палімеры, макрамалекулы якіх маюць іанагенныя групы. Адрозніваюць полікіслоты, поліасновы і поліамфаліты (маюць кіслотныя і асноўныя групы адначасова). Поліамфалітамі з’яўляюцца бялкі і нуклеінавыя кіслоты. Бываюць лінейныя і прасторава сшытыя (гл.Іонаабменныя смолы).
У растворы макрамалекула П. — полііон, акружаны эквівалентнай колькасцю процііонаў, памеры якіх значна (на некалькі парадкаў) меншыя за памеры полііона. Моцныя П. (напр., полівінілсульфакіслата) у водных растворах цалкам іанізаваныя, зарад слабых П. (напр., поліакрылавай к-ты) залежыць ад pH раствору. Сумарны зарад поліамфалітаў пры змяненні pH раствору можа мяняць знак (значэнне pH, пры якім зарад роўны нулю, наз. ізаэлектрычным пунктам). Наяўнасцю электрастатычных узаемадзеянняў (адштурхоўвання аднайменна зараджаных груп у макрамалекуле і прыцяжэння нізкамалекулярных процііонаў да полііона) абумоўлена адрозненне ўласцівасцей раствораў П. ад уласцівасцей раствораў неіанагенных палімераў і нізкамалекулярных электралітаў. Выкарыстоўваюць П. ў якасці іанітаў, як флакулянты пры абагачэнні мінер. сыравіны, стабілізатары калоідных сістэм у харч. і парфумернай прам-сці, дабаўкі да паверхневаактыўных рэчываў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЗУ́К (Пётр Апанасавіч) (14.7.1891, в. Цярноўка, Малдова — 7.10.1943),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1924), праф. (1925). Скончыў Адэскі ун-т (1916). У 1926—30 заг. дыялекталагічнай камісіі Інбелкульта (з 1929 АН Беларусі), у 1931—33 дырэктар Ін-та мовазнаўства АН Беларусі і заг. кафедры ў Бел. вышэйшым пед. ін-це. У 1934 арыштаваны, высланы ў Волагду. Даследаваў праблемы праслав. мовы і ўтварэння асобных моўных груп эпохі праслав. адзінства («Погляды акадэміка Шахматава на дагістарычныя лёсы славянства», 1918—21; «Становішча беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў», 1927, і інш.), пытанні агульнага і параўнальна-гіст. мовазнаўства («Асноўныя пытанні мовазнаўства», 1926). Вывучаў мову помнікаў стараж.-сербскага пісьменства, узаемасувязі паміж укр. і бел. мовамі («Узаемаадносіны паміж украінскай і беларускай мовамі», 1926), дыялекты бел. мовы, станаўленне яе літ. нормаў. Аўтар першага дыялекталагічнага атласа бел. мовы «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» (1928).
рускі і бел. літаратуразнавец. Д-рфілал.н. (1944), праф. (1927). Скончыў Варшаўскі ун-т (1913). Працаваў у Растоўскім ун-це (1915—21), БДУ (1921—30), ВНУ Масквы і Казані. Даследаваў гісторыю рус. і ўкр. літаратур, дакастр. л-ру Беларусі (станаўленне маст. прозы Я.Коласа, стылістыку эпічнай паэзіі Я.Купалы), бел. тэатр 1920-х г., метадалагічныя пытанні літ.-знаўства. Вылучыў рэаліст. і рамант. тэндэнцыі ў дакастр. бел. л-ры, даў параўнальна-тыпалагічную характарыстыку творчасці Я.Купалы ў кантэксце еўрап. літаратур.
Тв.:
Метод изучения литературы // Тр. БГУ. 1922. № 1;
Классификация методов историко-литературной науки // Там жа. 1925. № 6—7;
Асноўныя прынцыпы пабудовы беларускай навукі аб літаратуры. Мн., 1927;
Паэмы Янкі Купалы // Узвышша. 1927. № 1;
Другі Беларускі дзяржаўны тэатр // Там жа 1929. № 6;
Ля вытокаў мастацкай прозы Я.Коласа // Полымя. 1928. № 8;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́СА, Раса,
рака на Пд Беларусі, у Старадарожскім і Любанскім раёнах Мінскай вобласці і Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці, правы прыток Пцічы (басейн Прыпяці). Даўжыня 128 км. Плошча вадазбору 3,6 тысяч км². Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне, Прыпяцкім Палессі. Асноўныя прытокі: Таліца (справа), Солан, Нешчанка, магістральныя асушальныя каналы Слаўкавіцка-Ямінскі і Чавускі (злева).
Даліна на вялікім працягу невыразная, месцамі шырынёй 0,3—1 км. Пойма пераважна двухбаковая, ніжэй вёскі Падарэссе ў Старадарожскім раёне яе шырыня 0,1—1 км. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае, шырыня ў вярхоўі 5—10 м, у ніжнім цячэнні 30—35 м. Берагі на натуральных участках нізкія. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 54%, летне-асенняй межані — 30% гадавога сцёку. Летне-асеннія паводкі кожны год, зімовыя радзей. Замярзае ў 2-й палове снежня, крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 16,7 м³/с. Пасля пабудовы Арэскай меліярацыйнай сістэмы і Любанскага вадасховішча сцёк Арэсы значна зарэгуляваны. Крыніца водазабеспячэння сажалак рыбакамбіната «Любань». На рацэ горад Любань.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБА́ШТА (Любоў Васілеўна) (3.2.1918, г. Прылукі, Украіна — 21.7.1990),
украінская паэтэса. Скончыла Адэскі водны ін-т (1941). Друкавалася з 1935. Любоў да Радзімы, каханне, мацярынскае шчасце, героіка ваен. і мірных гадоў — асноўныя тэмы яе паэт. творчасці (зб-кі вершаў «Новыя берагі», 1950; «Дарогі дружбы», 1953; «Песня і хлеб», 1961; «Незабудкі», 1966; «Бераг надзеі», 1974; «Кіеўская гара», 1982, і інш.). Аўтар п’ес «Вяселле ў Цярнах» і «Ружы на камені» (абедзве 1963), драм. і ліра-эпічных паэм «Цярновы лёс» (1961), «Маруся Чурай» (1968), «Раксалана» (1971), «Леся Украінка» (1973), раманаў «Там, за ракою — маладосць» (1970), «Софія Кіеўская» (1982), аповесцей «Крылы Арсена Дораша» (1968), «Спаленне мадонны» (1989), кніг вершаў для дзяцей «Калі я вырасту» (1975), «Сеяльшчыкі» (1984). Пераклала на ўкр. мову кн. В.Віткі «Птушыная школа», паасобныя творы Э.Агняцвет. На бел. мову творы З. пераклалі Агняцвет, М.Аўрамчык, А.Бялевіч, В.Вярба, Х.Жычка, К.Камейша і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕМЦЮГО́ВА (Валянціна Пятроўна) (н. 19.12.1935, в. Новая Алакюль Ленінградскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1988), праф. (1993). Скончыла БДУ (1958). З 1961 у Ін-це мовазнаўства Нац.АН Беларусі (з 1987 заг. аддзела). Асноўныянавук. даследаванні ў галіне анамастыкі (у прыватнасці тапанімікі), лексікалогіі і лексікаграфіі. Пытанні станаўлення і функцыянавання ўсх.слав. айканіміі ў працах «Беларуская айканімія» (1970), «Усходнеславянская айканімія апелятыўнага паходжання» і «Фарміраванне ўсходнеславянскай айканіміі ў сувязі з развіццём тыпаў паселішчаў» (абедзве 1983). Складальнік «Украінска-беларускага слоўніка» (1980); «Слоўніка цяжкасцей беларускай мовы» (1987), слоўніка-даведніка «Кіраванне ў беларускай і рускай мовах» (1991), «Кароткага слоўніка беларускай мовы» (1994, усе з Г.У.Арашонкавай) і інш. Адзін з аўтараў «Беларускай граматыкі» (ч. 1, 1985), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1, 1993), «Руска-беларускага слоўніка сельскагаспадарчай тэрміналогіі», манаграфій «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы» і «Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы» (усе 1994). Чл. анамастычнай камісіі пры Міжнар. к-це славістаў, старшыня Рэсп. тапанімічнай камісіі пры Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКІЯ МО́ВЫ,
група моў мангольскіх народаў (гл.Манголы). М.м. — вынік развіцця дыялектаў некалі адзінай (да 16—17 ст.) манг. мовы. Яны падзяляюцца на: асноўныя — уласна мангольская мова, бурацкая мова, калмыцкая мова, і маргінальныя — мангольская (у Афганістане), дагурская (у паўн.-ўсх. Кітаі), мангорская, дунсянская, баааньская і шыраюгурская (у кіт. правінцыях Ганьсу і Цынхай). Для асн. М.м. ў 13 — пач. 20 ст. (калмыцкая мова да сярэдзіны 17 ст.) ужывалася адзіная старапісьмовая манг. мова, якой працягваюць карыстацца ва Унутр. Манголіі (Кітай). Маргінальныя мовы трапілі пад уплыў іранскіх гаворак, тыбецкай і кіт. моў. У фанетыцы — доўгія і кароткія галосныя, дыфтонгі, сінгарманізм (у маргінальных М.м. непаслядоўны); у марфалогіі — слабая дыферэнцыяцыя часцін мовы, адсутнасць грамат. катэгорыі роду, шырокае ўжыванне паслялогаў; у сінтаксісе — сталы парадак слоў. З пач. 13 ст. вядома мангольскае пісьмо. У 1920—40-х г.асн. М.м. перайшлі на новыя алфавіты на аснове рус. графікі.
Літ.:
Тодаева Б.Х. Монгольские языки и диалекты Китая. М., 1960;
Бертагаев Т.А. Лексика современных монгольских литературных языков. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕ́РНАСЦЬфізічнай велічыні,
выраз, які паказвае сувязь вытворнай фізічнай велічыні (адзінкі фіз. велічыні) з велічынямі (адзінкамі), прынятымі за асноўныя ў сістэме велічынь або ў сістэме адзінак.
Абазначаецца сімвалам dim (ад англ. dimension размернасць) і запісваецца ў выглядзе здабытку сімвалаў, якія адпавядаюць асн. велічыням, узведзеным у пэўную ступень (паказчык Р.). У агульным выглядзе Р. некаторай велічыні X запісваецца ў выглядзе dimX = LαMβTγ∙IδQμNυJη, дзе L, M, T, I, Q, N, J — сімвалы даўжыні, масы, часу, сілы току, тэрмадынамічнай т-ры, колькасці рэчыва і сілы святла адпаведна, α, β, γ, δ, μ, υ, η — паказчыкі Р. гэтых велічынь. Напр., Р. сілы F = ma, дзе m — маса цела, a — паскарэнне, вызначыцца формулай dimF = dimm∙dima = (M)(LT−2) = = LMT−2, дзе паказчыкі Р. даўжыні L, масы M і часу T, роўныя 1,1 і -2 адпаведна. Велічыні, якія маюць усе паказчыкі Р., роўныя 0, наз.безразмернымі велічынямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗРА́ДНІКэлектрычны,
прыстасаванне (апарат, прылада) у выглядзе 2 ці некалькіх электродаў, раздзеленых дыэлектрычным прамежкам (паветрам, газам, цвёрдым целам). Пры павышэнні напружання да пэўнага (прабойнага) значэння прамежак паміж электродамі прабіваецца эл. разрадамі, што прадухіляе ў эл. абсталяванні прабой ізаляцыі паміж праваднікамі.
Вентыльны Р. мае шэраг іскравых прамежкаў, паслядоўна з якімі ўключаны нелінейныя рэзістары; прызначаны для аховы ізаляцыі электраабсталявання ад атм. і камутацыйных перанапружанняў. У трубчастым Р. іскравы прамежак размешчаны ў канале трубкі, зробленай з ізаляцыйнага газагенерыруючага матэрыялу (газ, вылучаны пры разрадзе, гасіць дугу). Трубчасты Р.: выкарыстоўваецца ў асн. для аховы паветраных ЛЭП ад перанапружанняў. Існуюць таксама Р.: газавы (для аховы апаратуры правадной сувязі), імпульсны (у імпульсных прыладах), кіравальны (у імпульсных мадулятарах), рэзанансны (у антэнных камутатарах радыёлакацыйных станцый) і інш.
Разраднікі: а — вентыльны (1 — разрадныя іскравыя прамежкі; 2 — ізалюючыя дыскі); б — фібрабакелітавы трубчасты (1 — пробка са стальным каўпаком; 2 — электрод, 3, 4 — фібравая і гетынаксавая трубкі); в — кіравальны іскравы (1 — кіроўны электрод; 2 — асноўныя электроды).