ПО́ЛЮСЫ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ,
пункт перасячэння восі вярчэння Зямлі з зямной паверхняй. Адрозніваюць Паўночны полюс і Паўднёвы полюс. У полюсах зыходзяцца ўсе мерыдыяны зямныя (геаграфічныя). На П.г. няма звычайных кірункаў свету, няма падзелу на дні і ночы, таму што каля паўгода Сонца не апускаецца за гарызонт і каля паўгода не ўзыходзіць (гл. Палярны дзень, Палярная ноч). Яны перамяшчаюцца па зямной паверхні па складанай траекторыі, якая то закручваецца, то раскручваецца, не выходзячы з квадрата са стараной 26 м.
т. 12, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНАМІ́ЧНАЯ НАВІГА́ЦЫЯ, астранавігацыя,
кіраванне рухам лятальных апаратаў на падставе аптычных вымярэнняў, візуальных назіранняў; разнавіднасць касмічнай навігацыі і паветранай навігацыі. Метады астранамічнай навігацыі: вугламерны (вымяраюцца вуглавыя адлегласці паміж навігацыйнымі арыенцірамі, напрыклад паміж зоркай і краем планеты, паміж двума краямі планеты); зацьменняў (фіксуюцца моманты ўсходу і захаду зорак або Сонца за бачны гарызонт планеты); візіравання планетных арыенціраў (вымяраюцца моманты часу праходжання над якім-небудзь арыенцірам) і інш. Тэхн. аснову астранамічнай навігацыі складаюць секстанты, датчыкі зорак і Сонца, бартавыя вылічальныя машыны і інш.
т. 2, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМЫ́ТЫЯ ГЛЕ́БЫ,
глебы, якія фарміруюцца на ніжніх частках схілаў, у лагчынах і ярах у выніку адкладу змытага дажджавымі і талымі водамі глебавага драбназёму. Таксама наз. дэлювіяльнымі глебамі (гл. Дэлювій). Развіваюцца звычайна ва ўмовах кароткачасовага залішняга ўвільгатнення. Маюць слаісты профіль з вял. колькасцю гліністых і пылаватых часцінак і гумусу (2—3%). Колерам падобныя на перагнойны гарызонт нязмытых глеб. Сярэдне- ці слабакіслыя. Паводле магутнасці дэлювію падзяляюцца на слаба- (да 20 см), сярэдне- (20—50), моцна- (50—100) і вельмі моцнанамытыя (больш за 100 см). Багатыя элементамі жыўлення раслін. Выкарыстоўваюцца пад сенажаці і пашы.
т. 11, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-АСТА́ШКАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Рэчыцкім і Калінкавіцкім р-нах Гомельскай вобл., каля в. Асташкавічы. Адкрыта ў 1972. Распрацоўваецца з 1976. Паклады нафты пл. каля 6 км² прымеркаваны да міжсалявых і часткова да падсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў. Нафтаносны гарызонт залягае на глыб. 2930—3270 м. Пароды-калектары — другасныя даламіты ад порыста-кавернозна-трэшчынаватага да кавернозна-порыста-трэшчынаватага тыпу. Нафта лёгкая, маласярністая, парафіністая. Разведаныя запасы 20,3 млн. т, перспектыўныя 5,1 млн. т.
А.П.Шчураў.
т. 12, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРА́ЖСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,
адно з самых стараж. зледзяненняў у Еўропе. Вылучана Л.М.Вазнечуком у 1961—65 як зледзяненне, якое ўкрывала амаль усю Паўн. Еўропу. Атаясамлівалася з першым з 2 міндэльскіх зледзяненняў, з 1971 — з нараўскім зледзяненнем. З 1990-х г. з варажскім зледзяненнем звязваюць варажскі гарызонт эаплейстацэну, які адпавядае скандынаўскаму зледзяненню. На тэр. Беларусі азёрныя і рачныя адклады варажскага зледзянення (алеўрыты, супескі, пяскі з рэшткамі арктабарэальных раслін) найб. пашыраны на Палессі. У час варажскага зледзянення адбылася змена палеамагнітных эпох: адмоўна намагнічаныя пароды эпохі Матуяма змяніліся дадатна намагнічанымі пародамі сучаснай эпохі Брунас каля 730 тыс. г. назад (гл. Палеамагнетызм).
А.Ф.Санько.
т. 3, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НІН Мікалай Арцёмавіч (10.5.1937, в. Карма Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 12.2.1974),
бел. кінарэжысёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). У 1958—60 і з 1967 на кінастудыі «Беларусьфільм» Гал. месца ў творчасці займалі фільмы героіка-рамант. плана. Рэжысёр маст. фільмаў «Ствары бой» (1970), «Рудабельская рэспубліка» (1972), тэлевізійных «Камлючок» (1968), «Тыя, што ідуць за гарызонт» (1972), «Корцік» (1973), «Бронзавая птушка» (1974). У 1965—67 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі паставіў спектаклі «Справа Даўбмана» («Герой Фатэрланда») Л.Кручкоўскага і «Мая старэйшая сястра» А.Валодзіна (1965), «Дзеля жыцця» («Першы ўрок») К.Губарэвіча (1968).
т. 7, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ВАНСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Славань. Адкрыта ў 1983. Распрацоўваецца з 1985. Паклады нафты пл. 2,4 км² прымеркаваны да міжсалявых дэвонскіх адкладаў (задонска-ялецкі гарызонт) на Пн Прыпяцкага прагіну, у Рэчыцка-Вішанскай зоне падняццяў, каля Сасноўскага, Паўд.-Сасноўскага і Зах.-Славанскага радовішчаў нафты. Нафтаносны пласт залягае на глыб. 3540—4000 м. Калектар трэшчынна-кавернава-поравы Дэгазаваная нафта лёгкая, шчыльн. 850—862 кг/м³, маласярністая (0,21—0,36%), парафіністая (3,8—5,4%), маласмалістая (4—8,9%). Геал. запасы нафты 6,7 млн. т, здабыта 151 тыс. т (2001).
Я.Г.Грыбік.
т. 14, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛЬТУ́РВАННЕ ГЛЕ́БЫ,
павышэнне ўрадлівасці глебы з дапамогай агратэхн., аграхім. і меліярац. мерапрыемстваў. Акультурваюць паглыбленнем ворнага гарызонту, сістэм. апрацоўкай, угнойваннем, вапнаваннем або гіпсаваннем, рэгуляваннем воднага рэжыму. Праводзяць на глебах з нізкай прыроднай урадлівасцю. Ва ўмовах Беларусі водны рэжым рэгулююць асушэннем і арашэннем, адвядзеннем паверхневых водаў, баразнаваннем, рыхленнем падворнага гарызонту, унясеннем мікраўгнаенняў, увядзеннем севазваротаў з шматгадовымі травамі. Глебы, схільныя да воднай і ветравой эрозіі, аруць упоперак схілаў, на іх робяць перарывістае баразнаванне, залужэнне, садзяць лясныя палосы і інш. На землях, парушаных у выніку с.-г. работ, праводзіцца рэкультывацыя, ствараецца новы ворны гарызонт.
Літ.:
Кулаковская Т.Н. Почвенно-агрохимические основы получения высоких урожаев. Мн., 1978.
т. 1, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПРЫБОРАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.
Засн. ў 1907 як лесапільны з-д. З 1921 механасталярны з-д «Дрэваапрацоўшчык», у 1939—40 радыёзавод. У Вял. Айч. вайну часткова разбураны, аднавіў працу ў 1944. Вырабляў прадметы першай неабходнасці, з 1946 выпускаў радыёпрыёмнікі. З 1960 пачаў серыйны выпуск тэлевізара «Нёман», з 1965 — «Зорка». У 1971 вытв-сць тэлевізараў перададзена Мінскаму радыёзаводу (гл. Мінскае прадпрыемства «Завод Гарызонт»), З 1971 галаўное прадпрыемства Мінскага вытв.-тэхн. прыборабуд. аб’яднання (дзярж. прадпрыемства «БЕЛВАР», гл. Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі), з 1997 адкрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (1999): электрарадыёвымяральныя прыборы, тэлекамунікацыйныя вырабы, дазіметры і мед. апараты, складаныя быт. электрапрыборы, электраінструменты, акумулятары.
т. 10, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВАЙБО́ВІЧ (дзявочае Ксенжык) Алена Пятроўна
(н. 3.2.1966, Мінск),
бел. спартсменка (баскетбол). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1985), засл. майстар спорту СССР (1992). Чэмпіёнка XXV Алімп. гульняў (1992, г. Барселона, Іспанія) у складзе зборнай каманды СНД. Чэмпіёнка свету сярод моладзі (1985). Чэмпіёнка Еўропы (1989), сярэбраны прызёр сярод моладзі (1984). Гуляла ў клубных камандах: «Гарызонт» (Мінск, 1984—92); «Алімпія» (г. Познань, Польшча, 1992—94); «Дынама» (Масква, 1994—2000). Сярэбраны прызёр Гульняў добрай волі (1990, г. Сіэтл, ЗША). Сярэбраны прызёр Сусв. універсіяды (1987). Сярэбраны прызёр Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1993). Сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР (1989). Чэмпіёнка Расіі (1998, 1999, 2000), сярэбраны прызёр (1996). Чэмпіёнка Польшчы (1992, 1993).
А.М.Петрыкаў.
т. 17, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)