МЕРЛО́-ПАНЦІ́ (Merleau-Ponty) Марыс (14.3.1908, г. Рашфор-сюр-Мер, Францыя — 4.5.1961),

французскі філосаф, прадстаўнік фенаменалогіі. Адукацыю атрымаў у Вышэйшай нармальнай школе. з 1945 праф. у Ліёне, у 1949—52 у Сарбоне, Калеж дэ Франс. Аўтар прац «Структура паводзін» (1942), «Фенаменалогія перцэпцыі» (1945), «Гуманізм і тэрор» (1947), «Прыгоды дыялектыкі» (1955) і інш. Быццё чалавека (яго экзістэнцыя), паводле М.-П., рэалізуецца ў дыялогу суб’екта са светам; свядомасць чалавека і ўся яго істота перажывае і асэнсоўвае свет, валодае спецыфічнай інтэнцыянальнасцю (здольнасць ствараць свой прадметны свет, напаўняць яго зместам, набываць сэнс і значэнне). Яго філас. ідэі знаходзяць адлюстраванне ў філас. герменеўтыцы, структуралізме, экзістэнцыялізме і інш.

В.​В.​Краснова.

т. 10, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПЕРАРЫ́ЎНАСЦЬ у матэматыцы,

адно з важнейшых паняццяў, якое існуе ў 2 асн. канцэпцыях — Н. мноства (гл. Кантынуум) і Н. адлюстравання.

Н. адлюстравання — абагульненне паняцця сапраўднай неперарыўнай функцыі на адвольныя адлюстраванні: адназначнае адлюстраванне y = 𝑓(x) некаторага мноства X элементаў x на мноства Y элементаў y наз. неперарыўным. калі са збежнасці паслядоўнасці x1, x2, ..., xn, ... элементаў мноства X да x вынікае збежнасць іх вобразаў 𝑓(x1), 𝑓(x2), …, 𝑓(xn), ... да вобраза 𝑓(x) лімітавага элемента x. Такім чынам, Н. адлюстравання аднаго мноства на другое залежыць ад таго, як у зададзеных мноствах вызначаны лімітавыя суадносіны. Мноства элементаў з пэўнымі лімітавымі суадносінамі паміж імі наз. тапалагічнай прасторай.

т. 11, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГІ́МАЎ Сулейман Гусейн аглы (22.3.1900, с. Аін, Азербайджан — 11.10.1983),

азербайджанскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Азербайджана (1960). Скончыў Азерб. пед. ін-т (1931). Друкаваўся з 1930. Аўтар рамана-эпапеі «Шамо» (т. 1—5, 1931—81); раманаў «Сачлы» (т. 1—3, 1940—48), «У гарах Агбулага» (1954—55), «Помнік маці» (1967), «Каўказская арліца» (т. 1—2, 1971—73); аповесці «Голас зямлі» (1941), «Медальён» (1942), «Брацкая магіла» (1943); апавяданняў. Творам Р. ўласцівы тонкі псіхалагізм, адлюстраванне нар. жыцця, нар. мова. Асобныя яго апавяданні на бел. мову пераклалі Х.​Лялько, В.​Рабкоў.

Тв.:

Рус. пер. — Шамо. Т. 1—3. М., 1953—76;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1972.

т. 13, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНГІ́ Уладзімір Міхайлавіч (н. 18.3.1935, стойбішча Набіль Сахалінскай вобл., Расія),

ніўхскі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі пед. ін-т (1959), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1965). Піша на рус. і ніўхскай мовах. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Салёныя пырскі» (1962), «Легенда аб таполі» (1965); апавяд. і аповесцей «Ніўхскія легенды» (1961), «Блакітныя горы» (1962), «Ізгін» (1965), «Тынграй» (1970), «У царстве ўладароў» (1973), «Падарожжа ў стойбішча Лунва» (1985); раманаў «Несапраўдны гон» (1965), «Жаніцьба Кевонгаў» (1975); кн. нарысаў «Па астравах скарбаў» (1976). Для твораў характэрны лірызм, рэалістычнае адлюстраванне з’яў і падзей, псіхалагізм. На бел. мову асобныя творы С. пераклаў К.​Кірэенка.

Тв.:

Бел. пер. — Пара здабыч. Мн., 1978.

т. 14, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭРЭАТАПАГРАФІ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА (ад стэрэа... + грэч. topos месца + ...граф), стэрэафотаграмметрычная здымка,

метад тапаграфічнай здымкі, пры якім адлюстраванне контураў і рэльефу мясцовасці на картах атрымліваюць з дапамогай стэрэапар аэрафотаздымкаў зямной паверхні. Базіруецца на даследаваннях стэрэафотаграмметрыі. Асн. працэсы С.з.: аэрафотаздымка мясцовасці; вызначэнне геадэзічных каардынат некат. апорных пунктаў і маршрутнае дэшыфраванне; камеральныя работы (згушчэнне сеткі апорных пунктаў, суцэльнае дэшыфраванне, здымка контураў і рэльефу, складанне арыгінала карты). Згушчэнне апорных пунктаў выконваецца аналагавым спосабам з дапамогай стэрэафотаграмметрычных прыладаў, або аналітычным спосабам, калі вымярэнне каардынат пунктаў здымка выконваецца на аналіт. прыборах. С.з. выкарыстоўваецца для стварэння карт і планаў, вывучэння лінейных аб’ектаў, помнікаў архітэктуры, дынамічных з’яў, пошуку карысных выкапняў.

Ф.​Е.​Шалькевіч.

т. 15, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДАНІ́ЗМ (ад грэч. hēdonē асалода),

этычнае вучэнне, якое сцвярджае асалоду найвышэйшым шчасцем і крытэрыем паводзін чалавека. Тэарэт. геданізм з’яўляецца разнавіднасцю натуралізму ў этыцы. У стараж. Грэцыі прадстаўніком геданізму ў этыцы быў Арыстып і яго паслядоўнікі. Найб. развіцця дасягнуў у Эпікура і наблізіўся ў яго да эўдэманізму. Геданічныя матывы сталі пашыранымі ў эпоху Адраджэння, у этычных тэорыях асветнікаў. Т.​Гобс, Дж.​Лок, П.​Гасендзі, франц. матэрыялісты 18 ст. проціпастаўлялі геданізм рэліг.-аскетычнай маралі. Пазней прынцып геданізму знайшоў адлюстраванне ў этычнай тэорыі утылітарызму. Ідэі геданізму падзялялі філосафы амер. Дж.​Сантаяна, Дз.​Дрэйк, аўстр. М.​Шлік і інш. У рэальным жыцці геданізм можа існаваць у форме эстэцтвуючага арыстакратызму і пагоні за пачуццёвай асалодай (гл. таксама Эпікурэізм).

т. 5, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМАВІ́К,

вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека ў белай вопратцы, з сівой барадой і доўгімі валасамі, які жыў у хаце (пад ці за печчу) або ў сенцах, каморы, клеці. Паводле павер’яў у кожнай хаце (сям’і) быў свой Д. (увасабляў памерлага гаспадара), які нібыта ахоўваў дом, клапаціўся пра гаспадарку, назіраў за сямейным побытам і інш. Прымхлівыя людзі імкнуліся задобрыць Д.: у памінальныя і святочныя дні яго клікалі да стала, «частавалі» лепшымі стравамі, прасілі, каб не рабіў шкоды. Рэліг. значэнне вобраз Д. страціў у канцы 19 — пач. 20 ст. Знайшоў адлюстраванне ў бел. фальклоры (пераважна ў былічках).

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 6, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́НСАН (Jonson) Бенджамін (Бен; 11.6.1573, Лондан —6.8.1637),

англійскі драматург, паэт, тэарэтык драмы. Вучыўся ў Вестмінстэрскай школе. Першая камедыя «Абставіны змяніліся» (1597). У пралогах п’ес аспрэчваў творчыя прынцыпы сучаснікаў, у т. л. свайго сябра У.​Шэкспіра, адстойваў адналінейнае адлюстраванне характараў. Паводле сваёй «тэорыі гумараў», у камедыях «Усякі ў сваім нораве» (1598) і «Усякі не ў сваім нораве» (1599) тлумачыў «гумар» як індывідуальнае дзівацтва, а ў камедыях нораваў «Вальпоне, або Ліса» (1605), «Эпісін, або Маўклівая жанчына» (1609), «Алхімік» (1610) і «Варфаламееўскі кірмаш» (1614) — як сацыяльна-тыповыя заганы арыстакратыі і буржуазіі. Аўтар трагедый «Падзенне Сеяна» (1603) і «Змова Катыліны» (1611), 30 «масак» — п’ес-алегорый на міфалагічныя сюжэты, зб-каў вершаў «Эпіграмы» і «Лес» (абодва 1616).

т. 6, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭ́МІЯ ПЛАТО́НАЎСКАЯ,

старажытнагрэчаская філас. школа. Засн. Платонам каля 387 да н.э. каля Афін. Існавала да 529 н.э. Сцвярджала традыцыю аб’ектыўнага ідэалізму. У гісторыі акадэміі платонаўскай вылучаюць: Стараж. Акадэмію (Платон, Спеўсіп, Ксенакрат), якая падтрымлівала піфагарэізм і распрацоўвала праблемы матэматыкі, натурфіласофіі, дыялектыкі; Сярэднюю (Аркесілай, Лакід) і Новую (Карнеад) акадэміі, якія з пазіцый скептыцызму выступалі супраць вучэння стоікаў; т.зв. 4-ю і 5-ю акадэміі, якія эклектычна злучалі платонаўскі ідэалізм са стаіцызмам, піфагарэізмам, арыстацелізмам. З 4 ст. акадэмія платонаўская развівала вучэнне неаплатанізму. У эпоху Адраджэння акадэмія платонаўская адноўлена ў Фларэнцыі (1459—1521; М.​Фічына, Піка дэла Мірандала). Ідэі акадэміі платонаўскай на Беларусі знайшлі адлюстраванне ў поглядах Ф.​Скарыны, С.​Буднага і інш.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬМКВІСТ (Almquist) Карл Юнас Лове (28.11.1793, Стакгольм — 26.9.1866),

шведскі пісьменнік. Скончыў Упсальскі ун-т (1815). У 1851—65 у эміграцыі ў ЗША Літ. дзейнасць пачаў як рамантык. У эпіка-драм. паэме «Амарына» (1822) паказаў распад паўфеад. грамадства. Рэаліст. адлюстраванне рэчаіснасці пераважае ў творах, сабраных пад назвай «Кніга шыпшыны» (т. 1—14, 1832—51). Аўтар раманаў «Паляўнічы замак» (1832), «Капліца», «Палац», «Шэльнурскі млын» (усе 1838), «Можна» (1839), «Габрыэль Мімансо» (1841—42), «Тры пані Смолана» (1842—43; не пазбаўлены рэліг. містыцызму); зб. вершаў «Песні» (1849). Пад уплывам ідэй утапічнага сацыялізму напісаны «Асновы еўрапейскай незадаволенасці» (1838), «Паэзія і палітыка» (1839).

Тв.:

Samlade skrifter. Bd. 1—21. Stokholm, 1921—38.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)