СЕКСАЛО́ГІЯ (секс + ...логія),

навука, якая вывучае палавыя функцыі чалавека ў фізіял., псіхал. і сац. аспектах. Засн. на інтэграцыі медыцыны з рознымі аспектамі немед. навук (псіхалогія, сацыялогія, педагогіка, філасофія і інш.). У С. значная ўвага аддаецца праяве сексуальнай патрэбы ў адпаведнасці з уплывам сац. асяроддзя, пытанням нормы і адхіленняў у палавых паводзінах (цесна змыкаецца з сексапаталогіяй).

Вылучылася і стала самаст. у 20 ст. Першымі пачалі сістэм. вывучэнне палавога жыцця (пераважна паталаг. форм) урачы. Сярод заснавальнікаў С. праф. псіхіятрыі Венскага ун-та Р.​Крафт-Эбінг, швейц. неўрапатолаг А.​Фарэль, З.Фрэйд, ням. дэрматолаг і венеролаг І.​Блох і інш. Апошнія даследаванні ў эмбрыялогіі, эндакрыналогіі, нейрафізіялогіі, эвалюц. біялогіі, гінекалогіі і інш. навуках дазволілі значна ўзбагаціць і пашырыць веды ў галіне дыферэнцыяцыі і ўзаемаадносін полаў.

Літ.:

Имелинский К Сексология и сексопатология: Пер. с пол. М., 1986;

Фрейд З. Очерки по психологии сексуальности: Пер. с нем. М., 1990;

Сексология: Энцио. справ... 3 изд. Мн., 1995.

т. 14, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТАПО́ГЛЯД,

сістэма абагульненых поглядаў на прыродны і сацыяльны свет, на месца ў ім чалавека і яго адносіны да асяроддзя, да самога сябе і інш. людзей, а таксама асн. жыццёвыя пазіцыі, каштоўнасныя арыентацыі, перакананні і ідэалы, абумоўленыя гэтымі поглядамі. Носьбітамі С. з’яўляюцца асобы і сац. супольнасці. Інфармацыйны бок С. складаюць веды пра свет і чалавека. Перакананні з’яўляюцца стрыжнем С. і сведчаць пра сталасць С. асобы ці сац. супольнасці. У структуру С. ўваходзяць таксама ідэалы, якія выяўляюць вызначальныя мэты, накіраваныя ў будучыню. Ад характару С. залежыць арыентацыя чалавека ў розных сферах жыццядзейнасці: сац.-паліт., прававой, маральнай, рэліг., філас., навукова-тэарэтычнай. Змест С. залежыць ад таго, якой сферы дзейнасці чалавек аддае перавагу. Паводле зместу і грамадскай значнасці адрозніваюць паслядоўна-навук. і ненавук., атэістычны і рэліг., прагрэсіўны і рэакцыйны С., якія па-рознаму ўздзейнічаюць на нормы паводзін, адносіны чалавека да працы, да інш. людзей, побыт, густы, інтарэсы. Сярод тыпаў С. вылучаюць данавуковы (звычайны), які фарміруецца з дзяцінства ў працэсе набыцця жыццёвага вопыту пад уздзеяннем непасрэдных умоў жыцця і функцыянуе ў форме стыхійных, тэарэтычна -не аформленых традыц. уяўленняў пра свет, і агульнакультурны, які ўключае міфалагічны, рэліг., філас., навукова-тэарэт. С., што дамінуюць на пэўных гіст. этапах. Міфалагічны С. характарызуецца антрапамарфізмам, ачалавечваннем навакольнага асяроддзя, адушаўленнем сіл прыроды і выяўляецца ў паданнях пра багоў і герояў, злых духаў і інш., а таксама ў міфічных абрадах (гл. Міфалогія). Рэлігійны С. звязаны з верай у звышнатуральны сусв. пачатак (гл. Рэлігія). С. новага і навейшага часоў характарызуецца спалучэннем рэліг., філас. і навукова-тэарэт. тыпаў. Філасофскі С. тэарэтычна абагульняе духоўны і практычны вопыт у форме агульных паняццяў — катэгорый і стварае катэгарыяльныя мадэлі свету. Тэарэт. аснова С. — філасофія. Яна абагульняе дасягненні навук аб прыродзе і грамадстве, садзейнічае пераадоленню фрагментарнасці ведаў і дасягненню цэласных уяўленняў аб свеце. Цэнтр. праблема С. — суадносіны свету і чалавека — разглядаюцца як пытанне суадносін матэрыі і свядомасці. Навукова-тэарэтычны С. узаемадзейнічае з філас. С., абагульняе прыродазнаўчыя, тэхн., сац.-эканам. і культ.-гіст. веды і стварае адзіную навук. карціну свету.

Літ.:

Елсуков А.Н. Познание и миф. Мн., 1984;

Философия и мировоззрение. М., 1988;

Социальная сила знания. Мн., 1991;

Спиркин А.Г. Философия. М., 1998;

Степин В.С. Теоретическое знание. М., 2000.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАВА́ЦКАЯ (Алена Пятроўна) (псеўд. Рада-Бай; 30.8.1831, г. Днепрапятроўск, Украіна — 8.5.1891),

пісьменніца, заснавальніца тэасофіі. Шмат вандравала па краінах Еўропы, Амерыкі, Азіі. У 1873 прыняла грамадзянства ЗША. У 1875 стварыла ў Нью-Йорку тэасофскае т-ва, праграма якога ўключала арганізацыю агульначалавечага брацтва без адрознення нацыянальнасці і рэлігіі, вывучэнне таямнічых невытлумачальных з’яў прыроды і развіццё звышадчувальнасці ў чалавеку. Выдавала газ. «The theosophist» («Тэасафіст», Індыя), час. «La revue théosophique» («Тэасафічны агляд») і «Lotus bleu» («Блакітны лотас»), абодва ў Парыжы, «Lucifer» («Люцыфер», Лондан). У цэнтры вучэння Блавацкай ляжыць ідэя пра існаванне эзатэрычных ведаў, якія складаюць адзіную патаемную сутнасць усіх язычніцкіх культаў, сусв. рэлігій і найб. глыбокіх філас. сістэм. Гэтыя веды, на яе думку, маюць універсальна-касм. характар, усебакова раскрываюць духоўную сутнасць і прызначэнне чалавека, тлумачаць логіку і змест існавання чалавечай цывілізацыі. Яны зашыфраваны ў міфалагічных сімвалах і сюжэтах, ант. містэрыях, акультных тэкстах. Блавацкая — аўтар манаграфій «Сакрэтная дактрына», (1888), «Ключ да тэасофіі» (1889) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Тайная доктрина: Синтез науки, религии и философии. Т. 1—2, [кн. 1—4]. Мн., 1993—94;

Теософский словарь. М., 1994.

т. 3, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАКЛА́СНАЕ ПАЧАТКО́ВАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА навучальная ўстанова ў Рас. імперыі. На Беларусі першыя аднакласныя пачатковыя вучылішчы існавалі пры манастырах каталіцкіх ордэнаў. Паводле Статута для прыходскіх вучылішчаў 1807 для дзяцей бедных рамеснікаў і сялян ствараліся аднакласныя пачатковыя вучылішчы з адным настаўнікам, якія мелі 6-месячны тэрмін навучання. Вучэбныя планы абмяжоўваліся практычнымі мэтамі. Паводле Статута 1828 дзейнасць аднакласных пачатковых вучылішчаў мела саслоўны характар. «Часовыя правілы для народных школ...» 1863 дазвалялі прыём у аднакласныя пачатковыя вучылішчы дзяцей усіх саслоўяў і веравызнанняў; выкладалі Закон Божы, рус. мову, першыя чатыры дзеянні арыфметыкі, спевы. У сярэдзіне 1870-х г. на Беларусі было 50 аднакласных пачатковых вучылішчаў (36 з іх мелі жан. змены), у пач. 1890-х г. — 70 з 2-гадовым тэрмінам навучання. Паводле «Палажэння аб царкоўных школах праваслаўнага веравызнання» (1902) існавалі аднакласныя пач. школы царк. ведамства з 3-гадовым тэрмінам навучання (гл. Царкоўнапрыходскія школы). З павелічэннем ролі земстваў (1911) аднакласныя пачатковыя вучылішчы царк. ведамства не вытрымалі канкурэнцыі з земскімі школамі, дзе даваліся больш глыбокія веды, і сталі пераходзіць на земскае ўтрыманне (Віцебская, Магілёўская, Мінская губерні).

С.​В.​Снапкоўская.

т. 1, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРФІ́РЫЙ (Porphyrios; каля 233—304),

грэчаскі філосаф, прадстаўнік неаплатанізму. Кіраваў філас. школай у Рыме. Вучань і аўтар жыццяпісу Плаціна, выдавец яго твораў, складальнік каментарыяў да многіх твораў Платона і Арыстоцеля. Аўтар прац у галіне рыторыкі, граматыкі, астраноміі, матэматыкі, логікі. Яго твор «Супраць хрысціян» — адзін з ранніх прыкладаў біблейскай крытыкі. Уласныя філас. погляды выклаў у кн. «Подступы да спасціжэння розумам», у трактаце «Устрыманне ад жывёльнай ежы». Іх аснову складаюць разважанні наконт ратавання і ачышчэння душы, вяртання да розуму (нусу) і прыпадабнення да бажаства праз «гносіс» — веды. Лічыў, што пазнанне Бога азначае самапазнанне. Раскрыццё чалавекам уласнай сутнасці, узыходжанне да ведаў аб сваёй асобе пачынаецца ад любові да самога сябе. Стваральнай, творчай функцыяй ён надзяляў душу, а не розум. Лічыў, што душа ў структуры чалавечага быцця займае месца паміж Богам і целам, яна характарызуецца свабодай і выбарам шляху, а таксама пэўнай няўстойлівасцю, таму што душа цягнецца да вышэйшага, але можа апускацца і да ніжэйшага. Філас. погляды П. паўплывалі на развіццё пазнейшага неаплатанізму, а працы сталі адной з крыніц ведаў аб філасофіі антычнасці.

В.​І.​Боўш.

т. 12, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВІ́НСКІ (Вікенцій Паўлавіч) (1786, Духаўшчынскі р-н Смаленскай вобл. Расія — 1855),

паэт і драматург, найб. верагодны аўтар бел. паэмы «Энеіда навыварат». Удзельнік войнаў з французамі 1805—07, 1812, паходу рус. арміі ў Зах. Еўропу. З 1816 у адстаўцы, палкоўнік. З 1826 на цывільнай службе ў Арэнбургскай губ., у Пензе, Кастраме. З 1833 на радзіме. Сістэматычнай адукацыі не атрымаў, але сам набыў разнастайныя веды: валодаў франц. і ням. мовамі, цікавіўся гісторыяй і л-рай. Поглядамі блізкі да дзекабрыстаў. «Энеіда навыварат» (захаваўся толькі пачатак) магла быць напісана ім у 1816—25 у вёсцы ці ў 1827—28, калі ён стажыраваўся ў Смаленскай удзельнай канторы. Аўтар вершаванай камедыі «Шлюб паняволі», сатыры на аракчэеўскія парадкі «Вялікі муж субардынацыі», вершаў, у якіх высмейваў самадурства паноў і апісваў камічныя эпізоды з жыцця памешчыкаў, нататкаў па гісторыі. Тэксты іх (распаўсюджваліся ў рукапісах) не выяўлены.

Літ.:

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971;

Яго ж. Разыскивается классик... Мн., 1989;

Яго ж. Слядамі «Энеіды»;

З даследчыцкага дзённіка // Полымя. 1996. №10.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 13, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНТАЯ́НА ((Santayana) Джордж) (16.12.1863, Мадрыд — 26.9.1952),

амерыканскі філосаф, пісьменнік, прадстаўнік крытычнага рэалізму ў філасофіі. Праф. Гарвардскага ун-та (1907—12). Філас. погляды С. спалучаюць рысы ідэалізму і матэрыялізму. Стваральнік канцэпцыі метафізічнай сістэмы быцця, якое разглядаў як сукупнасць 4 царстваў: матэрыі, сутнасці, ісціны і духа. У трактоўцы сутнасці рэчаў набліжаўся да платанізму. прызнаваў аб’ектыўнае існаванне матэрыяльнага свету, але даступнай пазнанню лічыў выключна сутнасць. На думку С., абсалютная верагоднасць уласціва толькі феноменам свядомасці і духоўных утварэнняў, таму што яны надаюць быццю якасную акрэсленасць. Паводле С., пазнанне не адлюстроўвае рэчаіснасці; веды аб знешнім свеце адрозніваюцца суб’ектыўным, сімвалічным характарам, а найвышэйшай формай светаразумення з’яўляецца міф. У этыцы падтрымліваў канцэпцыю эскапізму, паводле якой шляхам да шчасця з’яўляецца вызваленне духу ад плоці, свету і пазнання. У сац. тэорыі прытрымліваўся прынцыпу біялагізму: развіццё грамадства звязваў з імкненнем да самазахавання. Для паліт. поглядаў С. характэрны крытыка дэмакратыі і падтрымка ідэі панавання «эліты». Аўтар прац «Жыццё розуму» (т. 1—5, 1905—06), «Царствы быцця» (т. 1—4, 1927—40), рамана «Апошні пурытанін» (1935) і інш.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДА ТВО́РЧАСЦІ,

неад’емнае права чалавека і грамадзяніна на навуковую, тэхнічную, літаратурна-мастацкую і інш. віды творчасці, а таксама свабоду выкладання. Пачала замацоўвацца ў канстытуцыях розных краін адносна нядаўна. У Рэспубліцы Беларусь гарантуецца п. 2 арт. 51 Канстытуцыі. С.т. азначае магчымасць свабодна займацца рознымі відамі творчасці, выяўляць і рэалізоўваць свае здольнасці і веды, а таксама вольна прымаць рашэнні пра абнародаванне, укараненне і выкарыстанне вынікаў творчай дзейнасці. Канстытуцыйныя гарантыі рэалізацыі С.т. прадугледжваюць не толькі прадастаўленне свабоды займацца пэўным відам творчасці (магчымасць праводзіць навук. даследаванні, рабіць адкрыцці і вынаходствы, ствараць духоўныя каштоўнасці), але і абавязваюць дзяржаву забяспечваць яе рэалізацыю: устанаўленне прававых асноў ажыццяўлення творчай дзейнасці, стварэнне ўмоў для назапашвання ведаў і іх пашырэння, ахова інтэлектуальнай і маст. уласнасці, матэрыяльная падтрымка творчых грамадскіх аб’яднанняў, суд. абарона права на С.т. С.т. мае ўсеагульны характар: яна належыць не толькі асобам творчых прафесій, але і ўсім грамадзянам. Паводле гэтага права грамадзяне могуць патрабаваць ад дзяржавы і грамадскіх арг-цый устаранення любых перашкод, якія замінаюць іх творчай працы. Важнай гарантыяй С.т. з’яўляецца абарона дзяржавай правоў аўтараў, вынаходнікаў і рацыяналізатараў (гл. Аўтарскае права, Вынаходніцкае права).

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ КАМІТЭ́ТЫ ДАПАМО́ГІ АХВЯ́РАМ РАДЫЯ́ЦЫІ за мяжой,

дабрачынныя арганізацыі, якія дапамагаюць жыхарам Беларусі ў пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы 1986. Утвораны прадстаўнікамі бел. дыяспары ў некаторых краінах свету. Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі ў Лондане. Засн. ў 1989 як частка Бел. місіянерскага фонду ў Англіі. У складзе камітэта А.​Надсон (старшыня), П.​Асіповіч, Д.​Дзінглі, В.​Рыч. Мае прадстаўніцтвы ў ЗША (узначальвае Я.​Сіру), Канадзе (Р.​Жук-Грышкевіч), Аўстраліі (М.​Лужынскі), Францыі (М.​Навумовіч). Аказвае дапамогу жыхарам радыяц. зонаў лекамі, мед. абсталяваннем, прыладамі дазіметрыі. Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля. Засн. ў 1989 у г. Атава. Узначальвае І.​Сурвіла. Мае аддзел у г. Ванкувер (з 1994). Аказвае дапамогу медыкаментамі, прымае на лячэнне і адпачынак дзяцей з Беларусі. У г. Лондан (прав. Антарыо) па ініцыятыве Б.​Рагулі разам з ф-там стаматалогіі Лонданскага ун-та распрацаваны праект па аказанні дапамогі ў стаматалагічным лячэнні дзяцей на Беларусі. Фонд вядзе прапагандысцкую работу, пашырае веды пра Беларусь. Камітэт дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Аўстраліі. Дзейнічае з 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цыі. Збірае грошы, арганізоўвае дастаўку медыкаментаў на Беларусь і лячэнне дзяцей у Аўстраліі.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДЭР (ад англ. leader вядучы, кіраўнік),

аўтарытэтны член арг-цыі або групы, асабістыя якасці якога істотна ўплываюць на жыццядзейнасць і маральна-псіхал. клімат у калектыве. Л. валодае найб. ярка выяўленымі і карыснымі якасцямі для групы, дзякуючы чаму яе дзейнасць становіцца больш эфектыўнай, за ім прызнаецца права прымаць найб. значныя рашэнні. Аўтарытэт Л. заснаваны на псіхал. феномене адлюстраванай суб’ектыўнасці, на здольнасці згуртоўваць і аб’ядноўваць інш. людзей. Ён рэгулюе ўзаемаадносіны ў групе, адстойвае яе інтарэсы, уплывае на фарміраванне ўнутрыгрупавых каштоўнасцей. Да сац. фактараў, што дэтэрмінуюць сутнасць Л., адносяцца: асобасныя якасці Л.; характэрныя рысы сац. груп і індывідаў, Л. якіх з’яўляецца дадзены суб’ект; характар узаемаадносін паміж Л. і яго паслядоўнікамі; сац.-эканам. і паліт. ўмовы, у якіх Л. ажыццяўляе сваю дзейнасць. Псіхал. якасці Л. можна падзяліць на змястоўныя (матывы, мэты, каштоўнасці, перакананні, веды і ўяўленні) і працэсуальныя (тэмперамент, здольнасць, сіла волі, асаблівасці эмацыянальнай сферы). Адрозніваюць Л. фармальных (іх дзейнасць звязана з пэўнымі бюракратычнымі працэдурамі, прадугледжвае канкрэтныя функцыян. адносіны і абавязкі) і нефармальных (фарміруюцца на аснове асобасных узаемаадносін, істотна ўплываюць на членаў групы сваімі асобаснымі якасцямі і паводзінамі). Ад мэты, матываў і дзеянняў Л. ў многім залежыць далейшае развіццё грамадства. Гл. таксама Лідэрства.

І.​В.​Катляроў.

т. 9, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)