РУКАКРЫ́ЛЫЯ (Chiroptera),
атрад млекакормячых, якія прыстасаваліся да працяглага палёту. 2 падатр.: крыланы (Megachiroptera) і лятучыя мышы, або кажаны. Вядомы з эацэну (каля 65 млн. г. назад). Крыланы пашыраны ў тропіках і субтропіках Усх. паўшар’я; каля 200 відаў. Лятучыя мышы пашыраны паўсюдна, акрамя Арктыкі і Антарктыды; больш за 800 відаў. Насяляюць розныя ландшафты, жывуць у пячорах, расколінах скал, дуплах, пабудовах і інш. Большасць відаў утвараюць калоніі (часам да некалькіх млн. асобін). Актыўныя ў прыцемку і ўначы. Некат. трапічныя віды — носьбіты вірусаў шаленства і інш. небяспечных хвароб. На Беларусі 17 відаў з родаў вячэрніцы, начніцы, вушаны, кажаны, нетапыры і шыракавушкі. У Чырв. кнізе МСАП 8 відаў, 4 падвіды; у Чырв. кнізе Беларусі — 7 відаў.
Даўж. крыланаў да 42 см, размах крылаў да 1,65 м; даўж. кажаноў да 14 см. Пярэднія канечнасці ператвораны ў скурыстыя крылы, якія, як і ўсё цела, укрыты кароткім аксаміцістым валасяным покрывам. У палёце і пры паляванні арыентуюцца гал. чынам з дапамогай ультрагуку. З органаў пачуццяў найб. развітыя слых і дотык. Крыланы кормяцца пераважна пладамі, лятучыя мышы — насякомаедныя, некат. — рыбаедныя, ёсць крывасмокі. Нараджаюць 1—2 дзіцянят 1 раз у год. Гл. таксама Вушан, Кажанок.
Літ.:
Соколов В.Е. Систематика млекопитающих. М., 1973;
Курсков А.Н. Рукокрылые Белоруссии. Мн., 1981.
Э.Р.Самусенка.
т. 13, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)