АМІНАГЛІКАЗІ́ДЫ

(N-гліказіды, другасныя або трацічныя гліказіламіны),

гліказіды, у малекулах якіх гліказідныя сувязі ўтвараюцца з удзелам атама азоту. Амінагліказіды — вытворныя гліказіміну (першасны гліказіламін), утвараюцца ў выніку замяшчэння аднаго ці двух атамаў вадароду ў амінагрупе (-NH2) аліфатычнымі, араматычнымі або гетэрацыклічнымі радыкаламі. Сустракаюцца ў тканках жывёл і раслін, маюць вял. біял. актыўнасць і выкарыстоўваюцца ў медыцыне (напр., фтарафур, цытарабін) і біялогіі. Аліфатычныя і араматычныя амінагліказіды атрымліваюць кандэнсацыяй цукроў з амінамі. Да прыродных амінагліказідаў належаць нуклеатыды і нуклеазіды, некаторыя каэнзімы (напр., адэназінтрыфосфарная к-та, урыдзінтрыфасфат і інш.), глікапратэіды, амінагліказідныя антыбіётыкі, мяшаныя біяпалімеры. Амінагліказіды некаторых араматычных амінаў могуць быць антыаксідантамі каўчуку.

т. 1, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)