наглебавае ўтварэнне ляснога біяцэнозу. Фарміруецца ў выніку назапашвання і раскладання расліннага ападу. Характарызуецца магутнасцю, запасам, складам і будовай, на якія ўплываюць відавы склад, узрост і яруснасць лесу, самкнутасць ляснога полага, развіццё жывога наглебавага покрыва, водны рэжым глебы, актыўнасць фауны і інш. У залежнасці ад ступені раскладання арган. рэшткаў у Л.п. адрозніваюць падгарызонты: верхні (леташняга ападу), сярэдні (ферментацыі) і ніжні (гуміфікацыі). Месца існавання жывых арганізмаў; утварае гумус, ахоўвае глебу ад мех. ўшчыльнення і эрозіі, вызначае яе тэмпературны і водна-паветраны рэжым і лесараслінныя ўласцівасці, уплывае на аднаўленне лесу. На Беларусі магутнасць Л.п. 1—5 см, запас 3—30 т/га і больш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ СТАДЫЯ́Л (ад г. Орша),
максімальны стадыял апошняга паазерскага зледзянення на Беларусі. Адбыўся 17,7—17 тыс.г. назад у час найб. развіцця ледавіковага покрыва, граніцы якога супадалі з паўд. мяжой Беларускага Паазер’я. Кліматычныя ўмовы былі самыя суровыя за ўсё зледзяненне. У краявой зоне сфарміраваліся марэнныя, водна-ледавіковыя, лёсападобныя і інш. адклады. Канцавыя марэнныя ўзвышшы (складзены пераважна з пясчана-жвіровага матэрыялу) цягнуцца ад Оршы на З да воз. Сялява, гарадоў Лепель, Докшыцы і воз. Нарач. На рэках бас. Дняпра і Нёмана ўтварыліся другія надпоймавыя тэрасы. Сфарміраваліся асн. рысы сучаснага рэльефу паўд. Паазер’я. На Пд ад мяжы Аршанскага стадыяла намнажаліся покрыўныя лёсападобныя адклады (на Аршанска-Магілёўскай раўніне, Навагрудскім узв. і Мазырскай градзе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ВАЕ́ННА-ПАЛЯЎНІ́ЧАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
добраахвотная спартыўная арг-цыя паляўнічых і рыбаловаў вайск. часцей. Засн. ў 1934 як Усеармейскае ваенна-паляўнічае т-ваБел.ваен. акругі (БВА). З 1976 Ваенна-паляўнічае т-ваБВА, з 1992 сучасная назва. Асн. задачы: прапаганда і развіццё паляўнічага спорту, стэндавай стральбы і спарт. рыбалоўства; падрыхтоўка воінаў, стралкоў, паляўнічых-разведчыкаў; арганізацыя н.-д. работы па вядзенні спарт. паляўнічых, рыбалоўных гаспадарак і стэндавым спорце.
Членства індывідуальнае і калектыўнае. За арг-цыямі т-ва замацавана (1995) 531,7 тыс.га паляўнічых угоддзяў (у т. л. лясных 277 тыс., палявых 167,4 тыс., водна-балотных 53,4 тыс.га) і 3 возеры (агульнай пл. каля 480 га).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЕЛАТЭРАПІ́Я (ад грэч. ampelos вінаград + тэрапія),
вінаградалячэнне, выкарыстанне пладоў і соку вінаграду ў лек. мэтах. Вядома са старажытнасці, у Расіі з канца 19 ст. Практыкуецца ў зонах вінаградарства, звычайна ў спалучэнні з клімататэрапіяй. Лепшыя лек. сарты — Шасла, Рыслінг, Семільён, Гауш, Акішміш, Тагузюм чэлекі. Асн. станоўчы ўплыў ампелатэрапіі звязаны з багаццем і разнастайнасцю ў спелых пладах і соку вінаграду вугляводаў, пекцінавых і мінер. рэчываў, вітамінаў; выяўляецца праз нармалізацыю і актывацыю абменных працэсаў (асабліва водна-салявога абмену), апетыту, сакрэцыі страўніка, маторыкі кішэчніка, функцый мочавыдзялення і інш. Проціпаказана пры цукр. дыябеце, вострых захворваннях, язве страўніка, гіпертаніі, хранічных паносах і абвастрэннях туберкулёзу. Дозы спажывання пладоў вінаграду пры ампелатэрапіі могуць дасягнуць 2 кг, соку — 1,2 л за суткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛО́ЎСКІ (Уладзіслаў Піліпавіч) (н. 25.9.1933, в. Маўчаны Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне меліярацыі. Акад. Акадэміі аграрных навук Беларусі (1992), д-ртэхн.н. (1980), праф. (1982). Скончыў БСГА (1955). З 1960 у Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства (з 1969 нам. дырэктара, у 1977—97 дырэктар). Навук. працы па асн. прынцыпах канструявання меліярац. сеткі і тэхналогіі правядзення меліярац. работ. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны канструкцыі меліярац. сістэм, якія забяспечваюць рэгуляванне водна-паветранага рэжыму глебы і рацыянальнае выкарыстанне зямельных і водных рэсурсаў з улікам экалагічных патрабаванняў.
Тв.:
Мелиорация земель и охрана окружающей среды. Мн., 1982 (разам з С.Г.Скарапанавым, У.С.Бразгуновым);
Строительство закрытой осушительной сети. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛАКТЫ́Н, пралакцін
[ад лац. pro для + lac (lactis) малако],
лактагенны гармон,
гармон пазваночных жывёл і чалавека, які выпрацоўваецца клеткамі пярэдняй ч. адэнагіпофіза. Паводле хім. прыроды — бялок, мае 198 амінакіслотных астаткаў, структурна блізкі да гармону росту і плацэнтарнага лактагеннага гармону. У млекакормячых жывёл стымулюе развіццё малочных залоз, лактацыю, рост унутр. органаў, праяўленне мацярынскага інстынкту; у пацукоў і мышэй уплывае на функцыянаванне жоўтага цела яечнікаў (адсюль больш ранняя назва П. — лютэатропны гармон). У птушак рэгулюе сакрэцыю малачка клеткамі валляка, стымулюе абмен тлушчу, рост пер’я, унутр. органаў, выседжванне яец, выкормліванне патомства. У ніжэйшых пазваночных П. кантралюе осмарэгуляцыю, водна-салявы абмен, пігментацыю скуры, міграцыю ў перыяд размнажэння. Сакрэцыя П. рэгулюецца гіпаталамічнымі рылізінг-гармонамі, эстрагенамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЕБЯРЭ́ЗІНСКАЯ НІЗІ́НА,
фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я на Пд Віцебскай і Пн Мінскай абласцей, у бас. верхняга цячэння р. Бярэзіна (прыток Дняпра). Мяжуе на ПнЗ са Свянцянскімі градамі, на ПнУ — з Ушацка-Лепельскім узв. і Чашніцкай раўнінай, на Пд — з Мінскім і Аршанскім узвышшамі, на З — з Нарачана-Вілейскай нізінай. Працягнулася з Пн на Пд на 105 км, з З на У на
15—100 км. Абс. вышыні рэльефу пераважна 160—180 м, змяншаюцца на Пд да 155 м пры ўпадзенні р. Гаўя ў Бярэзіну. Пл. каля 2,5 тыс.км².
Верхнебярэзінская нізіна прымеркавана да Беларускай антэклізы, на ПдУ — да Аршанскай упадзіны. У платформавым чахле пераважаюць асадкавыя пароды пратэразою. У тоўшчы антрапагену (магутнасцю да 180 м) найб. пашыраны ледавіковыя ўтварэнні бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў. Асн. рысы сучасны рэльеф набыў пры дэградацыі ледавіка Ашмянскага стадыялу і ў выніку дзейнасці расталых вод паазерскага зледзянення.
У рэльефе Верхнебярэзінскай нізіны пашыраны зандравыя раўніны і азёрна-алювіяльныя нізіны. Каля краю паазерскага ледавіка, які з Пн падступаў да Верхнебярэзінскай нізіны, намнажаліся водна-ледавіковыя пясчаныя адклады раўніны. На спадзіста-хвалістай паверхні іх трапляюцца дэльты водна-ледавіковых патокаў (на Пн), тэрмакарставыя западзіны і эолавыя формы — дзюны, грады, узгоркі выш. да 5—7 м. На Пд Верхнебярэзінскай нізіны расталыя ледавіковыя воды падпруджваліся Барысаўскай градой, утваралася вял. возера. Пазней возера спушчана Бярэзінай, на яго месцы ўзнікла затарфаваная нізіна з рэшткавымі азёрамі. Найб. высокія ўчасткі рэльефу — спадзістахвалістыя марэнныя раўніны і канцовамарэнныя, моцна згладжаныя грады, увалы і ўзгоркі дняпроўскага зледзянення, што ўзнімаюцца над забалочанай нізінай на 30—40 м. Даліна Бярэзіны перасякае Верхнебярэзінскую нізіну з ПнЗ на ПдУ, яна сфарміравалася пасля адступання паазерскага ледавіка, слаба выпрацавана; мае надпоплаўную тэрасу выш. 3—4 м. Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял. Гал. рэкі: Бярэзіна з прытокамі Поня, Гайна з Цной і Усяжай (справа), Чарніца, Сергуч, Вял. Рэчка, Жартайка (злева); Лукомка і Эса, вярхоўі Ушачы (бас.Зах. Дзвіны); Бярэзінская водная сістэма. На Верхнебярэзінскай нізіне шмат азёр — Межужол, Медзазол, Палік, Плаўна, Манец, Бярэшча, Вольшыца, Вокана, Домжарыцкае, Лукомскае і Сялява. Сярэднія т-ры студз. -7,2 °C, ліп. 17,2 °C, ападкаў 623 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя на водна-ледавіковых пясках і марэнных супесках і суглінках, дзярнова-падзолістыя глеяватыя, тарфяна-балотныя, поймавыя дзярновыя забалочаныя. Пад лесам каля 42% тэр., пераважаюць хваёвыя, каля даліны Бярэзіны бярозава-асінавыя і асінава-альховыя. Вялікія балоты ў асноўным нізінныя, бязлесныя або парослыя рэдкалессем з бярозы пушыстай і хвоі, часткова меліяраваныя. Пад ворывам 20% тэр. У межах Верхнебярэзінскай нізіны Бярэзінскі біясферны запаведнік, частка гідралагічнага заказніка Галубіцкая пушча.
Н.К.Кліцунова.
Верхнебярэзінская нізіна ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКАЯ ГРУ́ПА АЗЁР,
у Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка. Уключае 50 вадаёмаў агульнай пл. 130 км². Найб.Дрывяты, Снуды, Струста, Воласа Паўночны, Воласа Паўднёвы і інш. Размешчаны азёры сярод краявога ледавіковага градавага і ўзгорыстага рэльефу Браслаўскай грады з разнастайнымі формамі водна-ледавіковай акумуляцыі — камамі, озамі. Большасць з іх злучана невял. рэкамі, ручаямі, канавамі і пратокамі, найб. вадаёмы дрэніруе р. Друйка. У азёрах захаваліся стараж. і рэдкія віды жывёл (лімнакалянус, понтапарэя, бакаплаў Паласа, мізіда рэліктавая) і раслін (гарлачык жоўты малы, гідрыла кальчаковая), занесеных у Чырв. кнігу Беларусі. Усе азёры маюць рыбапрамысл. значэнне, частка зарыбляецца вугром. Вакол іх зона адпачынку. Папулярнае месца турызму. Уваходзіць у нац. парк Браслаўскія азёры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАПАГЛЫБЛЕ́ННЕ,
павелічэнне глыбіні (да 30—40 см) ворнага пласта глебы і паляпшэнне яго аграфізічных уласцівасцей; агратэхн. прыём апрацоўкі глебы. Ажыццяўляецца паступовым далучэннем да ворнага пласта падворыўных слаёў звычайнымі або яруснымі плугамі і глыбокім падглебавым рыхленнем рыхліцелямі з безадвальнымі рабочымі органамі. У выніку паляпшаецца водна-паветраны, цеплавы і пажыўны рэжым глебы, памяншаецца або ліквідуецца ўплыў адмоўных фактараў на рост і развіццё раслін, павялічваецца рэпрадукцыйны працэс с.-г. культур, інтэнсіўнасць кругавароту пажыўных рэчываў. Глебапаглыбленне садзейнічае глебаахове і экалагічнай чысціні прадукцыі. Эфектыўнасць глебапаглыблення вызначаецца біял. ўласцівасцямі раслін (найб. адчувальныя коранеклубняплоды, кукуруза, шматгадовыя травы) і грануламетрычным саставам глеб. На Беларусі глебапаглыбленне праводзяць для дзярнова-падзолістых глеб, якія развіваюцца на марэнных, азёрна-ледавіковых, лёсападобных суглінках, або супясчаных глеб, што падсцілаюцца марэннымі суглінкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУА́Ш (франц. gouache ад італьян. guazzo вадзяная фарба),
фарба з тонка расцёртых пігментаў і водна-клеявых сувязных з дамешкай бяліл, а таксама жывапіс гэтымі фарбамі. Ужываецца для жывапісу па паперы, кардоне, фанеры, палатне, шоўку. Узнікла як разнавіднасць акварэлі, адрозніваецца ад яе гушчынёй, непразрыстасцю, матавасцю тонаў, часта спалучаецца з ёю. Была вядома ў Стараж. Егіпце. Шырока выкарыстоўвалася ў сярэднія вякі ў кніжнай мініяцюры, з часоў Адраджэння — для эскізаў, кардонаў фрэсак, партрэтных мініяцюр. Адзін з асн. матэрыялаў плаката, кніжнай графікі, дэкарацый, афарміцельскіх работ. У тэхніцы гуашы працавалі мастакі: А.Тычына, І.Ахрэмчык, Л.Лейтман, М.Тарасікаў, І.Немагай, М.Селяшчук, А.Л ось, У.Шапялевіч і інш.
У.І.Рынкевіч.
Да арт.Гуаш. А.Звераў. Аўтапартрэт. 1954.Да арт.Гуаш. У.Шапялевіч. Сіні вечар. 1995.