя (Э. прам-сці, сельскай гаспадаркі, транспарту), на дысцыпліны, што вывучаюць эканам. праблемы асобных галін прам-сці і вытв-сцей, адм.-тэр. адзінак, рэгіёнаў. Паводле практычнага выкарыстання вылучаюць эканам. навукі фундаментальныя, што займаюцца пазнаннем аб’ектыўных эканам. законаў, абгрунтаваннем шляхоў і эфектыўнага выкарыстання, раскрыццём умоў і фактараў функцыянавання гасп. механізму, і прыкладныя, мэта якіх — вырашэнне канкрэтных прыватных задач, пастаноўка і правядзенне гасп. эксперыментаў, распрацоўка канкрэтных эканам. мерапрыемстваў і г.д. Асновай прыкладных эканам. навук з’яўляюцца фундаментальныя.

Літ.:

Зубко Н.М., Зубко А.Н. Экономическая теория. Мн., 2002. Экономика Беларуси: Пути стабилизации и соц.-экон. обновления. Мн., 1995.

Г.​А.​Шмарлоўская.

т. 18, кн. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМО́НІЯ ў музыцы,

1) сістэмна арганізаваныя сродкі муз. выразнасці, якія грунтуюцца на заканамерным аб’яднанні тонаў у сугуччы і заканамернай сувязі сугуччаў. Пад сугуччам у сучаснай тэорыі музыкі разумеюць лагічна дыферэнцыраваныя гукавыя спалучэнні, якія маюць у муз. кантэксце пэўную маст. выразнасць. У паслядоўнасці сугуччаў і іх суадносінах выяўляецца значэнне кожнага з іх у ладзе (ладавая функцыя), абумоўленае заканамернасцямі пэўнай ладава-гарманічнай сістэмы. Кожнае сугучча ў залежнасці ад яго інтэрвальнага (гл. Інтэрвал) складу, падваення тонаў, іх размяшчэння, рэгістра, дынамікі і інш. мае спецыфічны характар гучання — фанізм. Асн. тып сугучча — акорд. У падзеле акордаў на кансанансы і дысанансы, устойлівыя і няўстойлівыя адлюстраваны 2 бакі адной з’явы — акустычны і ладавы. Паміж кансанантнасцю і ўстойлівасцю, дысанантнасцю і няўстойлівасцю ў класічнай гармоніі існуе прынцыповая сувязь, якая абумоўлівае існаванне лада і функцыянальнасць акордаў. Гармонія ахоплівае таксама суадносіны танальнасцей і ладоў. Рух галасоў (голасавядзенне) падпарадкаваны пэўным правілам, выпрацаваным у шматгалосай музыцы гамафоннага і поліфанічнага складу. Функцыянальна і каларыстычна асэнсаваная паслядоўнасць акордаў, танальнасцей, ладоў, рытм іх змены (адхіленні, мадуляцыі, кадэнцыі, секвенцыі, гарманічнае вар’іраванне і інш.) — адна з неабходных умоў формаўтварэння ў музыцы (гл. Форма музычная). Вобразна-маст. значэнне гармоніі раскрываецца ва ўзаемадзеянні з мелодыяй, метрарытмам і інш. кампанентамі муз. мовы, з якімі гармонія ўтварае пэўны муз. стыль (эпохі, кірунку, кампазітара, асобнага твора і інш.). На гармонію ўплывае таксама інтанацыйны склад пэўнай нац. музыкі, вызначаючы яе нац. характэрнасць. Сутнасць і ўспрыняцце гармоніі эвалюцыяніруе ў працэсе творчай практыкі.

2) Навуковая і навуч. дысцыпліна, якая вывучае гісторыю вучэнняў пра гармонію, класічныя і сучасныя яе сістэмы, прадугледжвае практычнае авалоданне тэхнікай гарманізацыі і інш. сродкамі выразнасці, уласцівымі гармоніі.

Літ.:

Шевалье Л. История учений о гармонии: Пер. с фр. М., 1931;

Тюлин Ю.Н. Учение о гармонии. 3 изд. М., 1966;

Скребков С.С. Гармония в современной музыке: Очерки. М., 1965;

Холопов Ю.Н. Очерки современной гармонии: Исслед. М., 1974;

Яго ж. Гармония: Теорет. курс. М., 1988;

Гуляницкая Н.С. Введение в современную гармонию. М., 1984.

Т.​А.​Дубкова.

т. 5, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕЯЗНА́ЎСТВА, музеялогія,

комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае гісторыю развіцця музеяў, іх грамадскія функцыі, распрацоўвае тэорыю і методыку ўсіх галін музейнай дзейнасці. Як сістэма спец. ведаў займаецца праблемамі камплектавання, сістэматызацыі, навук. дакументавання і каталагізацыі музейных фондаў, даследуе атрыбутацыю, тыпалагізацыю, спосабы захавання і рэстаўрацыі экспанатаў, выпрацоўвае методыку прапагандысцка-асветнай работы. Звязана з усімі грамадскімі, прыродазнаўчымі і тэхн. навукамі.

Першыя спробы тэарэт. асэнсавання музейнай справы адносяцца да эпохі Адраджэння. Непасрэдным заснавальнікам М. лічыцца ням. калекцыянер І.​Д.​Маёр — аўтар кн. «Нічога не вырашаючыя агульныя развагі аб мастацкіх і прыродазнаўчых зборах» (1674). Распрацоўкі і практычны вопыт франц. музеязнаўцаў канца 18 — пач. 19 ст. былі пераняты большасцю еўрап. краін. У 2-й пал. 19 ст. М. сфарміравалася як асобны раздзел навукі, асаблівых поспехаў дасягнула ў 1960—70-я г., калі аформіліся ням., польская і чэш. музеязнаўчыя школы. Фармальнае прызнанне М. як самаст. навук. дысцыпліны адбылося на XI Генеральнай канферэнцыі Міжнар. савета музеяў (існуе пры ЮНЕСКА), што праходзіла ў Маскве ў 1977. Сав. школа М. склалася ў 1960—70-я г. Яе тэарэт. і навук.-метадалагічным цэнтрам быў НДІ культуры ў Маскве (цяпер Расійскі ін-т культуралогіі).

На Беларусі з 1911 у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та рыхтаваліся спецыялісты па асобных музейных спецыяльнасцях і чыталіся курсы па М. (Б.​Р.​Брэжга, А.​П.​Сапуноў і інш.). У 1920-я г. ў БССР музеям быў нададзены статус н.-д. устаноў, пры БДУ дзейнічалі музейныя курсы (кіраўнік В.​Ю.​Ластоўскі). З пач. 1930-х бел. музейная практыка развівалася ў агульным рэчышчы сав. М. Стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь дало штуршок развіццю самаст. бел. школы М. У 1992 адкрыта кафедра крыніцазнаўства і М. ў БДУ, у 1994 — кафедра этналогіі і М. ў Бел. ун-це культуры. З 1993 у Бел. ін-це праблем культуры працуе Лабараторыя музейнага праектавання, дзейнічае 2-гадовая школа М. для перападрыхтоўкі музейных супрацоўнікаў.

Літ.:

Музееведение: Вопр. теории и методики. М., 1987 (1988);

Гужалоўскі А. З гісторыі музейнай справы на Беларусі // Беларускія музеі: Гісторыя, хроніка, сучаснасць. Мн., 1998.

А.​А.​Гужалоўскі.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)