ДВАРО́ВЫЯ ЛЮ́ДЗІ,

1) у Стараж. Русі пры дварах баяр, вял. і ўдзельных князёў ваен. слугі і выканаўчая адміністрацыя (цівуны, ключнікі, дзесяцкія, акольнічыя і інш.).

2) У Расіі з канца 17 ст. да 1861 катэгорыя прыгоннага насельніцтва без зямлі, становішча якога было блізкім да рабства. Жылі ў панскіх дварах, займаліся абслугоўваннем іх сем’яў, выкарыстоўваліся на с.-г. работах, вотчынных прадпрыемствах. Шырока практыкаваліся гандаль Д.л., абмен, дарэнні, заклад. У 1857 Д.л. ў Расіі складалі 6,8% ад колькасці прыгонных, у Беларусі — 3,4%. У час падрыхтоўкі адмены прыгоннага права колькасць Д.л. у Беларусі пабольшала за кошт пераводу цяглых сялян у дваровыя. Паводле рэформы 1861 Д.л. атрымалі асабістую свабоду без зямельнага надзелу.

т. 6, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЦЫЛЯТО́РЫЯ (Oscillatoria),

род ніткаватых сіне-зялёных водарасцяў сям. асцыляторыевых. Больш за 100 відаў. Касмапаліты. Жывуць у прэсных і салёных вадаёмах, морах, гарачых крыніцах, у сырой глебе. На Беларусі 35 відаў і 8 разнавіднасцяў. Найб. пашыраны ў планктоне сажалак і азёраў асцыляторыя азёрная (Oscillatoria limnetica), азярковая (Oscillatoria lacustris), глеістая (Oscillatoria limosa), тонкая (Oscillatoria tenuis), планктонная (Oscillatoria planctonica), Агарда (Oscillatoria aghardii), чырванаватая (Oscillatoria rubescens).

Трыхомы прамыя або сагнутыя, блакітна- ці жоўта-зялёнага, чырванаватага або фіялетавага колеру, без гетэрацыстаў, адзіночныя або ў дзернавінках, пераважна без слізістага чахла. Размнажаюцца дзяленнем клетак, гармагоніямі і планакокамі. Большасць відаў рухомыя. Могуць выклікаць «цвіценне» вады.

Асцыляторыя азёрная (асобныя ніткі).

т. 2, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАДО́К (Scleranthus),

род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Аўстраліі. На Беларусі трапляюцца галадок аднагадовы (Scleranthus annuus), шматгадовы (Scleranthus perennis) і шматплодны (Scleranthus policarpos). Растуць у сухіх хваёвых барах, на ўзлесках, сухіх лугах, пустках, папарах, каля дарог і як пустазелле на палях.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны са шматлікімі, прамастойнымі, прыўзнятымі ці распасцёртымі разгалінаванымі сцёбламі выш. (даўж.) да 20 см. Лісце супраціўнае, вузкалінейнае, амаль шылападобнае, накшталт шчацінак, без прылісткаў. Кветкі дробныя, непрыкметныя, без пялёсткаў, у густых паўпарасоніках. Чашачка з 5 вострых або тупых, па краі белаватых зубчыкаў. Плод — аднанасенная каробачка. Лек. і кармавыя расліны.

Галадок шматгадовы.

т. 4, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАРЫ́ЗА (ад грэч. mykēs грыб + rhiza корань),

сімбіятычнае спалучэнне сысучых каранёў вышэйшай расліны і міцэлію грыба. Вядома ў большасці наземных раслін, пераважна шматгадовых. Адрозніваюць М. эктатрофную (вонкавую), пры якой міцэлій аплятае корань і пранікае ў міжклетнікі вонкавых слаёў яго першаснай кары (каранёвыя валаскі адміраюць, карані відазмяняюцца); эндатрофную (унутраную), калі міцэлій развіваецца пераважна ў міжклетніках і клетках коравай парэнхімы кораня (корань знешне не мяняецца); эктаэндатрофную (пераходную). Эктатрофная і эктаэндатрофная (больш пашырана ў лясах) М. найб. характэрны для дрэў і шапкавых базідыяльных грыбоў (баравік, падасінавік, рыжык, мухаморы і інш.), многія з якіх без М. не ўтвараюць пладовых цел; эндатрофная — для травяністых раслін і мікраскапічных грыбоў (найб. тыповая ў недасканалых грыбоў і раслін сям. ятрышнікавых, насенне якіх не развіваецца без сімбіёзу з грыбам). Пры М. грыб атрымлівае ад расліны вугляводы, амінакіслоты і біялагічна актыўныя рэчывы, павялічвае паглынальную паверхню і функцыян. актыўнасць каранёвай сістэмы, ахоўвае яе ад пашкоджанняў і патагенаў; расліна лепш засвойвае калій, арган. азоцістыя злучэнні і фасфаты, атрымлівае ад грыба вітамінападобныя рэчывы і актыватары росту.

Мікарыза: 1 — эктатрофная (пры павелічэнні); 2 — эндатрофная (папярочны разрэз кораня клёна); 3, 4 — участак кораня хвоі з эктатрофнай мікарызай і без яе.

т. 10, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛО́ПЦАВА Алена Іванаўна (н. 21.5.1960, Мінск),

бел. спартсменка (веславанне акадэмічнае). Засл. майстар спорту СССР па акад. веславанні (1980), майстар спорту СССР па плаванні (1973). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1985). Чэмпіёнка свету сярод юніёраў (1978, Бялград) на двойцы парнай на дыстанцыі 1000 м. Чэмпіёнка XXII Алімп. гульняў (1980, Масква) на двойцы парнай (1000 м), бронз. прызёр XXV Алімп. гульняў (1992, г. Барселона, Іспанія), на чацвёрцы парнай без рулявой (2000 м). Чэмпіёнка свету (1981, г. Мюнхен, Германія; 1982, г. Люцэрн, Швейцарыя; 1983, г. Дуйсбург, Германія) на чацвёрцы парнай з рулявой (1000 м). Сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (1985, Бельгія; 1990, Аўстралія; 1991, Вена) на чацвёрцы парнай без рулявой (2000 м). Бронз. прызёр чэмпіянату свету (1978, г. Окленд, Новая Зеландыя) на чацвёрцы парнай з рулявой (1000 м). Чэмпіёнка Спартакіяд народаў СССР [1979; 1983, Масква — на чацвёрцы парнай з рулявой (1000 м); 1991, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — на двойцы парнай (2000 м) і на чацвёрцы парнай без рулявой (2000 м)], бронз. прызёр (1983, Масква) на двойцы парнай (1000 м). 15-разовая чэмпіёнка СССР (1977—85, 1989—91) на двойцы парнай і на чацвёрцы парнай.

т. 17, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБІЁН (кельцкае Albion),

старажытная назва Брытанскіх астравоў (без Ірландыі). Упершыню ўпамінаецца ў творах стараж.-грэч. пісьменнікаў 6 ст. да н.э. Ужываецца і цяпер як сінонім назвы Англіі.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАНІ́М (ад грэч. anōnymos безыменны),

1) аўтар пісьма, запіскі або літ. твора, які ўтойвае сваё імя.

2) Літаратурны твор без подпісу, невядома кім напісаны, гл. Ананімны твор.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПА... (ад грэч. apo з, ад, без),

першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае адмаўленне, страту, адсутнасць чаго-н., паходжанне з чаго-н., выдаленне, напр., апагамія, апаміксіс.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЛЕТА́НЦТВА, дылетантызм (італьян. dilettante ад лац. delecto цешу, забаўляю),

занятак, захапленне якой-н. навукай, мастацтвам ці інш. справай без дастатковай спец. падрыхтоўкі, пры павярхоўным знаёмстве з прадметам; аматарства.

т. 6, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫТЫ́ЧНЫ ТОК у звышправадніках,

максімальнае значэнне пастаяннага незатухальнага эл. току, які можа працякаць праз звышправаднік без супраціўлення. Пры перавышэнні К.т. звышправаднік пераходзіць у нармальны (незвышправодны) стан. Гл. Звышправоднасць.

т. 8, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)