ФАЦЫДЫЯ́ЛЬНЫЯ (Phacidiales),

парадак сумчатых грыбоў — дыскаміцэтаў. 2 сям., 11 родаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі каля 20 відаў з родаў какаміцэс, клітрыс, крыптаміцэс, рытысма, сферапецыя, фацыдый. Сапратрофы. Трапляюцца на апалым лісці, ламаччы, некат. паразіты сеянцаў і маладняку дрэў.

Пладовыя целы (апатэцыі) утвараюцца адзіночна на міцэліі або групамі на шчыльным перапляценні гіфаў (строме), цёмнага ці чорнага колеру. Раскрываюцца шчылінаю або некалькімі лопасцямі. Слой сумак і парафізаў вертыкальна адыходзіць ад асновы апатэцыя. Сумкаспоры эліпсоідныя, падоўжаныя, бясколерныя, аднаклетачныя ці з некалькімі папярочнымі перагародкамі. Парафізы ніткападобныя, часам слабаразгалінаваныя, бураватыя.

т. 16, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)