ІНДЫВІ́Д (ад лац. individuum непадзельнае, асобіна),
індывідуум, адзіночнае як процілеглае сукупнасці, масе. 1) У філасофіі асобны прадстаўнік сац. супольнасці (народа, грамадства, сац. групы і інш.), сац. істота, якая самастойна вызначае ўласныя паводзіны і псіхічныя працэсы; трэба адрозніваць ад паняццяў «індывідуальнасць», «асоба».
2) У біялогіі істота, кожны самастойна існуючы жывы арганізм.
3) У логіцы адзіночны аб’ект, які супрацьпастаўляецца віду, класу прадметаў, мноству.
Літ.:
Человек: Филос. аспекты сознания и деятельности. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗУ́ЛЯ (Capreolus),
род млекакормячых сям. аленевых атр. парнакапытных. 2 віды: К. еўрапейская (C. capreolus) і К. сібірская (C. pygargus). Пашыраны ў Еўразіі. Жыве ў разрэджаных лясах і перадгорных стэпах. На Беларусі трымаецца невял. статкамі.
Даўж. да 155 см, выш. ў карку да 100 см, маса да 60 кг. Поўсць густая, зімой буравата-шэрая, летам рыжая. Каляхваставое «люстэрка» белае. У самцоў невял. рогі з 3—4 адросткамі. Нараджае 2—3 цялят. Корміцца раслінамі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАХТА́К, марскі заяц (Erignathus barbatus),
воднае млекакормячае сям. сапраўдных цюленяў атр. ластаногіх. Пашыраны ў арктычных раёнах Атл. і Ціхага акіянаў, Ахоцкім моры. Трымаецца пераважна паасобку на мелкаводдзях, восенню ўтварае лежбішчы па 1000 асобін і больш.
Даўж. да 2,7 м, маса да 360 кг. Валасяное покрыва негустое, грубае, бура-шэрае, часам са светлымі плямамі на спіне. Корміцца доннымі беспазваночнымі, рыбай. Размнажаецца вясной на дрэйфуючых ільдах. Нараджае 1 дзіцяня. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСТА́НГ (ад ісп. mustango),
здзічэлы свойскі конь, завезены еўрапейцамі ў Паўн. Амерыку ў 16 ст. Пашыраны ў стэпавай зоне (прэрыі). Жылі вял. табунамі. У 18 ст. М. было каля 4 млн. галоў, цяпер амаль вынішчаны. Выкарыстоўваліся індзейцамі як аб’ект промыслу і з мэтай вывядзення мясц. парод коней (індзейскія поні). У Паўд. Амерыцы здзічэлых коней наз. цымаронамі, у Аўстраліі (завезены ў 18 ст.) — брамбі. Масць разнастайная, як у парод свойскіх коней.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОСТ (франц. poste ад лац. positus пастаўлены),
1) аб’ект, які даручаны для аховы і абароны вартавому, а таксама месца або ўчастак, на якім ён выконвае свае абавязкі.
2) Вайсковец або інш. асоба (невял. падраздзяленне), якія выконваюць спец. задачу, а таксама месца (пункт), укамплектаванае адпаведнай тэхнікай для яе выканання. Напр., П. назірання, у т. л.паветр., П. пагран. аховы, П. аховы, П. ДАІ і інш. 3) Адказная пасада ў органах дзярж., грамадскага кіравання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧКУ́Р (Gobio gobio),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашырана ў рэках і азёрах Еўропы і Азіі. Жыве невял. чародамі ў месцах з пясчаным або камяністым грунтам. На Беларусі нар. назвы: дудорга, келбук, коблік, курмель, піскіж, пяскар, стаўпец.
Даўж. да 22 см, маса да 80 г. Рот ніжні. У вуглах рота па вусіку. Па баках цела каля 10 чорных ці бурых плям. Корміцца бентасам. Аб’ект аматарскага лову, прынада для лоўлі драпежных рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ПУСладажскі
(Coregonus albula ladogensis),
кілец,
рыба сям. сіговых атр. ласосепадобных. Хуткарослая буйная форма рапушкі еўрапейскай. Пашырана ў Анежскім і Ладажскім азёрах. Трымаецца чародамі далёка ад берагоў, пераважна на глыбіні. Характэрны кармавыя міграцыі. На Беларусі інтрадукаваны (1950—62) у Браслаўскую і Нарачанскую групы азёр і ў Лукомскае возера. Нар. назвы: рыпукса, рыпуса.
Даўж. да 46 см, маса да 1,5 кг. Ад рапушкі адрозніваецца выгінам бакавой лініі. Корміцца пераважна планктонам, часам дробнай рыбай (корушкай). Аб’ект развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІРУ́СА (Babyrousa babyrussa),
парнакапытнае млекакормячае сям. свіных. Адзіны від у родзе. Сустракаецца на в-ве Сулавесі і бліжэйшых астравах (Малайскі архіпелаг). Трымаецца забалочаных лясоў і прыбярэжных зараснікаў.
Даўж. цела да 1 м. Мае адносна маленькую галаву, кароткія вушы, высокія і тонкія ногі. Верхнія іклы ў самцоў да 30 см, загінаюцца назад. Скура маршчыністая з рэдкім шчаціннем. Нараджае двое аднаполых парасят. Актыўная ўначы. Корміцца лісцем травяністых раслін. Аб’ект палявання (мяса, скура, іклы). Занесена ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВО́КІ НЫРЭ́Ц (Aythya nyroca),
птушка сямейства качыных атр. гусепадобных. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі бывае на пралёце, гняздуецца рэдка ў паўд.ч. рэспублікі. Жыве на вадаёмах з зараснікамі. Нар. назва чарнушка.
Маса да 650 г. Апярэнне зверху рыжавата-карычневае, спіна і надхвосце амаль чорныя. Бруха, падхвосце і люстэрка на крылах белыя. Радужына вока ў самца белая або шаравата-белая (адсюль назва). Дзюба сінявата-чорная. Корміцца расліннасцю, малюскамі, ракападобнымі, лічынкамі водных насякомых. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ЦІ, гарбатыя зайцы (Dasyprocta),
род млекакормячых атр. грызуноў. 20 відаў. Жывуць каля рэк у трапічных лясах і сухіх саваннах Паўд. і Цэнтр. Амерыкі, в-ва Трынідад і М.Антыльскіх а-воў на выш. да 2 км.
Даўж. цела 41—62 см, хваста 1—3,5 см, маса 1,3—4 кг. Афарбоўка ад ярка-залацістай (D. aguti) да цёмна-шэрай (D. fuliginosa). На доўгіх задніх нагах 3 пальцы. Добра плаваюць. Кормяцца лісцем, пладамі, арэхамі. Шкодзяць плантацыі цукр. трыснягу. Аб’ект палявання.