ПРО́КАП ВЯЛІ́КІ, Прокап Голы (Prokop Veliký, Prokop Holý; каля 1389—30.5.1434),

чэшскі палкаводзец у гусіцкіх войнах. Да 1425 прапаведнік табарытаў, з 1426 іх гал. паліт. і ваен. кіраўнік. Узначальваў аб’яднанае гусіцкае войска, якое разбіла ням. курфюрстаў каля Усці-над-Лабай (1426), крыжакоў каля Тахава (1427) і Домажліцы (1431). Ініцыіраваў паходы гусітаў у Славакію, Майсен, Брандэнбург, Саксонію, Баварыю, Аўстрыю, Венгрыю і інш. У 1433 узначальваў чэш. пасольства на Базельскім саборы. Загінуў у бітве пад Ліпанамі.

т. 13, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СІЙ (Лонгін Гай) (Gaius Cassius Longinus; ?—42 да н.э.),

старажытнарымскі ваен. і паліт. дзеяч. З плебейскага роду Касіяў. Нар. трыбун (49), прэтар (44). Удзельнік парфянскага паходу Ліцынія Краса (53). У пач. грамадз. вайны 49—45 прыхільнік Гнея Пампея, пасля бітвы пры Фарсале (48) спыніў супраціўленне, памілаваны Цэзарам. У 44 да н.э. адзін з арганізатараў забойства Цэзара. Пасля ўтварэння 2-га трыумвірату (43) аб’яднаўся з М.Брутам супраць трыумвіраў. Пасля паражэння ў бітве пры Філіпах (42) скончыў самагубствам.

т. 8, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАЙВ ((Clive) Роберт) (29.9.1725, маёнтак Стайч, каля г. Сток-он-Трэнт, Вялікабрытанія — 22.11.1774),

дзеяч англ. каланіяльнай адміністрацыі ў Індыі. Генерал. На чале войск англ. Ост-Індскай кампаніі ў бітве каля Плесі (1757) разбіў войскі наваба Бенгаліі і заваяваў яе. У 1757—60 і 1765—67 англ. губернатар Бенгаліі. Увёў т.зв. дваістае кіраванне (грамадз. справы ў распараджэнні мясц. улад, збор падаткаў у Ост-Індскай кампаніі). Разрабаваў казну наваба. Пасля вяртання ў Англію абвінавачаны ў хабарніцтве. Скончыў самагубствам.

т. 8, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНА́Я,

вёска ў Лапаціцкім с/с Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл., каля шашы Магілёў—Слаўгарад. Цэнтр калгаса. За 14 км на Пн ад Слаўгарада, 60 км ад Магілёва, 36 км ад чыг. ст. Чавусы. 381 ж., 147 двароў (1999). Пачатковая школа, клуб, б-ка, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў, расійскіх воінаў. Помнік у гонар перамогі рускіх воінаў у бітве пад Лясной 1708. Помнік архітэктуры — мемар. капліца (пач. 20 ст.), у якой створаны музей гісторыі бітвы.

т. 9, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕ́НТ (Флавій) (Flavius Valens; каля 328, Цыбалы, рым. правінцыя Панонія, цяпер г. Вінкаўцы, Харватыя — 9.8.378),

рымскі імператар з 364. Быў абвешчаны ў Канстанцінопалі Аўгустам і суправіцелем свайго брата Валентыніяна I; правіў ва ўсх. ч. Рымскай імперыі. У 367—369 перамог готаў на Ніжнім Дунаі, у 370—378 знаходзіўся ва ўсх. правінцыі, вёў войны з перс. царом Шапурам II. У 376 дазволіў вестготам, якіх выцеснілі гуны, пасяліцца ў рым. прав. Мёзія. У Адрыянопальскай бітве 378 войскі Валента пацярпелі паражэнне ад вестготаў, сам Валент загінуў.

т. 3, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́К-ВАЛЫ́НСКІ (Дзмітрый Міхайлавіч) (да 1356 — каля 1389),

князь, адзін з бліжэйшых баяр вял. кн. Дзмітрыя Іванавіча Данскога, быў жанаты з яго сястрой Ганнай. Сын літоўскага кн. Карыята Міхала Гедзімінавіча. Выехаў з Валыні ў Маскву (верагодна, паміж 1366—68). Удзельнічаў у паходах на Разань (1371), супраць волжскіх булгар (1376) і ВКЛ (1379). У Кулікоўскай бітве 1380 разам з кн. Уладзімірам Андрэевічам Храбрым камандаваў засадным палком, які дзякуючы вытрымцы і ваен. майстэрству Баброва-Валынскага своечасовым ударам змяніў ход бітвы на карысць рус. войска.

т. 2, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НДЗІШГРЭЦ ((Windischgrätz) Альфрэд) (11.5.1787, Брусель — 21.3.1862),

аўстрыйскі военачальнік. Фельдмаршал (1833). Князь. На вайск. службе з 1805. Вызначыўся ў Лейпцыгскай бітве 1813. Галоўнакаманд. габсбургскімі войскамі ў Чэхіі (з 1840). Кіраваў задушэннем Пражскага паўстання 1848, рэв. выступленняў у Вене (кастр. 1848) і Венгрыі (канец 1848 — пач. 1849). 12.4.1849 адкліканы з арміі. Губернатар федэральнай крэпасці Майнц (з 1859). Чл. верхняй палаты аўстр. парламента, кіраўнік кансерватыўнай арыстакратыі (з 1861). Аўтар твора «Зімовая кампанія 1848—1849 гг. у Венгрыі» (1851) пра вайну супраць венг. паўстанцаў.

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАСІМЕ́НКА (Васіль Піліпавіч) (24.4.1900, в. Вял. Бурамка Чаркаскай вобл., Украіна — 13.2.1961),

удзельнік абарончых баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-лейт. (1940). У Чырв. Арміі з 1918. Скончыў Мінскую аб’яднаную ваен. школу (1927), ваен. акадэмію імя Фрунзе (1931). У пач. Вял. Айч. вайны на Зах. фронце, 21-я і 13-я арміі пад яго камандаваннем удзельнічалі ў Магілёва абароне 1941, войскі 28-й арміі — у Сталінградскай бітве, вызвалялі Данбас. Да 1953 у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1937—46.

т. 5, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМА́Й (? — 1380),

татарскі военачальнік і дзярж. дзеяч. Цемнік пры хане Бердыбеку [1357—61], яго зяць. Пасля смерці Бердыбека (1361) М. — фактычны правіцель Залатой Арды. Непрыхільна ставіўся да аб’яднання рус. зямель, арганізатар спусташальных паходаў супраць Разанскага (1373, 1378) і Ніжагародскага (1378) княстваў. Спроба ўварвацца ў межы Маскоўскага вялікага княства скончылася яго паражэннем на р. Вожа (1378). У Кулікоўскай бітве 1380 войскі М. поўнасцю разбіты. У гэтым жа годзе пацярпеў паражэнне ад войск Тахтамыша, уцёк у Кафу (цяпер г. Феадосія, Украіна), дзе быў забіты.

т. 10, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБАПАЛАСА́Р, Набу-аплаў-цур,

заснавальнік Новававілонскага царства і дынастыі халдзейскіх цароў; правіў у 626—605 да н.э. Напачатку асірыйскі палкаводзец, потым намеснік Вавілоніі. У 626 да н.э. ўзначаліў паўстанне вавіланян супраць Асірыі (пад яе ўладай Вавілонія была з 729 да н.э.). Захапіў Вавілон (626), Урук (620), Ніпур (615). З 614 у саюзе з мідыйскім царом Кіяксарам вёў вайну супраць Асірыі, якая завяршылася падзеннем Ніневіі (612), разгромам асірыйскіх войск і іх егіп. саюзнікаў у бітве каля Кархемыша (605). Атрымаў у валоданне паўд. ч. Асірыі.

т. 11, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)