філасофская катэгорыя, якая характарызуе з’яву (рэч, працэс, адносіны і інш.), неабходную для ўзнікнення, існавання ці змены інш. з’явы). Адносна замкнутая сукупнасць з’яў, якая абумоўлівае ўзнікненне, існаванне ці змену пэўнага аб’екта, з’яўляецца дастатковай У., а кожны элемент гэтай сукупнасці — неабходнай У. гэтага аб’екта. У адрозненне ад прычыны, якая непасрэдна параджае пэўную з’яву (гл.Прычына і вынік), У. складаюць асяроддзе, дзе гэта з’ява ўзнікае, існуе і развіваецца. Аналіз неабходных і дастатковых У. — важны кампанент многіх метадаў навук. даследавання, неабходны для тлумачэння, прадбачання і прадказання канкрэтных фактаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЦЫДЫЯ́ЛЬНЫЯ (Phacidiales),
парадак сумчатых грыбоў — дыскаміцэтаў. 2 сям., 11 родаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі каля 20 відаў з родаў какаміцэс, клітрыс, крыптаміцэс, рытысма, сферапецыя, фацыдый. Сапратрофы. Трапляюцца на апалым лісці, ламаччы, некат. паразіты сеянцаў і маладняку дрэў.
Пладовыя целы (апатэцыі) утвараюцца адзіночна на міцэліі або групамі на шчыльным перапляценні гіфаў (строме), цёмнага ці чорнага колеру. Раскрываюцца шчылінаю або некалькімі лопасцямі. Слой сумак і парафізаў вертыкальна адыходзіць ад асновы апатэцыя. Сумкаспоры эліпсоідныя, падоўжаныя, бясколерныя, аднаклетачныя ці з некалькімі папярочнымі перагародкамі. Парафізы ніткападобныя, часам слабаразгалінаваныя, бураватыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕМІНІЗА́ЦЫЯ (ад лац. femina жанчына, самка) у біялогіі, развіццё ў асобін мужчынскага полу жаночых другасных палавых прыкмет. Назіраецца ў самцоў рыб, земнаводных, птушак, млекакормячых, у т. л. ў чалавека, у выніку парушэнняў гарманальнага балансу.
Эксперыментальна Ф. выклікаюць у кастрыраваных самцоў перасадкай яечніка ці ўвядзеннем жаночых гармонаў (эстрагенаў). Напр., перасадка яечнікаў кастрыраваным пеўням выклікае ў іх з’яўленне апярэння, галаўнога ўбору і палавога інстынкту, якія характэрны для курэй. У кастрыраваных самцоў млекакормячых (пацукі, малпы) пасля трансплантацыі яечніка ці ўвядзення эстрагенаў развіваюцца малочныя залозы, праяўляецца жаночы палавы інстынкт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ФІА́Т»,
сям’я аўтамабіляў аднайм.італьян. кампаніі. Легкавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1899, грузавыя — з 1903. Пярэднепрывадныя легкавыя аўтамабілі маюць кузаў хэтчбэк, кабрыялет, седан ці універсал з 2 або 4 дзвярамі, умяшчаюць 4 ці 5 чалавек (мікрааўтобусы — да 8), бензінавы або дызельны рухавік магутнасцю ад 29 да 140 кВт, найб. скорасць да 211 км/гадз. Грузавыя аўтамабілі малога і сярэдняга класаў (поўная маса да 3,5 т) пераважна з кузавам фургон маюць рухавікі магутнасцю ад 42 да 85,5 кВт.
Да арт. «ФІАТ»: 1 — развазны фургон мадэлі «Дуката»; 2 — легкавы аўтамабіль «Брава».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАЯ́ДЗЕРНЫЯ РЭА́КЦЫІ, ядзерны фотаэфект,
пераўтварэнні атамных ядраў у выніку іх узаемадзеяння з гама-выпрамяненнем. Адбываюцца, калі энергія гама-квантаў перавышае энергію сувязі прадуктаў рэакцыі ў ядры (парогавыя рэакцыі).
Пры ўзаемадзеянні з ядром гама-квант рассейваецца (гл.Рассеянне мікрачасціц) або паглынаецца. Пры паглынанні гама-кванта дастаткова вялікай энергіі атамнае ядро вылучае 1 ці некалькі нуклонаў (найб. імаверна — нейтронаў) ці дзеліцца на асколкі (гл.Дзяленне ядраў). Даследуюць Ф.р. з дапамогай анігіляцыйнага (гл.Анігіляцыя) і тармазнога выпрамянення. Выкарыстоўваюць для даследаванняў структуры ядра, вывучэння элементнага саставу горных парод, сплаваў, сумесей і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАНТА́Ж (франц. chantage вымаганне),
прыватны выпадак вымагання. Выяўляецца ў патрабаванні перадачы маёмасці або права на маёмасць ці ажыццяўлення якіх-н. дзеянняў маёмаснага характару пад пагрозай учынення насілля над пацярпелым, яго блізкімі, знішчэння ці пашкоджання іх маёмасці, распаўсюджвання паклёпніцкіх або выдавання інш. звестак, якія захоўваюцца ў тайне. У КК Рэспублікі Беларусь Ш. — таксама сродак учынення інш. злачынства, напр., прымус да дзеянняў сексуальнага характару, да выканання або невыканання пэўнай здзелкі ў галіне прадпрымальніцтва, прымушэнне сведкі, пацярпелага, эксперта да адмаўлення ад дачы паказанняў або дачы заведама лжывых паказанняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ДНЫЯ ПРАЦЭ́СЫ,
працэсы, якія адбываюцца ў тонкіх паверхневых слаях на мяжы электродаў з электралітамі і звязаныя з пераносам электронаў праз мяжу падзелу асяроддзяў пры праходжанні эл. току. У залежнасці ад напрамку пераносу электронаў (з электрода ў электраліт ці наадварот) адрозніваюць катодныя і анодныя Э.п., якія прыводзяць адпаведна да аднаўлення ці акіслення рэчыва электрода. Адрозненне Э.п. ад звычайных хім. працэсаў — залежнасць іх скорасці ад электроднага патэнцыялу, а таксама магчымасць прасторавага раздзялення працэсаў акіслення і аднаўлення, што выкарыстоўваецца ў хімічных крыніцах току і пры электролізе. Гл. таксама Анадзіраванне, Гальванатэхніка.