АТЛУСЦЕ́ННЕ,
лішняе адкладанне тлушчу ў падскурнай клятчатцы і інш. тканках арганізма. Галоўны фактар атлусцення — парушэнне механізмаў рэгуляцыі тлушчавага абмену. Адрозніваюць атлусценне як самастойную хваробу і як сімптом пры хваробах нерв. і эндакрыннай сістэм. Развіццю спрыяюць празмернае харчаванне, абмежаванасць фіз. нагрузкі, спадчынная схільнасць і інш. Існуюць 4 ступені атлусцення ў залежнасці ад масы хворага: 1-я — маса перавышае нармальную масу на 30%; 2-я — на 30—50%; 3-я — на 50—100%; 4-я — болей за 100%. Пры 1-й і 2-й ступенях працаздольнасць і жыццёвая актыўнасць хворых не парушаны. Потым узнікаюць хваробы: лёгачная і сардэчная недастатковасць, атэрасклероз, дыябет і інш. Лечаць атлусценне дыетай, лячэбнай фізкультурай, воднымі працэдурамі, лякарствамі.
т. 2, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯРЭЛАКСА́НТЫ (ад мія... + лац. relaxatio аслабленне),
група лекавых сродкаў, якія паніжаюць тонус шкілетнай мускулатуры і памяншаюць рухальную актыўнасць. У якасці М. выкарыстоўваюць прэпараты расл. і сінт. паходжання, што блакіруюць перадачу нерв. імпульсаў у нерв.-мышачных сінапсах. Паводле механізму ўздзеяння М. падзяляюць на антыдэпалярызуючыя (канкурэнтныя) і дэпалярызуючыя. Антыдэпалярызуючыя (дыплацын, панкуроній, піпекуроній і інш.) блакіруюць перадачу ўзбуджэння з нерва на шкілетную мышцу за кошт змяншэння адчувальнасці рэцэптара да дзеяння медыятара ацэтылхаліну. Дэпалярызуючыя М. (напр., суксаметоній) выклікаюць стойкую дэпалярызацыю клетачнай мембраны, што таксама парушае правядзенне ўзбуджэння з нерва на мышцу. М. выкарыстоўваюць для расслаблення мышцаў пры хірург. аперацыях, для ўпраўлення вывіхаў, як процісутаргавы сродак пры слупняку, атручэннях і інш.
М.К.Кеўра.
т. 10, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДНЫ́РАЧНАЯ ЗАЛО́ЗА,
парны эндакрынны орган вышэйшых пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны над ныркамі. Складаецца з вонкавага коркавага (кара) і ўнутр. мазгавога рэчываў, укрыта капсулай. У кары Н.з. вылучаюць 3 зоны: клубочкавую, пучковую і сеткавую, якія адрозніваюцца будовай і функцыяй. Клеткі кары Н.з. сакратуюць гармоны кортыкастэроіды (гідракартызон, альдастэрон, кортыкастэрон і інш.), якія маюць высокую біял. актыўнасць, рэгулююць мінер. абмен у арганізме, абмен вугляводаў, бялкоў, тлушчаў, таксама сінтэзуюць і выдзяляюць палавыя гармоны андрагены і эстрагены. Клеткі мазгавога рэчыва Н.з. сакратуюць адрэналін і норадрэналін, якія стымулююць абмен рэчываў у арганізме, рэгулююць артэрыяльны ціск, частату сэрцабіцця і інш. Гармоны Н.з. адыгрываюць значную ролю ў працэсах адаптацыі арганізма да неспрыяльных умоў, забяспечваюць выжыванне яго пры стрэсах.
А.А.Арцішэўскі.
т. 11, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЫ́Ў (ням. Motiv, франц. motif ад лац. moveo прымушаю, рухаю),
заахвочванне да актыўнай дзейнасці сац. аб’ектаў (асоб, сац. груп, супольнасцей людзей), звязанае з імкненнем да задавальнення іх канкрэтных патрэбнасцей. У псіхалогіі М. — сукупнасць знешніх і ўнутр. умоў, якія выклікаюць актыўнасць суб’ектаў і вызначаюць яе накіраванасць, а таксама прадмет або аб’ект, на якія гэта актыўнасць накіравана. У сацыялогіі М. разглядаецца як патрэбнасць суб’ектаў у дасягненні пэўных даброт, стварэнні спрыяльных умоў жыццядзейнасці грамадства. М. як унутранае пабуджэнне сац. актыўнасці асоб і сац. супольнасцей неабходна адрозніваць ад знешніх падахвочванняў — стымулаў, якія становяцца М. толькі ў тым выпадку, калі яны з’яўляюцца суб’ектыўна значнымі і адпавядаюць глыбінным патрэбам суб’екта. Развіццё М. адбываецца праз змену і ўзмацненне актыўнасці, што пераўтварае прадметную дзейнасць. Важным фактарам развіцця М. з’яўляецца працэс вытворчасці матэрыяльных і духоўных даброт. У якасці патэнцыяльных М. выступаюць уласцівыя грамадству аб’ектыўныя каштоўнасці, інтарэсы і ідэалы. М. залежыць ад адносін у пэўным грамадстве, структуры маральнай свядомасці, каштоўнасных арыентацый, узроўню агульнай культуры, валявых якасцей асобы. Паводле М. паводзін чалавека мяркуюць пра яго светапоглядныя ўстаноўкі, прынцыпы, якімі ён кіруецца ў практычнай дзейнасці. У залежнасці ад суб’екта вылучаюць М. індывідуальныя, групавыя і вял. сац. супольнасцей, паводле аб’екта насычэння — матэрыяльныя і духоўныя; эканам., сац. і г.д.; па асноўных відах дзейнасці — пазнавальна-інтэлектуальныя, практычна-пераўтваральныя, камунікатыўныя і інш. Вылучаюць іерархію М. — ад найб. агульных, якія характарызуюць сістэмную накіраванасць развіцця суб’екта, да сітуатыўных, звязаных з задавальненнем прыватных патрэб у кожнай канкрэтнай сітуацыі. М. выконвае сваю функцыю нават тады, калі з’яўляецца неўсвядомленым. Усведамленне М. можа быць адэкватным (мэта) і неадэкватным (матывіроўка). Вывучэнне матывацыйна-зместавай сферы складае асн. праблему псіхалогіі асобы, яе грамадска-гіст. развіцця.
І.В.Катляроў.
т. 10, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБУ́ЗАЎ (Аляксандр Ермінінгельдавіч) (11.9.1877, с. Арбузава-Баран Казанскай губ. — 21.1.1968),
савецкі хімік-арганік. Акад. АН СССР (1942, чл.-кар. 1932). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Казанскі ун-т (1900). У 1911—30 праф. гэтага ун-та, у 1930—63 — Казанскага хім.-тэхнал. ін-та. У 1946—65 старшыня прэзідыума Казанскага філіяла АН СССР. Заснавальнік хіміі фосфараарган. злучэнняў, універсальнага метаду сінтэзу гэтых злучэнняў (перагрупоўка Арбузава); адкрыў фізіял. актыўнасць фосфаразмяшчальных злучэнняў (сярод іх лекавыя сродкі і інсектыцыды), рэакцыі ўтварэння свабодных радыкалаў трыарылметылавага шэрагу, вынайшаў эталонны радыкал дывінілпікрылгідразіл. Вывучаў прыродныя крыніцы арган. злучэнняў, распрацаваў новы метад падсочкі хваёвых дрэў, тэорыю выцякання жывіцы і тэхніку яе збору, прапанаваў шэраг лабараторных прылад. Аўтар работ па гісторыі і хіміі.
Літ.:
Академик А.Е. Арбузов: [Сб. воспоминаний]. 2 изд. Казань, 1985.
т. 1, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРО́ІДЫ,
вірусападобныя інфекц. агенты, якія ўяўляюць сабой нізкамалекулярную адналанцужковую кальцавую рыбануклеінавую кіслату і ў якіх адсутнічае антыгенная актыўнасць. У адрозненне ад вірусаў не маюць вірыённай стадыі, устойлівыя да процівірусных прэпаратаў, награвання, ультрафіялетавых прамянёў. Выклікаюць хваробы жывёл (скрэйпі авечак, энцэфалапатыі норак і інш.) і раслін (верацёнападобнасць клубняў бульбы, экзакорпіс цытрусавых, карлікавасць хрызантэм і хмелю, бледнаплоднасць агурка і інш.).
Сімптомы захворванняў, што выклікаюцца віроідамі, падобныя да вірусных хвароб: прыгнечанне росту, хлароз лісця, дэфармацыі. Пры экзакорцісе цытрусавых, напр., кара лускаватая, растрэскваецца і адломліваецца ад ствала. Сцёблы бульбы, пашкоджанай віроідамі, прыгнечаныя, выцягнутыя і прамастойныя, клубні верацёнападобныя з выяўленымі над паверхняй вочкамі і рэзкімі бровамі, ураджай клубняў зніжаецца на 20—70%.
Літ.:
Шелудько Ю.М., Рейфман В.Г. Вироиды — новый класс патогенов. М., 1978.
Ж.В.Блоцкая.
т. 4, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВЫ́Я О́РГАНЫ, геніталіі,
органы палавога размнажэння жывёл і чалавека. З’яўляюцца першаснымі палавымі прыкметамі. Большасць відаў жывёл аднаполыя, мужчынскія і жан. П.о. падзяляюць на вонкавыя і ўнутр. (розныя па будове, але гамалагічныя па супольнасці іх эмбрыянальных зачаткаў). Звязаны з органамі выдзялення. Да П.о. адносяць палавыя залозы (семяннікі, яечнікі, гермафрадытныя залозы), палавыя пратокі (семяправоды, яйцаводы), дадатковыя органы (залозы, сакрэт якіх узмацняе актыўнасць сперматазоідаў, а ў самак служыць для ўтварэння абалонак яец, рэзервуары для захоўвання семя), капулятыўныя органы (пры ўнутр. апладненні). У жывародных жывёл да П.о. адносяць прыстасаванні для выношвання дзіцянят (напр., вывадкавая сумка ў сумчатых). П.о. раслін наз. генератыўнымі органамі. У чалавека дыферэнцыроўка П.о. на мужч. і жан. працягваецца да 8-га тыдня развіцця плода.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТОЗАФАСФА́ТНЫ ЦЫКЛ, пентозны шлях. гексозамонафасфатны шунт,
паслядоўнасць ферментатыўных рэакцый акіслення глюкоза-6-фасфату да вуглякіслага газу і вады. Адбываецца ў цытаплазме жывых клетак і суправаджаецца ўтварэннем адноўленага каферменту нікацінамідадэніндынуклеатыдфасфату (НАДФ∙H).
Агульнае ўраўненне П.ц.: 6 глюкоза-6-фасфат + 12 НАДФ = 6 CO2 + 12 НАДФ∙H + 12H+ + 5 глюкоза-6-фасфат + H3PO4. Звычайна не выкарыстоўваецца клеткай для атрымання энергіі, таму што не з’яўляецца асн. шляхам абмену глюкозы. Біял. значэнне П.ц. — забеспячэнне клеткі адноўленым НАДФ, неабходным для біясінтэзу тлустых к-т, халестэрыну, стэроідных гармонаў, пурынаў і інш. найважн. злучэнняў. Выяўлены ў жывёл, раслін, мікраарганізмаў. У млекакормячых высокая актыўнасць П.ц. выяўляецца ў печані, кары наднырачнікаў, тлушчавай тканцы, малочнай залозе ў перыяд лактацыі і ў эмбрыянальных тканках, нізкая — у сардэчнай і шкілетных мышцах.
С.С.Ермакова.
т. 12, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад радые... + лац. activus дзейны),
уласцівасць некаторых атамных ядраў самаадвольна мяняць свой састаў (зарад Z, масавы лік А) у выніку вылучэння элементарных часціц ці фрагментаў ядраў (лёгкія ядры, асколкі дзялення), а таксама жорсткага электрамагн. выпрамянення (гама-выпрамянення); самаадвольнае ператварэнне нестабільных атамных ядраў у інш. ядры (стабільныя або радыеактыўныя). Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца толькі ў адносінах да ядраў, што радыеактыўныя ў асн. стане; пры дастаткова высокіх энергіях узбуджэння стабільныя ядры таксама становяцца радыеактыўнымі. Некаторыя радыеактыўныя нукліды існуюць у прыродзе (гл. Радыеактыўныя рады), але большасць радыенуклідаў атрымана штучна (гл. Ядзерныя рэакцыі), што і вызначае межы (па A і Z) іх існавання. Натуральную Р. (Р. прыродных ізатопаў) адкрыў у 1896 А.А.Бекерэль, штучную — у 1934 адкрылі І. і Ф. Жаліо-Кюры.
Тыпы Р.: альфа-распад, бэта-распад, спантаннае дзяленне ядраў, пратонная, двухпратонная і двухнейтронная Р. (радыеактыўныя ядры пры распадзе вылучаюць, адпаведна, 1 ці 2 пратоны, 2 нейтроны), двухстадыйная Р. Паводле асн. закону Р. колькасць радыеактыўных ядраў N убывае з часам t: N(t) = N exp(−Xt), дзе N0 — зыходная колькасць ядраў, λ — пастаянная распаду, значэнне якой звязана з перыядам паўраспаду Τ1/2: λΤ1/2 = ln2. Скорасць распаду ядраў практычна для ўсіх тыпаў Р. пры змене знешніх умоў (т-ра, ціск і інш.) не мяняецца. Колькасная характарыстыка Р. — актыўнасць — колькасць радыеактыўных распадаў за адзінку часу. Адзінка актыўнасці ў СІ — бекерэль (Бк); карыстаюцца таксама вытворнымі адзінкамі — удзельная (Бк/кг), малярная (Бк/моль), аб’ёмная (Бк/м1) і паверхневая актыўнасць (Бк/м²). Выкарыстоўваюць Р. у ядзернай энергетыцы і вытв-сці ядз. зброі, у сельскай гаспадарцы, біялогіі, медыцыне (гл. Ізатопныя індыкатары. Прамянёвая тэрапія), тэхніцы (метады неразбуральнага кантролю) і інш.
Літ.:
Альфа-, бета- и гамма-спектроскопия: Пер. с англ. Вып. 1—4. М., 1969;
Учение о радиоактивности: История и современность. М., 1973.
Э.А.Рудак.
т. 13, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЧЭ́ННЕ ПЛО́СКАСЦІ ПАЛЯРЫЗА́ЦЫІ святла,
паварот плоскасці палярызацыі лінейна палярызаванага святла пры праходжанні яго праз некаторыя рэчывы; від падвойнага праменепраламлення. Адбываецца ў аптычна актыўных ізатопах асяроддзя і ў актыўных крышталях (гл. Аптычная актыўнасць), а таксама ў неактыўных рэчывах пры дзеянні на іх знешняга магнітнага поля (гл. Фарадэя эфект).
Пры вярчэнні плоскасці палярызацыі ў асяроддзі ўзнікаюць 2 эл.-магн. хвалі, палярызаваныя па крузе ў процілеглых напрамках вярчэння, з аднолькавымі амплітудамі і рознымі скарасцямі. У выніку гэтага плоскасць палярызацыі сумарнай хвалі паступова паварочваецца. Вугал павароту залежыць ад таўшчыні, канцэнтрацыі, т-ры рэчыва і даўж. хвалі святла. Вярчэнне плоскасці палярызацыі выкарыстоўваецца для даследавання будовы рэчыва, пры вызначэнні канцэнтрацыі аптычна-актыўных рэчываў, а таксама ў некат. аптычных прыладах (аптычныя мадулятары, квантавыя гіраскопы і інш.). Гл. таксама Палярызацыя святла.
В.В.Валяўка.
т. 4, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)