КАСПІ́ЙСКАЕ МО́РА, Каспій (назва ад стараж. племя каспіяў; інш.гіст. назвы — Гірканскае, Хазарскае, Хвалынскае мора),
буйнейшы ў свеце замкнёны вадаём на мяжы Еўропы і Азіі. Абмывае берагі Расіі, Казахстана, Туркменістана, Азербайджана і Ірана. Пл. 378,4 тыс.км². Ляжыць на 28 м ніжэй узр. акіяна (1990). З 1929 па 1977 адзначалася зніжэнне ўзроўню вады з -25,9 м да -29 м (самая нізкая адзнака за 400 гадоў), з 1978 пачаўся пад’ём. Даўж. з Пн на Пд 1030 км, шыр. 435 км. Аб’ём вады 78,1 тыс.км³, пераважаюць глыб. 180—200 м. Паводле характару рэльефу і асаблівасцей гідралагічнага рэжыму К.м. падзяляецца на паўн., сярэднюю і паўд. часткі. Паўн. Каспій мелкаводны (глыб. да 25 м), займае 24,3% пл. мора і 0,5% аб’ёму. Рэльеф дна — хвалістая акумулятыўная раўніна. У межах Сярэдняга Каспія (36,4% пл. мора, 33,9% аб’ёму, сярэдняя глыб. 192 м) вылучаецца Дэрбенцкая ўпадзіна (глыб. да 788 м), шэльф і мацерыковы схіл. Паўд. Каспій самы глыбакаводны (да 1025 м, Паўд.-Каспійская ўпадзіна), займае 39,3% пл. мора і 65,5% аб’ёму. Дно ўпадзіны — плоская абісальная раўніна, у паўн.ч. некалькі хрыбтоў. Даўж. берагавой лініі К.м. каля 7 тыс.км. Паўн. берагі нізінныя, зах. і паўд. месцамі гарыстыя, да іх падыходзяць адгор’і Каўказа і Эльбурса, усх. — узвышаныя. Берагавая лінія пераважна мала расчлянёная. Буйныя залівы: Кізлярскі, Мангышлакскі, Казахскі, Краснаводскі, Кара-Багаз-Гол (у 1980 аддзелены глухой дамбай, у 1984 пабудавана водапрапускное збудаванне). Каля 50 тыс. астравоў і некалькі соцень гразевых вулканаў. Найб. астравы: Цюленевы, Чэчэнь, Арцёма, Агурчынскі і інш. У К.м. ўпадаюць рэкі Волга, Эмба, Урал, Кура, Церак, Гарган, Сефідруд. Рачны сцёк дае каля 80% прыбаўлення вады, 18,6% — атмасферныя ападкі, 0,4% — падземны сцёк. Клімат кантынентальны, характэрны антыцыкланальныя ўмовы надвор’я, сухія вятры, рэзкія ваганні тэмпературы, малая колькасць ападкаў (акрамя паўд.-зах. часткі). Т-ра паветра зімой ад -10 °C на Пн да 12 °C на Пд, летам 24—28 °C. Т-ра вады на паверхні зімой ніжэй за 0 °C на Пн, 13 °C на Пд; паўн. частка К.м. замярзае на 2—3 месяцы. За год над морам выпадае ў сярэднім каля 200 мм ападкаў. Салёнасць вады 12,6—13,2‰ на Пн, каля вусця р. Волга 0,05‰, у зал. Кара-Багаз-Гол 300‰. Пастаянныя цячэнні супраць гадзіннікавай стрэлкі. Частыя ўмераныя і моцныя вятры выклікаюць хвалістасць (выш. хваль да 8—10 м на Пд і да 4 м на Пн). У К.м. ёсць 1814 відаў і падвідаў фауны і 733 флоры. Сярод раслін пераважаюць водарасці, у жывёльным свеце — інфузорыі (460 відаў), малюскі (118), рыбы (110) і 1 від млекакормячых (цюлень), 312 відаў птушак. 44% відаў прыпадае на стараж. аўтахтонныя, 2,2% — міжземнаморскія, 1,2% — арктычныя. Прэснаводныя складаюць 19,4%, марскія — 33,2%; эндэмізм у асобных групах дасягае каля 80%. Рыбалоўства (каля 80% сусв. здабычы асятровых рыб, лешч, сазан, судак і інш.). Промысел цюленя. Здабыча нафты і газу (Бакінскі нафтагазаносны басейн, п-аў Чэлекен, Бузачы і інш.), глаўберавай солі (зал. Кара-Багаз-Гол). Канцэнтрацыя нафтапрадуктаў і фенолаў перавышае ўзровень дапушчальнага забруджвання (ад 2 да 16 гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі). Вял.трансп. значэнне; К.м. злучана ўнутр. воднымі шляхамі з Чорным, Азоўскім, Балтыйскім і Белым морамі. Паромная чыг. пераправа Баку—Туркменбашы. Гал. парты: Астрахань, Махачкала (Расія), Баку (Азербайджан), Туркменбашы (Туркменістан), Энзелі (Іран). На зах. узбярэжжы — курортная зона. Запаведнікі — Астраханскі, Гызылагаджскі, Краснаводскі.
Літ.:
Касымов А.Г. Каспийское море. Л., 1987;
Клиге Р.К. Каспийское море: проблемы и прогнозы // Земля и Вселенная. 1992. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ФЛЯ (ням. Kachel),
керамічныя пліткі для абліцоўкі печаў, камінаў, сцен у памяшканнях. З адваротнага боку маюць выгляд адкрытай скрынкі (румпы) для замацавання ў муроўцы. З пярэдняга (вонкавага) боку бываюць гладкія, рэльефныя, пакрытыя белай або каляровай глазурай (маёлікавая К.), а таксама неглазураваныя (тэракотавыя); паводле формы — плоскія, вуглавыя, карнізныя. Вырабляюцца з сярэднепластычных ганчарных мергелістых і фаянсавых глін у драўляных формах ці ўручную. Сфармаваную К. высушваюць, потым абпальваюць у печах пры т-ры да 1150 °C. К. часта няправільна называюць пліткі дэкаратыўныя без румпы на тыльным баку.
К. была вядома ў Егіпце і Асірыі э 1-га тыс. да н. э., пазней у Кітаі, Стараж. Грэцыі і Рыме, Іране, з 8 ст. ў многіх краінах Еўропы, з 10—11 ст. у Кіеўскай Русі (Дзесяцінная царква ў Кіеве). У еўрап. краінах пашырылася ў 16—17 ст. У Германіі, Галандыі, Швейцарыі выкарыстоўвалі пераважна белую К. з сінім малюнкам, напачатку арнаментальным, пазней з выяўл. матывамі. У Расіі вядома з 16 ст.
На Беларусі выраб К. пашыраны з 14 ст. Першапачаткова яе выраблялі рамеснікі-ганчары, з 18 ст. кафлярства вылучылася ў асобную галіну прам-сці. У 14—16 ст. выраблялі гаршковыя К. з вусцямі рознай канфігурацыі, дно зрэдку дэкарыравалі. З 15 ст. пачалі вырабляць каробчатую К., для якой характэрны высокая рамка і круглая румпа, прымацаваная да квадратнай пласціны; больш познія К. рабілі з невысокай прамавугольнай румпай і вял. квадратнай або прамавугольнай пласцінай. Яе звычайна аздаблялі геам. узорам, а таксама выявамі раслін, жывёл, сюжэтнымі кампазіцыямі на быт., гіст. і рэліг. тэмы. У канцы 16—1-й пал. 17 ст.бел. кафлярства дасягнула найб. росквіту. Маст. якасцямі вызначалася паліхромная К., пакрытая белай, жоўтай, светла- і цёмна-зялёнай, блакітнай, цёмна-сіняй, карычневай палівай. У яе аздабленні (асабліва ў 17 — пач. 18 ст.) пераважала расл. і геральдычная тэматыка, часам з надпісамі на лацінцы або кірыліцы, пазначэннем года вырабу. З 2-й пал. 17 ст. К. выраблялі ў т. зв. дывановым стылі, дзе кожная асобная К. складала частку агульнага малюнка паверхні печы. Бел. кафлярства 17 ст значна паўплывала на развіццё вытв-сці К. ў Рус. дзяржаве, дзе працавалі бел. майстры з Копысі, Мсціслава, Дуброўны, Віцебска і інш. гарадоў, у т. л. Петр Заборскі і Сцяпан Палубес (іх вырабамі аздоблены Церамны палац Крамля, Круціцкі церам, царква Георгія Неакесарыйскага ў Маскве, Васкрасенскі сабор Новаіерусалімскага манастыра на Істры і інш.). У 18 ст. памеры К. павялічыліся, мадэліроўка рэльефаў ускладнілася. У аздабленні печаў і камінаў, якія рабілі ў выглядзе ярусных цыліндраў, абеліскаў і інш. на багата дэкарыраваных цокалях, выкарыстоўвалі вял. К.-ўстаўкі з гарэльефнымі выявамі раслін, жывёл, чалавека. Шырока выкарыстоўваліся гладкія, размаляваныя кобальтам К., т. зв. галандскія, у размалёўцы якіх пераважалі адлюстраванні гіст., батальных, жанравых сцэн, пейзажаў, кніжных ілюстрацый, абразоў. К. канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася рысамі стылю мадэрн і мела форму рэльефных, паліхромных чатырохвугольных плітак або фасонных дэталей (медальёнаў, карыятыд, ільвіных галоў і інш.). У той час на Беларусі працавалі кафельныя заводы ў Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Івянцы, Копысі, Мінску, Магілёве, Навагрудку і інш.
Паліваную К. вырабляе кафляны цэх Аршанскага камбіната сілікатных вырабаў. Гл. таксама Віцебская кафля, Гродзенская кафля, Заслаўская кафля, Зэльвенская кафля, Копыская кафля, Магілёўская кафля, Мірская кафля, Мсціслаўская кафля.
Літ.:
Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;
Трусаў А.А., Угрыновіч У.В. Беларуская паліхромная кафля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі 1983. № 4;
Беларуская кафля. Мн., 1989.
А.А.Трусаў, У.В.Угрыновіч.
Да арт.Кафля. Фрагмент печы ў будынку бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага ў Гродне. Пач. 20 ст.Мінская кафля (медальён). Пач. 20 ст.Кафля. Самарканд. 1340-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЎКА,
апрацоўка металаў шматразовым перарывістым ударным уздзеяннем кавальскага інструменту на нагрэтую загатоўку. У выніку яна дэфармуецца і паступова набывае зададзеныя форму і памеры. Адрозніваюць К. ручную і машынную. Машынная К. робіцца на ковачных машынах і бывае свабодная — з выкарыстаннем плоскіх байкоў (адзінкавая і дробнасерыйная вытв-сць) або ў штампах (масавая і буйнасерыйная вытв-сць). Асн. аперацыі К.: асадка, высадка, працяжка, раскатка, прашыўка.
З стараж. часоў К. самародных медзі, бронзы, волава, серабра, золата, метэарытнага і вырабленага (сырадутнага) жалеза стала адным з асн. спосабаў апрацоўкі металаў, пашыраным рамяством — кавальствам. Халодная, а затым і гарачая К. вядома з 4—3-га тыс. да н.э. ў Іране, Месапатаміі, Егіпце і інш. Кавальства раней за інш. рамёствы вылучылася з земляробства, у сярэдневякоўі дасягнула росквіту ў краінах Зах. Еўропы. Да 15—16 ст. завяршылася спецыялізацыя кавальства па галінах (выраб халоднай і агнястрэльнай зброі, інструментаў, дэталей с.-г. прылад, дзвярэй і сундукоў куфраў*, каганцоў, замкоў, гадзіннікаў і інш.). Каваныя вырабы ўпрыгожваліся насечкай, узорамі, сусальным золатам, бронзавай паталлю і інш. (гл.Коўка мастацкая). У 16 ст. з’явіліся першыя мех. молаты, у пач. 19 ст. пачала выкарыстоўвацца машынная штампоўка, у сярэдзіне 19 ст. вынайдзены паравы молат (Дж.Несміт, Англія), у канцы гэтага ж стагоддзя з’явіўся гідраўлічны прэс. Кавальства ператварылася ў асобную галіну прамысл. вытв-сці — кавальска-прэсавую вытворчасць, у якой зліткі, сартавы і профільны пракат, лісты і інш. загатоўкі (пры неабходнасці нагрэтыя ў полымных і эл. печах) апрацоўваюць на ковачных машынах. У 19—20 ст. распрацаваны асновы тэорыі К. (П.П.Аносаў, Дз.К.Чарноў, М.С.Курнакоў, С.І.Губкін і інш.).
На Беларусі К. вядома з часоў жалезнага веку. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў невял. паўшарападобных печах (домніцах), з атрыманых загатовак (крыц) выкоўвалі наканечнікі коп’яў, нажы, долаты, конскую збрую і інш. Кавальства набывае пашырэнне ў 11—13 ст., калі становіцца высокаразвітым гарадскім рамяством. У 16 ст. ўзнікаюць першыя кавальскія цэхі, якія аб’ядноўваліся з іншымі (пераважна слясарнымі) ці вылучаліся ў самаст. прадпрыемствы. Значнага развіцця кавальства дасягнула ў 17—18 ст., калі ў гарадах працавалі дзесяткі кавалёў розных спецыяльнасцей: нажоўшчыкі, мечнікі, замочнікі, кацельшчыкі і інш. Большасць гарадскіх майстроў працавалі ў сферы манументальнага буд-ва: выраблялі агароджы, балконы, лесвічныя поручні, алтарныя перагародкі, крыжы, флюгеры і інш. У 19 ст. з развіццём прам-сці гарадское кавальства заняпала, адначасова расла яго роля ў вёсцы. Асн. работамі тут былі акоўка трансп. сродкаў, падкоўванне коней, выраб с.-г. інвентару (сярпоў, сашнікоў, матык, драпешак), слясарнага і сталярнага інструменту (сякер, свярдзёлкаў, стругаў, долатаў, скобляў), прылад хатняга ўжытку (секачоў, качэргаў, багроў, бязменаў і інш.), дэталяў аснашчэння жылля і мэблі (завес, клямак, замкоў, крукоў, зашчапак, кратаў і інш.). Для занятку К. будавалі драўляную, часам глінабітную ці цагляную кузню, абсталёўвалі яе кавальскай печчу (горнам), калодай з кавадлам, карытам з вадой для ахаладжэння і загартоўкі вырабаў, варштатам. Як кавальскі інструмент выкарыстоўвалі абцугі, малаткі, ціскі, прабойнікі, зубілы, метчыкі, цвікарні, дрылі, тачыла і інш. Вугаль (драўняны) набывалі на смалакурнях ці выпальвалі самі. Асн. кавальскай аперацыяй было награванне дачырвана загатоўкі і наданне ёй ударамі малатка патрэбнай формы. Вырабы пры неабходнасці загартоўвалі, цэментавалі, адпускалі, злучалі кавальскай зваркай, клёпкай, хамутамі. У наш час К. ў традыцыйным выглядзе захоўваецца пры калгасных і саўгасных майстэрнях, дзе з’яўляецца дапаможнай аперацыяй пры рамонце с.-г. тэхнікі і інвентару, абслугоўванні бытавых патрэб насельніцтва і звычайна спалучаецца з газа- і электразваркай.
Літ.:
Ковка и объемная штамповка стали: Справ. Т. 1—2. 2 изд. М., 1967—68;
Семерак Г., Богман К. Художественная ковка и слесарное искусство: Пер. с чеш. М., 1982;
Беларусы: У 8 т.Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІЧЫ́,
аб’яднанне ўсх.-слав. плямён, якія жылі ў бас. верхняга Дняпра, Зах. Дзвіны, Волгі і на Пд Чудскога воз. Вядомы па археал. помніках і пісьмовых крыніцах. На думку адных вучоных, назва паходзіць ад слова «крэўныя» (блізкія па крыві), на думку іншых — ад імя легендарнага родапачынальніка Крыва ці ад язычніцкага першасвяшчэнніка Крыва-Крывейтэ, магчыма, узгоркавай мясцовасці (крывізна), дзе яны жылі. Працэс фарміравання К. адбываўся ў 2-й пал. 1-га — пач. 2-га тыс.н. э. ў выніку асіміляцыі славянамі балцкіх і зах.-фін. плямён. У канцы 1-га тыс.н. э. племянное аб’яднанне К. распалася на 3 групы — полацкую, смаленскую і пскоўскую (паводле назвы іх гал. гарадоў). Смаленскія К. паводле культуры вельмі блізкія да полацкіх, таму ў этнагр. адносінах іх звычайна разглядаюць як полацка-смаленскую групу плямён. Для полацкіх К., ці палачан, як яны названы ў летапісе, характэрны доўгія курганы, у якіх захавалася шмат рэчаў матэрыяльнай культуры балтаў. На мяжы 10—11 ст. К. хавалі нябожчыкаў у круглых курганах з абрадам трупапалажэння на гарызонце, пазней — трупапалажэнне ў ямах, зрэдку ў насыпах. Большасць нябожчыкаў арыентавана паводле слав. звычаю галавой на З, трапляюцца мужчынскія пахаванні з адваротнай арыентацыяй (галавой на У) або мерыдыянальныя (Пн—Пд). У курганах трапляюцца багатыя пахаванні з мноствам рэчаў, бедныя з невял. колькасцю інвентару ці зусім без яго, што сведчыць пра маёмасную няроўнасць. Трапляюцца і драўляныя дамавіны. Есць у могільніках і кенатафы. Пры даследаванні курганоў выяўлены прыкметы трызны і стравы. Для полацкіх і смаленскіх К. характэрны пэўны тып упрыгожанняў — бранзалетападобныя драцяныя скроневыя кольцы дыяметрам 5—11 см з завязанымі канцамі і шкляныя залачоныя пацеркі. У курганах 11—12 ст. трапляюцца язычніцкія амулеты з іклаў і зубоў жывёл, вельмі рэдка — металічныя крыжыкі, якія насілі ў маністах. Асн.гасп. адзінкай К. у 2-й пал. 1-га тыс.н. э. была вял. патрыярхальная сям’я; працэс вылучэння малых сямей пачаўся у 8—9 ст. У сац. адносінах К. — федэрацыя плямён, у рамках якіх фарміраваліся класы, дзяржаўнасць (княжанні), пранароднасць. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», у Полацку існавала сваё княжанне К. — палачан. У ваен.-адм. адносінах племянныя княжанні апіраліся на сістэму ўмацаванняў (Полацк, Віцебск, Лукомль, Браслаў), на аснове якіх пазней сфарміраваліся гарады.
Упершыню ў летапісе К. (відаць, пскоўскія) упамінаюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 859. Яны ўдзельнічалі ў паходах Алега (907) і Ігара (944) супраць Візантыі. У канцы 10 ст. на тэрыторыі рассялення полацкіх К. склалася Полацкае княства, насельніцтва якога названа К. ў летапісах пад 1127, 1129, 1140, 1162. Назва «крывіцкія землі» захоўвалася ў асобных выпадках за тэр.паўн. Беларусі да 1-й чвэрці 14 ст. У латышскай мове тэрмінам «К.» называюць усіх усх. славян, «балткрыеві» — беларусаў. Ад этноніма К. паходзяць назвы многіх вёсак у Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай абласцях Беларусі. На тэрыторыі рассялення полацкіх К. вывучаліся гарадзішчы ў Віцебску, Полацку, Заслаўі, Лукомлі, селішчы і курганныя могільнікі каля вёсак Баркі, Бельчыца, Бяльмонты, Вышадкі, Глівін, Глінішча, Дарахі, Ізбішча, Кублішчына, Лісна, Плусы, Пуцілкавічы, Сенчукі, Сосенка, Чарневічы, Янкавічы і інш. На думку Я.А.Шміта, паводле даных раскопак доўгіх курганоў Смаленшчыны 8—9 ст., К. — племянны саюз, які «уключаў у сябе славян і розныя групы ўсх. балтаў». Э.М.Загарульскі лічыць, што доўгія курганы, з якімі звычна атаясамліваюць К., належалі балтам.
Літ.:
Этногенез белорусов: Тез. докл.Мн., 1973;
Штыхаў Г.В. Крывічы. Мн., 1992;
Загарульскі Э.М. Заходняя Русь IX—XIII стст. Мн., 1998.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Крывічы: 1 — выява крывіча (рэканструкцыя І.У.Чаквіна па чэрапе з курганнага могільніка Кублішчына 11 ст., скульптар Л.П.Яшэнка); 2—3 — этнавызначальныя рэчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЛЕ, Іван Купала, Ян,
старажытнае язычніцкае земляробчае свята. Пад рознымі назвамі вядома ўсім індаеўрап. народам. Ва ўсх. славян згадваецца ў летапісах з 1175, у старабел. граматах з 13—14 ст. У старажытнасці лічылася святам сонца і было прымеркавана да дня летняга сонцастаяння, калі найб. росквіту дасягалі жыватворныя сілы прыроды, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Прадстаўнікі міфалагічнай школы лічылі К. святам у гонар язычніцкага бога (багіні) Купалы. Слова «купала», як і «К.», мае некалькі трактовак. Найб. пашыраная — ад стараж.-слав. «купець» (гарэць). Мае індаеўрап. корань kū̌p — са значэннем «кіпець», «горача жадаць», блізкі да лац. cupido (імкнуцца, ускіпаць), ад якога выводзіцца Купідон. Мела карнавальна-экстатычны характар, блізкі да ант. вакхічных культаў. Аб гэтым сведчыць і такі абавязковы элемент К., як эротыка (супольнае купанне ў аголеным выглядзе, асаблівая сексуальная свабода ў купальскую ноч, пасля якой нараджаліся пазашлюбныя, т.зв. «святыя» дзеці, і інш.). Купальскія рытуалы суадносяцца з агнём (зямным і нябесным — сонцам, прадстаўленым у К. колам) і вадой, якія выступаюць у купальскіх міфах як брат і сястра. У аснове міфа ляжыць матыў іх кровазмяшальнага шлюбу (увасабляецца ў двухколернай кветцы браткі), які тлумачыцца як узаемасувязь асн. процілегласцей — агню і вады. Пашыраныя матывы купальскіх змей, жывёл, скарбаў і інш. звязваюць цыкл купальскіх міфаў з асн. міфамі слав. міфалогіі. Пасля прыняцця хрысціянства царква сумясціла з К. дзень Іаана Хрысціцеля, свята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Святкавалася ў ноч на 7 ліп. (24 чэрв.с. ст.). Характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і агр. варажбой. Яшчэ днём дзяўчаты збіралі купальскія (святаянскія) зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Частку іх пакідалі на лекі, на спажыванне ў ежу, некаторыя (ім надавалі ахоўнае значэнне) утыкалі ў сцены хаты і хлява, з інш. плялі вянкі для купальскага гуляння. Цэнтр. месца ў абрадах і гульнях К. займала купальскае вогнішча. Купальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца і надзяляліся сілай даваць ураджай і праганяць смерць. Да купальскага вогнішча рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах збіралі старыя непатрэбныя рэчы і вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасці месца (узлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазней спальваліся. У старажытнасці купальскі агонь распальвалі трэннем кавалкаў дрэва адзін аб адзін, адначасова ўздымалі на высокім шасце прамасленае драўлянае кола (магчыма, сімвал сонца), якое потым падпальвалі. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні. Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забяспечыць плоднасць (ад вышыні скачка залежала вышыня хлябоў і інш.). Важнымі элементамі свята былі спаленне або тапленне ў вадзе чучала Купалы (таксама называлі Марай, Марэнай), рытуальнае купанне на ўзыходзе сонца, качанне па расе, пусканне з гары падпаленага кола і інш. Вельмі пашыранай на К. была варажба, асабліва на замужжа (на рачную плынь пускалі вянкі, загадваючы на «суджанага», і інш.). Купальскую ноч лічылі ноччу цудаў. Паводле нар. павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы, зацвітае папараць-кветка і да т.п. Адначасова К. — час разгулу змрочных сіл прыроды: ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце і інш. Таму ў гэту ноч рабілі розныя засцярогі, прыбягалі да ахоўнай магіі (кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сцены хаты і хлява святаянскімі зёлкамі, у некат. мясцовасцях праз вогнішча з мэтай ачышчэння і засцярогі праганялі статак). Традыцыя К. на Беларусі амаль у архаічным выглядзе захавалася да пач. 20 ст. У наш час існуе як традыц.нар. свята без абрадавай дзейнасці.
Літ.:
Петропавловский А.И. «Коляды» и «Купало» в Белоруссии // Этногр. обозрение. 1908. Кн. 76—77, № 1—2;
Иванов В.В., Топоров В.Н. Исследования в области славянских древностей. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РСКАЯ БІ́ТВА 1943,
адна з вырашальных вайск. аперацый у Вял.Айч. вайну. Адбылася на тэр. сучасных Курскай, Арлоўскай, Белгародскай, Бранскай і Калужскай абл. Расіі, Харкаўскай і Сумскай абл. Украіны. Складалася з 2 этапаў: абарончых баёў (5—23 ліп.) і контрнаступлення (12 ліп. — 23 жн.) сав. войск. Летам 1943 ням.-фаш. камандаванне падрыхтавала аперацыю «Цытадэль» — наступленне на т.зв. Курскі выступ сустрэчнымі ўдарамі з раёнаў Арла і Харкава, каб акружыць і знішчыць тут сав. войскі, вярнуць стратэг. ініцыятыву пасля паражэння ў Сталінградскай бітве 1942—43. На лініі Арол — Харкаў было сканцэнтравана 50 ням. дывізій (больш за 900 тыс.чал., да 2,7 тыс. танкаў і штурмавых гармат, каля 10 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 2 тыс. самалётаў), што ўваходзілі ў 9-ю і 2-ю арміі групы армій «Цэнтр» (камандуючы ген.-фельдмаршал Г.Клюге), 4-ю танк. армію і аператыўную групу «Кемпф» групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн), г.зн. каля 70% танк., 30% матарызаваных і больш за 20% пяхотных дывізій, што дзейнічалі на сав.-герм. фронце. Сав. камандаванне разгадала намеры праціўніка і падрыхтавала эшаланіраваную абарону глыбінёй да 300 км. Абарону паўн. раёна Курскага выступу трымалі войскі Цэнтр. фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі), паўд. — Варонежскага фронту (ген. арміі Л.Ф.Ватуцін): больш за 1,3 млн.чал., каля 20 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 3,4 тыс. танкаў і самаходных гармат і каля 2,2 тыс. самалётаў. У іх тыле знаходзіўся ў рэзерве Сцяпны фронт (ген.-палк. І.С.Конеў). Для контрнаступлення былі падрыхтаваны Зах. (ген.-палк. В.Д.Сакалоўскі) і Бранскі (ген.-палк. М.М.Папоў) франты, а таксама 57-я армія (ген.-лейт. М.А.Гаген) Паўд.-Зах. фронту. Дзейнасць франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза Г.К.Жукаў і А.М.Васілеўскі. Раніцай 5 ліп.сав. артылерыя нанесла апераджальны ўдар па варожых пазіцыях. Ударныя ням. групоўкі пачалі наступленне на Курск з раёнаў Арла і Белгарада. На Арлоўскім напрамку каля с. Поныры вораг уклініўся ў сав. абарону на 10—12 км, на Белгародскім напрамку каля с. Прохараўка — на 35 км. 12 ліп. каля Прохараўкі адбылася самая буйная сустрэчная танк. бітва 2-й сусв. вайны, у якой з абодвух бакоў удзельнічала да 1200 танкаў і самаходных гармат. Пасля 8-дзённых малавыніковых атак ням.-фаш. войскі перайшлі да абароны. 12 ліп. пачалі контрнаступленне войскі Зах. і Бранскага франтоў, 15 ліп. ў напрамку Арла — Цэнтр. фронту, 16—18 ліп. на Белгародска-Харкаўскім напрамку — Варонежскага і Сцяпнога франтоў ва ўзаемадзеянні з Паўд.-Зах. фронтам (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі). 5 жн. вызвалены Арол і Белгарад, 23 жн. — Харкаў. У выніку К.б. ням.-фаш. войскі страцілі каля 30 дывізій і шмат баявой тэхнікі. У ходзе бітвы ў тыле групы армій «Цэнтр» бел. партызаны правялі аперацыю «Рэйкавая вайна» (у ліп. пусцілі пад адхон 761 эшалон), чым у значнай ступені скавалі перавозкі праціўніка і адцягнулі на сябе каля 80 тыс. яго вайскоўцаў. У час бітвы вызначыліся воіны-беларусы лётчык А.К.Гаравец; танкісты М.М.Антонаў і В.Ф.Марцехаў, мінамётчык Б.Т.Шабан і інш. К.б. завяршыла карэнны пералом у ходзе Вял.Айч. вайны, стварыла ўмовы для пераходу сав. войск да агульнага наступлення, наблізіла пачатак вызвалення Беларусі (канец вер. 1943). Паражэнне Германіі ў К.б. вымусіла яе перайсці да абароны на ўсіх тэатрах 2-й сусв. вайны.
Літ.:
Колтунов Г.А., Соловьев Б.Г. Курская битва. М., 1983;
Кэйдин М. Курская битва — величайшее сухопутное сражение в истории // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагические страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992;
Меллентин Ф. Танковые сражения 1939—1945: Пер. с англ.М., 1957. С. 186—202;
Соловьев Б.Г. «Кутузов» и «Румянцев» против «Цитадели» // Военно-ист журн. 1998. № 4.
В.А.Юшкевіч.
Да арт.Курская бітва 1943. Мастак П.А.Крываногаў. 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНА́Я ГАСПАДА́РКА,
галіна нар. гаспадаркі, якая займаецца зберажэннем, выкарыстаннем і аднаўленнем лесу. Прадугледжвае ўлік (гл.Лясны кадастр), лесаўпарадкаванне, своечасовае аднаўленне лесу і лесаразвядзенне (гл.Лясныя культуры), ахову лясоў ад пажараў, шкоднікаў і хвароб, найб. поўнае і рацыянальнае выкарыстанне лясных рэсурсаў і зямель ляснога фонду, усебаковае выкарыстанне вода-, глеба- і полеахоўных, сан.-гігіенічных і інш. функцый лесу. Асн. палажэнні вядзення Л.г. і лесакарыстання закладзены ў Лясным кодэксе Рэспублікі Беларусь, а юрыд. нормы лясных адносін, зберажэння і аховы лесу — ў лясным заканадаўстве. Л.г. стварае базу для развіцця лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Асн. работы лесагаспадарчай вытв-сці: высечкі догляду лесу, сяўба і пасадка лесу, догляд лясных культур, асушэнне лясных зямель, збор насення, вырошчванне лесапасадачнага матэрыялу і інш. Л.г. займаецца прамысл. вытв-сцю (перапрацоўка дробнатаварнай, нізкасартавой драўніны і адходаў Л.г.), а таксама зборам дзікарослых пладоў, ягад, грыбоў, лек. і тэхн. сыравіны. На Беларусі землі ляснога фонду займаюць 9,2 млн.га, або 44,3% яе тэрыторыі; з іх уласна лясы складаюць 7,4 млн.га (35,4%). Асн. дрэвавыя пароды: хвойныя (хвоя, елка) — 65%, цвердалістыя (граб, дуб, ясень, клён) — 4% і мяккалістыя (бяроза, асіна, вольха і інш.) — 31%. Агульны запас драўніны на корані складае 1,1 млрд.м³, штогадовы сярэдні прырост — 25 млн.м³, запас драўніны спелых насаджэнняў — 75 млн.м³. Кіруе Л.г. Міністэрства лясной гаспадаркі, якому падпарадкавана 74% зямель ляснога фонду. Астатнія замацаваны за с.-г. прадпрыемствамі і інш. карыстальнікамі. Асн.адм.-гасп. адзінка — лясгас (у 1998 было 88 лясгасаў). Выконваюць усе лесагасп. работы і ажыццяўляюць кантроль за выкарыстаннем лесасыравінных рэсурсаў лясніцтвы. Штогод высечка лесу праводзіцца на пл. 26 тыс.га. Значная ч. драўніны ідзе на перапрацоўку. У 1997 нарыхтавана 11,6 млн.м³ драўніны. Экспартуецца дробнатаварная драўніна (дыяметрам 6—13 см): балансы для цэлюлознапапяровай прам-сці, руднічная стойка для шахтаў. Доля экспарту піламатэрыялаў у 1997 склала 38%, або 115,7 тыс.м³.
За пасляваенны перыяд лясістасць тэр. Беларусі ў выніку лесаразвядзення і лесааднаўлення павялічылася з 21% да 36%. На 1 жыхара рэспублікі прыпадае 0,73 га і 108 м³ лесу, што ў 2 разы вышэй за сярэднееўрап. ўзровень. Спецыфічнымі асаблівасцямі лясоў Беларусі з’яўляюцца: перавага маладых і сярэднеўзроставых насаджэнняў (81%), забалочанасць (15%) і радыеактыўнае забруджванне (23,3%). На землях, забруджаных радыенуклідамі, агульнай пл. 1723,3 тыс.га (на 1.1.1998) штогод праводзіцца лесааднаўленне і залясенне. У цэлым па рэспубліцы лесааднаўленне і залясенне ў 1997 праведзена на пл. 24,3 тыс.га, у т. л. 5,5 тыс.га на тэрыторыі забруджанай радыенуклідамі. Лесапасадачны матэрыял вырошчваецца ў 180 лясных гадавальніках. Штогод нарыхтоўваецца каля 140 т насення дрэвавых і хмызняковых парод. У 1997 лясгасамі нарыхтавана 1550 т ягад (журавіны, брусніцы, чарніцы), 203 т грыбоў, 37 тлек. сыравіны і 38 т мёду. Аб’ектамі палявання з’яўляюцца лось, алень, дзік, казуля, вавёрка, заяц, куніца, ліс чырвоны, андатра, норка, воўк, барсук, рысь, выдра, янотападобны сабака, глушэц, цецярук, курапатка, качка і інш. У 301 паляўнічай гаспадарцы працуе 131 спецыяліст-паляўніцтвазнавец і 986 штатных егераў. З 1991 у лясных угоддзях Беларусі арганізуюцца туры для замежных паляўнічых.
Навук.-даследчую работу па пытаннях Л.г. праводзяць у Ін-це лесу Нац.АН Беларусі, Бел.тэхнал. ун-це і інш. Даследуюцца праблемы гібелі лясных насаджэнняў ад пажараў, уздзеяння неспрыяльных умоў надвор’я, пашкоджання дзікімі жывёламі, хвароб лесу і інш. Праводзяцца мерапрыемствы па ахове лесу ад шкоднікаў і хвароб. У 1997 біял. метад аховы выкарыстаны на пл. 16,1 тыс.га лясных насаджэнняў, хім. — 3,4 тыс.га. Гл. таксама Лесаводства, Лесазнаўства.
Літ.:
Рублевский С.А. Управление лесами и лесным хозяйством Белорусской ССР. Мн., 1979;
Янушко А. Д., Желибо Б. Н. Интенсификация лесного хозяйства Белоруссии и ее эффективность. Мн., 1975.
Р.Р.Паўлавец.
Да арт.Лясная гаспадарка. Сярэднеўзроставае клянова-асінавае насаджэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫНАБУДАВА́ННЕ І МЕТАЛААПРАЦО́ЎКА,
комплекс галін цяжкай прам-сці па вытв-сці машын, механізмаў, агрэгатаў, прылад, металаканструкцый, металавырабаў, а таксама па рамонце машын і абсталявання. У адпаведнасці з класіфікацыяй Рэспублікі Беларусь уключае каля 30 галін, найважнейшыя з іх: станкабудаўнічая і інструментальная, прыладабудаванне, аўтамабільная, трактарнае і с.-г. машынабудаванне, дарожна-буд. і камунальнае машынабудаванне, машынабудаванне для лёгкай і харч. прам-сці і быт. прылад, эл.-тэхн., сродкаў выліч. тэхнікі, падшыпнікавая, авіяц., суднабуд., метал. канструкцый, метал. вырабаў, рамонту машын і абсталявання і інш. (гл. адпаведныя артыкулы).
Машынабудаванне як галіна прам-сці ўзнікла ў 18 ст. Вынаходніцтва машын для вытв-сці пражы, ткацкага станка, паравой машыны як універсальнага рухавіка стымулявала стварэнне металаапр. станкоў. Як галіна вытв-сці станкабудаванне атрымала развіццё спачатку ў Вялікабрытаніі, потым у інш. краінах Зах. Еўропы, ЗША, а ў пасляваенныя гады ў Японіі, КНР, Бразіліі, Індыі і інш. Цяпер сярод краін свету М. і м. найбольш развіты ў ЗША (першае месца па колькасці і разнастайнасці выпускаемых відаў машын), Японіі (асабліва па выпуску легкавых машын і першае месца па выпуску прамысл. робатаў), Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Канады. У 1996 у свеце было выраблена 39,5 млн.шт. легкавых аўтамабіляў (Японія — 20,4%, ЗША — 16,8, Германія — 12,4, Францыя — 8,2, Вялікабрытанія — 4,4%) і 16,5 млн.шт. грузавых аўтамабіляў (ЗША — 43,7%, Японія — 16,9, Бразілія — 9,6, КНР — 5,0, Рэспубліка Карэя — 3,7%).
На Беларусі М. і м. як галіны вытв-сці пачалі развівацца ў канцы 19 — пач. 20 ст. Дзейнічалі: у Мінску — машынабуд. і чыгунаметалургічны з-д, як Кашырскі з 1881, металаапр.з-д «Гігант» з 1907; у Віцебску — чыгуналіцейны і машынабуд. з-д з 1877; у Магілёве — чыгуналіцейны з-д з 1915. У пач. 20 ст. было 26 невял. металаапр. прадпрыемстваў, якія выраблялі плугі, сярпы, косы, сякеры, цвікі, метал. посуд, нестандартнае абсталяванне для мукамольнай, крухмала-патачнай, дрэваапр. і спіртавой прам-сці, займаліся рамонтам рухомага саставу чыгунак і інш. У 1930-я г. значнымі цэнтрамі станкабудавання сталі Мінск, Віцебск, Гомель. Пачаўся выпуск складаных с.-г. і тарфяных машын, абсталявання для буд. прам-сці, электрарухавікоў. У пач. 1940-х г. асвоены выпуск радыёпрыёмнікаў. У Вял.Айч. вайну ч. машынабуд. з-даў была эвакуіравана ва ўсх. раёны СССР, астатнія разбураны. У пасляваенныя гады структура М. і м. значна змянілася. Пабудаваны аўтамабільны, трактарны, веласіпедны, інструментальны з-ды, радыёзавод у Мінску; асвоена вытв-сць падшыпнікаў, розных с.-г. машын, гадзіннікаў, электронна-выліч. машын, тэлевізараў і інш. Сучасныя М. і м. развіты ва ўсіх абласцях рэспублікі, найб. сканцэнтраваны ў Мінску (каля 45%); буйныя цэнтры М. і м. Гомель, Віцебск, Магілёў, Брэст, Гродна, Бабруйск, Баранавічы, Пінск, Орша, Барысаў, Жодзіна, Маладзечна. Дынаміку вытв-сці важнейшых відаў прадукцыі машынабудавання гл. ў табліцы. Паводле аб’ёму валавой прадукцыі, кошту асн.вытв. фондаў і колькасці рабочай сілы М. і м. займаюць 1-е месца ў рэспубліцы. У 1998 удзельная вага галіны ў агульным аб’ёме валавой прадукцыі склала 25,7%; у галіне 704 прадпрыемствы (з іх 24,7% — дзярж. уласнасці, якія далі 63% усяго аб’ёму прадукцыі), 37,2% усіх рабочых і служачых, 29,6% прамысл.-вытв. фондаў. Па колькасці відаў прадукцыі (больш за 600), сваёй разгалінаванасці, каап. сувязях машынабудаванне не мае сабе роўных сярод інш. галін прамысл. комплексу рэспублікі.
Літ.:
Сацыяльна-эканамічная геаграфія Рэспублікі Беларусь. Мн., 1997;
Рогач П.І., Сасноўскі В.М. Камерцыйная геаграфія Рэспублікі Беларусь. Мн., 1996.
П.І.Рогач.
Да арт.Машынабудаванне і металаапрацоўка. Робат-зваршчык у цэху Мінскага аўтамабільнага завода.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДАЛЬЕ́РНАЕ МАСТА́ЦТВА,
мастацтва вырабу форм для адліўкі і штэмпеляў для чаканкі манет і медалёў; галіна скульптуры дробных форм. Творы М.м. вырабляюцца з медзі, серабра, золата, бронзы і інш. матэрыялаў, якія дазваляюць рабіць дакладныя выявы і дэталі ў дробным фармаце; дэкар. і выставачныя медалі вырабляюць і ў тэхніцы керамікі. М.м. ўласцівы пошукі пластычных, ясных і лаканічных кампазіцыйных вырашэнняў, шырокае выкарыстанне сімвалаў, эмблем і алегорый, арган. спалучэнне выяў і надпісаў, устойлівасць асн. іканаграфічных прыёмаў і тыпаў, звязаных з неабходнасцю ўпісаць рэльефную мініяцюру ў зададзеную стандартную форму.
Узнікла ў 7—6 ст. да н.э. разам з вырабам метал. манет у Лідыі і Стараж. Грэцыі. У старажытнасці пераважала чаканка манет штэмпелямі з загартаванага металу з гравіраванымі негатыўнымі выявамі. Буйныя манеты часам адліваліся ў формах. Ант. манетам уласцівы прастата і гарманічнасць вобразаў божастваў і міфалагічных сцэн. У эпоху сярэднявечча ў кампазіцыі пераважалі арнаментальнасць і геральдычны характар, пашырыліся партрэтныя выявы. Манеты краін Азіі вызначаліся прыгажосцю каліграфічных надпісаў. З 14—16 ст. вядомы выраб памятных медалёў. Творам М.м. эпохі Адраджэння ўласцівы індывідуальнасць партрэтных характарыстык і пластычная дасканаласць алегарычных фігур (медальеры Пізанела, Б.Чэліні ў Італіі, Ж.Пілон у Францыі і інш.). У эпохі барока і класіцызму з’явіліся стальныя штэмпелі, што дазваляла дасягнуць у гераізаваных кампазіцыях ювелірнай дакладнасці апрацоўкі дэталяў (Ж.Варэн, Г.Дзюпрэ ў Францыі, І.Хён, Ф.Г.Мюлер у Германіі, П.Уткін, Ф.Талстой у Расіі, і інш.). Эпоха рамантызму прыўнесла ў М.м. пошукі жывапіснасці і свабоды пластычнай святлоценявой лепкі (П.Ж.Давід д’Анжэ ў Францыі). У 20 ст. значна пашырыліся выразныя сродкі (контррэльеф, паглыблены контур, чарненне, эмаль) і тэматыка, ускладнілася кампазіцыя, пластычная мова і фактура твораў М.м. (А.Л.Галцье, Р.Дэламар, Ж.Лей, А.Ж.Адам у Францыі, Я.Фішэр, І.Прадлер у Чэхіі і інш.).
На Беларусі М.м. развівалася ў рэчышчы асн.маст. эпох і стыляў. З канца 15 ст. манеты выраблялі на Віленскім манетным двары. З пач. 16 ст. вядомы медалі ў гонар польскіх каралёў, вял. князёў ВКЛ і чл. іх сямей, у т. л. Жыгімонта I Старога, Жыгімонта II Аўгуста, Боны Сфорцы і інш., якія стваралі замежныя медальеры Г.Шварц, Я.М.Муска Падавана, Д.Венетус і інш. З сярэдзіны 16 ст. на Віленскім манетным двары пачаўся пастаянны выпуск медалёў, пашырылася іх тэматыка, медалі з нагоды ваен. перамог. Паводле заказу кн. Радзівілаў вырабляліся медалі ў гонар прадстаўнікоў іх роду. Сярод вядомых віленскіх медальераў Г.Кель, Г.Трыльнер, манаграміст «HD». З 18 ст. пашырыўся выраб медалёў і жэтонаў рэліг. тэматыкі, прысвечаных важным дзярж. і грамадскім падзеям. Найб. вядомы медальер 18 ст. — І.Ф.Гольцгаўзер. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай творы М.м., звязаныя з бел. тэматыкай, ствараліся ў Расіі. За межамі імперыі было выраблена шмат медалёў, прысвечаных паўстанням 1830—31 і 1863—64, А.Міцкевічу, Т.Касцюшку і інш. У 1960-я г.бел. М.м. аднавілася. Ствараюцца памятныя, юбілейныя і сувенірныя медалі, прысвечаныя падзеям Вял.Айч. вайны, гадавінам бел. гарадоў, навук. устаноў, прадпрыемстваў, падзеям культ. жыцця, значным асобам Беларусі. Унікальныя музейна-выставачныя медалі адліваюць з бронзы ці сілуміну. Вырабляюць таксама медалі з фарфору і гліны, са шкла ў тэхніцы маліравання і інш. Да М.м. ў сваёй творчасці звяртаюцца Г.Асташонак, М.Байрачны, С.Вакар, Г.Гаравая, С.Гарбунова, А.Зіменка, А.Кашкурэвіч, В.Ларчанка, У.Лятун, У.Слабодчыкаў, Л.Талбузін, А.Фінскі і інш. Творы М.м. экспануюцца на выстаўках. Гл. таксама Манета, Медаль.
Літ.:
Одноралов Н.В. Техника медальерного искусства. М., 1983.
Да арт.Медальернае мастацтва. Медальён у 8 солідаў. Рымская імперыя. Каля 337—361.Да арт.Медальернае мастацтва. Златнік Уладзіміра Святаславіча. Канец 10 — пач. 11 ст.Да арт.Медальернае мастацтва. Л.Талбузін. Медаль «Мікола Гусоўскі». 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНАЯ НАВУ́КА,
комплекс навуковых ведаў пра метады, спосабы, мерапрыемствы, канструкцыі і прыстасаванні, што забяспечваюць паляпшэнне кампанентаў прыроднага асяроддзя, якія фарміруюць умовы жыццядзейнасці і жыццезабеспячэння чалавека. У залежнасці ад аб’екта вывучэння М.н. мае кірункі, звязаныя: са зменай клімату праз уздзеянне на яго састаўныя элементы (метэаралагічныя, водныя, раслінныя і інш.; гл.Меліярацыя клімату); з паляпшэннем умоў жыцця чалавека шляхам уздзеяння на навакольнае асяроддзе (акультурванне ландшафтаў, рэкрэацыя, барацьба з затапленнямі, эрозіяй глебы і інш.; гл.Ландшафтная архітэктура, Агралесамеліярацыя); з павышэннем урадлівасці глебы для павелічэння вытв-сці харч. прадуктаў і с.-г. сыравіны. Найб. значэнне мае навука пра с.-г.меліярацыю, якая займаецца распрацоўкай і абгрунтаваннем прыёмаў паляпшэння фіз. уласцівасцей, воднага, паветранага, цеплавога і пажыўнага рэжымаў глебы з мэтай фарміравання высокіх і ўстойлівых ураджаяў с.-г. культур.
С.-г. М.н. мае аб’ектам вывучэння: гідратэхн. (водныя) меліярацыі, звязаныя з паляпшэннем умоў водазабеспячэння с.-г. культур; фіз. (структурныя) меліярацыі, якія паляпшаюць водна-фіз. ўласцівасці глеб, цеплаправоднасць, пажарную і эразійную бяспеку, альбеда і інш.; агратэхн. прыёмы, якія забяспечваюць паляпшэнне воднага рэжыму глеб; культуртэхн. мерапрыемствы, накіраваныя на стварэнне найб. прыдатных палёў для выкарыстання с.-г. тэхнікі (гл.Культуртэхнічныя работы); аграхім. метады, што забяспечваюць павышэнне глебавай урадлівасці і ахову раслін (гл.Аграхімія). М.н. выкарыстоўвае вынікі аграметэаралогіі, агратэхнікі, аграфізікі, аграэкалогіі, балотазнаўства, гідралогіі, гідратэхнікі, глебазнаўства, грунтазнаўства, кліматалогіі, ландшафтазнаўства і інш.
Вывучэнне ўздзеяння чалавека на навакольнае асяроддзе пры яго гасп. дзейнасці пачалося з развіццём цывілізацыі, з пачаткам культ. земляробства. Першыя тэхналогіі ірыгацыі з’явіліся ў 4—3-м тыс. да н.э. ў Егіпце, Індыі, Кітаі, Персіі. Развіццё М.н. стымулявалася неабходнасцю абагульнення набытых ведаў і атрымання рэкамендацый для эфектыўнага ўтаймавання прыроднай стыхіі вады, паляпшэння воднага рэжыму глеб, павелічэння плошчы апрацоўваемых зямель. Найб. дасягненні М.н. набыла ў эканамічна моцных дзяржавах, дзе на яе вылучаліся значныя сродкі (Вялікабрытанія, Германія, Ізраіль, Нідэрланды, ЗША і інш.). Высокапрадукцыйная сельская гаспадарка ў рэгіёнах з залішнім увільгатненнем створана дзякуючы даследаванням і мерапрыемствам па асушэнні, а ў засушлівых рэгіёнах — па арашэнні зямель. Напр., у Нідэрландах з іх пераважна нізіннымі тэрыторыямі прыярытэтным кірункам М.н. з’яўляецца развіццё польдэрных асушальных сістэм, у Ізраілі з яго дэфіцытам водных рэсурсаў — удасканаленне кропельнага арашэння. У Расіі аснову М.н. заклалі працы В.В.Дакучаева і А.М.Касцякова.
На Беларусі пачатак развіцця М.н. звязаны з працамі праф. Горы-Горацкага земляробчага ін-та А.М.Казлоўскага (1832—90?), які для асушэння глебы заклаў адзін з першых ва Усх. Еўропе дрэнаж (1856—62). Вял. значэнне мела Заходняя экспедыцыя па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Развіццю М.н. паспрыяла стварэнне ў 1911 Мінскай балотнай станцыі, на базе якой у 1930 арганізаваны Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі (з 1956 Бел.НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1992 меліярацыі і лугаводства Беларускі НДІ). У апошнім канцэнтраваліся даследаванні па інж. (гідрамеліярацыйным) і агранамічным (аграмеліярацыйным) кірунках М.н. Н.-д. работы па воднай, агратэхн., хім. меліярацыях вядуцца таксама ў БСГА, Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Брэсцкім політэхн. ін-це, БПА, НДІ глебазнаўства і аграхіміі і інш.Бел. М.н. мае прыярытэт у даследаваннях генезісу балот, вывучэнні водна-фіз. і хім. уласцівасцей тарфяна-балотных глеб, метадаў павышэння іх урадлівасці, засваення і эфектыўнага с.-г. выкарыстання, у распрацоўцы і абгрунтаванні метадаў і спосабаў паляпшэння воднага рэжыму глеб ва ўмовах няўстойлівага ўвільгатнення, у стварэнні перспектыўных канструкцый гідрамеліярацыйных сістэм.
Літ.:
Костяков А.Н. Основы мелиорации. 6 изд. М., 1960;
Орошение и осушение в странах мира. М., 1974;
Сельскохозяйственные гидротехнические мелиорации. М., 1981;
Использование мелиорированных земель: Справ. пособие. Мн., 1986.