ДАРО́ХІН (Уладзімір Васілевіч) (н. 1.1.1948, г. Слонім Гродзенскай вобл.),
бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1988). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1973). З 1978 адказны сакратар, з 1986 нам. старшыні праўлення Саюза кампазітараў Беларусі.
З 1986 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1991 дацэнт). Найб. значныя дасягненні Д. ў галіне сімф. музыкі. З пач. 1980-х г. творчасць набыла неарамант. кірунак. Сярод твораў: араторыя «Зямля Беларусі» на вершы П.Броўкі (1981), кантата «Арабскія прытчы» на вершы Абу Нуваса (1996); сімфоніі (1976, 1979; «Францыск Скарына: жыццё і бессмяротнасць», 1990), канцэрт для фп. з аркестрам (1983), сюіта «Мемарыял» для камернага арк. (1984), сімф. паэмы, у т. л. «Уяўленне і плач аб пакінутай вёсцы» (1992), «Пастараль» для габоя і камернага арк. (1988), «Музыка» для флейты і камернага ансамбля (1994); камерна-інстр. творы, вак. цыклы на вершы А.Блока і І.Буніна; музыка да драм. спектакляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБН РУШД, Ібн РошдАбу-ль-Валід Мухамед ібн Ахмед (латынізаванае Авероэс; Averroes; 1126, г. Кордава, Іспанія — 10.12.1198), арабскі філосаф, вучоны-энцыклапедыст, урач; прадстаўнік усх. арыстоцелізму. Жыў і працаваў у Андалусіі і Марока. Большасць яго прац — каментарыі да твораў Арыстоцеля. У сваёй філас. канцэпцыі зыходзіў з прызнання нястворанасці і незнішчальнасці першаматэрыі і руху. Прызнаваў быццё Бога, якое не папярэднічае быццю матэрыі, а «сувечна» яму, і што Бог з’яўляецца «першарухавіком». Сцвярджаў, што матэрыяльны свет бясконцы ў часе, хоць і абмежаваны ў прасторы. Абвяргаў бяссмерце індывід. душы і замагільнае жыццё, але прызнаваў бяссмерце ўсеагульнага інтэлекту. Абгрунтаваў ідэю пра разыходжанне філас. і рэліг. вывадаў, якая паслужыла асновай дзвюх ісцін тэорыі. У сацыялогіі быў прыхільнікам справядлівага грамадскага ладу. Творчасць І.Р. паўплывала на развіццё еўрап. сярэдневяковай філасофіі 13—16 ст.
Тв.:
У кн.: Избранные произведения мыслителей стран Ближнего и Среднего Востока IX—XIV вв. М. 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУБІ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ,
пустыня ў Афрыцы, пераважна ў Судане, паміж р. Ніл і Чырвоным м., ад якога яе аддзяляе хрыбет Этбай. Размешчана на плато, што прыступкамі зніжаецца з У на З ад 1000 да 350 м. Шматлікія невысокія (1240 м) горы і масівы. Стараж.крышт. пароды на У выходзяць на паверхню, у зах.ч. перакрыты пяскамі, сабранымі ў дзюнныя грады. Трапляюцца ўчасткі камяністых і галечна-друзавых гамад.
Плато расчлянёна вял. колькасцю сухіх рэчышчаў рэк — вадзі. Клімат трапічны кантынентальны. Ападкаў каля 25 мм, гадамі не бывае. Сярэднія т-ры ліп. вышэй за 30 °C; макс.т-ра больш за 40 °C, сярэднія т-ры студз. 15 °C, абсалютны мінімум -2 °C. Рэзкія сутачныя перапады т-р прыводзяць да інтэнсіўнага выветрывання. Расліннае покрыва вельмі беднае, месцамі поўнасцю адсутнічае. Сустракаюцца ксерафітныя злакі (арыстыда), калючыя хмызнякі і паўхмызнякі (джузгун, тамарыск, сахарскі дрок, парналіставік, рэамюрыя). Жывёлагадоўля. Праз Н.п. праходзяць чыгунка і аўтастрада, якія звязваюць гарады Вадзі-Хальфа і Абу-Хамед на р. Ніл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЛО́ЎСКІ ((Michałowski) Казімеж) (14.11.1901, г. Цярнопаль, Ўкраіна — 1.1.1981),
польскі археолаг, егіптолаг, гісторык мастацтва. Правадз.чл. Польскай АН (1952). Скончыў Львоўскі ун-т, вучыўся ў Зах. Еўропе і Каіры (Егіпет). У 1933—72 праф. Варшаўскага ун-та, стваральнік і кіраўнік кафедры міжземнаморскай археалогіі. У 1945—81 нам. дырэктара Нац. музея ў Варшаве, дзе стварыў Галерэю стараж. мастацтва. Узначальваў польскія археал. экспедыцыі ў Егіпце (Эдфу, Тэль-Атрыб, Александрыя і інш.), Крыме (Мірмекій), Сірыі (Пальміра), Судане (Фарас; адкрыты хрысц. сабор 8—12 ст.), на Кіпры, у Іраку і інш. Кіраваў у Дэйр-эль-Бахры (Верхні Егіпет) працамі па рэканструкцыі храма царыцы Хатшэпсут, раскопкамі ансамбля памінальнага храма Тутмоса III. Старшыня Міжнар.к-та экспертаў па выратаванні скальных храмаў у Абу-Сімбел (1963—71). Аўтар прац «Дэльфы» (1937), «Мірмекій» (1958), «Пальміра» (т. 1—5, 1960—66), «Фарас» (т. 1—3, 1962—65), «Не толькі піраміды» (1966), «Мастацтва Старажытнага Егіпта» (1968), «Як грэкі стваралі мастацтва» (1970) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
сярэдневяковая культура, якая склалася ў Арабскім халіфаце ў 7—10 ст. у працэсе культ. ўзаемадзеяння арабаў і заваяваных імі народаў. У навук. л-ры гэты тэрмін ужываецца і для абазначэння культуры ўласна араб. народаў і ў дачыненні да сярэдневяковай арабамоўнай культуры іншых народаў, што ўваходзілі ў Халіфат.
Фарміраванне ўласна арабскай культуры адносіцца да перыяду ўзнікнення ісламу (7 ст.) і стварэння Халіфата, які ў выніку арабскіх заваяванняў ператварыўся ў велізарную дзяржаву. Заснаваная арабамі дзярж.-паліт. супольнасць, дапоўненая рэліг., а ў большасці раёнаў і моўнай супольнасцю, стварыла ўмовы для ўзнікнення агульных формаў культ. жыцця. У 8—9 ст. на араб. мову перакладзена шмат навук. і літ. помнікаў старажытнасці (сірыйскіх, сярэднеперс., індыйскіх), якія ў перакладах і апрацоўках увайшлі ў араб. пісьменства і спрыялі пераймальнай сувязі з культурай эліністычнага свету, а праз яе — з ант. і стараж.-ўсх. цывілізацыямі. Гал. цэнтрамі фарміравання арабскай культуры ў канцы 7 — сярэдзіне 8 ст. адначасова з Дамаскам, сталіцай Амеядаў, былі Мекка і Медына ў Аравіі, Куфа і Басра ў Іраку. Адсюль арабская культура распаўсюдзілася і далей развіта ў правінцыях Амеядскага халіфата, на велізарнай тэр. ад Пірэнеяў да р.Інд. З утварэннем Абасідаў халіфата (750) цэнтр арабскай культуры з Сірыі перамясціўся ў Ірак, у заснаваны ў 762 г. Багдад. У 9—10 ст. арабская культура дасягнула найвышэйшага росквіту. Яе здабыткі ўзбагацілі сусв. культуру; найб. значнымі яны былі ў філасофіі, медыцыне, матэматыцы, астраноміі, геаграфіі, філалогіі, гісторыі, хіміі, мінералогіі, у сферы матэрыяльнай культуры і мастацтва (архітэктура, маст. рамёствы). Распад халіфата Абасідаў і ўтварэнне на яго тэр.самаст. дзяржаў прывялі да змяншэння ролі арабскай культуры ў свеце. Але ў мусульм. Іспаніі, якая аддзялілася ад Халіфата яшчэ ў 8 ст., пачала развівацца самастойная, т.зв. араба-ісп. культура. Ва ўсх. правінцыях Халіфата з канца 9 ст. фарміруецца асяроддзе іранскага культ. і нац., адраджэння. Перс. мова выцясняе арабскую, якая застаецца ў асн. мовай Карана, тэалогіі, філасофіі, некаторых прыродазнаўчых навук. Цэнтры арабскай культуры перамясціліся ў Егіпет, Іспанію. Да канца 10 ст. Багдад саступіў першынство Каіру. У Паўн. Афрыцы пры Фатымідах (10—2 ст.) і Айюбідах (12—13 ст.) працягвалася развіццё лепшых традыцый арабскай культуры. Значэнне арабскай культуры 8—10 ст. у гісторыі сусв. культуры абумоўлена адкрыццём яе стваральнікамі новых сродкаў навук., рэліг.-філас. і маст. пазнання свету і чалавека. Хоць навук. і эстэт. традыцыі арабскай культуры не перарываліся, у творчасці яе дзеячаў з 2-й пал. 13 ст. запанаваў эпігонскі кірунак, назіраецца яе адставанне ад тэмпаў культ. прагрэсу ў інш. краінах мусульм. Усходу і Еўропы. Бліскучы росквіт перажыла араба-ісп. цывілізацыя ў 10—15 ст. У яе цэнтрах (Кордава, Андалусія, Севілья, Малага, Гранада) найб. поспехі дасягнуты ў астраноміі, матэматыцы, хіміі, медыцыне, філасофіі. Літ. творы гэтага перыяду — лепшыя помнікі арабскай культуры. Сусв. вядомасць набылі ісп.-маўрытанскае дойлідства і прыкладное мастацтва (гл.Маўрытанскі стыль). У 16 ст., калі араб. краіны ператварыліся ў правінцыі Асманскай імперыі, арабская культура прыйшлі ў заняпад.
Дакладныя і прыродазнаўчыя навукі. Матэматычныя і астр. веды арабаў фарміраваліся пад уплывам стараж.-грэч. навукі і ў сувязі з развіццём яе ў народаў Сярэдняй Азіі, Закаўказзя, Індыі, Персіі і Егіпта. Навук. працы Эўкліда, Архімеда, Пталамея сталі вядомыя ў Зах. Еўропе дзякуючы арабскім перакладам. Уяўленне аб шарападобнасці Зямлі дало магчымасць арабскім вучоным правесці вымярэнні дугі зямнога мерыдыяна (827). Яны ўнеслі папраўкі і дапаўненні ў астр. табліцы, далі назвы многім зоркам (напр., Альдэбаран, Міцар, Працыён і інш.). Выкарыстоўваючы індыйскія лічбы (дзесяць матэм. знакаў), арабскія вучоныя пачалі праводзіць вылічэнні з вял. лікамі. У 10 ст. гэтыя лічбы сталі вядомыя ў Еўропе і атрымалі назву арабскіх. Арабскія матэматыкі ўвялі паняцце «алгебра» (М.Харэзмі), трыганаметрычныя функцыі, устанавілі залежнасці паміж імі, зрабілі шэраг адкрыццяў у геаметрыі і астраноміі. У Багдадзе, Самаркандзе і Дамаску існавалі астр. абсерваторыі. Значны ўклад арабаў і ў развіццё медыцыны. Ібн аль-Байтар апісаў больш за 2600 лекавых прэпаратаў, лекавых і інш. раслін. «Канон медыцыны» Ібн Сіны (Авіцэна) стаў настольнай кнігай зах.-еўрапейскіх медыкаў. Шэраг адкрыццяў у фармакалагічнай хіміі зрабіў алхімік Джабір Ібн Хайян (8 ст.).
Геаграфія. Араб.геагр.л-ра не мела сабе роўных па змястоўнасці і разнастайнасці жанраў. У ёй захавалася апісанне ўсяго мусульм. Усходу, краін Еўропы, Паўн. і Цэнтр. Афрыкі, узбярэжжа Усх. Афрыкі і Азіі (да Карэйскага п-ва), Малайскага архіпелага. Працы араб. географаў і падарожнікаў — найважнейшыя, часам унікальныя сведчанні аб народах сярэдніх вякоў. Геаграфічны светапогляд даісламскіх арабаў адлюстраваны ў стараж. паэзіі і Каране. Арабская навук. геаграфія ўзнікла на мяжы 8—9 ст., калі з’явіліся пераклады і апрацоўкі астранома-геагр. прац ант. аўтараў, асабліва Пталамея. Вучоныя (Батані, Харэзмі і асабліва Біруні) выкарыстоўвалі разліковыя правілы і табліцы сферычнай астраноміі. Іх карты паўтаралі карты Пталамея або нагадвалі стараж.-іранскія. У 9 ст. імі створана апісальная геаграфія (Ібн Хардадбех, Кудама ібн Джафара, аль-Якубі), якая развівалася і ў 10—14 ст. (запіскі Ібн Фадлана і Абу Дулафа, дыярыушы Абу Хаміда аль-Гарнаці, Ібн Джубайра і Ібн Батуты, апісанні падарожжа ў Расію Макарыя Антыяхійскага і інш.). Росквіт араб.геагр. л-ры прыпадае на 10 ст., калі ў працах вучоных класічнай школы (аль-Істахры, Ібн Хаукаля, аль-Мукадасі), прысвечаных апісанню гандл. шляхоў і мусульм. свету, змяшчаўся багаты геагр. і гіст.-культ. матэрыял. У 11—14 ст. узніклі жанры геагр. слоўнікаў (аль-Казвіні, Якута, аль-Бакры) і касмаграфіі (працы аль-Казвіні, аль-Дзімашкі, Абу-ль-Фіды). У Еўропе найб. вядомыя былі працы аль-Ідрысы (1100—65 ці 61), творы якога з 70 картамі (пазначана і р. Прыпяць) — лепшы геагр. трактат сярэднявечча. У далейшым развіццё геаграфіі ішло па шляху стварэння шматлікіх кампіляцый (творы аль-Макрызі). Геаграфічныя раздзелы ў творах ан-Нувайры, аль-Умары, аль-Калькашандзі, Ібн Маджыда (лоцман Васка-да-Гамы, 15 ст.) і аль-Мехры (16 ст.) абагульнілі тэорыю і практыку мараплавання.
Філасофія. Працяглы час араб. філасофія была звязана з тлумачэннем ісламу. На рубяжы 7—8 ст. у яе асяроддзі вяліся дыскусіі пра сутнасць і атрыбуты Бога, абсалютную прадвызначанасць свету, свабоду чалавека ў ім, паходжанне Карана і інш., што прывяло да ўзнікнення мусульм. рацыяналіст. тэалогіі — калама. У яе межах вылучылася школа мутазілітаў (засн. Васіль Ібн Ата, тэарэтыкі аль-Алаф, ан-Назан, аль-Джахіз), прадстаўнікі якой арыентаваліся на традыцыі Арыстоцеля і неаплатонікаў, сцвярджалі прыярытэт веры над розумам, спрадвечнасць Карана, праводзілі ідэі монатэізму. Рэакцыяй на мутазілізм стала ханбаліцкая школа (засн. Ахмад Ібн Ханбала) прыхільнікаў суніцкага традыцыяналізму, якія заклікалі арыентавацца на лад жыцця прарока Мухамеда і яго «праведных продкаў», выступалі супраць новаўвядзенняў у веравучэнні і праве. На пач. 10 ст. прадстаўнікі новага кірунку каламу — ашарызму (засн.Абу-Хасан, аль-Ашары) зрабілі спробу кампрамісу з вучэннем традыцыяналістаў-дагматыкаў. Жаданне навукова абгрунтаваць ісламскую тэалогію абумовіла зацікаўленасць да ант.філас. спадчыны. Асновай араб. філасофіі стаў «неаплатанізаваны» арыстоцелізм — усх. перыпатэтызм (гл.Перыпатэтычная школа). Ідэі ўсх. перыпатэтызму развіты ў творах Фарабі і Ібн Сіны. Тайнае рэліг.-філас.т-ва «Братоў чысціні і шчырасці» (2-я пал. 10 ст.) імкнулася спалучыць іслам з эліністычнай філасофіяй. Другой формай апазіцыі артадоксам і прыхільнікам рацыяналізму стаў містыка-аскетычны кірунак у ісламе — суфізм. Злучыць ісламскі традыцыяналізм з суфійскімі ідэаламі імкнуліся абу-Хамід аль-Газалі (1058—1111) і Ібн аль-Арабі (1163—1240). У гэты ж перыяд распрацоўвалася і рэліг.-філас. сістэма шыізму. У 12 ст. цэнтр араб. філасофіі перамясціўся ў мусульм. Іспанію і Паўн. Афрыку. Заснавальнік зах.-араб. філасофіі — сарагоскі філосаф Ібн Бадж (каля 1070—1138). Яго рацыяналістычную лінію прадаўжаў Ібн Туфайль (1110—85). Вяршыні зах.-араб. філасофія дасягнула ў вучэнні Ібн Рушда, які лічыў, што бессмяротны толькі агульны чалавечы розум у яго гіст. развіцці. Заснавальнікам філасофіі гісторыі і арыгінальнай сацыялагічнай тэорыі быў Ібн Хальдун. Араб. філасофія паўплывала на еўрап. філасофію і сусв. духоўную культуру.
Гістарычная навука. Арабская гістарыяграфія як самаст. дысцыпліна вылучылася на мяжы 8—9 ст. Першыя запісы гіст. зместу адносяцца да канца 7 ст. Матэрыялам для ранніх помнікаў гіст. л-ры на араб. мове служылі гіст.-генеалагічныя паданні араб. плямёнаў, напаўлегендарныя паведамленні пра даісламскія дзяржавы ў Паўд. Аравіі і пра арабскія княствы ў Сірыі і Іраку, а таксама рэліг.-гіст. паданні пра ўзнікненне і пашырэнне ісламу. Значную ролю адыгралі астр. веды (устанаўленне храналогіі сусв. гісторыі), іранскія гіст.-эпічныя і іудзейска-хрысц. паданні. Ідэю дыдактычнай каштоўнасці гісторыі, прынятую большасцю мусульм. гісторыкаў, найб. дакладна сфармуляваў Ібн Міскавайх. Спробу выкладаць гіст. падзеі ў іх прычыннай сувязі зрабіў Ібн Хальдун, распрацаваўшы арыгінальнае вучэнне пра агульныя законы развіцця грамадства. Найбуйнейшы прадстаўнік ранняга перыяду араб. гістарыяграфіі — Мухамед-аз-Зухры (п. у 741 ці 742). Першы вялікі гіст. твор на араб. мове (гісторыя стараж. прарокаў і жыццяпіс Мухамеда) стварыў Ібн Ісхак (каля 704—768 ці 767). Значныя працы пакінулі аль-Вакідзі (747—823), Ібн Сад (п. 845) і інш. Гісторыкі 8—9 ст. прысвячалі свае творы араб. заваёвам, грамадз. войнам у Халіфаце 7 — пач. 8 ст. Цэнтрам араб. гістарыяграфіі доўгі час быў Ірак. Найб. значныя працы па ўсеагульнай гісторыі пакінулі аль-Белазуры (каля 820 — каля 892), Абу Ханіфы ад-Дынаверы (п. каля 895), аль-Якубі ат-Табары (832 ці 839—923, аўтар шматтомнай «Гісторыі прарокаў і цароў»), аль-Масудзі (п. у 956 ці 957), Хамзы аль-Ісфахані (п. у 2-й пал. 10 ст.) і інш. Гісторыкі 9—10 ст. вылучаліся энцыклапедычнасцю ведаў (Якубі і Масудзі). З 2-й пал. 10 ст. ў гістарыяграфіі пераважалі дынастыйныя і мясц. хронікі. У гіст. энцыклапедыі йеменскага гісторыка аль-Хамдані (п. у 2-й пал. 10 ст.) сабраны звесткі па генеалогіі, гісторыі, археалогіі, геаграфіі і л-ры Паўд. Аравіі. У 12—13 ст. дынастыйная гісторыя найб. развіта ў Сірыі, дзе створана ўсеаг. гісторыя Абу-ль-Фіда (1273—1331). У 15—16 ст. вядучае месца занялі егіп. гісторыкі (працы па гісторыі мамлюкаў, гіст. энцыклапедыі і ўсеагульныя хронікі), асабліва плеяда гісторыкаў-палігістараў (аль-Макрыдзі, 1364—1442), якія пакінулі шматтомныя працы па паліт.сац.-эканам. і культ. гісторыі Егіпта. Значнае месца займала біягр.л-ра: біягр. слоўнікі Якута, Ібн Халікана, зборы біяграфій дзеячаў навукі і інш.Гіст. творы на араб. мове напісаны і ў інш. краінах мусульм. Усходу.
Літаратура. Вытокі араб. л-ры ў вуснай нар. паэзіі вандроўных араб. плямёнаў. У дакласавым грамадстве склаліся паэтычныя жанры: ганьбаванне ворага (хіджа), пахвальба (фахр), песня помсты (сар), жалобнае галашэнне ці элегія (рыса), элементы любоўнай і апісальнай лірыкі (насіб і васф). Росквіт даісламскай (бедуінскай) паэзіі — 5—7 ст. У запісах 8—10 ст. (анталогія «Кніга песень» Абу-ль-Фараджа аль-Ісфахані і інш.) дайшлі вершы каля 125 паэтаў, сярод якіх абаронцы інтарэсаў сваіх плямёнаў (Амр ібн Кульсум, аль-Харыс ібн Хіліза), выразнікі ідэалаў патрыярхальнай даўніны (Тарафа, Лабід ібн Рабія), песняры воінскай доблесці (Антара ібн Шадад) або ўцех (Імру-уль-Кайс — стваральнік класічнай касыды), богашукальнікі (Умейя ібн Абі-с-Сальт), прыдворныя панегірысты (Набіга, Зухайр, Аша). Першы помнік араб. пісьменства і прозы — Каран. Увядзенне ісламу прыпыніла развіццё паэзіі, але з канца 7 ст. яна адраджаецца ў Сірыі і Іраку. У арыстакратычным асяроддзі вял. гарадоў Халіфата ўзнікла любоўная лірыка (Амар ібн Абі Рабія). Сярод бедуінаў Аравіі вылучаліся песняры ідэальнай любові. Пазней складаюцца рамант. аповесці пра пары закаханых (Джаміл і Бусайна, Меджнун і Лейла і інш.). Пры Абасідах араб.л-ра зазнала моцны ўплыў культуры народаў Пярэдняй Азіі, асабліва персаў. Пачынальнік «новага стылю» — паэт Башар ібн Бурд, тэарэтык — Ібн аль-Мутаз. Вылучаюцца геданістычная і вальнадумная лірыка Абу Нуваса і аскетычныя вершы Абу-ль-Атахія. У 9 ст. ў творчасці іх пераемнікаў, багдадскіх паэтаў, на першы план выступіла паліт. сатыра; у 10 ст. — грамадз. і філас. лірыка панегірыста аль-Мутанабі і сірыйскага паэта аль-Маары. Касыдную традыцыю падтрымлівалі паэты 9 ст.Абу Тамам і аль-Бухтуры. У прозе 8—9 ст. вядучае месца займалі аль-Джахіз і Ібн Кутайба. Празаікі 10 ст. — ат-Таўхідзі і ат-Танухі, стваральнік жанру авантурнай навелы (макамы) — Бадзі аз-Заман аль-Хамадані. З 8 ст. развіваецца араб.л-ра Магрыба, якая дасягнула найвышэйшага росквіту ў 11—12 ст. у гарадах араба-мусульм. Іспаніі. У 11 ст. ў творчасці севільскіх паэтаў (Ібн Зайдун, аль-Мутамід ібн Абад, Ібн Хамдзіс і інш.) сцвердзіўся ідэал асвечанага рыцара; у андалузскай паэзіі пашырыліся новыя, страфічныя формы араб. верша — мувашах, заджал (Ібн Кузман). Пасля мангольскага нашэсця (13 ст.) цэнтр араб. л-ры перамяшчаецца ў Егіпет і Сірыю. У 13—15 ст. і пазней з’яўляюцца нар. творы ў жанры сіра — цыклы вусных апавяданняў на гераічныя і любоўныя тэмы, своеасаблівыя рыцарскія раманы. Кн. казак «Тысяча і адна ноч» канчаткова склалася ў Егіпце (14—15 ст.).
Мастацтва. Арабская архітэктура ўвабрала ў сябе традыцыі Рыма, Візантыі, сасанідскага Ірана. Араб. архітэктары стварылі новыя тыпы і комплексы будынкаў: мячэці з мінарэтамі, маўзалеі-«дзюрбэ», медрэсэ, караван-сараі, палацы правіцеляў і інш., пашырылі купальныя канструкцыі і арнаментыку. Сярод выдатных арх. помнікаў мячэці Амеядаў у Дамаску (гл.Амеядаў мячэць) і Кубат ас-Сахра ў Іерусаліме (687—691), палацавыя комплексы ў Мшаце, Кусейр-Амра (абодва 8 ст., Іарданія). У перыяд праўлення Абасідаў у Самары пабудавана мячэць Мутавакіля (9 ст.) з конусным спіральным мінарэтам аль-Мальвія. Сярод выдатных помнікаў араб. дойлідства ў Каіры мячэці Ібн Тулуна (876—879), аль-Азхар (969—972), ансамблі султанаў Калауна (1284—85) і Хасана (1356—63). Своеасаблівая, т.зв. маўрытанская, архітэктура склалася ў Іспаніі (Вял. мячэць у Кордаве, 8—9 ст.; палацавы комплекс Альгамбра ў Гранадзе, 13—14 ст.).
Выяўленчае мастацтва развівалася пераважна ў насценных размалёўках, арх. пластыцы, разьбе, мініяцюры (Егіпет 10—11 ст., багдадская школа мініяцюры 13—14 ст.). Дэкар.-прыкладное мастацтва вызначалася дэкаратыўнасцю. Складанымі арнаментальнымі кампазіцыямі ўпрыгожвалі кнігі («Макамем» аль-Харыры, 11 ст.). Арабы стварылі і распаўсюдзілі арабескі і эпіграфічны арнамент — каліграфічна выкананыя надпісы. Шырока вядомыя вырабы маст. рамёстваў: кераміка і шкло Сірыі, Ірака, Егіпта, дамаская зброя, маўрытанская кераміка, маст. бронза (ліццё і чаканка), разьба па дрэве і камені, дэкар. шаўковыя і парчовыя тканіны.
У музыцы развіваліся старадаўнія песенныя жанры хіда (караванныя песні), хіджа (сатыр. песня) і інш. Існавалі араб.прафес. спевакі-паэты (шаіры). Сярод традыц. інструментаў мізхар, кісара, барбат (тыпы лютні), джанк (арфа), касаба (тып флейты), кус (літаўра). З 7 ст. развівалася класічная араб. музыка (пераважна вакальная), муз. навука (трактаты аль-Кіндзі, аль-Фарабі, Ібн Сіны, Сафі ад-Дзіна, аль-Ісфахані).
Літ.:
История философии. Т. 1. М., 1957. С. 222—236;
История философии в кратком изложении: Пер. с чеш. М., 1991. С. 342—349;
Основы религиоведения. М., 1994. С. 222—232;
Веймарн Б., Каптерева Т., Подольский А. Искусство арабских народов. М., 1960;
Еолян И. Очерки арабской музыки. М., 1977.
С.Ф.Дубянецкі (філасофія).
Да арт.Арабская культура. Старажытныя вароты Багдада.Да арт.Арабская культура. Мінарэт аль-Мальвія мячэці Мутавакіля ў Самары (Ірак). 9 ст. (злева); мазаіка мячэці Кубат ас-Сахра ў Іерусаліме. 7 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЗАМІ́ ГАНДЖЭВІ́ (Гянджэві) Абу Мухамед Ільяс ібн Юсуф
(каля 1141, г. Гянджа, Азербайджан — каля 1209),
азербайджанскі паэт і мысліцель. Меў рознабаковую адукацыю. Пачынальнік дыдактычнага жанру ва ўсх. паэзіі. Пісаў на перс. мове. Аўтар «Хамсэ» («Пяцерыцы») — твора з 5 паэм (60 тыс. вершаваных радкоў); філас.-дыдактычнай «Скарбніца таямніц» (паміж 1173 і 1180), любоўна-рамантычных «Хасроў і Шырын» (1181), «Лейлі і Меджнун» (1188, аднайм. опера У.Гаджыбекава, паст. 1908), «Сем прыгажунь» (1197, аднайм. балет К.Караева, паст. 1952) і «Іскандэр-намэ» (каля 1203). Паэмы адметныя шматграннасцю асэнсавання жыцця, гуманіст. зместам, дыдактычна-філас. ідэямі, вобразнасцю мовы. У іх тэмы кахання і жанчыны, стваральнай працы, ідэальнага правіцеля. Вядомы шматлікія назірэ (паэт. адказы) і наследаванні яго паэмам на розных мовах. Часткова захаваліся творы лірычнага дывана Н. (касыды, газелі, рубаі, кіт’а). На бел. мову раздзел з паэмы «Скарбніца таямніц» пераклалі А.Бачыла і Р.Няхай.
Тв.:
Рус.пер. — Пять поэм. М., 1968;
Стихотворения и поэмы. Л., 1981.
Літ.:
Бертельс Е.Э. Низами: Творческий путь поэта. М., 1956;
Мустафаев Дж. Философские и этические воззрения Низами. Баку, 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́НДЗІ, аль-КіндзіАбу Юсуф Якуб ібн Ісхак (латынізаванае Аль-кіндус; Alchindus, канец 8 ст., Куфа, Ірак — паміж 860 і 879), арабскі вучоны, філосаф, першы прадстаўнік усх. арыстоцелізму. У сваіх працах спалучаў філас. думку араб. ўсходу з ант. філасофіяй, наблізіўся да неаплатанізму. Аўтар пераказу твораў шэрагу грэч. філосафаў і каментарыяў да «Катэгорый» і «Другой аналітыкі» Арыстоцеля, «Элементаў» Эўкліда і «Альмагесту» Пталамея. Пад уплывам поглядаў мутазілітаў імкнуўся пагадзіць ідэі і светапогляд грэч. філосафаў з асновамі ісламу, за што праследаваўся. Распрацаваў канцэпцыю аб 3 ступенях навук. пазнання: ад логікі і матэматыкі праз прыродазнаўчыя навукі да праблем філасофіі. Прапанаваў тэорыю пра 5 прасубстанцый (матэрыя, форма, рух, прастора і час). Абгрунтаваў канцэпцыю аб 4 відах розуму (актуальны, патэнцыяльны, набыты і які праяўляецца). Яго філас. погляды паўплывалі на развіццё сярэдневяковай араб. і еўрап. філасофіі. Напісаў каля 200 навук. прац (захавалася больш за 40 трактатаў).
Тв.:
Рус.пер. — Трактат о количестве книг Аристотеля и о том, что необходимо для усвоения философии;
О первой философии;
Книга о пяти сущностях;
Объяснение ближней действующей причины возникновения и уничтожения // Избр. произв. мыслителей стран Ближнего и Среднего Востока IX—XIV вв. М., 1961.
Літ.:
Григорьян С.Н. Средневековая философия народов Ближнего и Среднего Востока. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ГРАФІЯ (ад грэч. kalligraphia прыгожы почырк),
мастацтва прыгожага і дакладнага пісьма. Вылучаецца кампазіцыйнай дасканаласцю, стылявым адзінствам, вобразнасцю, спалучэннем традыц. і нац., высокім выканаўчым майстэрствам (віртуознасць росчыркаў, выразнасць аўтарскай індывідуальнасці, інструмента і інш.).
Вытокі К. ў глыбокай старажытнасці Яе развіццё звязана з гісторыяй пісьма, шрыфту, пісьмовых прылад, эвалюцыяй маст. стыляў. Асаблівасці К. ў розных краінах абумоўлены сац. запатрабаваннямі, нац культ. і маст. традыцыямі, рэлігіяй і інш.Вял. значэнне аддавалася К. ў краінах з іерагліфічным пісьмом (Японія, Кітай і інш.; гл.Іерогліф) і арабскім, дзе мусульм. веравызнанне абмяжоўвае выяўл. творчасць. У працэсе развіцця К. вылучыліся 2 тэндэнцыі: адна абумоўлена функцыян. патрабаваннямі (зручнасць пісьма, яснасць і макс. распазнавальнасць знакаў, магчымасць чытаць на адлегласці), другая — падпарадкаваннем формы літар, слоў, тэксту маст. або дэкар. мэтам (дэкар. ўзорыстасць, якая набліжае пісьмо да арнаменту).
На Беларусі К. вядома з 10—11 ст. у рукапісных богаслужэбных кнігах. Развівалася на аснове кірыліцы ад устава і паўустава да скорапісу. Вял. ўвага аддавалася афармленню пач. старонак (змяшчалі арнамент, застаўкі, ініцыялы). 15—16 ст. — росквіт бел. К. (курсіў, у якім адчувальны ўплыў зах.-еўрап. познагатычнага пісьма). Традыцыі К. паўплывалі на шрыфты кніг Ф.Скарыны, якія ўяўляюць сабой творчы сінтэз бел. і зах.-еўрап. К. З’яўленне кнігадрукавання абмежавала выкарыстанне К. З развіццём машынапісу яна захавалася ў афармленні кніг, плакаце, рэкламе і інш. галінах, дзе выкарыстоўваюцца маст. маляваныя шрыфты, часам выступае як твор станковай графікі (Ю.Тарэеў і інш.).
Юсеф Сеід, Рамзі Мустафа, Саад Кяміль, Абу Халіль Лютфа. Карціна на тэму арабскай каліграфіі.Да арт.Каліграфія. Ю.Тарэеў. З трыпціха «Галасы». 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБО́ЎКА (Уладзімір Мікалаевіч) (15.7.1900, в. Агароднікі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 20.3.1976),
бел. паэт, празаік, перакладчык. Скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю (1918), Вышэйшы літ.-маст.ін-т імя В.Брусава (1924). У 1922—25 адказны сакратар пастпрэдства БССР пры Урадзе СССР. У 1924—27 выкладчык бел. л-ры ў Камуніст. ун-це народаў Захаду, у 1926—30 рэдактар «Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўраду Саюза ССР». У 1930 арыштаваны і асуджаны на высылку ў Яранск, у 1937 — на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Кіраўскай вобл., Чувашыі, на Д.Усходзе, у Грузіі, Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў вершаў «Строма» (1923), «Трысцё» (1925), «Credo» (1926), «Наля» (1927), паэм «Там, дзе кіпарысы» (1925), «Браніслава» (1929). Паэзія Д. вырасла на здабытках бел. фальклору, традыцыях Я.Купалы, М.Багдановіча, Т.Шаўчэнкі, А.Блока, В.Брусава і інш. Яна вызначаецца ўслаўленнем чалавека працы, патрыят. пафасам, увагай да гераічных старонак нац. гісторыі, актыўнасцю маст. пошукаў, высокай творчай культурай (вобразная асацыятыўнасць, глыбіня падтэксту, дасканаласць гукавой інструментоўкі, рытмічная гнуткасць, багацце рыфмы, моўная вынаходлівасць). Яго паэзія пашырыла выяўленчыя магчымасці бел. вершаванага слова, узбагаціла рамант. стылявую плынь у л-ры свайго часу. Філас. заглыбленасць, складаная сюжэтна-кампазіц. структура ўласцівы яго трылогіі (паэмы «Кругі», 1927; «І пурпуровых ветразей узвівы», 1929; «Штурмуйце будучыні аванпосты!», нап. 1929, апубл. 1965) — маштабнаму твору паэт. эпасу аб часе, лёсе мастацтва і шляхах яго развіцця, аб індустрыялізацыі краіны і калектывізацыі сельскай гаспадаркі. У 1920-я г. паэзія Д. вызначала істотныя асаблівасці літ. працэсу, рабіла плённы ўплыў на многіх бел. паэтаў. Пра мужнасць жанчыны, яе нялёгкі лёс у Вял.Айч. вайну, маральную чысціню і самаахвярнасць пісаў у шэрагу балад і паэмах «Перад іменем Любові» (1958), «Беларуская Арыядна» (1960). Поліфанічнай песняй пра Беларусь і яе народ стала кн. «Палеская рапсодыя» (1961, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1962). Аўтар навук.-прыгодніцкіх аповесцей для дзяцей «Жоўтая акацыя» (1967) і «Ганна Алелька» (1969), якія займальна папулярызуюць доследніцтва, вучаць па-гаспадарску ставіцца да прыроды. Аўтабіягр. апавяданні-абразкі склалі кн. «Пялёсткі» (1973). З высокім майстэрствам рабіў апрацоўкі фальклорных сюжэтаў (зборнікі «Цудоўная знаходка», 1960; «Кветкі — сонцавы дзеткі», 1963; «Казкі», 1968; «Залатыя зярняты», 1975). На бел. мову перакладаў творы У.Шэкспіра («Санеты», 1964), Дж.Байрана (вершы, паэмы «Шыльёнскі вязень», «Бронзавы век», містэрыя «Каін»), І.В.Гётэ, У.Сыракомлі, Ю.Славацкага, Ду Фу, Абу-ль-Фараджа аль-Ісфахані, А.Пушкіна, Брусава, С.Ясеніна, А.Пракоф’ева, П.Тычыны, У.Сасюры, М.Рыльскага і інш. Аўтар артыкулаў пра бел. л-ру, фальклор, мову і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1965;
[Вершы]. Мн., 1970;
Як Алік у тайзе заблудзіўся. Мн., 1974.
Літ.:
Бугаёў Дз. Уладзімір Дубоўка. Мн., 1965;
Яго ж. Талент і праца. Мн., 1979. С. 3—49;
Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981. С. 86—117;
Лойка А., Пшыркоў Ю. Пясняр высокіх дум і глыбокіх пачуццяў // На высокай хвалі. Мн., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́К, Іракская Рэспубліка (Аль-Джумхурыя аль-Іракія),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, у Месапатаміі. Мяжуе на Пн з Турцыяй, на ПнЗ з Сірыяй, на З з Іарданіяй, на ПдЗ з Саудаўскай Аравіяй і нейтральнай зонай, на Пд з Кувейтам, на ПнУ з Іранам, на ПдУ абмываецца Персідскім залівам. Падзяляецца на 18 мухафаз (губернатарстваў). Пл. 434,9 тыс.км². Нас. 22 219 тыс.чал. (1996). Сталіца — г.Багдад. Афіц. мова — арабская і курдская. Нац. свята — 17 ліп. (Дзень Рэвалюцыі).
Дзяржаўны лад. Паводле часовай канстытуцыі 1968 (са зменамі 1973 і 1974) І. — нар.-дэмакр. рэспубліка, эканам. сістэма якой грунтуецца на сацыяліст. прынцыпах. Вышэйшы орган дзярж. улады — Савет рэв. камандавання (9 чал., выбіраюцца сярод членаў іракскага кіраўніцтва Партыі араб.сацыяліст. адраджэння). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца Саветам рэв. камандавання сярод яго членаў), які адначасова з’яўляецца старшынёй Савета і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. ўлада належыць парламенту (250 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады), у склад якога ўваходзіць Курдскі канстытуцыйны савет (50 чал., выбіраюцца ў Курдскім аўт. раёне). Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам, на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Большая ч.тэр. краіны занята Месапатамскай нізінай, складзенай з рачных наносаў рэк Тыгр і Еўфрат. Паўд.ч. яе забалочаная. Нізіна нахілена з ПнЗ на ПдУ. На Пн і ПнУ — ускраіны Арм. і Іранскага нагор’яў з хрыбтамі выш. да 3—3,5 тыс.м.Найб. вышыні знаходзяцца каля іракска-тур. граніцы (Усх. Таўр) і на ПнУ (Курдыстанскія горы). Зах.ч. займае плато Сірыйскай пустыні з сярэднімі выш. 300—400 м. Карысныя выкапні: нафта (каля 20 млрд т), прыродны газ (каля 3 трыльёнаў м³), каменны вугаль, каменная соль, жал. і медная руды, фасфарыты, бітум, сера, буд. матэрыялы. Асн. радовішчы нафты і прыроднага газу на Пн каля Кіркука і Масула, на Пд каля Басры. Клімат паўн.ч. міжземнаморскі, паўд. — сухі, трапічны. У межах раўнін сярэдняя т-растудз. ад 7 °C на Пн да 11 °C на Пд, чэрв. ад 32 °C на Пн да 34 °C на Пд. Ападкаў ад 500 мм на Пн (у гарах да 1500 мм) да 50—100 мм за год на Пд. Тэрыторыю І. сярэднім і ніжнім цячэннем перасякаюць рэкі Тыгр і Еўфрат, якія на Пд зліваюцца і ўтвараюць р. Шат-эль-Араб. Выкарыстоўваюцца на арашэнне і для суднаходства. У Ніжняй Месапатаміі поймавыя азёры. У пустынных раёнах часовыя вадатокі (вадзі). Расліннасць стэпавая і паўпустынная, на ПдЗ пустынная, у гарах калючыя хмызнякі і рэдкія дрэвы фісташкі, смакоўніцы і інш. Па берагах рэк галерэйныя лясы, насаджэнні фінікавых пальмаў. Лясы займаюць 2% тэрыторыі. Жывёльны свет: газель, дзікі асёл, паласатая гіена, шакал, леапард і інш. Каля 20 запаведнікаў і заказнікаў.
Насельніцтва. Жывуць арабы (75%), курды (больш за 20%, пераважна на Пн), туркмены, асірыйцы, іранцы (персы), армяне і інш. Курды і ч. арабаў захоўваюць племянны падзел. У краіне больш за 100 качавых, паўкачавых і аселых плямён. Амаль усе вернікі мусульмане (96%). Сярод іх 60% шыіты, 40% суніты. Сярэдняя шчыльн. 51,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 300 чал. на 1 км²) заселены цэнтр.ч. Месапатаміі, берагі Тыгра і Еўфрата, перадгор’і. У гарадах жыве каля 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., з прыгарадамі, 1996): Багдад — 4336, Эрбіль — 1743, Масул — 879. У прам-сці занята 22% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 30%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. На тэр. сучаснага І., якая ў асноўным супадае з Месапатаміяй, існавалі стараж. цывілізацыі; буйнейшыя з іх — Шумер, Асірыя, Вавілонія. З сярэдзіны 6 ст. да н.э.тэр. І. ўваходзіла ў Ахеменідаў дзяржаву, з 4 ст. да н.э. — у дзяржаву Аляксандра Македонскага, потым — у дзяржаву Селеўкідаў, Парфянскае царства У 630-я г. Месапатамія заваявана арабамі і ў 661 увайшла ў склад Амеядаў халіфата. Б.ч. насельніцтва паступова прыняла іслам і араб. мову. Пры Абасідах (750—1258) засн. новая сталіца халіфата Багдад, які стаў паліт. і культ. цэнтрам усяго мусульм. свету. У 1055 Багдад, пазней і ўся Месапатамія заваяваны сельджукамі (гл.Сельджукская дзяржава), у 2-й пал. 13 ст. — манголамі. У канцы 14 — пач. 15 ст.тэр. І. ўвайшла ў склад імперыі Цімура, пасля распаду якой яна стала арэнай барацьбы паміж асобнымі правадырамі манг.-цюрк. родаў, а потым паміж Сефевідамі (гл.Сефевідаў дзяржава) і туркамі. З 17 ст. і да канца 1-й сусв. вайны тэр. І. ўваходзіла ў Асманскую імперыю. З канца 16 ст. І. таксама — аб’ект экспансіі еўрап. дзяржаў, асабліва Англіі, у апошняй чвэрці 19 ст. і Германіі. У 1917—18 брыт. войскі акупіравалі б.ч. Месапатаміі, Багдад і багаты нафтай Масульскі вілает. У крас. 1920 Вялікабрытанія атрымала мандат Лігі нацый на кіраванне дзяржавай І., створанай ёю з трох вілаетаў б. Асманскай імперыі (Басрскага, Багдадскага, Масульскага). Гэта выклікала нац.-вызв. паўстанне, якое летам 1920 ахапіла ўсю краіну. Пасля задушэння паўстання ў кастр. 1920 створаны «нац. ўрад» І., які залежаў ад Вялікабрытаніі. У жн. 1921 краіна абвешчана канстытуцыйнай манархіяй на чале з эмірам Фейсалам I з дынастыі Хашымітаў. У 1922 Вялікабрытанія заключыла з І. т. зв. саюзны дагавор, што замацоўваў у ёй англ. панаванне; падпісаны ў 1930 англа-іракскі дагавор захоўваў паліт., эканам. і ваен. пазіцыі Вялікабрытаніі (гл.Англа-іракскія дагаворы і пагадненні 1922, 1926, 1930, 1948, 1955). У 1932 І. абвешчаны незалежным і прыняты ў Лігу нацый. У 1930-я г. і ў час 2-й сусв. вайны ў краіне адбыўся шэраг паўстанняў курдаў, якія вялі барацьбу за аўтаномію, і дзярж пераваротаў. У пач. 1930-х г. значны ўплыў у краіне мелі камуністы (створаны прафсаюзы, пашырыўся забастовачны рух), у 1934 засн. Іракская камуніст. партыя (ІКП). У пач. 2-й сусв. вайны І. разарваў дыпламат. адносіны з Германіяй. Аднак складаная ўнутр. сітуацыя і антыбрыт. скіраванасць іракскага грамадства спрыялі ўзмацненню прагерм. настрояў. У крас. 1941 адбыўся антыбрыт. дзярж. пераварот Р.А. аль-Гайлані, пасля ліквідацыі якога (май 1941) І. акупіравалі брыт. войскі; у 1943 І. аб’явіў вайну дзяржавам фаш. блоку. І. — адзін з заснавальнікаў Лігі араб. дзяржаў (1945). Яго войскі ўдзельнічалі ў араба-ізраільскай вайне 1948—49 (у выніку з краіны эмігрыравала каля 130 тыс. яўрэяў). У 1948—58 урад ліквідаваў ІКП (у 1949 пакараны смерцю 4 яе кіраўнікі), правёў адм. і эканам. рэформы, перадаў канцэсіі на здабычу нафты ЗША і Вялікабрытаніі. У 1955 І. заключыў з Турцыяй дагавор, які стаў асновай Багдадскага пакта (гл.Арганізацыя цэнтральнага дагавора).
У выніку ваен. перавароту 14.7.1958 (гл.Іракская рэвалюцыя 1958) скінута манархія, І. абвешчаны рэспублікай, прынята часовая канстытуцыя, якая гарантавала роўныя правы ўсім грамадзянам і аўтаномію курдам. Урад ген. А.К.Касема праводзіў палітыку т. зв. пазітыўнага нейтралітэту (у 1959 І. выйшаў з Багдадскага пакта, ліквідаваны замежныя ваен. базы, выведзены брыт. войскі), аднавіў дыпламат. адносіны з СССР. Ва ўнутр. палітыцы Касем карыстаўся дыктатарскімі метадамі, апіраючыся на падтрымку камуністаў. У 1961 успыхнула новае паўстанне курдаў, якія не атрымалі абяцанай аўтаноміі. Прэтэнзіі І. на Тэр. Кувейта выклікалі асуджэнне інш араб. краін. Ваен. пераварот 1963 адбыўся пад лозунгамі антыкамунізму і араб. адзінства; да ўлады прыйшло крайняе правае крыло Партыі арабскага сацыялістычнага адраджэння (БААС). Пачаліся масавыя рэпрэсіі і тэрор, адноўлены ваен. дзеянні супраць курдаў. У выніку дзярж. перавароту 18.11.1963 уладу захапіла ваен. групоўка, якую падтрымлівалі памяркоўныя колы БААС. У 1965 І. разарваў дыпламат. адносіны з ФРГ (пасля прызнання ёю Ізраіля), пасля ізраільска-араб. вайны 1967 — з ЗША і Вялікабрытаніяй (да 1968), налажыў эмбарга на пастаўкі нафты ў гэтыя краіны. 17.7.1968 кіраўнікі партыі БААС ажыццявілі дзярж. пераварот, ген. С.А.Х. аль-Бакр стаў прэзідэнтам і ўзначаліў Савет рэв. камандавання, да якога перайшла ўся ўлада. Аль-Бакр падтрымаў курс на сацыяліст. арыентацыю і цесныя сувязі з СССР. Праведзена агр. рэформа, нацыяналізаваны замежныя нафтавыя кампаніі, у 1974 курды атрымалі абмежаваную аўтаномію. У 1979 пераемнікам аль-Бакра стаў С.Хусейн. У выніку супярэчнасцей у Савеце рэв. камандавання ч. яго членаў абвінавачана ў спробе дзярж. замаху і пакарана смерцю, рэпрэсіраваны камуністы, палепшыліся адносіны з зах. краінамі (І. разам з інш.араб. краінамі асудзіў інтэрвенцыю СССР у Афганістане). У чэрв. 1980 адбыліся першыя ўсеагульныя выбары (права голасу атрымалі і жанчыны), выбраны парламент — Нац. сход. Пагаршэнне адносін з Іранам прывяло ў вер. 1980 да ірана-іракскай вайны 1980—88, якая нанесла вял.эканам. страты абодвум бакам. Фін. дапамога Саудаўскай Аравіі, Кувейта і Аб’яднаных Араб. Эміратаў дала І. магчымасць аднавіць ваен. патэнцыял. Канфлікт з Іранам паспрыяў паляпшэнню іракска-егіп. адносін (Егіпет пастаўляў зброю для арміі І.), а таксама аднаўленню ў 1984 дыпламат. адносін з ЗША, больш цеснаму супрацоўніцтву з Францыяй (пастаўкі зброі для І.). У жн. 1988 заключана перамір’е з Іранам. У 1990 І. прад’явіў Кувейту непрымальныя фін. і тэр. патрабаванні, і ў жн. 1990 яго войскі акупіравалі Кувейт. Савет Бяспекі ААН асудзіў акт агрэсіі, патрабаваў вываду войск І. з Кувейта. У ліст. 1990 Савет Бяспекі ААН ухваліў рашэнне аб выкарыстанні ваен. сілы супраць І. У студз. 1991 войскі антыіракскай кааліцыі пачалі ваен. дзеянні, якія скончыліся капітуляцыяй І. і прызнаннем ім рэзалюцыі Савета Бяспекі ад 3.4.1991 аб умовах перамір’я. У маі 1992 іракскія курды абвясцілі аб стварэнні сваёй аўт. дзяржавы, але ўрад І. не прызнаў яе і пачаў фактычную эканам. блакаду Курдыстана. Нявырашанасць курдскай праблемы і эканам. крызіс, выкліканы міжнар. санкцыямі, ускладнілі ўнутрыпаліт. сітуацыю ў краіне. І. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты, Араб. лігі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1996.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыя араб.сацыяліст. адраджэння (БААС) — правячая, Дэмакр. партыя Курдыстана, Патрыят. саюз Курдыстана, Іракская камуніст. партыя (на нелегальным становішчы); Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.
Гаспадарка. І. — індустр.-агр. краіна. Аснова эканомікі — здабыча нафты. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) за апошнія гады значна паменшаў (у 1995 да 41,1 млрд.дол.) і складае каля 1,8 тыс. долараў на 1 чал. ў год. Доля ў ВУП нафтаздабыўной і нафтаперапр. прам-сці каля 67%, апрацоўчай прам-сці каля 7, сельскай гаспадаркі каля 6%. Пасля 1958 праведзены агр. рэформы, нацыяналізаваны банкі, страхавыя т-вы, буйныя прамысл. і гандл. прадпрыемствы, створаны дзярж. сектар, у т. л. Іракская нафтавая кампанія. Больш за 75% прамысл. прадукцыі ствараецца ў дзярж. сектары. Эканам. сітуацыя ў краіне пасля агрэсіі супраць Кувейта застаецца складанай. Рашэннямі Савета Бяспекі ААН устаноўлены рэжым санкцый, забаронены экспарт усіх відаў сыравіны, у т. л. нафты і гатовых вырабаў, продаж або перадача ўзбраенняў і ваен. тэхнікі. Гал. галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Максімальны ўзровень здабычы дасягнуты ў 1979—175 млн.т, у 1996—29,6 млн.т. Буйныя нафтапромыслы знаходзяцца на Пн у раёне Кіркука (Джамбур, Бай-Хасан і інш.) і Масула (Айн-Зала, Каяра, Бутма і інш.). Працуюць нафтаперапр. з-ды ў Кіркуку і Эль-Хадыце. Цяжкая нафта з радовішчаў каля Масула перапрацоўваецца на нафтаперапр. з-дзе ў Каяры пераважна на змазачныя маслы. На Пд нафту здабываюць у Эз-Зубайры і Эр-Румайле. Разам з нафтай здабываюць серу і прыродны гаручы газ. У Басры прадпрыемствы па звадкаванні газу. Вядзецца здабыча фасфатаў, мармуру, солі, кварцу. Энергетыка засн. на выкарыстанні нафты і газу. Вытв-сць электраэнергіі 25,7 млрд.кВт∙гадз (1996). У апрацоўчай прам-сці пераважаюць дробныя і сярэднія прадпрыемствы. Адноснае развіццё атрымала вытв-сцьтэкст. і швейная (Багдад, Масул, Сулейманія, Кербела), гарбарна-абутковая (Багдад, Эрбіль, Масул, Кіркук, Басра, Эль-Кут), буд. матэрыялаў (Сулейманія, Масул, Эль-Куфа, Ум-Каср). Шмат прадпрыемстваў харч. прам-сці (млыны, цукр. з-ды, ф-кі кансервавыя і па апрацоўцы фінікаў). Ёсць прадпрыемствы цэм., шкляной, металаапр., аўтазборачнай, хім., эл.-тэхн., фармацэўтычнай, папяровай прам-сці. За апошнія дзесяцігоддзі актыўна развіваецца ваен.прам-сць. Развіта саматужная вытв-сць абутку, дываноў, ювелірных вырабаў, посуду, цыновак і інш. Каля палавіны прамысл. прадукцыі краіны ствараецца ў Багдадзе, Басры, Масуле.
Для развіцця сельскай гаспадаркі прыдатна каля 12 млн.га зямель, пад ворыва выкарыстоўваецца каля 8 млн.га, у т. л. 2,5 млн.га арашаецца. Земляробства развіта пераважна ў Ніжняй Месапатаміі і ў перадгор’ях; у паўд. і цэнтр. раёнах яно выключна арашальнае, у паўн. раёнах — багарнае. Раслінаводства экстэнсіўнага характару. Збожжавыя (гадавы збор каля 2 млн.т) займаюць 90% пасяўной плошчы. Вырошчваюць азімую пшаніцу, сачавіцу, ячмень (на Пн), рыс (на Пд). З тэхн. культур гал. бавоўнік і тытунь. І. займае 1-е месца ў свеце па вырошчванні фінікаў (каля 30 млн. дрэў, гадавы ўраджай каля 200—300 тыс.т). Развіта садоўніцтва, вінаградарства, агародніцтва. Жывёлагадоўля пераважна качавая. Як пашы выкарыстоўваюцца каля 35 млн.га ў пустынных, паўпустынных і горных раёнах. У 1996 было (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 2,5, авечак і коз — 15. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў, вярблюдаў. Рыбалоўства ў рэках, каналах, азёрах і Персідскім заліве. Асн. від транспарту — аўтамабільны (каля 70% усіх перавозак). Даўж. чыгунак 3 тыс.км, аўтадарог — больш за 45 тыс.км, з іх больш за 20 тыс. з цвёрдым пакрыццём. Тыгр, Еўфрат, Шат-эль-Араб і некат. арашальныя каналы выкарыстоўваюцца для дробнатанажнага суднаходства. Гал. марскія парты Басра, Ум-Каср і Фао (экспарт нафты). Агульны танаж танкернага флоту 2,1 млн. т. Дзейнічаюць нафтаправоды даўж. 4,2 тыс.км, нафтапрадуктаправоды 0,7 тыс.км і газаправоды даўж. 2,6 тыс.км. Знешнеэканам. сувязі краіны з-за санкцый Савета Бяспекі ААН абмежаваныя. У даваен. час (да 1979) нафтавы сектар даваў 95% экспарту. Даходы ад экспарту нафты складалі штогод 21—26 млрд.дол., у 1994 імпарт — 1,9 млрд.дол., экспарт — 0,45 млрд. долараў. Гандаль пераважна з ЗША, Германіяй, Бразіліяй, Іарданіяй (транзітны). У 1996 экспарт нафты склаў толькі 5% ад узроўню 1979. І. экспартуе таксама фінікі, скуры, шэрсць; імпартуе харч. і прамысл. тавары. Знешні доўг больш за 50 млрд. долараў. Грашовая адзінка — іракскі дынар.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (1997) каля 1 млн.чал., у т. л. 450 тыс.узбр. рэзервістаў. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі налічваюць 350 тыс.чал. асабовага складу, маюць на ўзбраенні каля 2,7 тыс. танкаў, каля 3 тыс. бронеаўтамабіляў, больш як 2 тыс. гармат і мінамётаў, рэактыўную і зенітную артылерыю, ракетныя ўстаноўкі і інш. У ВПС 35 тыс.чал., больш як 300 баявых і трансп. самалётаў, каля 240 вучэбных самалётаў, 400 верталётаў. У ВМС каля 2,5 тыс.чал., 9 баявых караблёў і 7 катэраў.
Літаратура. Першыя літ. помнікі на тэр. І. створаны ў 3-м тыс. да н.э, на вавілонскім дыялекце. Самы вядомы твор вавілона-асірыйскай л-ры (гл. ў арт.Вавілона-асірыйская культура) — эпічная песня пра Гільгамеша. Багатая сярэдневяковая араб.л-ранайб. развіццё атрымала ў Багдадзе — цэнтры араб. культуры (гл.Арабская культура). Больш за 300-гадовае ўладаранне Асманскай імперыі прывяло да заняпаду краіны, яе культуры. Росквіт уласна іракскай л-ры прыпадае на 19 ст., перыяд т. зв. літ. ўздыму (ан-нахда аль-адабія). У 1854 А.Б. аль-Омары стварыў дыван «Рэшткі добрага», панегірычныя вершы, у т. л. папулярныя «Касыды плашча». У вершах А.Г. аль-Ахраса гучаў заклік да міласэрнасці. Асаблівую напружанасць пачуццяў набыла яго паэзія ў вершах, звернутых да паэта-бунтара М.А.Г. аль-Джаміля. Яго хамрыят (вершы пра віно) нагадваў вершы Абу Нуваса (8—9 ст.). Значнае месца ў тагачаснай л-ры належала паэту, празаіку і філосафу А.С. аль-Алюсі, аўтару твораў «Дзіўнае і дзівоснае ўдалечыні ад радзімы і забавы душы ў вандроўцы, знаходжанні на чужыне і пры вяртанні», «Ап’яненне універсальнымі ведамі пры падарожжы ў Стамбул» і інш.Асв. і літ. дзейнасць у той час вялі А.Н. аль-Ансары, аль-Омары, І. ат-Табатабаі, Дж. аш-Шаркі. Адлюстраванне тэмы тэхн. прагрэсу ў канцы 19 — пач. 20 ст. нарадзіла новую форму — баркіят — верш тэлегр. стылю, які нагадваў шараду(М. аль-Казвіні). Паэта А.М. аль-Казымі на Араб. Усходзе называлі «паэтам арабаў». Да класічнай іракскай школы канца 19 ст. належыць творчасць Дж.С. аз-Захаві. М. ар-Русафі ў вял. главе свайго «Дывана» (1910) адлюстраваў шэраг драм. момантаў з сярэдневяковай гісторыі І. «Вершаваныя апавяданні» ар-Русафі і аз-Захаві — першыя творы л-ры І. з дакладна выяўленай сюжэтнай лініяй, што сталі перадумовай стварэння апавяданняў і аповесцей. Сярод сучасных літаратараў І. вылучаюцца: А.Зу-н-Нун («Справа Маджыда Рахіма», «Доктар Ібрахім»), аль-Джахіз («Кніга пра скупых»), Абу-ль-Фараджаль-Ісфахані, А.М. ар-Рубаі («Каралеўства дзеда»), А.Муніф («На ўсход ад Міжземнамор’я»), Б. аль-Хатыб («Самія з Александрыі»), С.Джамал («Ён вярнуўся», «Прэзідэнт», «Тры гваздзікі», «Падманутыя надзеі», «Чорныя ружы»), Г.Т.Фарман («Пяць галасоў») і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найбольш стараж. помнікі мастацтва на тэр. І. адносяцца да канца 8-га тыс. да н.э. (раскопкі паселішчаў у даліне Сінджара, помнікі археал. культур Урука, Джэмдэт-Насра, Эль-Абейда). У 4—1-м тыс. да н.э. развівалася мастацтва Шумера, Акада, Асірыі, Вавілоніі (гл.Вавілона-асірыйская культура). Захаваліся помнікі эліністычнага мастацтва, Парфянскага царства, дзяржавы Сасанідаў.
Вял. роля належыць І. ў фарміраванні араб. культуры. У 630-я г. тут заснаваны гарады Эль-Куфа, Басра, у пач. 8 ст. — Васіт. Захаваліся руіны помніка раннесярэдневяковага араб. дойлідства — Ухайдыра. У 762 пачаў будавацца Мадынат ас-Салам (сучасны Багдад). Да архітэктуры перыяду халіфата Абасідаў адносяцца пабудовы Самары (грандыёзныя палацавыя і культавыя ансамблі, умацаваныя мурамі і вежамі, у т. л. палац Джаусак, спіралепадобны мінарэт аль-Мальвія). Мастацтва прадстаўлена фрагментамі сценапісу і размалёўкі па дрэве, арнаментальнымі стукавымі рэльефамі і разнымі драўлянымі панэлямі. У Багдадзе і на Пн І. развівалася кніжная мініяцюра. У 10—11 ст.манум.буд-ва заняпала. Архітэктура 12—1-й пал. 13 ст. вылучалася дакладнымі аб’ёмна-прасторавымі кампазіцыямі, скляпеністымі памяшканнямі, высокімі парталамі, купаламі на тромпах; у дэкоры выкарыстоўвалі ўзорысты цагляны мур, разную тэракоту, часам рэльефы. Былі пашыраны васьмерыковыя маўзалеі з высокімі канічнымі ячэістымі купаламі (т.зв. маўзалей Зубайды ў Багдадзе). У 12—13 ст. дасягнула росквіту т. зв. багдадская школа мініяцюры, якой уласцівы лаканічныя ілюстрацыі да навук. трактатаў («Фармакалогія» Дыяскарыда, рукапісаў Кітаб аль-дырыяк і інш.). Мініяцюры паўн. І. вылучаліся ўрачыстай параднасцю («Кніга песняў»), У 2-й пал. 13—15 ст.буд-ва амаль не вялося. Архітэктуры 16—17 ст. уласцівы ўплывы сефевідскага Ірана: вял. купальныя маўзалеі-мячэці (у Багдадзе, Кербеле, Неджэфе) з яркім паліхромным дэкорам. Для нар. жылля характэрна планіроўка з унутр. дваром, лоджыямі і калонным айванам, вокны і балконы з узорыстымі драўлянымі кратамі. У дэкар.-прыкладным мастацтве важнае месца займала кераміка з рэльефным дэкорам, які змяшчаў выявы людзей і жывёл (8—14 ст.), глазураваная з размалёўкай люстрам (9 ст.), паліхромнай падглазурнай размалёўкай. Былі пашыраны маст. вырабы з металу — пасудзіны ў выглядзе птушак або звяроў (8—9 ст.), аздобленыя чаканкай, гравіроўкай, сярэбранай інкрустацыяй (13 ст.), а таксама ткацтва (залататканыя, шаўковыя і льняныя тканіны). Сярэдневяковыя маст. традыцыі захаваліся да 20 ст. Сучасная архітэктура імкнецца падпарадкаваць міжнар. стандарты мясц. кліматычным умовам, выкарыстоўваць элементы традыц. планіроўкі і дэкору. У пач. 20 ст. зарадзіўся алейны жывапіс (А.К. ар-Расам, М.С.Закі і інш.), развіваліся скульптура і графіка. Пасля 1958 пашырыліся прапагандысцкія формы манум. мастацтва (манумент «Рэвалюцыя 14 ліпеня» Дж.Саліма, 1959—60, і інш.), у станковым мастацтве — сац.-быт. партрэт і тэматычная карціна, выкарыстанне мясц.маст. традыцый і вопыту сусв. мастацтва (Ф.Хасан, Х. ад-Дурубі, М.Ахмед). На тэр. І. на працягу стагоддзяў развіваецца маст. культура курдаў. Музеі: Іракскі (засн. ў 1923), араб. старажытнасцей (1937), этнаграфічны (1941), сучаснага мастацтва (1963), палаца Абасідаў (1935) — усе ў Багдадзе, Масульскі (1951), Вавілонскі (засн. ў 1949 на руінах Стараж. Вавілона).
Герб і сцяг Ірака.Да арт.Ірак. Ландшафт у гарах Курдыстана.Да арт.Ірак. Панарама Багдада.Да арт.Ірак. Ландшафт у гарах Курдыстана.Да арт.Ірак. Панарама Багдада.Да арт.Ірак. Панарама Багдада.Да арт.Ірак. Танцоўшчыцы. Фрагмент размалёўкі палаца Джаусак у Самары. 9 ст.Да арт.Ірак. Глінянае вядро з размалёўкай люстрам.Да арт.Ірак. Залаты збанок. 2-я пал. 10 ст.Да арт.Ірак. Тытульны ліст рукапісу Кітаб аль-дырыяк. Масул. 1199.Да арт.Ірак. Мячэць Мутавакіля ў Самары з мінарэтам аль-Мальвія. Сярэдзіна 9 ст.